8 чэрвеня ў гісторыі. Ушанаванне Мухамада. Утварэнне Магілёўскай губерні. Вывяржэнне Лакі. Адкрыта суднаходства па Дняпры

Cусветны дзень акіянаў (World Oceans Day, з 1992).

Сусветным акіянам пакрыта ¾ паверхні Зямлі. Таму дакладней нашу планету называць Акіян, а не Зямля. Большасць вучоных падзяляюць сусветны акіян на 5 частак: Ціхі (самы вялікі, больш за ўсё сухазем’е, 180 млн. кв. км), Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты, Паўднёвы Ледавіты. Але, напрыклад у ЗША, падзел іншы: Паўночны і Паўднёвы Ціхія, Паўднёвы і Паўночны Атлантычныя, Індыйскі, Паўночны і Паўднёвы Ледавітыя.

У школах Беларусі вучаць, што акіянаў чатыры: Ціхі, Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты. Усе воды Беларусі належаць да басейна Атлантычнага акіяна.

632 год. У Медыне памёр Мухамад (Магамет, 571-632).

Прарок, заснавальнік Ісламу, арабскі рэлігійны і палітычны дзеяч.

Перад смерцю даў волю рабам, раздаў грошы і зброю бедным. Быў пахаваны ў доме сваёй любімай жонкі Аішы. Дом увайшоў у храмавы комплекс першай мячэці Масджыд ан-Набі, які стаў  другой пасля Каабы ў Меке мусульманскай святыняй. У Медыне прарок надыктаваў значную частку Карана.

На Беларусі мусульмане жывуць больш за 600 гадоў. Першымі прадстаўнікамі ісламу сталі татары ў XIV-XVI стагоддзях. На сёння мусульман у краіне больш за 30 000 чалавек.

Саборная мячэць у Мінску.

1772 год. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай утворана Магілёўская губерня.

У яе склад увайшлі Магілёўская, Мсціслаўская, Аршанская, Рагачоўская правінцыі.

У 1777 годзе  губерня была падзеленая на 12 паветаў. У 1778-1802 гадах замест губерні існавала Магілёўскае намесніцтва, якое ў 1796 годзе ўвашло у склад Беларускай губерні.

Адноўлена губерня ў 1802 годзе. 11 ліпеня 1919 года губерня была скасаваная, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перададзены Смаленскай, Сенненскі – Віцебскай губерням.

У 1897 годзе тэрыторыя губерні складала 42 134 квадратныя вярсты, насельніцтва – 1 708 тысяч чалавек.

1783 год. Вулкан Лакі ў Ісландыі пачаў сваё васьмімесячнае вывяржэнне.

Даўжыня лававага струменя, які выліўся з 25-кіламетровай расколіны, перавышала 130 км, а пляц, заліты ім, склаў 565 км².

У паветра падняліся клубы атрутных злучэнняў фтору і дыяксіду серы, якія загубілі больш за 50% пагалоўя жывёлы ў Ісландыі (загінула прыкладна 11 000 галоў буйной рагатай жывёлы, 200 000 авечак, 30 000 коней, а таксама амаль усе птушкі і мноства рыб).

Вулканічны попел засыпаў часткова ці цалкам пашы на большай частцы тэрыторыі вострава. Пачаўся голад. Загінула каля 10 000 тысяч чалавек (20% насельніцтва Ісландыі). Дадзенае вывяржэнне лічыцца адным з самых пагібельных за апошняе тысячагоддзе і самым буйным лававым вывяржэннем за гістарычны час. Перыяд, які рушыў за вывяржэннем, вядомы як “бедства ў смузе”. Вывергнуты вулканам тонкі попел хутка дабраўся да Еўропы, а 1 ліпеня 1783 года яго заўважылі нават у Кітаі. На працягу наступных 2-3 гадоў тэмпература паветра ў Паўночным паўшар’і знізілася на 1,3 ºC, што прывяло да неўраджаю і голаду ў многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку Вялікім княстве Літоўскім.

Кратары Лакі.

1922 год. Нарадзіўся Уладзімір Белы (1922-1994).

Беларускі вучоны ў галіне матэрыялазнаўства, акадэмік АН БССР, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны вынаходнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР.

Быў рэктарам Гомельскага і Беларускага дзяржаўных ўніверсітэтаў. Аўтар 350 вынаходак, атрымаў 20 патэнтаў ЗША, Англіі, ФРГ, Японіі, Італіі, Францыі, Швецыі і іншых краін.

Імя вучонага прысвоена Інстытуту механікі металапалімерных сістэм і скверу перад інстытутам у Гомелі.

1947 год. Упершыню адкрылася суднаходства па ўсяму Дняпру ад Смаленска да Чорнага мора.

Працягласць суднаходства 2201 км, у тым ліку па тэрыторыі Беларусі 595 км.

У 1951-1990-х гадах па Дняпры ажыццяўляліся перавозкі не толькі будаўнічых, лясных матэрыялаў, збожжа, але і крыварожскай жалезнай руды да Брэста (па прытоку – Прыпяці), а потым у ГДР і сілезскага вугаля з Польшчы ў адваротным накірунку. Зараз, у сувязі з абмяленнем рэчышча, з эканамічнымі праблемамі на тэрыторыі краіны, суднаходства ажыццяўляецца толькі ў раёне Магілева, на мяжы з Украінай, у асноўным па Дняпроўска-Бугскаму і Мікашэвіцкаму каналах і прытоку Дняпра – Прыпяці, у нізоўях Сожа – прытока Дняпра. Грузазварот рачнога транспарту складае менш за 0,1%.

1947 год. Заснаваны магілёўскі ўнівермаг.

Першапачаткова размяшчаўся на першым паверсе будынка былога гатэля «Дняпро» – на рагу вуліцы Першамайская і Кааператыўнага завулка. Магілёўцы, якія жылі ў тыя часы, з задавальненнем наведвалі тры секцыі – абутковую, галантарэйна-парфумерную і тэкстыльную. У 1960 годзе ЦУМ атрымаў прапіску ў новым будынку па вуліцы Першамайская, 61, а яшчэ праз 20 гадоў ён пашырыўся за кошт прыбудаванага новага будынка з боку аптэкі №1.

У 1947-1990-х гадах універмаг па праве лічыўся «ўзорным інстытутам савецкага культурнага гандлю». Любы прыезджы госць імкнуўся пабываць тут, прагуляцца па аддзелах, нібы па музеі, бо ЦУМ да таго ж быў сапраўдным адлюстраваннем беларускай прамысловасці і прызнаным увасабленнем апошніх павеваў моды.

1956 год. Памёр Язэп Фарботка (1893-1956).

Беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, акцёр, удзельнік грамадска-палітычнага руху Беларусі і Украіны пачатку ХХ стагоддзя.

У 1918 годзе быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай, дзе абмяркоўваліся вайскова-палітычныя пытанні і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. З яго удзелам у Кіеве была створаная сумесная гандлёвая палата, Беларуска-Украінскае Таварыства Збліжэння. З’яўляўся супрацоўнікам літаратурна-асветніцкага аддзела Наркамасветы Літоўска-Беларускай ССР, адміністратарам Беларускага тэатра ў Мінску выкладаў заалогію ў Віленскім універсітэце кандыдат навук. У 1922 г. пра Фарботку згадвае Я. Карскі ў трэцім томе «Беларусаў».

1967 год. У  Мікалаеўшчыне адкрыты філіял мінскага музея Якуба Коласа.

Акрамя гэтага, філіялы знаходзяцца ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Альбуці. Сядзіба Акінчыцы, дзе з’явіўся на свет Якуб Колас, цяпер уваходзіць у рысу горада Стоўбцы.

За 5 км ад Стоўбцаў знаходзіцца сядзіба Альбуць, дзе будучы пісьменнік жыў з сям’ёй ад 1890 года і якую ён апісаў у паэме «Новая зямля» пад назвай «Парэчча». За некалькі кіламетраў, у Смольні, жылі маці, дзядзька, браты і сёстры літаратара. Менавіта тут у 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Хутар Ласток, дзе захаваўся аўтэнтычны дом, у якім з 3 да 8 гадоў жыў Якуб Колас, аддзяляе ад Смольні каля 8 км. Тут захаваліся дом, хлеў, гумно – усе яны стаяць з тых часоў, калі тут жыла сям’я Міцкевічаў. Адзін з пакояў дома аддадзены пад музейныя экспанаты.

У 1990 годзе ў в. Пінкавічы Пінскага раёна запрацаваў яшчэ адзін музей Якуба Коласа. На жаль, Магілёўшчына не мае ніводнага помніка Якубу Коласу.

1968 год. Пайшоў з жыцця Міхал Самбікін (1878-1968).

Этнічны беларус, фізіка-географ, буйны беларускі, рускі і ўкраінскі метэаролаг, прафесар, член геаграфічнага таварыства, член–карэспандэнт Геафізічнай Абсерваторыі Пецярбургскай Акадэміі навук, удзельнік экспедыцый па барацьбе з засухамі, замаразкамі.

Загадчык кафедры метэаралогіі Беларускага сельскагаспадарчага інстытута (Горкі), прафесар кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

8 ліпеня 1941 года, калі немцы захапілі чыгуначную станцыю Пагодзіна (Горкі), 63-х гадовы прафесар з некалькімі супрацоўнікамі БГСГА пешшу пагнаў статак з 130 галавамі элітнага быдла на ўсход. Пад час месячнага 1 100 км пераходу, пад пастаяннымі авіяналётамі ворага, загінулі толькі 4 коровы).

1985 год. Прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Магілёва” Аляксандру Разумаву (1909-2003).

Герой Савецкага Саюза, палкоўнік, які праявіў гераізм пры вызваленні г. Чавусы, пры фарсіраванні рэк Бася, Раста, Дняпро, а полк пад яго камандаваннем 28 чэрвеня 1944 года адным з першых уварваўся ў Магілёў і знішчыў у вулічных баях больш за 1 000  гітлераўцаў, узяў у палон 440 салдат і афіцэраў, уключна 2 генералаў.

Аляксандр Кірылавіч Разумаў – Вікіпедыя

2022 год. Памёр Серж Мінскевіч (Мыцько, 1969-2022).

Беларускі паэт і перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў літкансультантам газеты «Пераходны ўзрост», у акадэмічных Інстытуце гісторыі (удзельнік археалагічных экспедыцый), Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.

Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху “Бум-Бам-Літ”.

Аўтар вершаў, перакладаў, прозы, сатыры, якія друкаваліся ў «Крыніцы»,  «Чырвоная змена»,  «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Зрок», «Маладосць», «Першацвет», у літаратурных альманахах, зборніках

Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку. На радыё ставіліся ягоныя радыёпастаноўкі фантастычных і гумарыстычных апавяданняў. Узнагарджаны прызам «За развіццё беларускай аўтарскай песні» на фестывалі «Бардаўская восень» (Бельск Падляскі, 1996).

Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia».

Перакладаў з польскай А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Я. Івашкевіча, С. Мрожака, С. Лема і іншых, з англійскай.

Дзень у гісторыі. 25 красавіка. Бялыніцкая Божая Маці. Павешанне падпольшчыкаў. Рэкордны ацёл. Ордэн Магілёву

Міжнародны дзень дачкі (International Daughter’s Day).

Дзень дачкі – выдатны час, каб не толькі павіншаваць сваіх дачок, але і задумацца аб тым, як выправіць праблему з уплывам знешняга свету на ўяўленне дзяўчынак аб іх вобразе, а галоўнае іх ролі ў свеце. 

Свята звяртае ўвагу бацькоў на тое, наколькі важная для іх дачок іх любоў і ўвага, як важна быць лепшай мадэллю для пераймання, лепшым прыкладам паспяховага чалавека, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу іншым.

Дзень дачкі

Сусветны дзень ДНК (World DNA Day, з 2010 года).

Адзначаецца ў гонар таго, што ў гэты дзень у 1953 годзе, Джэймс Уотсан, Фрэнсіс Крык, Марыс Уілкінс, Разалінд Франклін і калегі апублікавалі артыкулы ў навуковым часопісе «Nature», у якіх апісалі структуру ДНК. У гэты ж дзень у 2003 было абвешчана, што Праект геному чалавека вельмі блізкі да завяршэння.

Штогадовае святкаванне арганізавана Нацыянальным інстытутам даследавання геному чалавека ЗША з 23 красавіка 2010 года.

Адкрыццё структуры ДНК стала для ўсяго навуковага свету сапраўды рэвалюцыйным. Выяўленне гэтай малекулы дазволіла расшыфраваць код спадчыннасці, ідэнтыфікаваць генетычную пагрозу.

Цікавыя факты.

Арганізм людзей уключае 40 трыльёнаў клетак, кожная з якіх захоўвае 1,5 гігабайта генетычных дадзеных. 

ДНК усіх жыхароў планеты на 99,9% аднолькава. Унікальнасць кожнага складае толькі 0,1%. 

Адзіныя клеткі арганізма, у якіх адсутнічае дадзеная малекула – гэта чырвоныя крывяныя цельцы. 

Генны код людзей ідэнтычны кодам асобных прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету: з шымпанзэ гэтая сувязь складае 95%, мышшу – 70%, бананам – 50%.

дзень ДНК

Сусветны дзень пінгвінаў (World Penguin Day).

Заклікае людзей памятаць аб неабходнасці захавання жывёльнай разнастайнасці нашай планеты ў цэлым і разнастайнасці яе асобных рэгіёнаў і прадстаўнікоў у прыватнасці.

Пінгвін – сімвал Антарктыды, нелятаючая марская птушка, якая добра плавае і нырае.

Самы вялікі – імператарскі пінгвін, яго рост можа дасягаць 120 см, а вага – больш за 40 кг. Самы маленькі прадстаўнік віда – малы пінгвін, які не вышэй калена дарослага чалавека, а яго вага не перавышае 2,5 кг.

Дата святкавання Сусветнага дня пінгвінаў выпадае на перыяд, калі праходзіць міграцыя пінгвінаў на мацярык з мэтай спарвання і выседжвання яек.

дзень пінгвінаў

Дзень евангеліста Святога Марка.

Марк – адзін з чацвярых евангелістаў, аўтар Евангелля ад Марка. Уключаны ў лік апосталаў ад сямідзесяці і атаясамліваецца з Маркам-Янам, вучнем апостала Пятра. Яму прыпісваецца роля заснавальніка александрыйскай царквы, якая пазней стала адным з найважнейшых біскупскіх пасадаў. Сімвалам святога Марка з’яўляецца крылаты леў.

Дзень евангеліста Святога Марка

Дзень абраза Бялыніцкай Божай Маці – Каралевы Беларусі.

Шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам Усходняй Беларусі як цудатворны.

Існуюць розныя паданні, якія апавядаюць пра гісторыю абраза: манахі прынеслі яго пасля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя, перанесена з Аршанскага Куцеінскага манастыра ў кармеліцкі манастыр, ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы, абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці.

Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634-1635 гг. невядомым мастаком.

Дзень абраза Бялыніцкай Божай Маці

1901 год. У штаце Нью-Ёрк упершыню ў свеце ўвялі аўтамабільныя нумары.

Першы аўтамабіль у Беларусі з’явіўся ў 1895 годзе.

У 1970–1992 гадах на нумарах першыя дзве з трох літар паказвалі рэгіён: Брэсцкая вобласць – БН, Віцебская – ВТ, Гомельская – ГС, Гродзенская – ГК, Магілёўская МГ, Мінская – МО, Мінск – МН.

У 1992-2000-х гадах нумары мелі чырвоныя літары і лічбы на белым фоне, у 1992-1996 гадах на знакі дадавалася выява герба “Пагоня”. На сучасных нумарах прыналежнасць аўтамабіля да пэўнага рэгіёна абазначаецца лічбай, напрыклад, Магілёўская вобласць – 6, Мінск – 7.

Сучасная вытворчасць аўтазнакаў знаходзіцца ў Ваўкавыску на базе папраўчай калоніі №11.

аўтамабільныя нумары

1926 год. У в. Равячына Горацкага раёна нарадзіўся Яфрэм Сакалоў (1926–2022).

Апошні кіраўнік ЦК КПБ, Герой Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага савета СССР (1979–1989), Народны дэпутат СССР (1989–1991).

Выхаванец Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

А. Фядута некалі пра яго напісаў наступнае: “Сакалоў – амаль ідэал кіраўніка. Ніхто ніколі не чуў, каб ён узвысіў голас на падначаленага. Ніхто не бачыў яго нецвярозым. Ніхто не мог падазраваць яго ў хабарніцтве”.

У Горках на алее Славы Герояў у яго гонар устаноўлены мемарыяльны знак, пасаджаны імянны каштан.

Яфрэм Сакалоў

1939 год. У Мінску нарадзілася Зінаіда Бандарэнка.

Беларуская тэлезорка, народная артыстка. Палымяная патрыётка і прапагандыстка роднага слова, мужная змагарка за незалежную і беларускую Беларусь.

Скончыла БДУ. Працавала дыктарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання, на Беларускай рэспубліканскай студыі тэлебачання

Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нацыянальны характар. Прадстаўляла Беларусь на фестывалях СССР i за мяжой.

У 1996 годзе рэзка выказалася на адрас А. Лукашэнкі, які вырашыў сустрэцца з журналістамі, каб аддзячыць іх за падтрымку на рэфэрэндуме па пашырэнню ягоных паўнамоцтваў. Хутка пасля гэтага была вымушана звольніцца з тэлебачання.

Была вядучай урачыстай часткі «Свята незалежнасці» ў Мінску, якое адбылося 25 сакавіка 2018 года ў гонар 100-годдзя БНР.

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зінаіда Бандарэнка

1942 год. У Магілёве а 16:00 на плошчы Савецкай (зараз – Славы) акупанты павесілі падпольшчыкаў.

Былі павешаны Міхаіл (Георгій) Мяцёлкін (Каровін), Анатоль Ражкоў (Рыжкоў), Павел Хахлоў (Пяхоцін).

Лічыцца, што ўсе трое пакараных былі афіцэрамі Чырвонай Арміі. Але спроба атрымаць больш інфармацыі, зыходзячы з імёнаў і прозвішчаў, не мела поспеху. Лейтэнант (капітан) Міхаіл Мяцёлкін і старшы лейтэнант-лётчык Анатоль Рыжкоў зніклі без вестак у 1941 годзе і ў пачатку 1942 года ў базе «Мемарыял» не лічыліся. Магчыма ў мэтах канспірацыі яны назвалі немцам выдуманыя імёны і прозвішчы, пад якімі і ўвайшлі ў гісторыю Магілёва.

магілёў падпольшчыкі
Пад шыбеніцай стаяць злева направа Міхаіл Мяцёлкін, Павел Пяхоцін, Анатоль Ражкоў.

1949 год. Нарадзілася Ядвіга Паплаўская.

Савецкая і беларуская эстрадная спявачка, клавішніца, кампазітар, удзельніца першага складу ансамбля “Верасы”. Народная артыстка. Жонка А. Ціхановіча.

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

Сузаснавальніца і ўдзельніца ВІА “Верасы” (1971–1987), удзельніца Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга, групы «Шчаслівы выпадак».

Гастралявала ў Расіі, Беларусі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Германіі, Югаславіі, Польшчы, Венгрыі, Фінляндыі, Францыі, Канадзе і Ізраілі.

Суарганізатар (1988) Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў – Аляксандр Саладуха, гурт «Ляпіс Трубяцкой» і іншыя.

Ядвіга Паплаўская

1964 год. Магілёўская карова Любік ацялілася сям’ю цялятамі.

Рэкорд Кнігі Гінэса. Такі ж рэкорд паставіла, але толькі ў 2005 годзе, харвацкая карова “Златуле”.

Каровы целяцца звычайна адным цялём на год.

Нават двайняты ў кароў рэдкасць. Тройні бываюць адна на 367 000 ацёлаў, чацвёра цялят нараджаюцца раз у 310 000. Пяцёра цялят – гэта адзінкавыя выпадкі, як напрыклад ў Ленінградскай вобласці ў 2012 годзе.

карова Любік

1980 год. Указам прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны Першай ступені.

Горад ўзнагароджаны за ратныя і працоўныя подзвігі. Гэта як бы кампенсацыя за тое, што горад не атрымаў ганаровае званне “Горад-герой” за 23-дзённую абарону ў ліпені 1941 года. 

ордэн Айчыннай вайны

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена Міхаілу Максімцаву (1909–1994).

Падчас Магілёўскай аперацыі 1944 года ўдзельнік фарсіравання Проні, Басі, Расты, пры вызваленні Магілёва – начальнік перапраў праз Днепр войскаў 2-га Беларускага фронта.

Генерал-маёр.

Міхаіл Максімцаў

Дзень у гісторыі. 23 красавіка. Стварэнне “Белсата”. Беларуска – першая ледзі Тайваня. Нарадзіўся Бядуля

Дзень англійскай мовы ААН (English Language Day UN, з 2010 года, у гонар дня нараджэння У. Шэкспіра, 23 красавіка 1564 г.).

Мова, якая ўжывалася толькі трыма плямёнамі ўсяго 1500 гадоў таму назад, сёння стала сродкам камунікацыі для амаль 2 мільярдаў людзей. Прычым на англійскай кажа ўтрая менш носьбітаў мовы, чым прадстаўнікоў іншых народаў.

Англійская мова з’яўляецца афіцыйным сродкам зносін у 70 краінах планеты. На ім гавораць на кожным кантыненце. Гэта мова Інтэрнэту, авіяцыі, міжнароднага бізнесу і навукі. Яна існуе ў тысячах дыялектаў, у слэнгу і вулічных формах.

Оксфардскі слоўнік англійскай мовы налічвае больш за 1 мільён слоў.

Англійская, нароўні з французскай, з’яўляецца адной з двух працоўных моў сакратарыята Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама адной з шасці яе афіцыйных сродкаў камунікацыі.

Свята стала вынікам ініцыятывы Дэпартамента грамадскай інфармацыі ААН. Мэта яго стварэння – адзначыць шматмоўе і культурную разнастайнасць. Менавіта таму ў 2010 годзе было прынята рашэнне аб заснаванні адразу 6 святаў, кожнае з якіх прысвечана адной з афіцыйных моў.

Дзень арабскай мовы – 18 снежня, кітайскай – 20 красавіка, французскай – 20 сакавіка, рускай – 6 чэрвеня, іспанскай – 12 кастрычніка.

мова

Міжнародны дзень кнігі і аўтарскага права (World Book and Copyright Day, з 1995 года).

Устаноўлены ЮНЭСКА ў памяць аб памерлых 16 красавіка 1616 года Мігеля дэ Сервантэса, Вільяма Шэкспіра, Інка Гарсіласа дэ ла Вегі, аб нарадзіўшыхся ў розныя гады пісьменнікаў У. Набокава, М. Друона, Х. Лакснэса, М. Вальехі.

Традыцыя святкавання Дня кнігі нарадзілася ў Каталоніі, дзе ў 1923 годзе кнігагандляры вырашылі зладзіць грандыёзны кніжны кірмаш, каб ушанаваць памяць Сервантэса, Вегі і Шэкспіра. Таксама ў Каталоніі ёсць яшчэ адна традыцыя – тым, хто купіў 23 красавіка (у Дзень Святога Георгія) кнігу, дораць ружу. У сярэднявеччы Святы Георгій быў абвешчаны апекуном Каталоніі.

ЮНЭСКА пераняла гэтую традыцыю і стварыла сваю праграму “Падары кнігу, падары ружу”.

Мэтай святкавання Дня стала прыцягненне ўвагі да кніг як да крыніц атрымання ведаў, сродкаў выказвання і камунікацыі, якія застаюцца асновай актыўнай адукацыі і крытычнага мыслення, нягледзячы на хуткае развіццё больш складаных крыніц інфармацыі.

Адначасова гэта яшчэ і буйное прафесійнае свята для ўсіх, хто працуе ў кнігавыдавецкай, кнігагандлёвай, бібліяграфічнай і бібліятэчнай справе. Традыцыйна ў гэты дзень у многіх краінах арганізуюцца кніжныя кірмашы і выставы.

Дзень кнігі

У Касцёле адзначаецца ўспамін аднаго з найбольш вядомых і легендарных святых – святога Юрыя.

Паводле падання, святы быў рымскім воінам, які паходзіў з Лідды (Лод, Ізраіль) і быў хрысціянінам. Каля 300 года ён уступіў у войска цэзара Дыяклетыяна і дасягнуў вялікіх поспехаў у службе. Аднак з-за сваёй веры ў Хрыста быў арыштаваны і аддадзены на катаванні. Ён прыняў пакутніцкую смерць у Нікамедыі паміж 304 і 305 гадамі.

Паступова культ святога распаўсюдзіўся ва ўсім хрысціянскім свеце. У XV стагоддзі ў Германіі ён быў залічаны да чатырнаццаці святых памочнікаў, а таксама абвешчаны апекуном Англіі.

З яго імем звязаная вельмі папулярная ў Сярэднявеччы легенда пра тое, як Юрый (Георгій), калі быў рымскім афіцэрам, выратаваў дачку Кападоцкага цара, якую аддалі на разарванне цмоку. У гэты момант з’явіўся святы Юрый, які паразіў цмока дзідай і, скаванага ланцугамі, але яшчэ жывога, кінуў перад натоўпам. Ён паабяцаў забіць цмока, калі ўсе жыхары ахрысцяцца. Кароль і падданыя згадзіліся, і цмок быў забіты, а 1500 чалавек прынялі хрост.

Святы Юрый быў надзвычай папулярны таксама і на нашых землях і асабліва ўшаноўваўся земляробамі. 

Выява святога Юрыя, які паражае цмока – адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры. 

Святы Юрый (Юргіс) з’яўляецца таксама адным з апекуноў Літвы, яго выява месціцца на гербе Масквы, ён апякун ваенных, у тым ліку Бабруйскай крэпасці. У Бабруйску працуе царква св. Георгія (Юрыя), дзейнічае Геогіеўскі (Фандокаўскі) мост праз Бярэзіну, узведзена капліца на Мінскіх могілках.

святы Юрый

1586 год. Кароль і вялікі князь ВКЛ Стэфан Баторы надаў Нясвіжу Магдэбурскае права і герб.

Першыя ў ВКЛ магдэбургскія гарады (на Беларусі больш за 50): Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391), Слуцк (1441), Кіеў (1494-1497), Полацк (1498), Мінск (1499), Магілёў (1577). Калі браць Расію, то было толькі 5 гарадоў з такім правам і то падчас знаходжання ў ВКЛ: Смаленск (1611), Невель, Себеж (1623), Дарагабуж (1625), бранскі Погар (1666).

Нясвіж – 16-тысячны старажытны горад, цэнтр (з 1547 года) Нясвіжскага княства, уладанне Радзівілаў, буйны цэнтр кальвінізму, кнігавыдання, культурнага, тэатральнага, музычнага жыцця, падрыхтоўкі сухапутных і флоцкіх афіцэраў, вытворчасці зброі, уладальнік помніка Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – Нясвіжскага замка (з Фарным касцёлам).

Зараз у горадзе працуюць прадпрыемствы медыцынскай, харчовай, швейнай прамысловасці, рыбгас. Гэта – перспектыўны цэнтр турызму міжнароднага значэння, цэнтр гісторыка-культурнага музея-запаведніка, сталіца фэсту «Музы Нясвіжа».

Магдэбурскае права

1793 год. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай цэнтральная частка беларускіх зямель далучана да Расіі, створана Мінская губерня.

Мела плошчу ў 91,2 тысяч км². Праіснавала да 1921 года.

Мінская губерня

1886 год. Нарадзіўся Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік, 1886–1941).

Беларускі пісьменнік, мовазнаўца. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя, беларусізацыі.

Працаваў загадчыкам аддзела газеты «Савецкая Беларусь», рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі», першым рэдактарам часопіса «Наш край», у Інстытуце беларускай культуры.

У беларускую літаратуру ён прынёс адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасць ад прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. 

Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, нарысаў, зборнікаў апавяданняў, кніг для дзяцей, паэм, ваяцкіх песень, артыкулаў па этнаграфіі і фальклору, суаўтар кішэннага «Яўрэйска-беларускага слоўнічка».

Пераклаў з ідыша на беларускую мову Шолам-Алейхема, С. Годынера, С. Каган, з украінскай – Ю. Будзяка, Т. Шаўчэнку.

У жніўні 1936 года падпісаў зварот да «роднага, любага» Сталіна з заклікам знішчыць «бандыцкіх вылюдкаў» з «контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай хеўры».

Памёр ад інфаркту ў эвакуацыі каля казахстанскага Уральска. У яго пахаванні ўдзельнічаў Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр, які ў гэты час гастраляваў ва Уральску.

У лютым 2020 года адбылася эксгумацыя парэшткаў З. Бядулі. Праз жаданне сваякоў парэшткі захоўваліся з бласлаўлення мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску, нягледзячы на тое што ён быў іўдзеем. 3 лістапада 2020 года парэшткі даставілі ў Мінск і ўрачыста перапахавалі на Усходніх могілках, паніхіду адслужылі праваслаўны святар і іўдзейскі рабін, на магіле ўсталявалі праваслаўны крыж з надпісам на рускай мове.

Змітрок Бядуля
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». 1 шэраг (злева направа): В. Шашалевіч, П. Глебка, У. Дубоўка, М. Лужанін, К. Чорны, К. Крапіва; 2 шэраг: А. Адамовіч, У. Жылка, З. Бядуля, А. Бабарэка, Я. Пушча, С. Дарожны, Т. Кляшторны. 1929 г.

1917 год. Спектаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі ў Мінскім гарадскім тэатры адкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камедыі (1917–1920).

Таварыства адыграла важную ролю ў культурным жыцці Беларусі, у станаўленні беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва.

Узнікла з ініцыятывы Ф. Ждановіча, І. Буйніцкага, У. Фальскага і іншых дзеячаў нацыянальнай сцэны. Кіраўнік і рэжысёр Ф. Ждановіч. У трупе працавалі: У. Галубок, Г. Грыгоніс, А. Ільінскі, А. Крыніца, Л. Ржэцкая, К. Міронава, М. Міцкевіч і іншыя. Тэатр гастраляваў па Беларусі.

У рэпертуары тэатра былі пастаноўкі па творах Я. Купалы, Я. Коласа, В. Дуніна-Марцінкевіча, Э. Ажэшкі, К. Каганца, К. Буйло, У. Галубка, М. Крапіўніцкага і іншых.

У 1920 годзе на аснове творчага калектыву былі створаныя 1-ы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ-1, з 1945 года тэатр імя Я. Купалы) і перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка (з 1932 года – 3-і Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр).

«Паўлінка» Янкі Купалы

1950 год. Войска Чан Кайшы поўнасцю эвакуявалася з кантынэнтальнага Кітаю, пакінуўшы краіну пад уладаю камуністаў на чале з Мао Цзэ-дунам.

 Нявесткай генералісімуса і першага прэзідэнта Кітайскай Рэспублікі (Тайвань), жонкай прэзідэнта Цзян Цзінга (1978–1988) з’яўлялася Цзян Фанлян, або Фаіна Вахрава (1916–2004) – беларуска, якая нарадзілася пад беларускай Оршай у сям’і пуцявога абходчыка.

У Свярдлоўску ва ўзросце 16 гадоў на “Уралмашы” яна пазнаёмілася з Цзян Цзінго – сынам Чан Кайшы. Яны пажаніліся ў 1935 годзе і праз год пераехалі ў Кітай.

Пахавана ў прысутнасці прэзідэнта і іншых афіцыйных асоб Рэспублікі Кітай (Тайваня).

Фаіна Вахрава

2007 год. Заснаваны беларускамоўны тэлеканал спадарожнікавага тэлебачання “Белсат”.

Канал з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах , структурная частка Польскага тэлебачання.

Канал быў адказам на выказаную ў беларускіх дэмакратычных колах патрэбу ў незалежнай ад уладаў Беларусі тэлестанцыі.

Дырэктарам канала стала аўтарка ідэі – Агнешка Рамашэўская-Гузы. У канцы 2008 года сфарміравалася грамадская Назіральная рада канала. У яе склад увайшлі такія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, як В. Акудовіч, М. Анемпадыстаў, З. Бандарэнка, Г.  Бураўкін, А. Гуляеў, С. Калінкіна, У. Колас (старшыня), А. Трусаў, Ю. Хашчавацкі.

Каманда налічвае амаль 300 штатных і пазаштатных работнікаў з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін.

«Белсат» транслюе ў сярэднім 19 гадзінаў на дзень.

“Белсат”

1975 год. Званне “Ганаровы грамадзянін Магілёва” нададзена ўдзельнікам вызвалення Магілёва (1944) генерал-маёрам І. Кірылаву, А. Навумаву, Герою Сацыялістычнай Працы, заслужанаму будаўніку БССР П. Цімашэнку.

Пры ўдзеле І. Кірылава (1905–1993) распрацоўваліся і праводзіліся баявыя аперацыі па вызваленню Магілёўшчыны пад в. Леніна Горацкага раёна (у кастрычніку 1943), у Чавускім раёне (сакавік-чэрвень 1944), на чале 139-й стралковай дывізіі ён вызваляў г. Магілёў і Магілёўскую вобласць.

62-гі стралковы корпус пад камандаваннем А. Навумава (1905–1992) знаходзіўся на напрамку галоўнага ўдару падчас Магілёўскай аперацыі 1944 года.

П. Цімашэнка (1913–2009), Заслужаны будаўнік БССР, у 1953–1978 гадах працаваў у г. Магілёве ўпраўляючым будтрэстамі № 78, 12, 17 «Лаўсанбуд». Званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымаў за поспехі ў будаўніцтве Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна (1974). Зорка ў яго гонар закладзена на Зорнай плошчы Магілёва.

“Ганаровы грамадзянін Магілёва”

2015 год. Памёр Алег Салтук (1946–2015).

Беларускі паэт і перакладчык. Лаўрэат літаратурных прэмій Ленінскага камсамола Віцебшчыны, імя Уладзіміра Караткевіча, «Сузор’е муз», «Залаты купідон», часопіса «Маладосць»,

Скончыў філфак Магілёўскага педінстытута.

Працаваў у СМІ Віцебскай вобласці, сакратаром Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Першы верш надрукаваў у 1965 годзе ў «Магілёўскай праўдзе» з адабрэння А. Пысіна, які быў яго першым літаратурным настаўнікам. Асноўныя матывы паэзіі А. Салтука – любоў да Радзімы, роднай зямлі, гераічная памяць беларускага народа, клопаты і трывогі нашых дзён, пачуцці сяброўства і кахання, няпростыя чалавечыя адносіны.

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, перакладаў на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў.

Яго творы перакладаліся на ўкраінскую, польскую, рускую, балгарскую, нямецкую, асецінскую мовы.

Алег Салтук

Дзень у гісторыі. 8 студзеня. Чыгунка праз Магілёў. Скасаванне Бабруйскай вобласці

Дзень Бабіных каш. Зімовы пакроўчык. Сабор Прасвятой Багародзіцы. Маладзёны (Бабіны). Частаванне бабы-пупарэзніцы. 

Народная традыцыя надзяляе павітуху (павівальная бабка, прыёмніца, пупарэзка, пупавязніца) – дваістым статусам: яна пасланніца Божай Маці або намесніца Яе павітухі (Ісуса Хрыста прымала бабуля Саламаніда). Саламея-павітуха – заступніца прафесіі.

“У кожнай бабкі свае схваткі”, “Пачакай, не нарадзі, а за бабкай схадзі”, “Бабка прыйдзе, усякай справе падсобіць”, “Бог з літасцю, а бабка з рукамі”.

Бабуля-павітуха на вёсцы ўсім радня далёкая. Бабка дапамагала парадзісе, бабка дбала аб лёгкіх радзінах.

Сем’і з дзецьмі прыходзілі да бабак-павітух, частавалі іх самым смачным з таго, што спецыяльна да гэтага дня нарыхтавалі, і самі частаваліся знакамітымі “бабчынамі кашамі”. Гатовую кашу ўпрыгожвалі макам, ягадамі, арэхамі, палоўкамі яек, запякалі ў ёй курыцу ці пеўніка ў залежнасці ад таго, нарадзілася ў сям’і дзяўчынка ці хлопчык.

Па традыцыі адзін з гаршкоў з кашай разбівалі “на шчасце”, а затым ужо пачыналі частаваць кожнага, хто прыйшоў “на агеньчык”, ды не абы як, а абавязкова “з закавыкай”. Напрыклад, таго, хто стаў нядаўна бацькам, кармілі кашай “з пацехай”, у якой быў намяшаны хрэн, перац, гарчыца або пакладзена солі звыш усякай меры. Лічылася, што такім чынам ён хоць у нейкай ступені падзеліць са сваёй жонкай пакуты, выпрабаваныя ёю пры родах. Маладую маці адорвалі грэцкімі арэхамі, каб прыбывала малако. А дзетак частавалі кашамі салодкімі, разлічваючы на іх прыхільнасць да нованароджанага.

А яшчэ па бабчыных кашах на лёс варажылі. Калі падчас падрыхтоўкі яна вылазіць з чыгуна ў бок печы – разлічвалі на шчаслівы год, у адваротным выпадку рыхтаваліся да непрыемнасцяў. Але каб пазбегнуць непрыемнасцей ад “нешчаслівай” кашы, то яе разам з чыгуном тапілі ў палонцы.

Павітуха Саламаніда

1903 год. Адкрыты рух цягнікоў на ўсёй Віцебска-Жлобінскай чыгунцы праз Магілёў. 

З гэтай нагоды магілёўскага губернатара і жыхароў горада павіншавалі ў сваіх тэлеграмах імператар Мікалай II, міністр шляхоў зносін князь М. Хілкоў і міністр фінансаў С. Вітэ. Гэтага моманту Магілёў чакаў каля 30 год.

1911 год. Нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі. 

Беларускі паэт, дзеяч беларускай эміграцыі.

Быў выключаны з «воўчым білетам» з Мінскага педтэхнікума як «нацдэм». Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», выдавецтве акадэміі навук.

Арыштаваны ДПУ ў лютым 1933 года, асуджаны, пакаранне адбываў у Сібіры, Казахстане, Узбекістане.

Падчас нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы, кіраўніком Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы, увайшоў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Летам 1944 года эміграваў. Жыў у Германіі, Аўстрыі, Венесуэле, дзе заснаваў Беларускі камітэт, у ЗША, Аргенціне.

У 1950-1960-х гадах працаваў галоўным рэдактарам беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. У ЗША выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана.

Аўтар зборнікаў паэзіі, паэм, прозы, перакладаў, публіцыстыкі, успамінаў. Валодаў іспанскай, англійскай, нямецкай мовамі.

Уладзімір Дудзіцкі

1919 год. Мінск абвешчаны сталіцай ССРБ. 

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь была абвешчана 1 студзеня 1919 года ў Смаленску. Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада ў складзе Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, большай часткі Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км.

16 студзеня 1919 года ў склад РСФСР без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ увайшлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 27 лютага 1919 года ў Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай ССР у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

Мінск Сталіца ССРБ

1924 год. Нарадзіўся Алесь Савіцкі. 

Беларускі пісьменнік. Ганаровы грамадзянін г. Полацка.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму», выдавецтве «Ураджай», у Літаратурным музеі Якуба Коласа, аддзеле культуры ЦК КПБ.

Аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.

Памёр 5 кастрычніка 2015 года.

Алесь Савіцкі

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Каханоўскі. 

Беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец. Доктар гістарычных навук.

Удзельнік археалагічных раскопак у Крыме, Беларусі, працаваў дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Сярод яго шматлікіх цікавых знаходак – уборы ксяндза А. Станкевіча, скарбы манет, археалагічная калекцыі керамічнага посуду, фрагменты кафлі, тканіны, дакументы, лісты беларускіх дзячаў, фотаматэрыялы, музычныя інструменты.

Памёр 15 студзеня 1994 года.

Генадзь Каханоўскі

1938 год. У вёсцы Недведзь Клімавіцкага раёна нарадзіўся Іван Пехцераў.

Паэт і пісьменнік, аўтар 14 кніг пэзіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Магілёўскай абласной прэміі “Чалавек года — 2002”, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна.

Іван Пехцераў

1954 год. Адбылася адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа БССР. 

Ліквідаваны вобласці – Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская і Полацкая. Засталося 7 абласцей: Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гомельская, Брэсцкая, Гродзенская, Маладзечанская (замест Вілейскай). Тэрыторыя былой Бабруйскай вобласці адыйшла ў склад Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей.

Бабруйская вобласць

1959 год. Генерал Шарль дэ Голь (1890-1970) стаў прэзідэнтам Францыі, першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі (1959-1969). 

Будучы капітанам францускай арміі падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне. Яму там паставілі помнік (2021 год), які так і не адкрылі дагэтуль.

Як прэзідэнт меў незвычайна шырокія паўнамоцтвы – мог у выпадку надзвычайнай сітуацыі распусціць парламент і прызначыць новыя выбары, асабіста курыраваў пытанні абароны, знешняй палітыкі і найважнейшыя ўнутраныя міністэрствы.

За 80 гадоў жыцця здолеў стаць найвялікшым героем Францыі пасля Жаны д’Арк. Двойчы ўзначальваў краіну, абодва разы прымаючы кіраўніцтва на піку нацыянальнай катастрофы і пакідаючы дзяржаву ў стане эканамічнага ўздыму і роста міжнароднага прэстыжу. 

Аўтар больш за дзясятак кніг – мемуараў і тэарэтычных прац-бэстсэлераў па ваенным мастацтве. Загадкавы, містычны, выратавальнік Францыі, аб’яднальнік французскага народа, вызваліцель Алжыра і іншых калоній імперыі. Цікава, што тэкст расійскай канстытуцыі 1993 года, шмат у чым супадае з канстытуцыяй дэ Голя.

Шарль дэ Голь

1967 год. У Мюнхене памерла Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Падчас акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч)

Вербіч

1980 год. Памёр Канстанцін Кіслы. 

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў з сям’ёй у Марыупалі, працаваў  кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. 

З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

Канстанцін Кіслы

1988 год. У Афганістане загінуў у баі ўраджэнец Магілёва дэсантнік Андрэй Мельнікаў. 

Быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пахаваны на Каталіцкіх могілках у Магілёве. У абласным цэнтры адна з вуліц носіць яго імя. Устаноўлена мемарыяльная дошка.

Андрэй Мельнікаў

1997 год. Памерла Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

2004 год. Levi Strauss & C° зачыніла апошнюю фабрыку на тэрыторыі ЗША. 

Зачынілася пашывачная фабрыка сусветна вядомай амерыканскай кампанія па вытворчасці джынсаў у Сан-Антоніа, штат Тэхас. На гэтым завяршылася больш чым 150-гадовая эпоха, на працягу якой на лэйбле найпапулярных у моладзевым асяроддзі штаноў красаваўся ганарлівы надпіс “Made in USA”. Кампанія, што ўзнікла ў Сан-Францыска ў 1853 годзе, толькі з 1981 па 1990 год з прычыны дарагой працоўнай сілы закрыла ў сябе на радзіме 58 прадпрыемстваў. Цяпер кампанія мае тры “джынсавыя штаб-кватэры”: у Сан-Францыска, Брусэлі і Сінгапуры, а асноўную частку прадукцыі пад маркай Levi Strauss вырабляюць па ліцэнзіі іншыя кампаніі.

джынсы Леві Строс