У Асіповічах кінастужкі беларускай вытворчасці сталі хітамі

На «Пераломны момант» і «Класную» ў Асіповічах не могуць наглядзецца, а выручка кінатэатра зашкальвае.

Газета “Асіповіцкі край”, як і належыць дзяржаўнаму СМІ Беларусі, перабольшвае любоў мясцовых жыхароў да прапагандысцкай прадукцыі.

Журналісты сцвярджаюць, што “самымі запатрабаванымі ў мясцовых кінаманаў сталі дзве апошнія навінкі нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — «Пераломны момант» і «Класная». Апошняя стужка таксама стала лідарам касавых збораў”.

Калі верыць ідэолагам Асіповішчыны, то беларускія кінематаграфісты канчаткова паклалі Галівуд на лапаткі, а Свіслач пацякла назад. Вось толькі верыць ім не варта.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Асіповічах урачыста адкрылі метэастанцыю

Адкрытая ў Асіповічах метэаралагічная станцыя стала першай у раёне і сямідзясятай у краіне.

Метэаралагічную станцыю ў Асіповічах пабудавалі па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. 

Адкрывалі яе з пампай ганаровыя госці – старшыня райвыканкама, начальнікі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, прадстаўнікі мясцовых устаноў і школьнікі – удзельнікі экалагічнага моладзевага грамадскага аб’яднання «Дзеля жыцця на Зямлі».

Сцвярджаецца, што метэастанцыя “у рэжыме рэальнага часу будзе збіраць і перадаваць даныя пра тэмпературу і вільготнасць паветра, хуткасць і напрамак ветру, атмасферны ціск, ападкі і іншыя ключавыя метэаралагічныя параметры”.

Нагадаем, што ў 2019 годзе Лукашэнка паскардзіўся, што не можа даведацца, якое надвор’е чакаецца ў бліжэйшыя некалькі дзён. У сувязі з гэтым паабяцаў прывесці ў пачуцце або разагнаць беларускіх метэаролагаў.

Змянілася з таго часу нешта ці не – невядома. Магчыма, асіповіцкая ўстаноўка дазволіць даведацца нешта новае пра надвор’е.

Фота раённай газеты.

У Асіповічах масава аштрафавалі таксістаў

Дваццаць шэсць таксістаў Асіповіч аштрафаваны за парушэнне парадку прыёму сродкаў плацяжу.

Падатковая інспекцыя па Асіповіцкім раёне сур’ёзна ўзялася за мясцовых таксістаў

Праверка ўстанавіла “парушэнні парадку прыёму сродкаў плацяжу і парушэнне парадку выкарыстання касавага абсталявання, аўтаматычных электронных апаратаў, гандлёвых аўтаматаў, плацежных тэрміналаў, выкарыстання і ўліку сродкаў кантролю, прызначаных для ўстаноўкі на касавае абсталяванне”.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 26 чалавек. Агульная сума штрафаў склала 10,8 тысячы рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Як Халуі ў Асіповіцкім раёне ператварыліся ў Ліпень

Жыхары вёскі Халуі на Асіпоўшчыне прасілі Прэзідыум ЦВК Саюза ССР перайменаваць населены пункт. Ім было крыўдна.

Цікавую гісторыю распавяла газета “Асіповіцкі край”. Яна тычыцца аграгарадка Ліпень, які да 1926 года насіў немілагучную назву Халуі.

Халуі там не жылі, а слова азначала пляценую запруду для лоўлі рыбы.

Паводле версіі асіповіцкіх гісторыкаў, перайменаванне ў Ліпень адбылося ў 1926 годзе з дазволу Прэзідыума ЦВК Саюза ССР і, магчыма, у гонар пяцігоддзя заканчэння савецка-польскай вайны.

Часы тады былі баявыя. Мяняліся не толькі адкрыта неблагазвучныя назвы населеных пунктаў, але і тапонімы, якія не падабаліся большавікам з-за сваёй празмернай рэлігійнасці. Так мястэчка Ігумен стала Чэрвенем.

У любым выпадку, для жыхароў аграгарадка Ліпень наступны год будзе юбілейным – 100-годдзе існавання пад новай назвай.

Фота раённай газеты.

Кіраўнік Асіповічаў: кадры трэба не мяняць, а шукаць, бо іх проста няма

Геворг Мелканян даў першае інтэрв’ю на новай пасадзе. Падаецца, ён трапна вызначыў балючыя кропкі Асіповіцкага раёна.

У інтэрв’ю раённай газеце Геворг Мелканян распавёў, на чым плануе засяродзіць увагу як кіраўнік Асіповіцкага раёна.

Згодна з яго словамі:

  • цэнтральныя вуліцы ў нармальным стане, але ў «закутках» яшчэ хапае месцаў, дзе людзі вымушаны хадзіць у гумавых ботах;
  • ключавая праблема раёна – сельская гаспадарка. Там востра не хапае кадраў – іх трэба не мяняць, а шукаць, бо іх сапраўды няма;
  • важна асабіста пазнаёміцца з калектывамі і кіраўнікамі, зразумець, хто гатовы працаваць, а хто, магчыма, выгарэў ці мае патрэбу ў матывацыі;
  • Асіповіцкі раён павінен вярнуцца ў тройку лідараў Магілёўскай вобласці па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Мелканян не плануе пачынаць з аўралу. Спачатку ён ацэніць сітуацыю, асабіста наведаўшы кожнае прадпрыемства раёна.

Добрай навіной, на яго думку, з’яўляецца тое, што сельская гаспадарка дае толькі пяць працэнтаў выручкі Асіповіцкага раёна, а астатнія 95 працэнтаў гэта развітая прамысловасць, адна з наймацнейшых у вобласці.

Разлік Мелканяна на тое, што прамысловасць дапаможа «пацягнуць» за сабой сельскую гаспадарку, можа даць вынік. 

Тым больш, новы старшыня райвыканкама не збіраецца мірыцца з кіраўнікамі, што сядзяць у сваіх крэслах толькі таму, што «нікому не замінаюць». 

Па меркаванні Мелканяна, гэта і нараджае застой. Нельга сказаць, што ён адкрыў Амерыку, але нельга не прызнаць і таго, што перад намі даволі рэдкі выпадак, калі прадстаўнік уладнай вертыкалі назваў рэчы сваімі імёнамі.

Фота: раённай газеты.

У Асіповічах дальнабойшчык адпачываў у кафэ і пабіў хлопца

Пасля рэйсу асіповіцкі вадзіцель-дальнабойшчык, адпачываючы ў кафэ, збіў аднаго з наведвальнікаў.

Пасля вяртання з рэйсу 47-гадовы вадзіцель-дальнабойшчык выпіваў у адным з кафэ Асіповічаў. Там ён пасварыўся з адным з наведвальнікаў – 23-гадовым хлопцам. Слова за слова – і сварка перарасла ў бойку. Досвед перамог маладосць. Дальнабойшчык збіў хлопца.

Цікава, што сам ён не памятаў падрабязнасцяў здарэння і быў здзіўлены сваімі паводзінамі на відэа з камер назірання.

Узбуджаная крымінальная справа.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

Грамадзяне Асіповіч трапіліся ў фотапасткі

Барацьба з тымі, хто стварае несанкцыянаваныя звалкі ў Асіповічах, дасягнула апагея.

Высокія тэхналогіі прыйшлі на дапамогу асіповіцкаму УКП ЖКГ у бітве з нізіннымі страсцямі тых, хто арганізоўвае ў горадзе несанкцыянаваныя сметнікі.

Прыборы фотафіксацыі, ўстаноўленыя ў месцах, дзе здзяйсненне правапарушэнняў найбольш верагоднае, спрацавалі дакладна, паказаўшы, што:

  • на кантэйнерную пляцоўку каля яўрэйскіх могілак грамадзянін вывез бой шыфера;
  • у ваколіцах пасёлка Ялізава мясцовы жыхар вывез асабістае смецце;
  • на кантэйнерную пляцоўку па вуліцы Чкалава жыхар шматкватэрнага дома вывез адыходы са свайго агарода.

Першы грамадзянін ужо аштрафаваны на 420 рублёў, а справы двух другіх жыхароў пакуль яшчэ разглядаюцца, але, падаецца, нічога добрага іх таксама не чакае.

Застаецца толькі дадаць, што высокія тэхналогіі, якія дабраліся-такі да Асіповіч і пасеялі паніку сярод парушальнікаў, у цывілізаваных краінах выкарыстоўваюцца дзесьці з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Фота раённай газеты “Асіповіцкі край”.

Асіповіцкая раёнка звярнулася да беларускай мовы

Тэлеграм-канал асіповіцкай раёнкі ад сённяшняга дня запусціў своеасаблівую віктарыну – ў апытанках трэба выбраць правільны пераклад беларускага слова на рускую мову.

“Новая рубрыка пра прыгажосць і дакладнасць беларускай мовы” – паведамляе тэлеграм-канал “Асіповіцкага краю”. “Спрабуем не сказіць, а перакласці” – заклікае выданне. 

Карыстальнікам прапануюцца апытанкі, дзе да слова па-беларуску даюцца чатыры рускія пераклады і трэба выбраць правільны.

З аднаго боку варта парадавацца за такую ініцыятыву па ажыўленню цікавасці да роднай мовы ў спрэс русіфікаванай Беларусі. Але з другога – неяк зусім сумна, што беларуская мова, якую, дарэчы, выкладаюць у школах, у тым ліку і Асіповіцкага раёна, ужо стала як нейкая замежная. Таму і выбар правільнага варыянту адказу, калі паглядзець на вынікі апытанняў, не для кожнага відавочны. 

Так, для некаторых глей – гэта і “мелкий дождь”, і “гончар”, а дурніцы – гэта “пузыри на воде”, а махляр – гэта “мельник”.

Але, здзіўляцца тут няма чаму, бо нават на сайце газеты “Асіповіцкі край” беларускамоўнымі з’яўляюцца толькі назва, змест рубрыкі “О нас”, дзе месцяцца даныя аб выданні і яго рэдакцыі, і мізэрная ў параўнанні з рускамоўнымі колькасць артыкулаў. Каб знайсці беларускамоўнае паведамленне ў тэлеграм-канале, трэба добра пастарацца, і не факт, што такое старанне закончыцца паспяхова. 

Таму, як падаецца, не апытанкамі варта паказваць “прыгажосць і дакладнасць беларускай мовы”, а як мага большай колькасцю артыкулаў. Тым больш, што людзі ў Асіповіцкім раёне добра ведаюць беларускую мову. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што правільныя адказы ў тых апытанках давалі не менш за 60% удзельнікаў, колькасць якіх ужо падбіраецца да двух соцень.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Асіповіцкія міліцыянеры пайшлі ў падсобнікі на фермы

“Садзейнічанне ўмацаванню харчовай бяспекі малой радзімы” – дапамагаць стратным сельгасарганізацый Асіповіцкага раёна абавязалі супрацоўнікаў мясцовага РАУС і работнікаў прамысловых прадпрыемстваў.

Як піша Mayday, cтратным сельскагаспадарчым прадпрыемствам не хапае ні рабочых рук, ні грошай на ўтрыманне. Таму, на выязной нарадзе Магілёўскага аблвыканкама вырашылі, што прадпрыемствы і арганізацыі Асіповіч павінны дапамагчы малочна-таварным фермам хто чым можа.

Няпрофільнае перанакіраванне кадраў і тэхнікі на патрэбы жывёлагадоўлі названа “садзейнічаннем умацаванню харчовай бяспекі малой радзімы”.

Так, міліцыя мясцовага РАУС удзельнічала ў рамонце малочна-таварных комплексаў ААТ “Авангард-Ніва” ў вёсках Вяззе, Лучыцы і Карытнае. Разам з РАУС там працавалі Асіпаўчыскі завод аўтаагрэгатаў, МПК-95 “Водстрой”, шклозавод “Ялізава”. Акрамя рамонту кароўнікаў прадпрыемствы вылучалі тэхніку для пакосу траў на сянаж.

Асіповіцкую райветстанцыю, мясцовае аддзяленне “Бабруйскводаканала” і зноў жа РАУС прымусілі дапамагчы і ААТ” Жорнаўка”, дзе сіламі гэтых арганізацый не толькі адрамантавалі стойлавае абсталяванне, але і вывезлі цвёрдыя і вадкія адходы.

Асіповіцкі малочны камбінат, які належыць ААТ “Бабушкіна крынка” абавязалі ўзяць шэфства над ААТ “Вязаўніца Агра” і адрамантаваць ферму для адкорму буйной рагатай жывёлы ў Брыцалавічах.

А Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання, рыбгас “Свіслач” і аўтапарк №19 прымусілі фуражную пшаніцу ААТ “Ясеньскае” перавезці ў Стаўбцоўскі раён, каб абмяняць яе на пасяўны ячмень. Акрамя таго, гэтыя прадпрыемствы адрамантавалі два малочна-таварныя комплексы. Выдаткі прампрадпрыемстваў пакрываць ніхто не будзе.

Фотаздымак: БелТА

«Жамчужына» ў Асіповічах – комплекс не пустуе. Статыстыка

У Асіповічах падлічылі наведвальнікаў фізкультурна-аздараўленчага комплекса «Жамчужына».

«Жамчужына» карыстаецца асаблівай папулярнасцю дзякуючы аквапарку. 

У комплексе ёсць 25-метровы басейн з трыма дарожкамі, прамая і спіралевая горкі, дзіцячая зона, гідрамасаж, джакузі, саўна, вадаспад і «лянівая рака». 

Таксама праводзяцца заняткі па плаванні і аквааэробіцы для дзяцей і дарослых.

У жніўні фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Жамчужына» наведалі 13 025 чалавек. З іх:

  • 9 333 чалавекі наведалі аквазону;
  • 2 285 чалавек абралі аквазону з басейнам;
  • 502 чалавекі прыйшлі толькі ў басейн;
  • 90 чалавек аддалі перавагу більярду;
  • 260 чалавек скарысталіся саўнай;
  • 31 чалавек гуляў у настольны тэніс;
  • 524 чалавекі займаліся ў трэнажорнай зале.

Найбольшая наведвальнасць была адзначана 17 жніўня – у гэты дзень комплекс наведала 712 чалавек.

Фота з адкрытых крыніц.