Бабруйчаніна асудзілі да “хатняй хіміі” за падстрэленую рысь

Асіповіцкі райсуд прысудзіў бабруйскаму паляўнічаму два гады “хатняй хіміі” за падстрэленую чырвонакніжную рысь.

Напрыканцы студзеня 2026 года падчас загоннага палявання на кабана ў Асіповіцкім раёне мужчына заўважыў рысь. І хоць ён ведаў, што гэты звер занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, стрэліў у яго.

Як палічылі спачатку ў пракуратуры, а потым у судзе, забіўшы рысь, від якой знаходзіцца пад пагрозай знікнення, паляўнічы прычыніў урон навакольнаму асяроддзю на суму ў 13,5 тыс. рублёў, што з’яўляецца асабліва буйным памерам.

У далейшым мужчына прызнаўся ў незаконным паляванні і дабраахвотна цалкам кампенсаваў урон. 

У выніку суд прысудзіў несумленнаму паляўнічаму два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у 4,5 тыс. рублёў. Таксама яму забаронена займацца паляваннем цягам двух з паловай гадоў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак: СК РБ

Прадаўшчыца ў Чавускім раёне крала з крамы грошы і прадукты дзеля ставак

Жыхарка Чавускага раёна захапілася гульнямі ў анлайн-казіно і стаўкамі ў букмекерскіх канторах. Калі дзіцячай дапамогі стала не хапаць, яна ўладкавалася прадаўцом і пачала прысвойваць маёмасць крамы.

Гісторыя гэта пачалася з таго, што жыхарка Чавусаў знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

У гэты час яна заахвоцілася да імгненных інтэрнэт-латарэй і ставак у анлайн-казіно. На азартныя гульні сыходзілі значныя сумы. Тады жанчына уладкавалася прадаўшчыцай у краму раённага спажывецкага таварыства. Аднак сама праца не вырашыла праблему з гульнямі.

З верасня 2025 года па студзень 2026 года прадаўшчыца выкрадала з гандлёвага аб’екта грошы, прадукты харчавання і алкагольныя напоі.

Усяго яна прысвоіла маёмасць гандлёвага прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння суда абвінавачаная прызнала толькі крадзеж грошай.

У выніку суд прыгаварыў іграманку да:

  • 2 гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • штрафу ў памеры 40 базавых велічынь;
  • забароны на 3 гады займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю.

Акрамя таго жанчыне давядзецца вярнуць райпо 1,6 тысячы рублёў, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Бялынічах суд абмежаваў дзеяздольнасць двух п’яніц. Ці будзе карысць?

Магілёўская вобласць п’е больш за ўсіх. Улады з гэтым змагаюцца і пры гэтым сарамліва хаваюць статыстыку алкагалізацыі насельніцтва.

У Бялыніцкім раёне суд абмежаваў у дзеяздольнасці двух мужчын, якія гадамі прапівалі пенсію і зарплату, пакідаючы сем’і ў беднасці.

Фармальна гэта клопат пра блізкіх. Але за асобнымі судовымі гісторыямі відаць вялікая праблема: па апошняй адкрытай рэгіянальнай статыстыцы Белстата, менавіта Магілёўская вобласць была самым пітушчым рэгіёнам краіны. А свежую рэгіянальную статыстыку за 2024 год улады грамадству ўжо не паказалі.

Суд як фінансавы тормаз для п’янства

Пракуратура Бялыніцкага раёна праз суд абмежавала ў дзеяздольнасці двух жыхароў раёна з-за злоўжывання алкаголем. Адзін з іх – 71-гадовы жыхар Бялынічаў, на працягу 20 гадоў траціў на спіртное ўсе даходы, уключаючы пенсію. Другі, 43-гадовы мужчына, жыў з маці і ўвесь заробак таксама траціў на алкаголь. На гэтай глебе ў сем’ях узнікалі канфлікты, а блізкія фактычна аказваліся закладнікамі чужой залежнасці.

Цяпер гэтыя мужчыны могуць самастойна здзяйсняць толькі дробныя бытавыя здзелкі. Атрымаць зарплату, пенсію і іншыя даходы, а таксама распараджацца імі яны змогуць толькі са згоды папячыцеля.

Гэта не турма, не лячэнне і не пазбаўленне грамадзянскіх правоў. Гэта фінансавы абмежавальнік: чалавек можа жыць, працаваць, купляць хлеб і аплачваць праезд, але не можа свабодна распараджацца грашыма, якія раней ішлі на бутэльку.

Такая мера прадугледжана артыкулам 30 Грамадзянскага кодэкса Беларусі: грамадзяніна, які з-за злоўжывання спіртнымі напоямі, наркотыкамі або псіхатропнымі рэчывамі ставіць сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, суд можа абмежаваць у дзеяздольнасці. Над ім устанаўліваецца папячыцельства.

Магілёўская вобласць – не выпадковы фон

Гісторыя з Бялынічаў – частка абласной статыстыкі. Спачатку дзяржаўныя медыя са спасылкай на Белстат назвалі Магілёўскую вобласць самым пітушчым рэгіёнам краіны – 12,5 літра алкаголю на чалавека старэй за 15 гадоў. Потым свежая афіцыйная статыстыка алкагалізацыі насельніцтва па рэгіёнах знікла зусім. У 2024 годзе грамадству паказалі толькі сярэднюю «тэмпературу» па краіне11,1 літра, але не далі самага цікавага: што стала з Магілёўскай вобласцю.

Калі рэгіён перастаў быць лідарам, то чаму б не паказаць лічбы? Калі не перастаў, тым больш зразумела, чаму іх схавалі.

Па сутнасці – грамадства пазбавілі магчымасці праверыць, ці змянілася сітуацыя ў самым праблемным рэгіёне, які даў Беларусі Лукашэнку.

Абмежаванне дзеяздольнасці: дапамога сям’і або фінансавая латка?

Сама мера можа быць карыснай. Калі чалавек гадамі прапівае пенсію або зарплату, пакутуе не толькі ён сам. Абмежаванне дзеяздольнасці ў такіх выпадках дае сям’і хаця б адзін рэальны інструмент абароны. Грошы перастаюць аўтаматычна ператварацца ў алкаголь. Папячыцель атрымлівае магчымасць кантраляваць бюджэт. У чалавека становіцца менш шанцаў за адзін дзень спусціць пенсію або зарплату.

Але важна не падманвацца: гэта не лячэнне алкагалізму.

Суд можа абмежаваць доступ да грошай, але не можа адмяніць залежнасць. Чалавек можа пазычаць, прасіць, працаваць неафіцыйна, знаходзіць спіртное праз знаёмых. Калі побач няма лячэння, сацыяльнай работы, кантролю і рэабілітацыі, абмежаванне дзеяздольнасці ператвараецца ў фінансавую латка на велізарнай сацыяльнай дзірцы.

Так, сям’я можа перастаць жыць у поўнай галечы. Але сам чалавек ад гэтага не перастае быць залежным.

Польшча: можна абмежаваць, але гэта павінна быць дапамогай, а не пакараннем

Падобныя механізмы існуюць і ў іншых краінах. Але важна глядзець не толькі на сам факт абмежавання, а на філасофію закона.

У Польшчы ёсць інстытут частковай недзеяздольнасці – ubezwłasnowolnienie częściowe. Па артыкуле 16 польскага Грамадзянскага кодэкса, паўналетняга чалавека можна часткова абмежаваць у дзеяздольнасці з-за псіхічнага захворвання, разумовага парушэння або іншых псіхічных расстройстваў, у прыватнасці п’янства або наркаманіі, калі яго стан не патрабуе поўнага абмежавання, але яму патрэбна дапамога ў вядзенні спраў. Для такога чалавека ўстанаўліваецца куратарства.

Гэта значыць польская логіка блізкая да беларускай, але акцэнт іншы: гаворка не проста пра тое, што чалавек п’е і шкодзіць сям’і. Суд павінен усталяваць, што з-за стану чалавеку сапраўды патрэбна дапамога ў кіраванні справамі.

Часткова недзеяздольны чалавек у Польшчы захоўвае частку самастойнасці. Ён можа вырашаць бытавыя пытанні, але больш сур’ёзныя маёмасныя і юрыдычныя дзеянні патрабуюць згоды куратара. Польскія юрысты прама тлумачаць: частковае абмежаванне азначае абмежаваную дзеяздольнасць, а значныя рашэнні, асабліва маёмасныя і прававыя, патрабуюць згоды прызначанага куратара.

І гэта прынцыпова: мера павінна абараняць чалавека і яго маёмасць, а не станавіцца зручным спосабам прыбраць нязручнага сваяка з сямейных рашэнняў.

Германія: не адабраць правы, а ўмяшацца мінімальна

Германія пайшла яшчэ далей. Там сучасная мадэль будуецца не вакол ідэі «пазбавіць чалавека дзеяздольнасці», а вакол прававой падтрымкі – Betreuung. Чалавеку могуць прызначыць памочніка для канкрэтных сфер: фінансы, жыллё, медыцына, дакументы. Але сама па сабе такая падтрымка не пазбаўляе чалавека дзеяздольнасці. Нямецкі суд прама тлумачыць: Betreuung у прынцыпе не ўплывае на дзеяздольнасць падапечнага.

Калі патрэбна больш жорсткая мера, суд можа ўвесці так званы Einwilligungsvorbehalt – рэзерв згоды. Гэта азначае, што па пэўных пытаннях чалавек не можа здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні без згоды прызначанага памочніка. Але і тут ёсць абмежаванні: нямецкі Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае, што нават пры рэзерве згоды чалавек не мае патрэбы ў згодзе памочніка для дзеянняў, якія даюць яму толькі прававую выгаду, а таксама, калі суд не ўстанавіў іншае, для нязначных паўсядзённых спраў.

Нямецкая мадэль задае правільнае пытанне: не «як пакараць п’ючага чалавека», а «у якой менавіта сферы ён не спраўляецца і якое мінімальнае ўмяшанне трэба, каб прадухіліць шкоду».

Гэта важны момант. У нармальнай сістэме абмежаванне дзеяздольнасці не павінна быць кляймом. Яно павінна быць кропкавай абаронай – для сям’і, для маёмасці і для самога чалавека.

Асноўны інструмент у краінах ЕС – дарагі алкаголь.

Але ёсць і яшчэ адзін інструмент, якім на ўсю моц карыстаюцца краіны Еўрапейскага Саюза. Усё тое, што наносіць значную шкоду здароўю чалавека, павінна каштаваць так дорага, каб чалавек задумваўся кожны раз, калі купляе бутэльку алкаголю або пачак цыгарэт.

Вядома, у гэтых краінах сярэдняя зарплата ў разы большая, чым па Магілёўскай вобласці, але ўсё роўна пакупнік кожны раз задумваецца, калі бачыць бутэльку ў магазіне па цане зімовай курткі.

Ці прыносіць гэта станоўчы эфект? Цяжка сказаць. Магчыма, зусім не з-за цаны на спіртное, а ў выніку нейкіх паводніцкіх зрухаў, але ў краінах Еўропы ў апошнія гады прыкметна зменшылася колькасць тых, хто ўжывае алкаголь сярод моладзі. Гэта прывяло да таго, што вытворцы спіртнога забілі трывогу – цэлая галіна апынулася пад ударам з-за незапатрабаванасці.

Можа быць, і беларусам трэба вырашаць праблему неяк так – сістэмна, пачынаючы з адукацыі і цэннікаў, і заканчваючы альтэрнатывай хатняму п’янству ў выглядзе добрага адпачынку. А лепш за ўсё было б – стварыць у краіне такую ​​атмасферу, калі рука не цягнецца сама сабой за чаркай з-за дэпрэсіі.

У чым праблема беларускага падыходу

У беларускай гісторыі ёсць рацыянальнае зерне: калі чалавек прапіў усе грошы, сям’я павінна мець інструмент абароны. Абмежаванне дзеяздольнасці можа выратаваць жонку, маці або дзяцей ад галечы.

Але ёсць і небяспечная падмена. Дзяржава паказвае асобныя судовыя рашэнні як клопат пра грамадзян, але пры гэтым не паказвае грамадству свежую карціну самой праблемы:

  • Колькі такіх сем’яў у Магілёўскай вобласці?
  • Колькі людзей абмяжоўваюць у дзеяздольнасці з-за алкаголю?
  • Колькі з іх потым праходзяць лячэнне?
  • Колькі абмежаванняў адмяняецца, бо чалавек сапраўды перастаў злоўжываць?

І нарэшце, што ж усё-такі адбываецца з абласной статыстыкай пасля таго, як Магілёўшчына стала лідарам па спажыванні алкаголю?

Фармальна ўсё прыгожа

Пракуратура звярнулася, суд задаволіў, папячыцель прызначаны. Сям’ю абаранілі.

Але калі рэгіён п’е больш за ўсіх, а свежыя рэгіянальныя лічбы знікаюць з публічнай прасторы, гэта ўжо не клопат. Гэта кіраванне грамадскай думкай праз асобныя паказальныя выпадкі замест адкрытай размовы пра маштаб бяды.

Таму пытанне трэба ставіць жорстка: калі ўлады сапраўды змагаюцца з п’янствам, чаму грамадства не бачыць зводак пра поспехі на гэтым фронце?

Суд можа абмежаваць аднаго алкаголіка ў распараджэнні пенсіяй. Але хто абмяжуе беларускія ўлады ў звычцы хаваць нязручную статыстыку?

Фота з адкрытых крыніц.

Айцішніцу з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе

Тры гады зняволення прысудзіў суд у Мінску ўраджэнцы Бабруйска Вользе Буланавай за нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

43-гадовая жанчына раней працавала аператарам ПЭВМ на Бабруйскай абутковай фабрыцы. Потым змяніла сваю прафесійную дзейнасць, прайшоўшы ў 2018-2019 гадах навучанне ў IT Academy і атрымала прафесію UI/UX-дызайнеркі. Пасля знайшла працу ў IT.

Калі меркаваць па яе сацсетках, да самага свайго затрымання Вольга Буланава жыла ў Вільні. У яе ёсць муж і дзіця. Пры гэтым час ад часу жанчына ездзіла ў Беларусь, дзе яе і арыштавалі ў траўні 2025 года. 

У студзені 2026 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў ёй тры гады калоніі. Мяркуецца, што асуджэнне звязанае са справай “Беларускага Гаюна” – маніторынгавага тэлеграм-каналу, куды простыя грамадзяне паведамлялі аб перасоўванні па Беларусі расійскай вайсковай тэхнікі.

У сакавіку 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Вольгу палітычнай зняволенай.

25 красавіка 2026 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян, якія нібыта маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве судзілі групу тэлефонных махляроў

На тры гады колоніі асуджаны трое віцяблян, якія падманам выманілі ў састарэлага магілёўца больш за 47 тыс. рублёў.

На лаўцы падсудных ў Кастрычніцкім судзе Магілёва апынуліся трое маладых віцяблян. На момант здзяйснення злачынства дваім з іх было па 25 гадоў, а трэцяму – 19. Паводле суда, яны званілі грамадзянам і казалі, что персанальныя даныя тых выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах. Пры гэтым махляры пад прыдуманымі імёнамі і прозвішчамі прадстаўляліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў або іншых дзяржаўных устаноў, і пераконвалі сваіх ахвяр перадаць ім усе грашовыя сродкі для таго, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці.

У студзені бягучага года ахвярай махляроў стаў 65-гадовы магілёвец. Спачатку адзін з махляроў прапанаваў яму бясплатна паставіць лічыльнікі. Пагадзіўшыся на прапанову, мужчына паведаміў яму код з СМС з банка і кодавое слова. Наступны махляр, які пазваніў магілёўцу, паведаміў, што яго даныя нібыта выкарыстаны ў супрацьпраўных мэтах, а каб не быць прыцягнутым да крымінальнай адказнасці трэба перадаць праз кур’ера ўсё грашовыя сродкі – агулам атрымалася 47 тыс. рублёў. Усё так і было зроблена. Пры гэтым самі ўдзельнікі схемы дзейнічалі паводле ўказанняў нейкіх іншых удзельнікаў злачыннай группы, камунікуючы з імі ў мэсэнджары.

На судзе ўсе трое сваю віну прызналі, і былі асуджаны кожны на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у 4,5 тыс. рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве бухгалтар-іграманка прайграла 268 тысяч рублёў прадпрыемства

У суд накіравана справа бухгалтара, якая пералічыла ў сваю кішэню звыш 268 тысяч рублёў прадпрыемства, каб гуляць у азартныя гульні.

Як высветлілі ў пракуратуры, 42-гадовая магіляўчанка са студзеня 2023 года па снежань 2025 года без усялякіх падстаў пералічвала на свой разліковы рахунак сродкі таварыства з абмежаванай адказнасцю, у якім працавала. З выкарыстаннем ключа электроннага лічбавага подпісу яна стварала плацежныя даручэнні, на падставе якіх ажыццяўляла неабгрунтаванае налічэнне сабе заработнай платы, матэрыяльнай дапамогі, адпускных і іншых выплат. 

Усё такім чынам налічанае жанчына траціла на гульні ў анлайн-казіно, бо, як аказалася, цярпела на гульнявую залежнасць.

Пасля таго, як нячыстую на руку бухгалтара злавілі і пачалі следства, яна часткова кампенсавала ўрон арганізацыі, аддаўшы каля 83 тыс. рублёў.

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай у чаканні суда па артыкуле аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйным памеры.

Фотаздымак: pixabay.com

Загадчык кафедры горацкай акадэміі схіляў студэнтаў да хабару алкаголем і прадуктамі

Пяць гадоў калоніі і 22,5 тыс. рублёў штрафу прысудзілі загадчыку кафедры горацкай сельгасакадэміі па абвінавачванні ў хабарніцтве.

Паводле суда, выкладчык арганізоўваў правядзенне выніковай атэстацыі ў ВНУ. Пры гэтым з верасня па кастрычнік 2025 года схіляў студэнтаў, і ў прыватнасці стараст груп, каб тыя прыносілі яму падарункі для старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. За гэта загадчык кафедры абяцаў лёгкую здачу экзамена.

Пры гэтым падчас прамежкавай атэстацыі за здавальняючыя ацэнкі выкладчык браў хабар спіртнымі напоямі і прадуктамі харчавання.

У ходзе судовага працэса загадчык кафедры сваёй віны не прызнаў. 

Суд пакараў яго пяццю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 22,5 тыс. рублёў. Акрамя таго, ён цягам пяці гадоў не будзе мець права займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Бабруйску прадаецца магазін, якому не дазволілі гандляваць алкаголем уначы

Уладальнікі магазіна “Нарасхват” вырашылі пазбавіцца ад магазіна ў Бабруйску, супраць начнога гандлю алкаголем у якім выступілі мясцовыя жыхары.

Абвестка аб продажы магазіна на вуліцы Бахарава 317 з’явілася на электроннай гандлёвай пляцоўцы “ІПМ-таргі”. За будынак плошчай 622,5 м2 просяць 599 тыс. рублёў. Першы аўкцыён па ім прайшоў акурат сёння, 17 красавіка 2026 года, але пераможца ў таргах не вызначыўся. Магчыма, цана будзе зніжана альбо ўладальнік магазіна – магілёўскае ТДА “Тібер” – зможа знайсці арандатара на ўсю яго плошчу.

Гісторыя магазіна адметна тым, што, адкрыўшы яго ў 2020 годзе, праз чатыры гады “Тібер” спрабаваў перавесці гандлёвую кропку ў фармат “24/7” з кругласутачным продажам алкагольных вырабаў. Аднак мясцовыя жыхары былі катэгарычна супраць такіх планаў. Справа нават дайшла да Эканамічнага суда, які стаў на антыалкагольную пазіцыю жыхароў. Апеляцыя ад “Тібера” ў Вярхоўным судзе таксама была разгледжана на карысць яго апанентаў.

Праработаўшы да пачатку бягучага года, магазін “Нарасхват” на вуліцы Бахарава ў Бабруйску закрыўся. “Тібер” мае яшчэ адзін магазін у раённым цэнтры каля чыгуначнага вакзала. 

Фотаздымак: ipmtorgi.by

Шматдзетная бабруйчанка асуджана на восем гадоў калоніі за наркотыкі

У Бабруйску асуджана маці чатырох малых дзяцей, якая ўдзельнічала ў распаўсюдзе псіхатропаў праз інтэрнэт.

У снежні мінулага года жанчына адгукнулася на прапанову аб заробку ў адным з мэсенджараў. Пасля перадачы сваіх пашпартных даных і праходжання інструктажу па канспірацыі яна далучылася да групы, якая займалася распаўсюдам псіхатропаў праз інтэрнэт-краму.

Згодна з адведзенай роляй, шматдзетная маці павінна была забіраць партыі наркотыкаў з тайнікоў, фасаваць іх і раскладваць у новых месцах для наступнага збыту.

На судзе жанчына цалкам прызнала віну. Яна паведаміла, што першая спроба атрымаць псіхатропы не ўдалася – тайнік аказаўся пустым. Аднак пры другой спробе забраць рэчыва (мефедрон) яе затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Суд улічыў шэраг змякчальных абставінаў, у тым ліку шчырае раскаянне і наяўнасць на ўтрыманні чатырох малалетніх дзяцей. Разам з тым абцяжваючай акалічнасцю прызнана здзяйсненне злачынства з карыслівых матываў.

У выніку жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон, які выкарыстоўваўся пры здзяйсненні злачынства.

Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскія выпускнікі аплацяць навучанне праз суд

У Магілёўскай вобласці з выпускнікоў, якія не адпрацавалі па размеркаванні, спагоняць больш за 250 тысяч рублёў.

Пракуроры Магілёўскай вобласці падалі ў суды іскі да 20 выпускнікоў ВНУ і ССНУ, якія не адпрацавалі належны тэрмін па размеркаванні. З іх спагоняць больш за 250 тысяч рублёў – менавіта столькі дзяржава выдаткавала на іх навучанне.

Прычыны розныя:

  • хтосьці не з’явіўся на месца працы ўвогуле;
  • хтосьці прыступіў, але быў звольнены за прагулы.

Добраахвотна вяртаць грошы маладыя людзі, як правіла, адмаўляюцца. Таму справа дайшла да суда.

Тут варта нагадаць: бясплатнай адукацыі ў Беларусі не існуе. Яна або платная наўпрост, калі студэнт сам уносіць грошы, або платная ўскосна – калі плаціць бюджэт, гэта значыць падаткаплацельшчыкі, а ўзамен патрабуецца адпрацоўка. 

Гэта не стыпендыя і не падарунак. Гэта крэдыт, умовай вяртання якога з’яўляецца праца па размеркаванні.

Закон у гэтым выпадку працуе паслядоўна: атрымаў адукацыю за чужы кошт – адпрацуй. Не адпрацаваў – вярні. Шэсць месяцаў на добраахвотнае пакрыццё. Далей – устаць, суд ідзе.

Такім чынам, адна з галоўных сацыяльных фішак, пра якія трубяць беларускія прапагандысты, не працуе. Навучанне ў нас платнае.

Фота ілюстрацыйнага характару.