«Няма спецыялістаў». Магілёўскія чыноўнікі дазналіся, што дамы гараджанаў з дзіравымі дахамі

І такіх дамоў па горадзе не адна сотня, але ў камунальных арганізацыяў бракуе спецыялістаў, здольных рамантаваць дахі.

Сёлета ва Ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў Магілёва паступіла 330 зваротаў з пытаннямі рамонту дахаў у жылых шматкватэрных дамах. У гарвыканкаме абяцаюць улучыць праблемныя шматпавярхоўкі ў графік рамонту і перагледзець фінансаванне.

«Ёсць рэзерв сродкаў, якія могуць быць накіраваны на рамонт дахавых пакрыццяў», – заяўляе намеснік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кіблоў.

Тым часам, у камунальных прадпрыемствах наракаюць, што ў іх праблемы са спецыялістамі, здольнымі выконваць дахавыя працы. Паводле камунальнікаў гэта «дастаткова працаёмкі працэс, які патрабуе пэўных кампетэнцыяў», піша Белта. 

Пра тое, што гараджане абураныя дзіравымі дахамі і адсутнасцю іх рамонту паведаміў старшыня гарадской адміністрацыі Ўладзімір Цумараў. Па яго словах, падобныя скаргі ён чуў ад людзей і падчас «прамой тэлефоннай лініі».

«Большая частка такіх зваротаў паступіла падчас ліўневых дажджоў, якія прыпалі на чэрвень», – даводзіў падначаленым чыноўнік.

Каб пазбегнуць масавай незадаволенасці праблемай у будучыні, ён патрабуе, пакуль пагода, «нарасціць працу па рамонце дахаў» .

«Нельга расцягваць тэрміны, потым пойдуць дажджы – і зноў будзе шквал зваротаў”, – засцерагае Цумараў падначаленых і патрабуе звароты па дахах «закрыць».