Дзень у гісторыі. 6 красавіка. Згарэла магілёўская ратуша. Тэлефон у Магілёве. Адроджаны Алімпійскія гульні

Міжнародны дзень спорта на карысць міру і развіцця (International Day of Sports for Development and Peace, з 2013 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН. Спорт валодае здольнасцю мяняць свет. Спорт – магутны інструмент для ўмацавання сацыяльных сувязей і садзейнічання ўстойліваму развіццю і міру, а таксама салідарнасці і павазе да ўсіх.

Спорт мае вялікі патэнцыял для дасягнення мэт у галіне ўстойлівага развіцця, для ўмацавання міру і правоў чалавека – ад пашырэння правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак, моладзі, інвалідаў да дасягнення мэт у галіне аховы здароўя, устойлівага развіцця і адукацыі.

дзень спорта

Сусветны дзень мультфільмаў (World Сartoon Day, з 2002 года).

Міжнародная асацыяцыя мультфільмаў заснавала гэтае свята у гонар таго, што ў гэты дзень 1906 года была знятая серыя першых мультфільмаў “Камічныя фазы смешных асоб” Джонам Сцюартам Блэктанам і Альбертам Смітам.

Магілёў мае прамое дачынне да мультфільмаў. Ён з 1998 года з’яўляецца беларускай сталіцай анімацыйных фільмаў, праводзіць міжнародны фестываль “Анімаёўка”. “Бацькі” фэсту – рэжысёр-аніматар “Беларусьфільм” Ігар Волчак і дырэктар “Магілёўкінавідэапракат” Андрэй Бычкоў.

World Сartoon Day

1656 год. Памёр Шыман Старавольскі (1588–1656).

Вялікалітоўскі гісторык і пісьменнік. Першы ўсходнеславянскі літаратуразнаўца.

Нарадзіўся ў маёнтку Стараволя каля Пружанаў. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Удзельнік Хоцінскай вайны 1620–1621 гадоў.

Падарожнік па Еўропе. Прадстаўнік сарматызму ў гістарыяграфіі. Аўтар больш за 60 прац, галоўныя з іх  прысвечаны Жыгімонту I, ваярам Сарматыі, ста славутым польскім пісьменнікам і іх творам, гісторыі Польшчы і Каралеўства Польскага, гістарычным помнікам, помнікам сарматаў, пра знішчэнне перакопскіх татар, правы рыцараў. Склаў «Zyciorysy sławnych i uczonych Polaków» («Біяграфіі славутых і вучоных палякаў»).

Шыман Старавольскі
Карціна Яна Матэйкі. Карл X Густаў і Шыман Старавольскі (справа)

1664 год. У Магілёве здарыўся моцны пажар.

Згарэлі ўсе драўляныя будынкі замка, ратуша, царква са званіцай, гандлевыя лаўкі.

Пажары ў горадзе тады здараліся два гады запар – у 1663 гарэў замак, у 1665 выгарэла значная частка горада.

Ратуша

1882 год. Магілёўскі купец Франц Лекерт атрымаў дазвол на пракладку тэлефоннай лініі ў Магілёве.

Лінія была пракладзена паміж яго канторай і піўзаводам у Маскоўскім прадмесці (Лупалава) па вуліцы Шашэйнай.

Першы тэлефон ў Магілёве з’явіўся ў 1878 годзе. Гэта адбылося праз 2 гады пасля таго, як у 1876 годзе тэлефон быў запатентаваны  А. Бэлам.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878–1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

Шлісельбургская крэпасць

1893 год. Нарадзіўся Язэп Гаўрылік.

Дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, актыўны дзеяч Таварыства беларускай школы.

Абіраўся паслом у сойм Другой Рэчы Паспалітай па спісе Рабоча-сялянскага адзінства.

Адзін са стваральнікаў і старшыня рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызваленчай арганізацыі «Змаганне».

У 1931 годзе асуджаны польскімі ўладамі на 9,5 гадоў турмы. У 1932 годзе абменены на палітычных вязняў з СССР. Працаваў у Наркаме асветы БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годдзе, у 1934 годзе прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў высылкі. Вязень ГУЛАГу ў Салавецкім лагеры і лагерах Беламорска-Балтыйскага каналу. Расстраляны 8 снежня 1937 года.

Язэп Гаўрылік

1896 год.  У Афінах пачаліся Першыя Алімпійскія Гульні сучаснасці.

Традыцыя гульняў са Старажытнай Грэцыі была адноўленая французскім грамадскім дзеячом П’ерам дэ Кубертэнам.

Праходзілі Гульні да 15 красавіка 1896 года. У іх прынялі ўдзел 241 прадстаўнік (усе мужчыны) з 14 краін. Было разыграна 43 камплекта медаляў у 9 відах спорту. 

Каманда Злучаных Штатаў Амерыкі атрымала найбольшую колькасць залатых медалёў (11), а каманда Грэцыі, якая прымала Алімпійскія гульні, атрымала найбольшую колькасць медалёў у цэлым, а таксама найбольшую колькасць срэбных (17) і бронзавых (19) медалёў і на адзін залаты медаль менш, чым ЗША.

Першыя Алімпійскія гульні былі праведзены ў 776 годзе да н.э. у Алімпіі на паўвостраве Пелапанэс і з таго часу адбываліся там адзін раз у чатыры гады. Яны працягваліся пяць дзён у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня. На час правядзення Алімпійскіх гульняў у Старажытнай Грэцыі заключаўся «свяшчэнны мір» і спыняліся любыя ваенныя дзеянні паміж рознымі полісамі.

У 394 годзе Алімпійскія гульні былі забаронены рымскім імператарам Феадосіям як паганскія забавы, якія з’яўляюцца «несумяшчальнымі з хрысціянствам».

Першыя Алімпійскія Гульні

1904 год. Нарадзіўся Мікола Хведаровіч.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Н. Чарнушэвіча.

У бежанстве вучыўся ў калужскім гарадскім вучылішчы, дзе  матэматыку яму выкладаў К. Цыялкоўскі.

Працаваў камісарам Слуцкага ваенкамата, у партыйных часопісах, у газеце  «Чырвоная Беларусь», часопісах «Полымя рэвалюцыі», «Минск». Быў членам аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны ў 1938 годзе, пакаранне адбываў у лагерах на Кольскім паўвостраве, у Комі АССР, ва Узбекістане. Паўторна арыштаваны ў 1949 годзе і сасланы ў Краснаярскі край. У 1956 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Аўтар  вершаў, кніг паэзіі, жартаў, пародый, выбраных твораў, кніг для дзяцей, успамінаў, аповесцей.

Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік», «Бахчысарайскі фантан», «Казку пра цара Салтана», творы А. Фадзеева, Э. Багрыцкага, Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» і іншыя. Асобна займаўся перакладамі з венгерскай мовы.

Памёр 20 жніўня 1981 года.

Мікола Хведаровіч

1905 год. Памёр ураджэнец Гродзеншчыны Іосіф Баранецкі (1843–1905).

Прыродазнавец, педагог. Скончыў Беластоцкую гімназію і прыродазнаўчае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў прафесарам батанікі Кіеўскага ўніверсітэта, дэканам фізіка-матэматычнага факультэта. 

Аўтар «Курса батанікі для студэнтаў медыцынскіх факультэтаў», найменняў шэрагу батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Baran.».

Іосіф Баранецкі

1910 год. Нарадзіўся Барыс Кіт (1910–2018).

Актыўны дзеяч беларускай эміграцыі, беларуска-амерыканскі вучоны ў галіне астранаўтыкі, адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для касмічных караблёў “Апалон”, “Шатл”, прафесар Мэрылендскага і Гродзенскага ўніверсітэтаў, акадэмік шэрагу акадэмій, Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Скончыў школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, гімназіі ў Навагрудку.

Пад час нацысцкай акупацыі Беларусі арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. У 1944 годзе быў арыштаваны гестапа і зняволены ў турме ў Вілейцы. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні.

Жыў на эміграцыі ў Германіі, ЗША. Працаваў у касмічных праектах, у тым ліку Apollo, Shuttle, займаўся даследаваннем вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва, матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў.

Аўтар навукова-папулярных кніг па касманаўтыцы, успамінаў. Чытаў лекцыі па касманаўтыцы ў Японіі, Індыі, Мексіцы, Іспаніі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Швецыі, Германіі і іншых краінах.

Імя Кіта замурована ў “капсуле часу” лепшых сусветных вучоных ў галіне касманаўтыкі ў сцяне амерыканскага Капітолія.

Барыс Кіт

1955 год. Выйшаў першы нумар газеты «Голас Радзімы».

Да 1960 года штотыднёвік меў назву «За вяртанне на Радзіму». Газета асвятляе жыццё беларускай эміграцыі. Да 1993 года выдавалася «Бібліятэчка газеты «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.

«За вяртанне на Радзіму»

1971 год. Памёр Ігар Стравінскі (1882–1971).

Рускі кампазітар беларускага паходжання, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі, ЗША.

Паходзіць з беларускай шляхты Стравінскіх герба «Суліма».

Аўтар шматлікіх музычных твораў: скерца, санаты,  балеты («Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна святая»), оперы, песні. Актыўна гастраляваў па Еўропе, Амерыцы.

Пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі.

Ігар Стравінскі

1992 год. Памёр ураджэнец в. Пятровічы Клімавіцкага павета (зараз – Смаленская вобласць) Айзек Азімаў (1920–1992).

Амерыканскі пісьменнік-фантаст, папулярызатар навукі, доктар біяхіміі.

Аўтар каля 500 кніг, галоўным чынам мастацкіх, першым чынам у жанры навуковай фантастыкі, але таксама і ў іншых жанрах: фэнтэзі, дэтэктыў, гумар, і навукова-папулярных у самых розных абласцях – ад астраномі і генетыкі да гісторыі і літаратуразнаўства. Шматразовы лаўрэат прэмій Х’юга і Неб’юла. Аўтар тэрмінаў рабатэхніка, робатыка, пазітронны, псіхагісторыя.

Азімаў разам з А. Кларкам і Р. Хайнлайном адносіцца да «Вялікай тройкі» пісьменнікаў-фантастаў.

Бацькі – яўрэйскія млынары Хана-Рахіл Берман і Іуда Азімаў разам  сынам у 1923 годзе праз Магілёў імігравалі ў ЗША.

Айзек Азімаў

1999 год. Памёр Генадзь Карпенка (1949–1999).

Беларускі навуковец і палітык. Доктар тэхнічных навук, Заслужаны дзеяч навукі, член-карэспандэнт НАН Беларусі.

На пасадзе старшыні Маладзечанскага гарвыканкама (1991–1994) правёў дэсаветызацыю гарадской тапанімікі, значныя эканамічныя пераўтварэнні, ініцыяваў правядзенне музычнага і тэатральнага фестываляў, стварэнне футбольнага клубу. 

У якасці намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета кіраваў спробай імпічменту А. Лукашэнкі. Лічыўся верагодным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 1999 года.

У асяродзі апазіцыі існуе меркаванне, што смерць палітыка не была натуральнай.

Генадзь Карпенка

Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

драмтэатр

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

бітва на рацэ Салніцы

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

ІІ падзел Рэчы Паспалітай

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

Валеры Маракоў

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

А. Рылько
Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

Павал Урбан

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

Аляксандра Данілава

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

Юрый Гагарын

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

Рыгор Крушына

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.

маскоўскі час

Дзень у гісторыі. 21 сакавіка. Вывяржэнне Эяф’ятлаёкудля. Нарадзіліся Ф. Багушэвіч, мітрапаліт Філарэт

Сусветны дзень паэзіі (World Poetry Day, з 1999 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

Паэзія аб’ядноўвае краіны, народы, культуры і дапамагае людзям зразумець адзін аднаго. На працягу стагоддзяў думкі і пачуцці, надзеленыя ў паэтычную форму, пранікаюць у сэрцы людзей, нагадваючы, што мы ўсе адна вялікая сям’я і што мы, такія розныя, насамрэч вельмі падобныя.

Асноўная мэта Дня паэзіі заключаецца ў падтрымцы моўнай разнастайнасці сродкамі паэтычнага самавыяўлення. Гэты дзень закліканы садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, выкладанню паэзіі, аднаўленню дыялогу паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва, даць магчымасць маладым талентам заявіць аб сабе.

У гэты дзень таленавітым аўтарам прысуджаюць узнагароды, уручаюць прэміі. Праводзяцца літаратурныя чытанні. Праводзяцца прэзентацыі кніг, паэтычныя вечары.

У навучальных установах ладзяцца тэматычныя вечары. Навучэнцы выступаюць з дакладамі аб жыцці літаратурных дзеячаў, чытаюць на памяць рыфмаваныя радкі.

Дзень паэзіі

Міжнародны дзень лялечніка (International Puppetry Day, з 2003 года).

Лялечны тэатр любяць гледачы ўсіх узростаў. Мова лялек універсальная, яе разумеюць без слоў жыхары ўсіх кантынентаў і краін. Лялькі выступаюць сёння не толькі на сцэне, але і на экранах. Мастацтва артыстаў лялечнікаў, нажаль, амаль заўсёды ананімна.

Ініцыятарам прафесійнага свята выступіў вядомы іранскі тэатральны дзеяч Джывад Золфагарыха. У 2000 годзе на XVIII Кангрэсе Міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек у Магдэбургу ён вынес дадзеную прапанову на абмеркаванне. Дзень зацверджаны ў 2003 годзе.

Дзень лялечніка – выдатная нагода для правядзення лялечных фестываляў, на якія з’язджаюцца лепшыя артысты жанру з усёй планеты, каб паказаць калегам і гледачам новыя творчыя знаходкі. І натуральна, прыхільнікі лялечнага тэатра заўсёды 21 сакавіка прыходзяць павіншаваць акцёраў.

У Беларусі працуюць лялечныя тэатры ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве, Докшыцкая батлейка Патупчыка, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка».

Puppetry Day

Дзень Зямлі (Earth Day)

Назва, якая выкарыстоўваецца ў дачыненні да розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўвесну і закліканы заахвоціць людзей быць больш уважлівымі да далікатнага навакольнага асяроддзя на планеце Зямля. Сімвалам дня з’яўляецца зялёная грэчаская літара Θ на белым фоне.

Дні Зямлі праводзяцца ў сакавіку, на дзень вясновага раўнадзенства і 22 красавіка.

Дзень Сусветнага раўнадзенства ў 2023 годзе прыпаў на 21 сакавіка. Раўнадзенства па Мінску фіксуецца а 05:24:21. Натуральны год для планеты доўжыцца не 365 сутак, а 365,24, таму дата заўсёды крыху зрушваецца і надыходзіць крыху раней ці пазней.

Earth Day

1562 год. Гомель атрымаў Магдэбургскае права і  герб “у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж”.

Горад бярэ пачатак ад 1142 года як цэнтр радзімічаў. Уваходзіў у ВКЛ (1335–1772), меў замак, быў цэнтрам староства. Пад час знаходжання ў Расійскай імперыі – павятовы цэнтр Магілёўскай губерні. 

У 1919–1926 гадах быў у складзе РСФСР. Цэнтр вобласці ад 1938 года. 

Моцна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

Зараз – другі ў краіне па насельніцтву (504 тысячы чалавек), адзін з самых зяленых, буйны культурны, прамысловы цэнтр. Працуюць знакамітыя сваёй прадукцыяй заводы і фабрыкі “Гомсельмаш”, ліцейны,  хімічны, шпалерны, «Камінтэрн», кандытарская «Спартак». Дзейнічаюць цырк, 3 тэатры, 7 вну, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў.

кавалерскі крыж
1840 год. Нарадзіўся Францішак Багушэвіч.

Беларускі грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Яго літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.

Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Скончыў Віленскай гімназію. Выключаны з Пецярбургскага ўніверсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах.

Служыў Чарнігаве, на  Сумшчыне, у Валагодскай губерні, Вільні ў судовых палатах.

Пасля звальнення са службы ў 1898 годзе жыў у Кушлянах (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр.

Аўтар вершаў, апавяданняў, баек  на польскай, беларускай мове, публіцыстычных артыкулаў, зборнікаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі», «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка».

У яго творчасці таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, моцныя матывы нацыянальнага адраджэння.

Творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Пры жыцці яго творы ў Расійская імперыі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У БССР былі ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе («Дудка беларуская»). Аднак у 1930-я гады ў БССР творчасць Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 года яго кнігі не друкаваліся. 

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР выдаў загад № 33, згодна з якім усе выданні твораў Францішка Багушэвіча павінны былі спальвацца.

Памёр 15 красавіка 1900 года.

Францішак Багушэвіч

1935 год. Нарадзіўся Філарэт (Кірыл Вахрамееў).

Праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі, іерарх Рускай праваслаўнай царквы, прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі (1989–2013). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета Беларусі (1990–1995). Герой Беларусі, кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Прыняў манаства ў 1959 годзе. З 1978 года служыў на Беларусі. Падчас дэпутатства апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

З 1989 года займаўся стварэннем і разбудовай Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ім былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы, Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў, адноўлены  Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

Па яго ініцыятыве ў царкоўны каляндар унесена новае свята «Сабор Беларускіх святых» і ўстаноўлены агульнацаркоўныя святы ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірылы Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. 

Арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.

Памёр 12 студзеня 2021 года. Пахаваны ў Жыровіцкім манастыры.

Кірыл Вахрамееў

1945 год. Нарадзіўся Аляксандр Патупа.

Савецкі, беларускі фізік, філосаф, пісьменнік, папулярызатар навукі.

Скончыў фізічны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар філасофіі, прафесар.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, БДУ, дырэктарам Цэнтра даследаванняў будучыні.

Аўтар прац у вобласці квантавай тэорыі, фізікі высокіх энергій, касмалогіі, электрадынамікі, праблем прагназавання, сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, права, мастацкіх кнігі «Фантакрим-CCI», «Ловушка в цейтноте», «Нечто невообразимое», больш за 300 артыкулаў публіцыстыкі.

Арганізатар і генеральны дырэктар выдавецка-паліграфічнай кампаніі «Эридан», найстарэйшага прыватнага выдавецтва Беларусі.

З’яўляўся старшынёй Назіральнага камітэта Беларускай Праваабарончай Канвенцыі і Назіральнага Сойма «Хельсінкі-CCI», прэзідэнтам Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, віцэ-старшынёй Беларускай Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў 3-га сектара.

Памёр 1 чэрвеня 2009 года.

Аляксандр Патупа

1959 год. Памёр Павел Растаргуеў (1881–1959).

Беларускі мовазнаўца. Правадзейны член Інбелкульта, доктар філалагічных навук, прафесар.

У 1918 г. чытаў курс лекцый беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, праблемы беларускай літаратурнай мовы.

У 1934 годзе арыштаваны ДПУ, асуджаны, высланы ў Караганду.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1947-1948 гадах па запрашэнні Якуба Коласа працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР.

Павел Растаргуеў

1987 год. Памёр Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю.

Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар вершаў,  вершаў для дзяцей, больш за 10 зборнікаў паэзіі. 

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

Адам Русак

2010 год. Пачалося буйное вывяржэнне вулкана Эяф’ятлаёкудль на Ісландыі.

Вывяржэнне прывяло да закрыцця паветранай прасторы часткі Еўропы і адмены авіярэйсаў у сакавіку – красавіку 2010 года. Вулкан лічыўся нядзейсным, бо папярэдняе вывяржэнне было зарэгістравана ў 1821 годзе.

Вышыня вулкана 1666 м, дыяметр кратара – каля 4 км. Знаходзіцца за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка.

Эяф’ятлаёкудль

Дзень у гісторыі. 1 лютага. Славутае Магілёўскае паўстанне. Пачатак паўстання Каліноўскага

Ігнат (народны каляндар). 

«На святога Ігната зіма багата».

У адных месцах лічылі, што якое надвор’е сёння, такі і ўвесь люты будзе, у іншых казалі, што такой будзе ўся вясна.

Былі і такія прыкметы: калі неба яснае, то вясна будзе рана; калі мяцеліца, то і на Масленку будзе месці.

1411 год. Заключаны Таруньскі мір, якім скончылася Вялікая вайна (1409–1411) Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам

У гістарыяграфіі гэта пагадненне часта лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іх няздольнасці выгадна скарыстаць разгромнае паражэнне крыжакоў у Грунвальдскай бітве. 

Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіравання польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. 

Таруньскі мір быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым не менш, вялікія памеры ваенных рэпарацый былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, яны спарадзілі ўнутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.

Ян Матэйка. Вітаўт і Ягайла моляцца напярэдадні Грунвальдскай бітвы.

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без бая на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

Напярэдадні быў распрацаваны план паўстання, паводле якога ўсе гаспадары, у якіх стаялі па хатах маскоўскія ратнікі, мусілі абясшкодзіць іхнюю зброю, дастаўшы крэмень ці іншым чынам папсаваўшы яе. Датай пачатку паўстання было прызначанае 10 лютага. Да апошняй хвіліны маскоўцы не здагадваліся пра змову месцічаў.

Прычынай заўчаснага (не 10, а 1 лютага) пачатку паўстання называюцца зняважлівыя паводзіны расійскіх жаўнераў на гандлёвай плошчы. У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

Існуе таксама іншая дата паўстання паводле іншых крыніц – 11 лютага 1661 года.

“Магілёўскае паўстанне”. Ілюстрацыя Ігара Адамовіча да кнігі А.-Д. Лісоўскага “Кніга”.

1717 год. У Рэчы Паспалітай адбылася паседжанне аднадзённага «Нямога сойма»

Сойм быў скліканы для вылучэння ўмоў каралю Аўгусту II. Увайшоў у гісторыю як «нямы» таму, што кароль прыняў патрабаванні, якія яму выстаўляліся – вывад саксонскіх войскаў, пашырэнне паўнамоцтваў Сойма і Сената, абмежаванне асабістай улады караля – практычна без адзінага слова. 

Да такога рашэння яго схіліў расійскі цар Пётр I, які меў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 60 000 салдат. 

Сойм таксама пашырыў правы шляхты, зацвердзіў вайскова-скарбовую рэформу, стварэнне невялікіх рэгулярных армій Польшчы (18 000) і Вялікага княства Літоўскага (6 000 салдат), зацвердзіў пратэкцыю рускага цара над Рэччу Паспалітай.

1733 год. Памёр Аўгуст Моцны, Фрыдрых Аўгуст I, Аўгуст II

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1697–1706, 1709–1733).

Мянушку «Моцны» атрымаў з прычыны выключнай фізічнай сілы і шматлікіх любоўных прыгод. Карыстаўся папулярнасцю сярод дробнай шляхты.

Імкнучыся да абсалютнай улады збіраўся ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай уладай, у чым яго падтрымалі Радзівілы, Вішнявецкія і іншыя магнаты і шляхта. 

Уцягнуў краіну ў Паўночную вайну (1700–1721) як  саюзнік Пятра I, аслабіў дзяржаву. Яго няўдалая палітыка прывяла да актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай не толькі Расіі, але і Прусіі, Аўстрыі і Францыі.

Аўгуст Моцны больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам. Намагаючыся ўзмацніць сваю ўладу ў Польшчы і ВКЛ ён абапіраўся на дапамогу суседніх дзяржаў, на карысць якіх збіраўся аддаць частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

1811 год. Нарадзіўся Рамуальд Зянкевіч. 

Беларускі этнограф, педагог, археолаг, фалькларыст. 

Збіраў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі на Піншчыне, укладальнік першага зборніка беларускіх песень, які мае навуковае значэнне. Вывучаў Крэўскі замак, Тураў. 

Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў. Аўтар першай археалагічнай карты Ашмянскага павета. 

Памёр 11 верасня 1868 года.

1860 год. Памёр Іосіф Ярашэвіч. 

Беларускі гісторык, этнограф, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Апякун студэнта Ю. Славацкага – будучага вядомага польскага паэта.

Збіраў крыніцы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, крытычна іх аналізаваў, знайшоў у Віленскім кармеліцкім кляштары польскамоўны тэкст Першага статуту ВКЛ.

Пасля падаўлення паўстання 1830–1831 года і закрыцця Віленскага ўніверсітэта, пакінуў педагагічную дзейнасць, як «асоба, якая не правільна мысліць».

Галоўная яго праца «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» грунтуецца на звестках Літоўскай метрыкі, М. Стрыйкоўскага, А. Нарушэвіча, І. Анацэвіча, Т. Нарбута, К. Богуша, М. Карамзіна, Е. Фойгта.

Аўтар прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян», «Пра стан цывілізацыі Літвы перад i пасля заснавання акадэміі», «Матэрыялы да статыстыкі i этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет».

Вывучаў паходжанне колішніх плямёнаў на геаграфічнай Беларусі, фальклор i этнаграфію беларусаў, цікавіўся археалогіяй.

1863 год. Выйшаў зварот Літоўскага правінцыяльнага камітэта на чале з К. Каліноўскім да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. 

Паўстанне пачалося на тэрыторыі Польшчы 22 студзеня, а на тэрыторыі Літвы і Беларусі – 1 лютага пасля закліка лідара паўстання. Паўстанне цягнулася, галоўным чынам, да 18 чэрвеня, а поўнасцю задушана рускім царызмам увосень 1864 года.

Паўстанне 1863-1864 гадоў выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860–1870-я гады, стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Падчас паўстання загінула да 30 000 чалавек, да 20 000 было рэпрэсавана. У Польшчы статут ветэрана студзеньскага паўстання ў 1920–1939 гадах атрымалі 3 644 чалавек – гэта тыя, хто заставаўся ў жывых. У 1920-я гады ў сённяшнім пасёлку Свір на самым высокім месцы над аднайменным возерам быў устаноўлены помнік у гонар паўстанцаў з белым арлом, які быў зруйнаваны Саветамі ў 1939 годзе, а белы арол скінуты ў возера.

1874 год. Памерла Гелена Скірмунт. 

Беларуская і польская мастачка. Пляменніца Напалеона Орды.

Малявала партрэты, пейзажы, абразы для касцёлаў.

Як скульптар выканала шмат распяццяў, медальёнаў з партрэтамі, у тым ліку І. Лялевеля, Ю. Крашэўскага. Аўтар гіпсавых плакет «Міндоўг», «Гедзімін», гістарычных шахмат у выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў і іншых прац.

У 1863 годзе за спробу даставіць дэпешу Р. Траўгуту арыштавана і саслана ў Тамбоў.

Б. Залескім часткова апублікаваны яе дзённік разам з лістамі пад назвай «3 жыцця літвінкі, 1827-1874».

1884 год. Нарадзіўся Аляксандр Сянкевіч. 

Дзяржаўны дзеяч БССР, нарком аховы здароўя, публіцыст.

Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, пасля разгону якога з’ехаў у ЗША, дзе скончыў медыцынскі факультэт Балтымарскага ўніверсітэта.

У 1917 годзе арганізаваў медслужбу савецкіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе. 

У 1921–1923 гадах быў наркамам аховы здароўя БССР, пасля – працаваў на партыйных пасадах, у беларускім сектары Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве, у БДУ, рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі, у Інстытуце літаратуры і мастацтва акадэміі навук, дырэктарам Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, ва Усесаюзным радыёкамітэце.

Пасля 1930 года ў палітычнай няласцы, высланы з Беларусі. Арыштаваны ў  студзені 1938 года, у чэрвені прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны 29 чэрвеня 1938 года.

Быў неаднаразова выведзены ў літаратурных творах: Якубам Коласам, як Алесь Садовіч у трылогіі «На ростанях» і як правобраз Бас-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі», А. Фадзеевым, як доктар Сташынскі ў рамане «Разгром».

Імем Сянкевіча названа вуліца ў Мікалаеўшчыне.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Прытыцкі. 

Беларускі палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР.

Дзеяч Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. У 1936 годзе прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвым турэмным зняволеннем, вызвалены ў 1939 годзе пад час паходу Чырвонай Арміі і прызначаны намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама.

У чэрвені-жніўні 1941 года ўдзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва. Падчас вайны – начальнік Польскага штаба партызанскага руху.

У пасляваенны час быў першым сакратаром Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкамаў КПБ, намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1968–1971).

Памёр 13 чэрвеня 1971 года.

Яго імем названыя вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, Магілёве (Бароўка), сквер у Мінску.

1994 год. Памёр ураджэнец Рэчыцы Яўген Караткевіч. 

Палярны даследчык, доктар геаграфічных навук, прафесар, Герой Сацыялістычнай працы, віцэ-прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР.

Унёс вялікі ўклад у вывучэнне прыроды, прыродных багаццяў Арктыкі і Антарктыды. Удзельнік Першай комплекснай антарктычнай экспедыцыі, непасрэдны кіраўнік трох экспедыцый на лядовы мацярык, у 1962–1989 гадах узначальваў Савецкую антарктычную экспедыцыю. 

Аўтар больш за 200 навуковых прац, кіраўнік работ па падрыхтоўцы і выданню серыі навуковых атласаў прыроды. Пахаваны на Серафімаўскіх могілках Санкт-Пецярбурга. У яго гонар названа падледніковае плато ў Антарктыдзе.

Дзень у гісторыі. 31 студзеня. Brexit. Дзень нараджэння гарэлкі. Заснаваны краязнаўчы музей

Міжнародны дзень ювеліра (International day of the jeweler). 

Слова “ювелір” паходзіць ад французскага joyau – “скарб”, якое, у сваю чаргу ўзыходзіць да лацінскага jocellum – “каштоўнасць”.

Прафесія ювеліра адна з самых старажытных – жаданне атачаць сябе каштоўнасцямі існавала нават у першабытных людзей, а багацце упрыгожванняў сведчыла аб становішчы і статусе іх уладальнікаў. Першыя ўпрыгожванні выраблялі з разнастайных дапаможных матэрыялаў, якія паддаюцца апрацоўцы прымітыўнымі прыладамі тых часоў. Гэта маглі быць каралі з ракавінак, іклаў жывёл, каменьчыкі з дзіркай на скураной палосцы. Самыя раскошныя ўпрыгожванні насіў правадыр племя.

Першабытныя людзі выраблялі амулеты, бранзалеты, пярсцёнкі, якія павінны былі абараняць іх ад злых духаў і хвароб, дапамагаць удаламу паляванню.

У VII стагоддзі да нашай эры людзі сталі вырабляць медныя вырабы, навучыліся гнуць, каваць, свідраваць і абточваць метал.

Родапачынальнікам ювелірнага мастацтва стала Старажытная Элада. Тут упершыню было засвоена разьбярства па камені, з’явіліся ўпрыгожванні, выкананыя з каштоўных металаў з самацветамі.

У Беларусі першым увайшоў у гісторыю ювелірнай справы полацкі злотнік Лазар Богша, які ў 1161 годзе вырабіў крыж-каўчэг для Еўфрасінні. Усяго ж архівы захоўваюць больш за 1 500 імёнаў ювеліраў з беларускіх зямель.

Дзень ювеліра з’яўляецца добрай нагодай здзейсніць прыемную пакупку або зрабіць доўгачаканы падарунак блізкім людзям.

Дзень ювеліра

Апанас і Кірыла. Гусінае свята (народны каляндар). 

Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз»

Памяць свяціцеляў Афанасія Вялікага – аднаго з айцоў грэцкай царквы ІV стагоддзя,  Кірыла – патрыярха Александрыйскай царквы.

1563 год. Пачатак асады Полацка маскоўскімі захопнікамі Івана IV Жахлівага падчас Лівонскай вайны. 

Маскавітаў было ад 31 000 да 150 000 войска і 200 асадных гармат. Абаронцы мелі толькі 2 000 салдат, 400 наемнікаў і нямецкую роту, 38 гармат. 

Выбар Полацка для нападу, цалкам відавочны – ён быў найбуйным і найбагатым горадам Вялікага княства Літоўскага, з насельніцтвам ледзь не 100 000 чалавек. Тут рускае войска магло разлічваць на велізарную здабычу. Акрамя таго, узяцце Полацка давала цэлы шэраг тактычных пераваг: кантроль над Дзвіной, прамыя зносіны з Лівоніяй, адкрыты шлях на Вільню. 

Полацак спрадвеку лічыўся Рурыкавічамі адной са сваіх галоўных вотчын. Іван IV любіў апрануць свае палітычныя і ваенныя акцыі ў форму святой вайны супраць ворагаў веры і царквы. У паход ён узяў са сваёй казны некалі вывезены крыж Св. Еўфрасінні Полацкай (у 1222 годзе скрадзены і вывезены ў Смаленск, у 1514 году вывезены ў Маскву), каб вярнуць яго ў полацкі Спаскі манастыр.

 У выніку захопу Полацка 15 лютага 1563 года, Іван Жахлівы горад цалкам спаліў і з зямлёй зраўняў, загадаў без шкадавання засекчы болей за 20 000 гараджан, гнаць на Маскву больш як 60 000, а кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Манахаў-бернардынаў закатаваць, “жыдоў хрысціць або патапіць у Дзвіне”.

абарона Полацка

1833 год. Нарадзіўся Станіслаў Сільвестровіч. 

Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. Паўстанцкі начальнік Гродзенскага ваяводства.

Скончыў Тартускі ўніверсітэт. У сваім маёнтку Гожа пад Гродна значна аблягчыў павіннасці сялян. У першыя месяцы паўстання Гожа была цэнтрам паўстанцкай дзейнасці.

Арыштаваны ў ліпені 1863 года разам з паўстанцкім сакратаром, дваюродным братам Зыгмунтам Урублеўскім.

У 1864 годзе быў высланы ў сібірскія шахты на катаргу на 8 год.

Вярнуўся да дому ў 1878 годзе.

Памёр каля 1910 года ў Стрэльчым на Валыні.

1865 год. Абарона Дз. Мендзялеевым доктарскай дысертацыі “Аб ўлучэнні спірта з вадой”. 

“Дзень нараджэння расійскай гарэлкі”. Заслуга Мендзялеева ў тым, што ён абгрунтаваў сучасны стандарт утрымання спірту ў гарэлцы, які спрыяльны па ўздзеянні на жывы арганізм – водна-спіртавы раствор з канцэнтрацыяй этанолу 40% па аб’ёме. Грунтуючыся на гэтых дадзеных, была распрацавана рэцэптура гарэлкі пад назвай “Маскоўская асаблівая”, якая ў 1894 годзе была запатэнтавана расійскім урадам як руская нацыянальная гарэлка.

Яшчэ 10 000 гадоў да нашай эры людзі даведаліся пра асаблівасці спіртных напояў з мёду, садавіны і ягад. Наогул прататып гарэлкі вырабіў яшчэ ў XI стагоддзі персідскі лекар Ар-Разі, які шляхам звычайнай перагонкі вылучыў этанол. Мусульманін выкарыстоўваў гарэлку выключна ў медыцынскіх мэтах.

“Гарэлка” – ад нямецкага Brent Wein — “гарэлае віно” (паказвае, што перагнанае, дыстыляванае) з’явілася ў ВКЛ на мяжы XV-XVI стагоддзяў з Германіі. Да канца XVII – пачатку XVIII стагоддзяў паступова выцясніла піва і мёд пітны. У залежнасці ад ступені дыстыляцыі яе мацунак вагаўся ад 15-20 % (простая гарэлка) да акавіты (пад 70%). 

Папулярнымі напоямі шляхты былі розныя напоі на аснове гарэлкі – зуброўка, крупнік, крамбамбуля, траянка і іншыя. Старка – гарэлка, вытрыманая ў дубовых бочках на працягу 5-10 гадоў. Асноўнай сыравінай для вырабу гарэлкі доўгі час было жыта, аднак з 1830-х гадоў спірт і гарэлку пачалі атрымліваць пераважна з бульбы, што рэзка знізіла яе сабекошт, а разам з тым і якасць (цяжка ачысціць ад сівушных алеяў).  У XIX стагоддзі ў Беларусі выраблялася больш за 16 літраў гарэлкі на чалавека штогод. Зараз 12 прадпрыемстваў  вырабляюць 11 мільёнаў дэкалітраў, або 12 літраў на жыхара.

Мендзялееў

1892 год. Нарадзіўся Алесь Гурло. 

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст.

Член РСДРП (1909). У Першую сусветную вайну служыў на Балтыйскім флоце, быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, Грамадзянскай вайны.

Працаваў у Наркамаце асветы БССР, газеце «Савецкая Беларусь», у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, у Інстытуце мовы акадэміі навук. Браў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія», рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы Капыля і краёвы слоўнік Капыльшчыны.

Аўтар вершаў, драм, 5 зборнікаў паэзіі, перакладаў на беларускую мову твораў рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

Арыштаваны ДПУ у 1930 годзе, у 1931 годзе высланы ў Самару на 5 гадоў.

Памёр 4 лютага 1938 года. Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.

Алесь Гурло

1893  год. Заснавальнікам кампаніі The Coca-Cola Company А. Кендлерам  зарэгістраваны таварны знак “Coca-Cola”. 

Напой – дамінант на сусветным рынку безалкагольных напояў на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. 

Назва напою адносіцца да двух яго арыгінальных інгрыдыентаў: лісця кокі і арэхаў кола – крыніцы кафеіну. 

У сакавіку 1886 года Дж. Пембертон спрабаваў знайсці новы болесуцішальны сродак. Узяў цукровы сіроп, кафеін, дадаў у яго адвар кокі і атрымаў стымулюючы салодкі напой карычневага колеру.

У аптэку “Джэйкобс” у Атланце ён паступіў як лек ад расстройстваў нервовай сістэмы, на што аўтар атрымаў патэнт. Любы наведвальнік аптэкі, апусціўшы ў аўтамат 5 цэнтаў, мог атрымаць шклянку гаючага напою. Працягваючы эксперыментаваць з сіропам, у яго дадалі газіроўку.

Coca-Cola

1896 год. Памёр Міхаіл Мікешын. Вядомы расійскі скульптар, мастак, жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар беларускага паходжання.

За час навучання ў Акадэміі Мастацтваў атрымаў усе акадэмічныя узнагароды, шэраг медалёў і быў удастоены звання класнага мастака I-й ступені.

Пераможца конкурса (1858) на праект помніка «Тысячагоддзе Расіі» у Ноўгарадзе. 8 верасня 1862 года помнік урачыста адкрыты. Вышыня манумента з крыжом і фігурай анёла ўверсе – каля 16 метраў, дыяметр – каля 9 метраў, вага – 65,5 тон.

Сярод фігур на помніку: хрысціцель Русі Уладзімір Святаслававіч – муж Рагнеды Рагвалодаўны, Пётр Магіла – заснавальнік царквы ў магілёўскім Падміколлі, архібіскуп Георгі Каніскі, вялікія князі Яраслаў Мудры – сын Рагнеды, Аляксандр Неўскі – зяць полацкага князя Брачыслава, Гедымін, Альгерд, Вітаўт, князь Пскоўскі Даўмонт – сын Міндоўга, князь Канстанцігн Астрожскі, выхадцы з літоўскіх зямель князь Р. Пацёмкін, кампазітар М. Глінка.

Цікава, што над фігурамі расійскіх асветнікаў знаходзіцца адліты ў бронзе нецэнзурны надпіс.

У 1865 годзе Мікешын наведвае малую радзіму, Клімавічы. У Клімавічах яго запрасілі на рэкруцкі набор. Мікешын не мог вытрымаць відовішча набору сялян у армію, ціха выйшаў, узяў альбом, аловак і намаляваў гэтыя сцэны з натуры. На працягу 27 гадоў мастак вяртаўся ў Клімавічы, пра якія пакінуў жывыя сведчанні эпохі, жыцця, быту жыхароў. Апошняя замалёўка Мікешына з Клімавіч адносіцца да 1892 года – «Паштовая эстафета».

У 1888 годзе па яго праекце ўзведзены помнік Б. Хмяльніцкаму ў Кіеве, пазней – помнік Кацярыне II у Пецярбургу.

Пахаваны ў Аляксандра-Неўскай лаўры на Нікольскіх могілках.

Міхаіл Мікешын

31 студзеня 1911 года ў вёсцы Куляшоўка – цяпер Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці – нарадзіўся поўны кавалер ордэна Славы Афанасій Кляцко.

Сапёрам ён прайшоў фронты ад Беларусі да Польшчы і Германіі, удзельнічаў у аперацыях «Баграціён», Вісла-Одэрскай і Берлінскай, за подзвігі тройчы атрымаў ордэн Славы ўсіх ступеняў. Пасля вайны жыў у Магілёве, дзе і памёр 8 ліпеня 2001 г. 

Афанасій Кляцко

1918 год. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камісарыята. 

Белнацкам – аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей СНК РСФСР. Дзейнічаў у Петраградзе да сакавіка 1918 года, потым у Маскве да сакавіка 1919 года. У процівагу ўраду БНР, вёў агітацыйную, культурна-асветніцкую, выдавецкую працу, прапагандуючы ідэю стварэння беларускай савецкай дзяржавы сярод беларусаў-бежанцаў. 

Меў аддзяленні ў Петраградзе, Маскве, Віцебску, Саратаве, Смаленску, прадстаўнікоў у Оршы, Арле, Калузе, Саратаве, Тамбове. Пры Белнацкаме працавалі клубы “Беларуская хатка” ў Петраградзе, “Беларус” у Маскве, выходзіла газета “Дзяннiца”, часопісы “Чырвоны шлях”, “Беларуская крыніца” (“Крыніца”), Беларускі народны ўніверсітэт. 

Першы старшыня – камісар А. Чарвякоў, супрацоўнікі: Г. Багдановіч, І. Дварчанін, К. Дуж-Душэўскі, Зм. Жылуновіч, Я. Канчар, П. Каравайчык, Ф. Турук.

газета крыніца

1918 год – пераход на новы каляндар.

31 студзеня 1918 г. для жыхароў Магілёва стала апошнім днём «старога стылю»: мясцовы гістарычны артыкул пра люты 1918 года нагадвае, што «магілёўцы ляглі спаць 31 студзеня 1918 года, а прачнуліся ранкам 14 лютага» – так у жыцці горада адбіўся пераход на грыгарыянскі каляндар.

1919 год. Адкрыты Магілёўскі губернскі музей. 

З 1938 года – абласны краязнаўчы. Быў зусім спустошаны і разрабаваны ў гады Вялікай Айчыннай. Першая пасляваенная экспазіцыя ў трох залах у Доме Саветаў адкрылася ў 1951 годзе. У будынку на сённяшняй плошчы Славы адначасова ўсе экспазіцыі ў 20 залах музея адкрыты 15 лістапада 1967 года. 14 ліпеня 2005 г. музею прысвоена імя Е. Раманава.

Першы магілёўскі музей пры губернскім статыстычным камітэце быў адкрыты 15 лістапада 1867 года. Меў больш за 1500 экспанатаў, сярод іх: кальчуга са старажытнага кургана на Быхаўшчыне, грамата 1679 года караля Станіслава Панятоўскага на пацверджанне Мсціславу Магдэбургскага права, сані Напалеона і іншыя.

краязнаўчы

1929 год. Нарадзіўся Анатоль Грыцкевіч. 

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Даследчык гісторыі Беларусі перыяду феадалізму.

Скончыў Мінскія інстытуты – медыцынскі, педагагічны замежных моў, БДУ. Працаваў лекарам, у Інстытуце гісторыі АН БССР, у інстытуце культуры, дырэктарам НДІ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, быў прэзідэнтам МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (2001-2005)

У манаграфіях “Частновладельческие города Белоруссии в ХVI—ХVIII вв.”, “Социальная борьба горожан Белоруссии в ХVI—ХVIII вв.” вызначыў колькасць прыватнаўласніцкіх гарадоў, іх тыпы, узровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання, іх ролю як ваеннай апоры, грунтоўна прааналізваў Магдэбургскае права.

Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага стану, генеалогіі шляхты і выбранцаў, кніг “Выбранае”, “Сцягі Оршы”.

Памёр 20 студзеня 2015 года.

Анатоль Грыцкевіч

1930 год. Памёр Бенедыкт Дыбоўскі. 

Расійскі, беларускі і польскі заолаг, прыродазнавец, урач. Член-карэспандэнт АН СССР

Доктар медыцыны (1860), прафесар заалогі i палеанталогіі ў Варшаве. За ўдзел у паўстанні ў 1864 годзе асуджаны да смяротнага пакарання, якое пасля звароту да царскага ўрада нямецкіх вучоных, палітыка Ота фон Бісмарка, заменена на 15 гадоў катаргі ў Сібіры.

Даследаваў жывёльны i раслінны свет возера Байкал, рэк Амур i Ангара, узбагаціў заалогію шэрагам новых адкрыццяў, вывучаў Камчатку.

3 1882 года прафесар заалогіі ў Львоўскім універсітэце, у якім арганізаваў музей заалогіі з камчацкіх экспанатаў. Вывучаў беларускія азёры Любань, Свіцязь, Чорнае i іншыя, гісторыю і этнаграфію беларусаў.

Пахаваны на Лычакоўскіх могілках у Львове.

Польская манета ў 10 злотых. 

Бенедыкт Дыбоўскі

1957 год. У Мінску заснаваны Дзяржаўны музей Беларусі. 

Зараз Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы Карла Маркса, 12. 

Адзін з найбольш папулярных музеяў краіны з самай вялікай музейнай калекцыяй – больш за 400 000 адзінак захоўвання. Штогод музейны збор павялічваецца прыблізна на 2 000 – 3 000 адзінак. 

Шэраг музейных прадметаў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў 1-й і 2-й катэгорыі: скарб манет рымскай чаканкі І-ІІ стагоддзяў, «пояс Вітаўта», царскія вароты з іканастаса Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка XVIII стагоддзя, партрэт Ёзафа Празора другой паловы XVIII стагоддзя.

Мае 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Свой пачатак музей бярэ ад Мінскага абласнога музея (1919).

нацыянальны гістарычны
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

1961 год. Першы запуск амерыканцамі ў космас жывой істоты —шымпанзэ. 

У СССР запускалі сабак, а амерыканцы адправілі шымпанзэ Хэма (1956-1983) на караблі «Меркурый-Рэдстаўн-2». 

Палёт доўжыўся 16 хвілін 39 секунд. З-за няправільна разлічанай траекторыі руху карабель падняўся на вышыню 253 км замест запланаваных 182, узровень кіслароду і ціск у кабіне ўпалі. 

Бартавыя камеры запісалі тое, што адбывалася ў кабіне і жах на пысе шымпанзэ з-за бязважкасці. Скончыўся палёт у Атлантычным акіяне. Хэм не пацярпеў – адразу пасля ўскрыцця капсулы быў зроблены здымак, дзе ўсмешлівы шымпанзэ цягне лапы да яблыка.

шымпанзэ Хэм

1975 год. Нарадзіўся Альгерд (Алег) Бахарэвіч. 

Беларускі пісьменнік і перакладчык.

Працаваў настаўнікам, журналістам. Вакаліст і аўтар тэкстаў панк-гурта «Правакацыя» (1993-2000). Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Бум-Бам-Літ». Сябра беларускага ПЭН-цэнтра. У 2012 годзе пасля публікацыі эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» (з крытыкай Янкі Купалы) выйшаў з Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У 2007-2013 гадах жыў у Гамбургу, з 2020 года жыве ў Аўстрыі.

Піша пераважна прозу – аўтар больш 20 кніг, раманаў, аўтар і зборніка вершаў.

Перакладчык твораў нямецкіх класікаў і сучасных аўтараў.

Вёў на Радыё Свабода цыкл перадач «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Каляндар Бахарэвіча», «Цуды і дзівосы Беларусі», калонкі ў чэшскім часопісе HOST, на сайце грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» і іншыя.

Па яго асобных творах растаўлены спектаклі. Паасобныя яго творы перакладаліся на англійскую, французскую, нямецкую, чэшскую, украінскую, балгарскую, славенскую, рускую, польскую, літоўскую мовы.

У 2015 годзе апавяданне Бахарэвіча «Талент заікання» ўвайшло ў анталогію найлепшай еўрапейскай кароткай прозы «Best European Fiction».

Лаўрэат шматлікіх фестываляў, прэмій, у тым ліку, «Гліняны Вялес», імя Ежы Гедройца (5), «Кніга году» (2), Эрвіна Піскатара (Германія).

Альгерд Бахарэвіч

2020 год. Вялікабрытанія афіцыйна выйшла з Еўрапейскага Саюза. 

Першы выхад у гісторыі ЕС. Брытанцы прагаласавалі за брэксіт – 52%, супраць – 48% у чэрвені 2016 года, але потым доўга спрачаліся паміж сабой, якім ён уласна павінен быць: мяккім, жорсткім, паўмяккім. Двойчы змянілі прэм’ераў, двойчы пераабралі парламент – і нарэшце ў студзені 2020 года Барыс Джонсан падпісаў пагадненне аб разводзе з ЕС пасля 45 гадоў сумеснага жыцця.

У выніку выхаду Брытанія сутыкнулася з дэфіцытам самых нечаканых рэчаў – некаторых прадуктаў харчавання, алкаголю, паліва, будматэрыялаў і запчастак. 60% імпарту завозілася з Еўропы. Сутыкнулася са значнымі праблемамі на рынку працы: ні кухараў, ні афіцыянтаў, ні сезонных працоўных у палях. Краіна пазбавілася танных іспанскіх салат, він, алівак, алею, нідэрланскіх кветак, польскай гародніны і цвікоў, недарагіх румынскіх сядзелак, італьянскіх піцаёла, грэцкіх цырульнікаў. 

Брэксіт адправіў эканоміку Вялікабрытаніі ў накдаўн. У сярэднетэрміновай перспектыве Брытанія недалічыцца ад 4 да 7% эканамічнага росту. Скараціўся экспарт, бо рынак ЕС адкрываў брытанцам доступ да кішэняў паўмільярда патэнцыйных кліентаў. Брэксіт-бар’еры ў гандлі абышліся Вялікабрытаніі 1/7 яе ранейшага тавараабароту. Іміграцыя ў Брытанію абвалілася амаль на 90% – з-за квіда і брэксіту, але вырасла колькасць нелегальных мігрантаў, а на палях гніе ўраджай і няма каму вадзіць фуры, няма каму забіваць свіней, вырошчваць індычку да Калядаў. Брытанцы пазбавіліся права працаваць у любой з 27 краін ЕС. 

Брэксіт паставіў пад пагрозу і даходы Вялікабрытаніі, і адзінства каралеўства. Ірландцы і шатландцы ўсё больш жадаюць разводу з Англіяй. Развод з ЕС знізіў ролю Брытаніі ў сусветнай палітыцы, яна зблізілася з ЗША, а на еўрапейскім фронце голас Брытаніі гучыць усё цішэй.

Брэкзіт

Дзень у гісторыі. 30 студзеня. Скончылася вайна, у якой загінула палова беларусаў

1667 год. Дзень Андрусаўскага замірэння. 

Скончылася самая стратная ў гісторыі Беларусі вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў, у якой загінуў кожны другі жыхар на нашых землях. 

Дамова была падпісана тэрмінам на 13,5 гадоў. Пагадненне было заключана ў вёсцы Андрусава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў.

Да Масквы перайшлі Смаленскае ваяводства, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, Левабярэжная Ўкраіна. За землі Левабярэжнай Украіны Масковія сплаціла 1 000 000 злотых.

Кіеў быў перададзены Масковіі на 2 гады, але так і не быў вернуты, у 1686 годзе Масква за яго сплаціла 146 000 рублёў.

Запарожская Сеч апынулася пад агульным пратэктаратам. Гэта развеяла спадзевы запарожцаў на стварэнне ўласнай дзяржавы, і казацкі гетман Пятро Дарашэнка пачаў шукаць дапамогі ў туркаў.

Андрусаўскі мір

1820 год. Эдвард Брансфілд адкрыў Антарктыду і аб’явіў яе тэрыторыяй Вялікабрытаніі. 

Гэта адкрыццё аспрэчваецца рускімі – 28 студзеня экспедыцыя Ф. Белінсгаўзена і М. Лазарава заўважыла пакрытую лёдам сушу. 

У 1820-1840-х гадах найбольшы ўнёсак у вывучэнне Антарктыды зрабілі француз Дзюмон-Дзюрвіль, брытанцы Дж. Уэдэл і Дж. Рос. 

На сёння Аргенціна, Аўстралія, Вялікабрытанія, Германія, Нарвегія, Новая Зеландыя, Францыя, Чылі маюць свае сектары ў Антарктыдзе. 

Тут існуе больш за 100 антарктычных станцый, у тым ліку беларуская – Гара Вячэрняя. Беларус В. Карпюк зафіксаваў у 1983 годзе на станцыі “Усход” самую нізкую тэмпературу на планеце:  – 89,2 °C, а А. Гайдашоў у 1989 годзе на станцыі “Ленінградская” самы моцны вецер на Зямлі – 78 м/сек. 

Антарктыдзе прысвоены інтэрнэт-дамен верхняга ўзроўню.aq і тэлефонны прэфікс +672, тут дзейнічаюць два банкаматы, на некаторых станцыях нараджаюцца дзеці.

Антарктыка

1833 год. Нарадзіўся Апалінар Гараўскі. 

Беларускі мастак. Брат мастакоў Іпаліта і Гілярыя Гараўскіх. Акадэмік жывапісу.

Вучыўся ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе, Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, у студыях у Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме, Парыжы ў вядомых еўрапейскіх майстроў.

Жыў у мястэчку Свіслач і маёнтку Уборкі (зараз – Пухавіцкі раён), у набытым маёнтку Кірылавічы пад Пецярбургам.

Многа вандраваў па Беларусі, Украіне, Расіі і рабіў эцюды, замалёўкі.

Супрацоўнічаў з заснавальнікам Траццякоўскай галерэі П. Траццяковым.

Майстар пейзажу. У Беларусі  напісаў свае лепшыя палотны, у тым ліку «Від дубовага гая на беразе ракі Свіслач непадалёк ад Бабруйска», «Вечар у Мінскай губерні», «Рака Свіслач», «Пераход статка праз Бярэзіну ў наваколлі Бабруйска перад дажджом».

Цікавіўся народнымі тыпамі, што праявілася ў карцінах «Старая, якая моліцца», «Селянін». Напісаў мноства партрэтаў, сярод якіх вылучаюцца партрэты М. Глінкі, М. Бенуа, Ф. Бруні, А. Глазунова, А. Даргамыжскага, прадстаўнікоў царскага дома і іншыя.

Творы мастака знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі,  калекцыі Белгазпрамбанка, музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, у галерэях, музеях Іркуцка, Мурама, Стаўрапаля, Пензы, у Крапіўніцкім (Україна) і іншых.

Памёр 28 сакавіка 1900 года ў шпіталі ў Пецярбургу.

Апалінар Гараўскі

1895 год. У в. Мышкавічы (цяпер – Кіраўскі раён) нарадзіўся Кірыла Арлоўскі. 

Беларускі дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч. Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы – з такімі званнямі толькі два беларусы, яшчэ П. Машэраў. Кандыдат у члены ЦК КПСС. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і СССР.

Удзельнік  Першай Сусветнай вайны, камандзір партызанскіх атрадаў, якія змагаліся з германскімі (1918), польскімі (1920) войскамі, удзельнік баёў супраць войск Булак-Балаховіча.

У 1922-1925 гадах учыняў дыверсіі ў Заходняй Беларусі. Служыў у ДПУ-НКУС, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі (1936-1939), барацьбе кітайцаў супраць японскай агрэсіі (1940-1942), арганізатар партызанскага руху ў Беларусі (1942-1944).

У 1944-1968 гадах узначальваў калгас «Рассвет» Кіраўскага раёна, які быў вядомым па сваіх эканамічных паказчыках ва ўсім СССР.

Памёр 13 студзеня 1968 года.

Яго імя прысвоена калгасу «Рассвет», санаторыю, Кіраўскай СШ № 2, Магілёўскаму агралесатэхнічнаму каледжу ў Буйнічах, вуліцам у Бабруйску, Ганцавічах, Кіраўску, Клецку, Ляхавічах, Магілёве, Буйнічах. На радзіме ўстаноўлены бюст.

Кірыла Арлоўскі

1899 год. Нарадзіўся Міхась Лынькоў. 

Народны пісьменнік БССР, Акадэмік АН БССР.

Працаваў у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст», арганізатар і кіраўнік Бабруйскага філіяла «Маладняка». Працаваў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР.  

Аўтар шматлікіх зборнікаў прозы, нататкаў, апавяданняў, нарысаў, раманаў, Збораў твораў у 4-х і ў 8 тамах.

Дзяцям вядомы па кнігах «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».

Памёр 21 верасня 1975 года.

Яго імя носяць школа ў Лёзненскім раёне і вуліца  ў Мінску.

Міхась Лынькоў

1902 год. У маёнтку Скубейкава (зараз у складзе в. Дварэц Глускага раёна) нарадзіўся Сцяпан Шутаў. 

Удзельнік грамадзянскай і Другой Сусветнай войнаў. Двойчы Герой Савецкага Саюза – адзін з 7 беларусаў і адзін з 3-х ураджэнцаў Магілеўшчыны разам з І. Якубоўскім і І. Гусакоўскім.

На службе ў войску з 1924 года. Да вайны камандаваў танкавым батальёнам.

Ваяваў на Заходнім, Волхаўскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Украінскіх франтах, удзельнічаў у бітве пад Масквой, на Курскай Дузе, фарсіраваў Дняпро, вызваляў Кіеў, герой Яска-Кішынёўскай апэрацыі. 

Службу скончыў намеснікам камандзіра механізаванага корпуса пасля цяжкага ранення ў Трансільванскіх Альпах і ампутацыі рукі ў верасні 1944 года.

Памёр 17 красавіка 1963 года ў Кіеве.

Бронзавы бюст усталяваны ў 1949 годзе на радзіме – в. Дварэц Глускага раёна, у 1970-х са згоды сям’і бюст перанесены ў цэнтральны парк Глуска, ягоным імем названы вуліцы ў Маскве, Кіеве, Асіповічах, Бабруйску, Глуску, в. Сіманавічы Бабруйскага раёна, школа ў Глускім раёне.

Сцяпан Шутаў
44 – Основной

1916 год. Памёр ураджэнец Мазыра Эдуард Каверскі. 

Расійскі ваенны дзеяч, генерал ад інфантэрыі, картограф, пад кіраўніцтвам якога ўпершыню была складзена карта Азіяцкай часткі Расійскай Імперыі, фундатар касцёла святога Аляксея ў Івянцы.

Член-заснавальнік Рускага астранамічнага таварыства, член Пецярбургскага мінералагічнага, Рускага геаграфічнага таварыства – памочнік старшыні Аддзялення геаграфічнай матэматыкі. Удастоены Малога залатога медаля Геаграфічнага таварыства за складанне карт. Начальнік Трыянгуляцыі Заходняй памежнай прасторы.

Пахаванне ў г. Івянец у крыпце касцёла Св. Аляксея. У 2022 годзе каля касцёла ўсталявана мемарыяльная дошка.

Эдуард Каверскі

1921 год. Нарадзіўся Іван Шамякін. 

Беларускі сцэнарыст, драматург, грамадскі дзеяч, Народны пісьменнік. Герой Сацыялістычнай Працы. Акадэмік.

Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985). Галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (1980-1992).

Аўтар многіх раманаў, п’ес, кніг апавяданняў і аповесцей, кніг публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Некаторыя з іх былі інсцэніраваны на «Беларусьфільме», ставіліся ў тэатрах, уключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры.

У яго гонар названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Кармянская бібліятэка, усталяваны мемарыяльныя дошкі ў Мінску, у аграгарадку Карма Добрушскага раёна, бюст і помнік у Карме і Добрушы, зняты дакументальныя фільмы.

Памёр 14 кастрычніка 2004 года.

Іван Шамякін

1922 год. У Мінску быў створаны Інстытут беларускай культуры (ІБК), які ў 1928 годзе рэарганізуюць у Беларускую акадэмію навук. 

ІБК, Інбелкульт – першая ў Беларусі вышэйшая шматгаліновая навукова-дасьледчая ўстанова. Створана на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР.

Мусіў мець у сваім складзе 7 секцый, аднак былі створаны толькі дзве: этнолага-лінгвістычная (са слоўнікавай, тэрміналагічнай і літаратурна-даследчай камісіяй) і прыродазнаўчая (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). 

У распрацоўцы першага статуту ІБК удзельнічалі У. Пічэта, Я. Карскі, Зм. Жылуновіч, Язэп Дыла. Першы старшыня – С. Некрашэвіч (1922-1924), першыя супрацоўнікі: У. Чаржынскі (сакратар ІБК), М. Азбукін, М. Байкоў, Л. Більдзюкевіч, М.  Грамыка, М. Гуткоўскі, К. Міцкевіч (Якуб Колас), І. Луцэвіч (Янка Купала), Ч. Родзевіч і іншыя.

Інбелкульт будынак

1925 года. Заснаваны першы беларускі запаведнік – Бярэзінскі. 

Створаны пастановай СНК БССР як Дзяржаўны паляўнічы запаведнік з мэтай аховы дзікіх жывёл і птушак, і асабліва баброў, на плошчы 43 345 дзесяцін (60 000 га). Зараз Бярэзінскі біясферны запаведнік – вялікі комплекс хваёвых лясоў, якія перамяжаюцца з верхавымі і нізіннымі балотамі і поймамі рэк. 

Тут захаваліся ўнікальныя ў Еўропе балотныя масівы агульнай плошчай 50 700 га.

Бабры, дзеля аховы якіх быў заснаваны запаведнік, у 2005 годзе былі выключаны з новай рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі.

У Бабруйску ў 2006 годзе ўстаноўлены помнік бабру.

Бярэзінскі запаведнік

1935 год. Нарадзіўся Эрнст Ляўкоў. 

Беларускі геолаг, краязнавец. Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, Член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Даследаваў рэгіянальную геалогію, рэльеф і карысныя выкапні, пытанні сейсмабяспекі тэрыторыі Беларусі.  Звярнуў увагу на важную ролю тапанімікі пры рэканструкцыі гістарычнага мінулага.

Вывучаў культавыя камяні, рэлікты язычніцтва ў сучасных пакланеннях і ахвяраваннях каменю, напісаў кнігу «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны».

З яго ўдзелам былі ўпершыню распрацаваны неатэктанічная карта і карта неатэктанічнага раянавання Беларусі, створаны Парк валуноў у Мінску.

Памёр 13 верасня 1996 года.

Эрнст Ляўкоў

Дзень у гісторыі. 28 студзеня. Магілёў атрымаў магдэбургскае права

1573 год – абвяшчэнне Варшаўскай канфедэрацыі. 

Яна тычылася забеспячэння свабоды вызнання і вызначыла асновы рэлігійнай памяркоўнасці шляхты і вольных людзей у Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. 

Лічыцца пачаткам узаконенай рэлігійнай свабоды ў дзяржаве, з’яўляецца першым падобным дакумэнтам у Еўропе. Скасавала рэлігійныя матывацыі ў якасці адмазкі за злачынства: забіў ці скраў – ідзеш па крымінальцы і без розніцы пан ці халоп і якой веры. Дыскутуй, непрымай – але рук не распускай.

У 2003 годзе тэкст канфедэрацыі ўнесены ў спіс Памяць свету ЮНЕСКА.

канфедэрацыя Варшаўская

1577 год. Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву магдэбургскае права і герб. 

“Тое место наше Могилевское, яко у своих границах заложено есть, (вместо литовскаго права на) право немецкое, которое майдебурским названо, умыслили есмо преложити”.

Разам з магдэбургскім правам, Магілёў атрымаў свой першы герб – “вежу мурованую, высоко веденую”.

герб Вежа

1588 год. Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Трэці статут Вялікага княства Літоўскага. 

Звод законаў феадальнага права, які закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. 

Да канца 1584 работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы доўгі час не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай.

Трэці Статут ВКЛ

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Дашчынскі. 

Беларускі піяніст і кампазітар. Капітан нацыянальнай віленскай гвардыі.

Выкладчык ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце, дырыжор аркестра мінскага губернскага маршалка Л. Ракіцкага, з якім ён выступаў у розных гарадах Беларусі.

Аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве, у тым ліку вальсы, паланэзы. Таксама аўтар літургічнага твора – Вастрабрамская літанія.

За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І.

Памёр 10 верасня 1844 года.

Юзаф Дашчынскі

1889 год. Нарадзіўся Язэп Мамонька. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, публіцыст.

Стваральнік першага беларускага вайсковага аб’яднання ў Рызе (1917), адзін з заснавальнікаў і каіраўнікоў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра прэзідыума Народнай Рады БНР. Удзельнік Першай і Другой Усебеларускіх канферэнцый.

У 1920-х гадах жыў у Чэхаславакіі і Латвіі. 

На хвалі беларусізацыі пераехаў у БССР і адразу 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ, у 1929 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў, 2 верасня 1937 – да расстрэлу.

Расстраляны 10 верасня 1937 года ў Карэліі. 

Рэабілітаваны Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 года.

Язэп Мамонька
Палута Бадунова і Язэп Мамонька, 1921 г.

1919 год. Нарадзіўся Павел Кармунін. 

Народны артыст Беларусі.

Акцёр франтавых брыгад мастацкай самадзейнасці, тэатра Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне, Казанскага тэатра, Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.

Акцёр запомніўся гледачам па ролях Лявона Зябліка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), дзеда Цярэшкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Торгалы («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Кудасава («Пагарэльцы» А. Макаёнка), Аўдзея («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева) і іншых, па кінастужцы «Рагаты бастыён».

Памёр 1 красавіка 2002 года.

Павел Кармунін

1919 год. Афіцыйнае адкрыццё заснаванага Марка Шагалам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 

Вучылішча пачало працу ў памяшканні былога дому банкіра Вішняка па вуліцы Бухарынскай, 10 (цяпер вуліца Газеты «Праўда»). 

Мэтр запрасіў на працу вядомых мастакоў Івана Пуні, Ксенію Багуслаўскую, Надзею Любавіну, Івана Цільбергза, Мсціслава Дабужынскага, Аляксандра Рома, Казіміра Малевіча, Юдаля Пэна і іншых. 

Першым дырэктарам ўстановы стаў М. Дабужынскі. 

Асобнае месца ў рабоце школы займала «Вольная майстэрня» Марка Шагала, арганізаваная на манер парыжскіх акадэмій. Асноўны ўпор у ёй рабіўся на самастойную працу навучэнцаў.

Віцебскае народнае мастацкае вучылішча

1940 год. У в. Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна нарадзіўся Леанід Дайнэка. 

Беларускі пісьменнік, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К.Каліноўскага і Літаратурнай прэміі імя І.Мележа. 

Адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў.

Працаваў у часопісе «Маладосць», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Заснавальнік фірм «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя).

Аўтар гістарычных раманаў часоў Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага – «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды», «Назаві сына Канстанцінам», зборнікаў вершаў.

Некаторыя вершы пакладзены на музыку.

Памёр 21 жніўня 2019 года.

Леанід Дайнэка

1943 год. Нарадзіўся Міхаіл Пташук. 

Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар. Народны артыст БССР.

Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, на кінастудыі «Беларусьфільм».  

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна), «Чорны замак Альшанскі» (У. Караткевіч), «Знак бяды» (паводле В. Быкава). Сярод фільмаў 1980-1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд», “Кааператыў «Палітбюро», «У жніўні 44-га…».

Лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагарод на прэстыжных кінафестывалях.

Загінуў у аўтакатастрофе 26 красавіка 2002 года ў Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

Міхаіл Пташук

1986 год. Узарваўся амерыканскі касмічны карабель «Чэленджэр». Загінула сем астранаўтаў. 

Гэта адбылося ў 14:01 на 73-й секундзе пасля старту з мыса Канавэрал. Да гэтага часу выказваюцца розныя меркаванні аб прычынах гэтай катастрофы, якая забрала жыццё сямі астранаўтаў.

Большасць экспертаў схіляюцца да той версіі, што выбух мог адбыцца з-за пашкоджанняў у паскаральніку першай ступені з цвёрдым палівам.

касмічны карабель

2003 год. У Вялікабрытаніі пачаўся продаж новага віду паліва – GlobalDiesel. 

Часткова складаецца з тых жа элементаў, што і маргарын, а таксама маянэз. Продаж арганізаваны ў супермаркетах сеткі Sainsbury’s. Вытворца – кампанія Greenwich. 

У GlobalDiesel, якое мае вельмі нізкае ўтрыманне серы, дададзены адпрацаваны рапсавы алей. Прымяненне новага паліва зніжае выкід вуглякіслага газу на 5%. Паліва эканамічнае і таннае ў вытворчасці.

GlobalDiesel

2017 год. Памёр Аляксандр Ціхановіч. 

Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст Беларусі. 

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатра песні (і студыі пры ім; з 2003 г. – прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), музычны кіраўнік беларускага канала «Сталічнае тэлебачанне». 

Аўтар папулярных эстрадных песень.

Аляксандр Ціхановіч

2018 год. Памерла Нэлі Багуслаўская. 

Беларуская спявачка, адна з першых зорак беларускай эстрады. Заслужаная артыстка БССР.

Салістка ансамбля «Арбіта-67» (разам з У. Мулявіным), Беларускай філармоніі.

Пераможца Усесаюзнага конкурса песні ў Маскве (1966).

Яе выканальніцкая манера вылучалася мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый — песні «Белая Русь» Ю.Семянякі, «Спадчына» І. Лучанка.

Памёрла 28 студзеня 2018 года. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках каля мужа Ізмаіла Капланава.

Н. Багуслаўская
І. Капланаў і Н. Багуслаўская

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіўся першы рэктар Магілёўскага педінстытута. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

Канут Русецкі

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

Яўген Бычкоў

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

Тарашкевіч

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма. 

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

Рыгор Шырма

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Нацыянальны гістарычны

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

Еўдакім Раманаў

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць. 

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

Маладзечанская вобласць

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

Сяргей Тарасаў

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

Ганаровы грамадзянін

Дзень у гісторыі. 18 студзеня. Нарадзіўся Іосіф Лангбард

Вадохрышчанскі вечар, вечар перад Багаяўленнем, Галодная куцця, Вадзяная каляда, Вадохрышчанская каляда. 

Вечар напярэдадні Вадохрышча. У гэты дзень успамінаецца хрышчэнне Ісуса Хрыста Іаанам Прадцечам (Хрысціцелем) у рацэ Іардан.

Па традыцыі ўся сям’я збіраецца за святочным сталом. Пачынаць трапезу можна толькі калі ў небе з’явіцца першая зорка. Спачатку чытаюць малітву, а затым спрабуюць святочныя посныя пачастункі. Пасля ўрачыстай трапезы хрысціяне адпраўляюцца ў храмы. Апоўначы, з надыходам свята Вадохрышча, праводзіцца вялікае асвячэнне вады. Звычайна людзі прыносяць крыху святой вады дадому, каб акрапіць ёю жыллё.

Вадохрышча таксама называецца і Богаяўленнем, бо ў гэты дзень Бог явіў Сябе свету ў трох асобах Свайго Бажаства: Бог Сын – Ісус Хрыстос прымаў хрышчэнне ў Іардане, Дух Святы сышоў на Яго ў выглядзе голуба, Бог Айцец засведчыў Ісуса Хрыста голасам з неба.

Вадохрышчанскі вечар з’яўляецца завяршэннем Калядных свят. Заканчваюць гадаць, варажыць, калядаваць.

Хрышчэнне

1401 год. У Вільні вялікі князь Вітаўт выдаў першыя акты Віленска-Радамскай уніі. 

Заключана ў Вільні і ратыфікавана Кароннай Радай у Радаме. Па ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавалася кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

князь Вітаўт

1892 год. Нарадзіўся Іосіф Лангбард. 

Беларускі савецкі архітэктар. Заслужаны дзеяч мастацтваў і архітэктуры БССР. Доктар архітэктуры, прафесар.

Адзін з выдатных архітэктараў Еўропы ХХ стагоддзя, чыя мастацкая спадчына аказвае значны ўплыў на развіццё сучаснай архітэктуры. Яго архітэктурныя шэдэўры ў вялізнай ступені паўплывалі на фарміраванне аблічча Мінска, Магілёва і з’яўляюцца пярлінамі беларускага дойлідства.

Яго асноўныя працы ў Беларусі: Мінскія Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Дом урада БССР, Дом афіцэраў, галоўны корпус акадэміі навук, у Магілёве – Дом Саветаў. Акрамя гэтага – будынкі ў Кіеве, Ленінградзе, Маскве, Кастраме.

Адзін з аўтараў схемы генплана паваеннага Гомеля і эскіза планіроўкі Мінска.

У 1938 годзе меркавалася па яго планах пабудаваць хмарчос на магілёўскай плошчы Славы (тады Савецкай): старыя храмы знеслі, а гмах не пабудавалі. Засталіся ў эскізах і лангбардаўскі Драматычны тэатр і яго ж манументальны новы будынак ЦК КПБ(б) для Магілёва.

Прафесар Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе.

Памёр 3 студзеня 1951 года.

Іосіф Лангбард

1895 год. Нарадзіўся Лявон (Леонт) Більдзюкевіч. 

Беларускі педагог, матэматык, грамадскі дзеяч.

Скончыў Мінскую гімназію, Кіеўскія ўніверсітэт і камерцыйны інстытут.

Друкаваў апавяданні ў газеце «Наша ніва», уваходзіў у кіеўскі беларускі культурна-асветны гурток «Зорка».

Загадваў Мінскай школай сляпых, дзе ў 1919 годзе перавёў навучанне на беларускую мову. Член Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускай школьнай рады Міншчыны.

Выкладаў у Мінскай беларускай гімназіі, Бабруйскім, Рагачоўскім педтэхнікумах, у Беларускім політэхнічным інстытуце, БДУ, працаваў у Інстытуце торфу БССР.

Член Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па матэматыцы, касмаграфіі і фізіцы. Пераклаў на беларускую мову шэраг падручнікаў па матэматыцы.

У 1938 годзе арыштаваны ДПУ, высланы ў лагер на Калыму, дзе і загінуў 18 жніўня 1942 года.

Лявон Більдзюкевіч

1903 год. Нарадзіўся Аляксандр Фурсенка. 

Беларускі навуковец-палеантолаг. Член-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Працаваў ва Усесаюзным геолагаразведачным інстытуце, загадчыкам лабараторый Інстытута геалагічных навук АН БССР, Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АН СССР, прафесарам, загадчыкам кафедры БДУ.

Аўтар прац па мікрапалеанталогіі і стратыграфіі.

Правёў палеанталагічныя вывучэнні даантрапагенавых парод у Беларусі, удзельнічаў у складанні геалагічных карт тэрыторыі рэспублікі.

Памёр 30 верасня 1975 года.

Аляксандр Фурсенка

1912 год. Нарадзіўся Пётр Сыч. 

Беларускі пісьменнік, журналіст «Радыё Свабода», мемуарыст, герой Монтэ-Касіна.

Трапіў у савецкі палон як польскі жаўнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі. У 1942 г. патрапіў у армію генерала У. Андэрса. Паручнікам прымаў удзел у шматлікіх баях, у тым ліку пад Монтэ-Касіна. 

Актыўны дзеяч эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Памёр 20 чэрвеня 1963 года ў Мюнхене.

Пётр Сыч

1936 год. Нарадзіўся Васіль Сёмуха. 

Вядомы беларускі перакладчык з еўрапейскіх моў.

Працаваў рэдактарам у дзяржаўным выдавецтве, выкладчыкам нямецкай мовы ў школе, БДУ, у газэце «Літаратура і мастацтва», у выдавецтва «Мастацкая літаратура», у гуманітарным ліцэі.

У 1967 годзе напісаў запыт міністру замежных справаў Гурыновічу, спытаўшы, ці можа ён патрабаваць ад ураду Германіі кампенсацыі за страчаную маёмасць, каб выдаць пераклад «Фаўста». Выключаны з Саюзу пісьменьнікаў БССР з фармулёўкай: «…за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць „Фаўста“ ў Мюнхене». Супраць выключэння галасаваў толькі Васіль Вітка. 

Акрамя перакладаў класікаў, рабіў пераклады для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з  кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опер Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.

Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песню Саламонаву», «Новы Запавет. Псалтыр». Яго пераклад «Бібліі» выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў.

Памёр 3 лютага 2019 года.

Васіль Сёмуха

1984 год. Памёр Панцеляймон Панамарэнка. 

Беларускі і савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, генерал-лейтэнант. Старшыня Савета Міністраў БССР (1944-1948), начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху (1942-1944).

Як Першы сакратар ЦК КПБ (1938-1947) даваў згоду на арышт і асуджэнне дзяржаўных і партыйных работнікаў, з 15 верасня па 15 лістапада 1938 года ў якасці ўдзельніка «тройкі» НКУС вынес 4650 расстрэльных выракаў.

Ён у справаздачы І. Сталіну 1938 года «О Белорусском языке, литературе и писателях» абражаў культуру і мову, фактычна падпісваў смяротны прысуд літаратурным дзеячам, абвінаваціўшы іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай працы, ідэйна кіраваных заўсёды дзясяткам прафашысцкіх пісьменнікаў, у тым ліку Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Член Ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі, сукіраўнік войск, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пераканаў Сталіна ў далучэнні Палесся з Брэстам і Пінскам да БССР.

Пасля вызвалення БССР Сталін прапанаваў перадаць РСФСР Полацкую вобласць, але яе адстаяў Панамарэнка.

Пасля ад’езду з Беларусі працаваў міністрам нарыхтовак, культуры СССР, быў членам Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратаром ЦК Кампартыі Казахстана, амбасадарам у Польшчы, Індыі і Непале, Нідэрландах.

Панцеляймон

2005 год. Упершыню афіцыйна паказаны публіцы аэробус A380. 

Найбуйнешы авіялайнер у гісторыі. 

У паказе ў французскай  Тулузе, дзе вядзецца зборка самалёта, узяла ўдзел больш за 5 000 чалавек, кіраўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Іспаніі. 

Максімальная колькасць пасажыраў – 840, максімальная далёкасць палёту  15 000 км. Кошт аднаго самалёта складае да 500 мільёнаў долараў. 

Беларусь не мае ніводнага такога самалёта.

аэробус A380

2008 год. Памерла Яўгенія Мальчэўская. 

Беларуская паэтэса. 

Скончыла Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці, філалагічны факультэт БДУ. Працавала рабочай на Бабруйскім заводзе гумавых вырабаў, у бабруйскай газеце «Камуніст», чашніцкай «Чырвоны прамень», у абласных выданнях «Віцебскі рабочы», «Выбар», у газеце «Белорусская нива», настаўнічала у Чэрвеньскім раёне, Талачыне, Віцебску.

Яе першыя вершы з’явіліся ў 1969 годзе ў газеце «Магілёўская праўда». Суаўтар паэтычных зборнікаў, аўтар паэтычнага цыкла «Святло асенняе зярнят», зборнікаў, кніг, апавяданняў.

Яўгенія Мальчэўская

25 ліпеня ў гісторыі. Аблога Марыенбурга. Нарадзіліся Дз. Смольскі, А. Мілінкевіч. Дзень памяці У. Караткевіча, У. Высоцкага, Н. Арсенневай, Я. Брыля.

Дзень пажарнай аховы Беларусі. 

25 ліпеня 1853 года Мінская гарадская дума і губернскае праўленне зацвердзілі рашэнне аб утрыманні пажарнай часткі ў Мінску.

У гэты ж час, былі арганізаваны пажарныя часці ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.

Пры гэтым вядома, што яшчэ ў пачатку 1830 года ў Магілёве вызначылі часовыя памяшканні пад казармы і стайні, гарадскія ўлады прыступілі да камплектавання пажарнай каманды, прадставілі план і каштарысы на пабудову пастаяннай казармы і стайні для пажарнай часткі.

У гонар Дня пажарніка, 25 ліпеня 2014 года на Пажарным завулку Магілёва ў будынку XIX стагоддзя, дзе раней размяшчалася пажарная частка, адкрыўся Музей пажарнай службы Магілёўскай вобласці.

1410 год. Войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу Марыенбурга – сталіцы Тэўтонскага ордэна.

Каб замацаваць перамогу пасля Грунвальдскай бітвы, войскі акружылі сталіцу ордэна. 

Горад на р. Ногат у дэльце Віслы, заснаваны ў 1276 годзе як ордэнскі замак. Умацаваны замак быў самай вялікай крэпасцю ў Еўропе, пабудаванай ў гатычным стылі. Зараз польскі горад Мальбарк.

1434 год. На польскі сталец каранаваны Уладзіслаў III Варненчык (1424-1444).

Кароль польскі (1434-1444) і венгерскі (1440-1444), князь літоўскі (1434-1440) з дынастыі Ягелонаў.

У 1443 годзе разам з Янашам Хуньядзі ўзначаліў аб’яднанае польска-венгерскае войска ў вайне з асманамі, у 1444 заключыў перамір’е, якое спыніла наступленне туркаў на Балканы.

Загінуў у бітве пад Варнай (адсюль пасмяротная мянушка).

1840 год. Нарадзіўся Юльян Крачкоўскі (1840-1903).

Беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца І. Крачкоўскага (1883-1951).

Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, але адмовіўся ад духоўнага сану, займаўся педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішч Тульскай губерні і Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі.

У 1884 высланы з Туркестанскай настаўніцкай семінарыі з-за выяўлення там падазроных беларускіх гурткоў. Вярнуўся ў Вільню, у 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі.

Аўтар «Нарысаў быту заходнерускага селяніна» – першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей, зборніка «Быт заходнерускага селяніна», дзе змешчана больш за 200 песень, 90 прыказак, народных паданняў і казак, звесткі пра народную медыцыну, народныя стравы і народны каляндар беларусаў, пра пахавальныя абрады, «К истории старой Вильны» і «Топография г. Вильны в XVI и XVII века».

Памёр у 25 ліпеня 1903 года. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1877 год. У Мсціславе памёр ураджэнец в. Гразівец (зараз – Чавускі раён) Іван Насовіч (1788-1877).

Беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 000 слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 года.

1910 год. Нарадзіўся Генадзь Цітовіч (1910-1986).

Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф. Народны артыст СССР.

Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя, скончыў Віленскую кансерваторыю. 

Працаваў рэдактарам абласнога радыё, кансультантам Дома народнай творчасці ў Баранавічах, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор, рэарганізаваны ў Дзяржаўны народны хор БССР, яго кіраўнік да 1974 года.

Запісаў больш за 3 000 беларускіх (пераважна), украінскіх, польскіх, літоўскіх і іншых народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. 

Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.

Яго імя носіць Нацыянальны акадэмічны народны хор.

Памёр 21 чэрвеня 1986 года.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Астрэйка (1913-1937).

Беларускі паэт, перакладчык.

У 1928 годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Восенню 1931 года разам з З. Астапенкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе выключаны з тэхнікума як «нацдэм».

Працаваў літрэдактарам выданняў БелНДІ прамысловасці, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН, у Камісіі па складанні слоўнікаў. 

Арыштаваны ДПУ БССР у 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У 1937 годзе зноў арыштаваны, 13 верасня, на наступны дзень, вынесены смяротны прысуд і 14 верасня расстраляны.

Вершы пачаў пісаць у час вучобы ў школе. У 1928 годзе па рэкамендацыі Цішкі Гартнага яго вершы з’явіліся ў газеце «Чырвоная змена». Паэму «Бенгалія» ўхваліў Янка Купала. У свае часы яе называлі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, Астрэйка меў на ўвазе непасрэдна Беларусь.

У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, рукапіс не збярогся.

1922 год. У Краснаполлі нарадзіўся Ісаак Ваксман (1922-1943).

Герой Савецкага Саюза, камандзір артбатарэі, старшы лейтэнант

У 1938-1940 гадах працаваў настаўнікам у Краснаполлі, адначасова вучыўся завочна ў Днепрапятроўскім транспартным інстытуце.

У 1942 годзе скончыў курсы малодшых лейтэнантаў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Украіне.

Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні Дняпра восенню 1943 года. У баях за плацдарм у Запарожскай вобласці яго батарэя знішчыла 15 кулямётаў, танк, дзве аўтамашыны, больш за сотню гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Загінуў у баі 19 снежня1943 года у Запарожскай вобласці.

Яго імя прысвоена Беразнякоўскай СШ Краснапольскага раёна, вуліцы ў Краснаполлі. На доме ў райцэнтры, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1937 год. Нарадзіўся Дзмітрый Смольскі (1937-2017).

Беларускі кампазітар і педагог, Народны артыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Лаўрэат Дзяржпрэміі, Кавалер Ордэна Ф. Скарыны, прафесар Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шматлікіх сімфоній, опер, у тым ліку «Сівая легенда», «Францыск Скарына» і іншых.

Дыск з запісамі яго сімфоній, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.

Бацька вядомага музыканта-мультыінструменталіста Віктара Смольскага.

Памёр 29 верасня 2017 года.

1947 год. Нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.

Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец. Кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл і заняў 2-е месца. Узначальваў Рух «За Свабоду». Паводле Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, Мілінкевіч – прыклад беларуска-польскага інтэлігента.

1954 год. Нарадзілася Валянціна Аколава (1954-2013).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Скончыла Полацкае музычна-педагагічнага вучылішча імя Ф. Скарыны, працавала настаўніцай у Ветрына Полацкага раёна, у наваполацкім Палаца культуры нафтавікоў, карэспандэнтам газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд», у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага аб’яднання «Палімір», у выдавецтве «Юнацтва», у газеце «Знамя юности». Пачала пісаць вершы ў 8-гадовым узросце, паэтычны дар пераняла ад песеннага таленту сваёй маці. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, паэмы-п’есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны». 

Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Памерла 24 снежня 2013 года.

1980 год. Памёр Уладзімір Высоцкі (1938-1980).

Савецкі і рускі паэт, артыст і спявак. Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 ў кіно.

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна.

Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста. Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі.

Летам 1965 года ён даў некалькі канцэртаў на прыватных сядзібах Магілёва (падчас здымак у Бабруйску фільма “Я родам з дзяцінства”), у жніўні 1969, пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой», ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 годзе ў ім усталяваны помнік Высоцкаму).

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

1984 года. Памёр Уладзімір Караткевіч (1930-1984).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»..

Па яго творах пастаўлены шматлікія спектаклі, знята 9 мастацкіх фільмаў, напісаны музычныя творы.

1997 год. У Нью-Ёрку памерла Наталля Арсеннева (1903-1997).

Беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург.

Вязень ГУЛАГу. Дзеяч беларсукай эміграцыі ў ЗША.

На яе верш «Малітва» была напісана музыка кампазітарам Міколам Равенскім – з’явіўся гімн «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве.

У 1995 годзе гэтую песню прапаноўвалася зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.

Н. Арсеннева і Максім Танк, Вільня, 1936

2006 год. Памёр Янка Брыль (1917-2006).

Народны пісьменнік Беларусі. Ганаровы член НАНБ.

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, старшынёй Беларускага таварыства «СССР – Канада», член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…».

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.