У Магілёве эксперыментуюць з міліцыяй. Патрульныя працуюць у тэставым рэжыме

Кіраўніцтва разлічвае аб’яднаць роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі ў асобны батальён.

Цяпер структура працуе ў тэставым рэжыме і ёй удзяляецца пільная ўвага абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва.

На ўзроўні міністэрства пастаўлена задача па далейшым павышэнні статусу патрульна-паставой службы, яе эфектыўнасці ў забеспячэнні грамадскага парадку з улікам сучасных патрабаванняў, піша «Веснік Магілёва».

«Адзінае кіраванне дазваляе пры неабходнасці манеўраваць сіламі і сродкамі, надаваць належную ўвагу прафесійнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, падабраць згуртаваны калектыў», – тлумачыць першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка.

Паводле яго наяўнасць афіцэрскіх пасад будзе стымуляваць асабовы склад і спрыяць прэстыжу патрульна-паставой службы.

Юрый Назаранка кажа, што ў краіне «толькі два падраздзяленні працуюць у эксперыментальным варыянце – у Магілёўскай і Віцебскай абласцях».

Па яго словах, падобны фармат ужо існаваў некалькі гадоў таму і «калі тэставы рэжым апраўдае сябе, то аналагічныя змены могуць быць рэалізаваныя па ўсёй краіне».

фота: minsk.gov.by