У Бялынічах работнікі сельгаспрадпрыемстваў ходзяць у тэатры і ездзяць на мора

У бялыніцкім СПК «Калгас «Радзіма» адпачываюць па формуле «ўсё ўключана» і зарабляюць, упрыгожваючы фермы.

Мяжа паміж светам беларускіх прапагандыстаў, якія хваліцца месцамі, дзе яны адпачываюць, і светам насельнікаў ферм канчаткова сцёртая.

Спецыяльныя карэспандэнты праўладнай «Беларуси Сегодня» апыталі рабочых і сялян пра тое, дзе яны адпачываюць. Аказалася, што араць не пакладаючы рук у пуле «першага» не так выгадна, як прахалоджвацца ў гумовых ботах і ватоўках на сельскіх фермах.

У бялыніцкім СПК «Калгас «Радзіма» людзі з’яўляюцца на фермах не так часта, як на экскурсіях, у тэатрах і ў Геленджыку.

Жыхарка вёскі Вішова, якая працуе ў «Радзіме» ўсяго тры гады, на самай справе паспела з’ездзіць у Геленджык разам з сям’ёй.

Дзеці гэтай жанчыны атрымліваюць стыпендыі за поспехі ў працы і спорце, а сама яна сцвярджае, што можна добра зарабіць на конкурсах па ўпрыгожванні ферм і грунтоўна нагрэць рукі на такой банальнай рэчы, як шоу талентаў.

Зрэшты, у «Радзіме» Геленджык магчымы, бо гэта – узорна-паказальны калгас, які існуе дзеля таго, каб лашчыць самалюбства айчынных «моцных гаспадарнікаў» і рабіць пастановачныя здымкі ідэолагам, якія ілюструюць імі свае байкі.

Цікава, як часта лётаюць на Азорскія астравы работнікі ААТ «Краснапольскі» і асноўнай масы беларускіх калгасаў, дзе зарабляюць на жыццё не на шоу талентаў, а крадзяжом дызельнага паліва?

Адна з падстаўных апытаных прызналася: калі распавядаю сябрам і знаёмым пра свой сацпакет, многія не вераць, што такое магчыма.

І правільна робяць. Бо гэта толькі Лукашэнка перакананы, што тыя, хто пакуль не ўцёк з Беларусі, настолькі дурнейшыя за паравоз, што здольныя верыць сумбуру Тура, шурпатасцям Гладкай і зацьменням Азаронка.

Фота «Беларусь Сегодня».

На Магілёўшчыне дрэнныя фермеры і добрыя ўлады

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці высветліў, чаму праз трыццаць гадоў фермерства на Магілёўшчыне буксуе.

Закону аб сялянскіх гаспадарках у Беларусі ўжо больш за трыццаць гадоў. У 1991 годзе на яго ўскладалі вялікія надзеі. Аднак праз тры дзесяцігоддзі доля фермераў у агульным аб’ёме сельскагаспадарчай вытворчасці па-ранейшаму мізэрная – за 2024 год усяго 2,9 працэнта. 

Чаму фермерства дагэтуль не стала паўнавартаснай галіной і ў чым прычыны, асабліва ў Магілёўскай вобласці, спрабаваў разабрацца КДК рэгіёна.

Сацыялогія нібыта абнадзейвае: амаль 90 працэнтаў жыхароў Магілёўскай вобласці лічаць фермераў працавітымі, практычнымі і ініцыятыўнымі. Ім давяраюць як вытворцам якаснай прадукцыі. Аднак існуе шмат «але».

Фермеры хочуць роўных умоў, а КДК – больш гною

Як лічыць дырэктар абласнога Саюза фермераў Мікалай Шпакаў, асноўныя праблемы сялянскіх гаспадарак застаюцца ранейшымі:

  • мінеральныя ўгнаенні фермерам выдзяляюць па рэшткавым прынцыпе;
  • рэалізаваць ураджай наўпрост складана з-за слабой інфраструктуры;
  • востра не хапае рабочых рук;
  • мясцовыя ўлады не заўсёды ідуць насустрач і слаба ўзаемадзейнічаюць з КФГ.

Прасцей кажучы, спачатку ўсімі пералічанымі дабротамі ўлады спрабуюць забяспечыць свае стратныя калгасы, а фермерам дастаецца тое, што застаецца – нічога.

КДК абвінавачвае фермераў у тым, што яны амаль не займаюцца жывёлагадоўляй, і праз гэта няма арганікі для ўгнаення палёў.

У 2024 годзе фермеры Магілёўскай вобласці ўнеслі ў сем разоў менш арганічных угнаенняў, чым належыць. Мінеральных угнаенняў – на трэць менш, чым буйныя гаспадаркі. Вынік – знясіленне глебаў і нізкая ўраджайнасць: з гектара ў сярэднім збіраюць у 1,6 раза менш прадукцыі, чым у дзяржаўных арганізацыях.

Ключавое слова тут – «належыць». Ды і поспехі дзяржаўных арганізацый з іх масіраванай падтрымкай настолькі сціплыя, што наўрад ці іх можна ставіць у прыклад.

Як выйсце: фермерства – толькі шырма

Камітэт дзяржаўнага кантролю зафіксаваў дзясяткі выпадкаў, калі КФГ фактычна не вялі сельскагаспадарчай дзейнасці, але карысталіся ўсімі прадугледжанымі для фермераў ільготамі. Паводле вынікаў праверкі, чвэрць буйных КФГ атрымліваюць выручку зусім не з палёў, а з пабочнага бізнесу – ад лесанарыхтовак, грузаперавозак, арэнды і нават правядзення карпаратываў.

У Быхаўскім раёне фермерская гаспадарка зарабіла 1,8 мільёна рублёў, аказваючы выключна лесагаспадарчыя паслугі. У іншым выпадку прадпрымальнік закупляў бульбу ў вытворцаў і перапрадаў яе з нацэнкай, удвая большай за дазволеную.

Парушэнні тычацца і падатковай справаздачнасці. У Асіповіцкім раёне кіраўнік КФГ выплачваў заробкі праз падстаўнога ІП, заніжаючы выручку. У Касцюковічах кіраўнік гаспадаркі пяць гадоў запар прадаваў прадукцыю за наяўныя, не адлюстроўваючы здзелкі ў справаздачах – толькі бульбы было рэалізавана на 3 мільёны рублёў. У Івацэвіцкім раёне прадукцыя афармлялася як прыватныя продажы, каб атрымаць з бюджэту надбаўкі – 27 тысяч рублёў. У некаторых выпадках узбуджаныя крымінальныя справы.

Ключавыя ініцыятывы КДК – зноў адміністрацыйныя

Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў «аздаравіць» фермерскі сектар. Сярод ключавых ініцыятыў:

  • абнаўленне закона аб сялянскіх гаспадарках з магчымасцю ліквідацыі непрацуючых КФГ;
  • перагляд падатковых ільгот: прымяняць іх толькі да выручкі ад сельскагаспадарчай вытворчасці;
  • кантроль за дзяржаўнай падтрымкай і новыя механізмы яе прадастаўлення;
  • стымулы для жывёлагадоўлі і прыярытэтных напрамкаў;
  • ўцягванне буйных КФГ у рэалізацыю сацыяльных праектаў;
  • жорсткае захаванне патрабаванняў па захаванні ўрадлівасці зямель.

Лукашэнка ўжо падтрымаў гэтыя прапановы. Урад і аблвыканкамы атрымалі даручэнне ліквідаваць выяўленыя праблемы. Лічыцца, што справа зрушылася з месца.

Гэтым граблям ужо трыццаць гадоў

Меры, якія выглядаюць разумнымі – гэта тыя самыя граблі, на якія Беларусь наступае ўжо трыццаць гадоў. Наўрад ці яны прывядуць да кардынальных зменаў.

Фермерства як форма прыватнага прадпрымальніцтва патрабуе рынкавай логікі, мінімальнага дзяржаўнага ўмяшання і свабоды распараджацца вынікамі сваёй працы.

Сялянства – усё ж разнавіднасць капіталізму, і яно не можа развівацца ў краіне з планавай, сацыялістычнай эканомікай.

І пакуль улады будуць адміністрыраваць дзейнасць фермераў, тыя будуць займацца чым заўгодна – ад перавозак да арэнды, ад гандлю лесам да арганізацыі карпаратываў, але не фермерствам як такім.

Фота: “Беларусь сегодня”.

Улады Чэрыкава павялічылі аб’ём вытворчасці сельгаспрадукцыі. На паперы

Перамяшаўшы статыстычныя дадзеныя, «моцныя гаспадарнікі» Чэрыкаўшчыны зрабілі выгадныя для сябе высновы.

У Чэрыкаўскім раёне аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2025 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2024 годам у супастаўных цэнах амаль на дванаццаць працэнтаў.

Пераможная статыстыка выглядае так:

  • збожжа ў 2025 годзе выраблена 26,1 тысячы тон або на 32,5 працэнта больш, чым у 2024 годзе;
  • яго ўраджайнасць склала 22 цэнтнеры з аднаго гектара, у 2024 годзе – 16,6 цэнтнера;
  • у 2025 годзе рэалізавана жывёлы і птушкі на забой 3,1 тысячы тон або на 21,8 працэнта больш, чым у 2024 годзе.

Пагадзіцеся – паўсюль відавочны рост. А цяпер малако:

  • яго выраблена 10,5 тысячы тон,
  • рэалізавана па ўсіх каналах збыту 9,3 тысячы тон.
  • удзельная вага рэалізаванага малака ў агульным аб’ёме яго вытворчасці склала 89 працэнтаў.

Праблема толькі ў тым, што ў выпадку з малаком параўнанне з мінулым годам знікае.

Няма параўнальных паказчыкаў і па скаціне. Проста паведамляецца, што колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна на 1 студзеня 2026 года склала 7,8 тысячы галоў, у тым ліку кароў – 3,1 тысячы галоў.

Пра тое, колькі галоў было ў мінулым годзе, улады далікатна маўчаць і паведамляюць толькі пра тое, колькі рагуль у іх выжыла на пачатак года.

Узнікае пытанне: калі малака, мяса і хлеба ў крамах пакуль хапае, навошта хітраваць і выкручвацца?

Тут усё проста. Дэманстрацыя няўхільнага росту для беларускай эканамічнай мадэлі важнейшая, чым сам рост.

А што ў рэчаіснасці?  Пра яе найлепш распавяла пракуратура, якая ўсяго пару дзён таму выявіла шматлікія парушэнні ва ўтрыманні БРЖ на ферме ў Чэрыкаўскім раёне.

У якую са справаздач унесці гэты бардак?

Фота: БелТА.

На новай ферме ў Касцюковічах цяпер ёсць мяккія дыванкі для кароў

Санаторый для кароў адкрылі ў вёсцы Мурын Бор Касцюковіцкага раёна.

Напэўна, у свеце няма іншай краіны, дзе б, як у Беларусі, радаваліся адкрыццю новага кароўніка. А вось жыхары Касцюковічаў, нібыта, звязваюць з МТК у вёсцы Мурын Бор свае сучаснасць і будучыню.

Кароўнік адкрывалі з максімальнай урачыстасцю – ўвесь начальніцкі цвет, шарыкі, стужачкі, сцяжкі і нават сімвалічны ключ. Яго ўручыў касцюковіцкім шчасліўчыкам галоўны «дэпутат» вобласці Аляксандр Гарошкін.

У склад кароўніка будучыні, які належыць філіялу № 1 «Цэмагра» ААТ «Беларускі цэментны завод», уваходзяць два хлявы, даільна-малочны блок і прафілакторый для цялят. Умяшчальнасць МТК – 756 галоў.

Больш няма цесных памяшканняў, сцвярджаюць журналісты «Беларусь Сегодня», ёсць прастор, мора святла і паветра. Няма голага бетону, ёсць мяккія прагумаваныя дыванкі.

На новай ферме плануецца атрымліваць больш за 15 тон малака ў суткі. Усё яно будзе класа экстра. Для параўнання: існуючая ферма праз дарогу пры падобным пагалоўі дае ўсяго толькі 9 тон.

Пакуль мінулае і будучыню Касцюковічаў падзяляе ўсяго толькі дарога, паспрабуем адказаць на пытанне: чаму пра мяккія дыванкі “крэпкія гаспадарнікі” з каманды Лукашэнкі не думалі ўсе трыццаць гадоў, якія яны патрацілі на правальныя спробы ператварыць краіну ў вялікі і прыбытковы калгас?

Што перашкаджала атрымліваць малако гатунку экстра і дзе былі вялікія аматары гэтага малака раней? 

Адказ, на жаль, відавочны. Сядзелі ў тых жа мяккіх крэслах і апладзіравалі будаўніцтву кароўнікаў без мяккіх дыванкоў. Цяпер жа яны робяць выгляд, што не памятаюць старога анекдота пра фарбаванне сцен публічнага дома, як спосабу павялічыць яго наведвальнасць.

Фота «Беларусь Сегодня».

Адзіны калгас Краснапольшчыны: без малака, без мяса, без надзеі

Старшыню Краснапольскага райвыканкама Аляксандра Яфімчыкава адказы жывёлаводаў ААТ «Краснапольскі» на яго пытанні, мякка кажучы, не задаволілі.

Краснапольшчына – яскравы прыклад таго, як Лукашэнка і яго каманда давялі сельскую гаспадарку Беларусі да ручкі. Адзіным сельгаспрадпрыемствам у раёне з’яўляецца глыбока стратнае ААТ «Краснапольскі».

Нядаўна прызначаны кіраўнік раёна Аляксандр Яфімчыкаў арганізаваў дзень жывёлавода на ферме «Яноўка» і высветліў, што сітуацыя выглядае так:

  • няма малака і мяса, няма выручкі, няма добрай зарплаты; 
  • карціна з выбыццём жывёлы таксама не радуе;
  • адказы спецыялістаў на пытанні, што датычацца іх службовых абавязкаў, блытаныя, неканкрэтныя, няўпэўненыя.

Яфімчыкаву давялося развесці рукамі і даць няшчасным аграрыям адзіную слушную параду па выхадзе з крызісу: службовыя інструкцыі павінны працаваць, а не ляжаць у стале.

Краснаполле

Іншых варыянтаў усё роўна няма: ААТ «Краснапольскі» – той выпадак, калі ўся надзея толькі на прыпарку, якая дапаможа мёртваму.

Фота раённай газеты.

У Клімавіцкім раёне хлопец выкраў “мазгі” ў пасяўнога агрэгата

У Клімавіцкім раёне 28-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар выкраў электронныя блокі кіравання з пасяўнога агрэгата. Сеялка стаяла на мехдворы і, як звычайна, не ахоўвалася. Узятае абсталяванне раскрадальнік калгаснай маёмасці прадаў знаёмаму. Шкода, паводле падлікаў міліцыі, склала 1500 рублёў.

Здавалася б, дабро перамагло зло, але калі ўчытацца ў сухія радкі міліцэйскай зводкі і вылучыць з яе ключавыя словы, можна пабачыць тое, што адбываецца ў сельскай глыбінцы Магілёўшчыны – 28 гадоў, беспрацоўны, скраў дэталі ад калгаснай сеялкі, якая безгаспадарліва стаяла на вуліцы. Каментары тут, відавочна, лішнія.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Калгасам Магілёўшчыны новыя землі не патрэбны – са старымі б разабрацца

КДК Магілёўскай вобласці выявіў нежаданне прадпрыемстваў АПК уцягваць землі ў абарот і скажэнне аператыўнай справаздачнасці.

Меліяраваныя землі “не выкарыстоўваюцца з-за бяздзейнасці сельгасарганізацый-землекарыстальнікаў” – да такой сумнай высновы прыйшлі кантралёры магілёўскага КДК.

Так, меліяраваныя ў 2023 годзе землі ААТ «Мірны-Агра» Чаўскага раёна зараслi пустазеллем, а ў СПК «Гігант» Бабруйскага раёна з 2024 года не ўцягнута ў сельскагаспадарчы абарот больш за 100 гектараў зямель пасля правядзення культуртэхнічнай меліярацыі на меліярацыйнай сістэме «Ала».

За нелюбоў да сістэмы “Ала” у прыватнасці і да выкарыстання меліяраваных зямель у цэлым, да адказнасці прыцягнута сем чалавек.

Работа актывізавана, але… Калі калгасы ўцягваюць землі ў абарот толькі пад прымусам, то гэта значыць, што яны не надта ў іх маюць патрэбу. 

Падобна на тое, што новыя землі сельгаспрадпрыемствам Магілёўскай вобласці і задарма не цікавыя – ім бы са старымі разабрацца. Вось такая актывізацыя па-лукашэнкаўску.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Кіраўнік Асіповічаў: кадры трэба не мяняць, а шукаць, бо іх проста няма

Геворг Мелканян даў першае інтэрв’ю на новай пасадзе. Падаецца, ён трапна вызначыў балючыя кропкі Асіповіцкага раёна.

У інтэрв’ю раённай газеце Геворг Мелканян распавёў, на чым плануе засяродзіць увагу як кіраўнік Асіповіцкага раёна.

Згодна з яго словамі:

  • цэнтральныя вуліцы ў нармальным стане, але ў «закутках» яшчэ хапае месцаў, дзе людзі вымушаны хадзіць у гумавых ботах;
  • ключавая праблема раёна – сельская гаспадарка. Там востра не хапае кадраў – іх трэба не мяняць, а шукаць, бо іх сапраўды няма;
  • важна асабіста пазнаёміцца з калектывамі і кіраўнікамі, зразумець, хто гатовы працаваць, а хто, магчыма, выгарэў ці мае патрэбу ў матывацыі;
  • Асіповіцкі раён павінен вярнуцца ў тройку лідараў Магілёўскай вобласці па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Мелканян не плануе пачынаць з аўралу. Спачатку ён ацэніць сітуацыю, асабіста наведаўшы кожнае прадпрыемства раёна.

Добрай навіной, на яго думку, з’яўляецца тое, што сельская гаспадарка дае толькі пяць працэнтаў выручкі Асіповіцкага раёна, а астатнія 95 працэнтаў гэта развітая прамысловасць, адна з наймацнейшых у вобласці.

Разлік Мелканяна на тое, што прамысловасць дапаможа «пацягнуць» за сабой сельскую гаспадарку, можа даць вынік. 

Тым больш, новы старшыня райвыканкама не збіраецца мірыцца з кіраўнікамі, што сядзяць у сваіх крэслах толькі таму, што «нікому не замінаюць». 

Па меркаванні Мелканяна, гэта і нараджае застой. Нельга сказаць, што ён адкрыў Амерыку, але нельга не прызнаць і таго, што перад намі даволі рэдкі выпадак, калі прадстаўнік уладнай вертыкалі назваў рэчы сваімі імёнамі.

Фота: раённай газеты.

У вёсцы Шавароўка Горацкага раёна з’явілася слімаковая ферма

Слімаковая гаспадарка ўвайшла ў новы маршрут гастранамічнага і экалагічнага турызму Горацкага раёна.

Унікальным бізнесам занялася жыхарка горада Горкі. Яна была беспрацоўнай, падчас падарожжа па Беларусі наведала слімакавую ферму і вырашыла займацца вырошчваннем слімакоў сама.

Спачатку спрабавала рабіць гэта ў кватэры і выкарыстоўвала ванну, аднак ферму хутка перанеслі ў вёску Шавароўка – слімакам быў патрэбны і прастор, і асаблівы догляд.

Цяпер на вясковым участку абсталяваны сартавальныя і прамывальныя сталы, поле для выпасу і іншыя, даволі дарагія прыстасаванні для вырошчвання слімакоў.

Аб’ёмы продажу дэлікатэсу пакуль невялікія. Беларусам яшчэ трэба зразумець, што гэта за прадукт і якую ён мае карысць. Напрыклад, уладальніцы фермы трэба пераканаць пакупнікоў, што мяса слімакоў лёгка засвойваецца.

Аднак пачатак ужо ёсць. Як распавяла прадпрымальніца, у многіх тэлефонах яна ўжо запісаная як «Наталля слімак».

Цікавы факт: у райвыканкаме, дзе Наталля атрымала субсідыю ў 4 тысячы рублёў, ёй паведамілі, што слімак у Беларусі лічыцца сельскагаспадарчай жывёлай нароўні з каровамі і курамі.

Фота: «СБ».

У Касцюковічах судзілі кіраўніцу фермы

У Касцюковічах ужо ўсё называюць сваімі імёнамі – у раёне выяўлена яшчэ адна схема ўтойвання гібелі жывёлы.

Кіраўніцу фермы судзілі ў Касцюковічах на адкрытым пасяджэнні – у прысутнасці службовых асоб і работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый.

Жанчына ўнесла ва ўліковыя дакументы заведама ілжывыя звесткі і запісы, не ўказаўшы гібель як мінімум 33 галоў буйной рагатай жывёлы.

З іх 11 галоў 33-гадовая жыхарка Касцюковічаў «рэалізавала» праз забойны цэх. Такім чынам, абвінавачаная ўтойвала гібель жывёлы і падавала ў бухгалтэрыю прадпрыемства справаздачы з ілжывымі звесткамі. 

Суд улічыў прызнальныя паказанні абвінавачанай і яе шчырае раскаянне. Прысуд – год папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы пятнаццаці працэнтаў заробку, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.

Гэта ўжо не першы такі выпадак на Касцюкоўшчыне. Справы ва ўбыточных калгасах Беларусі пастаўлены так, што «моцным гаспадарнікам» прасцей пайсці на службовы падлог, чым прызнаць, што каровы здохлі з-за дрэннага догляду.

А тым часам і ў Магілёўскім раёне ўзбуджана крымінальная справа супраць 48-гадовага кіраўніка сельгаспрадпрыемства, які на працягу сямі месяцаў даваў незаконныя ўказанні падначаленым аб унясенні ілжывых звестак у афіцыйныя дакументы.

Схаваны падзёж 119 галоў. Прадпрыемству нанесены ўрон у памеры каля 130 000 рублёў.

Фота раённай  газеты.