Былога гендырэктара “Белшыны” асудзілі на 14 гадоў, але ён, відаць, не сядзіць

Дзевяць службовых асоб, сярод якіх былы гендырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў, асуджаны за шэраг карупцыйных злачынстваў у шыннай галіне. 

Як высветлілася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, з 2017 года па ліпень 2024 года ўдзельнікі карупцыйнай схемы сістэматычна атрымлівалі хабар за бесперабойную адгрузку шыннай прадукцыі прадпрыемства ў адрас партнёра ў Маскве для наступнага продажу канчатковым спажыўцам у Расіі. Агульная сума хабару, атрыманая ўсімі ўдзельнікамі арганізаванай групы, склала больш за 17 млн рублёў.

Акрамя таго, былому гендырэктару інкрымінавана перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды прадпрыемству.

Так, з 2020 года па 2023 год ён заключыў з расійскай кампаніяй дыстрыбутарскае пагадненне на пастаўку звышбуйнагабарытных шын, якія прадаваліся ніжэй за сабекошт. У сваю чаргу контрагент як пасярэднік рэалізоўваў шыны беларускай вытворчасці канчатковым спажыўцам з высокай гандлёвай надбаўкай. Сваімі дзеяннямі Бунакоў прычыніў шкоду прадпрыемству на суму больш за 9 млн рублёў.

Былы гендырэктар “Белшыны”, а таксама гендырэктар тавараправоднай сеткі, які прызнаны кіраўніком гэтай арганізаванай злачыннай групы, атрымалі па 14 гадоў зняволення са штрафам у памеры 5 000 базавых велічынь (225 тыс.рублёў) з пазбаўленнем права займаць кіраўнічыя пасады на тэрмін пяць гадоў кожнаму.

Іншыя службовыя асобы – удзельнікі злачыннай групы – атрымалі ад трох да васьмі гадоў зняволення са штрафам у памеры ад 1000 да 5000 базавых велічынь (ад 45 тыс. да 225 тыс. рублёў) і забаронай на заняццё кіраўнічых пасад на пяць гадоў.  

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў дзяржаўнага абвінаваўцы – з былога генеральнага дырэктара шыннай фабрыкі на карысць прадпрыемства спагнана кампенсацыя школы на суму больш за 11 млн рублёў.

Прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны.

Андрэй Бунакоў стаў гендырэктарам “Белшыны” ў 2020 годзе. Ён быў затрыманы напачатку 2023 года. Але ўжо ў красавіку 2024 года Андрэя Бунакова заўважылі ў Расіі. Экс-гендырэктар “Белшыны” на пасадзе гендырэктара кампаніі «Марскі тэрмінал „Вароты Арктыкі“» падпісаў з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам пагадненне аб пачатку будаўніцтва вялікага тэрмінала для перавалкі грузаў.

Такім чынам, магчыма, што суд над Бунаковым быў завочным. Ускосна аб гэтым сведчыць тое, што ў паведамленні пракуратуры не ўказаны рэжым калоніі.

Фотаздымак: 4tochki.ru

Страляніны ў Крычаве не адбылася, затое адбыўся суд

Пенсіянер з Крычаўскага раёна знайшоў ружжо, захоўваў яго 20 гадоў, а потым вырашыў пастраляць і зарабіў два гады пазбаўлення волі.

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 2005 годзе. Жыхар Крычаўскага раёна падчас уборкі ў сябе дома натрапіў на ружжо і патроны.

Знаходку ён не здаў у міліцыю, хаця выдатна разумеў, што абавязаны гэта зрабіць. Замест гэтага пакінуў зброю – нібыта для таго, каб адпужваць ваўкоў.

Доўгі час ружжо ляжала без справы. Але летам мінулага года мужчына вырашыў ім скарыстацца. Прыняўшы на грудзі, ён прапанаваў сябру павесяліцца і пастраляць.

Да стральбы справа не дайшла, затое дайшла да суда.

Сяброў затрымалі супрацоўнікі дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Экспертыза паказала, што зброя была цалкам сур’ёзнай: спартыўна-паляўнічая вінтоўка з наразным ствалом і патроны да яе.

Пасяджэнне суда правялі ў будынку сельсавета ў прысутнасці аднавяскоўцаў правапарушальніка.

У выніку пенсіянеру прызначылі два гады пазбаўлення волі. Праўда, з адтэрміноўкай выканання прысуду на такі ж тэрмін.

Фота раённай газеты.

Магілёвец, які скінуў сужыцельку з балкона, атрымаў вялізны тэрмін

Магілёўскі аблсуд прызначыў 15 гадоў і шэсць месяцаў калоніі магілёўцу, які вар’яцкім чынам здзекваўся са сваёй сужыцелькі.

Гісторыя адбылася ў жніўні 2025 года ў шматпавярховым доме па вуліцы Бярозаўскай абласнога цэнтра. У той дзень 45-гадовы мужчына запрасіў маці сваёй сужыцелькі ў кватэру, дзе ён нібыта зрабіў рамонт. Яны распівалі спіртное, і ён прасіў дапамагчы памірыцца з 30-гадовай дачкой. У сваю чаргу сужыцельцы не падабалася, што ён злоўжывае алкаголем. Разам яны жылі ў яе кватэры, пазнаёміўшыся ў лютым гэтага года. Як бачна, нікога нікому памірыць не ўдалося, і сварка хутка перарасла ў працяглы і жорсткі гвалт.

Мужчына збіваў жанчыну, душыў, цягаў па кватэры за валасы, не даваў дыхаць. У нейкі момант ён выкінуў яе з балкона другога паверха.

Калі на дапамогу прыйшла маці пацярпелай, агрэсар не спыніўся і ўжыў сілу супраць яе. А калі зразумеў, што яго выкінутая з балкона сужыцелька пасля падзення выжыла, паспрабаваў давесці пачатае да канца: выбег на вуліцу, зацягнуў яе назад у кватэру і зноў пачаў збіваць, спрабуючы яшчэ раз скінуць з балкона.

Спыніць гэта ўдалося толькі дзякуючы суседзям, якія ўмяшаліся і фактычна выратавалі жанчыне жыццё.

У выніку пацярпелая атрымала цяжкія траўмы, небяспечныя для жыцця. Яе маці таксама была збіта.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і, акрамя вялікага тэрміну, прызначыў яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым 21 тысячу рублёў кампенсацыі.

Прысуд пакуль можна абскардзіць.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Суд у Горках прызнаў “экстрэмісцкім” Instagram сусветнай праваабарончай арганізацыі

Старонка сусветнай арганізацыі “FIDH – International Federation for Human Rights” ў Instagram у Горацкім райсудзе аб’яўлена экстрэмісцкай.

Прызнанне “экстрэмісцкімі матэрыяламі” сацсеткі FIDH адбылося 31 сакавіка 2026 года. На Instagram праваабарончай арагнізацыі падпісаныя больш за 12,5 тысяч чалавек.

“Міжнародная федэрацыя за правы чалавека” (FIDH) была заснаваная ў 1922 годзе. Яе лозунгі – “Усе правы чалавека – усім”, “Ведаць, каб дзейнічаць”. Віцэ-прэзідэнтам FIDH з’яўляецца Нобелеўскі лаўрэат, беларускі праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Клімавіцкі райсуд не даў унучцы падмануць бабку

Састарэлая жыхарка Клімавіцкага раёна падаравала сваёй унучцы кватэру, спадзяючыся на догляд за сабой, аднак рэчаіснасць аказалася іншай.

У Клімавіцкім раённым судзе разгледзелі грамадзянскую справу па іску 76-гадовай мясцовай жыхаркі, якая паспрабавала вярнуць кватэру, перададзеную ўнучцы па дамове дарэння.

У студзені 2023 года жанчына аформіла дарчую на кватэру на карысць унучкі. Дакумент быў завераны натарыяльна. Аднак, паводле пазоўніцы, за гэтым рашэннем стаяла вусная дамоўленасць: унучка павінна была даглядаць яе і дапамагаць да канца жыцця.

Менавіта на гэтыя ўмовы і разлічвала пенсіянерка, калі перапісвала жыллё на сваячку. Але ўжо праз кароткі час пасля заключэння дамовы сітуацыя змянілася. Паводле матэрыялаў справы, унучка спыніла зносіны і перастала аказваць хоць якую-небудзь дапамогу. Больш за тое, яна заявіла пра сваё права распараджацца кватэрай, у тым ліку не выключала магчымасці выселення бабкі.

У выніку жанчына звярнулася ў суд. Яна настойвала, што дамова дарэння фактычна была фіктыўнай.

Суд прыйшоў да высновы, што гаворка сапраўды ідзе пра так званую прытворную здзелку. Паводле грамадзянскага заканадаўства, такія дамовы лічацца нікчэмнымі.

Рашэннем Клімавіцкага раённага суда дамова дарэння кватэры была прызнана несапраўднай. Такім чынам, суд стаў на бок пенсіянеркі. Рашэнне ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйчаніна асудзілі па чатырох палітычных артыкулах

Два погляды на адну справу: мужчыну з Бабруйска асудзілі па чатырох палітычных артыкулах, якіх у краіне нібыта няма.

Паводле версіі праўладнага тэлеканала СТБ, бабруйчанін Кірыл Сарокін толькі тым і займаўся, што паклёпнічаў на Лукашэнку і ўсяляк садзейнічаў экстрэмізму. Але паколькі беларускі рэжым сам не раз і не два быў выкрыты ў злачынствах, трактоўка СТБ выглядае малапераканаўча. Разгледзім дзве версіі таго, што адбылося.

Дзяржаўны пункт гледжання

Вось як выглядае погляд на падзеі кішэнных прапагандыстаў Лукашэнкі. Віцебскі абласны суд вынес прысуд 46-гадоваму жыхару Бабруйска, які на працягу года здзяйсняў супрацьпраўныя дзеянні ў інтэрнэце. Следствам зафіксавана 54 эпізоды злачыннай дзейнасці, пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаны 39 чалавек, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы.

Абвінавачаны мэтанакіравана хаваў сваю асобу, выкарыстоўваючы некалькі мабільных прылад і SIM-карты замежных аператараў.

Дзякуючы прафесійнай рабоце праваахоўных органаў мужчына быў устаноўлены і затрыманы.

Суд прызнаў яго вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза і паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічанне экстрэмізму. Меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай папярэднічала карпатлівая аператыўная работа. Прысуд накіраваны на абарону дзяржаўных інстытутаў і грамадскага парадку.

А калі без аглядкі на “слабавікоў” і іх таючага на ін’екцыях Zepbound апекуна?

Кірыл Сарокін звычайны жыхар Бабруйска. Тэхнік, бацька дваіх дзяцей і паэт. У 1995 годзе ён скончыў школу, атрымаў спецыяльнасць тэхніка, стварыў сям’ю, выхоўваў дачку і сына. У вольны час пісаў вершы і прозу, вёў асабісты блог, публікаваўся на літаратурных платформах.

Цяпер яму прад’яўлена абвінавачанне адразу па чатырох палітычных артыкулах. Фактычна гаворка ідзе пра публікацыі і выказванні ў сетцы: крытыка ў адрас Лукашэнкі кваліфікавана як «абраза» і «паклёп», каментары пра краіну як «дыскрэдытацыя Беларусі», а рэпосты або спасылкі як «садзейнічанне экстрэмізму».

Праваабаронцы фіксуюць падобныя справы як палітычна матываваныя пераследы грамадзян за рэалізацыю права на свабоду слова. Выкарыстанне чалавекам ананімных сродкаў сувязі ўлады трактуюць як абцяжваючую акалічнасць, хоць ананімнасць у сетцы з’яўляецца агульнапрызнанай нормай лічбавых правоў.

І якая, пытаецца, трактоўка гэтага выпадку лепш за ўсё адлюстроўвае ісціну? Двух меркаванняў тут быць не можа.

Цемрашальства, якое чыніцца ў Беларусі Лукашэнкам і яго падзельнікамі, з’яўляецца нормай толькі для іх саміх. Для любога цывілізаванага чалавека гэта злачынства.

Фота з адкрытых крыніц.

У Магілёве таджыкскім студэнтам пагражалі смяротным пакараннем

У Беларускім дзяржуніверсітэце харчовых і хімічных тэхналогій студэнтаў з Таджыкістана засцерагалі ад экстрэмізму і тэрарызму, палохаючы вышэйшай мерай.

Мерапрыемства з вельмі дзіўнай назвай “Экстрэмізм – грані разумнасці” правяла выхавацель універсітэцкага інтэрната №2 Галіна Стальмахова. Мэтай так званага круглага стала была прафілактыка экстрэмізма і міжнацыянальных канфліктаў. 

Замежнікам з Таджыкістана спачатку нагадалі пра падзеі ў паўднёваасецінскім Беслане ў 2004 годзе, дзе загінулі 334 чалавекі, сярод якіх 186 дзяцей. А потым паведамілі, што ў Беларусі асоба, прызнаная вінаватым у здзяйсненні акту тэрарызму, у залежнасці ад абставін злачынства і цяжкасці наступстваў, караецца альбо пазбаўленнем волі, пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем.

Праўдападобна, што жаданнем правесці такое прафілактычнае мерапрыемства менавіта з таджыкамі ў магілёўскім універсітэце натхніліся пасля нядаўняга прысуда ў Расіі па справе аб тэракце ў “Крокус сіці холе”. У Маскве 12 сакавіка 2026 года закончыўся суд над 19 абвінавачаннымі ў датычнасці да злачынства. Большасць з іх – грамадзяне Таджыкістана.

Фотаздымак: bgut.by

Па 25 гадоў зняволення атрымалі ў Магілёве два серыйныя забойцы

За забойства і спробы забойстваў, здзейсненых больш за 20 гадоў таму, двум жыхарам Бабруйска прысудзілі паўстагоддзя зняволення на дваіх.

На лаўцы падсудных у Магілёўскім абласным судзе апынуліся двое бабруйчан 48 і 58 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў серыі асабліва цяжкіх злачынстваў, учыненых яшчэ ў 2004-2005 гадах. 

Паводле матэрыялаў справы, у снежні 2004 года адзін з абвінавачаных разам з саўдзельнікам спланаваў напад на былога супрацоўніка органаў унутраных спраў. Некаторы час яны сачылі за ахвярай, прадумвалі шляхі адступлення, пасля чаго ўначы напалі на яго ў пад’ездзе і зрабілі не менш за шэсць стрэлаў з агнястрэльнай зброі. Аднак, дзякуючы актыўнаму супраціву пацярпелага, які пагражаў выкарыстаць уласную зброю, нападнікам не ўдалося давесці злачынны намер да канца.

У сярэдзіне лютага 2005 года абодва абвінавачаныя здзейснілі забойства ў Мінску. Пад выглядам здзелкі па продажы лому каляровых металаў яны сустрэліся з мужчынам, які займаўся яго закупкай. Падчас сустрэчы адзін з нападнікаў некалькі разоў стрэліў у пацярпелага з пісталета з глушыцелем, другі нанёс яму нажавыя раненні. Пасля гэтага злачынцы завалодалі грашыма і маёмасцю прадпрымальніка.

Праз дзесяць дзён у Бабруйску яны напалі на мужчыну, які займаўся абменам валют. Нападнікі спрабавалі застрэліць яго з рэвальвера з глушыцелем. Нягледзячы на цяжкія раненні, пацярпелы аказаў супраціў, а выпадковыя мінакі дапамаглі яму і паспрабавалі затрымаць злачынцаў.

На працягу многіх гадоў гэтыя злачынствы заставаліся нераскрытымі, хаця падазраваныя неаднаразова траплялі ў поле зроку праваахоўнікаў. Сітуацыя змянілася ў 2025 годзе, калі адзін з абвінавачаных, які ўжо адбываў пакаранне за падвойнае забойства, добраахвотна прызнаўся ў здзейсненых раней злачынствах і падрабязна распавёў пра сваю ролю.

Другі фігурант справы віны не прызнаў і ў судзе працягваў адмаўляць сваю датычнасць.

Суд прызнаў абодвух вінаватымі і прызначыў кожнаму па 25 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі строгага рэжыму. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак: 6ТВ Магілёў

Жыхара Чавус будуць судзіць за паклёп на бездакорнага Лукашэнку

Жыхара Чавус судзяць за відэа – на фоне санкцый і міжнароднага расследавання супраць героя гэтага відэа.

У Чавусах 45-гадовага мясцовага жыхара будуць судзіць за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі. Паводле версіі пракуратуры, ён размясціў у «ВКонтакте» відэаролік, у якім утрымліваліся абвінавачанні ў яго адрас. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд (дарэчы ў той самы, які нядаўна хлусіў пра экстрэмізм у гербе «Пагоня»), мужчына пакінуты пад вартай. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра прысуд на дадзены момант не паведамляецца.

І вось тут узнікае пытанне, якое ў самой Беларусі фактычна забаронена: а чаму сумненню падлягае толькі чалавек, які апублікаваў відэа – але не той, пра каго ў гэтым відэа ідзе гаворка?

Таму што ў рэальнасці Лукашэнка – не проста «абаронены законам прэзідэнт». Ён і яго атачэнне знаходзяцца пад санкцыямі за сістэматычныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека. І гэта – афіцыйныя рашэнні, а не ацэнкі з сацыяльных сетак.

Больш за тое, сітуацыя па Беларусі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд. Гаворка ідзе пра расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці – уключаючы палітычны пераслед. То бок абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў ужо разглядаюцца на міжнародным узроўні.

На гэтым фоне крымінальная справа супраць жыхара Чавус выглядае не як абарона гонару і годнасці, а як інструмент. У Беларусі чалавека судзяць за «паклёп» на Лукашэнку – у сістэме, дзе ён сам фарміруе судовую вертыкаль праз прызначэнне суддзяў.

У выніку маем цікавую канструкцыю:

  • адзін чалавек сядзіць у СІЗА за відэа ў інтэрнэце;
  • другі, знаходзячыся пад санкцыямі і ў полі міжнароднага расследавання, вызначае, хто будзе яго судзіць.

У такой сістэме пытанне «А Лукашэнка нічога не здзяйсняў?» – гэта ўжо не меркаванне. Гэта падстава для крымінальнай справы. Дагадайцеся з трох разоў: хто насамрэч павінен сядзець на лаве падсудных?

Фота БелТА.

Маці асуджанага ў Магілёве расійскага наёмніка просіць памілаваць яго

Грамадзянка Беларусі Ала Рысевец запісала відэа з просьбай да Лукашэнкі аб памілаванні яе сына, якога Магілёўскі аблсуд асудзіў за “здраду дзяржаве”.

Жанчына апублікавала ў ТікТок відэазварот з просьбай даць яе сыну Максіму Зязюльчыку магчымасць падаць хадайніцтва аб памілаванні. Паводле яе, цяпер зрабіць гэта практычна немагчыма. Яна сцвярджае, што ў калоніі Зязюльчыка наўмысна прызналі «злосным парушальнікам рэжыму», пазбавілі часткі прадугледжаных умоў утрымання, а за спробы накіраваць зварот на імя Лукашэнкі яго змяшчалі ў штрафны ізалятар. Жанчына выказвае асцярогу, што і сам відэазварот можа негатыўна паўплываць на ўмовы ўтрымання яе сына.

Упершыню публічна агучваючы прысуд, Рысевец паведаміла, што Максіма Зязюльчыка асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі – «здрада дзяржаве». Яна таксама адзначыла, што яе сын ваяваў на баку Расіі, быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і прадстаўлены да ордэна Мужнасці. Пры гэтым, паводле праваабаронцаў, Зязюльчыка судзілі на тым жа працэсе ў Магілёве яшчэ і за наёмніцтва.

Паводле сцвярджэнняў маці, у палоне ва Украіне Зязюльчык правёў каля паўтара года. Яна кажа, што там ён падвяргаўся катаванням, збіццю, галадоўцы і не атрымліваў належнай медыцынскай дапамогі. Пры гэтым, як сцвярджае Рысевец, у Беларусі яму ў той час не аказалі падтрымкі.

Максім Зязюльчык – грамадзянін Беларусі і расійскі наёмнік, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». У 2022 годзе ён трапіў у палон, а пасля абмену ў лютым 2024-га быў перададзены Расіі. Пазней, восенню таго ж года, яго затрымалі пры перасячэнні расійска-беларускай мяжы. Суд над ім адбыўся 8 жніўня 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Паводле Правабарончага цэнтру “Вясна”, Зязюльчык зараз адбывае пакаранне ў калоніі №17 у Шклове. 

У лютым 2023 года СБУ паведаміла, што Зязюльчык з’яўляецца супрацоўнікам КДБ, які збіраў разведвальную інфармацыю для Мінска і спрабаваў высветліць магчымыя планы расіян па адхіленні Лукашэнкі ад улады. У тым жа годзе ён распавёў пра сваю працу на КДБ Беларусі ў інтэрв’ю блогеру Уладзіміру Золкіну і Максіму Шабуцкаму.

Зязюльчык быў узяты ў палон украінскімі абаронцамі 19 верасня 2022 года. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева ў студзені 2023 года прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі за наёмніцтва (ч. 4 арт. 447 КК Украіны).

Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”