19-гадовы жыхар Магілёўшчыны і 56-гадовы мінчук затрыманы магілёўскімі сілавікамі з палітычных прычын.
Паводле распаўсюджанай МУС інфармацыі, раней судзімы за здзек над дзяржаўнымі сімваламі і хуліганства 19-гадовы жыхар Магілёўшчыны нібыта сістэматычна размяшчаў у экстрэмісцкіх тэлеграм-чатах каментары, выявы і відэазапісы, якія змяшчалі ўсхваленне нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых.
У сваю чаргу 56-гадовы мінчук, як сцвярджаюць сілавікі, “у адной з сацыяльных сетак публічна распаўсюджваў загадзя ілжывыя гістарычныя звесткі, якія адмаўляюць факты генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама накіраваныя на ачарненне дзейнасці партызан”.
З прадстаўленых на відэа ў тэлеграм-канале МУС каментароў мінчука, цяжка прачытаць нейкае ачарненне партызан. Разам з тым ёсць правамерна пастаўленыя маральныя пытанні, напрыклад, ці варта было партызанам забіваць немцаў, ведаючы, што тыя адпомсцяць у 10 разоў большым па колькасці забойствам мірных жыхароў.
Што ж тычыцца т.зв. генацыду беларускага народа, то, паводле Канвенцыі ААН 1948 года і Міжнароднага крымінальнага суда, генацыд – гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае або частковае знішчэнне пэўнай нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы як такой. Галоўнае тут – наяўнасць наўмыснага намеру знішчыць групу менавіта як этнас або нацыю.
Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь была арэнай масавых забойстваў, спаленых вёсак і карных аперацый. Але галоўная мэта нацыстаў была – каланізацыя і эксплуатацыя тэрыторый, а не поўнае знішчэнне беларусаў. План «Ост» прадугледжваў рэзкае скарачэнне мясцовага насельніцтва праз гвалт, галодную смерць і высяленне, але юрыдычна гэта часцей трактуецца як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, а не як генацыд у чыстым выглядзе.
Падчас вайны на тэрыторыі Беларусі адбылося масавае вынішчэнне яўрэяў – гэта прызнана сусветнай супольнасцю як Халакост, то бок генацыд яўрэйскага народа. Таксама быў генацыд цыганскага народу – Параймос, і гэта таксама задакументавана і прызнана міжнароднымі структурамі. Для беларусаў не было дакументаванага асобнага плана, які б дакладна апісваў іх знішчэнне менавіта як этнічнай групы.
Для юрыдычнага прызнання патрэбен судовы працэс: ці Міжнародны крымінальны суд, ці спецыяльны трыбунал. У выпадку Беларусі ніколі не праводзіўся міжнародны суд, які б прызнаў факт генацыду беларускага народа на аснове расследавання з дакументамі, сведчаннямі і вывадамі.
Але для ўлад і сілавікоў сучаснай Беларусі прыведзеныя вышэй аргументы не маюць значэння. Таму следчымі распачатыя крымінальныя справы за “рэабілітацыю нацызму” і адмаўленне “генацыду беларускага народа”.
Фотаздымак з адкрытых крыніц