Укус змяі, атака шэршняў – судмедэксперты распавялі пра смяротныя выпадкі на Магілёўшчыне ад небяспечных жывёлаў

Судова-медыцынскія экспертыза паведаміла пра два такія выпадкі. Ад укусу змяі сканала пажылая жанчына, а атакі шэршняў памёр мужчына сярэдняга ўзросту.

Першай ахвярай у чэрвені ад сутыкнення з дзікай прыродай стала 80-гадовая дачніца. Яна працавала на сваім гародзе, калі яе, як яна вырашыла, укусіла нейкае насякомае. З гэтай трывогай яна падбегла да суседкі, з якой потым прышла ў свой дом, і ўжо лежачы  захрыпела, пасінела і памерла.

animalstend.com

Медыкі з хуткай дапамогі не змаглі рэанімаваць жанчыну і вымушаныя былі канстатаваць смерць, апавядае  дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Святлана Валетава.

Як высветлілі судмедэксперты, сканала пенсіянерка ад укусу змяі. Пра гэта сведчылі дзве ранкі на назе і характар кровазліцця ва ўнутраных органаў жанчыны. Ад моманту ўкусу і смерці прайшло ўсяго некалькі хвілін.

Другі лятальны выпадак ад сутыкнення з атрутнымі дзікімі жывёламі здарыўся ў пачатку жніўня. 40-гадовы мужчыну ў сельскай мясцовасці атакаваў рой шэршняў, два з якіх укусілі яго. Пра тое ён паспеў паведаміць родным. Пазней у яго прапаў зрок, з роту пайшла пена і ён знепрытомнеў.

i.ytimg.com

Як і ў папярэднім выпадку, хуткая дапамога толькі канстатавала смерць, а судмедэкспертыза прыйшла да высновы, што наступіла яна ад анафілактычнага шоку.

Раней – паведамілі родныя ахвяры – атакаваны шэршнямі мужчына неаднаразова перажываў алергічныя рэакцыі ад укусу насякомых.

фота: medvestnik.by

У Магілёве чыноўнікі задумаліся над аптымізацыяй дзіцячых садкоў

Гэта выклікана змяншэннем колькасці выхаванцаў дзіцячых садкоў і асабліва тое характэрна для Кастрычніцкага раёну, адзначаюць чыноўнікі. Пакуль гаворка пра аптымізацыю адной такой установы.

Са слоў чыноўнікаў вынікае, што ўстановы дашкольнай адукацыі ў горадзе размешчаныя непрапарцыянальна іх запатрабаванасці.

Паводле начальніцы ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму Ірыны Рыбаковай, у новых мікрараёнах гораду дзіцячых садкоў бракуе.

«Больш за 400 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пражываюць у мікрараёнах Спадарожнік-2, Казіміраўка, Стасава-Грышына, – кажа яна, – вымушаныя наведваць сады ў іншых мікрараёнах».

Па словах Рыбаковай, пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі мясцовых органаў улады, піша «Веснік Магілёва».

Дзіцячы садок, які збіраюцца аптымізаваць, чыноўнікі на «гарадскім педсавеце» не назвалі.

«На жаль, 2021 год адзначаны змяншэннем колькасці выхаванцаў дзіцячых садкоў, асабліва гэта тычыцца Кастрычніцкага раёну», канстатуе Ірына Рыбакова.

фота: pniva.by

У Магілёве падлеткаў з закрытай спэцвучэльні трэніруюць, як абыходзіцца з аўтаматам

У мясцовае вучылішча закрытага тыпу №2 адпраўляюць на перавыхаванне падлеткаў за сістэматычныя правапарушэнні. Як сведчыць сайт навучальнай установы, вайсковы складнік, як элемент перавыхавання, з’явіўся нядаўна.

 

Сёлета група навучэнцаў гасцявала ў спецназаўцаў у Марʼінай Горцы. Там для іх арганізавалі курс маладога байца. Падлеткі на фотаздымках пазіруюць са зброяй.

Цяпер у вучылішчы арганізавалі, як паведамляецца, этап патрыятычнай гульні «Зарніца». Хлопцы зноў са зброяй. Пад прыглядам вайскоўцаў вучацца разбіраць аўтамат.

Дырэктар вучэльні Дзмітрый Генісеў падобныя гульні назваў «выхаваўчымі мерапрыемствамі».

Самі навучэнцы тэлеграм-каналу «MOGILEVNEWS» прызнаваліся, што ім спадабалася разбіраць аўтамат, страляць з яго і яшчэ страляць з пісталета.

Вучэльня створаная для «вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадскіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

Вучэльня агароджаная чатырохметровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе збеглі 34 падлеткі.

У 2017 годзе навучальная ўстанова трапіла пад увагу медыяў, бо збеглых гадаванцаў супрацоўнікі ўстановы пабілі. Адзін з хлопцаў трапіў у лякарню. Пазней суд прызнаў дырэктара і яшчэ двух супрацоўнікаў вучэльні вінаватымі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Іх адправілі на розныя тэрміны зняволення ў калоніі.

 

Чаго не хапае беларусу? Допіс чытача, якога здзівілі сувеніры ў вітрыне (фота)

У выстаўленым наборы сувеніраў жыхар Магілёва ўгледзеў «кавалак беларускага свету» і сфатаграфаваў яго.

У кіёску побач з вакзалам – звярнуў увагу чытач Магілёў.media – сярод выстаўленых налепках і магніцікаў адсутнічаюць беларускамоўныя.

«Мне кінулася ў вочы агрэсіўнасць іх карцінак, што, на маю думку, супярэчыць беларускаму менталітэту. – тлумачыць магілёвец – Але, як мне падаецца, такі набор сувеніраў сведчыць пра раздарожжа, на якім апынулася ўся Беларусь. У ёй баяцца беларускага і без боязі дэманструюць безгустоўнасць і дурноту».

 

«Няма спецыялістаў». Магілёўскія чыноўнікі дазналіся, што дамы гараджанаў з дзіравымі дахамі

І такіх дамоў па горадзе не адна сотня, але ў камунальных арганізацыяў бракуе спецыялістаў, здольных рамантаваць дахі.

Сёлета ва Ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў Магілёва паступіла 330 зваротаў з пытаннямі рамонту дахаў у жылых шматкватэрных дамах. У гарвыканкаме абяцаюць улучыць праблемныя шматпавярхоўкі ў графік рамонту і перагледзець фінансаванне.

«Ёсць рэзерв сродкаў, якія могуць быць накіраваны на рамонт дахавых пакрыццяў», – заяўляе намеснік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кіблоў.

Тым часам, у камунальных прадпрыемствах наракаюць, што ў іх праблемы са спецыялістамі, здольнымі выконваць дахавыя працы. Паводле камунальнікаў гэта «дастаткова працаёмкі працэс, які патрабуе пэўных кампетэнцыяў», піша Белта. 

Пра тое, што гараджане абураныя дзіравымі дахамі і адсутнасцю іх рамонту паведаміў старшыня гарадской адміністрацыі Ўладзімір Цумараў. Па яго словах, падобныя скаргі ён чуў ад людзей і падчас «прамой тэлефоннай лініі».

«Большая частка такіх зваротаў паступіла падчас ліўневых дажджоў, якія прыпалі на чэрвень», – даводзіў падначаленым чыноўнік.

Каб пазбегнуць масавай незадаволенасці праблемай у будучыні, ён патрабуе, пакуль пагода, «нарасціць працу па рамонце дахаў» .

«Нельга расцягваць тэрміны, потым пойдуць дажджы – і зноў будзе шквал зваротаў”, – засцерагае Цумараў падначаленых і патрабуе звароты па дахах «закрыць».

Ізноў спёка. Рэкордаў не будзе, але не забывайма на ваду

У Магілёве 23 жніўня сіноптыкі прагназуюць да 32 °C.

У 2015-ым тэмпература паветра сягнула 32,9 °C і быў пабіты рэкорд 1992 году – +31,7 °C

Цягам сённяшняга дня сіноптыкі з Белгідрамету абяцаюць пераменную воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +30…+32°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с.

Па большай частцы краіны Белгідрамет прагназуе максімальную тэмпературу паветра ў межах +30…+33°С.

У сталіцы чакаецца да 31 °С, у суседніх Віцебску – да 30, у Гомелі, як і ў Магілёве – 32.

У Магілёве закрылі АЗС, супраць якой пратэставалі гараджане амаль 20 гадоў таму

На запраўцы напісана, што яе рэканструююць, але чытачы Магілёў.media сцвярджаюць: яна зачыненая наагул і замест яе збіраюцца ставіць кавярню.

Гэта запраўка непадалёк ад помніка святару Георгію Каніскаму, які паставілі два тыдні таму на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай у Падмікольскі парк – за сто метраў ад плошчы Арджанікідзэ. Мясціна – гістарычная частка гораду.

Чаму закрываюць запраўку, дакладна невядома. Дэмантаж яе абсталявання пачаўся 22 жніўня, паведамляюць чытачы Магілёў.media. Паводле іх на пад’яздных дарогах устаноўленыя абвесткі, што АЭС не працуе.

На яе месцы, нібы, з’явіцца кавярня.

Рашэнне аб узвядзенні запраўкі прыняў Магілёўскі гарвыканкам у 2003 годзе, нягледзячы на пратэст гараджан. Іх не задавальняла, што патэнцыйна небяспечны аб’ект размяшчаюць побач з жылымі дамамі. Пра намеры пабудаваць запраўку людзі даведаліся са сваіх крыніцаў.

Тагачасны старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў прызнаў факт будаўніцтва і паспрабаваў супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе. Чыноўнік прывёў прыклад Францыі, дзе сустракаюцца бензакалонкі, паводле яго, умантаваныя непасрэдна ў дамы.

Запраўку на Арджанікідзэ Шорыкаў называў «міні-запраўкай», якая, настойваў ён, будзе абсталяваная «лакальнымі ачышчальнымі збудаваннямі і ўсё ж будзе аддаленай ад жылога сектару».

Усе магілёўскія школы гатовыя да навучальнага году, запэўніваюць чыноўнікі

На рамонт магілёўскіх школ з бюджэту было выдзелена 5,3 мільёны рублёў. Амаль столькі ж узялі на яго з заробленага навучальнымі ўстановамі і спонсараў – 4,5 мільёны рублёў.

Заяўляецца, што школы забяспечаныя ўсім неабходным для «якаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў». Усе яны атрымалі сертыфікаты гатоўнасці.

Паводле кіраўніцы гарадскога цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Іны Нізаўцовай, на рамонт школ было выдзелена больш за 5,3 мільёны рублёў, з іх на капітальны рамонт – больш за 3 млн. Яшчэ больш за 4,5 мільёны рублёў атрымана за кошт пазабюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі.

Капітальны рамонт правялі ў дзвюх школах – № 5 і № 13. Упарадкаваныя прылеглыя тэрыторыі і спартыўныя аб’екты, паведаміў «Веснік Магілёва», спасылаючыся на чыноўніцу.

Сёлета ў школу пойдуць больш за 41 тысячу вучняў. З іх больш за 4,5 тысяч – першакласнікі. Установы агульнай сярэдняй адукацыі папоўніліся 111 маладымі спецыялістамі.

фота: mogilev-region.gov.by

«Фантомныя кнігі невядомых друкароў» – магілёўскі гісторык расказвае пра таямніцы першай гарадской друкарні

Падрабязнае даследаванне як з’явілася і працавала ў Магілёве першая друкарня.

На сваім ютуб-канале былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў размяшчае ролікі, прысвечаныя гісторыі нашага краю. Чарговая лекцыя прысвечана пачатку кнігадрукавання ў Магілёве ў пачатку XVII стагоддзя.

Паглядзець лекцыю можна тут.

 

У навуковай літаратуры можна сустрэць тэзіс, што першыя кнігі былі надрукаваныя ў горадзе ў 1616, 1617 і 1619 гадах. Гэта літургічная кніга «Служэбнік» і літаратурны твор Кірылы Транквіліон-Стаўравецкага «Вучыцельнае Евангелле». Аднак саміх гэтых магілёўскіх кніг не існуе ў прыродзе. Іх няма ў каталогах, няма ў бібліятэках і зборах.

Відэалекцыя, ператварылася ў падрабязнае даследаванне таго, як з’явілася інфармацыя пра паяўленне і працу ў Магілёве першай друкарні.

«Фантомныя кнігі», магчыма, выдадзеныя ў Магілёве невядомымі пакуль друкарамі, былі вядомыя бібліёграфам у канцы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў. Але пасля 1813 года іх не сустракаў больш ніводны даследчык.

Напластаванні тынкоўкі прыхарошаныя фарбаю. Адрамантаваная наспех школьная агароджа стане сюрпрызам для магілёўскіх вучняў на 1 верасня

Фотаздымкі з такой школьнай агароджай даслалі Магілёў.media чытачы.

«Рамонт агароджы перад першым верасня ў 11-й школе. Гэта канчатковы вынік», – напісалі  чытачы.

11 школа знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Мянжынскага. Гэтая гарадская мясціна ўдалечыні ад людных вуліц. Сюды рэдка наведваецца начальства.

Паводле старажылаў, агароджу перад галоўным уваходам у школу ўзвялі па Другой Сусветнай вайне. Ад таго часу яе рамантуюць. Адбіткі рамонту розных гадоў можна прасачыць па тынкоўцы. Яе напластаванні прыхарошаныя фарбаю.

Школа №11 з даўнімі традыцыямі і адна з найстарэйшых у горадзе. Яе адкрылі ў 1925 годзе, неўзабаве як Магілёў вярнула Беларусі савецкая Расія. Навучальная ўстанова, паводле старажылаў, была беларускамоўнай, бо тады ў краі трываў перыяд беларусізацыі. У цяперашнім будынку школа ад 1938 году.