“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае