Дзень у гісторыі. 11 красавіка. Выбух у мінскім метро. Нарадзіўся “афганец” А. Мельнікаў. Дзень памяці Цішкі Гартнага

Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў (International Day for the Liberation of Concentration Camp Prisoners).

Уведзены паводле рашэння ААН у памяць пра міжнароднае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Бухенвальд”.

Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Нямеччыны і акупаваных ёй краінах было больш за 14 000 канцлагераў. Праз іх прайшло звыш 20 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе налічвалася больш за 260 канцлагераў. Самыя вялікія знаходзіліся ў Мінску, Гомелі, Бабруйску і Полацку. У іх было знішчана звыш 1,5 мільёна чалавек.

концлагер

Сусветны дзень барацьбы з хваробай Паркінсана (World Parkinson’s Day).

Устаноўлены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Паркінсан – адно з самых жахлівых прозвішчаў, якое можна пачуць у кабінеце неўролага. Яго насіў ангельскі лекар, які падрабязна апісаў загадкавую хваробу. У дзень нараджэння Джэймса Паркінсана ўстаноўлены гэты Сусветны дзень.

Сусветным сімвалам хваробы стаў Чырвоны цюльпан. Справа ў тым, што ў 1980 годзе галандскі садоўнік Ван дэр Веральд, які пакутаваў на хваробу Паркінсана, вывеў новы эфектны гатунак цюльпана ў чырвона-белых танах і назваў яго «Цюльпан доктара Паркінсана».

Хвароба ўзнікае з-за парушэння выпрацоўкі дофаміна – аднаго з нейрамедыятараў (рэчываў, якія служаць для перадачы імпульсаў у галаўным мозгу). Гэта вядзе да парушэння функцый клетак у аддзелах мозгу, якія адказваюць за рухі чалавека. З-за гэтага парушаецца рэгуляцыя рухаў і тонус, што выяўляецца характэрным трэмарам (дрыготкай), агульнай скаванасцю і парушэннем паставы і рухаў.

World Parkinson’s Day

1927 год. Прынята Канстытуцыя БССР – другая з чатырох.

Першая канстытуцыя БССР была прынята ў 1919 годзе, трэцяя і чацвёртая – у 1937 і 1978 гадах. 

Канстытуцыя развіла агульныя палажэнні Канстытуцыі 1919 года, разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасці. Было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстання роднай мовай, нацыянальным меншасцям забяспечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове, усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай (ідыш) і рускай моў. 

На тэрыторыі ВКЛ Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў фактычна з’яўляліся канстытуцыяй і на большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 года, а ў Гродзенскай, Мінскай i Вiленскай губернях Расійскай імперыі – да 1840 года.

Акрамя таго, 3 мая 1791 года Вялікі сойм прыняў першую канстытуцыю ў Еўропе.

Канстытуцыя БССР
Ян Матэйка, Канстытуцыя 3 мая. 1891 год

1936 год. Нарадзілася Івонка Сурвіла (Шыманец).

Беларуская грамадска-палітычная дзеячка ў эміграцыі, мовазнавец, мастак, старшыня (з 1997) Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

На эміграцыі з 1944 года – Данія, Францыя, Іспанія, Канада.

Скончыла філалагічны факультэт Сарбоны. Працавала ў Беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, выкладала французскую мову ў школах Іспаніі, была перакладчыцай у Канадскім федэральным бюро перакладаў.

У Канадзе ўзначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, уваходзіла ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай рады, сузаснавальніца «Канадскага фонда дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі».

Удзельнічала ў мастацкіх выстаўках як жывапісец.

Івонка Сурвіла

1937 год. У магілёўскай псіхлячэбніцы загінуў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887–1937).

Беларускі грамадскі і дзяржаўны дзеяч, кіраўнік ураду ССРБ (1919), пісьменнік, паэт, перакладчык, Акадэмік АН БССР.

Удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гадоў, культурна-выдавецкай суполкі «Знание» у Пецярбургу.

Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята (1918), рэдактарам бальшавіцкіх газет «Дзянніца»,«Савецкая Беларусь», аўтарам маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Першы кіраўнік БССР (1 студзеня – 3 лютага 1919), удзельнік грамадзянскай вайны.

Узначальваў Дзяржвыдавецтва,  выдавецтва «Адраджэнне», Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, членам прэзідыума Інбелкульта, рэдактарам часопіса «Полымя», у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук.

У 1922 годзе пры наведванні Берліна наладзіў там выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг.  Удзельнік Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925 год, Берлін). У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Выключаны з ВКП(б) у студзені 1931 года «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны ў 1936 годзе, у красавіку 1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу.

Пахаваны на ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў Магілёве. Тут яму пастаўлены сціплы помнік (1989).

Цішка Гартны

1951 год. Нарадзіўся архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі (з 2002 года) Сафроній (Юшчук).

Скончыў Ленінградскую духоўную акадэмію. У 1987 годзе пастрыжаны ў манахі ў Жыровіцкім манастыры.

Служыў пры Жыровіцкім, Лядзенскім манастырах.

У 2000 годзе стаў біскупам Брэсцкім і Кобрынскім, у 2002 годзе – біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім.

23 жніўня 2009 года на біскупа Сафронія быў учынены напад перад пачаткам літургіі ў кафедральным саборы ў імя Трох Свяціцеляў у Магілёве.

1 лютага 2018 года ўзведзены ў сан арцыбіскупа.

Сафроній (Юшчук)

1963 год. Нарадзіўся Ігар Басінскі.

Беларускі спартсмен па стральбе з пісталета. Заслужаны майстар спорту СССР.

Уладальнік Кубка свету, шматразовы чэмпіён свету, чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў Еўропы, СССР і Беларусі ў асабістым і камандным заліках, бронзавы прызёр у складзе зборнай СССР на Алімпіядзе-88 у Сеуле, сярэбраны прызёр алімпіяды-96 у Атланце, сярэбраны і бронзавы – алімпіяды 2000 года ў Сіднеі.

Лепшы спартсмен БССР 1986 і 1987, Беларусі ў 2000 годзе.

Ігар Басінскі

1968 год.  У Магілёве нарадзіўся Андрэй Мельнікаў (1968–1988).

Герой Савецкага Саюза, гвардыі радавы 9-й парашутна-дэсантнай роты 345 палка. Загінуў у  Афганістане ў баі на «вышыні 3234» у правінцыі Хост.

Да арміі працаваў трактарыстам у саўгасе “Дняпроўскі”.

Удзельнічаў у шасці баявых аперацыях у Афганістане.

У Магілёве яго імем названа вуліца, СШ №28, у музеі вайсковай часці экспануецца яго кулямёт. На магіле на Польскіх могілках усталяваны помнік з бронзавым бюстам.

Мельнікаў стаў прататыпам аднаго з галоўных герояў фільма “9-я рота”.

Андрэй Мельнікаў

1986 год. Памёр Міхаіл Ганчарык (1899–1986).

Беларускі навуковец у галіне фізіялогіі раслін і фотасінтэзу, пісьменнік. Доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (1924), дзе ўзначальваў Беларускую секцыю студэнтаў. Кіраўнік Аршанскага філіяла «Маладняка».

Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, намеснікам дырэктара Інстытута біялогіі, дырэктарам Ігарскай доследнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Арыштоўваўся (1933, 1949). Вязень ГУЛАГ, ссыльны ў Сібіры.

Распрацоўваў навуковыя асновы палярнага земляробства. Устанавіў розную патрабавальнасць бульбы да вільготнасці глебы ў антагенезе, даследаваў фотасінтэз у бульбе, адток асімілятаў, уплыў іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялагічныя працэсы раслін.

Міхаіл Ганчарык

1995 год. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у парламенце Беларусі абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць ініцыянаванага А. Лукашэнкам рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы.

У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў чорных масках – падраздзяленне КДБ «Альфа» – збілі 19 дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне» і выцягнулі іх з будынка.

Апазыцыя БНФ

2011 год. У 17:56 адбыўся выбух у мінскім метрапалітэне на станцыі «Кастрычніцкая».

Падчас выбуху на станцыі знаходзілася каля 300 чалавек. Непасрэдна ў выніку выбуху загінула 11 чалавек, пазней ад атрыманых траўм яшчэ два чалавекі памерлі ў бальніцы. За медыцынскай дапамогай звярнуліся 204 чалавекі.

Выбух быў прызнаны тэрактам.

Акцыі шанавання ахвяр выбуху ў мінскім метро прайшлі  ў шматлікіх беларускіх гарадах. У Магілёве такая акцыя адбылася 13 красавіка на пл. Леніна каля знака «нулявога кіламетра» і каля Вечнага агню на пл. Савецкай (зараз – Славы).

выбух у мінскім метрапалітэне

Дзень у гісторыі. 4 красавіка. Дзень інтэрнэту. Перамога Т. Касцюшкі пад Рацлавіцамі

Міжнародны дзень асветы па пытаннях міннай небяспекі і дапамогі ў дзейнасці, звязанай з размініраваннем (International Day for Mine Awareness and Assistance in Mine Action, з 2006 года).

Устаноўлены 8 снежня 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

У 2023 годзе Дзень праходзіць у межах кампаніі «Размініраванне не можа чакаць» і прыцягвае ўвагу да дзесяцігоддзяў забруджвання выбухованебяспечнымі боепрыпасамі тэрыторыі розных краін. Кампанія ясна дае зразумець, што знішчэнне ўсіх наземных мін не можа чакаць. Будзь то новае забруджванне ў Калумбіі, М’янме, Украіне ці Емене, або старое забруджванне ў Камбоджы, Лаосе, Іраку ці В’етнаме, расчыстка павінна быць завершана суб’ектамі супрацьміннай дзейнасці і дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб забароне мін.

Галоўнай мэтай Дня стане распаўсюджванне ведаў аб тых раёнах свету, якія застаюцца забруджанымі праз шмат гадоў, і дзе пакаленні змянілі сваё жыццё, каб пазбегнуць пагрозы.

Забруджванне выбухованебяспечнымі боепрыпасамі пагражае жыццю людзей, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, пазбаўляе доступу да ворных земляў, усяляе страх, вядзе да адсутнасці бяспекі і тэрарызуе насельніцтва. Больш за ўсё ад яго пакутуюць самыя ўразлівыя жыхары абшчын.

пяхотныя

Міжнародны Дзень інтэрнэту. Дзень Святого Ісідара – апекуна Інтэрнэта.

Святы Ісідар – апякун вучняў і студэнтаў. У 2003 годзе папа Ян Павел II афіцыйна назваў святога Ісідара апекуном карыстальнікаў камп’ютараў і інтэрнэту, бо Сусветная сетка – гэта вялізная скарбніца практычных і тэарэтычных ведаў.

Ісідар Севільскі, біскуп Севільскі, атрымаў вядомасць не толькі дзякуючы сваёй набожнасці, але і дзякуючы любві да навук. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Этымалогія”,  па сутнасці, першай ў свеце энцыклапедыі, першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў.

Ісідар Севільскі

1538 год. Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай ў Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

Алена Глінская

1557 год. Нарадзіўся Леў Сапега (1557–1633).

Адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго ўладанняў – Цяцерын і Круглае, староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Леў Сапега
Помнік у Лепелі

1794 год.  Войскі Тадэвуша Касцюшкі перамаглі расійскія войскі пад Рацлавіцамі каля Кракава.

Сілы Тадэвуша Касцюшкі складалі каля 2 400 жаўнераў, 2 000 сялян-касінераў і 12 гармат, а рускага генерала Тормасава – каля  3 000 – 5 000 жаўнераў і ад 12 да 30 гармат.

Бітва мела вялікае значэнне для падняцця баявога духа паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве паказалі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Касцюшка, карыстаючыся ярамі, употай падвёў атрад з 320 касінераў да рускай батарэі і асабіста павёў яго ў атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых, касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. 

Адным з вядомых герояў гэтай атакі стаў селянін Войцех Бартас. Яшчэ адна атака касінераў зламіла супраціўленне рускіх акупантаў і вымусіла іх  да адступлення.

Бітва пад Рацлавіцамі
Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі

1846 год. Памёр Лявон Бароўскі (1784–1846).

Літаратуразнавец, педагог і публіцыст, адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Член таварыства шубраўцаў.

Скончыў гімназію ў Паставах, Віленскі ўніверсітэт.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першы назваў геніям.

Яго лекцыямі захапляліся будучыя пісьменнікі С. Даўкантас, С. Станявічус, Ю.Славацкі і іншыя.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам.

Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову.

Лявон Бароўскі

1893 год. Нарадзіўся Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969)

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч
Тэатр оперы і балета

1896 год. Нарадзіўся Васіль Русак.

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, фалькларыст, выдавец.

Удзельнік І Сусветнай вайны, Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатараў «Саюза абароны краю».

Член прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні – камандзір Другога Грозаўскага палка. Інструктар Беларускай вайсковай камісіі, у 1922 годзе ў Коўне займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў супраць палякаў.

Жыў у Чэхаславакіі, удзельнічау у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, узначальваў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», на нямецкай мове брашуру «Bielarus – Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі, паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Ф. Скарыны (сонца з маладзіком), фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny».

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве габрэйскія сям’і.

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай,  асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года.

Васіль Русак

1904 год. Нарадзіўся Юрый Кашыра.

Рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1999 годзе.

У 1923 годзе ўступіў у Друйскі манастыр марыянаў. Пастрыжаны ў манахі ў 1926 годзе.

Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі. Пераследаваўся польскімі ўладамі за прабеларускую дзейнасць, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.

У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу Дрысенскага (зараз – Верхнядзвінскага) раёна, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. 18 лютага 1943 года адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Юрый Кашыра
Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы

1949 год. Па ініцыятыве ЗША створаны ваенна-палітычны саюз  – блок NATO.

Блок пачаў сваю дзейнасць у разгар “халоднай вайны”, на аснове Паўночнаатлантычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 года прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Канады, Італіі, Партугаліі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. 

У 1952 годзе да дамовы далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 годзе – ФРГ, 1982 – Іспанія, у 1999 – Чэхія, Венгрыя і Польшча, 2004 – Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія, у 2009 – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія, у 2023 – Фінляндыя. Імкнуцца далучыцца да блока Швецыя і Украіна.

Артыкул 5 – найважнейшы артыкул Паўночнаатлантычнага дагавора – устанаўлівае, што ў выпадку “ўзброенага нападу” на аднаго або некалькіх яго ўдзельнікаў іншыя члены НАТА неадкладна акажуць дапамогу краіне або краінам, якія падвергліся нападу, шляхам ажыццяўлення такога дзеяння, якое яны “лічаць неабходным, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы”.

блок NATO

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дэлегат Усебеларускага з’езда.

У лютым – ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

У снежні 1918 – красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

З 1923 года жыў на эміграцыі ў ЗША. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк», «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд».

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся».

Пахаваны на могілках Элмвуд у Рывер-Гроўв каля Чыкага.

Язэп Варонка

1967 год. Нарадзіўся Алег Хаменка.

Беларускі музыка, лідар гурта «Палац», радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай музыцы.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт «Палац». Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча», «Рок-каранацыя», «Славянскі базар», фальклорных фестывалях Еўропы.

Быў аўтарам і вядучым праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад», радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў», вядучы фестывалю «Камяніца», стваральнік фестываля «Bela music».

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Т.Лісіцкай і Л. Рыжковай выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».

У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба».

Алег Хаменка

1973 год. У Нью-Йорку адбылося ўрачыстае адкрыццё дзелавога і адміністрацыйнага комплексу Сусветнага гандлёвага цэнтра (World Trade Centre).

Сусветны гандлёвы цэнтр (СГЦ) – так называўся комплекс з сямі будынкаў, спраектаваных Мінору Ямасакі, амерыканскім архітэктарам японскага паходжання.

Архітэктурнай дамінантай комплексу былі дзве вежы, кожная па 110 паверхаў – Паўночная (417 м, з улікам устаноўленай антэны – 526,3 м) і Паўднёвая (415 м). 

11 верасня 2001 года комплекс СГЦ быў разбураны ў выніку тэрарыстычных нападаў. Некаторы час пасля заканчэння будаўніцтва вежы былі найвышэйшымі хмарачосамі ў свеце.

World Trade Centre

2016 год. Памёр Уладзімір Казбярук (1923-2016).

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладаў у Полацкім педінстытуце, працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў.  Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры: ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII – XVIII стагоддзях, беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і іншых.

Уладзімір Казбярук

Дзень у гісторыі. 3 красавіка. Смерць Ісуса Хрыста. Дзяржаўны статус мовы. Першая партызанская зона

3 красавіка Дзень Вадзяніка ва ўсходніх славян. Дзень Мікіты Вадапола. Час абуджэння воднага свету.

У старажытных славян многія святы адзначаліся ў пачатку і сярэдзіне вясны. Гэта звязана з тым, што ў гэты перыяд абуджалася прырода, пачынаўся новы жыццёвы цыкл. Нашыя продкі верылі, што ў гэты перыяд дух вады прачынаецца ад зімовай спячкі, а разам з ім і ўсе жыхары падводнага царства.

Славяне ўшаноўвалі стыхіі вады і Вадзяніка, каб ён выратаваў іх ад моцнага разліву. 

Паводле паданняў, Вадзянік мае выгляд старога з вялікім рыбіным хвастом, зялёнай барадой і вусамі. Дух вады надзелены вялікімі здольнасцямі. Ён не толькі кіруе ўсім падводным царствам, але можа абярнуцца велізарнай рыбай і нават канём або дзіцём. 

Старажытныя славяне лічылі, што дух вады ў сваёй стыхіі непераможны. Ад яго капрызаў залежыць, ці будзе ўдалым шлях судна і ўлоў рыбака.

Улічваючы той момант, што жыццё ў тыя часы напрамую залежала ад стану вадаёмаў, людзі выконвалі мноства абрадаў, каб Вадзянік праявіў сваю літасць. Лічылася, што калі атрымаць прыхільнасць вадзянога, рэкі не будуць выходзіць з берагоў, а вадаёмы і студні не перасохнуць.

Вадзяны

Сусветны дзень вечарынкі (World Party Day, с 1996 года).

Дэвіз: “Вечарынка – гэта супрацьлегласць вайне”. Стварэнне пазітыўных падзей – ідэальны спосаб зрабіць свет лепшым.

Гэты дзень быў натхнёны кнігай “Палёт: Квантавы фантастычны раман” (1995) амерыканскага аўтара Вана Бонта. Раман заканчваецца пачаткам зваротнага адліку масавай падзеі, якая аб’яднае ўсё чалавецтва. Гэтую падзею называюць сусветнай вечарынкай у супрацьлегласць сусветнай вайне.

Для таго каб узяць удзел у святкаванні не абавязкова арганізоўваць вялікую тусоўку. Досыць зладзіць сустрэчу з невялікай кампаніяй сяброў ці сваякоў, каб адцягнуцца ад клопатаў і добра правесці час.

World Party Day

33 год. На крыжы памёр Ісус Хрыстос (1 год да н. э. – 33 год н.э.)

Навукоўцыі даказваюць што Хрыстос памёр у 15:00 гадзін у пятніцу, 3 красавіка ў 33-м гады нашай эры, а ўваскрос а 4:00 раніцы ў нядзелю, 5 красавіка. Паводле Новага Запавету, тлумачаць астраномы, Ісус загінуў у дзень, які рушыў услед за першай ноччу поўні пасля вясновага раўнадзенства. 

Выкарыстаўшы даныя, сабраныя аб зорках у 26-35 гадах нашай эры, навукоўцы ўстанавілі, што за гэтыя 9 гадоў першая поўня пасля вясновага раўнадзенства была зарэгістравана толькі двойчы – у пятніцу 7 красавіка 30 года і ў пятніцу 3 красавіка 33 года.

Хрыстос
Уваскрасенне Хрыста. М.Груневальд, XVI стагоддзе

1829 год. Нехта Джэймс Карынгтан атрымлівае патэнт на машыну, якая перамолвае кававыя зерні. Дзень нараджэння кавамолкі.

Кава вядомая людзям ужо больш за 1000 гадоў. Кававы напой, па словах навукоўцаў, упершыню з’явіўся ў Эфіопіі. У старажытнасці кававыя зерні здрабнялі ў звычайнай ступе звычайным пестам, потым пры дапамозе маленькіх жорнаў.

У шматлікіх крыніцах гаворыцца, што аўтарам механічнай кавамолкі з’яўляецца нейкі каваль з Лондана. І вынайшаў ён яе ў 1655 годзе. 

Зараз большасць каваманаў выкарыстоўваюць электракавамолку, але некаторыя гурманы давяраюць больш ручной, таму што жорны ручнога млына не перапальваюць зерне, а проста перамолваюць, захоўваючы іх водар.

Джэймс Карынгтан

1918 год. Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціў беларускую мову дзяржаўнай і абавязковай мовай краіны.

Усе акты, дакументы і ліставанне ўрадавых установаў БНР павінны былі пісацца на дзяржаўнай беларускай мове. Нацыянальным мяншыням (украінцы, палякі, літоўцы, габрэі, немцы, латышы, рускія) Беларусі дазвалялася карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненнях з дзяржаўнымі ўстановамі.

БНР мела плошчу 300 тысяч квадратных кіламетраў і насельніцтва каля 7 мільёнаў.

БНР

1940 год. Аддзелы НКУС пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. 

Сярод расстраляных акрамя палякаў былі габрэі, беларусы, украінцы.

Усяго было забіта 7 305 чалавек, з іх 3 870 былі знішчаны на землях БССР.

23 снежня 2012 года А. Лукашэнка заявіў: «У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было». Але гісторык І. Кузняцоў сцвярджае, што беларускі катынскі спіс існуе. На яго думку, найверагодней польскіх жаўнераў расстрэльвалі ў Трасцянцы.

Агульная колькасьць ураджэнцаў Беларусі сярод забітых у Катыні ацэньваецца ў 1 226 чалавек. Найбольш вядомыя з іх – генерал Браніслаў Багатырэвіч і дзеяч беларускага адраджэння Францішак Умястоўскі.

крыж у Гродна
Катынскі крыж у Гродна

1942 года. Фашысты расстралялі яўрэяў мястэчка Расна Дрыбінскага раёна.

Расстрэлам займаўся атрад 8-й айнзацкаманды з Крычава. У яры за 1,5 км на ўсход ад Расна былі расстраляны каля 600 чалавек. Перш чым расстраляць, з людзей было знята адзенне і абутак, і яны засталіся ў ніжняй бялізне, пасля чаго жыўцом клалі па некалькі чалавек у раней прыгатаваныя ямы і стралялі па іх з аўтаматаў.

Яд Вашэм
Мемарыяльная дошка ў Даліне абшчын у музеі Яд Вашэм.

1942 год. У Клічаўскім раёне ўтворана першая на тэрыторыі БССР партызанская зона.

20 сакавіка 1942 года раён быў вызвалены партызанамі ад акупантаў пасля разгрому апошняга тут Клічаўскага нямецкага гарнізона. Былі адноўлены органы савецкай улады на абшары ў 3 000 км². Пад абаронай 18 000 партызан зоны да 1944 года размяшчалася больш за 70 000  чалавек (да вайны ў раёне жыла 46 000).

партызанская зона

1946 год. Нарадзіўся Рычард Смольскі.

Беларускі тэатразнавец, педагог. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рускай тэатральнай культуры на Беларусі. Аўтар шэрагу кніг, п’ес і сцэнарыяў дакументальных фільмаў.

Рычард Смольскі

1973 год. Кампанія IBM прадставіла штрых-код.

Яго “бацькі” Бернард Сілвер і Норман Вудленд.

Сёння штрых-код – штодзённая практыка любой крамы і гандлёвага аб’екта, бо асноўнае прызначэнне яго  – ідэнтыфікацыя тавару або якой-небудзь яго прыкметы (ўпакоўкі, серыйнага нумара). Гэта свайго роду ключ, які дае неабходную інфармацыю аб кожным тавары, як прафесіяналам, так і спажыўцам. І яго нанясенне на прадукцыю з’яўляецца абавязковай умовай для ўсіх вытворцаў. А раней кошты на ўсе тавары ў касу ўводзіліся ўручную, таму выкарыстанне штрыхавых кодаў палегчыла працу многіх людзей, у першую чаргу, у сферы гандлю.

IBM

1989 год. У Мінску на  ўстаноўчай канферэнцыі ўтвораны Беларускі экалагічны саюз.

Добраахвотная грамадская арганізацыя, якая ставіла за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі ў рэспубліцы і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва.

На 1-м з’ездзе (1-2 ліпеня 1989)  быў прыняты статут, зацверджана эмблема, сцяг, абрана праўленне, прэзідэнтам стаў Б. Савіцкі, віцэ-прэзідэнтамі  Р. Гарэцкі, Я. Пятраеў, Л. Тарасенка,

Саюз уваходзіў у перадвыбарчы Беларускі дэмакратычны блок.

У 1991 годзе у склад арганізацыі ўваходзіла каля 5 000 чалавек.

Арганізацыя распалася ў 1994 годзе. Замест яе была арганізавана партыя “Зялёныя”.

Чарнобыльскі шлях
Чарнобыльскі шлях

1991 год. Пачатак Красавіцкіх страйкаў у Беларусі (3-25 красавіка).

У Мінску, Магілёве і іншых буйных гарадах распачаўся страйк працоўных з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваннямі. Ён ахапіў дзясяткі працоўных калектываў і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як самы масавы выступ рабочых у змаганні за свае палітычныя правы.

У гэты дзень спынілі працу рабочыя Мінскага электратэхнічнага завода, разам з імі на вуліцы выйшлі працаўнікі завода аўтаматычных ліній і завода шасцерняў. Рабочыя перакрылі рух трамваяў на вуліцы Даўгабродскай. 

Ужо 4 красавіка прадпрыемстваў, якія абвясцілі страйк, налічвалася дзясяткі. Калоны рушылі ў цэнтр сталіцы, да Дому ўрада.

Старшыня Савета міністраў БССР Вячаслаў Кебіч, які выйшаў да рабочых, тлумачыў, што ён не ведаў пра намер Крамля ўзняць цэны, і што рашэнне саюзнага ўрада было і для беларускага Саўміна непрыемным сюрпрызам.

У першы дзень патрабаванні былі эканамічныя (узняць заробкі, знізіць цэны, адмяніць 5% “прэзідэнцкі” падатак на продаж усіх тавараў). Аднак неўзабаве дадаліся патрабаванні палітычныя, у тым ліку: вывад парткамаў з прадпрыемстваў, адстаўка М. Гарбачова і саюзнага ўрада, роспуск з’езда народных дэпутатаў СССР, новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР статусу канстытуцыйнай сілы.

БНФ «Адраджэньне» удзельнічаў у наданні рабочым забастоўкам палітычнага характару. Многія актывісты БНФ сталі лідарамі рабочага руху.

24 красавіка аршанскія рабочыя выставілі ўльтыматум: калі не будзе прызначаная надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР, якую патрабавалі дэпутаты Апазіцыі БНФ, яны лягуць на рэйкі. У 15:30 чыгуначны рух быў заблакаваны. У Оршу былі накіраваныя 1 500 байцоў АМАПу з Мінска, Віцебска і Магілева, увечары 25 красавіка рабочыя былі вымушаныя спыніць страйк.

1991 год
Страйкоўцы перад Домам урада, Мінск, 4 красавкіа 1991 года

2007 год.  У Францыі цягнік TGV устанавіў сусветы рэкорд хуткасці для цягнікоў, роўны 574,8 км/г.

Звышхуткасны цягнік TGV (train à grande vitesse – высакаскорасны цягнік), на спецыяльна пабудаваным чыгуначным пуці, які злучае Парыж і ўсход Францыі, разагнаўся да 574,8 км за гадзіну, перакрыўшы, такім чынам, папярэдняе дасягненне, устаноўленае ў 1990 годзе, амаль на 25 км/г. 

Цягнікі TGV у сярэднім рухаюцца з хуткасцю да 320 км/г.

цягнік TGV

Дзень у гісторыі. 1 красавіка. Дзень дурняў і птушак. Заснаваны Віленскі ўніверсітэт. «Устава на валокі». Дэбют С. Мігая

Міжанародны Дзень жартаў. Дзень смеху. Дзень дурняў.

Гісторыя дня бярэ пачатак з грэчаскай міфалогіі. Такую назву ён атрымаў дзякуючы розыгрышам, якія ставяць людзей у смешнае, але не ў крыўднае становішча. На працягу многіх стагоддзяў былі розныя жарты, якія запомніліся людзям. У некаторых краінах прынята адзначаць вясёлы дзень да абеду, каб потым не назвалі “красавіцкім дурнем”.

Падобныя звычаі былі вядомыя старажытным персам, рымлянам, індусам і шматлікім іншым народам.

Паводле паданняў старажытных славян, 1 красавіка прачынаецца дамавік, і таму трэба ўсяляк ашукваць адзін аднаго, каб збіць яго з панталыку.

Першае гістарычнае сведчанне святкавання Дня адносіцца да 1686 года, калі англійскі пісьменнік і даследчык старажытнасцей Джон Обры даслоўна згадаў у сваім рукапісе тэрмін “Свята дурня”.

Дзень смеху
Інсталяцыя, устаноўленая на Дзень смеху ў Капенгагене. 2001 год

Міжнародны дзень птушак  (International Bird Day, з 1894 года).

Экалагічнае свята, якое прымеркавана да пачатку вяртання птушак з месцаў зімовак. Мэта свята – захаванне краявіднай разнастайнасці і колькасці птушак.

Дзень птушак звязваюць з дзіцячым святам, уладкованым у 1894 годзе настаўнікам з амерыканскага горада Ойл-Сіці Ч. Бэбкокам. Яго падтрымала газета “Пітсбургская тэлеграфічная хроніка”, якая пачала актыўна папулярызаваць свята. Больш за тое, газета арганізавала спецыяльны клуб-музей па ахове птушак для школьнікаў. Неўзабаве Дзень птушак стаў шырока праводзіцца як народнае свята ва ўсіх штатах краіны, потым прыйшоў у Еўропу, а цяпер праходзіць у рамках біялагічнай праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера” ў многіх краінах свету.

У школы Расійскай імперыі Дзень птушак уведзены намаганнямі ўраджэнца Полацка прафесарам Дз. Кайгарадавым (1846–1924).

Штогод у розных краінах свету выбіраецца птушка – сімвал года. Птушкай 2023 года ў Беларусі абрана звычайная галубка.

Да 2022 года мерапрыемствы да Дня птушак праводзіліся пад эгідай ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (1985–2022). Але арганізацыя ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі.

дзень птушак

1548 год. Памёр Жыгімонт Стары (1467–1548).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506–1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 8 снежня 1506 года стаў каралём польскім.

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Імкнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

Жыгімонт Стары

1557 год. Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі». 

Пачатак правядзення зямельнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая прывяла да хуткага роста дабрабыту дзяржавы. Ва ўсіх валасцях, у тым ліку Магілёўскай, фальваркі павінны былі стварацца толькі пры тых замках і дварах, дзе адпаведна меліся ўраджайныя глебы.

Рэформа пачалася з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці караля Жыгімонта Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Пад час рэформы спраўджваліся правы на зямлю, ствараліся комплексныя панскія гаспадаркі – фальваркі, уводзілася адзіная мера абкладання залежных сялян – валока, рэгламентаваліся павіннасці сялян, разбуралася сялянская абшчыны.

Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання падаткамі сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў яго развіцця і адгукаюцца дагэтуль.

Жыгімонт Аўгуст

1579 год. Каралём Стэфанам Баторыям заснаваны Віленскі ўніверсітэт.

Створаны на базе Віленскага езуіцкага калегіума. Першапачаткова складаўся з двух факультэтаў, тэалагічнага і філасофскага. Зачынены пасля паўстання у 1832 годзе. З  1919 года працаваў як адзін з універсітэтаў Польшчы, у 1939 годзе, калі Вільня ўвайшла ў склад Літвы, набыў свой цяперашні статус.

Другая вышэйшая навучальная установа на беларускіх землях – Полацкі калегіум – быў адкрыты ў 1581 годзе. На яго базе працавала акадэмія ў 1812–1820 гадах. Цяпер працуе Полацкі ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

двор Віленскага ўніверсітэта
Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта з вежай абсерваторыі ў канцы XVIII стагоддзя

1862 год. Нарадзіўся Адам Багдановіч.

Беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнаўца, бацька паэта Максіма Багдановіча.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Загадваў гарадскім пачатковым вучылішчам у Мінску, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і дырэктарам публічнай бібліятэкі ў Гродна, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага музея, выкладаў у мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 годзе арыштаваны ДПУ, але вызвалены па хадайніцтве К. Пешкавай – жонкі М. Горкага.

Збіральнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аўтар прац па этнаграфіі, мовазнаўству, успамінаў пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна. Яго рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук..

Памёр 16 красавіка 1940 года ў Яраслаўлі.

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў у яго гонар устаноўлены помнік.

Адам Багдановіч

1877 год. Нарадзіўся Васіль Захарка.

Прэзідэнт БНР (1928–1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898–1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Памёр 14 сакавіка 1943 года. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Васіль Захарка

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Пясецкі.

Адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання XX стагоддзя.

Сёмы клас уладзімірскай гімназіі для Пясецкага скончыўся турмой, калі ён паспрабаваў пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера. З турмы ён уцёк.

Бальшавіцкі тэрор у Маскве настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў шэрагах партызан («Зялёны Дуб»), у  Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. У міжваены час займаўся кантрабандай у Ракаве, быў асуджаны за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. У зняволенні прачнуўся літаратурны дар.

Яго турэмная проза  прыцягнула ўвагу вядомага пісьменніка М. Ваньковіча, які дапамог выдаць першую кніжку «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Антысавецкая сатыра «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» прынесла аўтару сусветную вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 мовах свету.

Падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у фарміраваннях Арміі Краёвай.  У 1946 годзе эмігруе ў Італію, потым у Вялікабрытанію.

Аўтар 12 раманаў, а таксама навел, кінасцэнарыяў, публіцыстычных артыкулаў. Паводле яго твораў здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы, у тым ліку ў Італіі.

Пясецкі пісаў да самай сваёй смерці ў 1964 годзе.

Сяргей Пясецкі

1912 год. Дэбют у маскоўскім Вялікім тэатры ўраджэнца Магілёва Сяргея Мігая (1888–1959).

Артыст оперы. Народны артыст РСФСР. Прафесар Маскоўскай кансерваторыі.

Меў насычаны голас цёплага тэмбру, вялікага дыяпазону, дасканала валодаў вакальнай тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна), Дэман («Дэман» А. Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, Ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж. Вердзі) і іншыя.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.

У гонар артыста ў Магілёве названы завулак.

Сяргей Мігай

1940 год. Загінуў Язэп Лёсік (1883-1940).

Беларускі мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.

Выкладчык БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта, акадэмік. Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

На пачатку педагагічнай дзейнасці працаваў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе.

Быў у царскай ссылцы ў Сібіры (разам з Алесем Гаруном).

Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, член Беларускага нацыянальнага камітэта, Вялікай беларускай рады, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 2-гі старшыня Рады БНР.

Даследчык вытокаў беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ВКЛ, кнігадрукавання, старадрукаў. Аўтар прац «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.», падручнікаў «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы» і іншых.

Арыштоўваўся ў 1922, 1930, 1938 гадах. Быў у турмах, ссылцы.

Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. Месца пахавання невядомае.

У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

Язэп Лёсік

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Басалыга.

Беларускі савецкі графік, ілюстратар, калекцыянер.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці, галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстар экслібрыса.

Для яго творчасці характэрныя сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора.

Галоўнымі тэмамі творчасці з’яўляліся тыя, якія звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя «Мова наша родная»), архітэктурай (цыкл «Помнікі дойлідства Беларусі»).

Памёр 7 чэрвеня 2020 года.

Уладзімір Басалыга

1941 год. У Бабруйску нарадзіўся Леанід Марчанка.

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнік ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі – характарыстыкі кожнай істотнай дэталі – раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

Памёр 11 сакавіка 1996 года.

Леанід Марчанка
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола, Літаратурных прэмій імя І. Мележа,  імя Я. Коласа. Бацька журналіста Дз. Жука.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у газеце «Літаратура і мастацтва»,  часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх апавяданняў, кніг апавяданняў, празаічных зборнікаў. Па яго творах зняты мастацкі  фільм «Палігон», ставіліся спектаклі.

Адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

Алесь Жук

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Антончык.

Беларускі палітык. Член БНФ.

Адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі, актыўны ўдзельнік страйку працоўных у красавіку 1991 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990–1995).

Быў у складзе антыкарупцыйнай парламецкай камісіі, якую ўзначальваў А. Лукашэнка. Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савету 20 снежня 1994 года з дакладам аб карупцыі ў атачэнні прэзідэнта. Газеты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі з «белымі плямамі». Па выніках дакладу кіраўнік справаў прэзідэнта І. Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасці, які Антончык прайграў, яго маёмасць была часткова канфіскаваная.

У красавіку 1995 года быў збіты разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парламента.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, але зняў сваю кандыдатуру на карысць М. Марыніча.

Пазней займаўся стварэннем незалежных прафсаюзаў.

Сяргей Антончык

2010 год. Памёр Яўген Дзямідчык (1925–2010).

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.

Яўген Дзямідчык

2020 год. У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны першы падцверджаны выпадак каронавіруснай інфекцыі.

На сёння застаецца невядомай колькасць памерлых ад інфекцыі.

каранавірус

Дзень у гісторыі. 25 сакавіка. Дзень Волі. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта, БНР

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці (неафіцыйнае свята).  

Гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года. У Беларусі святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Першая афіцыйная назва свята – Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі».

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода» у 1990 годзе.

Публічныя святкаванні ў Беларусі сталі праводзіцца з 1989 года, з перформанса мастака А. Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу і да 2020 года ў краіне  праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка.

Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

Дзень Зямлі (апошняя субота сакавіка). Гадзіна Зямлі.

У рамках Дня Зямлі з 20:30 да 21:30 па мясцовым часе праводзіцца акцыя “Гадзіна Зямлі”. Асноўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да наступстваў змены клімату, неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды і рэсурсаў планеты. 

Арганізатары акцыі просяць на гадзіну выключыць электраэнергію, у тым ліку ў грамадскіх будынках, падсветку славутасцяў. 

Упершыню гэтае мерапрыемства было праведзена ў аўстралійскім Сіднэі 31 сакавіка 2007 года. Ужо праз год акцыю падтрымала 35 дзяржаў і звыш 400 гарадоў. У Беларусі акцыя пройдзе ўжо 15-ы раз.

Рыгор і Тэафан, Дабравешчанне або Звеставанне і Гуканне вясны (народны каляндар). 

Былы Новы год у Еўропе.

На Рыгора зіма ідзе ў мора. І птушка гнязда не кладзе.

Прылёт бусла.

1820 год. У Магілёве аб’яўлены ўказ цара Аляксандра I аб выгнанні езуітаў з Расіі. 

Магілёўскія езуіты былі высланы ў Аўстрыю. У Полацку зачынена езуіцкая акадэмія (універсітэт, 1812–1820).

У ВКЛ езуіты з’явіліся пры Стэфане Баторыі. У 1569 годзе віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч запрасіў у ВКЛ 13 прадстаўнікоў Ордэна. На ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай езуіты на працягу XVI–XVIII стагоддзяў стварылі 153 апорныя пункты, звыш паловы з іх (79) знаходзілася ў Беларусі.

Пасля роспуску ордэна рашэннем папы Клімента XIV у 1773 годзе і выгнанні іх з большасці краін Еўропы, свае пазіцыі яны захавалі толькі ў Расійскай імперыі. На працягу 30-ці гадоў, пакуль ордэн быў пад забаронай, генераламі Ордэна былі нашы суайчыннікі: Станіслаў Чарневіч, Гаўрыіл Лянкевіч, Францыск Карэ (з сям’і англійскіх перасяленцаў у Оршы).

Пасля сябе езуіты пакінулі ў Беларусі не толькі іншы погляд на адукацыю, але і багатую архітэктурную спадчыну – будынкі касцёлаў, калегій, манастыроў.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878-1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1917 год. У Мінску пачала работу канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), якая аб’явіла сябе З’ездам нацыянальных партый і арганізацый.

На форуме члены партыі выступілі ў падтрымку Часовага ўрада, выставілі патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі, выказаліся за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень.

У выніку працы з’езда ў Мінску з’явіўся палітычны цэнтр у форме Беларускага нацыянальнага камітэта, які адводзіў сабе ролю часовага агульнакраёвага органа ўлады, прызванага забяспечыць абвяшчэнне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. БСГ атрымала 10 месцаў у камітэце.

Грамада пашырала свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых. Яе арганізацыі ўзніклі  ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і іншых. Да сярэдзіны 1917 года БСГ налічвала каля 5000 членаў.

Дзеяч БСГ Аркадзь Смоліч

1918 год. У Мінску а 8:00 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

БНР праіснавала да 3 снежня 1918 года ў межах этнаграфічнай тэрыторыі, у складзе Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, беларускіх частак Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў, у 300 000 квадратных кіламетраў.

Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яго ўмовы. Пацвярджаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай з 12 красавіка 1918 года – беларуская. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Роўна праз два гады пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 – 25.III.1920. Гадаўшчына – памінкі»:

Не свята светлае спраўляці

Сягоння будзе наш народ.

А трызну па айчыне-маці

Ён справе ў гэты цяжкі год

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвяцілі свае вершы В. Адважны, А. Змагар, М.  Машара, Н. Арсеннева, Р. Барадулін, Н. Гілевіч.

1935 год. Нарадзіўся Уладзімір Папковіч.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педінстытут замежных моў. Працаваў у інстытуце замежных моў, інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды, у Мінскім вышэйшым інжынерна-радыётэхнічным вучылішчы, на Мінскім оптыка-механічным заводзе, у Віцебскім педінстытуце, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя У. Караткевіча.

З 1962 года друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выданнях у Мінску і Віцебску: часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», альманахах «Дзень паэзіі», «Далягляды», «Братэрства», «Дзвіна», «Ратуша».

Памёр 10 красавіка 2021 года ў Віцебску.

1937 год. Памёр Зыгмунт Нагродскі (1866–1937).

Беларускі паэт і культурны дзеяч. Належаў да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёўцаў».

Праводзіў культурна-асветную работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Ф. Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 годзе перавыдаў гэты зборнік.

Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы».

На ўласныя сродкі заснаваў «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання.

Аўтар напісанай на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле п’есы «На каляды» (пастаўлена ў Вільні ў 1936), вершаў, успамінаў пра Ф. Багушэвіча.

Яго творы зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Дом З. Нагродскага, Вільня, вул. Піліма, 9

1956 год. Нарадзіўся Яфім Шыфрын.

Расійскі артыст эстрады, акцёр і рэжысёр, гумарыст, спявак, тэлевядучы.

Нарадзіўся ў сям’і рэпрэсаваных выхадцаў з Магілёўшчыны. Яго бацька родам з Дрыбіна, маці – з мястэчка Ляды (“Орша, Копысь і Ляды – усё вялікія гарады”).

1957 год. Створана Еўрапейская эканамічная супольнасць у складзе 6 дзяржаў (Бельгія, Германія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Францыя).

Еўрапейская эканамічная супольнасць – міжнародная арганізацыя, якая існавала з 1957 па 1993 год.

З часам супольнасць уключыла ў сябе яшчэ шэсць краін, і з 1967 года яе органы таксама рэгулявалі Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі пад агульнай назвай Еўрапейскія супольнасці. Пасля стварэння Еўрапейскага саюза ў 1993 годзе ЕЭС была пераназвана ў Еўрапейскую супольнасць, стаўшы асноўнай супольнасцю адной з трох апораў Еўрасаюза, а інстытуты супольнасці сталі інстытутамі Саюза.

2004 год. Памерла Валянціна Пашкевіч (Жукоўская, 1916–2004).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

У Другую Сусветную вайну жыла ў Берліне. З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, арганізавала і кіравала танцавальным гуртком, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Дзень у гісторыі. 19 сакавіка. Прывелей Магілёўскаму брацтву. Магілёўскі полк у Парыжы. Трэція прэзідэнцкія выбары

1441 год. Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, Папскі легат для Польшчы, ВКЛ і Інфлянтаў грэк Ісідар (1380-1463) прыбыў у Маскву.

Праз тры дні быў узяты пад варту і зняволены ў Чудаў манастыр. Уцёк з Масквы і прыбыў у Літву ў 1442 годзе. Падарожнічаў па Беларусі.

Удзельнік Ферара-Фларэнційскага сабора, актыўны прыхільнік уніі з Рымскай каталіцкай царквой. Кардынал Рымскай царквы, арцыбіскуп Нікасіі (1456-1463), тытулярны патрыярх Канстанцінопальскі (1458-1463), дэкан Свяшчэннай калегіі кардыналаў.

У маі 1453 года ўдзельнічаў у абароне Канстанцінопаля, быў узяты ў палон асманамі, але пазбег смерці, збег у Рым. У 1458 годзе перадаў уладу над мітраполіяй Кіеўскай і ўсяе Русі свайму вучню Рыгору (Балгарыну).

патрыярх Ісідар

1612 год. Памерла Соф’я Слуцкая (1585-1612).

Княгіня, праваслаўны дзеяч з роду Алелькавічаў, апошні яго прадстаўнік.

У 1592 годзе да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.

У 11 гадоў сасватана, у 15 гадоў выйшла замуж за нясвіжскага князя Януша Радзівіла. 

Апекавала праваслаўе ў ВКЛ, фундавала сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.

Памерла ў час родаў, пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Персанаж рамана Ю. Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» і гістарычнай драмы У.  Сыракомлі «Магнаты і сірата».

Соф’я Слуцкая

1633 год. Каралеўскім Прывелеем Уладзіслава IV Магілёўскаму праваслаўнаму брацтву дадзена права на адкрыццё друкарні і друкаванне кніг на беларускай, польскай, лацінскай і грэчаскай мовах.

Богаяўленская царква
Фота. Богаяўленская царква і званіца манастыра. Магілёў, 1909 год.

1814 год. Рускія войскі ўвайшлі ў Парыж.

Сярод іх і 26 Магілёўскі пяхотны полк. Салдаты і афіцэры былі ўзнагароджаны медалём “За ўзяцце Парыжа 9 сакавіка 1814 года” (9 – па старым стылі). 

Для ўвекавечання памяці аб вайне, у пабудаваным маскоўскім Храме Хрыста Збавіцеля, на сцяну было занесена імя Магілёўскага пяхотнага палка з абазначэннем забітых і параненых афіцэраў.

Полк сфарміраваны 5 жніўня 1805 года ў Навагрудку як мушкецёрскі, складаўся з грэнадзёрскага батальёна і 2 мушкецёрскіх батальёнаў 4-ротнага складу. З 1806 года ўвашоў у 5-ю дывізію. 

Як пехотны полк ўдзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года, Замежных кампаніях 1813 і 1814 гадоў, у кампаніі 1828-1829 гадоў супраць туркаў, у падаўленні паўстання 1830-1831, у прыватнасці ў аблозе Замосця. У кампаніі 1849 супраць венграў і ў Крымскай вайне, у Першай Сусветнай вайне, у тым ліку ў Нарачскай аперацыі 1916 года. Расфарміраваны ў 1918 годзе.

26 Магілёўскі пяхотны полк

1887 год. У Жэневе памёр Юзаф Крашэўскі (1812-1887).

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст. “Польскі Дзюма”.

Лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы. Член Польскай Акадэміі навук у Кракаве, Ганаровы член Чэшскай акадэміі. У Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы. Брат Люцыяна і Каятана Крашэўскіх.

Удзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў.

Аўтар больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па розных галінах ведаў, падарожныя нарысы «Пінск і Піншчына», «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву», «Карціны з жыцця і падарожжаў», «Друскенікі», этнаграфічны нарыс «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан», гістарычныя працы «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.», «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні…», «Барысаў», «Польшча ў час трох падзелаў».

Быў прафесійным мастаком, музыкантам.

Паўплываў на творчасць Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Г. Сянкевіча, Я. Купалы. Два вершы Юзафа Крашэўскага пераклаў на беларускую мову Янка Купала. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі П. Бітэль, В. Сёмуха, М. Кенька, Л. Казлоў, М. Папека.

Юзаф Крашэўскі

1895 год. Нарадзіўся Тамаш Грыб.

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Прататып аднаго з галоўных герояў дакументальна-аўтабіяграфічнага рамана В. Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам». Выведзены ў рамане Г. Далідовіча «Свой дом» пад імем Баравік.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

Памёр 25 студзеня 1938 года.

Тамаш Грыб

1900 год. Нарадзіўся Севярын Віславух.

Польскі гісторык, даследчык гісторыі Беларусі. Доктар габілітаваны, прафесар.

Служыў у Літоўска-Беларускай дывізіі генерала Л. Жалігоўскага, удзельнічаў у баях за Гродна, у польскай арміі.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, выкладаў у ім і ў Віленскай беларускай гімназіі. Загадваў кафедрамі ў Лодзінскім, Уроцлаўскім універсітэтах, быў прарэктарам, дэканам факультэта ўніверсітэта Уроцлава.

Заснавальнік і дырэктар Уроцлаўскага філіяла Заходняга інстытута, адзін з заснавальнікаў Сілезскага інстытута ў Аполе.

Вывучаў гісторыю ВКЛ, рэлігійныя адносіны, працэсы русіфікацыі і паланізацыі ў Заходняй Беларусі. Крытыкаваў урадавую палітыку асіміляцыі, выступаў у друку ў абарону беларускай культуры, выкладаў гісторыю ў беларускіх школах.

Памёр 28 лютага 1968 года ва Уроцлаве.

Севярын Віславух

1921 год. Нарадзіўся Язэп Юхо.

Беларускі правазнаўца, гісторык права, заснавальнік беларускай навуковай школы дзяржавы і права. Доктар юрыдычных навук, прафесар. Сябар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі 1994 года. Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута ВКЛ 1588 года.

Памёр 29 ліпеня 2004 года.

Язэп Юхо

1931 год. Нарадзіўся Генадзь Кісялёў.

Беларускі літаратуразнавец, архівіст, пісьменнік, гісторык, археограф. Доктар філалагічных, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у архіўных установах Літоўскай ССР, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.

Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў, гісторыка-літаратурных матэрыялаў, літаратуразнаўчых даследаванняў, гістарычных нарысаў.

Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К. Каліноўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы.

Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе».

Працаваў і над скарыназнаўчымі тэмамі.

Памёр 14 лістапада 2008 года.

Генадзь Кісялёў

1954 год. Заснавана Беларускае геаграфічнае таварыства (1954-1991 – Геаграфічнае таварыства БССР). Дзень геаграфічнага таварыства.

Геаграфічнае таварыства вядзе сваю гісторыю ад 18 жніўня 1845 года, калі было створана Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства. Адным з 17 чальцоў-заснавальнікаў быў ураджэнец Беларусі, выпускнік Магілёўскай гімназіі Міхал Урончанка (1801–1855).

У 1867–1876 і ў 1910–1917 гадах дзейнічаў Паўночна-Заходні аддзел геаграфічнага таварыства (г. Вільня) з якім супрацоўнічалі магілёўцы Я. Раманаў, І. Насовіч, П. Шэйн, М. Азбукін, К. Анікіевіч, Г. Аненкаў, Н. Арнольд, А. Казлоўскі, П. Мурамцаў, І. Сілініч, А. Смоліч, К. Чалоўскі і многія іншыя даследчыкі.

19 студзеня 1959 года быў заснаваны першы рэгіянальны аддзел – Магілёўскі. Найбуйнейшы па колькасці членаў – Гомельскі. Працуюць таксама аддзелы ў Брэсце, Віцебску, Мінску.

Усяго ў Таварыстве каля 600 географаў, эканамістаў, прыродазнаўцаў, краязнаўцаў, гісторыкаў.

Беларускае геаграфічнае таварыства

1990 год. Нарадзіўся Сяргей Астапчук.

Беларускі хакеіст, левы нападнік.

Выхаванец наваполацкага  «Хіміка», гуляў у «Дынама Масква», «Спартак», «Лакаматыў», «Rouyn-Noranda Huskies», «Лока».

Загінуў 7 верасня 2011 года ў катастрофе Як-42 пад Яраслаўлем пры ўзлёце з аэрапорта «Тунашна» разам з камандаю «Лакаматыў Яраслаўль».

Сяргей Астапчук

2001 год. Зацверджаны Том 1 выпуск 1 новага рэгіянальнага геаграфічнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян” Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства.

Найбольш вядомае беларускае геаграфічнае выданне ў свеце. За 20 гадоў выдадзена 20 тамоў і 52 выпускі часопіса. 

2004 год. У Магілёўскім музеі этнаграфіі адкрыта экспазіцыя “Магілёў губернскі”, прысвечаная жыццю гарадскіх саслоўяў.

Музей этнаграфіі – філіял абласнога гісторыка-краязнаўчага музея.  Адкрыты ў 1981 годзе.

Мае плошчу экспазіцыі 760 м², 5 000 прадметаў асноўнага фонду. Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя гарадскога побыту магілёўцаў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Сярод экспанатаў – прылады працы, прадметы побыту, нацыянальнае адзенне магілёўскіх і краснапольскіх касцюмаў, калекцыя сапраўдных магілёўскіх ручнікоў, абразы, кафля і драўляная скульптура XVII – XIX стагоддзяў, царкоўныя кнігі, часопісы XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Будынак музея стаіць на падмурку Магілёўскага езуіцкага калегіума. Унутраная сцяна, якая выходзіць у двор музея, з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII стагоддзя, былой часткай калегіума.

экспазіцыя “Магілёў губернскі”

2006 год. Адбыліся трэція Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Уладу захаваў А. Лукашэнка.

Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падавалі А. Вайтовіч, С. Гайдукевіч, А. Казулін, А. Лукашэнка, А. Мілінкевіч, З. Пазняк, С. Скрабец, В. Фралоў. Мелі намер балатавацца, але адмовіліся ад удзелу П. Краўчанка і Н. Машэрава (дачка П. Машэрава).

У бюлетэні для галасавання патрапілі 4 прозвішчы: С. Гайдукевіча, А. Лукашэнкі, А, Казуліна і А. Мілінкевіча.

Уладныя структуры арганізавалі ціск на сваіх супернікаў. Перад выбарамі былі зачыненыя многія незалежныя газеты, арганізавана інфармацыйная вайна супраць апазіцыі.

А. Мілінкевіч і А. Казулін адмовіліся прызнаваць вынікі галасавання. Увечары каля Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска пачалі збірацца іх прыхільнікі. У мітынгу ўзялі ўдзел ад 5-8 да 30 тысяч удзельнікаў.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Дзень у гісторыі. 14 сакавіка. Стварэнне Магілёўскай праваслаўнай епархіі

Міжнародны дзень барацьбы супраць рачных плацін, за рэкі, ваду і жыццё (International Day Against Dams, з 1997 года). 

З’явіўся па ініцыятыве амерыканскай грамадскай арганізацыі “Міжнародная сетка рэк” падчас правядзення І Міжнароднай канферэнцыі супраць будаўніцтва буйных плацін у бразільскім горадзе Курытыба.

За апошнія паўстагоддзя ва ўсім свеце ў выніку будаўніцтва буйных плацін было пераселена 60 мільёнаў чалавек. З-за будаўніцтва плацін было затоплена ў агульнай складанасці больш за 400 000 кв. км самых урадлівых земляў і каштоўных лясоў. Плаціны – асноўная прычына таго, што адна пятая відаў прэснаводных рыб у свеце або знікла, або знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

З 177 найбуйных рэк свету толькі траціна не маюць дамбаў ці іншых збудаванняў на сваім галоўным рэчышчы. Будаўніцтва дамбаў на рэках – небяспечная тэндэнцыя, якая пагражае прыродзе ўсёй планеты.

У апошнія 11 гадоў на Беларусі пабудаваны плаціны Гродзенскай, Полацкай і Віцебскай ГЭС.

Гродзенскае вадасховішча
Гродзенскае вадасховішча, плошча 4 200 га

Міжнародны дзень ліку Пі (International day of pi, з 1988 года) адзначаецца аматарамі матэматыкі а 1:59:26.

Пі – матэматычная канстанта, адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра. У лічбавым выразе “Пі” пачынаецца як 3,141592 і мае бясконцую матэматычную працягласць.

Упершыню Дзень быў адзначаны ў 1988 годзе ў навукова-папулярным музеі “Эксплораторыум” у Сан-Францыска, бо дата 14.03 – гэта ў амерыканскім запісе 3/14, што супадае з  першымі разрадамі ліку “Пі” = 3,14…

Да свята, якое было прызнана амерыканскім кангрэсам, паступова далучыліся фізікі і матэматыкі з усяго свету. У гэты дзень праводзяцца мерапрыемствы, якія накіраваныя на павышэнне цікавасці да матэматыкі.

У англійскай мове словы pie (пірог) і pi (лік π) гучаць аднолькава, таму прыгатаванне і паяданне пірагоў стала вясёлай часткай свята.

“Пі”
Помнік ліку “Пі” у Сіэтле, на прыступках перад будынкам Музея мастацтваў

Аўдоцця-вясноўка і Гуканне вясны (народны каляндар). Новы год паводле сакавіцкага каляндарнага стылю – непрацоўны дзень.

На Аўдокі голы бокі.

Калі Аўдоцця чырвоная – і вясна чырвоная.

На Аўдоццю цёплы вецер – будзе лета цёплае і мокрае.

Калі Аўдоцця з дажджом – быць лету мокраму.

1167 год. Памёр Расціслаў Мсціславіч (1100/1110-1167).

Князь смаленскі (1125-1159), вялікі князь кіеўскі (1154, 1159-1167), заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў, горада Мсціслава (1136).

У гады яго княжання Смаленскае княства дасягнула росквіту і ахапіла тэрыторыі Верхняга Падняпроўя з Копыссю, Лучынам, Басеяй, Мірачыцамі, Вітрына, Прупоем, Крэчутам і Верхняга Паволжа, падпарадкаваў сабе радзімічаў. 

У 1158 годзе аказаў дапамогу полацкаму князю Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі сталец і падтрымліваў яго пазней.

Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень святкавання памяці Расціслава Мсціславіча 14 (27) сакавіка.

Расціслаў Мсціславіч

1633 год. Кароль Уладзіслаў IV Ваза афіцыйна прызнаў Праваслаўную царкву на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 

Яго прывілеем зацверджана праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, якая была выдзелена са складу Полацкай епархіі (створана ў 992 годзе) 11 лістапада 1632 года як Аршанская, Мсціслаўская і Магілёўская. 

Ліквідавана ў 1937 годзе, аднаўлялася пры немцах у 1943, зачынялася пры М. Хрушчове, адноўлена 6 ліпеня 1989 года. 

24 снежня 2004 года з яе складу выдзелена самастойная Бабруйская і Быхаўская епархія. 

Уладзіслаў IV Ваза

1708 год. У Магілёўскі замак з пышнай світай дэлегацыі ад саюзнай дзяржавы ў вайне са Швецыяй прыбыў першы саветнік Пятра I князь Аляксандр Меньшыкаў. 

А 8 верасня 1708 года праваслаўны і саюзны Магілёў будзе спалены прадстаўнікамі “дружалюбных рускіх войскаў” і “рускага праваслаўнага свету”.

1708 год

1850 год. Вядомы французскі пісьменнік Анарэ дэ Бальзак за 5 месяцаў да сваёй смерці абвянчаўся ў Бердзічаве (цяпер Жытомірская вобласць Украіны) з графіняй Эвелінай Ганскай (народжанай Ржавускай).

52-гадовая ўдава паходзіла са старажытнага ваяўнічага польскага роду. Адным са сведкаў быў граф Георг Мнішак, які быў у сваяцтве з “хуткацечнай” рускай царыцай Марынай Мнішак – жонкай Лжеідзмітрыя І, Лжэдзмітрыя ІІ, з уладальнікам Крычава Ежы Мнішак.

Пасля цырымоніі Бальзак заявіў Эве: “Ура! Я зрабіў тое, чаго не змог Банапарт!.. У тваёй асобе я пакарыў Расію”.

Анарэ дэ Бальзак

1920 год.  Пачалося будаўніцтва Шухаўскай вежы на Шабалаўцы ў Маскве.

Наватарская для XX стагоддзя гіпербалоідная канструкцыя, выкананая ў выглядзе апорнай сталёвай сеткаватай абалонкі. Пабудавана да 1922 года па праекце акадэміка У. Шухава.

Усяго ў свеце пабудавана 11 металічных гіпербалоідных канструкцый. Цікава, што чатыры з іх былі пабудаваны на Беларусі, захаваліся дзве: ваданапорныя вежы ў Барысаве і на чыгуначнай станцыі Коханава Талачынскага раёна. Апошняй, што пабудавана ў 1929 годзе, нададзены статус нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.

Шухаўская вежа

1931 год. Нарадзіўся Павел Місько.

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у розных газетах, у тым ліку «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, сатыры і гумару, вершаў, кніг нарысаў, раманаў, у тым ліку «Мора Герадота», рамана ў вершах, аднаактовых п’ес, вершаў, прыгодніцкіх кніг і кніг фантастыкі для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Памёр 9 чэрвеня 2011 года.

Павел Місько

1938 год. Нарадзіўся Мікалай Цішачкін.

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Усё жыццё служыў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.

Выконваў вострахарактарныя ролі, якія вызначаліся выразным пластычным малюнкам. Іграў у спектаклях «Несцерка» В. Вольскага, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка), «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча, па творах А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, Н. Думбадзе, К. Гальдоні, У. Караткевіча, У. Шэкспіра і іншых.

Памёр 30 красавіка 1993 года.

Мікалай Цішачкін

1943 год. У Празе памёр Васіль Захарка (1877-1943).

Прэзідэнт БНР (1928-1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898-1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Пахаваны на Альшанскіх могілках.

Васіль Захарка

1954 год. Памёр у харвацкім Дуброўніку Людамір Рагоўскі (1881-1954).

Польскі кампазітар і дырыжор.

Вучыўся музыцы ў Варшаве, Лейпцыгу, Мюнхене, Рыме і Парыжы.

У 1909-1912 гадах кіраваў віленскім сімфанічным аркестрам, выкладаў у школе арганістаў, быў музычным крытыкам газеты «Літоўскі кур’ер».

Захапляўся беларускім фальклорам, сябраваў з Янкам Купалам, І. Луцкевічам і А. Уласавым. Паклаў на музыку верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

Кіраваў хорам у Беларускім музычна-драматычным гуртку, ствараў музычнае афармленне да спектакляў трупы І. Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў», які прапагандаваў беларускія нацыянальныя песні. Напісаў сімфанічную «Беларускую рапсодыю» для малога аркестра «Беларускі пейзаж». Адбіткі беларускага фальклору адчуваюцца і ў сімфанічным творы «Аблокі».

Напісаў 7 сімфоній, 7 опер, 3 балеты, у тым ліку «Купала», шэраг сімфанічных паэм, аркестравых сюіт, камерных і харавых твораў, кантаты і квартэты, музыку да спектакляў.

Падарыў музычныя інструменты ў калекцыю І. Луцкевіча, якая стала пазней асновай для Беларускага музея ў Вільні.

Людамір Рагоўскі

1976 год. Памёр Віктар Заўрыеў (1908–1976).

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ.

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. 

З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. 

Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый.

Віктар Заўрыеў

1992 год. Пачатак актыўных баявых дзеянняў урадавых войск Малдовы супраць сепаратыстаў з Прыднястроўя. 

Прыднястроўе, Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) – непрызнанае міжнароднай супольнасцю дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі усходняй Малдовы. Мяжуе з Украінай. Сталіца – Ціраспаль. Нацыянальны склад насельніцтва: малдаване 34%, рускія – 28%, украінцы – 26%. Сепаратысцкая рэспубліка – ачаг нестабільнасці ў рэгіне, яе актыўна падтрымлівае Масква.

2 верасня 1990 года Ціраспаль абвясціў незалежнасць ПМР ад Малдовы. Урад Малдовы не прызнаў гэтага рашэння і накіраваў у рэгіен паліцыю. Пачаліся сутыкненні паміж паліцыяй і прыднястроўскімі апалчэнцамі, якія перараслі 2 сакавіка 1992 года ў канфлікт, 14 сакавіка – у баявыя дзеянні, якія працягваліся да 21 ліпеня 1992 года. З абодвух бакоў загінула каля 2000 чалавек.

Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка

2006 год. Адкрыццё Палескага драматычнага тэатра ў Пінску.

29-ы прафесійны тэатр дзяржаўнага падпарадкавання ў краіне. 

Вытокі тэатра сыходзяць у 1939 год, калі быў створаны Палескі абласны драматычны тэатр. У 1949-1954 гадах працаваў як Пінскі абласны драмтэатр.

У 1954 годзе тэатр пераехаў у Магілёў, а будынак перадалі гарадскому дому культуры, і ў яго сценах працавала самадзейная тэатральная трупа.

Тэатр размяшчаецца ў былым будынку кінематографа «Казіно», помніку архітэктуры XIX стагоддзя. Тэатр працуе пяць дзён на тыдзень.

драмтэатр

2020 год. Памёр Ігар Есьман (1932-2020).

Беларускі архітэктар, дызайнер, вынаходнік. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі архітэктуры, Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у інстытутах будаўніцтва і архітэктуры АН БССР, «Мінскпраект», дырэктарам Творчай майстэрні, у «Мэта-Інтэрнэшнл».

Сярод яго галоўных работ у Мінску – карпусы інстытутаў замежных моў, політэхнічнага, педагагічнага, народнай гаспадаркі, студэнцкіх інтэрнатаў, дашкольныя установы, жылыя дамы, вяслярная станцыя на Заслаўскім вадасховішчы, турысцкая гасцініца, станцыя метро «Пушкінская».

Ігар Есьман

Дзень у гісторыі. 13 сакавіка. Першае ўзбуйненне БССР. Пачатак татальнай русіфікацыі. Вынайдзены www

323 да н.э. Памёр  Аляксандр Македонскі (356 год да н.э. – 323 год да н.э.).

Цар македонскі, адзін з найвядомейшых военачальнікаў і заваёўнікаў антычнасці.

Створаная ім у выніку ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад Дуная да Інду. Пасля смерці Аляксандра яна хутка развалілася і на яе тэрыторыі ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.

Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу. Сярод іх асаблівым захапленнем карыстаўся раман «Александрыя», які быў вельмі папулярны і на нашых землях, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у тым ліку і Ф. Скарына. Пры гэтым беларускі першадрукар рэкамендаваў чытаць не «Александрыю», а біблейскую кнігу Макавеяў, дзе ўзгадваецца Аляксандр.

У ВКЛ былі вядомы розныя варыянты «Александрыі» – і пераклад з лацінскай мовы, які нёс адбітак еўрапейскага рыцарскага раману, і пераклад з грэчаскай мовы, захаваны ў Візантыі. Некаторыя сюжэты з жыцця Аляксандра трапілі ў беларускія народныя казкі і ў рэпертуар батлейкі.

імперыя

1852 год. Нью-Ёркская газета “NY Lantern Weekly” апублікавала першую выяву дзядзечкі Сэма. 

Аднак папулярнай гэтая графічная выява стала ў 1860–1870-х гадах, калі дзядзю Сэма стаў адлюстроўваць карыкатурыст Томас Наст.

“Дзядзечка Сэм” стаў абазначэннем персаніфікаванай выявы ЗША і яго ўрада, быў упершыню згаданы ў амерыканскай прэсе на старонках штотыднёвіка “The Troy Post” горада Троя штата Нью-Ёрк у артыкуле аб вайне ЗША з Англіяй 7 верасня 1813 года.

Менавіта ў выкананні мастака Т. Наста Дзядзечка Сэм здабыў белую бараду і гарнітур, упрыгожаны палоскамі і зоркамі. Лічыцца, што выраз “Дзядзечкаа Сэм” – гэта жартаўлівая расшыфроўка скарочанай назвы краіны: Uncle SАm – USА.

Існуе версія, што выраз увайшоў ва ўжыванне ў 1812 годзе як вытворнае ад імя мясніка з Троі. Сэм Уілсан пастаўляў мяса ў амерыканскае войска ў скрынках з надпісам U.S., што азначала скарочаную назву краіны. Гэтыя літары супадалі з ініцыяламі Ўілсана, таму салдаты жартам пачалі казаць, што мяса да іх прыбыла ад Дзядзечкі Сэма.

Сэм Уілсан
I want YOU for the U.S. Army’: First World War recruitment poster, 1917, showing Uncle Sam facing foward pointing his finger and appealing to patriotism.

1720 год. Памёр Казімір Ян Павел Сапега (1637/1642-1720).

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, князь. Чашнік, падстолі вялікі літоўскі, падскарбі дворны літоўскі, гетман польны і вялікі літоўскі, ваявода полацкі, маршалак Трыбунала ВКЛ.

Валодаў шматлікімі беларускімі гарадамі і мястэчкамі, у тым ліку Старым і Новым Быхавам.

Удзельнічаў у выправах супраць туркаў у 1673 г. (камандаваў 3 харугвамі конніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам), 1689, 1691, 1694 гадах (нанёс паражэнне каля Днястра).

На пачатку Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721) быў на баку шведаў, на пераломе 1709–1710 перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, застаўся ваяводай віленскім.

Памёр у Гродна. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

Ян Павел Сапега

1922 год. Нарадзіўся Лявон Луцкевіч.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст. Сын прэм’ер-міністра БНР А. Луцкевіча.

У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі, далучыўся да Беларускай Краёвай Абароны.

Арыштаваны савецкай дзяржбяспекай у Польшчы ў канцы 1945 года. Рэпрэсаваны па справе кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, сасланы на Калыму.

Пасля вызвалення жыў у Вільні, дзе ў 1988 годзе стварыў беларускае культурнае таварыства, удзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху.

Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.

Памёр 28 ліпеня 1997 года.

Лявон Луцкевіч
Браты Юрка і Лявон Луцкевічы.

1924 год. Рэзалюцыяй VI Усебеларускага надзвычайнага з’езда Саветаў БССР і згодна з пастановай ЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года, адбылося «першае ўзбуйненне» БССР.

У склад Беларусі былі вернуты шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, якія была прыхапіла РСФСР у 1919 годзе, у тым ліку Аршанскі, Быхаўскі, Горацкі, Калінінскі (Клімавіцкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і сам горад Магілёў. 

Тэрыторыя БССР павялічылася ўдвая, з 52,4 да 110 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек.  70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. 

Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР (да 1926 года).

«першае ўзбуйненне»

1935 год. Памёр Ян Міхал Развадоўскі (1867-1935).

Польскі мовазнавец-індаеўрапеіст, этнограф, тапаніміст. Член Кракаўскай, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэмій навук.

Прафесар Ягелонскага універсітэта, прэзідэнт Польскай Акадэміі навук.

Аўтар многіх прац па агульным, індаеўрапейскім, польскім мовазнаўстве, анамастыцы, этымалогіі, у тым ліку «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх», «Пра з’явы і развіццё мовы», «Даследаванні назваў славянскіх рэк».

Ян Міхал Развадоўскі

1938 год. Руская мова ўведзена як абавязковы прадмет для вывучэння ва ўсіх школах СССР. Пачатак татальнай русіфікацыі.

З 1917 года савецкія грамадзяне абавязаны былі навучыцца пісьменнасці, але ў іх было права выбару мовы навучання. Развіваліся нацыянальныя школы: пікам стаў 1932 год, калі ў савецкіх школах выкладанне вялося на 104 мовах, у тым ліку некаторых сусветных.

Пад сцягам барацьбы з «вялікадзяржаўным шавінізмам» і «буржуазным нацыяналізмам», які загароджваў, паводле фармулёўкі Н. Крупскай, доступ беднякоў да рускай мовы, выкладанне родных моў сталі скарачаць.

Савецкія ўлады адштурхоўваліся ад трох асноўных прычын для ўвядзення абавязковага вывучэння мовы – руская мова ўвасабляла адзіны сродак зносін для шматнацыянальнай краіны, “садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росту народаў”, а таксама «веды рускай мовы забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага нясення ўсімі грамадзянамі СССР вайсковай службы».

Руская мова выступала як мова-«старэйшы брат» у сям’і савецкіх народаў. Тады як родныя мовы лічыліся “вясковымі”.

Пачатак татальнай русіфікацыі

1940 год. Спектаклем «Каварства і каханне» Ф. Шылера ў Гродне адкрыўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР.

З лістапада 1939 года працаваў у Беластоку, потым у 1940-1941 гадах – у Гродна.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік А. Вянгерка (1893–1941). Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А. Фрэдры, «Пігмаліён» Б. Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ.

А. Вянгерка.
А. Вянгерка.

1961 год. У Кіеве здарылася самая буйная да Чарнобыля тэхнагенная катастрофа: сотні людзей былі забітыя селевым патокам з плаціны.

Па неафіцыйных звестках толькі загінула каля 1500 чалавек.

У пачатку 1950-х гадоў у сумна вядомы Бабіны Яр вырашана было звозіць адыходы ад вытворчасці цэглы. Гэтыя адыходы змешвалі з вадой, а затым змывалі па трубах. Надзейныя здавалася б земляныя дамбы павінны былі заступаць шлях назапашанаму бруду.

А 8:45 13 сакавіка, у гадзіну пік, калі людзі ішлі на працу, дамбу прарвала. Гразевы паток, які дасягаў у вышыню 14 м, з хуткасцю да 60 км/г, рынуўся на горад, хаваючы пад сабой усё жывое. 

Ён змыў трамвайнае дэпо, некалькі вуліц, стадыён, завод, бальніцу, 80 жылых дамоў раёна Куранёўкі. З-за ўзніклых з прычыны аварыі электрычных замыканняў тут і там узнікалі ўзгаранні. 

Праз некаторы час вада, змяшаная з глінай, пачала застываць. Яшчэ нядаўна рухомы паток ператвараўся ў камень. Людзей, жыўцом пахаваных пад пластом пульпы, даводзілася літаральна выкалупваць з яе. Каўшы экскаватараў, якія ліквідавалі наступствы трагедыі, разрывалі трупы на кавалкі. Плошча каля 30 гектараў аказалася пакрытай 3-х метровым каменным пластом.

тэхнагенная катастрофа

1989 год. Вынайдзена Сусветная павуціна (World Wide Web, WWW ці www), больш вядомая як Інтэрнэт.

Вынаходнік Інтэрнэту англійскі вучоны Цім Бернерс-Лі з калегамі з Еўрапейскага савета па ядзерных даследаваннях (CERN) у гэты дзень перадалі начальніку свайго аддзела дакумент, які называўся «Інфармацыйны менеджмент: некаторыя прапановы», у якім былі закладзены асноўныя прынцыпы www.

World Wide Web

1991 год. Фармальна спынена дзейнасць Аб’яднаных узброеных сіл дзяржаў-удзельніц Варшаўскага Дагавора і іх органаў кіравання.

Варшаўскі дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, ГДР, Польшчай, Румыніяй, СССР і Чэхаславакіяй быў падпісаны на Варшаўскай нарадзе 14 красавіка 1955 года. Варшаўская Дамова – ваенна-палітычны абарончы саюз еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў. Ён быў заключаны на 20 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем на наступныя 10 гадоў для тых дзяржаў, якія не дэнансуюць Дагавор за год да заканчэння гэтага тэрміну.

Зараз усе былыя краіны Варшаўскага Дагавора, акрамя правапрыемніцы СССР – Расіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Лагічны вынік эвалюцыі.

У 1967–1976 гадах Галоўнакамандуючым Аб’яднаных узброеных сіл краін-удзельніц Варшаўскага дагавора быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюза І. Якубоўскі, а начальнікам  штаба ў 1955-1962 гадах – ураджэнец Гродна, генерал арміі, кавалер ордэна Перамогі А. Антонаў (1896-1962).

А. Антонаў.
Генерал арміі А. Антонаў.

Дзень у гісторыі. 12 сакавіка. Канец савецка-фінскай вайны

1851 год. Памёр Ян Баршчэўскі (1794-1851).

Беларускі і польскі літаратар, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Вядомы за свой найбуйнейшы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле якога на “Беларусьфільме” зняты фільм В. Туравым.

Аўтар вершаў на беларускай мове, паэм, балад, аповесцей, «Нарыса паўночнай Беларусі». Яго вершы «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку А. Абрамовічам.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум. Падарожнічаў па наваколлях возера Нешчарда, па Беларусі, у тым ліку па  Мсціслаўшчыне. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы.

Выкладаў на Беларусі, у Пецярбургу. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. Сябраваў з А. Міцкевічам, Т. Шаўчэнкам, Г. Шапялевічам.

Займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» (1840-1844).

Па запрашэнні польскага пісьменніка Г. Жавускага пераехаў у г. Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў мастак-графік Напалеон Орда. Ва Украіне збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў.

Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Чуднаве.

У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Я. Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў».

У гонар пісьменніка пастаўлены помнікі на беразе возера Нешчарда, у Чуднаве.

Ян Баршчэўскі
Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня». Мастак Рудольф Жукоўскі

1868 год. У в. Студзянец сённяшняга Клімавіцкага раёна нарадзіўся Панцеляймон Лепяшынскі (1868-1944).

Выхаванец магілёўскай гімназіі. Прафесійны рэвалюцыянер, доктар гістарычных навук. Паплечнік У. Леніна. Стваральнік Ліцвінавіцкай школы-камуны.

Працаваў у наркамасветы, Маскоўскім універсітэце і Камуністычнай Акадэміі, дырэктарам гістарычнага музея, Музея рэвалюцыі ў Маскве. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б).

Аўтар драм, рамана, аповесці, апавяданняў, успамінаў, навуковых прац па гісторыі, народнай асветы, пра А. Грыбаедава, М. Салтыкова-Шчадрына і іншых.

Памёр 30 верасня 1944 года.

У Беларусі існуе Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Лепяшынскага за лепшы публіцыстычны твор.

Яго імя носіць вуліца ў Магілёве. У Чэрыкаве таксама ёсць вуліца Лепяшынскага, але ў гонар его брата – Мадэста, стваральніка Леменскай школы-камуны каля Чэрыкава.

У 1986 годзе зняты мастацкі фільм «Нетерпение души» аб стварэнні Ліцвінавіцкай школы-камуны, дзе ў ролі Лепяшынскага зняўся В. Ціханаў. У аграгарадку Ліцвінавічы Кармянскага раёна працуе мемарыяльны музей П. Лепяшынскага.

Панцеляймон Лепяшынскі

1871 год. У Парыжы памёр Леанард Ходзька (1800-1871).

Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец.

Сябра таварыства філарэтаў, паплечнік А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, быў сакратаром кампазітара М. Агінскага.

З 1822 года на эміграцыі, жыў у Парыжы.

Аўтар паэм, біяграфіі Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы», выдаў зборнікі твораў А. Міцкевіча, І. Красінскага, мемуары М. Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у тым ліку «Польшча», у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь.

Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны.

Леанард Ходзька

1922 год. Памёр пры загадкавых абставінах Кузьма Цярэшчанка (1888-1922).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.

Старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Усебеларускага з’езда ў Мінску, член Віленскай беларускай рады.

У 1919 годзе быў камісарам Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Гродне, міністр унутраных спраў БНР.

З восені 1919 года старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Член Найвышэйшай Рады БНР.

Працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі.

Кузьма Цярэшчанка

1932 год. Заснавана Краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле».

З моманту заснавання называлася “Чырвоны сцяг”, затым – “Голас Краснапольшчыны”.

Перыядычнасць выхаду: серада, субота. 

Чырвоны сцяг

1940 год. Падпісанне мірнага дагавору паміж СССР і Фінляндыяй. Канец савецка-фінскай вайны (30 лістапада 1939 – 12 сакавіка 1940).  

Вайна фармальна не аб’яўлялася, але СССР афіцыйна разарваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй.

Прычынай для вайны быў названы інцыдэнт артылерыйскага абстрэлу тэрыторыі СССР.  Праз шмат гадоў М. Хрушчоў пісаў, што гэты абстрэл быў арганізаваны савецкім камандармам 1-га рангу Р. Куліком.

Стратэгічнае становішча СССР па выніках вайны пагоршылася: быў падарваны яго міжнародны аўтарытэт, Ліга Нацый выключыла яго са сваіх членаў, Фінляндыя адышла ад палітыкі нейтралітэту і зблізілася з Германіяй.

У захопніцкай, вельмі непапулярнай у народзе  вайне СССР паказаў сваю слабасць: 131 476 забітымі і згінуўшымі без весткі (страты фінаў – 22 830), 200 000 параненых, 51 000 захварэўшых. Страты 406 самалётаў супраць 62 фінскіх, 653 танкаў супраць 50 фінскіх.

За баявыя подзвігі ў савецка-фінляндскай вайне 20 беларусам і ўраджэнцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку В. Кучараваму з Чэрыкава, І. Саламонікаву з-пад Магілёва, А. Целешаву з-пад Чавус. 

Канец савецка-фінскай вайны

1944 год. Нямецкімі захопнікамі створаны тры Азарыцкія лагеры смерці ў Даманавіцкім (зараз Калінкавіцкі) раёне ў якасці жывой заслоны на шляху наступу Чырвонай арміі.

Створаны па загаду камандзіра 9-й арміі Ё. Гарпэ. У лагеры прыгналі каля 50 000 жыхароў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей БССР, Смаленскай і Арлоўскай РСФСР.

Папярэдне ў лагеры завезлі хворых на сыпны тыф, каб сарваць наступ Чырвонай арміі за кошт эпідэміі сярод вайскоўцаў.

19 сакавіка 1944 года наступаючыя часткі Чырвонай арміі знайшлі гэтыя лагеры на балотах. Подступы да іх былі замінаваныя. Ніякіх пабудоваў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лагераў не было. Зняволеныя размяшчаліся на зямлі. Ім было забаронена разводзіць вогнішчы, збіраць галлё для падсцілкі.

З  трох лягераў вызвалілі 33 480 чалавек, з іх 15 960 (48 %) дзяцей да 13 гадоў і 13 072 (39 %) жанчынаў, 4 448 (13 %) старых.

У 1965 годзе на месцы лагераў узвялі мемарыяльны комплекс, у 2004 годзе ў Азарычах адчынілі Музей памяці.

Азарыцкія лагеры смерці

2006 год. На Замкавай плошчы ў Варшаве прайшоў першы канцэрт пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю».

Праведзены напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Салідарныя з Беларуссю” – серыя канцэртаў, праведзеных польскай грамадскай арганізацыяй Ініцыятыва «Вольная Беларусь» у Варшаве на Замкавай плошчы. На канцэртах выступалі польскія і беларускія музыкі Л. Вольскі, Зм. Вайцюшкевіч, А. Кулінковіч, Руся і іншыя.

Другі канцэрт быў праведзены 25 сакавіка 2007, трэці – 30 сакавіка 2008 года.

«Салідарныя з Беларуссю»

1988 год. Нарадзілася Марына Літвінчук (Паўтаран).

Беларуская вяслярка на байдарцы. Трохразовая чэмпіёнка свету, шасьціразовая чэмпіёнка Еўропы, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (2012, 2016).

Чэмпіёнка Еўропы 2011 году ў гонцы-адзіночцы на 5000 м, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Марына Літвінчук

1999 год. У блок НАТА ўступілі Чэхія, Польшча і Венгрыя.

Гэта было 4-е пашырэнне ваенна-палітычнай арганізацыі краін Паўночнай Амерыкі і Еўропы, створанай на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора ад 4 красавіка 1949 года. І першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955-1991 гадоў.

У 2004 годзе да НАТА далучыліся Балгарыя, Эстонія, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, у 2009 годзе – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 – Паўночная Македонія.

Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.

18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.

Беларусь удзельнічае ў Савеце еўраатлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе. 

Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020-2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair і інструменталізацыі нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА.

НАТА

Дзень у гісторыі. 9 сакавіка. Абвяшчэнне БНР. Крывавае пахаванне Сталіна. Першая Barbie

Міжнародны дзень ды-джэя (International DJ Day, з 2001 года) святкуецца па пастанове ЮНЕСКА.

Арганізатары фонду World DJ Day Foundation заклікаюць ды-джэяў ахвяраваць усе заробленыя ў гэтую ноч грошы дзіцячым дамам і дабрачынным арганізацыям.

Свята па маштабах гучней за ўсіх адзначаецца ў Вялікабрытаніі. Вядучыя ды-джэі і клубы на працягу тыдня бесперапынна іграюць музыку. Усе сабраныя сродкі пасля такога маштабнага свята паступаюць дзецям-сіротам.

Штогод у акцыі бяруць удзел не менш за 3 000 ды-джэяў з 82 краін свету.

Стварэнне клубнай музыкі – цэлая навука. Ёсць нават школы ды-джэяў. Проста ставіць кампазіцыю – гэтага ўжо мала. Ды-джэю трэба зрабіць рытм, пад які будуць танчыць сотні людзей.

Дзі джэй

1497 год. Польскі манах Мікалай Капернік (1473-1543) зрабіў першае са сваіх 27 планетарных назіранняў.

Вынікі яго назіранняў былі скарыстаны ў трактаце “Аб зваротах нябесных сфер”, які змяніў карціну свету. Ён з’яўляецца стваральнікам геліяцэнтрычнай сістэмы.

Навуковыя доследы Каперніка былі падтрыманы кардыналам М. Шэнбергам, нашчадак якога, Гергард Шэнберг (1875-1954) працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры геаграфіі (1946-1954) Магілёўскага педінстытута.

Мікалай Капернік

1652 год. Дэпутат ад ВКЛ Уладзіслаў Сіцінскі ўпершыню выкарыстаў права liberum veto у Сейме Рэчы Паспалітай і спыніў працу сейма.

«Вольнае вета», Liberum veto – прынцып парламенцкага ладу ў Рэчы Паспалітай, які дазваляў любому дэпутату сейма спыніць абмеркаваньне пытання ў сейме і працу сейма наогул, выступіўшы супраць.

Уладзіслаў Сіцінскі

1814 год. Нарадзіўся Тарас Шаўчэнка (1814-1861).

Вядомы ўкраінскі мастак і літаратар. Нацыянальны герой Украіны.

Праехаў па Беларусі ў 1829 годзе, у час прыезду свайго ўладніка П. Энгельгарта ў Вільню.

У 1843 годзе, здабыўшы волю, Шаўчэнка па дарозе з Пецярбурга да Украіны наведаў Віцебск, Магілёў, Гомель. Гэтым жа шляхам вяртаўся ў Пецярбург у 1847 годзе. Падрымліваў сувязі са многімі беларускімі літаратарамі, удзельнікамі вызваленчага руху.

У 1863 годзе ў Вільні быў выдадзены «Кабзар» Шаўчэнкі на польскай мове ў перакладзе У. Сыракомлі.

Да пачатку XX стагоддзя адносяцца пераклады Шаўчэнкі на беларускую мову, якія зрабілі зрабілі Янка Купала, А. Гурло, А. Паўловіч. Першым даследчыкам паэтыкі Т. Шаўчэнкі ў Беларусі быў М. Багдановіч. У аснове паэмы Янкі Купалы “Тарасава доля” адлюстраваны жыццёвы шлях вялікага Кабзара.

Перакладалі Шаўчэнку і беларускія паэты міжваеннага і паваеннага часу, у іхнім ліку – Рыгор Барадулін.

У яго гонар у Беларусі усталяваны помнікі ў Брэсце, Слуцку, Гомелі, Мінску, Магілёве (2005). У 2015 годзе помнік у Магілёве быў пашкоджаны вандаламі.

Выява Шаўчэнкі разам з Гогалем і Пушкіным размешчана на мемарыяльнай дошцы на будынку па Ленінскай, 33 у Магілёве.

У Беларусі вуліцы Шаўчэнкі ёсць у шматлікіх гарадах, у тым ліку Бабруйску, Магілёве.

Тарас Шаўчэнка

1831 год. У Алжыры заснаваны Французскі замежны легіён.

Ваеннае фарміраванне, якое спачатку прыцягвала замежных наймітаў. Першапачаткова фармаванне прызначалася для аперацый у афрыканскіх уладаннях Францыі. Салдаты кляліся “служыць не Францыі, але Легіёну”, і лацінская формула “Legio patria nostra” (“Легіён – наша Айчына”) была іх неафіцыйным дэвізам.

Сёння Замежны легіён – высокапрафесійны і дысцыплінаваны наёмны спецназ, які здолеў захаваць свой рамантычны арэол для шукальнікаў прыгод. Яго афіцэрамі з’яўляюцца толькі французы. Іншаземцы ж, якія добрасумленна адслужылі радавымі не менш за адзін пяцігадовы тэрмін, могуць прэтэндаваць на французскае грамадзянства.

Да 1 000 беларусаў і выхадцаў з Беларусі, не менш за 30 магіляўчан, служылі ў шэрагах Легіёна.

Французскі замежны легіён

1838 год. Памёр Іасафат Булгак (1758-1838).

Грэка-каталіцкі царкоўны дзеяч.

Яго смерць зняла апошнюю перашкоду для скасавання Берасцейскай уніі 1596 года.

Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры і ў Рыме.

Член ордэна базыльян. Доктар тэалогіі і кананічнага права. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы, Жыровічах.

Падчас царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе.

Епіскап брэсцкі, архіепіскап полацкі, мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817-1838).

У канцы жыцця яго акружалі епіскапы, прыхільнікі аб’яднання з праваслаўнай царквой – І. Сямашка, А. 3убко, В. Лужынскі і іншыя, што вяло да змяншэння яго ўплыву.

Іасафат Булгак

1858 год. У амерыканскай Філадэльфіі выдадзены патэнт на вулічную паштовую скрыню.

У Рэчы Паспалітай паштовыя скрыні вядомы з 1633 года. На радзіму паштовай скрыні прэтэндуе Легніца. 

пошта

1883 год. Нарадзіўся Францішак Аляхновіч.

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны, атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Пад час вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілках Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

Францішак Аляхновіч

1918 год. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда прымае Другую Устаўную грамату, абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка ў этнічных межах.

Першая Грамата была выдадзена 21 лютага, у якой Выканкам аб’явіў сябе часовай уладай у Беларусі. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, Рада . Яназаяўляла, што ўлада ў краіне павінна фармавацца згодна з воляй народаў, якія насяляюць краіну, шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм.

Трэцяя Статутная грамата была выдадзена 25 сакавіка 1918 года а 8:00 у будынку мінскага сялянскага пазямельнага банка на вуліцы Серпухоўскай (цяпер – Валадарскага, 9). Яна аб’явіла аб абвяшчэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

БНР мела тэрыторыю 300 000 квадратных кіламетраў.

Беларуская Народная Рэспубліка

1921 год. Нарадзіўся Валянцін Фацін.

Герой Савецкага Саюза (24.03.1945). Удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну.

Нарадзіўся 09.04.1921 г. у Маскве. У Чырвонай Арміі з 1939 г.

На фронце з 1941 г. Камандзір батальёна 609-га стралковага палка 139-й стралковай дывізіі (50-я армія, 2-гі Беларускі фронт) капітан В. Фацін са сваім падраздзяленнем вызначыўся ў чэрвені 1944 г. баях на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, у тым ліку пры вызваленні Магілёва.

Валянцін Фацін

1934 год. Нарадзіўся Юрый Гагарын (1934-1968).

Першы ў свеце касманаўт, Герой Савецкага Саюза.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

Хлопчык і лётчык

1953 год. У бяльгійскім Лёвене памёр Мікола Равенскі (1886-1953).

Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.

Працаваў рэгентам у Навагрудку, Чэрвені, хормайстрам мінскага гарадскога тэатра, выкладчыкам у музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі.

3 1944 года на эміграцыі ў Германіі, Бельгіі. Працаваў у Лёвенскі універсітэце, дзе стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі, кіраваў хорам беларускіх студэнтаў Бельгіі, з якім гастраляваў па Еўропе. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Музычная і кампазітарская творчасць цесна звязана з беларускім фальклорам.

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, К. Буйло, Ц. Гартнага, З. Бядулі, оперы «Браніслава» (лібрэта У. Дубоўкі; у 1930 годзе канфіскавана), першай беларускай аперэты на словы В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», музыкі для «Пагоні», на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку «Магутны Божа» (на словы Н. Арсенневай).

Аўтар даследавання «Характэрныя рысы беларускай народнай песні».

Мікола Равенскі

1953 год. Пахаванне І. Сталіна і тысячы загінулых. 

Цела Сталіна хаваюць у Маўзалеі, над галоўным уваходам якога змяшчаецца вялізны маналіт чорнага лабрадора са словамі: Ленін, Сталін.

Пазней цела Сталіна будзе вынесена з Маўзалея.

Сталін памёр 5 сакавіка. На чатыры дні ў СССР была аб’яўлена ўсенародная дзяржаўная жалоба. Тры дні запар жывая шматкіламетровая чалавечая рака, выгінаючыся па вуліцах Масквы, накіроўвалася да Калоннай залы Дома Саюзаў, да труны з целам нябожчыка.

З-за шматтысячнай вялікай колькасці людзей утвараліся цісканіны. Многія памерлі далёка на подступах. Па сведчаннях відавочцаў, усе раздушаныя целы складалі на грузавікі і вывозілі за горад. Сярод раздушаных былі такія, якія прыходзілі ў сябе, прасілі дапамогі. Але хуткая медыцынская дапамога практычна не працавала: па цэнтральных вуліцах забаранялася ездзіць. Параненыя нікога не цікавілі. На многіх вуліцах разыгрываліся сапраўдныя трагедыі. Цісканіна была такой моцнай, што людзей проста ўціскалі ў сцены дамоў. Абвальваліся платы, ламаліся брамы, разбіваліся вітрыны крам. Людзі залазілі на жалезныя ліхтарныя слупы і, не ўтрымаўшыся, падалі адтуль, каб ужо ніколі не падняцца. Некаторыя ў роспачы наадварот спрабавалі пралезці пад грузавікамі, але іх туды не пускалі. Па іх тапталіся, напіралі ззаду. Натоўп гушкаў хвалямі то ў адзін бок, то ў другі. Аб колькасці загінуўшых у тым страшным гармідары забаранялася нават казаць. І толькі праз некалькі гадоў, ужо ў гады выкрыцця культу асобы, сталі з’яўляцца сведчанні ўдзельнікаў тых падзей аб тысячах загінуўшых.

Колькасць ахвяр магчыма была куды большая за Хадынскую трагедыю, калі 30 траўня 1896 года ў дні ўрачыстасцяў з нагоды каранацыі Мікалая II загінула ад 1 389 да 4 000 чалавек.

Пахаванне І. Сталіна

1959 год. У продаж паступаюць першыя лялькі Барбі па 3 долары.

Амерыканская фірма “Матэл” прадставіла на выставе цацак у Нью-Йорку сваю ляльку “Барбі”, якая стала кумірам дзяцей ва ўсім свеце.

Барбі – самая папулярная ў свеце цацка. Кожны тыдзень у свеце прадаецца каля мільёна лялек, кожную секунду – дзве лялькі. У амерыканскай дзяўчынкі ва ўзросце 3-10 гадоў у сярэднім 8 такіх лялек, у італьянкі – 7, у францужанкі, немкі і англічанкі – па 5.

Адна з лялек, набытых у 1959 годзе за 3 долары, у 2004 годзе была прададзена на аўкцыёне eBay за 3 552 долары, а ў 2006 на аўкцыёне Christie’s у Лондане яе кошт вырас да 17 000.

лялькі Барбі

1992 год. Памёр ураджэнец Брэста Менахем Бегін (Мечыслаў Бягун, 1913–1992).

Шосты прэм’ер-міністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

20 верасня 1940 года ў Вільні быў арыштаваны НКУС і заключаны ў Лукішскую турму як «агент брытанскага імперыялізму», быў этапаваны ў лагер у Комі АССР. У 1941 годзе ўступіў у войска Андэрса і ў траўні 1942 года апынуўся ў Палестыне.

Бегін – актыўны ўдзельнік Вайны за незалежнасць Ізраіля. Рэфарматар.

Аўтар артыкулаў і трох кніг мемуарнага характару, у тым ліку пра савецкую турму і лагер.

У Брэсце ў яго гонар усталяваны бюст.

Менахем Бегін