Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расійскай ракетай параненая 13-гадовая дзяўчынка

Горад расійскія войскі абстралялі ў ноч з 9 на 10 жніўня. Акрамя дзяўчынкі пацярпелі яшчэ двое чалавек.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча па горадзе стралялі з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч». Пашкоджаныя 8 прыватных дамоў. На адным з прадпрыемстваў у выніку абстрэлу разбураныя склады і дэпо.

За час поўнамаштабнай вайны ў Мікалаеве ад абстрэлаў пацярпела 60 дзяцей. Ува ўсёй Украіне – 705.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота: t.me/senkevichonline