У Магілёве эксперыментуюць з міліцыяй. Патрульныя працуюць у тэставым рэжыме

Кіраўніцтва разлічвае аб’яднаць роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі ў асобны батальён.

Цяпер структура працуе ў тэставым рэжыме і ёй удзяляецца пільная ўвага абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва.

На ўзроўні міністэрства пастаўлена задача па далейшым павышэнні статусу патрульна-паставой службы, яе эфектыўнасці ў забеспячэнні грамадскага парадку з улікам сучасных патрабаванняў, піша «Веснік Магілёва».

«Адзінае кіраванне дазваляе пры неабходнасці манеўраваць сіламі і сродкамі, надаваць належную ўвагу прафесійнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, падабраць згуртаваны калектыў», – тлумачыць першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка.

Паводле яго наяўнасць афіцэрскіх пасад будзе стымуляваць асабовы склад і спрыяць прэстыжу патрульна-паставой службы.

Юрый Назаранка кажа, што ў краіне «толькі два падраздзяленні працуюць у эксперыментальным варыянце – у Магілёўскай і Віцебскай абласцях».

Па яго словах, падобны фармат ужо існаваў некалькі гадоў таму і «калі тэставы рэжым апраўдае сябе, то аналагічныя змены могуць быць рэалізаваныя па ўсёй краіне».

фота: minsk.gov.by

У Магілёве агучаны арыенціровачны тэрмін завяршэння будаўніцтва корпусу інфекцыйных хваробаў. Яснасці не стала болей

Пачатак будаўніцтва гэтай лякарні шырока асвятляўся праўладнымі медыямі, але пра тэрмін яе ўвядзення ў эксплуатацыю паведамляць пазбягалі. 

Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў, нібы між іншым, сказаў, што завяршэнне прац на важным аб’екце для рэгіёну плануецца сёлета.

Магілёў.media звярнуў увагу, што на пашпарце аб’екту, вывешаным на агароджы будоўлі, адсутнічаюць даты пачатку і завяршэння будаўніцтва.

Згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.

26 жніўня тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў» паведаміў, што ўвесці ў эксплуатацыю новы корпус інфекцыйных хваробаў плануюць да канца гэтага году. Кошт аб’екту складзе больш за 50 мільёнаў рублёў. Тое было агучана ў інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандрам Старавойтавым. Асабіста ён даты завяршэння будаўніцтва не назваў.

Па яго словах да неабходнасці ўзвядзення спецыялізаванай лякарні падштурхнула гарадскія ўлады «кавід-інфекцыя».

«Якая прыйшла і мы, скажам так, не зусім былі гатовыя першапачаткова да такога аб’ёму пацыентаў, паказала, у якім напрамку мае развівацца інфекцыйная служба», – казаў Аляксандр Старавойтаў у інтэрвʼю магілёўскім тэлевізійнікам.

Новы корпус называюць альтэрнатывай мясцовай інфекцыйнай больніцы, якая функцыянуе ад 1960 гадоў і месціцца ў невялікім будынку. Ён, як заяўляецца, стане важным этапам цэнтралізацыі інфекцыйных службаў гораду.

У перадачы тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў» згадалі яшчэ адну лякарню, якую цяпер узводзяць у цэнтры гораду – корпус экстраннай хірургіі.

Пра яго таксама пісаў Магілёў.media з акцэнтаваннем увагі на адсутнасць на пашпарце аб’екту датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва. У сюжэце магілёўскіх тэлевізійнікаў іх не назвалі. Агучылі, што кошт будаўніцтва больш за 110 мільёнаў рублёў.

Падарунак чытачам на выходныя. Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай

Гэтую мясцінку ў цэнтры гораду ведае кожны магілёвец. Пешаходніца – улюблёная вуліца шпацыру гараджанаў. Яны прыязджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

 

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што можа не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – першы адцінак нашага падарожжа.

У Магілёве бязлітасны сквар. Усё жывое цягнецца да вады (фота)

У горадзе трапічныя спёка. Тэмпература паветру сягае 33 градусаў.

Усё жывое цягнецца да вады.

Белгідрамет абяцае 27 жніўня да +30, пераменную воблачнасць і без істотных ападкаў. Іх верагоднасць 5-10 працэнтаў. Вецер усходні, 3-8 м/с.

Заўтра, у дзённыя часы на большай частцы краіны максімальная тэмпература паветра +30+32°С. У Мінску +30+31°С.

Абвешчанае папярэджанне аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве. – Аранжавы ўзровень небяспекі.

У Магілёве паядналі «містычную» графіку са станковай скульптурай і выйшла незвычайная выстава ў прыватнай галерэі. Пераканайцеся самі, паглядзеўшы фота

У галерэі Андрэя Вераб’ёва разгорнутая выстава з творамі малавядомых шырокай публіцы мастакоў – Віктора Дэ Буга і Генадзя Кутовіча. Сваю супольную экспазіцыю яны назвалі «Успаміны пра будучыню». Яе адкрыццё адбылося 25 жніўня.


Галерэя Андрэя Вераб’ёва створаная ў 2017 годзе для папулярызацыі сучаснага мастацтва, адкрыцця новых імёнаў маладых мастакоў, правядзення творчых сустрэч, персанальных і калектыўных мастацкіх выставаў. У ёй ладзяцца прэзентацыіі літаратурных і музычных твораў, а таксама праектаў.


Мастак-графік Віктор Дэ Буг

Віктор Дэ Буг прадставіў вялікую калекцыю сваёй «містычнай» графікі. Мастак нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся ва Ўніверсітэце мастацтваў і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Віктор Дэ Буг не толькі графік, але і аўтар артыкулаў і кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча, гісторыка-культурнай канцэпцыі шляху «З варагаў у грэкі». Ён дапамог аформіць экспазіцыі ў 18 музеях.

Графіка мастака, прадстаўленая ў галерэі, сведчыла, што ён прыхільнік «шматвектарнага сінтэзу мастацтваў у глабальным інфармацыйным асяроддзі».

У сваім выступе Віктор Дэ Буг падкрэсліў: мы жывем на зломе двух тысячагоддзяў і таму, важна пранікнуцца графікай часу, бо лінейная графіка – гэта «Світкі часу», якія закранаюць вечныя тэмы розных эпох.

Мастак-дэкаратар Генадзь Кутовіч

Наведнікаў зацікавілі станковыя скульптуры Генадзя Кутовіча. Ён таксама выпускнік мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Працы Кутковіча ўдала ўпісаліся ў інтэр’ер, вонкава, нібыта, адцяняючы аднастайнасць графікі свайго калегі. 

Работы мастака-дэкаратара магілёўскага драматычнага тэатру – адкрыццё гэтага года. У скульптуры ён адназначна новае імя для Магілёва. Ягоныя працы выклікалі фурор на тэатральным дывертысменце, пра які пісаў   Магілёў.media.

Завяршылася адкрыццё выставы выступленнем рок-групы «Барон Мюнхаўзен». Паслухаць музыкаў прыйшлі не толькі аматары, але і старыя магілёўскія рокмэны.

Уваход на выставу цягам бліжэйшага месяца свабодны і бясплатны. Галерэя Верабʼёва месціцца на Дубравенцы, побач з спартовай базай лучнікаў.

«Дняпро ў тумане». Прыгожае фота ранішняга Магілёва

Туман над ракою не пакідалі без увагі многія беларускія літаратары. Яны пазнаходзілі плойму эпітэтаў гэтай прыроднай з’яве: туман-блакіт, туман-імжа, туман-малачай, туман-тугадум.

Гараджане, занятыя клопатам аб будзённасці, зрэдку зважаюць на яе, але дарма.

Фотаздымак з відам на пойму Дняпра ў ранішнюю пару даслала Магілёў.media чытачка.

«Раніцай ужо так… Лета заканчваецца…», пракаментавала яна свой твор.

 

У Магілёве мужчына паўтары гадзіны прабыў у вадзе, ратуючыся ад міліцыі

Яго затрымалі і ў кайданках і майтках завялі ў пастарунак.

Здарэнне на пляжы абмяркоўваюць жыхары прылеглага да Фацінскай затокі мікрараёну. У ёй забаронена купацца з санітарных прычынаў. На пляж рэгулярна наведваецца міліцыя.

Як апавядаюць тутэйшыя заўсёднікі пляжнага адпачынку мужчына даплыў да абмежавальнага буйка і стаў каля яго на водмелі. Ратавальнікі шматкроць заклікалі яго вярнуцца на бераг. Іх просьбы пачуў нарад міліцыі.

Патрабаванню міліцыянтам мужчына не падпарадкоўваўся. У адказ прасіў іх не перашкаджаць яму адпачываць і настойваў, што нічога не парушае.

Міліцыя выклікала супрацоўнікаў Міністэрства надзвычай сітуацыяў, але тыя пабачыўшы, што адбываецца патлумачылі: не іх выпадак і з’ехалі.

Мужчына паўтары гадзіны заставаўся ў вадзе і выйшаў з яе, калі калі міліцыянтаў на пляжы не было. Але, пазьней яго арыштавалі з выкарыстаннем спэцсродкаў. У майтках і скаванага наручнікамі ён апынуўся ў апорным пункце.

Паводле сведкаў падзеі затрыманы быў цвярозым. Знаёмыя характарызуюць яго, як спакойнага ўраўнаважанага чалавека. Кажуць, што ў мінулым ён быў баксёрам.

Людзей на пляжы здзівіла ўпартасць мужчыны, але «яны лічаць, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі не адэкватныя сітуацыі». На іхную думку міліцыянтаў раззлавала, што іхныя патрабаванням не выконваюцца.

Па словах адпачыннікаў «настрой такая недарэчная з пальца высмактаная падзея людзям сапсавала». Яны цяпер не разумеюць, ці можна цяпер у затоцы купацца.

Ратавальнікі, просьбы якіх пачула міліцыя, даводзяць: «мужчына сам нарываўся і ўпарціўся», а «яму спакойна прапаноўвалі выйсці з вады». Паводле іх затрыманаму пагражае адказнасць за «купанне ў недазволеным месцы» і «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі».

Вывешаныя на пляжы аб’явы інфармуюць, што купацца ў затоцы забаронена з санітарных прычынаў. Але нямала людзей купаюцца. Адпачыннікі цвердзяць, што пляж афіцыйны – ёсць лежакі і ратавальнікі.

Высветліць, як развіваліся падзеі на пляжы, з гледзішча міліцыянтаў пакуль не ўдаецца. У міліцэйскіх зводках звестак пра такое здарэнне няма. Пошук паведамленьняў пра яго ў сацыяльных сетках вынікаў не даў.

Магілёўшчына застаецца з найменшымі заробкамі ў краіне. Крыху статыстыкі

У ліпені намінальная налічаная сярэдняя заработная плата тутэйшых работнікаў склала – 1343,6 рубля. У параўнанні з чэрвенем яна вырасла на 16,2 рублі (1327,4 рублі). 

У маі ж заробак быў 1277,7 рублі і за месяц тады вырас на 49,7 рублі. 

Вынікі такой арыфметыкі падказваюць, што тэмпы росту зарплаты запавольваюцца. Нязначную надбаўку з’ядае інфляцыя. Гадавая інфляцыя за ліпень склала 18,1 працэнт, што на 0,5 працэнтаў больш, чым у чэрвені, калі гэты паказчык быў 17,5 працэнта.

Ацэньваючы намінальны сярэдні заробак варта ўлічваць, што яго памер падаецца да адлічэння 13 працэнтаў падаходнага падатку і іншых абавязковых выплатаў.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата па Беларусі ў ліпені 2022 года склала 1644 рублі. Гэта на 18,5 рублі больш, чым у чэрвені.

Найбольшы налічаны заробак да мінусавання падаткаў маюць працаўнікі сталіцы – 2265,7 рублі.

У Віцебскай вобласці, якая таксама ў заробкавых аўтсайдэрах, налічвалі працаўнікам зарплату большую, чым суседзям з Магілёўшчыны на 50,7 рублеў. Яны мелі – 1397,3 рублі.

фота: belmarket.by

На Магілёўшчыне забаронена наведваць усе мясцовыя лясы

Забарона ўведзеная ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі. На карце Міністэрства лясной гаспадаркі Магілёўшчына – «чырвоная».

 

Пастановы аб недапушчальнасці перабывання ў лясах прынятыя выканкамамі ўсіх 21 раёну вобласці.

Тое вынікае з абноўленай інтэрактыўнай карты забароны і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах Беларусі. Такі рэсурс размешчаны на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. На ёй уся Магілёўшчына «чырвоная».

 

Дняпро. Пачынайма дзень з прыгожага відэа пра Магілёў

Наш горад вечны, пакуль праз яго цячэ велічны Дняпро. Ён асноўны сімвал Магілёва. Многія з нас, тлумачачы, дзе месціцца горад, пасля згадкі пра Беларусь, абавязкова называюць Дняпро. Ён сёлета хоць і абмялелы, але сваім лёсам абнадзейвае нас і запэўнівае, што найлепшае наперадзе.