У Магілёве чыноўнікі задумаліся над аптымізацыяй дзіцячых садкоў

Гэта выклікана змяншэннем колькасці выхаванцаў дзіцячых садкоў і асабліва тое характэрна для Кастрычніцкага раёну, адзначаюць чыноўнікі. Пакуль гаворка пра аптымізацыю адной такой установы.

Са слоў чыноўнікаў вынікае, што ўстановы дашкольнай адукацыі ў горадзе размешчаныя непрапарцыянальна іх запатрабаванасці.

Паводле начальніцы ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму Ірыны Рыбаковай, у новых мікрараёнах гораду дзіцячых садкоў бракуе.

«Больш за 400 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пражываюць у мікрараёнах Спадарожнік-2, Казіміраўка, Стасава-Грышына, – кажа яна, – вымушаныя наведваць сады ў іншых мікрараёнах».

Па словах Рыбаковай, пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі мясцовых органаў улады, піша «Веснік Магілёва».

Дзіцячы садок, які збіраюцца аптымізаваць, чыноўнікі на «гарадскім педсавеце» не назвалі.

«На жаль, 2021 год адзначаны змяншэннем колькасці выхаванцаў дзіцячых садкоў, асабліва гэта тычыцца Кастрычніцкага раёну», канстатуе Ірына Рыбакова.

фота: pniva.by