Фабрыка “8 Сакавіка” прымушае звольніцца магіляўчанку пасля дэкрэтнага адпачынку

Жыхарка Магілёва апублікавала ў TikTok відэа, у якім заявіла, што ў першы ж дзень пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку сутыкнулася з фактычным звальненнем. 

Жанчына працуе ў магілёўскім філіяле гомельскай фабрыкі ААТ «8 Сакавіка». Фонам роліка яна зрабіла фрагмент выступу Лукашэнкі пра абвешчаны ім «Год беларускай жанчыны» і паказала фота атрыманага ад працадаўцы дакумента. Афіцыйна гаворка ідзе не пра звальненне, а пра «істотныя змены ўмоў працы». Аднак, паводле аўтара відэа, сутнасць рашэння не пакідае ёй выбару.

Згодна з профілем у сацсетцы, жанчыну завуць Юлія Плотнікава. У каментарыях яна патлумачыла, што была прынятая на працу ў Магілёве, аднак ва ўручаным ёй паведамленні пазначана, што з 18 сакавіка яе новым працоўным месцам становіцца Гомель.

«Так дырэктар вырашыў. З трыма малалетнімі дзецьмі, вы ж разумееце, гэта немагчыма. І вы лічыце, што гэта не звальненне?» – напісала яна.

Адлегласць паміж Магілёвам і Гомелем складае каля 175 кіламетраў. Дарога ў адзін бок – на аўтамабілі, аўтобусе ці цягніку — займае прыкладна 2 гадзіны 40 хвілін. Такім чынам, штодзённыя паездкі на працу і назад могуць заняць больш за пяць гадзін, што для маці траіх малалетніх дзяцей выглядае практычна нерэальным.

Як высвятліў “Флагшток”, Юлія можа працаваць у магілёўскай фірмовай краме фабрыкі «8 Сакавіка». Пры гэтым прадпрыемства ўзначальвае Юлія Грынчык, якая заняла пасаду дырэктара каля двух месяцаў таму.

Фотаздымак: magilev.by