Юнак у Клімавічах парэзаў сябе

Юнак у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў злачынства, каб толькі застацца на ноч у дзяўчыны

Донжуан з Касцюковічаў вырашыў выдаць сябе за ахвяру нападу, але хутка раскалоўся.  

20-гадовы навучэнец каледжа з Касцюковіцкага раёна прыехаў у Клімавічы да дзяўчыны, якая яму спадабалася. Увесь дзень ён правёў з ёй, а ўвечары збіраўся ехаць дадому. Аднак з’язджаць маладому чалавеку так не хацелася, што каб застацца начаваць у бацькоў дзяўчыны, ён вырашыў зімітаваць з сябе ахвяру злачынства.

Па дарозе да вакзала малады чалавек знайшоў разбітую бутэльку і аскепкам шкла парэзаў на сабе адзенне, нанёс драпіны на жываце. Таксама хлопец схаваў сваю сумку з мабільнікам, пашпартам і дробнай сумай грошай у бязлюдным месцы. Затым пагрукаўся ў бліжэйшы дом, гаспадыні якога распавёў, што на яго напалі двое мужчын.

Жанчына патэлефанавала ў міліцыю. У раённым аддзеле міліцыі хлопец расказаў гісторыю пра напад, а таксама заявіў, што ў скрадзенай сумцы было шмат грошай.

Як піша “Голас Касцюкоўшчыны” навучэнца каледжа на міліцэйскай машыне павезлі на пазначанае ім “месца злачынства”. Аднак ніякіх слядоў здзейсненага гвалту там супрацоўнікі праваахоўных органаў не выявілі. У такой сітуацыі малады чалавек змушаны быў прызнацца, што здзейсніў загадзя ілжывы данос, і паказаў, дзе схаваная торба з яго рэчамі. 

У выніку 20-гадовага касцюковіцкага фантазёра суд прыгаварыў да пазбаўлення волі на адзін год з выпрабавальным тэрмінам.

Фота ілюстрацыйнае