Электрык у Магілёве краў будаўнічыя матэрыялы са склада свайго прадпрыемства

З будоўлі – ў ламбард. Электрык магілёўскага прадпрыемства краў і здаваў у ламбард будаўнічыя матэрыялы са склада.

Супрацоўнікі БЭП Ленінскага РУУС Магілёва затрымалі 46-гадовага магілёўчаніна. Ён працаваў электрыкам на адным прадпрыемстве і патроху выносіў са склада дарагія будаўнічыя матэрыялы. Іх ён здаваў у ламбард.

Кошт украдзенага – 1000 рублёў. Супраць былога ўжо электрыка ўзбуджана крымінальная справа.

Назва пацярпелага прадпрыемства не ўдакладняецца, аднак і без гэтага зразумела – з аховай там відавочна не ўсё ў парадку.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Знаёмімся з магіляўчанкай Інэсай Караткевіч: з Арменіі ў Белкаапсаюз

Выпускніца МТІ, інжынер-тэхнолаг, Інэса Караткевіч адразу пайшла ў гандаль і стала чыноўніцай аблвыканкама.

Старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч часта мільгае на экранах тэлевізараў, дзе распавядае пра тое, што яе прадпрыемства не ў стане змагацца з новымі веяннямі, але заўсёды гатова абслугоўваць вёску, у якой новымі веяннямі таксама не пахла.

Лукашэнка пастаянна крытыкуе Белкаапсаюз і з такой жа пастаяннасцю яго падтрымлівае – ўспаміны пра сельмаг у вёсцы Александрыя яго ніяк не адпускаюць.

Хто ж такая Інэса Караткевіч, якая ў свае 48 год стала членам урада і кіраўніком лядашчай, але пакуль яшчэ ўплывовай структуры пад назвай Белкаапсаюз?

Інэса Леанідаўна – ўраджэнка Магілёва. У 2000 годзе яна скончыла Магілёўскі тэхналагічны інстытут і атрымала спецыяльнасць інжынер-тэхнолаг. 

Якая менавіта спецыялізацыя ў Караткевіч – у афіцыйнай біяграфіі не ўдакладняецца. А між тым, у тыя гады самай прэстыжнай прафесіяй лічыўся інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання, але інжынерамі-тэхнолагамі былі таксама спецыялісты па кансервах, хлебе і збожжы. Аднак, конкурс менвіта на факультэт грамадскага харчавання быў самым высокім.

У 2007 годзе Інэса Караткевіч скончыла інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання” па спецыяльнасці эканаміст-таваравед. Гэта – той жа тэхналагічны інстытут, перайменаваны ва ўніверсітэт у 2002 годзе.

А вось працоўную дзейнасць Інеса Леанідаўна пачала ў тым жа 2002 годзе, прычым адразу ва ўпраўленні гандлю аблвыканкама. 

Чаму выпускніцу МТІ, ні дня не прапрацаваўшую на вытворчасці, адразу прынялі ў чыноўнікі дастаткова высокага ўзроўню – незразумела.

Да 2017 года кар’ера Караткевіч фактычна стаяла на месцы – праз 11 гадоў яна дабралася толькі да пасады начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама і прапрацавала на ёй чатыры гады.

Чым тлумачыцца рэзкі ўзлёт 2017-га – яшчэ адна загадка кар’еры Інэсы Леанідаўны. Яна раптам была прызначана намеснікам старшыні праўлення Белкаапсаюза, у 2022 годзе пераведзена на пасаду дарадцы пасольства Рэспублікі Беларусь у Арменіі, а ў  пачатку 2024 года ўзначаліла Белкаапсаюз.

Паколькі гэтае прадпрыемства з’яўляецца формай кааператыўнай уласнасці толькі дэ-юрэ, а дэ-факта прыроўнена да міністэрства, то Караткевіч па сутнасці справы была і застаецца чыноўніцай. А ўлюбёным месцам умяшальніцтва для гандлёвых функцыянераў Беларусі заўсёды быў Белкаапсаюз.

Таму Інэса Караткевіч прымала непасрэдны ўдзел у шматлікіх правальных спробах ажывіць Магілёўскі аблспажыўсаюз. 

Яна выдатна памятае, як крамы гэтай структуры спрабавалі зрабіць вонкава падобнымі на гандлёвыя аб’екты прыватнікаў-сеткавікоў, як прымушалі райпо купляць загадзя непатрэбнае абсталяванне і бескарысныя скідкавыя карты самых розных відаў, як спрабавалі зарабляць на мутных рэкламных кампаніях кшталту “Магілёўскай СПМК” і затрымлівалі за прысваенне маёмасці  прадпрыемства Сяргея Шуркала.

Такім чынам, досвед Інэсы Леанідаўны фактычна абмяжоўваецца веданнем кіруючай і накіроўваючай ролі партыі. Адсюль і частая крытыка з боку Лукашэнкі.

Чакаць ад Караткевіч якіх-небудзь здзяйсненняў, акрамя пазіравання на камеры, не варта. Нават з улікам досведу, набытага ёю ў Арменіі.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

У адзін дзень дзве жыхаркі Магілёва адзначылі свой векавы юбілей

Новыя пашпарты атрымалі 25 снежня дзве магілёўчанкі – яны нарадзіліся ў гэты дзень роўна сто гадоў таму

Супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Ленінскага РУУС Магілёва 25 снежня нанеслі святочныя візіты дзвюм магіляўчанкам. Ім урачыста ўручылі новыя пашпарты. Іраіда Высоцкая і Марыя Маханько перасягнулі ўзроставую мяжу ў сто гадоў і былі непасрэднымі ўдзельніцамі таго, што адбывалася на Магілёўшчыне на працягу ўсяго гэтага часу.

Абедзве імянінніцы добра сябе адчуваюць і спадзяюцца яшчэ доўга карыстацца новымі пашпартамі.

100 лет

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пад крыміналкай – крыніцы

Стала вядома, што адбываецца з кіраўніком рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Паўлам Пастуховым (Станкевічам). Пасля адсідкі двух адміністрацыйных арыштаў запар, Павел быў ненадоўга выпушчаны на волю – паведамлялі mogilev.media. 

Пазней з’явілася інфармацыя, што кіраўнік рыцарскага клуба зноўку затрыманы, але заставаўся няясным яго статус. Сярод абазнаных крыніц гаворка вялася пра адміністрацыйны суд над Паўлам Пастуховым пасля новага затрымання. Аднак, гэта выглядала дзіўна на фоне абвяшчэння сілавікамі Народнага калектыва “Рыцарскі клуб “Барысфен”” пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Цяпер жа дасведчаныя крыніцы mogilev.media паведамляюць, што супраць Паўла Пастухова (Станкевіча) заведзеная крымінальная справа. Выглядае, што невялікая перадышка паміж адміністрацыйнымі арыштамі, дадзеная Паўлу ў пачатку снежня, была спробай выціснуць выбітнага дзеяча і папулярызатара сярэдневяковай беларускай культуры ў эміграцыю. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

Кубракоў падарыў шчанюка навучэнцу Магілёўскага ліцэя МУС

Суровы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў нечакана праявіў такую пяшчоту да магілёўскага ліцэіста, што на вочы практычна навяртаецца сляза. Навучэнец Магілёўскага ліцэя МУС убачыў у тэлеграм-канале сваёй навучальнай установы паведамленне пра конкурс, запісаў з дапамогай ШІ крэатыўны зварот да кіраўніка МУС і папрасіў у Кубракова сабаку. Міністр просьбу пачуў і прывёз у Магілёў шчанюка.

Няма чаго і казаць: усе былі шчаслівыя, а Іван Кубракоў у той дзень шмат казаў пра дзяцей і сваю любоў да іх. 

Кубракоў, які непасрэдна адказвае за бязлітасна жорсткае падаўленне пратэстаў беларусаў і наступныя рэпрэсіі супраць уласнага народа, наўрад ці стане папулярнейшым сярод людзей праз падоранага ім сабачку.

Бо сотні тысяч беларускіх дзяцей, бацькоў якіх Кубракоў і яго паплечнікі выціснулі з краіны дзеля ўратавання дрыжачай галавы Лукашэнкі, сустракаюць Новы год далёка ад Радзімы. 

Многія з іх ужо завуць Дзеда Мароза на мовах тых краін, што далі ім прытулак. І наўрад ці калі-небудзь даруюць гэта дзядзячку Івану.

Фота тэлеграм-канала МУС Беларусі.

Пяцярых дзяцей забралі ў жыхаркі Магілёўскага раёна

Пасля накіравання сужыцеля ў лячэбна-працоўны прафілакторый, сямейныя справы ў жыхаркі Магілёўскага раёна пайшлі яшчэ горш.

Па патрабаванні пракуратуры Магілёўскага раёна пяцярых дзяцей забралі з шматдзетнай сям’і і змясцілі на дзяржаўнае забеспячэнне.

Прычынай сталі антысацыяльны лад жыцця маці, злоўжыванне алкаголем і неспрыяльныя ўмовы пражывання. Жанчына піла, не працавала, сям’я існавала на 300 рублёў у месяц. Дапамогай яна не карысталася, да ўрача не звярталася, даўгі па жыллёва-камунальных паслугах не пагашала. У час сваркі з дзецьмі яна зрабіла спробу самагубства на іх вачах.

Камісія па справах непаўналетніх прызнала дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і прыняла рашэнне пра іх адабранне. Праводзяцца мерапрыемствы па аднаўленні сямейных сувязяў.

Перадгісторыя пачалася ў 2024 годзе: дзяцей прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – з-за незабяспечанасці асноўных патрэб і амаральнага ладу жыцця сужыцеля маці. Пасля яго накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый жанчына пачала піць адна.

Выходзіць, што ўсе прыгожыя словы пра абарону дзяцей урэшце зводзяцца да халодных фармулёвак «сацыяльна небяспечнае становішча» і «лячэбна-працоўны прафілакторый».

Пры гэтым мільёны бюджэтных грошай ідуць на камісіі, што знаходзяцца недзе паміж п’янымі бацькамі і рашэннем пракуратуры.

Яны штосьці там даследуюць, раздаюць «кітайскія» папярэджанні, а рэальнай карысці ад іх – нуль. Па сутнасці, вырашаецца толькі адна задача: стварэнне працоўных месцаў для чыноўнікаў.

Дык, можа, лепш адразу, не марнуючыся на красамоўных барацьбітоў за шчаслівае дзяцінства, перанакіроўваць сродкі ў дзіцячыя дамы?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве выявілі небяспечны расійскі шклоачышчальнік

Санстанцыя выявіла расійскую “незамерзайку” FREEDOM -30°С, у якой перавышана ўтрыманне метанолу.

Небяспечную вадкасць для амывання аўтамабільнага шкла ў марознае надвор’е выявілі ў гандлёвым аб’екце па вуліцы Лазарэнка 73Б каля ўвахода ў магазін “Еўраопт”.

Паводле Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, па выніках даследаванняў устаноўлена неадпаведнасць адзіным санітарна-эпідэміялагічным і гігіенічным патрабаванням да тавараў, якія, паводле норм Мытнага саюза, падлягаюць санітарна-эпідэміялагічнаму нагляду.

Гэтая “незамерзайка” выраблена расійскім ТАА “Мегаполіс” і пастаўлена ў продаж у Магілёве мінскім ТАА “СтроимПостроим”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Палітвязень: у Магілёўскай калоніі №15 забаронена вывучэнне замежных моў

Вывучэнне замежных моў праз падручнікі і слоўнікі забаронена ў Магілёўскай калоніі №15, сцвярджае былы палітвязень, прафэсійны перакладчык Сяргей Паўлавіцкі.

“З бібліятэкі вынятыя ўсе выданні на замежных мовах, уключаючы слоўнікі, а тое, што знаходзілася ў прыватным валоданні – бо былі людзі з уласнымі падручнікамі – яны мусілі іх адправіць на склад. Адзіная магчымасць, якая зараз захоўваецца для людзей, якія не маюць прафуліку, гэта значыць не палітзняволеных, гэта навучацца на дыстанцыйных курсах ЕШКА (Еўрапейскай школы карэспандэнцкага навучання)” – распавёў у інтэрвью Радыё Свабодзе выдвараны з Беларусі палітвязень.

Паводле яго, увогуле паступова замежныя мовы выціскаюцца і яны не вітаюцца адміністрацыяй калоніі. У прыватнасці, стасаванне на замежных мовах наогул забароненае. “Стасавацца можна толькі па-беларуску альбо па-руску, а ў іншых выпадках за гэта можа “прыляцець” – кажа Сяргей Паўлавіцкі.

Сяргей Паўлавіцкі быў пакараны трыма гадамі зняволення за тое, што падтрымліваў грашыма дэмакратычныя арганізацыі. Адбываў пакаранне ў калоніі №15. Быў затрыманы ў жніўні 2024 года. Унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Выйшаў на волю праз дэпартацыю з Беларусі 13 снежня 2025 года.

Скрыншот: Радыё “Свабода”

П’яны закладчык быў затрыманы ў Магілёве па дарозе за ізалентай для мефедрона

Магілёўскага аўтаслесара не задавальняла зарплата, і ён знайшоў падпрацоўку ў інтэрнэце – стаў распаўсюджваць наркотыкі. 

Працаваў новаспечаны закладчык менш за месяц. Калі 27-гадовы дылер упакоўваў чарговую партыю псіхатропаў, каб развезці яе па тайніках, скончылася ізалента.

Мужчына адправіўся ў краму нападпітку, а вярнуўся дадому ўжо ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Пры ператрусе кватэры было знойдзена больш за кілаграм парашка падазронага выгляду. Экспертыза паказала, што гэта мефедрон.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў закладчыка да 9 гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўнай калоніі узмоцненага рэжыму, штрафа ў памеры 100 базавых велічынь і прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Фота: ведамасны сайт ДКСЭ.

Апошні выпуск Мікіты Мелказёрава на канале “Загляне сонца” быў прысвечаны Магілёву

Перад сваёй раптоўнай смерцю ў эміграцыі таленавіты беларускі журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў распавёў пра гісторыю Магілёва.

Відэападкаст “Горад, які паддалі анафеме” стаў апошнім у праекце “Загляне сонца”. Відавочна, што журналіст не збіраўся спыняцца на гэтым, але Бог распарадзіўся іначай. Мікіта Мелказёраў нечакана памёр уноч на 21 снежня. А 18 снежня на YouTube з’явіўся яго чарговы, стаўшы апошнім, выпуск.

“У новым выпуску “Загляне сонца” – гісторыя праваслаўнага Магілёва, які паўстаў супраць Маскоўскай дзяржавы. Што насамрэч адбылося ў 1661 годзе? Чаму мясцовыя жыхары адкрылі вароты Маскоўскаму войску? За што Магілёў атрымаў анафему – і ці атрымаў насамрэч? І як Пётр I адпомсціў гораду агнём і разбурэннямі? Гэта аповед пра багаты еўрапейскі горад XVII стагоддзя на тэрыторыі Беларусі і пра тое, як на практыцы выглядае маскоўскае «вызваленне» – паведамляў Мікіта Мелказёраў у анонсе да выпуску.

Акрамя таленту, які праявіўся ў Мікіты, у прыватнасці, у гутарках з беларусамі, ён быў адным з тых нешматлікіх, хто звярнуўся да беларушчыны ў дарослым узросце. 

Скрыншот: “Загляне сонца”