Усе магілёўскія школы гатовыя да навучальнага году, запэўніваюць чыноўнікі

На рамонт магілёўскіх школ з бюджэту было выдзелена 5,3 мільёны рублёў. Амаль столькі ж узялі на яго з заробленага навучальнымі ўстановамі і спонсараў – 4,5 мільёны рублёў.

Заяўляецца, што школы забяспечаныя ўсім неабходным для «якаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў». Усе яны атрымалі сертыфікаты гатоўнасці.

Паводле кіраўніцы гарадскога цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Іны Нізаўцовай, на рамонт школ было выдзелена больш за 5,3 мільёны рублёў, з іх на капітальны рамонт – больш за 3 млн. Яшчэ больш за 4,5 мільёны рублёў атрымана за кошт пазабюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі.

Капітальны рамонт правялі ў дзвюх школах – № 5 і № 13. Упарадкаваныя прылеглыя тэрыторыі і спартыўныя аб’екты, паведаміў «Веснік Магілёва», спасылаючыся на чыноўніцу.

Сёлета ў школу пойдуць больш за 41 тысячу вучняў. З іх больш за 4,5 тысяч – першакласнікі. Установы агульнай сярэдняй адукацыі папоўніліся 111 маладымі спецыялістамі.

фота: mogilev-region.gov.by