29 чэрвеня ў гісторыі. Ягелончык – збіральнік зямель. Нараджэнне партызаншчыны. Таран над Магілёвам. Вызваленне Бабруйска. Нарадзіўся Сэнт-Экзюперы

Ціхан (народны каляндар).

Ціхан-суцішнік. На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае.

На Ціхана пявучыя птушкі заціхаюць (акрамя салаўя і зязюлі).

У гэты дзень заканчваецца маладое лета, падыходзіць сталае. Лета перасягнула гарачы ўзрост. Канчаюцца спякотныя дні. Ночы становяцца халаднейшымі.

Дзень завяршэння сяўбы жыта і пачатак вывазу гною. У гэты дзень талакой чысцілі хлявы, двары, а потым садзіліся абедаць усе разам – ладзілі свята для працаўнікоў, якія ўгнойвалі палі.

1440 год. Вялікім князем ВКЛ абраны Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі (1447-1492).

Пры абранні абяцаў вярнуць ВКЛ Валынь і Падолле захопленыя Польшчай, што пазней і было выканана. Вярнуў і Дарагічынскую зямлю. У Казіміра было 13 дзяцей. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. Выдаў Судзебнік, ліквідаваў удзельныя княствы.

Пры яго панаванні васалам Польшчы стала Мазавецкае княства, было далучана Асвенцімскае княства. У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі (1454-1466) вярнуў Памор’е, прыдбаў Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасць. Казіміру давялося амаль штогод адбіваць татарскія наезды. Падтрымаў намер наўгародскіх баяр на чале з Марфай Барэцкай далучыць Вялікі Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.

1455 год. Ва ўрачыстай абстаноўцы папа Калікст III зачытаў булу з заклікам 1 мая 1456 года выступіць у крыжовы паход супраць турак.

У 1453 годзе яны разбурылі 1000-гадовую Візантыйскую імперыю, і перад асманскай дзяржавай ужо трапятала ўся Еўропа. Але з паходам так нічога і не выйшла. А “Турэцкай буле” папы быў прыгатаваны лёс найкаштоўнейшага помніка гісторыі культуры: адціснуты на толькі што запушчаным станку першадрукара Іагана Гутенберга, яна захавалася. У адзіным экзэмпляры.

1875 год. Нарадзіўся Гергард Шэнберг (1875-1954).

Буйны расійскі і савецкі географ.

Скончыў Берлінскі, Цюрыхскі, Пецярбургскі ўніверсітэты.

Прафесар 10 універсітэтаў, загадык кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута (1946-1954), аўтар тэрміна “паўпустыня”, даследчык прыроды Магілёўшчыны.

1896 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Казлоўскі (1896-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, публіцыст.

Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, беларускія настаўніцкія курсы, школу падхарунжых у Варшаве.

Уваходзіў у ЦК Беларускай сялянскай партыі, быў інструктарам мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта па арганізацыі нацыянальнага жыцця ў Ігуменскім павеце, інструктарам 1-га батальёна беларускіх стральцоў. У 1921-1930 гадах служыў у польскім войску, адначасова браў удзел у беларускім нацыянальным руху.

У 1930-х актыўна працаваў у Вільні ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах. Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнага ўрада Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактарам партыйнай газеты «Новы шлях», сакратаром (1939-1940) Беларускай групы дапамогі пацярпелым ад вайны пры Літоўскім Чырвоным Крыжы. Аўтар шэрагу кніг па фізічным выхаванні, паэтычных зборнікаў.

Забіты 13 лістапада 1943 года партызанамі ў рэдакцыі «Беларускай газэты» (рэдагаваў газету з 1941 года). Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Рэдакцыя «Беларускай газеты» і «Голасу вёскі». Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 года

1871 год. Памёр Ксенафонт Гаворскі (1821-1871).

Беларускі гісторык, археолаг, выдавец.

Піянер археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі: займаўся археалагічнымі раскопкамі курганаў каля Полацка, Ушачаў, па р. Дрыса.

Першым у Беларусі падрабязна апісаў структуру курганных насыпаў. Даследчык царкоўнай гісторыі Беларусі. Заходнерусіст.

1900 год. Нарадзіўся Антуан дэ Сент-Экзюперы (1900-1944).

Французскі сусветна вядомы пісьменнік, прафесійны лётчык.

Загінуў у разведвальным палёце.

Вядомы па раману «Планета людзей» і казцы «Маленькі прынц». Паводле яго казкі ў Магілёве скульптарам А. Вараб’ёвым пастаўлена 30 чэрвеня 2017 года скульптура на вул. Будзённага.

1934 год. Памёр Эдвард Пякарскі (1858-1934).

Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.

Акадэмік АН СССР.

Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай, Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветінстытуце. За ўдзел у народніцкім руху сасланы ў Якуцію (1881). Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў вучоным захавальнікам Музея антрапалогіі і этнаграфіі, сакратаром аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР.

Прымаў удзел у экспедыцыях Усходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1894-1896), Аяна-Нельканскай (1914-1917) экспедыцыі.

Аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў. Рэдакар часопіса «Жи­вая старина» (1914-1917).

Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках.

Надмагілле ўнесена ў Пералік аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны федэральнага значэння, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу.

1941 год. Савет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву, у якой заклікалі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых Чырвонай арміяй пры адступленні.

На Беларусі да канца чэрвеня 1941 года дзейнічалі 4 партызанскія атрады, у ліпені – 35, а ў жніўні – 61.

Спачатку атрады былі па 25-70 чалавек, потым – 100-350, былі і да 800 і больш партызан.

1941 год. Лётчык-знішчальнік старшы лейтэнант Анатоль Кобец (1910-1941) здзейсніў у небе над Магілёвам першы таран нямецкага самалёта.

У адрозненне ад аналагічнага выпадку, які адбыўся са знішчальнікам Мікалаем Цярохіным з 161-га авіяпалка, чый подзвіг апеў у баладзе «Сакрэт перамогі» К. Сіманаў, пра таран Кобеца ў друку згадваюць мала і скупа.

Праз некалькі дзён Кобец загінуў у Дрыбінскім раёне.

1944 год. З вызваленнем Бабруйска, Магілёўшчына поўнасцю ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў.

Бабруйск быў пад акупацыяй 3 гады і 1 дзень.

24 чэрвеня 1944 года войскі правага крыла 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага пачалі наступальную аперацыю па авалоданню Бабруйска.  27 чэрвеня ў «Бабруйскім катле» апынуліся варожыя дывізіі 9-й нямецкай арміі – каля 40 000 чалавек.

29 чэрвеня 1944 года горад на Бярэзіне быў вызвалены. «Сёння нашыя войскі цалкам ліквідавалі акружаную ў раёне Бабруйска варожую групоўку. У палон узята 33 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў…». Так пачыналася зводка ад Савецкага Інфармбюро 29 чэрвеня 1944 г.

За гераічнасць, праяўлены пры вызваленні горада, І. Кабякову, Н. Масонаву, К. Навумаву было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза. З ліку ўраджэнцаў Бабруйска гэтага высокага звання былі ўдастоены С. Гарэлік, У. Ярмак, С. Сікорскі.

1958 год. Упершыню бразільцы сталі чэмпіёнамі свету па футболе.

У фінальным матчы шостага па ліку футбольнага чэмпіянату свету на стакгольмскім стадыёне “Расунда” зборная Бразіліі разграміла шведаў – гаспадароў чэмпіянату з лікам 5:2 і ўпершыню заваявала чэмпіёнскі тытул.

Хоць першы гол забілі шведы, гульня фактычна прайшла “пад дыктоўку” гасцей з Паўднёвай Амерыкі, якія прадэманстравалі датуль нябачаны ў Еўропе віртуозны атакуючы футбол. Два рэдкія па прыгажосці галы, якія выклікалі бурнае захапленне гледачоў, правёў на 55-й і 90-й хвілінах самы малады з удзельнікаў турніру – бразільскі нападаючы Пеле, які яшчэ не дасягнуў 18 гадоў.

Гэты чэмпіянат быў першым, фінал якога трансляваўся па тэлебачанні.

Зборная Бразіліі па футболе, 1958 год

1958 год. памёр Фабіян Ярэміч (1891-1958).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, сябра Рады БНР. Адзін з арганізатараў і лідараў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

Удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса (1944).

У 1945-1956 гадах рэпрэсаваны і зняволены савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Выйшаўшы на волю, жыў у Вільні.

Фабіян Ярэміч пад сцягам «Сялянскі саюз» на карыкатуры ў часопісе «Маланка» № 15, 1926

1984 год. Пачаўся рэгулярны рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» Маскоўскай лініі Мінскага метрапалітэна.

Зараз мінскае метро мае 33 станцыі на трох лініях: Аўтазаводскай, Маскоўскай і Зялёналужскай лініі, даўжыня 41,8 км.

Будаўніцтва метро пачалося 3 мая 1977 года. Аб’ём перавозкі пасажыраў метрапалітэнам амаль 220 мільёнаў чалавек. Сярэднясутачная перавозка пасажыраў складае каля 600 тысяч.

2011 год. Званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва» прысвоена Уладзіміру Саханько і Людміле Мішчанка.

У. Саханько (1946-2020) – генеральны дырэктар ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына»,  Л. Мішчанка (н. 1939) – дырэктар Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў.

Зоркі з іх імёнамі закладзены на плошчы Зорак.

Дзень у гісторыі. 15 чэрвеня. Утварэнне Полацкай акадэміі, УЕФА. Бітва на Косавым полі. Трагедыя Борак. “Goodbye my Love, Goodbye”

Сусветны дзень ветра (World Wind Day, з 2007 года).

Азначаецца па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Сусветнай рады па энергіі ветра.

Мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да вялізнага патэнцыялу ветраэнергетыкі.

Развіццё ветраэнергетыкі дапаможа вырашыць вялікае кола праблем не толькі энергетычнага, але і эканамічнага, экалагічнага характару.

На сёння ветраэнергетычныя ўстаноўкі паспяхова дзейнічаюць амаль у 120 краінах свету.

Некаторыя цікавосткі.

Першыя сапраўдныя вятракі з’явіліся ў VII стагоддзя на мяжы Ірана і Афганістана.

Сіла ветра аналізуецца паводле шкалы Бофарта (0-12 балаў).

Самы небяспечны і грозны паток паветра бушуе ў Антарктыдзе: хуткасць 60 км/гадзіну ды яшчэ ў спалучэнні з 60 градуснай вільготнай сцюжай.

Кожнае тарнада эксклюзіўна ў прыродзе. Кожнае з іх мае сваё гучанне, пах, тон, выгляд. Двух аднолькавых няма.

У Беларусі каля 120 ветраэнергетычных ўстановак. Па колькасці іх (50%) і па ўсталяванай магутнасці лідзіруючыя пазіцыі займае Магілёўская вобласць.

Самы вялікі ветрапарк вобласці размешчаны ў в. Пудаўня Дрыбінскага раёна.

Самы высокі вятрак у Беларусі знаходзіцца ў в. Асмаловічы Мсціслаўскага раёна, вышыня вежы – 142 м.

Самы магутны вятрак – у Лёзненскім раёне, магутнасць 3,5 МВт.

Русальчыны розыгрышы (народны каляндар).

Трэба засцерагацца русалак.

Русалкі (сірэны, ундзіны) – персанажы міфалогіі, чалавекападобныя істоты ці духі, што жывуць у вадзе або каля вады. Яны могуць знешне амаль не адрознівацца ад людзей, а могуць мець у ніжняй частцы цела замест ног плоскі хвост, падобны да хваста рыбы.

Ва ўсходнеславянскай міфалогіі русалкі пераважна – жанчыны (тапеліцы), у заходнееўрапейскай – звычайна жанчыны з рыбінымі хвастамі.

1389 год. Сербы і баснійцы былі разбітыя асманамі на Косавым полі.

Нягледзячы на гераічнае супраціўленне аб’яднанага войска сербаў і баснійцаў пад кіраўніцтвам князя Лазара, туркі-асманы султана Мурада І атрымалі перамогу, якая фактычна ператварыла Сербію ў васала Асманскай імперыі.

У 1459 годзе Сербія была канчаткова ўключана ў яе склад больш як на 400 гадоў.

1812 год. Адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі (універсітэта).

Адкрыта на базе Полацкага езуіцкага калегіума (з 1581 года). Мела правы ўніверсітэта. Складалася з факультэтаў тэалагічнага, філасофскага, свабодных навук і старажытных і сучасных моў.

Установа дала сотні выбітных прафесіяналаў, сярод якіх пісьменнік Я. Баршчэўскі, мастак В. Ваньковіч, філосаф А. Доўгірд.

Акадэмія мела найбуйнейшую ў краіне бібліятэку з 40 000 тамоў. Нашчадак акадэміі – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

1831 год. Нарадзіўся  Вінцэнт Каратынскі (1831-1891).

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Быў памочнікам-сакратаром у У. Сыракомлі. Выдаў збор твораў У. Сыракомлі.

Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі – «Чым xата багата, тым рада».

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе, напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса.

На беларускую мову ягоныя творы перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

Памёр 7 лютага 1891 года.

1909 год. У г. Круглае нарадзілася Валянціна Філіповіч (1909-1942).

Географ, геамарфолаг, другая беларуская жанчына-геолаг апасля Ганны Місуны, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.

Загадчык кабінета геамарфалогіі Ленінградскага ўніверсітэта.

Адзін з праектантаў Вялікага Архангельска, даследчыца Ніжняга Прыамур’я.

Рэпрэсавана органамі НКУС.

план Вялікага Архангельска

1936 год. Нарадзіўся Мікола Гіль (1936-2022).

Беларускі пісьменнік, журналіст, перакладчык. Родны брат Ніла Гілевіча, бацька пісьменніка Міколы Віча (М. М. Гілевіч).

Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на рыдыё, у часопісах “Бярозка”,  “Родная прырода”,  галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Мастацтва”.

Аўтар больш за 10 кніг, аўтар кнігі “У времени в плену: Страницы жизни Геннадия Карпенко”.

Перакладаў на беларускую мову творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Памёр 14 сакавіка 2022 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Антон Платун (1896-1938).

Беларускі прафсаюзны, палітычны дзеяч. Быў наркамам асветы пры недахопе асабістай асветы, нават акадэмікам.

Удзельнік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў навукі і адукацыі. Ініцыятар “чыстак” у наркамаце.

Рэпрэсаваны сам і двое яго родных братоў.

1942 год. Нацысцкія карнікі вынішчылі разам з 2027 жыхарамі в. Боркі і навакольныя пасёлкі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны.

Адзначыўся батальён “Дырлевангер”, які пазней, у сакавіку 1943 года знішчыў Хатынь.

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія 6 пасёлкаў не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей.

На месцы найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). Рэканструяваны ў 2020 годзе.

1946 год. Нарадзіўся Дэміс Русас (1946-2015).

Вядомы грэчаскі спявак, любімы многімі пакаленнямі беларусаў.

Выдаў каля 40 альбомаў.

Самым папулярным у нашых суграмадзян з’яўляецца ягоны хіт “Goodbye my Love, Goodbye”.

1954 год. У швейцарскім Базелі заснаваны УЕФА.

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (Union of European Football Associations) аб’ядноўвае нацыянальныя футбольныя асацыяцыі еўрапейскіх краін.

Штаб-кватэра з 1995 года знаходзіцца ў швейцарскім Ньёне (раней – ў Парыжы). Беларусь далучылася да УЕФА ў 1993 годзе.

1954 год. Нарадзіўся Іван Крук.

Беларускі фалькларыст.

Даследуе беларускі фальклор, народную культуру, беларускі народны каляндар. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл», «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія».

1979 год. Нарадзілася Юлія Несцярэнка.

Беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў.

Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету і Еўропы, пераможца міжнародных спаборніцтваў серыі Гран-пры. Майстар спорту Беларусі, майстар спорту Беларусі міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту Беларусі. Ганаровы грамадзянін горада Брэста.

Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня. Вяртанне Смаленска. Тбіліская трагедыя. Памёр Аляксандр Македонскі

323 да нашай эры. У Вавілоне памёр Аляксандр III Вялікі, Македонскі.

Найбуйны палкаводзец старажытнага свету, цар. Памёр на 33-м годзе жыцця ад малярыі (а быць можа, і ад атруты) ў росквіце сіл і ў разгар падрыхтоўкі да новага вайсковага паходу.

Трэці па ліку Аляксандр на пасадзе цара Македоніі, воін “ад бога”, які атрымаў бліскучую адукацыю пад кіраўніцтвам Арыстоцеля.

У 338 годзе да н.э. разам з бацькам падпарадкаваў сабе ўсю Эладу, а за 13 наступных гадоў стварыў велізарную імперыю, якая распасціралася ад Істра (Дуная) да Ганга. Але спадчынніка Аляксандр не пакінуў, і з яго сыходам з жыцця дзяржава распалася на шэраг варожых адзін аднаму ўтварэнняў.

Па іншых дадзеных, вялікі палкаводзец памёр 10 чэрвеня.

1508 год. З Ліды выйшла Паспалітае рушэнне ВКЛ для дзеянняў супраць маскоўскіх войскаў.

Паспалітае рушэнне – мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, апалчэнне, агульны паход у Польшчы і ВКЛ.

Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя паспалітае рушэнне складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.

Шляхецкае апалчэнне на карціне Юзафа Бранта, 1880.

1611 год. Войскі Рэчы Паспалітай пасля працяглай аблогі і генеральнага штурма вярнулі Смаленск – важны стратэгічны горад па шляху на Маскву.

Горад быў у аблозе 20 месяцаў, з 26 верасня 1609 года. Голад і эпідэміі выкасілі большую частку 80-тысячнага горада. У Смаленску засталося 8 000 чалавек, у гарнізоне – 200 ваяроў.

Горад удалося ўзяць пры дапамозе аднаго са смаленскіх баярскіх сыноў, які паказаў слабое месца ў абароне. Насупраць слабага месца ў крэпасной сцяне былі пастаўлены некалькі батарэй. Пасля некалькіх дзён абстрэлу сцяна павалілася.

У ноч на 3 чэрвеня 1611 года нашы войскі пайшлі на штурм з чатырох напрамкаў.

Смаленск гарэў. Апошнія абаронцы замкнуліся ў саборнай царкве Багародзіцы. Калі ў сабор ўварваліся вялікалітоўскія войскі, то пасадскі чалавек А. Беляніцын узяў свечку і залез у склеп, дзе захоўваўся запас пораху. Выбух быў магутным, шмат людзей загінула.

Параненага маскоўскага ваяводу Шэіна ўзялі ў палон. Пад Смаленскам нашы ваяры згубілі каля 30 000 жаўнераў – 2/3 войска.

1702 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў ласкавае слова “рыбанька”.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні, адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

Памёр 15 мая 1762 года.

1746 год. Прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753).

Адбылося ў нясвіжскай летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба.

Уршуля – першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

1834 год. Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын (1834-1903).

Беларускі аграном, педагог, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Удзельнік літаратурнага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 26 жніўня 1903 года.

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

1888 год. Нарадзіўся Антон Аўсянік (1888-пасля 1933).

Беларускі палітык і дыпламат, дзеяч БНР, сакратар Рады БНР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клуба. У пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР, быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

На фота дзеячоў БНР – 2-гі справа стоячы – Антон Аўсянік

1889 год. Нарадзіўся Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, журналіст.

Скончыў Слуцкую гімназію (у ёй з Фабіянам Шантырам ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру), вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік І Сусветнай вайны, служыў у Палтаве, Туркестане, на Румынскім фронце. Быў старшынёй палкавога камітэта. Ад амаль 100 000 беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску.

Працаваў юрысконсультам Слуцкага павятовага зямельнага аддзела. У 1918 годзе ў складзе камісіі правяраў дзейнасць Слуцкай ЧК і выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату за гэта быў арыштаваны ЧК, сядзеў у Слуцкай, Бабруйскай, Смаленскай турмах.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Арыштоўваўся ДПУ БССР у 1930 і 1937 гадах, асуджаны да лагераў.

Памёр у ГУЛАГу.

1943 год. Польскімі падпольшчыкамі забіты Юльян Саковіч (1906-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў канспірацыйнай Беларускай незалежніцкай партыі і кіраўнік Беларускай Народнай Грамады.

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў членам Беларускага студэнцкага саюза, КПЗБ, Таварыства беларускай школы. Актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, выдаваў разам з Г. Вялецкім у Вільні часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва.

Вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, савецкіх турмаў.

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады ў Беларускай народнай самапомачы.

1956 год. Нарадзіўся Леанід Тараненка.

Беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён свету.

Уладальнік 19 сусветных рэкордаў, прычым два з іх – 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і – застаюцца неперасягнутымі і сёння.

2015 год. У Тбілісі адбылася трагедыя.

У грузінскай сталіцы Тбілісі пайшоў звычайны дождж.

Тбілісцы раскрылі парасоны і працягнулі займацца сваімі штодзённымі справамі. У той момант яшчэ ніхто не ведаў, што 14 чэрвеня горад чакае самы цяжкі світанак за апошнія дзясяткі гадоў.

Экстраннае паведамленне аб паводцы прагучала толькі ў 23:00. Паводка адбылася з-за сходу апоўзня ў раку Веры, якую звычайна пераплюнуць можна, яна працякае вышэй за Тбілісі.

На горад рушылі масы вады, уперамешку з зямлёй і выдранымі з каранямі дрэвамі. Раз’юшаная Веры, накіраваўшыся да ракі Кура, зносіла ўсё на сваім шляху…

Горад ахоплівала паніка – на вуліцах на волі аказаліся львы, тыгры, ваўкі і гіены, бегемот з заапаркаў. Адзін з супрацоўнікаў заапарка быў загрызены насмерць белым тыграм.

Да гэтага часу невядомы лёс трох жыхароў горада. Ахвярамі апоўзня лічацца 19 чалавек.

2019 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд +30,7°С.

Рэкорднай да гэтага лічылася тэмпература 30,5°С 13 чэрвеня 1959 года.

Дзень у гісторыі. 2 чэрвеня. Магілёўцам вярнулі цэрквы. Новачаркаск залілі крывёй. Нарадзіліся Ю. Віцьбіч, Э. Малафееў, К. Карстэн.

Дзень адмовы ад празмернасцяў у ежы. Дзень здаровага харчавання  (A Day of Abandoning Excesses in Food. Day of Healthy Eating, з 2011 года).

Праводзіцца ў процівагу амерыканскаму святу “Нацыянальны дзень, калі можна есці ўсё, што хочацца”.

Цікавыя факты.

Па папулярнасці ў свеце сярод прадуктаў на першым месцы знаходзяцца макароны, на другім і трэцім – мяса і рыс.

Здароўе чалавечага арганізма на 74% залежыць ад той ежы, якую ён спажывае.

На планеце толькі 44% жыхароў пры выбары прадуктаў харчавання кіруюцца меркаваннямі здароўя. Астатнія 66% выбіраюць прадукты сыходзячы з іх кошту.

1633 год. Выйшаў загад караля Уладзіслава IV Вазы аб магілёўскіх цэрквах.

Жыхарам Магілёва вярталіся ўсе праваслаўныя цэрквы, якія былі зачынены і  запячатаны ў 1619 годзе. Гэта адбылося пасля паўстання гараджан 1618 года.

Увосень 1618 года ўніяцкі мітрапаліт І. Кунцэвіч пажадаў наведаць Магілёў і абярнуць жыхароў ва ўніяцтва, аднак жыхары горада пры яго набліжэнні сталі біць трывогу ў вечавы звон. Былі зачынены ўсе гарадскія вароты, на сценах і валах былі расстаўлены ўзброеныя людзі. Пасля гэтага ўлады горада разам з натоўпамі народа з харугвамі ў руках выйшлі насустрач Кунцэвічу, пачалі праклінаць яго як вераадступніка і нават пагражалі забіць, калі ён не адыдзе ад Магілёва. Паўстанне ўзначальваў бурмістр Магілёва Багдан (Мірон) Собаль.

Пасля гэтага Кунцэвіч асабіста адправіўся са скаргай у Варшаву да караля Жыгімонта III. Паводле каралеўскага ўніверсала ад 22 сакавіка 1619 года ўсе завадатары паўстання ў ліку 20 чалавек павінны былі быць пакараныя, на горад быў накладзены буйны штраф на карысць казны, а ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры з іх маёнткамі і прыбыткамі былі перададзены ў падпарадкаванне Кунцэвічу.

Пры гэтым у рашэнні спецыяльна згадана, што справа тычыцца не прыгнёту веры, а бунту і абразы не толькі архімандрыта, але і самога караля. Акрамя таго, 20 лістапада кароль забараніў жыхарам Магілёва будаваць цэрквы без дазволу Кунцэвіча.

Кароль Уладзіслаў IV Ваза.

1792 год. Наданне каралём С. Панятоўскім герба Браславу “Вока Божае”.

У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы.

Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохкутнік – трыадзінства Бога – Айца, Сына і Духа Святога. Сонца з найстаражытнейшых часоў з’яўляецца сімвалам жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай.

“Вока Божае” на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння алтароў ў храмах і на прадметах культавага прызначэння.

Цяперашні герб зацверджаны 20 студзеня 2006 года. У краязнаўчым музеі Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

1905 год. Нарадзіўся Юрка Віцьбіч (Стукаліч, Алесь Крыжаніч; сапраўднае імя – Серафім Шчарбакоў; 1905-1975).

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года арыштаваны ДПУ. Падчас вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 годзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”.

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года – на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Помнік змагарам за свабодную Беларусь у Саўт-Рывер.

1942 год. Нарадзіўся  Эдуард Малафееў

Футбаліст, беларускі і расійскі трэнер па футболу, нападнік зборнай СССР, Заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны трэнер БССР і СССР.

Гулец за маскоўскі “Спартак”, у 1963-1974 – у мінскім “Дынама” (забіў 114 галоў), у 1963-1968 гадах гуляў за зборную СССР. Срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1964.

Пасля заканчэння кар’еры перайшоў на трэнерскую працу. У 1978 г. узначаліў мінскае «Дынама», якое прывёў да золата чэмпіянату СССР (1982). Пазней яшчэ два разы вяртаўся ў «Дынама» (1988-1991, 2001-2002).

У 1984-1986 гадах быў галоўным трэнерам зборнай СССР, якая пад яго кіраўніцтвам перамагла ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 1986.

Пазней трэніраваў розныя клубы Расіі, Беларусі і Літвы. У 2000-2003 быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі, якую прывёў да лепшага дасягнення (3 месца ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 2002).

У снежні 2009 года быў прызначаны галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра». Абяцаў прывесці клуб да залатых медалёў чэмпіянату, але з-за хваробы пакінуў пасаду галоўнага трэнера ўжо ў маі 2010 года.

1955 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў “Аб новым палігоне для Міністэрства абароны СССР” – Байканура.

Будаўніцтва касмадрома ішло ў пустыннай казахскай мясцовасці ў рэжыме найстрогай сакрэтнасці.

У маі 1957 года з палігона быў зроблены першы пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-7, потым – першы ў гісторыі штучны спадарожнік Зямлі (4 красавіка 1957), першы касмічны карабель з чалавекам на борце (Ю. Гагарын, 12 красавіка 1961).

З Байканура ляталі ў космас і пяць беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, уключаючы і першую жанчыну-касманаўта В. Церашкову (бацька У. Церашкоў родам з в. Выйлава Бялыніцкага раёна, загінуў на фінскай вайне; маці – А. Церашкова родам з в. Ерамееўшчына Дубровенскага раёна).

1962 год. Падаўлены стыхійны мітынг і дэманстрацыя працоўных Новачаркаска Растоўскай вобласці.

Заліты крывёй з дапамогай войск Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Жыхары пратэставалі супраць павышэння коштаў на прадукты харчавання. Падчас вайсковай аперацыі па “навядзенні парадку” былі забітыя 23 чалавекі, каля 40 чалавек атрымалі раненні. Зроблены масавыя арышты. У ходзе судовага разбору над удзельнікамі хваляванняў у Новачаркаску 14 чалавек былі прызнаны арганізатарамі беспарадкаў, 7 чалавек прыгавораны да расстрэлу, астатнія – да заключэння на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Як сказана ў пастанове Вярхоўнага Савета Расіі “Аб падзеях у г. Новочеркаску ў чэрвені 1962 года” ад 22 мая 1992 года, “партыйна-савецкімі ўладамі ў г. Новачаркаску была жорстка задушана з ужываннем войскаў мірная дэманстрацыя працоўных, якія патрабавалі паляпшэнні свайго сацыяльна-эканамічнага становішча. Загінулі і атрымалі раненні дзясяткі ні ў чым не вінаватых людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Многія ўдзельнікі падзей былі падвергнутыя судовай расправе за дзеянні, якія з’явіліся адказам на неправамерныя і правакацыйныя паводзіны ўладаў”.

1970 год. Нарадзіўся Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр, двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг). Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку  з М. Валуевым і М. Паповым.

17 ліпеня 2008 года знойдзены мёртвым з нажом у грудзях у сваёй кватэры ў Салігорску. Версія следства – самагубства.

1972 год. Нарадзілася Кацярына Карстэн (дзявочае – Хадатовіч).

Беларуская вяслярка ў акадэмічным веславанні, “Кацярына Вялікая беларускага веславання”. Першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў алімпійскай камандзе Беларусі (1996, 2000); шасціразовая чэмпіёнка свету. Заслужаны майстар спорту СССР. Першы поўны кавалер ордэна Айчыны (2008).

У 1998 годзе выйшла замуж за нямецкага бізнесмена В. Карстэна. Жыве ў Германіі.

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.

2009 год. Зацверджаны герб Лепеля.

Герб «у чырвоным полі Пагоня» дараваны гораду 20 ліпеня 1852 года.

17-тысячны горад згадваецца з 1439 года. Меўся замак, гандлёвы порт. У свой час належыў Л. Сапегу, у 1772-1776 гадах быў сталіцай Полацкага ваяводства. У горадзе працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці, ГЭС.

Дзень у гісторыі. 16 мая. Забойства А. Баболі. Кароль Ян III Сабескі. “Тарас на Парнасе”. Першы “Оскар”. Нарадзіліся В. Вітка, В. Корбут

Успамін святога Андрэя Баболі (Каталіцкі каляндар)

Андрэй Баболя (30.11.1591 – 16.5.1657) – рэлігійны каталіцкі дзеяч, місіянер. Святар і мучанік. Святы, апякун Пінскай дыяцэзіі.

Андрэй Баболя праславіўся як знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы і здольны прамоўца, што дазваляла яму перамагаць прадстаўнікоў праваслаўя ў дыспутах і схіляць іх да каталіцызму. Быў празваны «душахватам», «апосталам Піншчыны».

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў схоплены і закатаваны ў Янаве-Палескім (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобл.) атрадам казакаў палкоўніка А. 3дановіча.

Цела Андрэя Баболі пазней перавезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, у 1702 годзе крыпта была эксгумавана і цела знойдзена нятленным. Культ Андрэя Баболі пачаў пашырацца ў Рэчы Паспалітай, потым у Аўстрыі і Германіі.

Беатыфікаваны ў 1853, кананізаваны ў 1938 годзе. У 1808 яго цела перавезена ў Полацк, у 1924 – у Рым, у 1938 – у Варшаву.

16 мая 2002 года святы Андрэй Баболя абвешчаны патронам Польшчы. Ён таксама ёсць патронам Пінскай дыяцэзіі. У Полацку з 1997 года працуе касцёл Св. Андрэя Баболі.

Дзень памяці ахвяраў вайны 1654-1667 гадоў.

У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у параўнанні з 1648 годам, насельніцтва краіны паменшылася ўдвая. На Магілёўшчыне і Смаленшчыне існаваў партызанскі рух супраць захопнікаў – рух “шышэй”.

1674 год. Абранне каралём і вялікім князем ВКЛ Яна III Сабескага (1629-1696).

Удзельнічаў у войнах супраць Масковіі, казакоў Хмяльніцкага, шведаў у Паўночнай вайне 1655-1660, Асманскай імперыі. Перамог турак і татар пад Хоцінам (1673), выратаваў Еўропу ад турак, разбіўшы іх пад Венай (1683). Мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

1762 год. Нарадзіўся Юзаф Копаць (1762-1827).

Удзельнік паўстання 1794 года, генерал, падарожнік, даследчык Камчаткі, мемуарыст, аўтар «Дзённіка падарожжа ўздоўж усёй Азіі па сушы да порта Ахоцк, акіянам праз Курыльскія астравы да Ніжнекамчацка…» (1817).

З павагай пісаў пра камчадалаў, чукчаў, якутаў, буратаў i прыводзіў пра ix этнаграфічныя звесткі. Кніга мае навукова-этнаграфічную каштоўнасць, некалькі разоў перавыдавалася (Берлін, 1863; Парыж, 1867; Львоў, 1867), перакладзена на французскую і рускую мовы. Рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

1889 год. Упершыню апублікавана паэма “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына (1834-1903) у газеце “Минскій листок”.

На працягу 1890-х-1910-х гадоў перавыдаваўся неаднаразова, у перыёдыцы і асобна, пад рознымі назвамі, і актыўна распаўсюджваўся ў спісах. Этнограф Е. Раманаў, які падрыхтаваў адно з першых выданняў, сцвярджаў у 1896 годзе, што Тараса “ва ўсякай хаце знайсці можна”.

“Тарас на Парнасе” ўваходзіць ва ўсе праграмы вывучэння беларускай літаратуры, перакладаўся на многія мовы, ілюстраваўся і інсцэніраваўся.

1911 год. Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны працаваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва», «Вясёлкі».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак для дзяцей, п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Памёр 5 ліпеня 1996 года.

1929 год. У ЗША адбылася першая цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”.

Заснавана ўраджэнцам Мінска Лазарам Маерам. Квіток на цырымонію каштаваў 5 даляраў, цягнулася яна 15 хвілін. Першы “Оскар” прайшоў сціпла і сабраў усяго 270 гасцей.

Акцёры і актрысы, якія перамаглі, былі ўзнагароджаны не за канкрэтны праект, а за ўсе фільмы, у якіх яны здымаліся на працягу года.

Першай лепшай актрысай у гісторыі кінематографа стала Джанет Гейнар (“Сёмае неба”, “Вулічны анёл” і “Узыход сонца: песня двух людзей”), а нямецкі кінаакцёр Эміль Янінгс (“Апошні загад” і “Шлях усякай плоці”) стаў першым мужчынай, які атрымаў прэмію кінаакадэміі.

Першы “Оскар” за лепшую рэжысуру быў уручаны Люісу Майлстоуну (“Два аравійскіх рыцара”). Лепшымі карцінамі 1927-1929 гадоў былі прызнаны дзве – “Узыход сонца” і “Крылы”.

Статуэткі таксама атрымалі сцэнарыст Бэн Хэтч і прадзюсер Джэк Уорнер. Чарлі Чаплін, акцёр, рэжысёр і прадзюсер стужкі “Цырк”, быў удастоены прэміі “За выдатныя дасягненні ў кінематографе”. Аналагічную статуэтку атрымала кампанія Warner Brothers за гукавы фільм “Спявак джаза”.

Першая цырымонія ўручэння Оскараў была адзінай цырымоніяй, якая ніяк не транслявалася ў СМІ ці на радыё.

1955 год. У Гродна нарадзілася Вольга Корбут.

Беларуская і савецкая гімнастка. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Занесена ў Міжнародную залю славы гімнастыкі.

У 15 гадоў стала чэмпіёнкай СССР і ўвайшла ў зборную СССР. Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР, шматразовая чэмпіёнка СССР. У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету.

3 1991 года жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл. Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

1986 год. У Гродна адкрыўся Дом-музей Максіма Багдановіча.

Месціцца ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. У гэтым доме з чэрвеня 1892 па кастрычнік 1896 года разам з бацькамі жыў беларускі паэт.

Між іншых у стварэнні калекцыі музея паўдзельнічала беларуская паэтэса Л. Геніюш, музею былі перададзены яе вышыванкі, якія вельмі падабаліся Максіму Багдановічу. Рарытэтны зборнік «Вянок» (1913) музею перадаў яе сын Юрый.

1995 года. Кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў сарваў дзяржаўны сцяг Беларусі.

Ціцянкоў – ураджэнец в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Пасля завяршэння рэферэндуму па дзяржаўнай сімволіцы, ён сарваў з даху Дому ўраду і разарваў на кавалкі гістарычны нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг – дзяржаўны ў 1991-1995 гадах.

1999 год. Памёр Мікола Ганько (1923-1999).

Беларускі дзеяч на эміграцыі. Брат старшыні Саюза беларускай моладзі Міхася Ганько.

У час нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, у 1944 годзе быў на курсах сярэдніх кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі.

З лета 1944 года ў эміграцыі. Быў адным з заснавальнікаў парафіі Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, шматгадовым кіраўніком Згуртавання беларусаў у Канадзе. Адзін з ініцыятараў стварэння таварыства дапамогі дзецям – ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта.

2001 год. Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама званне Ганаровы грамадзянін горада было прысвоена спартсменам і пісьменніку, Герою СССР.

Званне прысвоена алімпійскім чэмпіёнам Святлане Баітавай (гімнастыка), Аляксандру Масяйкову (веславанне), Герою Савецкага Саюза Аляксандру Мініну, тульскаму пісьменніку, аўтару кнігі аб абароне Магілёва ў 1941 года Мікалаю Дружыніну.

Фота. С. Баітава.

2021 год. Памёр Яўген Анішчанка (1955-2021).

Беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, адзін з арганізатараў “Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў”, даследчык гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, гісторыі Беларусі XVII-XIX стст.

Аўтар 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў. Працаваў у інстытуце культуры, Інстытуце гісторыі НАНБ.

У 2004 годзе  абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК.

На думку аўтара, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя.

Пасля звальнення з НАНБ у 2004 годзе працаваў дворнікам, галоўным архівістам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, у Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце.

Дзень у гісторыі. 17 красавіка. Заснаванне Metro-Goldwyn-Mayer, Цэнтральнага батанічнага сада. Нарадзіўся Р. Кастусёў

Сусветны дзень гемафіліі (World Hemophilia Day, з 1989 года).

Праводзіцца па ініцыятыве Сусветнай федэрацыі гемафіліі. 

Мэта – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем дадзенага захворвання. Гемафілія – спадчыннае “мужчынскае”, “царскае” захворванне, звязанае з парушэннем працэсу згортвання крыві. Яно выяўляецца кровазліццямі ў суставы, мышцы і ўнутраныя органы.

Дата была абрана ў гонар дня нараджэння Фрэнка Шнайбеля – стваральніка Сусветнай федэрацыі гемафіліі.

дзень гемафіліі

1924 года. Аб’ядналіся кінастудыі Metro Pictures, Goldwyn Pictures і кампанія Маера з ўтварэннем Metro-Goldwyn-Mayer.

Заснавальнік студыі, кінапрэміі “Оскар”, сузаснавальнік амерыканскай Акадэміі кінематаграфіі – Луис Маер (1884–1957). Ён нарадзіўся ў Мінску.

Стварыў цэлую імперыю забаў, яго называюць творцам плеяды кіназорак Metro-Goldwyn-Mayer яе залатых гадоў, пра якіх казалі, што “іх больш, чым зорак на небе”.

Маер удастоены ганаровага “Оскара” і зоркі на Галівудскай алеі славы. Часопіс “Time” абраў яго ў якасці аднаго са 100 самых уплывовых людзей XX стагоддзя. Маер мае зорку і на канадскай Алеі славы.

У яго гонар названы Тэатр Універсітэта Санта-Клары ў Каліфорніі.

Луіс Майер быў шмат разоў адлюстраваны ў мастацкім кіно (у асноўным сатырычна) – у больш чым 30 кінастужках.

Metro-Goldwyn-Mayer

1925 год. Нарадзіўся Мікалай Падшываленка (1925-2015).

Заслужаны трэнер БССР, сакратар Магілёўскай абласной федэрацыі футбола, стваральнік ветэранскай арганізацыі Магілёўскага абласнога ўпраўленя МУС.

Кіраўнік праекта стварэння помніка байцам батальёна міліцыі капітана К. Уладзімірава ў в. Гаі Магілёўскага раёна.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Палкоўнік. Быў сябрам Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Мікалай Падшываленка

1932 год. Рашэннем Савета Народных Камісараў БССР заснаваны Цэнтральны батанічны сад у Мінску.

Будаўніцтва саду вялося пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН БССР прафесара С. Мельніка на тэрыторыі ў 106 гектараў, якая раней належала Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўцы.

Зараз Цэнтральны батані́чны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – адзін з буйнейшых батанічных садоў Еўропы, як па сваёй плошчы – 153 га, так і па складу сваёй калекцыі – каля 10 000 назваў. Батанічны – помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Буйны твор садова-паркавага мастацтва. Спалучае рысы пейзажнай i рэгулярнай планiроўкi. З’яўляецца не толькі цэнтрам навуковых даследаванняў, але і традыцыйным месцам адпачынку жыхароў і гасцей сталіцы.

Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Мінска, непадалёку ад праспекта Незалежнасці, каля парка Чалюскінцаў.

Цэнтральны батанічны сад

1936 год. Нарадзіўся Міхась Рудкоўскі.

Беларускі паэт і перакладчык. Скончыў Пінскае педагагічнае вучылішча, Брэсцкі педінстытут.

Настаўнічаў, працаваў у ганцавіцкай раённай газеце «Сялянская праўда»,на Брэсцкай студыі тэлебачання.

Аўтар 9 зборнікаў вершаў. Перакладаў з украінскай, рускай і польскай моў.

Імя паэта прысвоена Астроўскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна.

Памёр 7 ліпеня 1991 года.

Міхась Рудкоўскі

1957 год. У в. Цяхцін Бялыніцкага раёна нарадзіўся Рыгор Кастусёў.

Палітычны і грамадзкі дзеяч, старшыня Магілёўскай абласной Кааліцыі дэмакратычных сілаў, старшыня Партыі БНФ.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў ў саўгасе «Друць», дырэктарам саўгаса «Іскра» Бялыніцкага раёна, дырэктарам Шклоўскага райаб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі і магілёўскага сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла – Белая Русь», у пецярбургскай ТАА «СтройАрком», намеснікам гендырэктара ТАА «Асвейская будаўнічая кампанія».

З 1996 года сябра Сойма БНФ, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ (2002–2009), намеснік старшыні Партыі БНФ. 30 верасня 2017 года абраны старшынёй Партыі БНФ.

У час прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай А. Мілінкевіча. На выбарах 2010 года быў кандыдатам у прэзідэнты. На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ўвайшоў у ініцыятыўную групу Т. Караткевіч.

12 красавіка 2021 года быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Яго абвінавацілі ў спробе перавароту ў Беларусі.

5 верасня 2022 года судом Мінскага раёна прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. 3 ліпеня 2024 году выйшаў на волю. 

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рыгор Кастусёў

1963 год. У Кіеве памёр ураджэнец маёнтка Скубейкава (зараз у складзе в. Дварэц Глускага раёна) Сцяпан Шутаў (1902–1963).

Танкіст, камбрыг, палкоўнік. Двойчы Герой Савецкага Саюза – адзін з 7 беларусаў і адзін з 3-х ураджэнцаў Магілеўшчыны разам з І. Якубоўскім і І. Гусакоўскім. Удзельнік грамадзянскай і Другой Сусветнай войнаў.

Некаторыя крыніцы памылкова ўказваць месца нараджэння – п. Глуша Бабруйскага раёна.

На службе ў войску з 1924 года. Да вайны камандаваў танкавым батальёнам.

Ваяваў на Заходнім, Волхаўскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Украінскіх франтах, удзельнічаў у бітве пад Масквой, на Курскай Дузе, фарсіраваў Дняпро, вызваляў Кіеў, герой Яска-Кішынёўскай аперацыі. Службу скончыў намеснікам камандзіра 9-га гвардзейскага механізаванага корпуса пасля цяжкага ранення ў Трансільванскіх Альпах і ампутацыі рукі ў верасні 1944 года.

Бронзавы бюст усталяваны ў 1949 годзе на радзіме – в. Дварэц Глускага раёна, у 1970-х са згоды сям’і бюст перанесены ў цэнтральны парк Глуска, ягоным імем названы вуліцы ў Маскве, Кіеве, Асіповічах, Бабруйску, Глуску, Магілёве (Бароўка), в. Сіманавічы Бабруйскага раёна, школа ў Глускім раёне.

Сцяпан Шутаў

1976 год. Нарадзіўся Уладзімір Самсонаў.

Беларускі гулец у настольны тэніс. Першы ў свеце гулец, які выйграваў турніры сусветнай серыі на ўсіх пяці кантынентах: у Афрыцы, Амерыцы, Азіі, Еўропе і Аўстраліі.

Трохразовы пераможца Кубка свету (1999, 2001, 2009), 6-разовы чэмпіён Еўропы ў розных разрадах, 4-разовы пераможца «Еўра-Топ12», 9-разовы пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў. Станавіўся першай ракеткай свету.

Удзельнік шасці Алімпіяд.

У 2021 годзе абвясціў пра завяршэнне сваёй прафесійнай кар’еры.

Уладзімір Самсонаў

1988 год. Нарадзіўся Андрэй Арамнаў.

Беларускі цяжкаатлет. Алімпійскі чэмпіён.

На Летніх Алімпійскіх гульнях-2008 у Пекіне атрымаў залаты медаль у вагавай катэгорыі 105 кг, устанавіўшы тры сусветныя рэкорды: у рыўку (200 кг), штуршку (236 кг) і суме дваябор’я (436 кг).

Пераможца нацыянальнага адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008» у Беларусі ў намінацыі «Спартсмен года».

У 2016 годзе зышоў са спорту, але ў 2018 аднавіў спартыўную кар’еру. Стаў срэбраным прызёрам Чэмпіянату Еўропы-2019 у вагавай катэгорыі да 109 кг і рэкардсменам Беларусі. Стаў адным з галоўных герояў планетарнага першынства ў Патаі (Тайланд), выйграўшы срэбра ў шматбор’і, а таксама малыя сярэбраны і бронзавы медалі ў асобных практыкаваннях. Прызнаны найлепшым спартсменам 2019 года ў Беларусі.

Андрэй Арамнаў

2016 год. Памёр Вітаўт Мартыненка (1959–2016).

Беларускі музычны крытык, журналіст, пісьменнік, паэт.

Працаваў у розных СМІ, на «Радыё Свабода».  Арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад.

Сустваральнік першага ў Беларусі рок-клуб «Няміга» (1985). Удзельнік арганізацыі фэстаў «Тры колеры», «Басовішча».

Аўтар музыказнаўчых кніг, шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця.

“Натуральны Курт Кабейн беларусскай музжурналістыкі».

Вітаўт Мартыненка

Дзень у гісторыі. 12 сакавіка. Канец савецка-фінскай вайны

1851 год. Памёр Ян Баршчэўскі (1794-1851).

Беларускі і польскі літаратар, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Вядомы за свой найбуйнейшы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле якога на “Беларусьфільме” зняты фільм В. Туравым.

Аўтар вершаў на беларускай мове, паэм, балад, аповесцей, «Нарыса паўночнай Беларусі». Яго вершы «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку А. Абрамовічам.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум. Падарожнічаў па наваколлях возера Нешчарда, па Беларусі, у тым ліку па  Мсціслаўшчыне. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы.

Выкладаў на Беларусі, у Пецярбургу. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. Сябраваў з А. Міцкевічам, Т. Шаўчэнкам, Г. Шапялевічам.

Займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» (1840-1844).

Па запрашэнні польскага пісьменніка Г. Жавускага пераехаў у г. Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў мастак-графік Напалеон Орда. Ва Украіне збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў.

Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Чуднаве.

У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Я. Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў».

У гонар пісьменніка пастаўлены помнікі на беразе возера Нешчарда, у Чуднаве.

Ян Баршчэўскі
Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня». Мастак Рудольф Жукоўскі

1868 год. У в. Студзянец сённяшняга Клімавіцкага раёна нарадзіўся Панцеляймон Лепяшынскі (1868-1944).

Выхаванец магілёўскай гімназіі. Прафесійны рэвалюцыянер, доктар гістарычных навук. Паплечнік У. Леніна. Стваральнік Ліцвінавіцкай школы-камуны.

Працаваў у наркамасветы, Маскоўскім універсітэце і Камуністычнай Акадэміі, дырэктарам гістарычнага музея, Музея рэвалюцыі ў Маскве. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б).

Аўтар драм, рамана, аповесці, апавяданняў, успамінаў, навуковых прац па гісторыі, народнай асветы, пра А. Грыбаедава, М. Салтыкова-Шчадрына і іншых.

Памёр 30 верасня 1944 года.

У Беларусі існуе Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Лепяшынскага за лепшы публіцыстычны твор.

Яго імя носіць вуліца ў Магілёве. У Чэрыкаве таксама ёсць вуліца Лепяшынскага, але ў гонар его брата – Мадэста, стваральніка Леменскай школы-камуны каля Чэрыкава.

У 1986 годзе зняты мастацкі фільм «Нетерпение души» аб стварэнні Ліцвінавіцкай школы-камуны, дзе ў ролі Лепяшынскага зняўся В. Ціханаў. У аграгарадку Ліцвінавічы Кармянскага раёна працуе мемарыяльны музей П. Лепяшынскага.

Панцеляймон Лепяшынскі

1871 год. У Парыжы памёр Леанард Ходзька (1800-1871).

Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец.

Сябра таварыства філарэтаў, паплечнік А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, быў сакратаром кампазітара М. Агінскага.

З 1822 года на эміграцыі, жыў у Парыжы.

Аўтар паэм, біяграфіі Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы», выдаў зборнікі твораў А. Міцкевіча, І. Красінскага, мемуары М. Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у тым ліку «Польшча», у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь.

Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны.

Леанард Ходзька

1922 год. Памёр пры загадкавых абставінах Кузьма Цярэшчанка (1888-1922).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.

Старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Усебеларускага з’езда ў Мінску, член Віленскай беларускай рады.

У 1919 годзе быў камісарам Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Гродне, міністр унутраных спраў БНР.

З восені 1919 года старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Член Найвышэйшай Рады БНР.

Працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі.

Кузьма Цярэшчанка

1932 год. Заснавана Краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле».

З моманту заснавання называлася “Чырвоны сцяг”, затым – “Голас Краснапольшчыны”.

Перыядычнасць выхаду: серада, субота. 

Чырвоны сцяг

1940 год. Падпісанне мірнага дагавору паміж СССР і Фінляндыяй. Канец савецка-фінскай вайны (30 лістапада 1939 – 12 сакавіка 1940).  

Вайна фармальна не аб’яўлялася, але СССР афіцыйна разарваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй.

Прычынай для вайны быў названы інцыдэнт артылерыйскага абстрэлу тэрыторыі СССР.  Праз шмат гадоў М. Хрушчоў пісаў, што гэты абстрэл быў арганізаваны савецкім камандармам 1-га рангу Р. Куліком.

Стратэгічнае становішча СССР па выніках вайны пагоршылася: быў падарваны яго міжнародны аўтарытэт, Ліга Нацый выключыла яго са сваіх членаў, Фінляндыя адышла ад палітыкі нейтралітэту і зблізілася з Германіяй.

У захопніцкай, вельмі непапулярнай у народзе  вайне СССР паказаў сваю слабасць: 131 476 забітымі і згінуўшымі без весткі (страты фінаў – 22 830), 200 000 параненых, 51 000 захварэўшых. Страты 406 самалётаў супраць 62 фінскіх, 653 танкаў супраць 50 фінскіх.

За баявыя подзвігі ў савецка-фінляндскай вайне 20 беларусам і ўраджэнцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку В. Кучараваму з Чэрыкава, І. Саламонікаву з-пад Магілёва, А. Целешаву з-пад Чавус. 

Канец савецка-фінскай вайны

1944 год. Нямецкімі захопнікамі створаны тры Азарыцкія лагеры смерці ў Даманавіцкім (зараз Калінкавіцкі) раёне ў якасці жывой заслоны на шляху наступу Чырвонай арміі.

Створаны па загаду камандзіра 9-й арміі Ё. Гарпэ. У лагеры прыгналі каля 50 000 жыхароў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей БССР, Смаленскай і Арлоўскай РСФСР.

Папярэдне ў лагеры завезлі хворых на сыпны тыф, каб сарваць наступ Чырвонай арміі за кошт эпідэміі сярод вайскоўцаў.

19 сакавіка 1944 года наступаючыя часткі Чырвонай арміі знайшлі гэтыя лагеры на балотах. Подступы да іх былі замінаваныя. Ніякіх пабудоваў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лагераў не было. Зняволеныя размяшчаліся на зямлі. Ім было забаронена разводзіць вогнішчы, збіраць галлё для падсцілкі.

З  трох лягераў вызвалілі 33 480 чалавек, з іх 15 960 (48 %) дзяцей да 13 гадоў і 13 072 (39 %) жанчынаў, 4 448 (13 %) старых.

У 1965 годзе на месцы лагераў узвялі мемарыяльны комплекс, у 2004 годзе ў Азарычах адчынілі Музей памяці.

Азарыцкія лагеры смерці

2006 год. На Замкавай плошчы ў Варшаве прайшоў першы канцэрт пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю».

Праведзены напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Салідарныя з Беларуссю” – серыя канцэртаў, праведзеных польскай грамадскай арганізацыяй Ініцыятыва «Вольная Беларусь» у Варшаве на Замкавай плошчы. На канцэртах выступалі польскія і беларускія музыкі Л. Вольскі, Зм. Вайцюшкевіч, А. Кулінковіч, Руся і іншыя.

Другі канцэрт быў праведзены 25 сакавіка 2007, трэці – 30 сакавіка 2008 года.

«Салідарныя з Беларуссю»

1988 год. Нарадзілася Марына Літвінчук (Паўтаран).

Беларуская вяслярка на байдарцы. Трохразовая чэмпіёнка свету, шасьціразовая чэмпіёнка Еўропы, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (2012, 2016).

Чэмпіёнка Еўропы 2011 году ў гонцы-адзіночцы на 5000 м, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Марына Літвінчук

1999 год. У блок НАТА ўступілі Чэхія, Польшча і Венгрыя.

Гэта было 4-е пашырэнне ваенна-палітычнай арганізацыі краін Паўночнай Амерыкі і Еўропы, створанай на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора ад 4 красавіка 1949 года. І першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955-1991 гадоў.

У 2004 годзе да НАТА далучыліся Балгарыя, Эстонія, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, у 2009 годзе – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 – Паўночная Македонія.

Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.

18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.

Беларусь удзельнічае ў Савеце еўраатлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе. 

Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020-2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair і інструменталізацыі нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА.

НАТА

Дзень у гісторыі. 13 студзеня. Штурм тэлецэнтра ў Вільнюсе. Нарадзіліся Суцін, Сагановіч, Шчэрба

Шчодрык-Васілле, Малання, Васільеў вечар, Васільева каляда (13-14 студзеня). Сустрэча Новага года па юліянскім календары. Пачатак Шчодрага тыдня. 

Шчодрая (другая, мясная, нішчымная, скаромная, багатая, тоўстая) куцця – абрадавая пераднавагодняя вячэра. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы. 

Свята – кульмінацыя зімовых святак у гонар сонцавароту, галоўнай часткай якой, як і ў час калядаванняў, быў абход двароў, гаспадарак, хат са шчадроўкамі.

У адрознені ад калядак, якія спяваліся пад вокнамі, шчадроўкі – прадстаўленні з казой, конікам, буслам, жоравам, мядзведзем, смерцю – ладзіліся з дазволу гаспадароў у хаце.

14 студзеня зранку дзеці ладзілі Засяванне – “засявалі хаты” – магічна ўплывалі на будучы ўраджай. Яны прыходзілі да сваіх родных з зернем у прыполіку і з прыгаворам “Сею, сею, засяваю, з новым годам віншую, добрага ўраджаю жадаю!” рассыпалі зерне па хаце.

На Васільеў вечар дзяўчыны варажылі аб лёсе, замужжы. Яшчэ да наступу світанка, варылі абрадавую кашу. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў, то гэта прадвесціла бяду. Тое ж самае было звязана і з няпоўным чыгуном. Чырвоная каша, поўная – прадвесціла шчасце ўсёй хаце і шчасце для дачкі. Каша дробная, белая – суцэльная бязладзіца. У Васільеў вечар хадзілі па хатах для збірання пірагоў і свіных ножак. Пастукаўшыся ў вакно заможнай сям’і, шчадроўшчыкі спявалі: “Кішку ды ножкі ў верхняе акенца”.

Стары Новы год

404 год. Адбыліся апошнія баі гладыятараў у Рыме. 

Назва гладыятар паходзіць ад назвы маленькага двусечнага мяча з шырокім і вострым лязом (лац. Gladius – “меч”). Больш за шэсць з паловай стагоддзяў (з сярэдзіны III стагоддзя да н.э.) бітвы спецыяльна навучаных рабоў і ваенапалонных на залітай крывёй арэне цырка прыводзілі натоўп і патрыцыяў у апантанае захапленне.

Забарону на гэтую крывавую забаўку наклала хрысціянская царква ў згодзе з уладай. У забароне гульняў не апошнюю ролю адыграў такі трагічны выпадак. Падчас фінальнай стадыі паядынку на арэне Калізея, калі пераможца сутычкі рыхтаваўся нанесці апошні ўдар пераможанаму суперніку, на арэну выбег манах, каб спыніць расправу. Натоўп, які прагнуў крыві, закідаў камянямі высакароднага хрысціяніна Альмахуса (Святы Тэлемах). Уражаны здарэннем імператар Флавій Ганорый Аўгуст забараніў баі гладыятараў у Рыме.

Бой
Карціна “Пальцы долу” мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год

1593 год. Памёр Сымон Будны

Вялікалітоўскі гуманіст, асветнік, пісьменнік, грамадскі і рэлігійны дзеяч. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі. Прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму.

Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую і польскую мовы.

Дамагаўся крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання.  Аўтар публіцыстычных твораў.

Адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівасці для ўсіх слаёў грамадства.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

У гонар дзеяча пастаўлены помнікі ў Нясвіжы і ў Мінску.

Помнік

1719 год. Пётр I загадаў паручніку Івану Яўрэінаву і геадэзісту Фёдару Лужыну высветліць, ці мяжуе Азія з Амерыкай. 

Пасланцы праехалі праз Урал, Сібір, морам прайшлі з Ахоцка да Камчаткі,потым уздоўж Курыльскай грады, нанеслі на карту землі, на якіх пабывалі, сабралі з мясцовага насельніцтва ясак і прывялі яго ў рускае падданства. 

У маі 1722 года выхадзец з мсціслаўскай шляхты Іван Яўрэінаў у Казані перадаў Пятру I карту Камчаткі і Курыльскіх астравоў, але галоўная мэта дасягнута не была. Завершыць пачатае было даручана Вітусу Берынгу.

У гонар мсціслаўца названы праліў паміж астравамі Маканрушы і Анекатан Курыльскай грады. 

флот

1826 год. У Магілёў даставілі для допыту Матвея Муравьёва-Апостала – аднаго з кіраўнікоў дзекабрыстскага паўстання.

15 студзеня сюды ж прывезлі яго брата Сяргея Муравьёва-Апостала і Мікалая Бястужава-Руміна.

Мураўёў-Апостал

1841 год. Нарадзіўся Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандыдат матэматыкі. Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, выдаў у Парыжы брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У 1863 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прызначаны паўстанцкім начальнікам Вільні. Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года. Публічна павешаны 2 студзеня 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. 

1893 год. У Смілавічах нарадзіўся  Хаім Суцін. 

Французскі мастак-экспрэсіяніст, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў – бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі. Нацюрморты, як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння.

Яго творы прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны  “Ева” (1928) і “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука” (1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На радзіме, у Смілавічах, у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Памёр 9 жніўня 1943 года. Пахаваны на могілках Манпарнас у Парыжы.

Хаім Суцін

1932 год. Нарадзіўся Віктар Лебедзеў. 

Акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Пасля сканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача.

Яго творчасць была адметная спалучэннем псіхалагічнага аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будаваў на эмацыянальных кантрастах, тонка адчуваў жанравыя асаблівасці твора.

Іграў у пастаноўках па творах Я. Купалы, В. Вольскага, І. Мележа, З. Бядулі, А. Астроўскага, М. Горкага, М. Гогаля, У. Шэкспіра і іншых. Здымаўся ў кіно і на тэлебачанні, у тым ліку ў кінафільмах “Апошняе лета дзяцінства”, “Чорны замак Альшанскі”, “Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі”.

Памёр 2 снежня 2001 года.

У яго гонар у Мінску, на доме па праспекце Незалежнасці, 42 устаноўлена мемарыяльная дошка.

Віктар Лебедзеў

1935 год. Памёр Мікалай Бліадуха. 

Беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар. Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння карысных выкапняў у Беларусі.

Узначальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР,  выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў  Інстытут геалогіі АН БССР.

Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе краіны.

З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.

Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.

Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

Быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады.

Бліадуха рэпрэсіі

1940 год. Скончыўся 810-дзённы дрэйф парахода «Сядоў» у Арктыцы. 

Адным з 15 удзельнікаў экспедыцыі быў ураджэнец в. Цішоўка Магілёўскага раёна Восіп Нядзвецкі, які разам з астатнімі членамі экіпажа атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Восіп Нядзвецкі (1908-1959) – другі герой-магілёвец пасля Ота Шмідта. Яго імя носіць бухта на востраве Тыртава (архіпелаг Нордэншэльда). Але на карце Магілёва яго імя мы не знойдзем.

У 1944-1945 гадах быў  начальнікам тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага, у 1945-1946  – начальнікам тэхнічных майстэрняў Гданьскага ваеннага порта.

З 1946 года працаваў на палярных станцыях. Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 года на станцыі на мысе Арктычны. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.

Параход Сядоў

1948 год. У Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі быў забіты Саламон Міхоэлс (Воўсі). 

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 года была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

Саламон Міхоэлс

1961 год. Нарадзіўся Генадзь Сагановіч. 

Беларускі гісторык, археолаг. Доктар габілітаваны.

Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук Беларусі (1984-2005), пакуль не быў звольнены «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Пасля працаваў Еўрапейскім Гуманітарным універсітэце.

Праводзіў раскопкі шэрагу прыватнаўласніцкіх замкаў, у тым ліку Глускага, даследаваў кавальства Беларусі эпохі феадалізму, вывучае ваенна-палітычную гісторыю ВКЛ, гістарычныя сувязі з немцамі ў сярэднявеччы.

Складальнік і адзін з аўтараў зборніка «Імя тваё Белая Русь», аўтар, суаўтар кніг па гісторыі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, у тым ліку «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (разам з У. Арловым).

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Узнагароджаны медалямі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЕН-цэнтра, 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Генадзь Сагановіч

1972 год. Нарадзіўся Віталь Шчэрба. 

Беларускі спартсмен, гімнаст. Заслужаны майстар спорту СССР, Беларусі. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён, 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША), чэмпіён Унівэрсіядаў (1993, 1995). Адзін з найлепшых гімнастаў усіх часоў.

У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт узнагародзіў яго прызам «Джэсі Оўэнса» як найлепшага спартсмен года.

Ад 1996 года жыве ў ЗША, мае ўласную гімнастычную школу, трэнер зборнай ЗША па спартыўнай гімнастыцы.

Віталь Шчэрба

1991 год. Спроба савецкіх войск захапіць тэлецэнтр у Вільнюсе.

Праз 10 месяцаў пасля заявы Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, 9 студзеня 1991 года а 16:00 ля будынка Вярхоўнага Савета Літвы сабраўся шматтысячны натоўп пераважна рускамоўнага насельніцтва з лозунгамі: «Далоў парламент! Няхай жыве СоюзССР!».

Рускамоўных грамадзян падтрымаў М. Гарбачоў, які 10 студзеня запатрабаваў аднавіць у Літве Канстытуцыю СССР. У Вільнюс прыбыў спецназ КДБ «Альфа», былі перакінуты з Каўнаса часткі 7-й дэсантнай, з Пскова – 76 дэсантнай дывізій, прыведзена ў баявую гатоўнасць 107-я мотастралковая дывізія. 

У ноч з 10 на 11 студзеня вайскоўцы занялі Дом друку, цягам 11 студзеня былі занятыя рэтрансляцыйны тэлевізійны вузел, грамадскія будынкі. 

Кіраўніцтва Літвы заклікала насельніцтва выйсці на вуліцы і прыняць удзел у ахове будынкаў Вярхоўнага Савета, радыёцэнтра, тэлевежы, а Міністэрства замежных спраў накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з “акупацыйнымі дзеяннямі савецкіх ваеннаслужачых”. 

У ноч з 12 на 13 студзеня дэсантнікі і група “Альфа” накіраваліся да парламента і на штурм тэлевізійнай вежы. Пры штурме апошняй загінула 14 чалавек, 843 былі параненыя (паводле апошніх даных). 

У гонар гэтых студзеньскіх падзеяў у Літве ўсталявана свята Дзень абаронцаў свабоды – 13 студзеня.

Тэлецэнтр