У Магілёве прайшла начная спецаперацыя і ўжо праз дзесяць хвілін паймалі п’янага кіроўцу

Начное спецыяльнае мерапрыемства “Павуціна” супрацоўнікі абласнога ДАІ правялі ў Магілёве ў ноч на 2 красавіка. І ўжо праз 10 хвілін пасля яго пачатку ў горадзе быў выяўлены п’яны вадзіцель. Мужчына на Peugeot на асведчанні паказаў 1,47 праміле алкаголя. Цяпер яму пагражае штраф да 7 400 рублёў і пяць гадоў без правоў. Машына 28-гадовага кіроўцы адпраўлена на штрафную стаянку да выплаты штрафа  – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

Пад Асіповічамі выпрабавалі мадэрнізаваную ракетную ўстаноўку “Шквал”

1 красавіка на палігоне “Асіповіцкі” прайшлі стрэльбавыя выпрабаванні рэактыўнай сістэмы залпавага агня “Шквал” – беларускага аналага сістэмы “Град”.

РСЗА “Шквал” – гэта распрацоўка беларускага вытворцы “Волатаўта” на аснове савецкай сістэмы “Град”. Работы над РСЗА пачаліся ў 2019 годзе, а ўпершыню на публіцы беларуская сістэма была прадстаўлена ў жніўні 2020 года на Міжнародным ваенна-тэхнічным форуме “Армія–2020” у падмаскоўнай Кубінцы.

“Шквал” мае дзве мадыфікацыі – з аўтаматызаванай сістэмай падрыхтоўкі дадзеных для стральбы і без. Таксама навацыяй стала прымяненне новага тыпу трубы для пакета снарадаў. Заяўляецца, што мадэрнізаваны і аўтаматызаваны “Шквал” паказвае больш чым у 1,5 разы лепшыя вынікі па трапнасці стральбы і высокія характарыстыкі па эканоміі людскіх затрат і часу на падрыхтоўку залпа. Так, замест пяці чалавек экапажа дастаткова трох.

Адметнай рысай выпрабавання “Шквала” пад Асіповічамі стала выкарыстанне беспілотніка дзеля цэлеўказання – паведамляе Дзяржкамваенпрам.

Фота: Дзяржкамваенпрам

Цяпла не чакайце – снег, дажджы. Надвор’е на наступны тыдзень.

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае, прахалоднае з дажджамі і снегам надвор’е. Да сканчэння Песаха (5-13 красавіка), да каталіцкага Вялікадня (9 красавіка) цяпла не прагназуецца.

У першы рабочы тыдзень красавіка цяплыні не будзе. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 17 хвілін і дасягне 13 гадзін 25 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:18, зойдзе ў 19:43.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 3 красавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак -1 0°С, месцамі да -3°С, раніцай каля 0°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +2°С, месцамі да +4°С. На працягу сутак будзе пахмурна, снег з дажджом, дождж. Вятры паўночнага напрамку хуткасцю да 5 м/с, пры парывах да 10-13 м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца.

У аўторак, 4 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, дождж са снегам, месцамі снег. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 3-6 м/с, пры парывах да 9  м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца. Уноч ад -2 да -4°С, днём тэмпература +2  +4°С. Да ночы слупок тэрмометра усталюецца на рысцы бліжэй да 0°С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 5 красавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі, месцамі  з дажджом, мокрым снегам. Уранні каля 0°С, удзень да +4°С. Месцамі на дарогах галаледзіца. На працягу сутак прагназуецца прыток халодных паветраных мас з поўначы, хуткасць вятроў да 4 м/с.

У чацвер, 6 красавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом. Вецер памяняе свой напрамак на паўднёва-заходні. Хуткасць ветра да 4 м/с. Ноччу ад +1 да +3°С, на працягу дня тэмпература паветра складзе +3 +4°С. Поўня на небе.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 7 красавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з дажджамі, месцамі дажджамі са снегам, надвор’е з панаваннем паўднёва-заходніх вятроў хуткасцю 3-5 м/с. Уноч ад 0 да +2 °С, раніцай да +2°С, днём да +7°С, месцамі да +8 °С, увечары каля +5°С. Поўня на небе.

Дзень у гісторыі. 2 красавіка. “План Маршала” Нарадзіліся Г.Х. Андэрсан, этнограф П.Баброўскі, кампазітар А. Рашчынскі. Памёрлі П. Панчанка, Папа Ян Павел II.

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі (International Children’s Book Day, з 1967 года). 

Праводзіцца ў дзень нараджэння вялікага казачніка з Даніі Ганса Хрысціяна Андэрсана. Ініцыятарам правядзення гэтага свята стала выбітная дзяячка сусветнай дзіцячай літаратуры, нямецкая пісьменніца Йела Лепман.

Яшчэ ў 1953 годзе Лепман прапанавала заснаваць “маленькую нобелеўскую прэмію” па дзіцячай літаратуры – Міжнародную прэмію імя Ганса Хрысціяна Андэрсана. З 1956 года прэмія прысуджаецца аўтару найлепшай дзіцячай кнігі. З 1966 года яе пачалі ўручаць і найлепшаму мастаку-ілюстратару.

Прэмія імя вялікага казачніка з уручэннем залатога медаля – самая прэстыжная ўзнагарода ў сваёй вобласці. Яна прысуджаецца раз на два гады, праходзіць 2 красавіка, як і Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі па праблемах аўтызму.

Дата была ўстаноўлена рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН і адзначаецца з 2008 года. У Беларусі адзначаецца з 2016 года.

Мэта дня – падкрэсліць неабходнасць дапамагаць людзям, якія пакутуюць непапраўным парушэннем развіцця, каб павысіць узровень іх жыцця.

Колер свята – сіні, бо большасць аўтыстаў – хлопчыкі.

Аўтызм часта называюць захворваннем, але гэта, хутчэй, асаблівасць псіхічнага развіцця чалавека. Расстройства па-рознаму адбіваецца на розных людзях: некаторыя могуць жыць параўнальна незалежным жыццём, у той час як іншыя маюць дастаткова сур’ёзныя парушэнні і патрабуюць пажыццёвай падтрымкі з боку навакольных. Як правіла, людзі з аўтызмам адрозніваюцца гіпер- альбо гіпаадчувальнасцю да гукаў, дотыкаў, смаку, пахаў, асвятлення і колераў.

Сярод аўтыстаў шмат знакамітых і таленавітых людзей, у тым ліку акцёры Энтані Хопкінс, Дэн Эйкройд, пісьменнік Цім Бёртан, аўтар Пакемонаў Сатошы Таджыры, спявачка Кортні Лав, шведская дзяўчына-эколаг, двойчы намінантка на Нобелеўскую прэмію Грэта Тунберг

1805 год. Нарадзіўся Ганс Хрысціян Андэрсан (1805–1875).

Дацкі казачнік, пісьменнік і паэт, аўтар сусветна вядомых казак для дзяцей і дарослых: «Брыдкае качаня», «Новая світка караля», «Цень», «Прынцэса на гароху».

У Даніі існуе легенда аб каралеўскім паходжанні Андэрсена, бо ў дзяцінстве гуляў з прынцам Фрыцам, пасля – каралём Фрэдэрыкам VII, і ў яго не было сяброў сярод вулічных хлопчыкаў – толькі прынц. Пасля смерці Фрыца, за выключэннем сваякоў, адзін толькі Андэрсен быў дапушчаны да труны нябожчыка.

З дзяцінства захапляўся лялечным тэатрам. Баяўся фізічнага пакарання, таму маці аддала яго ў яўрэйскую школу, дзе фізічныя пакаранні ў дачыненні да дзяцей былі забаронены.

Аўтар 170 казак, шматлікіх раманаў, п’ес. Стаў вядомым пісьменнікам яшчэ пры жыцці.

Памяць аб Андэрсене ўвекавечаная шэрагам скульптур і іншых выбітных мясцін: у Капенгагене ў гонар Андэрсена ўсталявана статуя Русалачкі. Статуя казачніка таксама ёсць у Нью-Ёрку і Браціславе. У Любліне існуе лялечны тэатр імя Андэрсена.

1832 год. Нарадзіўся Павел Баброўскі.

Беларускі гісторык і этнограф, генерал ад інфантэрыі, сенатар.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Дваранскі полк (Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба. Удзельнік вайны з Турцыяй (1853–1854), быў начальнікам некалькіх юнкерскіх вучылішчаў, Ваенна-юрыдычнай акадэміі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Аўтар больш за 100 прац па гісторыі, правазнаўстве, археаграфіі, геаграфіі, біялогіі, педагогіцы, этнаграфіі, статыстыцы, эканоміцы, краязнаўстве, у тым ліку «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі… Гродзенская губерня», нарысаў пра Гродна, Слонім, Зэльву i іншыя, па гісторыі лейб-гвардыі Эрыванскага і Праабражэнскага палкоў.

Добра ведаў беларускую мову, захапляўся гісторыяй роднага края і ўніяцкай царквы.

Памёр 16 лютага 1905 года.

1836 год. Зацвярджаецца праект будаўніцтва першай рускай чыгункі Пецярбург – Царскае Сяло.

У Беларусі першая чыгунка (участак Парэчча–Гродна дарогі Пецярбург–Варшава) пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 года. На тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці чыгунка пачала дзейнічаць з верасня 1873 года, яна прайшла праз Асіповічы (заснаваны ў 1872) і Бабруйск.

Праз Магілёў першая чыгунка прайшла ў канцы 1902 года, рух адкрыты ў студзені 1903 года.

Чыгуначная станцыя Парэчча.

1933 год. Нарадзіўся Віктар (Вікенці) Шымук.

Беларускі пісьменьнік і перакладчык.

Скончыў БДУ. Працаваў у дзятлаўскай газеце «За новую вёску», газетах «Калгасная праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё.

Аўтар шматлікіх аповесцей, апавяданняў, зборнікаў прозы, вершаў, сатыры, нарысаў, твораў для дзяцей, перакладаў. На шэраг яго вершаў напісаныя песні.

Памёр 18 верасня 1998 года.

1943 год. Створаны Магілёўскі падпольны абкам кампартыі.

Пастаянным месцам дыслакацыі падпольнага абкама партыі сталі Усакінскія лясы ў Клічаўскім раёне. Першым яго сакратаром стаў камандзір партызанскага злучэння Дзмітрый Маўчанскі (1901–1979). Яго імя носяць  вуліцы ў Магілёве і Маладзечна.

1948 год. Кангрэс ЗША прымае “план Маршала” аб дапамозе еўрапейскім краінам.

Пачаў ажыццяўляцца з 4 красавіка 1948 года.

“План Маршала”, “Праграма аднаўлення Еўропы” – праграма дапамогі Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Прапанаваны амерыканскім дзяржаўным сакратаром Дж. Маршалам. У ажыццяўленні плана ўдзельнічалі 17 еўрапейскіх краін, уключаючы Заходнюю Нямеччыну. Пазней план Маршала быў ужыты таксама да Японіі і некаторых іншых краін Усходняй Азіі. 

СССР ад плана і дапамогі адмовіўся.

План Маршала садзейнічаў устанаўленню пасляваеннага міру ў Заходняй Еўропе, аб’яднанню Еўропы. Прамысловасць была адноўлена ў кароткія тэрміны. Эканоміка еўрапейскіх краін хутка акрыяла ад наступстваў вайны. Еўрапейскія краіны атрымалі магчымасць выплаціць знешнія даўгі, у тым ліку даўгі па ленд-лізу або рэстытуцыі і рэпарацыі. Быў адноўлены і ўмацаваны еўрапейскі сярэдні клас – гарант палітычнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця.

1949 год. Нарадзіўся Алесь Рашчынскі.

Беларускі кампазітар, фалькларыст, дырыжор, педагог.

Аўтар больш за 400 апрацовак народных песень, 8 фальклорных зборнікаў, музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы–капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень».

Памёр 10 жніўня 2016 года.

У 2016 годзе ў Мінску створаны народны хор імя А.Рашчынскага.

1966 год. Нарадзіўся Андрэй Кавалёў.

Беларускі хакеіст і трэнер. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці, чэмпіянатаў свету 1995 года у групе С, 1996 у групе В, 1997 у групе B, 1998, 1999, 2000, 2001 і 2003 гадоў у складзе зборнай Беларусі.

За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1994 па 2003 год. Правёў 89 матчаў.

Выступаў за нацыянальную зборную СССР, згуляў 35 гульняў, закінуў 13 шайбаў.

Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля здушэння народных пратэстаў у 2020 годзе.

1995 год. Памёр Пімен Панчанка (1917-1995).

Народны паэт Беларусі. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі СССР.

Юнаком жыў у Бабруйску, працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, першыя вершы надрукаваў у кіраўскай раёнцы «Кіравец».

Аўтар 31 зборніка паэзіі, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, перакладаў паасобных твораў Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф’ева, А. Суркова, Т. Масэнкі і іншых.

Многія яго вершы пакладзены на музыку.

У сваіх творах Панчанка – шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі.

Пад канец жыцця ён пачаў бескампрамісны суд над самім сабою. Цяжка знайсці другога такога паэта, хто быў бы здольны ўзяць усю віну на сябе за тое бязладдзе ў Беларусі канца 1980-х гадоў, хто б так шчыра каяўся, хоць асабіста ні ў чым не быў вінаваты. 

Імя паэта носіць вуліца і СШ №199 у Мінску.

2005 год. Памёр Ян Павел II (Караль Вайтыла, 1920–2005).

264-ы Папа Рымскі (1981–2005).

Святар з 1946 года. Быў арцыбіскупам-мітрапалітам кракаўскім, кардыналам. Удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. Выжыў пасля замаху на яго жыццё 13 мая 1981 года.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ вядомы адкрытым дыялогам: ён пасярэднічаў ў міжнародных канфліктах, выступаў са зваротамі аб міры, праводзіў супольныя малітвы з прадстаўнікамі іншых канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі.

Папа правёў 104 замежныя падарожжы, наведаў 129 краін. Беатыфікаваў 1343, кананізаваў 482 асобы. Прызначыў на пасады 321 епіскапа і 232 кардыналы. Выдаў 14 Энцыклік, 15 Апостальскіх адартацый, 11 Апостальскіх канстытуцый, 45 Апостальскіх пасланняў, 30 дакументаў у форме «motu proprio», тысячы папскіх лістоў.

Па працягласці свайго пантыфікату ён саступае толькі Апосталу Пятру і Папу Пію IX (1846–1878).

Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека, шматлікіх энцыклік, вершаў, паэм, п’ес.

Яго верш «Юдэйская пустыня» пераклала на беларускую мову Х. Лялько.

Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях з нагоды Вялікадня і Нараджэння Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.

Святому прысвечаны шматлікія помнікі ў многіх каталіцкіх краінах. У 2013 годзе ў Магілёве на тэрыторыі касцёла Успення Панны Марыі і Святога Станіслава ўстаноўлена скульптура.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень дурняў – абсалютна сур’ёзна

З нагоды свята мы сабралі некалькі цікавых фактаў пра дзень, які адзначаюць у шматлікіх краінах.

Шмат дзе па свеце адзначаецца дзень 1 красавіка, калі людзі жартуюць над сябрамі, знаёмымі і сваякамі. Гэту адметную дату называюць па-рознаму – Дзень дурня, Дзень жартаў, Дзень смеху, але сутнасць ад гэтага не змяняецца. 

Паходжанне свята

Культуролагі і гісторыкі мяркуюць, што дзень падманаў узыходзіць да звычаю провадоў зімы, а таксама да культу старажытнарымскага бога смеху, які адпавядае ў грэцкай міфалогіі Геласу.

З’яўленне Дня жартаў можа звязвацца таксама са зменай летазлічэння ў сярэднявечнай Еўропе і пераходам з Юліянскага на Грыгарыянскі каляндар. Справа ў тым, што раней Новы год адзначалі ў канцы сакавіка, а фіналам святочнага тыдня быў менавіта 1 красавіка.

Пасля рэфармавання календара Новы год стаў выпадаць на 1 студзеня. А тых, хто па старой звычцы працягваў святкаваць Новы Год і дарыць у гэты дзень адзін аднаму падарункі называлі (April’s Fools) «красавіцкімі дурнямі»

Аднак многія народы свету звязваюць паходжанне Дня смеху са сваімі культурамі. Італьянцы ўпэўнены, што ў Старажытным Рыме ў канцы зімы адзначалі свята дурных, якое пасля змены календара стала прыпадаць на 1 красавіка.

Індусы перакананы, што свята жартаў зарадзілася ў старажытнасці менавіта ў Індыі. Яго атаясамляюць з сучасным індыйскім фестывалем холі – святам вясны, цвіцення і ўсеагульнай радасці.

У сваю чаргу ірландцы лічаць, што Дзень смеху з’явіўся ў часы старажытных кельтаў. Менавіта 1 красавіка продкі сучасных ірландцаў адзначалі яго, а ўсе жарты і розыгрышы былі прысвечаны богу смеху.

Ісландцы наогул звязваюць звычай падманваць 1 красавіка са скандынаўскай міфалогіяй. Яны лічаць, што такая традыцыя была заснавана язычніцкімі багамі ў памяць аб Скадэі, дачцэ Тыяса.

Павер’і і забабоны, звязаныя з датай

У Англіі лічыцца, што страціш поспех, калі разыграеш кагосьці пасля поўдня, жарты і розыгрышы прыняты толькі ў першай палове дня.

Немцы лічаць, што 1 красавіка з’яўляецца нешчаслівым днём, а таксама вераць, што народжаны ў гэты дзень будзе няўдачлівым. У гэты дзень у вёсках не працуюць, не пачынаюць новых спраў, не выпускаюць жывёлу са стойлаў, а дарослыя і дзеці падманваюць адзін аднаго, пасылаючы выконваць невыканальныя даручэнні.

У нашых прасторах у першы дзень красавіка было прынята варажыць па птушках. Існавала прыкмета, што калі жанчына ўбачыць самотнага птушаняці – гэта значыць, што ўвесь наступны год яна правядзе адна, а калі наадварот – адзінота ёй не пагражае.

Сны з 31 сакавіка на 1 красавіка неслі шчаслівыя прыметы: яны паказвалі на тое, што атрымліваецца лепш за ўсё, а на што не трэба марнаваць час. Таксама сны маглі падказаць дакладнае рашэнне праблем ці наладзіць на правільны лад.

1 красавіка людзі па прыметах судзілі аб надвор’і і будучым ураджаі. Калі дзень быў ясным і пагодлівым, можна было чакаць засушлівага лета. Калі журчэлі талыя воды – чакалі добрага ўкосу травы. А калі начное неба было бяззорным – надвор’е ў бліжэйшыя дні будзе цёплым.

Славутыя розыгрышы

1 красавіка 1915 года, у разгар Першай Сусветнай вайны, над нямецкім лагерам з’явіўся брытанскі самалёт і скінуў вялізную бомбу. Немцы кінуліся ўрассыпную, але выбуху не было. На бомбе красаваўся надпіс “З першым красавіка!”.

У 1957 годзе кампанія BBC апублікавала рэпартаж аб небывалым ураджаі макаронаў у Італіі. Кампанія атрымала нямала лістоў-водгукаў: хтосьці дзівіўся, што макароны растуць вертыкальна, а не гарызантальна, хтосьці прасіў выслаць расаду і толькі нешматлікія выказвалі лёгкую разгубленасць – бо да гэтага часу яны былі ўпэўненыя, што макароны вырабляюцца з мукі.

У 1998 годзе вядомая амерыканская кампанія фастфуда Burger King паведаміла, што прыдумалі бургер «Воппер», створаны спецыяльна для ляўшэй. У той жа дзень многія людзі, прыходзячы ў іх установы і прасілі «стары» бургер для праўшэй.

Але самы трэшовы розыгрыш быў здзейснены ў Даніі. 1 красавіка 2001 года, у Дзень смеху, у гонар запланаванага адкрыцця метрапалітэна на цэнтральнай плошчы Капенгагена быў устаноўлены макет вагона метро, які вылятаў наверх пад вуглом у 45 градусаў. Выглядала настолькі рэалістычна, што многія сапраўды паверылі ў рэальнасць здарэння. Насамрэч гэта быў спісаны вагон Стакгольмскага метрапалітэна.

Нацыянальныя святы ў Дзень жартаў

У некаторых краінах разам з Днем смеха адзначаюцца іншыя святы. У Японіі адзначаецца Міяка адары – вясновы фестываль танца, а ў Паўдневай Афрыцы Дзень сям’і. Некаторым краінам у першы дзень красавіка наогул не да жарцікаў. У

Іране ў гэты дзень адзначаецца Дзень Ісламскай Рэспублікі Іран, а на Кіпры

Дзень пачатку нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць ангельскіх каланізатараў.

Фота з адкрытых крыніц

Насельніцтва Беларусі скарачаецца – аналіз па Магілёўшчыне

Нацыянальны статыстычны камітэт на гэтым тыдні апублікаваў бюлетэнь па колькасці насельніцтва Беларусі  на 1 студзеня 2023. Mogilev.media ўжо пісалі, што насльніцтва рэгіёна стала меншым за мільён.

Па дадзеных Нацстата, на 1 студзеня 2023 года насельніцтва Беларусі склала 9,2 мільёна чалавек. Гэта на 54,9 тысяч менш, чым годам раней. Для параўнання: у 2021-м колькасць жыхароў у краіне зменшылася на 94,1 тысяч, у 2020-м – на 60,6, у 2019-м – на 19,0 тысяч.

Найбольш страцілі Магілёўская і Віцебская вобласці – змяншэнне на 1,11 і 1,08% адпаведна. Так, у Магілёўскай вобласці на 1 студзеня 2023 года пражывала 989,7 тыс. чалавек. Упершыню за доўгі час у Беларусі з’явіліся вобласці з насельніцтвам менш за 1 мільён чалавек: Гродзенская ( 998,6 тыс.) і Магілёўская (989,7 тысяч). Магілёўшчына, такім чынам, абагнала ў падзенні колькасці насельніцтва Гарадзеншчыну і стала самай малалікай у краіне.

Калі ўзяць дынаміку насельніцтва Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў (2013–2023), то атрымаем жахлівыя адносныя лічбы.

Антырэкорды (2013–2023) на агульным фоне належаць наступным раёнам: Асіповіцкі (-36%), Глускі (-20,0%), Мсціслаўскі (-19,4), Хоцімскі (-18,9), Кіраўскі (-18,1). 

Згубілі ад 15,0 да 16,4% насельніцтва Быхаўскі, Бялыніцкі, Бабруйскі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Круглянскі, Чавускі, Шклоўскі раёны, ад 10,0% да 13,3% – Горацкі, Касцюковіцкі, Чэрыкаўскі, Клічаўскі, Слаўгарадскі. 

Менш за ўсё за гэтыя 10 гадоў згубілі Магілёўскі раён (-5,0%) і горад Бабруйск (-3,5%). Магілёў “падрос” за дзесяцігодку на 300 чалавек, але, у параўнанні з 2020 годам згубіў 4 000 чалавек (-1,1%).

Самымі малымі райцэнтрамі ў Магілёўскай вобласці з’яўляюцца гарадскія пасёлкі Дрыбін (2,9 тысяч), Краснаполле (5,7) і Хоцімск (6,1). Самыя малыя раёны – Хоцімскі (9,9), Дрыбінскі (9,7), Краснапольскі (8,9). Менш за Краснапольскі раён у краіне толькі Расонскі, што ў Віцебскай вобласці – 8,5 тысяч чалавек, але ж у Расонскім раёне каля 85% тэрыторыі складаюць лясы. 

Фота ілюстрацыйнае

Пад Талачыном мужчына падпаліў сябе

31 сакавіка ў пасёлку Байкал Талачынскага раёна мужчына 1972 года нараджэння здзейсніў самападпал – паведамляе прэс-служба МНС. Спроба суіцыда адбылася вечарам, каля 19.30. З апёкамі мужчына дастаўлены ў лякарню. Падрабязнасцяў здарэння пакуль не паведамляецца.

Фота ілюстрацыйнае.

У бабруйскага прадпрымальніка арыштавалі партыю вейпаў і сумесяў на 45 тысяч рублёў

56-гадовы жыхар Бабруйска набываў буйныя партыі вейпаў і жавальных сумесяў за мяжой і прадаваў іх праз соцсеткі. Прадукцыя не праходзіла ніякіх праверак і сертыфікацыі. Уся партыя з 1 395 адзінак тавару канфіскаваная, а мужчыне пагражае штраф на 100 базавых – паведамляе прэс-служба МУС.

Фота: МУС

На ўсёй Магілёўшчыне чакаюцца небяспечныя ўзроўні вады – фота

Штармавое гідралагічнае папярэджанне аб небяспечнай з’яве аб’явіў Белгідрамет. У найбліжэйшыя дні на Бярэзіне каля Бабруйска ўзровень вады дасягне небяспечнай высокай адзнакі, пры якой раней адзначаліся затапленні прыбярэжных тэрыторый. 

Небяспечна высокі ўзровень прагназуецца і на Віхры каля г. Мсціслава. Акрамя таго, у найбліжэйшыя дні на рэках будзе пераважаць рост узроўняў вады, у выніку чаго на Дняпры ў г. Магілёў, на Сожы ў г. Слаўгарад узроўні вады наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак. 

Mogilev.media паглядзелі, што робіцца ў розных кутках Магілёўшчыны проста зараз. Вада падабралася да двароў в. Сапяжынка пад Быхавам. 

Лесвіца ў Баркалабаўскім манастыры затопленая Дняпром.

Дняпро каля Баркалабава.

Дняпро каля Дашкаўкі.

Рост узроўняў вады назіраецца на Сожы з інтэнсіўнасцю да 27 см за суткі,  Дняпры, Бярэзіне з сутачнай інтэнсіўнасцю да 12 см.

Узроўні вады перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі на рацэ Друць каля в. Гарадзішча і прытоку Сожа рацэ Проня каля в. Ляцягі.

Узроўні вады блізкія да небяспечных высокіх адзнак на Бярэзіне ў Бабруйску, прытоку Сожа рацэ Віхра каля Мсціслава.

Паводле звестак МНС, затапленні рачнымі водамі назіраюцца ў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях.

Днепр шырока разліўся і падыйшоў блізка да вёсак Вараніно, Сапяжынка, Баркалабава Быхаўскага раёна, дастаткова высокі ўзровень вады каля Дашкаўкі Магілёўскага.  

Фота: mogilev.media

Падчас меліярацыі на Магілёўшчыне віртуальна саджалі траву

Прыпіскі падчас меліярацыі на Магілёўшчыне склалі больш за 400 тысяч рублёў – Дзяржкантроль.

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці правёў аналіз выкарыстання сродкаў бюджэту, выдзеленых на правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі – вынікі сумныя.

Як устанавілі кантралёры, асобнымі меліярацыйнымі арганізацыямі работы на агульную суму 410 тыс. рублёў былі выкананы альбо толькі “на паперы” або няякасна – піша краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг”.

Да прыкладу, падраднай арганізацыяй “ПМК-90 Водстрой” аб’ёмы выкананых работ толькі па двух аб’ектах у Касцюковіцкім і Краснапольскім раёнах былі прыпісаны на суму больш як 77 тысыч рублёў. Некаторыя ПМК пры адмоўных тэмпературах і высокім снежным покрыве віртуальна рабілі падсеў травы на адхонах меліярацыйных каналаў.

Па выніках праведзеных Камітэтам кантрольных мерапрыемстваў у бюджэт вернута больш за 210 тысыч рублёў (спагнанне яшчэ каля 200 тысяч рублёў знаходзіцца на кантролі), да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 22 кіраўнікі і спецыялісты меліярацыйных арганізацый. У дачыненні да аднаго з кіраўнікоў меліярацыйнай арганізацый узбуджана крымінальная справа, а таксама даецца прававая ацэнка іншым фактам прыпісак і віртуальных работ. 

Фота ілюстрацыйнае