На Магілёўшчыне значна патаннела бульба

У Магілёўскай вобласці бульба патанела на 22% з пачатку 2025 года. 

Магілёўскі паказчык абніжэння цаны на бульбу самы вялікі ва ўсёй Беларусі, дзе ў сярэднім гэты карняплод патанеў на 0,47%, вынікае з даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія прыводзіць выданне “Позірк”.

У іншых рэгіёнах сітуацыя крыху іншая. За 11 месцаў 2025 года бульба таксама стала каштаваць таней у Гомельскай вобласці на 9,68% і ў Гарадзенскай – на 1,99%. У той жа час у Берасцейскай цана на яе павялічылася на 2,24%, Мінскай – на 2,79%, Віцебскай – на 4,59%, у Мінску – на 15,80%.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўшчына наперадзе па росце цэн на нехарчовыя тавары

У Магілёўскай вобласці за 11 месяцаў 2025 года рост цэн на нехарчовыя тавары быў самы большы ў краіне.

Нехарчовыя тавары на Магілёўшчыне сталі даражэйшымі на 4,09% пры сярэднім паказчыку па Беларусі 2,79%. У сваю чаргу, Гарадзенская вобласць апынулася наперадзе ўсёй краіны па росце за 11 месяцаў 2025 года цэн на прадукты харчавання, а Мінская – па росце цэн на паслугі. Пра гэта сведчыць праведзены выданнем “Позірк“ аналіз звестак Белстата аб дынаміцы цэн у рэгіёнах і сталіцы.

Цэны на харчовыя тавары (у гэтую групу ўключаюцца таксама безалкагольныя і алкагольныя напоі, а таксама тытунёвыя вырабы) у Гарадзенскай вобласці павялічыліся на 9,40% пры іх росце ў сярэднім па краіне на 8,54%.

Менш за ўсё прадукты харчавання падаражэлі ў Мінску – на 8,35% і Магілёўскай вобласці – на 8,53%.

Фотаздымак: dosug.md

За значны ўнёсак. Клімавіцкую чыноўніцу ўзнагародзілі медалём

Начальніка аддзела статыстыкі Клімавіцкага раёна ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».

Працоўныя заслугі начальніка аддзела статыстыкі Клімавіцкага раёна Рыты Дасюлі па заслугах ацаніў галоўны працаўнік Беларусі. Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні чыноўніцы, а медаль клімаўчанцы ўручыў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Сярод мноства заслуг Дасюлі – дакладнасць інфармацыі па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчымі і іншымі арганізацыямі Клімавіччыны.

Нагода для заахвочвання, без слоў, важкая: Рыта Дасюля шмат гадоў працавала на розных пасадах, шчыра выконвала свае службовыя абавязкі і атрымлівала за гэта зарплату.

Адкрытым застаецца адно і тое ж пытанне: чаму ўсе, больш-менш значныя ўзнагароды ў Беларусі раздаюцца толькі чыноўнікам, а даяркам і механізатарам даводзіцца задавальняцца падачкамі ў выглядзе пахвальных артыкулаў у раённай прэсе?

Статыстыка – статыстыкай, але ж ці дыхаюць “пралетарыі разумовай працы” пылам на палях і стаяць па калена ў гразі на фермах?

Бо, калі па шчырасці, без гэтых людзей і статыстыкі ніякай бы не было.

Фота раённай газеты.

З ягадамі ў Магілёўскай вобласці ўсё ў парадку, а ў астатнім заняпад

Статыстыка паказвае: заняпад Магілёўшчыны ўжо не схаваць за лозунгамі.

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці статупраўленне Магілёўскай вобласці апублікавала цікавыя лічбы.

Сярэдні ўзрост работнікаў сельскагаспадарчай галіны Магілёўшчыны – 45,8 года.

У 2024 годзе сярод работнікаў галіны Магілёўскай вобласці 64,5 працэнта складалі мужчыны.

Узровень адукацыі аграрыяў выглядае так:

  • вышэйшую адукацыю маюць 13,4 працэнта работнікаў;
  • сярэднюю спецыяльную – 13,2 працэнта;
  • прафесійна-тэхнічную – 44,1 працэнта.

Вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі займаюцца:

  • сельгасарганізацыі – 78,9 працэнта;
  • асабістыя падсобныя гаспадаркі насельніцтва – 17,8 працэнта;
  • фермерскія гаспадаркі – 3,3 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сельскай гаспадаркі ў студзені-верасні 2025 года склала 1919,7 рубля, а ў работнікаў харчовай прамысловасці – 2400 рублёў.

Аб’ём вытворчасці асноўных відаў прадуктаў харчавання на душу насельніцтва склаў:

  • збожжа – 1001 кілаграм;
  • малака – 762 кілаграмы;
  • бульбы – 419 кілаграмаў;
  • яек – 375 штук;
  • гародніны – 235 кілаграмаў;
  • жывёлы і птушкі – 157 кілаграмаў;
  • пладоў і ягад – 55 кілаграмаў.

Прасцей кажучы, моладзь у вёску не ідзе, узровень адукацыі работнікаў сельскай гаспадаркі, нягледзячы на іх масіраваную падрыхтоўку, застаецца даволі нізкім, фермераў у Магілёўскай вобласці амаль што вынішчылі. Зарплата ў перапрацоўшчыкаў значна вышэйшая, чым у вытворцаў.

Затое на Магілёўшчыне ўсё яшчэ водзяцца ляшчы, ягады, грыбы. Што і трэба было даказаць.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Па сярэднім заробку Магілёўская вобласць ужо не самая адсталая

Па сярэдняй налічанай намінальнай зарплаце Магілёўская вобласць абагнала Віцебскую і па выніках чэрвеня 2025 года заняла перадапошняе месца ў краіне. Сярэдні заробак па Беларусі за чэрвень склаў 2 717 рублёў. На Магілёўшчыне ён – 2 301 рубель, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта амаль на 10 рублёў больш, чым у Віцебскай вобласці, якая цяпер пераймае ў Магілёўшчыны званне самай адсталай. Вышэй за Магілёўскую вобласць размясцілася Берасцейская з 2 390 рублямі сярэдняга заробку ў чэрвені.

средняя зарплата
Графіка: Нацыянальны статыстычны камітэт

Роўна год назад – пісалі mogilev.media – па выніках за чэрвень месяц Віцебшчына з 2 008 рублямі была вышэй за Магілёўшчыну, сярэдняя зарплата ў якой складала 1 981 рубель.

Фота: LookByMedia

Магілёўскі раён выйшаў на першае месца ў беларускім злачынным антырэйтынгу

Магілёўскі раён у 2024 годзе стаў самым крымінальным у Беларусі. Акрамя таго, большасць самых злачынных раёнаў таксама на Магілёўшчыне.

Топ злачынных месцаў у Беларусі ўзначальвае прыгарад Магілёва – тут здзяйсняецца 1 347 злачынстваў на 100 тысяч жыхароў. Пры гэтым у самім Магілёве паказчык умераны – 833. Пра гэта піша, спасылаючыся на звесткі Белстата выданне “Беларусы і рынак”.

Магілёўскі раён стаў лідарам у злачынным антырэйтынгу ўпершыню за апошнія гады, хоць заўсёды знаходзіўся ў топ-10. А раней першыя месцы займала глыбінка – у 2023 годзе, напрыклад, Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.

У сваю чаргу, Бабруйскі раён на працягу пяці гадоў нязменна знаходзіўся ў топ-10 па злачыннасці. У яго злачыннасць ніколі не апускалася ніжэй за 1,1 тыс.выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. А ў самы праблемны год – 2021 – яна дасягала 1,7 тыс. выпадкаў.

Хоць большасць найбольш крымінальных месцаў знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, сярэдняе значэнне злачыннасці вышэй на Гомельшчыне. Там адбылося 873 злачынствы на 100 тыс. жыхароў, тады як на Магілёўшчыне – толькі 840, прыводзіць агульнадаступныя дадзеныя Белстат.

Сярод буйных гарадоў самым небяспечным традыцыйна з’яўляецца сталіца – 885 зладзействаў на 100 тыс. мінчукоў.

Усяго ж у 2024 годзе па Беларусі ў сярэднім здзяйснялася 800 злачынстваў на кожныя 100 тыс. насельніцтва.

Фота: evroflag.by

Бабруйск у святле афіцыйнай статыстыкі. Колькасць работнікаў і зарплата зніжаюцца, праца прадпрыемстваў з прыбыткам

Нацыянальны статыстычны камітэт падсумаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Журналісты «Вечернего Бобруйска» сабралі афіцыйныя звесткі пра сітуацыю ў сваім горадзе і вось, што выйшла.

ЗАНЯТАСЦЬ

Колькасць занятых у эканоміцы гораду ў параўнанні з 5 месяцамі 2021 году скарацілася з 85 033 да 83 696 чалавек. Мінус 1 337 чалавек. Узровень беспрацоўя «трымаецца» на – 0,4%.

ЗАРОБАК

Намінальны заробак вырас з 1074,8 да 1219,1 рублі. Плюс 144,3 рублёў. Рэальная зарплата знізілася на 7,2 працэнта.

ПРАЦА ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Праца прадпрыемстваў за пяць месяцаў 2022 году прынесла прыбытак 7485 тыс. руб. Летась гэты паказчык быў адмоўным і складаў 24479 тыс. руб.

Знізілася ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў і арганізацый гораду: з 22,5 працэнта да 12,4 працэнта, рэнтабельнасць продажаў вырасла з 4,1 працэнта да 6,9 працэнта.

ЖЫЛЛЁ

За паўгода ўведзена жытла – 23 558 кв. м. агульнай плошчы, што больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года на 8258 кв.м. Летась гэты паказчык быў – 15 300 кв.м.

ГАНДАЛЬ

Рознічны тавараабарот знізіўся на 3,1 працэнт, з 104,1 да 101 працэнты.

Фота з рэсурсу: zviazda.by