Тыповы ўзор чыноўніка эпохі Лукашэнкі: Мікалай Кароцін, знаёмімся

Мікалай Кароцін – адзін з тых чыноўнікаў, на прыкладзе якіх лепш за ўсё відаць, як працуе лукашэнкаўская вертыкаль і адкуль набіраюцца ў яе кадры.

Бранскі след 

Мікалай Мікалаевіч Кароцін нарадзіўся ў вёсцы Алефіна Бранскай вобласці ў 1969 годзе. Горацкую сельгасакадэмію скончыў у 1992-м. На вытворчасць так і не патрапіў – працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, затым дацэнтам кафедры кіравання. Нават быў першым дырэктарам Вышэйшай школы аграбізнесу – усё гэта ў ліхія дзевяностыя. У 2002-м Кароцін сышоў з “навукоўцаў-глебазнаўцаў” і працаваў у сістэме Магілёўаблмаёмасці: спачатку намеснікам старшыні, затым старшынёй. 

У 2004 скончыў акадэмію кіравання пры Лукашэнку, а ў 2007-м быў прызначаны старшынёй Быхаўскага райвыканкама. У гэтым жа годзе, ужо праз два месяцы пасля прызначэння, у Быхаў прыязджаў Лукашэнка і разам з Кароціным развіваў фантасмагарычныя планы выратавання Быхаўскага раёна. 

У 2012-м, так і не выцягнуўшы Быхаў з эканамічнай і карупцыйнай багны, Мікалай Мікалаевіч (на загалоўным фота – злева) вярнуўся ў Магілёўскі аблвыканкам. З 2013-2018 год кіраваў РУП «Праектны інстытут Магілёўгіпразем», а ў лістападзе 2018 года быў прызначаны першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. У сакавіку 2019-га, пасля скандалу з каровамі і адстаўкі Уладзіміра Даманеўскага, пару дзён выконваў абавязкі старшыні Магілёўскага аблвыканкама. 

Сістэма Белдзяржстраху, у якой потым апынуўся былы дацэнт і былы кіраўнік Быхаўшчыны, відавочна азначае заход кар’еры Кароціна. У 2025 годзе прафсаюзная структура ўручала дырэктару філіяла Белдзяржстраху па Магілёўскай вобласці Мікалаю Кароціну ўзнагароду «За заслугі ў справе развіцця і ўмацавання прафсаюзнага руху». Такім чынам, куды б ні трапляў Кароцін, ён гарманічна ўпісваўся ў сістэму і заўсёды меў заслугі. 

Злёгку адхіляючыся ад тэмы, варта згадаць і іншага ўраджэнца Браншчыны, які да гэтага часу пакідае свой след у Быхаўскім раёне. Гэта – Віктар Агнетаў. Ён быў намеснікам старшыні райвыканкама, займаўся ідэалогіяй і сацыяльнай сферай, а таксама ўзначальваў раённыя выбарчыя камісіі. У 2020-м Агнетаў перапужаўся так, што не стаў вывешваць пратаколы выбарчай камісіі, а ўжо ў 2025 годзе ён распавядаў пра «дэмакратычныя і спакойныя» выбары, якія ў Беларусі даўно сталі адміністрацыйнай працэдурай па афармленні патрэбнага выніку. Пасля райвыканкама Агнетаў апынуўся на ганаровай пасадзе дырэктара ў сацыяльным пансіянаце «Ірдзіца». А ў аграрнай прафсаюзнай вертыкалі Быхава з’явілася яго жонка – Святлана Агнетава: яна стала новым прафсаюзным лідарам аграрыяў Быхаўшчыны.

Быхаўскія справы 

Такім чынам, у 2007 годзе Кароцін атрымаў Быхаўскі раён. Быхаўшчына тады мела патрэбу не ў чарговым начальніку з вертыкалі, а ў нармальным кіраванні. Замест гэтага раён атрымаў тыповага прадстаўніка лукашэнкаўскай школы: зверху прызначылі чалавека, які пачаў расстаўляць вакол сябе сваіх. Пазней, калі Кароцін ужо паднімаўся вышэй, яго біяграфію падалі як гісторыю паспяховага кіраўніка. У рэальнасці быхаўскі перыяд пакінуў пасля сябе іншыя пытанні: хто атрымаў доступ да эканамічных рашэнняў, якія аб’екты апынуліся ў зоне інтарэсу, чаму побач са старшынёй райвыканкама так хутка выраслі людзі з асабістага кола. 

Галоўнае прозвішча тут – Сяргей Чуканаў. Сяргей Чуканаў быў кумам Кароціна. Да трапляння ў раённую ўладу ён, паводле мясцовай інфармацыі, працаваў шафёрам. Пры Кароціне гэты чалавек паступіў усё ў тую ж Горацкую сельгасакадэмію, але авансам, яшчэ будучы ўсяго толькі студэнтам-завочнікам, стаў намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама па эканоміцы. 

Гэта і ёсць класічны лукашэнкаўскі кадравы ліфт: не прафесійная рэпутацыя, не публічны конкурс, не даказаная кампетэнцыя, а асабістая блізкасць да ”дацэнта”. Учора шафёр, сёння намеснік старшыні па эканоміцы. Для раёна такая пасада азначае ўплыў на прадпрыемствы, маёмасць, інвестыцыі, камунальную і гаспадарчую павестку. Для кумаўской вертыкалі гэта азначае іншае: побач са старшынёй з’яўляецца свой чалавек на кірунку, дзе зарабляюцца асабістыя грошы, аб’екты і рэсурсы. Менавіта таму быхаўская гісторыя Кароціна не зводзіцца да радка ў біяграфіі. Яна пра тое, як асабістыя сувязі ператвараліся ў адміністрацыйныя пасады.

Будынкі, Чыгірынка і «свае» людзі 

Кароцін прыйшоў у Быхаў з сістэмы дзяржмаёмасці, а калі ён сышоў, у раёне, натуральна, засталіся гісторыі пра будынкі і аб’екты ў зоне адпачынку каля Чыгірынскага вадасховішча, набытыя на падстаўных асоб. Быхаўскі кіраўніцкі правал выкрыў знаёмую для лукашэнкаўскай вертыкалі схему: старшыня, яго кум, прыватызаваныя будынкі і інтарэс да «смачных» аб’ектаў у турыстычна прывабным месцы. 

Гэтая звязка выглядае занадта паказальна, каб лічыць яе выпадковасцю. Чалавек з абласной маёмасці атрымлівае раён. Яго кум становіцца намеснікам па эканоміцы. Вакол іх з’яўляюцца размовы пра будынкі і аб’екты адпачынку. Потым абодва сыходзяць з публічнай увагі, а раён працягвае жыць з наступствамі. Да гэтага часу законсерваваным стаіць будынак былой аптэкі, пазней сумешчаны з раённым судом. Належыць ён, па чутках, парачцы Кароцін-Чуканаў. А колькі яшчэ такіх аб’ектаў у Быхаўскім раёне? 

Так працуе не асобная памылка кіравання, а цэлая мадэль. У ёй раён для чыноўніка – не адказнасць перад людзьмі, а тэрыторыя магчымасцяў. Але калі вярнуцца да прамых абавязкаў Кароціна на пасадзе старшыні. Памятаеце, яму даручалі “ратаваць Быхаўшчыну”. Што ж ён выратаваў? Больш за ўсё шуму было вакол мясцовага кансервава-агароднінасушыльнага завода. Стараннямі Кароціна ён стаў адным з сімвалаў таго, як лукашэнкаўскія «моцныя гаспадарнікі» ўмеюць разараць усё, што ім даверана. 

Завод гадамі «ратавалі», мадэрнізавалі за кошт крэдытаў, заганялі ў даўгі, уводзілі санацыі, а потым фактычна давялі да банкруцтва і перадалі прыватніку. Такія гісторыі зручныя для разумення Кароціна і яго асяроддзя. Яны паказваюць вынік сістэмы, дзе начальнікі змяняюцца, справаздачы гучаць бадзёра, святы праходзяць урачыста, а рэальныя прадпрыемствы знікаюць. Вінаватым потым прызначаць каго заўгодна, толькі не саму вертыкаль, якая гадамі распараджалася раёнам.

Быхаў працягвае прымаць свайго 

Як мы бачым, пасля Быхава Кароцін не быў выкінуты з сістэмы. Наадварот, ён пайшоў вышэй. Падазроная быхаўская спадчына Мікалая Мікалаевіча не стала падставай для судовага разбору. Для рэжыму гэта падстава для чарговых прызначэнняў на кіруючыя пасады. Вось і з Быхава Кароцін не знік. Яго працягваюць бачыць на раённых святах, урачыстасцях і мерапрыемствах. 

Сістэма не саромеецца такіх людзей. Наадварот, яна працягвае трымаць іх у ганаровым коле. Такім чынам, Мікалай Кароцін – класічны ўзор лукашэнкаўскага чыноўніка з лёгкім флёрам карупцыянера. Не таму, што яго злавілі за руку з канвертам. А таму, што ўся яго біяграфія пабудаваная на галоўных прыкметах гэтай сістэмы: доступ да маёмасці, пасады зверху, асабістыя сувязі, прасоўванне сваіх, гаспадарчыя правалы без адказнасці і спакойны працяг кар’еры. 

Фота ведамаснага сайта Быхаўскага райвыканкама.

Алег Мякінькі кіруе «Магілёўаблмаёмасцю» проста таму, што ён Алег Мякінькі

35 гадоў распараджэння маёмасцю: што вядома пра «Магілёўаблмаёмасць» і чаго грамадства так і не ведае.

Ёсць лічбы, але няма балансу эфектыўнасці

Камітэт «Магілёўаблмаёмасць» адзначыў 35-годдзе. Фармальна гэта структура, якая займаецца дзяржаўнай маёмасцю Магілёўскай вобласці: улікам, арэндай, продажам, прыватызацыяй, распараджэннем акцыямі, кантролем выкарыстання аб’ектаў.

Іншымі словамі, гаворка ідзе не пра другараднае ведамства, а пра орган, праз які праходзяць будынкі, памяшканні, маёмасныя комплексы, акцыі прадпрыемстваў і іншыя актывы, якія належаць дзяржаве або вобласці.

Але юбілей такой структуры выклікае не толькі жаданне ўручыць чыноўнікам кветкі. Ён ставіць простае пытанне: што менавіта грамадства атрымала за 35 гадоў яе існавання?

Да 25-годдзя фонду яго тагачасны кіраўнік Алег Мякінькі (на фота – злева) прыводзіў уражлівы набор паказчыкаў. Паводле яго слоў, за 25 гадоў у Магілёўскай вобласці было рэфармавана 522 унітарныя прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку 198 рэспубліканскай і 324 камунальнай уласнасці.

У вобласці дзейнічалі 302 акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе пераўтварэння дзяржаўнай уласнасці.

За 2011-2015 гады было прададзена 8,8 мільёна акцый 14 адкрытых акцыянерных таварыстваў, у бюджэты паступіла больш за 38 мільярдаў рублёў, а ў развіццё акцыянерных таварыстваў прыцягнута каля 10 мільярдаў рублёў інвестыцый. Таксама паведамлялася, што за 2011-2015 гады акцыянерныя таварыствы пералічылі ў бюджэты 712 мільярдаў рублёў дывідэндаў. У тым жа інтэрв’ю называліся і іншыя вынікі:

  • з 2010 па 2016 год у гаспадарчы абарот было ўцягнута, знесена або закансервавана 2533 невыкарыстоўваемыя аб’екты;
  • у 2010-2015 гадах на аўкцыёнах рэалізавана 748 аб’ектаў на суму 44,8 мільярда рублёў;
  • з 2007 па 2015 год заключана 316 дагавораў куплі-продажу аб’ектаў з пачатковай цаной у адну базавую велічыню;
  • новыя ўласнікі, паводле Мякінькага, уклалі ў такія аб’екты больш за 100 мільярдаў рублёў інвестыцый і стварылі больш за тысячу працоўных месцаў;
  • у арэнду было здадзена больш за 200 тысяч квадратных метраў, а ад арэнднай платы за год у мясцовыя бюджэты паступіла каля 18 мільярдаў рублёў.

Гэта значыць лічбы ёсць. Але праблема ў іншым: гэтыя лічбы падаюцца як ведамасны справаздачны матэрыял пра зробленую працу, а не як паўнавартасная ацэнка эфектыўнасці самой структуры.

З іх немагчыма зразумець галоўнае: колькі каштавала ўтрыманне «Магілёўаблмаёмасці» за гэтыя гады. Які быў фонд аплаты працы? Колькі бюджэт траціў на апарат, памяшканні, транспарт, камандзіроўкі, абслугоўванне, раённыя падраздзяленні і спадарожныя выдаткі? Як суадносяцца гэтыя выдаткі з даходамі ад продажу маёмасці, арэнды, дывідэндаў і спагнанняў? Якая чыстая аддача для бюджэту і эканомікі вобласці?

Без гэтага любыя юбілейныя лічбы застаюцца няпоўнымі:

  • можна паведаміць, што прададзены сотні аб’ектаў, але не растлумачыць, ці былі яны прададзены выгадна;
  • можна сказаць, што створана тысяча працоўных месцаў, але не паказаць, колькі працоўных месцаў было страчана пры рэфармаванні прадпрыемстваў;
  • можна гаварыць пра дывідэнды, але не тлумачыць, якія прадпрыемствы іх забяспечылі і колькі іншых арганізацый заставаліся стратнымі;
  • можна адчытвацца пра скарачэнне колькасці невыкарыстоўваемых аб’ектаў, але не раскрываць, колькі аб’ектаў фактычна пачалі працаваць, а колькі былі проста знесены або закансерваваны.

Актыўнасць не роўная грамадскай карысці

Менавіта таму ключавое пытанне застаецца адкрытым: ці даказана грамадская карысць камітэта як асобнай структуры?

Афіцыйныя матэрыялы паказваюць актыўнасць: аўкцыёны, арэнда, прыватызацыя, праверкі, семінары, скарачэнне пералікаў невыкарыстоўваемай маёмасці.

Напрыклад, аблвыканкам паведамляў пра скарачэнне пераліку невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці ў Магілёўскай вобласці за чатыры гады. Але актыўнасць – гэта яшчэ не даказаная эфектыўнасць. Эфектыўнасць патрабуе балансу: выдаткі, вынікі, страты, альтэрнатывы і персанальная адказнасць.

Пакуль жа публічная карціна застаецца няпоўнай. Орган існуе дзесяцігоддзямі, распараджаецца значнай маёмасцю, праводзіць аўкцыёны і праверкі, прыводзіць асобныя паказчыкі, але не прадстаўляе грамадству поўнай карціны ўласнай эфектыўнасці.

Кіраўнікі без адкрытых біяграфій

Не менш паказальным з’яўляецца пытанне публічнасці кіраўніцтва.

Алег Мякінькі, паводле публікацыі да 25-годдзя фонду, кіруе структурай з мая 2011 года. Да яго фонд узначальвалі Уладзімір Крэз, Мікалай Кароцін і Ірына Кучынская. Але ў афіцыйных адкрытых крыніцах няма паўнавартасных біяграфій кіраўнікоў гэтай структуры. Няма звестак пра іх адукацыю, прафесійны шлях, папярэднія пасады, падставы прызначэння, кіраўніцкі досвед і асабістыя вынікі да прыходу на такія пасады.

Аднак нешта пра аднаго з кіраўнікоў усё ж вядома. Мікалай Кароцін (на фота – справа) – прыклад таго, чаму закрытасць біяграфій чыноўнікаў, якія распараджаюцца маёмасцю, небяспечная сама па сабе. Ён узначальваў «Магілёўаблмаёмасць» у 2000-2007 гадах, затым кіраваў Быхаўскім райвыканкамам, а пазней яго прозвішча ўсплывала ў гісторыях вакол прывабных аб’ектаў Быхаўскага раёна. І не адной: побач з ім фігуруе Сяргей Чуканоў – яго сваяк, кум і былы намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама па эканоміцы.

Мы ўжо пісалі, што Чыгірынскае вадасховішча заўсёды было лакомым кавалкам для чыноўнікаў, а вакол турыстычных аб’ектаў там гадамі ходзяць чуткі, якія кампетэнтныя органы ўпарта не хочуць правяраць. У гэтай гісторыі Кароцін і Чуканоў выглядаюць не выпадковымі прозвішчамі, а часткай адной чыноўніцкай траекторыі: улада, доступ да інфармацыі, уплыў на рашэнні і затым пытанні пра тое, хто апынуўся побач з прывабнымі актывамі. І гэта наўпрост адносіцца да «Магілёўаблмаёмасці»: структура дзесяцігоддзямі распараджаецца дзяржаўнай маёмасцю, але грамадства не бачыць ні адкрытых біяграфій яе кіраўнікоў, ні паўнавартаснай карціны іх наступнай кар’еры, сувязяў і маёмасных інтарэсаў. Як гэта было з Мікалаем Кароціным, Сяргеем Чукановым і аб’ектамі, прыватызаванымі гэтай парочкай у Быхаве.

Для органа, які распараджаецца дзяржаўнай маёмасцю вобласці, гэта сур’ёзны прабел празрыстасці.

Грамадства мае права ведаць, хто прымае рашэнні аб маёмасці, якая належыць не чыноўнікам, а дзяржаве і грамадзянам. Кіраўнік такога органа – не прыватная асоба ў непублічнай кампаніі. 

Гэта чыноўнік, ад рашэнняў якога залежыць лёс будынкаў, прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і бюджэтных паступленняў. Адсутнасць афіцыйнай біяграфіі робіць немагчымай грамадскую ацэнку яго прафесійнай прыдатнасці, кар’ернага шляху і адказнасці за вынікі.

Галоўная выснова застаецца непрыемнай: 35 гадоў існавання чарговай «таемнай канцылярыі» прымушае ўспомніць выказванне прапагандыста Ігара Тура, які нядаўна заявіў, што Беларусь «уступае ў этап барацьбы са схаваным або нават ценявым тунеядствам», і аднёс да яго не толькі беспрацоўных, а людзей, якія фармальна ходзяць на працу і атрымліваюць зарплату, але, паводле яго ацэнкі, «робяць вельмі мала». Калі прымяніць гэтую логіку не да радавых грамадзян, а да дзяржаўных структур, то пытанне да «Магілёўаблмаёмасці» становіцца яшчэ больш вострым. А тут яшчэ і Мікалай Кароцін з яго ведамі набытымі ў «Магілёўаблмаёмасці” і паспяхова выкарыстанымі на Быхаўшчыне…

Фота ведамаснага сайта Магілёўскага аблвыканкама.

У Магілёве мужчына фіктыўна ўладкаваў на працу жонку

Супрацоўнікі АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі крадзеж грошай у адной з мясцовых арганізацый.
Паводле даных праваахоўнікаў, 32-гадовы загадчык камбіната аформіў на працу сваю 33-гадовую жонку. Аднак, як устаноўлена, больш за год жанчына фактычна не выконвала службовыя абавязкі, пры гэтым штомесяц атрымлівала зарплату на банкаўскую картку.
Агульная сума незаконна атрыманых сродкаў перавысіла 16 тысяч рублёў.
Па факце крадзяжу, здзейсненага шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі групай асоб па папярэдняй змове, узбуджана крымінальная справа.
Фігурантам можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Загадчык кафедры горацкай акадэміі схіляў студэнтаў да хабару алкаголем і прадуктамі

Пяць гадоў калоніі і 22,5 тыс. рублёў штрафу прысудзілі загадчыку кафедры горацкай сельгасакадэміі па абвінавачванні ў хабарніцтве.

Паводле суда, выкладчык арганізоўваў правядзенне выніковай атэстацыі ў ВНУ. Пры гэтым з верасня па кастрычнік 2025 года схіляў студэнтаў, і ў прыватнасці стараст груп, каб тыя прыносілі яму падарункі для старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. За гэта загадчык кафедры абяцаў лёгкую здачу экзамена.

Пры гэтым падчас прамежкавай атэстацыі за здавальняючыя ацэнкі выкладчык браў хабар спіртнымі напоямі і прадуктамі харчавання.

У ходзе судовага працэса загадчык кафедры сваёй віны не прызнаў. 

Суд пакараў яго пяццю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 22,5 тыс. рублёў. Акрамя таго, ён цягам пяці гадоў не будзе мець права займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве фігурант карупцыйнай справы хацеў перапісаць маёмасць на жонку

Фігуранту праверкі па карупцыйным злачынстве не ўдалося перапісаць маёмасць на жонку праз заключэнне шлюбнага дагавора.

У Магілёве пракуратура праз суд дамаглася прызнання несапраўдным шлюбнага дагавора, які, паводле следства, быў заключаны з мэтай схаваць маёмасць ад дзяржавы. Гаворка ідзе пра справу, звязаную з магчымым карупцыйным злачынствам, у выніку якога дзяржаўнаму прадпрыемству была нанесена шкода больш як на 1 млн рублёў.

Паводле матэрыялаў справы, сямейная пара з Магілёва ведала пра праверку ў дачыненні да мужа і паспрабавала перааформіць сумесна нажытую маёмасць. Для гэтага яны заключылі шлюбны дагавор, згодна з якім кватэра, зямельны ўчастак з жылым домам і транспартны сродак павінны былі перайсці ва ўласнасць жонкі.

Пры гэтым суд устанавіў, што на момант заключэння дагавора муж і жонка працягвалі жыць разам, вялі агульную гаспадарку, мелі пастаянны даход і выхоўвалі сумесных дзяцей. Гэта стала адным з аргументаў на карысць таго, што здзелка была фармальнай і накіраванай на ўхіленне ад магчымых фінансавых абавязкаў.

Суд Ленінскага раёна Магілёва задаволіў пазоў пракурора: шлюбны дагавор прызнаны несапраўдным, а сама здзелка нікчэмнай. Адпаведна, маёмасць застаецца ў складзе сумеснай уласнасці і можа быць выкарыстана для пакрыцця магчымай шкоды дзяржаве.

Разам з тым рашэнне суда пакуль не набыло законнай сілы і абскарджана ў апеляцыйным парадку.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскае выпраўленне: Гарошкін узнагародзіў Дуплеўскага

Сярод тых, хто сёння займаецца “грамадскай працай” у магілёўскай сістэме адукацыі – Яўген Дуплеўскі, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва. Яго ўзнагародзілі за тое, што добра падбрэхвае.

На базе БРУ адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Магілёўскай абласной арганізацыі “Белай Русі“. Аляксандр Гарошкін, старшыня аблсавета “дэпутатаў” і кіраўнік абласной арганізацыі аб’яднання, адрапартаваў за пяцігодку.

Дэлегаты зацвердзілі праграму да 2030 года, а найбольш вызначыўшыяся актывісты атрымалі ганаровыя граматы, падзякі і нагрудныя знакі. 

Гарошкін падкрэсліў: узнагароды – гэта не проста знак прызнання, але і стымул для далейшай грамадскай працы.

Сярод узнагароджаных – Яўген Дуплеўскі. Мы не раз пісалі пра яго. У лютым 2014 года абласная пракуратура ўзбудзіла ў дачыненні да Дуплеўскага крымінальную справу. Следства ўстанавіла, што Дуплеўскі чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў – пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але спраўна атрымліваў заробак. На той момант ён займаў пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама.

Паводле дадзеных следства, страты дзяржавы склалі каля 22 мільёнаў рублёў. Дуплеўскі прызнаў віну. Яму пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Аднак ён падаў Аляксандру Лукашэнку прашэнне аб памілаванні – і яно было задаволена пасля таго, як ён кампенсаваў суму шкоды. Пасля гэтага Дуплеўскі працягнуў працаваць у сістэме адукацыі, быў прызначаны дырэктарам гімназіі №4, а затым падняўся да намесніка кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна і кіраўніка раённага аддзялення “Белай Русі”.

Цяпер ён – адзін з тых, хто з высокіх трыбун вучыць школьнікаў выконваць законы, “асэнсаванаму стаўленню да свайго здароўя”, “адказнасці за свае ўчынкі” і таму, “што такое добра і што такое дрэнна”. Усе заняткі – у форме “жывога дыялогу з навучэнцамі”.

Партыя – сіла. Стымулы Гарошкіна працуюць – Яўген Дуплеўскі выправіўся. Ён і сам свабодна адрознівае добрае ад дрэннага і ўжо нясе адказнасць за свае ўчынкі. Як такому грамату ад “Белай Русі” не ўручыць?

Фота ведамаснага сайта аблвыканкама.

Былога гендырэктара “Белшыны” асудзілі на 14 гадоў, але ён, відаць, не сядзіць

Дзевяць службовых асоб, сярод якіх былы гендырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў, асуджаны за шэраг карупцыйных злачынстваў у шыннай галіне. 

Як высветлілася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, з 2017 года па ліпень 2024 года ўдзельнікі карупцыйнай схемы сістэматычна атрымлівалі хабар за бесперабойную адгрузку шыннай прадукцыі прадпрыемства ў адрас партнёра ў Маскве для наступнага продажу канчатковым спажыўцам у Расіі. Агульная сума хабару, атрыманая ўсімі ўдзельнікамі арганізаванай групы, склала больш за 17 млн рублёў.

Акрамя таго, былому гендырэктару інкрымінавана перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды прадпрыемству.

Так, з 2020 года па 2023 год ён заключыў з расійскай кампаніяй дыстрыбутарскае пагадненне на пастаўку звышбуйнагабарытных шын, якія прадаваліся ніжэй за сабекошт. У сваю чаргу контрагент як пасярэднік рэалізоўваў шыны беларускай вытворчасці канчатковым спажыўцам з высокай гандлёвай надбаўкай. Сваімі дзеяннямі Бунакоў прычыніў шкоду прадпрыемству на суму больш за 9 млн рублёў.

Былы гендырэктар “Белшыны”, а таксама гендырэктар тавараправоднай сеткі, які прызнаны кіраўніком гэтай арганізаванай злачыннай групы, атрымалі па 14 гадоў зняволення са штрафам у памеры 5 000 базавых велічынь (225 тыс.рублёў) з пазбаўленнем права займаць кіраўнічыя пасады на тэрмін пяць гадоў кожнаму.

Іншыя службовыя асобы – удзельнікі злачыннай групы – атрымалі ад трох да васьмі гадоў зняволення са штрафам у памеры ад 1000 да 5000 базавых велічынь (ад 45 тыс. да 225 тыс. рублёў) і забаронай на заняццё кіраўнічых пасад на пяць гадоў.  

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў дзяржаўнага абвінаваўцы – з былога генеральнага дырэктара шыннай фабрыкі на карысць прадпрыемства спагнана кампенсацыя школы на суму больш за 11 млн рублёў.

Прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны.

Андрэй Бунакоў стаў гендырэктарам “Белшыны” ў 2020 годзе. Ён быў затрыманы напачатку 2023 года. Але ўжо ў красавіку 2024 года Андрэя Бунакова заўважылі ў Расіі. Экс-гендырэктар “Белшыны” на пасадзе гендырэктара кампаніі «Марскі тэрмінал „Вароты Арктыкі“» падпісаў з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам пагадненне аб пачатку будаўніцтва вялікага тэрмінала для перавалкі грузаў.

Такім чынам, магчыма, што суд над Бунаковым быў завочным. Ускосна аб гэтым сведчыць тое, што ў паведамленні пракуратуры не ўказаны рэжым калоніі.

Фотаздымак: 4tochki.ru

Канфлікт інтарэсаў: ад крычаўскага калгаса да сям’і Лукашэнкі

Чаму заатэхнік з Крычава не ўзяла самаадводу і чаму не бярэ самаадводу галоўны ахоўнік справядлівасці ў Беларусі?

Пракуратура Крычаўскага раёна запатрабавала ліквідаваць парушэнне антыкарупцыйнага заканадаўства на адным з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, дзе назіраўся “канфлікт інтарэсаў”.

Галоўны заатэхнік прадпрыемства самастойна ўзгадняла дадатковыя выплаты сваёй дачцэ, якая працуе там жа аператарам. Пры гэтым жанчына не паведаміла кіраўніцтву пра канфлікт інтарэсаў і не заявіла пра самаадвод. Наймальнік, у сваю чаргу, таксама ніяк не адрэагаваў, хоць быў абавязаны зрабіць гэта неадкладна. Пракурор раёна вынес прадпісанне кіраўніку прадпрыемства. Па яго выніках канфлікт урэгуляваны: паўнамоцтвы па налічэнні выплат дачцэ чыноўніцы перададзены іншаму работніку.

Пры гэтым самы маштабны канфлікт інтарэсаў у Беларусі пракуратуру асабліва не турбуе. Аляксандр Лукашэнка рэгулярна прызначае свайму сыну Мікалаю “прэзідэнцкую” стыпендыю для «адораных студэнтаў» з фонду, які сам жа і фарміруе.

Коля атрымлівае яе з першага курса БДУ, і паводле падлікаў выдання «Зеркало», сумарныя выплаты за час навучання ўжо перавысілі 6500 рублёў, не лічачы звычайнай стыпендыі.

Меркаваная маці Мікалая, Ірына Абельская, узначальвае Рэспубліканскі медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, прывілеяваную клініку для беларускай наменклатуры.

У 2024 годзе яна таксама стала членам Савета Рэспублікі.

Нявестка Лукашэнкі Ганна, якая выступае пад псеўданімам Ганна Сялук, выбудавала цэлую медыяімперыю: музычны прадакшн, тры радыёстанцыі, рэкламны холдынг. Лукашэнка асабіста прысудзіў ёй прэмію «За духоўнае адраджэнне», ужо другую па ліку.

Крычаўскі заатэхнік трапілася на ўзгадненні даплат уласнай дачцэ. Гэта парушэнне, і пракуратура правільна адрэагавала. Іншае пытанне: хто і калі вынесе прадпісанне Лукашэнку? Няўжо разлічваць давядзецца толькі на Міжнародны крымінальны суд?

Фота з адкрытых крыніц.

Кіраўніка магілёўскіх “дэпутатаў” Гарошкіна абралі на ўнікальную пасаду

У Магілёве аднагалосна абралі новага кіраўніка савета, які чыноўнікі называюць унікальным.

У аблвыканкаме прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці. Галоўным вынікам сустрэчы стала пераабранне кіраўніцтва – новым лідарам структуры аднагалосна стаў старшыня абласнога Савета “дэпутатаў” Аляксандр Гарошкін.

Чым займаецца Каардынацыйны савет, з агучаных на пасяджэнні прамоў зразумець няпроста. 

Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Кацярына Музычэнка патлумачыла яго прызначэнне так: структура існуе, каб «зверыць гадзіннікі і скаардынаваць працу». Пры гэтым яна асобна падкрэсліла, што нічога падобнага ў Беларусі больш няма – толькі ў Магілёўскай вобласці.

Гэта, бадай, адзіны паказчык, па якім рэгіён сапраўды лідыруе. Па астатніх карціна іншая. Магілёўская вобласць устойліва займае апошнія радкі рэйтынгаў па ўзроўні заробкаў і ўваходзіць у лік лідараў па спажыванні алкаголю. 

Мяркуючы па ўсім, стварэнне падобных штабоў – любімы занятак магілёўскіх чыноўнікаў, якія выдатна ведаюць: ні справіцца з эканомікай, ні падняць з каленяў стратны АПК яны не змогуць. Іншая справа – інтарэсы народа. За іх у сістэме Лукашэнкі гатовы змагацца ўсе, каму не лянотна.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

У праблемным Глускім лясгасе новы дырэктар

У Глускім лясгасе дрэнныя мінулагоднія эканамічныя паказчыкі прывялі да змены ў кіраўніцтве.

Ад 25 сакавіка 2026 года кіраваць Глускім лясгасам будзе Дзмітрый Кудзін. Яго кандыдатуру ўзгадніў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які сам, дарэчы паходзіць з вёскі Прыварацце Глускага раёна. Глускі лясгас па выніках мінулага года спрацаваў са стратамі, у сувязі з чым і адбыліся кадравыя перамены.

Згодна інфармацыі тэлеграм-канала міністэрства, глуская лясная гаспадарка – вельмі праблемная. Таксама як і клецкая ў Мінскай вобласці, куды адначасова 24 сакавіка быў прызначаны новы дырэктар Дзяніс Паўловіч. Пралікі ў вытворчай дзейнасці, аднаўленні лясоў, не лепшая кадравая сітуацыя – усім гэтым характарызуюцца абедзьве гаспадаркі. Напрыклад, у Глускім лясгасе вакантныя 50% пасад ляснічых, то бок занята чатыры з васьмі.

“Ёсць нядрэнныя майстры лесу, памочнікі ляснічых – будзем разглядаць іх на павышэнне”, – паабяцаў Дзмітрый Кудзін міністру.

Кар’ерны рост самога Кудзіна даволі імклівы. Літаральна ў студзені гэтага года ён быў прызначаны на пасаду галоўнага інжынера Глускага лясгаса, да гэтага працаваў ляснічым Круглянскага лясніцтва Бялыніцкага лясгаса, некалькі гадоў быў галоўным ляснічым Суражскага лясгаса ў Віцебскай вобласці.

Пры гэтым кіраўнік лясной галіны лічыць Кудзіна і Паўловіча маладымі кіраўнікамі і пасля ўступлення на пасаду параіў “пачынаць жыць з чыстага аркуша”, і асаблівая ўвага павінна быць нададзена эканамічнай сітуацыі ва ўстановах. 

Але не толькі Кудзін будзе надаваць асаблівую ўвагу Глускаму лясгасу. Сітуацыя ў ім яшчэ будзе ўзятая на ручны кантроль у Мінлясгасе. Начальніку ўпраўлення эканомікі і інвестыцый ведамства пастаўлена задача асабіста кантраляваць сітуацыю ў глускіх лясах.

Нагадаем, 12 сакавіка 2026 года ў Глускі лясгас прыязджаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Ігар Малашэвіч. Падставай для такога візіту стала падзенне выручкі і нестабільныя фінансавыя паказчыкі ў пачатку года. Раней стала вядома, што на пасаду галоўнага ляснічага там ўзгоднены Аляксандр Порсік, які апошняе дзесяцігоддзе працуе ў Глускім лясгасе, дзе да нядаўняга часу ўзначальваў Докальскае лясніцтва.

У Мінлясгасе разлічваюць, што новая каманда зможа стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў лясгасе і вярнуць гаспадарцы страчаныя пазіцыі. У сваю чаргу Кудзін атрымаў ад міністра антыкарупцыйную параду – каб не было ніякага кумаўства.

Фотаздымак: Інстаграм gluskles