Ядзерная зброя ў Беларусі, надзвычайная адліга і скарачэнне насельніцтва ніжэй за мільён – дайджэст мінулага тыдня

Дзве галоўныя тэмы мінулага тыдня – абмеркаванне планаў размяшчэння на Беларусі ядзернай зброі і надзвычайная паводка на рэках рэгіёна ў выніку адлігі.

З-за адлігі на Магілёўшчыне Чэрыкаў адрэзала ад левага берага Сожа, у Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары а ў Крычаве абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча. У дадатак у рэгіён прыходзіў шторм і вярнулася зіма. Затапіла мост пад Мсціславам, а ў Клімавічах прыватны сектар.

Ад непагадзі ў Быхаве легкавушку выкінула на слуп і ледзь не разарвала напалам.

У Магілёве ў парушэнне ахоўных норм перад будынкам музея імя П. Масленікава паставілі вертыкальную паркоўку.

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніуш.

У Санкт-Пецярбургу ўзарвалі прапагандыста Уладлена Татарскага.

На мінулым тыдні статыстычны камітэт абвясціў, што насельніцтва Магілёўскага рэгіёна стала складаць менш за мільён чалавек.

На мінулым тыдні было абвешчана, што культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе стануць Бялынічы.

Пад Асіповічамі выпрабавалі беларускую сістэму залпавага агня “Шквал”.

Украінскія вайскоўцы паказалі, колькі тэхнікі рыхтуецца да контрнаступу. Таксама адзначалася гадавіна вызвалення Бучы.

Смяротная пастка ў ваннай забрала жыцці двух бабруйчанак.

На “Белшыну” і ў тры раёны вобласці прызначылі новых кіраўнікоў.

На Магілёўшчыне пачаўся нераст, які працягнецца да канца мая – нельга лавіць рыбу іначай як з берага на адну вудку, нельга плаваць на лодках.

Толькі каб застацца начаваць з дзяўчынай, хлопец у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў рабаванне.

Магілёў і Бабруйск атрымалі новыя тралейбусы з аўтаномным ходам.

Мсціслаўскія малочнікі вырабілі рэкордную галоўку сыру.

Фота: mogilev.media

Пад Асіповічамі выпрабавалі мадэрнізаваную ракетную ўстаноўку “Шквал”

1 красавіка на палігоне “Асіповіцкі” прайшлі стрэльбавыя выпрабаванні рэактыўнай сістэмы залпавага агня “Шквал” – беларускага аналага сістэмы “Град”.

РСЗА “Шквал” – гэта распрацоўка беларускага вытворцы “Волатаўта” на аснове савецкай сістэмы “Град”. Работы над РСЗА пачаліся ў 2019 годзе, а ўпершыню на публіцы беларуская сістэма была прадстаўлена ў жніўні 2020 года на Міжнародным ваенна-тэхнічным форуме “Армія–2020” у падмаскоўнай Кубінцы.

“Шквал” мае дзве мадыфікацыі – з аўтаматызаванай сістэмай падрыхтоўкі дадзеных для стральбы і без. Таксама навацыяй стала прымяненне новага тыпу трубы для пакета снарадаў. Заяўляецца, што мадэрнізаваны і аўтаматызаваны “Шквал” паказвае больш чым у 1,5 разы лепшыя вынікі па трапнасці стральбы і высокія характарыстыкі па эканоміі людскіх затрат і часу на падрыхтоўку залпа. Так, замест пяці чалавек экапажа дастаткова трох.

Адметнай рысай выпрабавання “Шквала” пад Асіповічамі стала выкарыстанне беспілотніка дзеля цэлеўказання – паведамляе Дзяржкамваенпрам.

Фота: Дзяржкамваенпрам