Украінец Павел Кабарчук, які асуджаны на 20 гадоў зняволення, утрымліваецца ў турме №4 у Магілёве без перадач, пасылак, грашовых пераводаў і спатканняў.
Пра цяжкую долю ўкраінскага палітзняволенага Праваабарончаму цэнтру “Вясна” распавёў праваабаронца Уладзь Лабковіч, які таксама знаходзіўся ў магілёўскай турме разам з Кабарчуком, і быў прымусова вывезены ва Украіну ў снежні 2025 года.
Паводле Лабковіча, з-за тое, што ўкраінец увесь час без перадач і спатканняў, гэта значна ўскладняе ўмовы ўтрымання для палітвязня. “У мяне была адна базавая і былі пераводы ад родных, таму я стараўся набываць яму самае неабходнае. Важна, каб ён таксама меў нейкую падтрымку, бо ён знаходзіцца ў цяжкіх умовах. Апроч таго, што яму будуць дапамагаць іншыя зняволеныя, іншай магчымасці трымацца ў яго няма. Павел пісаў заявы на тое, каб яму выдалі гаспадарчае мыла. Бо яму трэба і самому мыцца, і рэчы праць. Можа з пятай ці шостай спробы адміністрацыя турмы злітавалася над ім і ў верасні (заявы пісаў з траўня) выдала яму кавалачак гаспадарчага і лазневага мыла. Іх, канешне, хапае толькі на тыдзень. Калі мяне пераводзілі з турмы ў СІЗА КДБ, то я пакінуў частку сваіх рэчаў Паўлу, хоць і сам не ведаў, куды мяне забіраюць і вязуць”, – распавёў Лабковіч.
Як ўзгадвае Лабковіч, Павел знаходзіцца ў магілёўскай турме ад траўня 2025 года. Да гэтага ён быў у калоніі №1 Наваполацка. “Павел кепска гаворыць па-расейску – ён цалкам украінскамоўны. Калі яшчэ неяк размаўляе па-расейску на простыя словы, то пісаць яму цяжка. Расейскую мову ён пачаў вучыць толькі ў Беларусі пасля затрымання. Але ніякіх перакладчыкаў ніколі ў яго не было”, – кажа праваабаронца.
Ён характарызуе ўкраінца як вельмі адукаванага хлопца, які любіць літаратуру. “Ён шмат чытае ў зняволенні. Я яму дапамагаў з рэчамі, якія яму незразумелы. Яму дазволілі консула. Ён прывёз Паўлу некалькі лістоў ад жонкі і маці, але яму іх так і не аддалі. Лісты ад родных ён не атрымлівае да гэтага часу, дазвалюяць толькі званок раз на месяц да жонкі”, – сцвярджае Лабковіч.
Да затрымання Павел працаваў кіроўцам — вазіў людзей на працу з Украіны ў Польшчу. Уладзь апісвае ўкраінскага палітвязня як вельмі моцнага, цікавага і шчырага чалавека.
“Ён вельмі гаспадарлівы, кампанейскі і пазітыўны хлопец. Павел увесь час казаў мне, што нельга маркоціцца і хутка ўсё скончыцца. Маральны стан у яго быў у норме, ён трымаецца. Вельмі спадзяецца, што яго хутка абмяняюць ці проста аддадуць Украіне. Калі Павел быў ужо за кратамі, у яго нарадзіўся сын Ян. Ён вельмі сумуе па жонцы, якую вельмі кахае, і сыну, якога яшчэ не бачыў і нават не ўяўляе, як ён выглядае. Але падчас званка з жонкай Павел чуў голас свайго сына, якому амаль два гады. Павел хвалюецца за бацьку, за яго стан здароўя”, – ўзгадвае Уладзь Лабковіч. Бацька Паўла Сяргей Кабарчук, таксама палітзняволены, знаходзіцца ў аршанскай калоніі №8.
Лабковіч распавёў, што аднойчы ў Паўла здарыўся прыступ, і ён ледзь не згубіў прытомнасць. “Па нашым патрабаванні яму аказалі медыцынскую дапамогу. Бо так яго ігнаравалі і казалі: “Зрабіце яму гарбаты”, – кажа палітвязень.
Праваабаронца распавядае, што 16 чэрвеня 2025 года сукамернікі адзначылі Дзень народзінаў Паўла — ён акурат выйшаў з ШІЗА.
“Ён зрабіў цудоўны стол. Дзесьці дастаў апошнюю згушчонку. У нас не было магчымасці паесці чагосьці салодкага. Павел зрабіў смачную аўсяную кашу са згушчонкай. Для нас гэта была адна з самых смачных страваў, якія я пакаштаваў за ўвесь гэты перыяд. Каштоўнасць гэтага была найвялікшая. Павел вельмі шчыры чалавек — ён кожнаму ішоў на дапамогу”, – узгадвае Уладзь Лабковіч.
Сына і бацьку з Украіны Паўла і Сяргея Кабарчукоў затрымалі ў лютым 2024 года. Тады ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым “контртэрарыстычнай аперацыі”. Пазней КДБ адсправаздачыўся пра затрыманне “тэрарыстаў”. На апублікаваных прапагандыстамі здымках Павел выглядаў збітым. Вядома, што ў СІЗА КДБ затрыманых даставіў верталёт.
Кабарчукі паходзяць з маленькай вёскі ў Валынскай вобласці, дзе іх чакае сям’я. Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса іх асудзілі як “дыверсантаў СБУ” да 20 гадоў няволі. Іх тэрміны мусяць скончыцца толькі ў 2043 годзе. Як нядаўна стала вядома праваабаронцам, яшчэ ў СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалогію. Які стан яго здароўя цяпер ці атрымлівае ён неабходную медыцынскую дапамогу – невядома.
Беларускія праваабаронцы ў кастрычніку 2024 года прызналі абодвух Кабарчукоў палітзняволенымі.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”