“За Беларусь” развалюсь! – Крычаўгрузаўта знік, “патрыятычны” лозунг застаўся

Прайшло тры гады, як афіцыйна ліквідавалі транспартнае прадпрыемства “Крычаўгрузаўта”. 

Эканамічны суд Магілеўскай вобласці ад 29 студзеня 2019 года прызнаў банкрутам адкрытае акцыянернае таварыства “Крычаўгрузаўта” і прыняў рашэнне аб ліквідацыі прадпрыемства, што і адбылося на працягу першай паловы 2020 года. Адзначым, што прадпрыемства з’явілася ў 1959 годзе і на працягу сваёй гісторыі ў шэсць дзясяткаў год  называлася па-рознаму, але нязменна выконвала функцыі грузаперавозак, рамонта аўтамабіляў і грузавога аўтамабільнага парка. 

Яскравым сімвалам прадпрыемства з’яўляўся тэхнапомнік – ЗІЛ-164. Гэта грузавая машына доўгі час працавала на прадпрыемстве, а пасля спісання была ўсталявана на невысокім пастаменце ў галоўнага ўезда на яго тэрыторыю. Разам са знікненнем аўтатранспартнага прапрыемства ліквідавалі і тэхнічны помнік, пра што раней пісалі mogilev.media. 

Што цікава, то некалі на сцяне адміністрацыйнага будынку транспартнага прадпрыемства быў намаляваны чырвонай і зялёнай фарбай вялікі надпіс “ЗА БЕЛАРУСЬ”. Хоць “Крычаўгрузаўтра” ужо няма, але гэты лозунг застаўся дагэтуль. 

Прычым на гэтыя падзеі наклалася крымінальная справа былога кіраўніка аўтатранпартнага прадпрыемства і дэпутата Крычаўскага райсавета 27-га склікання Уладзіміра Ільянкова, які абвінавачваўся ў выманьванні крэдытаў ў буйных памерах. Тэрмін яму прысудзілі ўмоўна (1,5 гады) і перавялі на пасаду галоўным інжынерам СПК “Маляцічы”. “Высокакваліфікаваны” кадр Ільянкоў фактычна разваліў прадпрыемства і выйшаў сухім з вады, змяніўшы працоўнае месца.

Фота mogilev media і з адкрытых крыніц

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расійскай ракетай параненая 13-гадовая дзяўчынка

Горад расійскія войскі абстралялі ў ноч з 9 на 10 жніўня. Акрамя дзяўчынкі пацярпелі яшчэ двое чалавек.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча па горадзе стралялі з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч». Пашкоджаныя 8 прыватных дамоў. На адным з прадпрыемстваў у выніку абстрэлу разбураныя склады і дэпо.

За час поўнамаштабнай вайны ў Мікалаеве ад абстрэлаў пацярпела 60 дзяцей. Ува ўсёй Украіне – 705.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота: t.me/senkevichonline

«Магілёўхлебапрадукт» не можа расплаціцца па даўгам і просіць яго прызнаць банкрутам

Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхлебапрадукт» – кіруючая кампанія холдынгу Магілёўхлебапрадукт просіць Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прызнаць яго неплацежаздольным. Заяву аб банкруцтве разгледзяць 6 чэрвеня. Пра гэта акцыянерам паведаміў старшыня ліквідацыйнай камісіі Аляксандр Кушнер. Падпісаны ім загад трапіў нашаму выданню.

Арганізацыя, якая займаецца вытворчасцю мукі, хлебапрадуктаў, гатовых кармоў і кармавых дабавак, а таксама гуртавым гандлем, ад лістапада 2021 году знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Яе доўг сягае 46 тысяч далараў.

У 2018 годзе «Магілёўхлебапрадукт» разам з іншымі прадпрыемствамі адзначаўся Магілёўскім аблвыканкамам як паспяховы прыклад развіцця буйных інтэграцыйных фармаванняў, якія аб’ядноўваюць вытворчасць сельскагаспадарчай сыравіны, перапрацоўку і збыт гатовай прадукцыі.

Праз год, у 2019-ым, «Магілёўхлебапрадукт» трапіў у спіс арганізацыяў, якія не выканалі абавязкі перад бюджэтам. Тады такіх прадпрыемстваў па Беларусь набралася 400.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхлебапрадукт» – кіруючая кампанія холдынгу Магілёўхлебапрадукт створанае 17 снежня 1998 году. У склад холдынгу ўваходзяць прадпрыемствы з Чэрыкаўскага, Магілёўскага раёнаў, а таксама з Горак, Бабруйску і Клімавічаў.