Наркакантроль затрымаў у Бабруйску 38-гадовага мясцовага жыхара, які зладзіў у сваёй кватэры невялікую лабараторыю для вырошчвання канабіса. Яшчык з некалькімі кустамі марыхуаны быў абсталяваны сістэмамі вентыляцыі, паліву і асвятлення. Міліцыя канфіскавала ў фігуранта справы кусты канабіса і насенне агульнай вагой у 100 грам. Цяпер бабруйчаніну пагражае да пяці гадоў няволі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Увечары 2 красавіка ў дзевяціпавярховым доме па вуліцы Чарняхоўскага ў Асіповічах у кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар. Гаспадыня кватэры 1957 года нараджэння атрымала апёкі і была шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару высвятляецца.
2 сакавіка для магілёўскай каманды прайшоў першы паядынак у другім дывізіёне Чэмпіяната Беларусі па футболе. На сваім полі “Днепр” прымаў каманду з Оршы. Форвард гаспадароў Юрый Клачкоў аформіў свой першы хет-трык у кар’еры, гульня завяршылася з лікам 3:1 на карысць “Дняпра”.
Яшчэ 23 лютага 2023 года споўнілася 50 гадоў, як быў запушчаны новы масласырзавод у Чавусах. Гэта быў другі па велічыні завод у СССР – паведамляе чавуская раёнка “Іскра”. Але юбілей прайшоў без традыцыйнай помпы.
Першапачаткова завод працаваў на пляцоўцы, на якой зараз знаходзіцца аўтапарк №10, потым пераехаў на новае месца па вул. Першамайскай.
На заводзе працавалі лактозны, апаратны, сыраробны цэхі, цэх па доглядзе сыроў, лінія казеіну, якія выраблялі малако, смятану, масла, сыры (найперш «Кастрамскі» і «Пашахонскі»), кефір (з 1976 года), тварог, казеін для клеявай вытворчасці.
Калектыў завода
Прадукцыя пастаўлялася чыгункай у Маскву і Ленінград, часткова на ўнутраны рынак.
За першы год было перапрацавана 28 000 тон малака, якое паступала толькі з гаспадарак Чавускага раёна. Сыраробны цэх працаваў у 1 змену, масла – у 1,5 змены.
Пасля далучэння ў 1980 годзе да Чавусаў Чэрыкаўскага маслазавода, перапрацоўка сыравіны перавышала 40 000 тон малака ў год.
Завод забяспечваў працай 252 чалавекі, пасля аўтаматызацыі вытворчасці – 202, было 18 працоўных дынастый.
Маштабы завода ўражвалі. У тыя часы ў Гарбавічах, Усушку і Жаліўі размяшчаліся сепаратарныя пункты. На іх ад малака аддзялялі вяршкі і везлі на завод.
У 2008 годзе на заводзе быў значна пашыраны асартымент цвёрдых сыроў: акрамя “Кастрамскага” і “Пашахонскага”, асвоена вытворчасць “Расійскага”, “Эстонскага”, “Галандскага брусковага”, “Галандскага круглага”, “Галандскага “Прэміум”. Магутнасці завода дасяглі магчымасці перапрацоўваць за змену да 80 т малака і вырабляць 5 тон масла, 5 тон цвёрдага сыру, 580 кг натуральнамалочнай прадукцыі, 5 тон сухога малака. На экспарт пастаўлялася звыш 65% усяго аб’ёму выпуску цвёрдых сыроў.
Але неўзабаве, у 2009 годзе завод далучылі да ААТ “Быхаўмалако”, а ў 2012 годзе – да ААТ «Бабушкіна крынка». Завод быў пераўтвораны ў цэх, а цяпер на яго месцы размяшчаецца лагістычны цэнтр філіяла Чавускае ААТ «Бабушкіна крынка».
Няма асабліва чаму пахваліцца, таму і 50-гадовы юбілей прайшоў ціха. Усе вялікія дасягненні завадчан засталіся ў гісторыі.
Дзве галоўныя тэмы мінулага тыдня – абмеркаванне планаў размяшчэння на Беларусі ядзернай зброі і надзвычайная паводка на рэках рэгіёна ў выніку адлігі.
3 красавіка–Дзень Вадзяніка ва ўсходніх славян. Дзень Мікіты Вадапола. Час абуджэння воднага свету.
У старажытных славян многія святы адзначаліся ў пачатку і сярэдзіне вясны. Гэта звязана з тым, што ў гэты перыяд абуджалася прырода, пачынаўся новы жыццёвы цыкл. Нашыя продкі верылі, што ў гэты перыяд дух вады прачынаецца ад зімовай спячкі, а разам з ім і ўсе жыхары падводнага царства.
Славяне ўшаноўвалі стыхіі вады і Вадзяніка, каб ён выратаваў іх ад моцнага разліву.
Паводле паданняў, Вадзянік мае выгляд старога з вялікім рыбіным хвастом, зялёнай барадой і вусамі. Дух вады надзелены вялікімі здольнасцямі. Ён не толькі кіруе ўсім падводным царствам, але можа абярнуцца велізарнай рыбай і нават канём або дзіцём.
Старажытныя славяне лічылі, што дух вады ў сваёй стыхіі непераможны. Ад яго капрызаў залежыць, ці будзе ўдалым шлях судна і ўлоў рыбака.
Улічваючы той момант, што жыццё ў тыя часы напрамую залежала ад стану вадаёмаў, людзі выконвалі мноства абрадаў, каб Вадзянік праявіў сваю літасць. Лічылася, што калі атрымаць прыхільнасць вадзянога, рэкі не будуць выходзіць з берагоў, а вадаёмы і студні не перасохнуць.
Сусветны дзень вечарынкі (World Party Day, с 1996 года).
Дэвіз: “Вечарынка – гэта супрацьлегласць вайне”. Стварэнне пазітыўных падзей – ідэальны спосаб зрабіць свет лепшым.
Гэты дзень быў натхнёны кнігай “Палёт: Квантавы фантастычны раман” (1995) амерыканскага аўтара Вана Бонта. Раман заканчваецца пачаткам зваротнага адліку масавай падзеі, якая аб’яднае ўсё чалавецтва. Гэтую падзею называюць сусветнай вечарынкай у супрацьлегласць сусветнай вайне.
Для таго каб узяць удзел у святкаванні не абавязкова арганізоўваць вялікую тусоўку. Досыць зладзіць сустрэчу з невялікай кампаніяй сяброў ці сваякоў, каб адцягнуцца ад клопатаў і добра правесці час.
33 год. На крыжы памёр Ісус Хрыстос (1 год да н. э. – 33 год н.э.)
Навукоўцыі даказваюць што Хрыстос памёр у 15:00 гадзін у пятніцу, 3 красавіка ў 33-м гады нашай эры, а ўваскрос а 4:00 раніцы ў нядзелю, 5 красавіка. Паводле Новага Запавету, тлумачаць астраномы, Ісус загінуў у дзень, які рушыў услед за першай ноччу поўні пасля вясновага раўнадзенства.
Выкарыстаўшы дадзеныя, сабраныя аб зорках у 26-35 гадах нашай эры, навукоўцы ўстанавілі, што за гэтыя 9 гадоў першая поўня пасля вясновага раўнадзенства была зарэгістравана толькі двойчы – у пятніцу 7 красавіка 30 года і ў пятніцу 3 красавіка 33 года.
Уваскрасенне Хрыста. М.Груневальд, XVI стагоддзе
1829 год. Нехта Джэймс Карынгтан атрымлівае патэнт на машыну, якая перамолвае кававыя зерні. Дзень нараджэння кавамолкі.
Кава вядомая людзям ужо больш за 1000 гадоў. Кававы напой, па словах навукоўцаў, упершыню з’явіўся ў Эфіопіі. У старажытнасці кававыя зерні здрабнялі ў звычайнай ступе звычайным пестам, потым пры дапамозе маленькіх жорнаў.
У шматлікіх крыніцах гаворыцца, што аўтарам механічнай кавамолкі з’яўляецца нейкі каваль з Лондана. І вынайшаў ён яе ў 1655 годзе.
Зараз большасць каваманаў выкарыстоўваюць электракавамолку, але некаторыя гурманы давяраюць больш ручной, таму што жорны ручнога млына не перапальваюць зерне, а проста перамолваюць, захоўваючы іх водар.
1918 год. Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціў беларускую мову дзяржаўнай і абавязковай мовай краіны.
Усе акты, дакументы і ліставанне ўрадавых установаў БНР павінны былі пісацца на дзяржаўнай беларускай мове. Нацыянальным мяншыням (украінцы, палякі, літоўцы, габрэі, немцы, латышы, рускія) Беларусі дазвалялася карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненнях з дзяржаўнымі ўстановамі.
БНР мела плошчу 300 тысяч квадратных кіламетраў і насельніцтва каля 7 мільёнаў.
1940 год. Аддзелы НКУС пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах.
Сярод расстраляных акрамя палякаў былі габрэі, беларусы, украінцы.
Усяго было забіта 7 305чалавек, з іх 3 870 былі знішчаны на землях БССР.
23 снежня 2012 года А. Лукашэнка заявіў: «У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было». Але гісторык І. Кузняцоў сцвярджае, што беларускі катынскі спіс існуе. На яго думку, найверагодней польскіх жаўнераў расстрэльвалі ў Трасцянцы.
Агульная колькасьць ураджэнцаў Беларусі сярод забітых у Катыні ацэньваецца ў 1 226 чалавек. Найбольш вядомыя з іх – генерал Браніслаў Багатырэвіч і дзеяч беларускага адраджэння Францішак Умястоўскі.
Катынскі крыж у Гродна
1942 года. Фашысты расстралялі яўрэяў мястэчка Расна Дрыбінскага раёна.
Расстрэлам займаўся атрад 8-й айнзацкаманды з Крычава. У яры за 1,5 км на ўсход ад Расна былі расстраляны каля 600 чалавек. Перш чым расстраляць, з людзей было знята адзенне і абутак, і яны засталіся ў ніжняй бялізне, пасля чаго жыўцом клалі па некалькі чалавек у раней прыгатаваныя ямы і стралялі па іх з аўтаматаў.
Мемарыяльная дошка ў Даліне абшчын у музеі Яд Вашэм.
1942 год. У Клічаўскім раёне ўтворана першая на тэрыторыі БССР партызанская зона.
20 сакавіка 1942 года раён быў вызвалены партызанамі ад акупантаў пасля разгрому апошняга тут Клічаўскага нямецкага гарнізона. Былі адноўлены органы савецкай улады на абшары ў 3 000 км². Пад абаронай 18 000 партызан зоны да 1944 года размяшчалася больш за 70 000 чалавек (да вайны ў раёне жыла 46 000).
1946 год. Нарадзіўся Рычард Смольскі.
Беларускі тэатразнавец, педагог. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рускай тэатральнай культуры на Беларусі. Аўтар шэрагу кніг, п’ес і сцэнарыяў дакументальных фільмаў.
1973 год. Кампанія IBM прадставіла штрых-код.
Яго “бацькі” Бернард Сілвер і Норман Вудленд.
Сёння штрых-код – штодзённая практыка любой крамы і гандлёвага аб’екта, бо асноўнае прызначэнне яго – ідэнтыфікацыя тавару або якой-небудзь яго прыкметы (ўпакоўкі, серыйнага нумара). Гэта свайго роду ключ, які дае неабходную інфармацыю аб кожным тавары, як прафесіяналам, так і спажыўцам. І яго нанясенне на прадукцыю з’яўляецца абавязковай умовай для ўсіх вытворцаў. А раней кошты на ўсе тавары ў касу ўводзіліся ўручную, таму выкарыстанне штрыхавых кодаў палегчыла працу многіх людзей, у першую чаргу, у сферы гандлю.
1989 год. У Мінску на ўстаноўчай канферэнцыі ўтвораны Беларускі экалагічны саюз.
Добраахвотная грамадская арганізацыя, якая ставіла за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі ў рэспубліцы і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва.
На 1-м з’ездзе (1-2 ліпеня 1989) быў прыняты статут, зацверджана эмблема, сцяг, абрана праўленне, прэзідэнтам стаў Б. Савіцкі, віцэ-прэзідэнтамі Р. Гарэцкі, Я. Пятраеў, Л. Тарасенка,
Саюз уваходзіў у перадвыбарчы Беларускі дэмакратычны блок.
У 1991 годзе у склад арганізацыі ўваходзіла каля 5 000 чалавек.
Арганізацыя распалася ў 1994 годзе. Замест яе была арганізавана партыя “Зялёныя”.
Чарнобыльскі шлях
1991 год. Пачатак Красавіцкіх страйкаў у Беларусі (3-25 красавіка).
У Мінску, Магілёве і іншых буйных гарадах распачаўся страйк працоўных з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваннямі. Ён ахапіў дзясяткі працоўных калектываў і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як самы масавы выступ рабочых у змаганні за свае палітычныя правы.
У гэты дзень спынілі працу рабочыя Мінскага электратэхнічнага завода, разам з імі на вуліцы выйшлі працаўнікі завода аўтаматычных ліній і завода шасцерняў. Рабочыя перакрылі рух трамваяў на вуліцы Даўгабродскай.
Ужо 4 красавіка прадпрыемстваў, якія абвясцілі страйк, налічвалася дзясяткі. Калоны рушылі ў цэнтр сталіцы, да Дому ўрада.
Старшыня Савета міністраў БССР Вячаслаў Кебіч, які выйшаў да рабочых, тлумачыў, што ён не ведаў пра намер Крамля ўзняць цэны, і што рашэнне саюзнага ўрада было і для беларускага Саўміна непрыемным сюрпрызам.
У першы дзень патрабаванні былі эканамічныя (узняць заробкі, знізіць цэны, адмяніць 5% “прэзідэнцкі” падатак на продаж усіх тавараў). Аднак неўзабаве дадаліся патрабаванні палітычныя, у тым ліку: вывад парткамаў з прадпрыемстваў, адстаўка М. Гарбачова і саюзнага ўрада, роспуск з’езда народных дэпутатаў СССР, новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР статусу канстытуцыйнай сілы.
БНФ «Адраджэньне» удзельнічаў у наданні рабочым забастоўкам палітычнага характару. Многія актывісты БНФ сталі лідарамі рабочага руху.
24 красавіка аршанскія рабочыя выставілі ўльтыматум: калі не будзе прызначаная надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР, якую патрабавалі дэпутаты Апазіцыі БНФ, яны лягуць на рэйкі. У 15:30 чыгуначны рух быў заблакаваны. У Оршу былі накіраваныя 1 500 байцоў АМАПу з Мінска, Віцебска і Магілева, увечары 25 красавіка рабочыя былі вымушаныя спыніць страйк.
Страйкоўцы перад Домам урада, Мінск, 4 красавкіа 1991 года
2007 год. У Францыі цягнік TGV устанавіў сусветы рэкорд хуткасці для цягнікоў, роўны 574,8 км/г.
Звышхуткасны цягнік TGV (train à grande vitesse – высакаскорасны цягнік), на спецыяльна пабудаваным чыгуначным пуці, які злучае Парыж і ўсход Францыі, разагнаўся да 574,8 км за гадзіну, перакрыўшы, такім чынам, папярэдняе дасягненне, устаноўленае ў 1990 годзе, амаль на 25 км/г.
Цягнікі TGV у сярэднім рухаюцца з хуткасцю да 320 км/г.
Жыхар Данецкай вобласці Украіны Максім Фамін, вядомы таксама як Уладлен Татарскі – прарасійскі блогер, апалчэнец і “ваенкор” – загінуў падчас выбуху ў кавярні ПВК “Вагнер” у Санкт-Пецярбургу, паведамляе Інтэрфакс.
Увечары 2 красавіка ў Пецярбургу ў кафэ “Street Food Bar №1” у Васілеўвостраўскім раёне адбыўся выбух. У выніку загінуў адзін чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні. У экстраных службах горада заявілі, што ў кафэ адбыўся «хлапок без пажару». Там адзначылі, што, паводле папярэдніх звестак, у памяшканні мог падарвацца газавы балон.
Кафэ належыць заснавальніку ПВК “Вагнер” Яўгену Прыгожыну. У выходныя ў гэтай кавярні звычайна збіраецца дыскусійны клуб «Кіберфронт Z». 2 красавіка там праходзіў творчы вечар «ваенкора» Уладлена Татарскага (сапраўднае імя – Максім Фамін). У афішы мерапрыемства гаварылася, што блогер раскажа “як весці рэпартажы з гарачых кропак, знаходзячыся пад градам куль, а таксама растлумачыць, што такое быць ваенкарам”.
МУС заявіла, што загінуўшым падчас выбуху апынуўся сам Татарскі. СМІ паведамляюць, што ў кавярні ўзарваўся бюст, які прынесла ў падарунак Татарскаму наведвальніца.
Уладлен Татарскі – блогер і адзін з самых вядомых «ваенкораў», ураджэнец Макееўкі Данецкай вобласці. У яго больш за 560 тысяч падпісчыкаў у тэлеграме. Ён ваяваў на баку самаабвешчанай ДНР у складзе батальёна “Усход”, а затым у падраздзяленнях ЛНР. Да гэтага адбываў турэмны тэрмін па абвінавачванні ва ўзброеным рабаванні. З’яўляецца аўтарам кніг “Бег”, “Вайна” і “Медытацыя” – характарызуе яго meduza.io.
Навукоўцы заяўляюць, што ў палімпсесце VIII стагоддзя, знойдзеным у скрыпторыі з абацтва Боббіё на поўначы Італіі быў знойдзены раней невядомы ўрывак трактата Пталямея з апісаннем метэораскопа – прыстасавання для астранамічных і геафізічных вымярэнняў.
Даследаванне было апублікавана ў часопісе Archive of History of Exact Sciences. Яго аўтары сцвярджаюць, што ў пергаменце, на якім напісана праца раннесярэднявечнага аўтара, навукоўцы выявілі больш ранні тэкст з апісаннем метэораскопа – унікальнай прылады старажытнага астранома, пра якую пакуль было вядома толькі з ускосных крыніц. Аўтары публіікацыі даследавалі рукапіс VIII стагоддзя, знойдзены ў абацтве Бобіа на поўначы Італіі. Гэты манускрыпт змяшчае лацінскі тэкст “Этымалогій” раннесярэднявечнага вучонага, аднаго з айцоў Царквы, Ісідара Севільскага.
Рукапіс знайшлі яшчэ ў XIX стагоддзі, калі абследавалі скрыпторый абацтва. Там знайшлі некалькі сотняў рукапісаў, датаваных перыядам ранняга Сярэднявечча. Лічыцца, што менавіта гэты скрыпторый апісаны ў рамане Умберта Эка “Імя ружы”. Цяпер збор захоўваецца ў Амбразіянскай бібліятэцы ў Мілане.
Даследаванне старонак паказала, што прынамсі некаторыя з іх – палімпсесты. Так называюць рукапісы, напісаныя на пергаменце, які ўжо быў ва ўжыванні. Справа ў тым, што ў сярэднія вякі пергамент быў вельмі дарагім, і манахі, якія працавалі ў скрыпторыі, вынаходзілі розныя метады, якія дазвалялі выкарыстоўваць яго другі раз.
Пад тэкстам Ісідара Севільскага знайшлі 15 палімпсестаў, якія раней выкарыстоўваліся для трох грэчаскіх навуковых тэкстаў: тэкст невядомага аўтарства па матэматычнай механіцы і катаптрыцы (раздзел оптыкі), вядомы як Fragmentum Mathematicum Bobiense (тры лісты), трактат Пталямея «Аналема» (шэсць лістоў) і тэкст, які да гэтага часу заставаўся неапазнаным і амаль цалкам непрачытаным (шэсць аркушаў).
На фота: фрагмент аркуша з тэкстам Ісідара Севільскага, і грэчаскі тэкст, выяўлены пад ім.
Выкарыстоўваючы метады мультыспектральнай візуалізацыі, навукоўцы змаглі выявіць схаваныя чарнілы і разглядзець тэкст з ілюстрацыяй побач. Яны сцвярджаюць, што знайшлі рукапіс старажытнарымскага астранома Клаўдзія Пталямея. Прычым рукапіс унікальны, які не меў іншых копій.
Пталямей, які жыў у II стагоддзі нашай эры ў Рымскім Егіпце (пераважна ў Александрыі), быў адным з самых значных навукоўцаў элінізму і Рыма. Як астраном ён не меў роўных ні пры жыцці, ні шматлікія стагоддзі пасля. Яго манаграфія «Альмагест» (пазнейшая назва, арыгінальная была іншай) уяўляе сабой амаль поўны збор астранамічных ведаў Грэцыі і Блізкага Усходу.
Іншы рымскі навуковец, Пап Александрыйскі (гады жыцця невядомыя, меркавана – III-IV стагоддзі нашай эры), напісаў да “Альмагеста” даволі падрабязныя каментары, з якіх стала ясна, што праца Пталямея дайшоў да нас не ў поўным выглядзе. Так, Пап згадвае нейкі прыбор метэараскоп – старажытны інструмент, прызначаны для вызначэння адлегласці да нябесных цел.
Аўтары новай працы сцвярджаюць, што знайшлі ў палімпсесце менавіта тую частку рукапісу Пталямея, у якой ён апісаў прыладу метэараскопа. Гэты прыбор уяўляў сабою складаную сукупнасць з дзевяці металічных кольцаў, злучаных адмысловай выявай.
Па словах навукоўцаў, яго можна выкарыстоўваць для рашэння самых розных задач, такіх як вызначэнне шыраты ў градусах ад экватара, дакладнай даты сонцастаяння або раўнадзенства ці бачнага месцазнаходжання планеты на нябеснай сферы. Дыяметр яго складаў каля паўметра.
Канструкцыя метэараскопа апісана так падрабязна, што можна ісці з гэтым тэкстам да добрага майстра, які працуе з металам, і той лёгка створыць прыладу.
Сумневаў у аўтарстве ў даследнікаў няма: у Пталямея былі вельмі характэрныя стыль і слоўнікавы запас. Аўтары працы спадзяюцца знайсці працяг рукапісу ў магчымых палімпсестах у іншых рукапісах са збору скрыпторыя абацтва Бобіё. Бо старажытны пергамент маглі разабраць на старонкі і выкарыстоўваць адразу некалькі перапісчыкаў, якія працавалі над рознымі манускрыптамі.
Начное спецыяльнае мерапрыемства “Павуціна” супрацоўнікі абласнога ДАІ правялі ў Магілёве ў ноч на 2 красавіка. І ўжо праз 10 хвілін пасля яго пачатку ў горадзе быў выяўлены п’яны вадзіцель. Мужчына на Peugeot на асведчанні паказаў 1,47 праміле алкаголя. Цяпер яму пагражае штраф да 7 400 рублёў і пяць гадоў без правоў. Машына 28-гадовага кіроўцы адпраўлена на штрафную стаянку да выплаты штрафа – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.