Пад Асіповічамі выпрабавалі мадэрнізаваную ракетную ўстаноўку “Шквал”

1 красавіка на палігоне “Асіповіцкі” прайшлі стрэльбавыя выпрабаванні рэактыўнай сістэмы залпавага агня “Шквал” – беларускага аналага сістэмы “Град”.

РСЗА “Шквал” – гэта распрацоўка беларускага вытворцы “Волатаўта” на аснове савецкай сістэмы “Град”. Работы над РСЗА пачаліся ў 2019 годзе, а ўпершыню на публіцы беларуская сістэма была прадстаўлена ў жніўні 2020 года на Міжнародным ваенна-тэхнічным форуме “Армія–2020” у падмаскоўнай Кубінцы.

“Шквал” мае дзве мадыфікацыі – з аўтаматызаванай сістэмай падрыхтоўкі дадзеных для стральбы і без. Таксама навацыяй стала прымяненне новага тыпу трубы для пакета снарадаў. Заяўляецца, што мадэрнізаваны і аўтаматызаваны “Шквал” паказвае больш чым у 1,5 разы лепшыя вынікі па трапнасці стральбы і высокія характарыстыкі па эканоміі людскіх затрат і часу на падрыхтоўку залпа. Так, замест пяці чалавек экапажа дастаткова трох.

Адметнай рысай выпрабавання “Шквала” пад Асіповічамі стала выкарыстанне беспілотніка дзеля цэлеўказання – паведамляе Дзяржкамваенпрам.

Фота: Дзяржкамваенпрам

Выбухі каля Асіповічаў ізноў грымелі ўчора і будуць працягвацца да канца года

На вучэбнай пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” з 20 сакавіка па 31 снежня 2023 г., у тым ліку ў начны час у выхадныя і святочныя дні, будуць праводзіцца баявыя стрэльбы падраздзяленняў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, што ўсхвалявала мясцовых жыхароў. 

Стрэльбы на палігоне праводзяцца як днём, так і ўначы. Пасля стрэльбаў заўжды застаюцца неспрацаваўшыя выбуховыя прадметы. Да таго ж, часам ракеты і снарады мяняюць траекторыю або ў выніку памылак вылятаюць за межы палігона. Таму, несанкцыянаванае пранікненне на тэрыторыю палігона ў гэты перыяд можа стаць смяротным, папярэджвае сайт газеты “Асіповіцкі край”. 

Тэрыторыя трэніровачнай пляцоўкі Асіповіцкага палігона – гэта небяспечная зона. На ёй могуць знаходзіцца выбуховыя элементы ракет і боепрыпасаў. Наведванне палігона для збору грыбоў, ягад, лекавых раслін, металалому ці ў іншых мэтах можа ператварыцца ў трагедыю. 

Пры знаходцы падазроных аб’ектаў забаронена дакранацца да выяўленых выбуховых прадметаў: снарадаў, мін, гранат, бомбаў, дэтанатараў і іншых прадметаў. У выпадку выяўлення любога аб’екта, нават знешне падобнага на выбуховы, трэба абгарадзіць месца яго знаходжання і ўсталяваць прыкметныя знакі з адпаведнымі надпісамі, якія папярэджваюць пра небяспеку: напрыклад, “Небяспечна, міна!” альбо “Не дакранацца, гэта небяспечна!” Затым трэба неадкладна паведаміць пра знаходку выбуховага аб’екту ў вайсковую частку 12147 альбо супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў.

Улады нагадваюць, што артыкул 295 Крымінальнага кодэкса краіны за незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі прадугледжвае адказнасць – ад папраўчых прац да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: “Асіповіцкі край”

Для пяцісот старшакласнікаў на палігоне “Асіповіцкі” правялі ракетныя стрэльбы

На асіповіцкім палігоне ўлады сабралі 500 юнакоў для ўдзелу ў паказальных стрэльбах з мэтай прафарыентацыі. Адных школьнікаў мілітарысцкія стрэльбы захапілі, іншых напалохалі.

На вучэбнай пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” ўлады правялі маштабную ваенна-патрыятычную акцыю. Яе мэтай была ваенна-патрыятычнае выхаванне і агітацыя да службы ў ракетных войсках і артылерыі, піша газета “Асіповіцкі край”. 

У “грандыёзным” мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 500 дзяцей, школьнікаў, вучняў ваенна-патрыятычных класаў і клубаў, сувораўцаў і курсантаў.

На выставе кадэты і афіцэры распавялі і паказалі ўзоры вайсковай тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні ў розных радоў войск беларускай арміі.

Разлікі артылерыі прадэманстравалі выкананне агнявых задач баявымі снарадамі. Кульмінацыяй падзеі стаў залп батарэі РСЗА “Ураган”, які выклікаў у гледачоў бурныя незабыўныя станоўчыя і адмоўныя эмоцыі.

Падобна на тое, што палігон “Асіповіцкі” становіцца галоўным цэнтрам ваеннай агітацыі ў Беларусі.

Фота: “Асіповіцкі край”.