Дзень у гісторыі. 25 красавіка. Бялыніцкая Божая Маці. Павешанне падпольшчыкаў. Рэкордны ацёл. Ордэн Магілёву

Міжнародны дзень дачкі (International Daughter’s Day).

Дзень дачкі – выдатны час, каб не толькі павіншаваць сваіх дачок, але і задумацца аб тым, як выправіць праблему з уплывам знешняга свету на ўяўленне дзяўчынак аб іх вобразе, а галоўнае іх ролі ў свеце. 

Свята звяртае ўвагу бацькоў на тое, наколькі важная для іх дачок іх любоў і ўвага, як важна быць лепшай мадэллю для пераймання, лепшым прыкладам паспяховага чалавека, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу іншым.

Дзень дачкі

Сусветны дзень ДНК (World DNA Day, з 2010 года).

Адзначаецца ў гонар таго, што ў гэты дзень у 1953 годзе, Джэймс Уотсан, Фрэнсіс Крык, Марыс Уілкінс, Разалінд Франклін і калегі апублікавалі артыкулы ў навуковым часопісе «Nature», у якіх апісалі структуру ДНК. У гэты ж дзень у 2003 было абвешчана, што Праект геному чалавека вельмі блізкі да завяршэння.

Штогадовае святкаванне арганізавана Нацыянальным інстытутам даследавання геному чалавека ЗША з 23 красавіка 2010 года.

Адкрыццё структуры ДНК стала для ўсяго навуковага свету сапраўды рэвалюцыйным. Выяўленне гэтай малекулы дазволіла расшыфраваць код спадчыннасці, ідэнтыфікаваць генетычную пагрозу.

Цікавыя факты.

Арганізм людзей уключае 40 трыльёнаў клетак, кожная з якіх захоўвае 1,5 гігабайта генетычных дадзеных. 

ДНК усіх жыхароў планеты на 99,9% аднолькава. Унікальнасць кожнага складае толькі 0,1%. 

Адзіныя клеткі арганізма, у якіх адсутнічае дадзеная малекула – гэта чырвоныя крывяныя цельцы. 

Генны код людзей ідэнтычны кодам асобных прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету: з шымпанзэ гэтая сувязь складае 95%, мышшу – 70%, бананам – 50%.

дзень ДНК

Сусветны дзень пінгвінаў (World Penguin Day).

Заклікае людзей памятаць аб неабходнасці захавання жывёльнай разнастайнасці нашай планеты ў цэлым і разнастайнасці яе асобных рэгіёнаў і прадстаўнікоў у прыватнасці.

Пінгвін – сімвал Антарктыды, нелятаючая марская птушка, якая добра плавае і нырае.

Самы вялікі – імператарскі пінгвін, яго рост можа дасягаць 120 см, а вага – больш за 40 кг. Самы маленькі прадстаўнік віда – малы пінгвін, які не вышэй калена дарослага чалавека, а яго вага не перавышае 2,5 кг.

Дата святкавання Сусветнага дня пінгвінаў выпадае на перыяд, калі праходзіць міграцыя пінгвінаў на мацярык з мэтай спарвання і выседжвання яек.

дзень пінгвінаў

Дзень евангеліста Святога Марка.

Марк – адзін з чацвярых евангелістаў, аўтар Евангелля ад Марка. Уключаны ў лік апосталаў ад сямідзесяці і атаясамліваецца з Маркам-Янам, вучнем апостала Пятра. Яму прыпісваецца роля заснавальніка александрыйскай царквы, якая пазней стала адным з найважнейшых біскупскіх пасадаў. Сімвалам святога Марка з’яўляецца крылаты леў.

Дзень евангеліста Святога Марка

Дзень абраза Бялыніцкай Божай Маці – Каралевы Беларусі.

Шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам Усходняй Беларусі як цудатворны.

Існуюць розныя паданні, якія апавядаюць пра гісторыю абраза: манахі прынеслі яго пасля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя, перанесена з Аршанскага Куцеінскага манастыра ў кармеліцкі манастыр, ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы, абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці.

Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634-1635 гг. невядомым мастаком.

Дзень абраза Бялыніцкай Божай Маці

1901 год. У штаце Нью-Ёрк упершыню ў свеце ўвялі аўтамабільныя нумары.

Першы аўтамабіль у Беларусі з’явіўся ў 1895 годзе.

У 1970–1992 гадах на нумарах першыя дзве з трох літар паказвалі рэгіён: Брэсцкая вобласць – БН, Віцебская – ВТ, Гомельская – ГС, Гродзенская – ГК, Магілёўская МГ, Мінская – МО, Мінск – МН.

У 1992-2000-х гадах нумары мелі чырвоныя літары і лічбы на белым фоне, у 1992-1996 гадах на знакі дадавалася выява герба “Пагоня”. На сучасных нумарах прыналежнасць аўтамабіля да пэўнага рэгіёна абазначаецца лічбай, напрыклад, Магілёўская вобласць – 6, Мінск – 7.

Сучасная вытворчасць аўтазнакаў знаходзіцца ў Ваўкавыску на базе папраўчай калоніі №11.

аўтамабільныя нумары

1926 год. У в. Равячына Горацкага раёна нарадзіўся Яфрэм Сакалоў (1926–2022).

Апошні кіраўнік ЦК КПБ, Герой Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага савета СССР (1979–1989), Народны дэпутат СССР (1989–1991).

Выхаванец Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

А. Фядута некалі пра яго напісаў наступнае: “Сакалоў – амаль ідэал кіраўніка. Ніхто ніколі не чуў, каб ён узвысіў голас на падначаленага. Ніхто не бачыў яго нецвярозым. Ніхто не мог падазраваць яго ў хабарніцтве”.

У Горках на алее Славы Герояў у яго гонар устаноўлены мемарыяльны знак, пасаджаны імянны каштан.

Яфрэм Сакалоў

1939 год. У Мінску нарадзілася Зінаіда Бандарэнка.

Беларуская тэлезорка, народная артыстка. Палымяная патрыётка і прапагандыстка роднага слова, мужная змагарка за незалежную і беларускую Беларусь.

Скончыла БДУ. Працавала дыктарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання, на Беларускай рэспубліканскай студыі тэлебачання

Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нацыянальны характар. Прадстаўляла Беларусь на фестывалях СССР i за мяжой.

У 1996 годзе рэзка выказалася на адрас А. Лукашэнкі, які вырашыў сустрэцца з журналістамі, каб аддзячыць іх за падтрымку на рэфэрэндуме па пашырэнню ягоных паўнамоцтваў. Хутка пасля гэтага была вымушана звольніцца з тэлебачання.

Была вядучай урачыстай часткі «Свята незалежнасці» ў Мінску, якое адбылося 25 сакавіка 2018 года ў гонар 100-годдзя БНР.

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зінаіда Бандарэнка

1942 год. У Магілёве а 16:00 на плошчы Савецкай (зараз – Славы) акупанты павесілі падпольшчыкаў.

Былі павешаны Міхаіл (Георгій) Мяцёлкін (Каровін), Анатоль Ражкоў (Рыжкоў), Павел Хахлоў (Пяхоцін).

Лічыцца, што ўсе трое пакараных былі афіцэрамі Чырвонай Арміі. Але спроба атрымаць больш інфармацыі, зыходзячы з імёнаў і прозвішчаў, не мела поспеху. Лейтэнант (капітан) Міхаіл Мяцёлкін і старшы лейтэнант-лётчык Анатоль Рыжкоў зніклі без вестак у 1941 годзе і ў пачатку 1942 года ў базе «Мемарыял» не лічыліся. Магчыма ў мэтах канспірацыі яны назвалі немцам выдуманыя імёны і прозвішчы, пад якімі і ўвайшлі ў гісторыю Магілёва.

магілёў падпольшчыкі
Пад шыбеніцай стаяць злева направа Міхаіл Мяцёлкін, Павел Пяхоцін, Анатоль Ражкоў.

1949 год. Нарадзілася Ядвіга Паплаўская.

Савецкая і беларуская эстрадная спявачка, клавішніца, кампазітар, удзельніца першага складу ансамбля “Верасы”. Народная артыстка. Жонка А. Ціхановіча.

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

Сузаснавальніца і ўдзельніца ВІА “Верасы” (1971–1987), удзельніца Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга, групы «Шчаслівы выпадак».

Гастралявала ў Расіі, Беларусі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Германіі, Югаславіі, Польшчы, Венгрыі, Фінляндыі, Францыі, Канадзе і Ізраілі.

Суарганізатар (1988) Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў – Аляксандр Саладуха, гурт «Ляпіс Трубяцкой» і іншыя.

Ядвіга Паплаўская

1964 год. Магілёўская карова Любік ацялілася сям’ю цялятамі.

Рэкорд Кнігі Гінэса. Такі ж рэкорд паставіла, але толькі ў 2005 годзе, харвацкая карова “Златуле”.

Каровы целяцца звычайна адным цялём на год.

Нават двайняты ў кароў рэдкасць. Тройні бываюць адна на 367 000 ацёлаў, чацвёра цялят нараджаюцца раз у 310 000. Пяцёра цялят – гэта адзінкавыя выпадкі, як напрыклад ў Ленінградскай вобласці ў 2012 годзе.

карова Любік

1980 год. Указам прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны Першай ступені.

Горад ўзнагароджаны за ратныя і працоўныя подзвігі. Гэта як бы кампенсацыя за тое, што горад не атрымаў ганаровае званне “Горад-герой” за 23-дзённую абарону ў ліпені 1941 года. 

ордэн Айчыннай вайны

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена Міхаілу Максімцаву (1909–1994).

Падчас Магілёўскай аперацыі 1944 года ўдзельнік фарсіравання Проні, Басі, Расты, пры вызваленні Магілёва – начальнік перапраў праз Днепр войскаў 2-га Беларускага фронта.

Генерал-маёр.

Міхаіл Максімцаў

Дзень у гісторыі. 28 студзеня. Магілёў атрымаў магдэбургскае права

1573 год – абвяшчэнне Варшаўскай канфедэрацыі. 

Яна тычылася забеспячэння свабоды вызнання і вызначыла асновы рэлігійнай памяркоўнасці шляхты і вольных людзей у Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. 

Лічыцца пачаткам узаконенай рэлігійнай свабоды ў дзяржаве, з’яўляецца першым падобным дакумэнтам у Еўропе. Скасавала рэлігійныя матывацыі ў якасці адмазкі за злачынства: забіў ці скраў – ідзеш па крымінальцы і без розніцы пан ці халоп і якой веры. Дыскутуй, непрымай – але рук не распускай.

У 2003 годзе тэкст канфедэрацыі ўнесены ў спіс Памяць свету ЮНЕСКА.

канфедэрацыя Варшаўская

1577 год. Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву магдэбургскае права і герб. 

“Тое место наше Могилевское, яко у своих границах заложено есть, (вместо литовскаго права на) право немецкое, которое майдебурским названо, умыслили есмо преложити”.

Разам з магдэбургскім правам, Магілёў атрымаў свой першы герб – “вежу мурованую, высоко веденую”.

герб Вежа

1588 год. Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Трэці статут Вялікага княства Літоўскага. 

Звод законаў феадальнага права, які закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. 

Да канца 1584 работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы доўгі час не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай.

Трэці Статут ВКЛ

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Дашчынскі. 

Беларускі піяніст і кампазітар. Капітан нацыянальнай віленскай гвардыі.

Выкладчык ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце, дырыжор аркестра мінскага губернскага маршалка Л. Ракіцкага, з якім ён выступаў у розных гарадах Беларусі.

Аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве, у тым ліку вальсы, паланэзы. Таксама аўтар літургічнага твора – Вастрабрамская літанія.

За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І.

Памёр 10 верасня 1844 года.

Юзаф Дашчынскі

1889 год. Нарадзіўся Язэп Мамонька. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, публіцыст.

Стваральнік першага беларускага вайсковага аб’яднання ў Рызе (1917), адзін з заснавальнікаў і каіраўнікоў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра прэзідыума Народнай Рады БНР. Удзельнік Першай і Другой Усебеларускіх канферэнцый.

У 1920-х гадах жыў у Чэхаславакіі і Латвіі. 

На хвалі беларусізацыі пераехаў у БССР і адразу 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ, у 1929 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў, 2 верасня 1937 – да расстрэлу.

Расстраляны 10 верасня 1937 года ў Карэліі. 

Рэабілітаваны Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 года.

Язэп Мамонька
Палута Бадунова і Язэп Мамонька, 1921 г.

1919 год. Нарадзіўся Павел Кармунін. 

Народны артыст Беларусі.

Акцёр франтавых брыгад мастацкай самадзейнасці, тэатра Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне, Казанскага тэатра, Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.

Акцёр запомніўся гледачам па ролях Лявона Зябліка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), дзеда Цярэшкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Торгалы («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Кудасава («Пагарэльцы» А. Макаёнка), Аўдзея («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева) і іншых, па кінастужцы «Рагаты бастыён».

Памёр 1 красавіка 2002 года.

Павел Кармунін

1919 год. Афіцыйнае адкрыццё заснаванага Марка Шагалам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 

Вучылішча пачало працу ў памяшканні былога дому банкіра Вішняка па вуліцы Бухарынскай, 10 (цяпер вуліца Газеты «Праўда»). 

Мэтр запрасіў на працу вядомых мастакоў Івана Пуні, Ксенію Багуслаўскую, Надзею Любавіну, Івана Цільбергза, Мсціслава Дабужынскага, Аляксандра Рома, Казіміра Малевіча, Юдаля Пэна і іншых. 

Першым дырэктарам ўстановы стаў М. Дабужынскі. 

Асобнае месца ў рабоце школы займала «Вольная майстэрня» Марка Шагала, арганізаваная на манер парыжскіх акадэмій. Асноўны ўпор у ёй рабіўся на самастойную працу навучэнцаў.

Віцебскае народнае мастацкае вучылішча

1940 год. У в. Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна нарадзіўся Леанід Дайнэка. 

Беларускі пісьменнік, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К.Каліноўскага і Літаратурнай прэміі імя І.Мележа. 

Адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў.

Працаваў у часопісе «Маладосць», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Заснавальнік фірм «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя).

Аўтар гістарычных раманаў часоў Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага – «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды», «Назаві сына Канстанцінам», зборнікаў вершаў.

Некаторыя вершы пакладзены на музыку.

Памёр 21 жніўня 2019 года.

Леанід Дайнэка

1943 год. Нарадзіўся Міхаіл Пташук. 

Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар. Народны артыст БССР.

Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, на кінастудыі «Беларусьфільм».  

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна), «Чорны замак Альшанскі» (У. Караткевіч), «Знак бяды» (паводле В. Быкава). Сярод фільмаў 1980-1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд», “Кааператыў «Палітбюро», «У жніўні 44-га…».

Лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагарод на прэстыжных кінафестывалях.

Загінуў у аўтакатастрофе 26 красавіка 2002 года ў Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

Міхаіл Пташук

1986 год. Узарваўся амерыканскі касмічны карабель «Чэленджэр». Загінула сем астранаўтаў. 

Гэта адбылося ў 14:01 на 73-й секундзе пасля старту з мыса Канавэрал. Да гэтага часу выказваюцца розныя меркаванні аб прычынах гэтай катастрофы, якая забрала жыццё сямі астранаўтаў.

Большасць экспертаў схіляюцца да той версіі, што выбух мог адбыцца з-за пашкоджанняў у паскаральніку першай ступені з цвёрдым палівам.

касмічны карабель

2003 год. У Вялікабрытаніі пачаўся продаж новага віду паліва – GlobalDiesel. 

Часткова складаецца з тых жа элементаў, што і маргарын, а таксама маянэз. Продаж арганізаваны ў супермаркетах сеткі Sainsbury’s. Вытворца – кампанія Greenwich. 

У GlobalDiesel, якое мае вельмі нізкае ўтрыманне серы, дададзены адпрацаваны рапсавы алей. Прымяненне новага паліва зніжае выкід вуглякіслага газу на 5%. Паліва эканамічнае і таннае ў вытворчасці.

GlobalDiesel

2017 год. Памёр Аляксандр Ціхановіч. 

Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст Беларусі. 

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатра песні (і студыі пры ім; з 2003 г. – прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), музычны кіраўнік беларускага канала «Сталічнае тэлебачанне». 

Аўтар папулярных эстрадных песень.

Аляксандр Ціхановіч

2018 год. Памерла Нэлі Багуслаўская. 

Беларуская спявачка, адна з першых зорак беларускай эстрады. Заслужаная артыстка БССР.

Салістка ансамбля «Арбіта-67» (разам з У. Мулявіным), Беларускай філармоніі.

Пераможца Усесаюзнага конкурса песні ў Маскве (1966).

Яе выканальніцкая манера вылучалася мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый — песні «Белая Русь» Ю.Семянякі, «Спадчына» І. Лучанка.

Памёрла 28 студзеня 2018 года. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках каля мужа Ізмаіла Капланава.

Н. Багуслаўская
І. Капланаў і Н. Багуслаўская

Дзень у гісторыі. Фестываль «Басовішча». Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч, саліст гурта «Верасы». Супермесяц

13 ліпеня 1868 года памёр Канстанцін Тышкевіч.

Гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

Стварыў Лагойскі музей старажытнасцяў. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музею старажытнасцяў.

Даследаваў курганы, гарадзішчы і замчышчы.


13 ліпеня 1897 года нарадзіўся Міхась Міцкевіч.

Грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 году ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопісу «Беларус». Рэдагаваў часопіс «Голас Царквы».

data.cyclowiki.org


13 ліпеня 1938 года нарадзіўся Юрый Марухін.

Кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар.

Працаваў на «Беларусьфільм», старшыня праўлення Беларускага саюзу кінематаграфістаў. 

Рэжысёр шэрагу фільмаў, у тым ліку, «Маці Урагану», аператар шматлікіх карцін, «Магіла льва», «Час выбраў нас».

sb.by


13 ліпеня 1990 года пачаўся І Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Праходзіў у Польшчы ля мястэчка Грудак на Беласточчыне з ініцыятывы Беларускага аб’яднання студэнтаў і гмінным асяродкам культуры.

Фестываль беларускай рок і альтэрнатыўнай музыкі. Удзельнічалі як беларускія, так і польскія гурты.

Традыцыйна на фестывалі ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў, якія паспяхова прайшлі адбор. Штогод на фестываль прыязджала да 15 тысяч чалавек.


13 ліпеня 1952 года нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч.

Эстрадны спявак. Аўтар папулярных эстрадных песень.

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатру песні.


13 ліпеня 1942 года нарадзіўся Харысан Форд.

Ягоныя продкі паходзілі з Беларусі. Па мацярынскай лініі, дзед і бабка – Ганна Ліфшуц і Гары Нідэльман, яўрэйскія імігранты з Мінску.

Амерыканскі актор кіно і тэлебачання, прадзюсар.

Здымаўся ў фільмах «Зорныя войны», «Індыяна Джонс», «Самалёт прэзідэнта» і многіх іншых.

Яго фільмы сабралі больш за 5.4 мільярда долараў у Паўночнай Амерыцы і больш за 9.3 мільярда долараў ва ўсім свеце, што робіць яго сёмым па прыбытку акторам у Паўночнай Амерыцы.

themoney.co


13 ліпеня ў 21:38 па мінскам часе зʼявіцца супермесяц.

Месяц падыдзе да Зямлі бліжэй чым 400 тысяч км. Назіраць астранамічную з’яву можна з любой кропкі краіны.

belnovosti.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў