Дачніцу ў Бабруйску абакраў “прафесійны жабрак” – і патраціў два даляры

Неаднаразова судзімы мужчына часта стаяў на паперці Свята-Іверскага храма ў бабруйскім мікрараёне Кісялевічы, пагэтаму запомніўся прыхаджанам і служыцелям царквы. 

Як паведамляе komkur.info, у пачатку лістапада адна з мясцовых жыхарак вярталася з лецішча на ровары і вырашыла зайсці ў храм. Яна прыпаркавала веласіпед каля царкоўнай агароджы, дастала з заплечніка грошы каб зрабіць пакупкі ў свячной лаўцы, а сам заплечнік таксама пакінула на вуліцы. За маніпуляцыямі жанчыны назіраў 42-гадовы “прафесійны” жабрак, які раней ужо адбываў пакаранне за крадзёж.

Дачакаўшыся, калі жанчына зойдзе ў царкву, жабрак парыўся ў яе заплеччніку і скраў з яго кашалёк, мабільнік, прадукты і швэдар. Жанчына заўважыла прапажу толькі дома. У той жа дзень праваахоўнікі адшукалі злачынцу. Высветлілася, што амаль усе скрадзеныя рэчы засталіся пры ім, жабрак паспеў патраціць толькі два даляры з кашалька жанчыны. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Магілёвец пакінуў гаманец і тэлефон на скамейцы, іншы магілёвец іх, канечне, забраў

Знойдзены кашалёк перастаў быць прыкметай удачлівасці – у гэтым пераканаўся 33-гадовы жыхар абласнога цэнтра, калі на скамейцы каля крамы знайшоў чужыя грошы і тэлефон. Забраўшы і тое і другое, раней не судзімы рабочы аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў проста пайшоў да сябе дахаты. Як высветлілася, гаманец з 1 600 рублёў і мабільнік за 900 на гэтым месцы пакінуў 31-гадовы жыхар горада. Ён тэрмінова вярнуўся ў краму для вырашэння канфліктнай сітуацыі з іншым пакупніком. Супраць мужчыны, які прысабечыў чужую ўласнасць, узбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар

Бізнэсмен у Магілёве вывез чужы пагрузчык сярод белага дня, хоць яго спрабавалі спыніць

48-гадовы магілёвец скраў пагрузчык свайго дзелавога партнера, у якога раней набыў прадпрыемства – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС. 

Папярэдні ўладальнік прадпрыемства не паспеў вывезці сваё абсталяванне з ужо прададзенага аб’екта. Гэтым скарыстаўся пакупнік бізнэса, які распарадзіўся вывезці пагрузчык коштам 8 тысяч рублёў на свой іншы аб’ект. 

Работнікі прадпрыемства спрабавалі спыніць адкрыты крадзёж, але безвынікова. Супраць бізнэсмена, які завалодаў чужой маёмасцю, узбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры. Пагрузчык вернуты ўладальніку.

 

Жанчына распрадала сядзібу сваякоў пад Бабруйскам – і дом па частках, і тэхніку, і нават плот

Гаспадары дома рэдка прыяжджалі на радзіму з Расіі, а махлярка высылала ім старыя фотаздымкі каб пераканаць, што ўсё ў парадку.

45-гадовая жыхарка Бабруйскага раёна знайшла ключы ад дачнага доміка сваіх родных у сядзібе маці, калі тая памерла ў 2020 годзе. Раней асуджаная за махлярства і прысваенне чужой уласнасці, жанчына стала пастаянна наведвацца на прысядзібны ўчастак сваякоў – паведамілі прадстаўнікі Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці агенцтву БелТА.

Падчас візітаў жанчына паступова распрадавала маёмасць сваіх родных, выкладаючы паведамленні пра продаж на папулярнай інтэрнэт-пляцоўцы. 

– Інструменты, газонакасілку, трымер, бетонамяшалку і мэблю яна рэалізавала праз віртуальную гандлёвую пляцоўку, затым пайшлі ў ход будаўнічыя матэрыялы, з якіх быў пабудаваны прысядзібны домік, і заборная агароджа – расказала агенцтву БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Таццяна Старасотнікава.

З уласнікамі сядзібы звязаліся прадстаўнікі сельскага савета, калі на ўчастку ўтварылася пустка, якая праз дэмантаж агароджы і збудавання стала небяспечнай для жыхароў населенага пункта. Супрацоўнікі сельсавета прадманстравалі рэальны стан дачнага ўчастка на фотаздымках гаспадарам, якія даўно не прыяжджалі ў Беларусь з Расіі.

45-гадовая жанчына, што падазраецца ў махлярстве, спрабавала пераканаць сваякоў, што з іх уласнасцю нічога не здарылася. Дзеля гэтага яна высылала ім старыя фотаздымкі сядзібы, якія зрабіла да продажу маёмасці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Крадзёж.

фота з адкрытых крыніц

Брыгадзіра ў Кіраўскім раёне падазраюць у крадзяжы 79 галоў ската

Бабруйская міліцыя выявіла партыю буйнога рагатага ската, якую перавозілі на прыватнай аўтамашыне па трасе Бабруйск-Мозыр, паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Шсць бычкоў, якіх спрабавалі вывезці з Магілёўскай вобласці, мелі біркі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Кіраўскага раёна. 

У ходзе следчых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што брыгадзір  аграпрамысловага комплекса разам з саўдзельнікамі на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў жывёл гаспадаркі. Патэнцыйныя пакупнікі прыязджалі па начах на ферму і забіралі жывёлу, за якую разлічваліся наяўнымі грашыма па заніжаным кошце. Толькі адзін 28-гадовы прадпрымальнік з Магілёва з верасня па лістапад купіў такім чынам 54 асобіны буйной рагатай жывёлы.

Усяго ў гаспадарцы выяўлены недахоп у 79 галоў ската на агульную суму больш за 160 000 рублёў. Заведзена крымінальная справа.

Паехала з бара ў чужой куртцы, якую потым выкінула – ў выніку крыміналка

П’яная 41-гадовая магілявянка да трох гадзін ночы сядзела ў адным з гарадскіх бараў, а калі вырашыла ехаць дахаты, то ўзяла куртку незнаёмага мужчыны. У куртцы знаходзіліся ключы, мабільны тэлефон. Жанчына выклікала таксі, а даехаўшы да свайго дому, проста выкінула верхнюю вопратку ў пад’ездзе. 

Выпадковы мінак падабраў выкінутую рэч і па мабільным тэлефоне, што ляжаў у кішэні, паведаміў пра знаходку. Міліцыяй узбуджаная крымінальная справа за крадзёж – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У Магілёве арыштавалі шайку злодзеяў, што рабавалі падворкі

Трое беспрацоўных каля 50-гадоў узростам адсочвалі прыватныя гаспадаркі жылога сектара ў Магілёве і ў адсутнасць гаспадароў забіраліся ў іх – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Пераважна злодзеі забіраліі металічныя вырабы каб здаць у пункт прыёму металалома, але таксама сярод скрадзенага значацца электраматор і газавы кацёл. Бандай серыйных злодзеяў кіраваў 50-гадовы магілёвец, а кампанію яму складалі 48-мі і 55-гадовыя беспрацоўныя жыхары абласнога цэнтра. Узбуджана крымінальная справа.

Жанчына ў Магілёве забрала грошы з чужога кашалька і сама ж дапамагала іх шукаць

Магілёвец адпачываў з прыяцелем у яго на кватэры і забыў свой гаманец разам з пашпартам на лесвічнай пляцоўцы, куды выходзіў пакурыць. Міма праходзіла 40-гадовая жыхарка суседняй кватэры і, пабачыўшы чужы кашалёк, забрала з яго ўсе грошы – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС. Гэта былі 200 даляраў, расійскія і беларускія рублі на агульную суму каля 1 100 BYN. Частку сродкаў жанчына забрала сабе, а астатнія грошы схавала ў трумо, якое стаяла ў пад’ездзе.

Затым, зрабіўшы выгляд заклапочанай суседкі, яна стала шукаць уласніка пашпарта, абыходзячы кватэры ў пад’ездзе. Па фотаздыму ў пашпарце ёй удалося пазнаць 34-гадовага пацярпелага, які працягваў выпіваць разам з сябрам, не ведаючы пра прапажу. З гарачым энтузіазмам жанчына прапанавала разам пашукаць зніклыя з кашалька грошы. І частку сродкаў яны тут жа знайшлі, але іншую частку жанчына меркавала пакінуць сабе. Выкліканая пацярпелым міліцыя высветліла абставіны справы, пасля чаго супраць 40-гадовай жанчыны была ўзбуджаная крымінальная справа.

 

Прыяцелі ў Магілёве скралі тую за 1100 рублёў

Гуляючы па Ленінскай, двое юнакоў 18 і 19 гадоў забралі тую, высаджаную ў гаршчок адной з індывідуальных прадпрымальніц – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Дрэва яны прынеслі на сваю здымную кватэру, аднак гаспадыня жылля забараніла ім трымаць дома габарытную расліну. Маладыя людзі не вярнулі тую на месца, а выкінулі яе на вуліцу каля свайго дома. Як высветлілася, законная гаспадыня каштоўнага дрэва ацаніла яго ў 1 100 рублёў і напісала скаргу ў міліцыю. Супраць юнакоў узбуджаныя крымінальная справа.

 

Скралі двух кароў на чэрыкаўскай ферме і везлі ў Расію

Пад Хоцімскам затрымалі аднаго са злодзеяў, 35-гадовага жыхара Клімавіч.

13 кастрычніка 2022 года супрацоўнікі Хоцімскага РАУС, пасярод ночы знайшлі двух кароў паблізу вёскі Арлоўка Хоцімскага раёна, недалёка ад Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй. Адна з жывёл мела ідэнтыфікацыйную бірку КСУП “Прагрэс” Чэрыкаўскага раёна – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Недалёка ад жывёл знаходзіліся два аўтамабілі, вадзіцелі якіх уцяклі з месца здарэння

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што ў ноч з 12 на 13 кастрычніка 35-гадовы жыхар Клімавіч сумесна з іншымі асобамі выкраў з тэрыторыі таварнай фермы ў вёсцы Баравая Чэрыкаўскага раёна двух кароў. Падазроны з саўдзельнікамі планаваў пераправіць іх на тэрыторыю Расіі для далейшага продажу мясаперапрацоўчым арганізацыям. Нанесены прадпрыемству ўрон у такім выпадку склаў бы больш за 2,1 тысячы рублёў.

Узбуджана крымінальная справа за крадзёж, падазраваны арыштаваны.