Дзень у гісторыі. 25 сакавіка. Дзень Волі. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта, БНР. Выгнанне езуітаў. Нарадзіліся пісьменнік У.Папковіч, артыст Я. Шыфрын

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці (неафіцыйнае свята).  

Гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года. У Беларусі святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Першая афіцыйная назва свята – Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі».

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода» у 1990 годзе.

Публічныя святкаванні ў Беларусі сталі праводзіцца з 1989 года, з перформанса мастака А. Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу і да 2020 года ў краіне  праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка.

Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

Дзень Зямлі (апошняя субота сакавіка). Гадзіна Зямлі.

У рамках Дня Зямлі з 20:30 да 21:30 па мясцовым часе праводзіцца акцыя “Гадзіна Зямлі”. Асноўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да наступстваў змены клімату, неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды і рэсурсаў планеты. 

Арганізатары акцыі просяць на гадзіну выключыць электраэнергію, у тым ліку ў грамадскіх будынках, падсветку славутасцяў. 

Упершыню гэтае мерапрыемства было праведзена ў аўстралійскім Сіднэі 31 сакавіка 2007 года. Ужо праз год акцыю падтрымала 35 дзяржаў і звыш 400 гарадоў. У Беларусі акцыя пройдзе ўжо 15-ы раз.

Рыгор і Тэафан, Дабравешчанне або Звеставанне і Гуканне вясны (народны каляндар). 

Былы Новы год у Еўропе.

На Рыгора зіма ідзе ў мора. І птушка гнязда не кладзе.

Прылёт бусла.

1820 год. У Магілёве аб’яўлены ўказ цара Аляксандра I аб выгнанні езуітаў з Расіі. 

Магілёўскія езуіты былі высланы ў Аўстрыю. У Полацку зачынена езуіцкая акадэмія (універсітэт, 1812–1820).

У ВКЛ езуіты з’явіліся пры Стэфане Баторыі. У 1569 годзе віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч запрасіў у ВКЛ 13 прадстаўнікоў Ордэна. На ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай езуіты на працягу XVI–XVIII стагоддзяў стварылі 153 апорныя пункты, звыш паловы з іх (79) знаходзілася ў Беларусі.

Пасля роспуску ордэна рашэннем папы Клімента XIV у 1773 годзе і выгнанні іх з большасці краін Еўропы, свае пазіцыі яны захавалі толькі ў Расійскай імперыі. На працягу 30-ці гадоў, пакуль ордэн быў пад забаронай, генераламі Ордэна былі нашы суайчыннікі: Станіслаў Чарневіч, Гаўрыіл Лянкевіч, Францыск Карэ (з сям’і англійскіх перасяленцаў у Оршы).

Пасля сябе езуіты пакінулі ў Беларусі не толькі іншы погляд на адукацыю, але і багатую архітэктурную спадчыну – будынкі касцёлаў, калегій, манастыроў.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878-1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1917 год. У Мінску пачала работу канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), якая аб’явіла сябе З’ездам нацыянальных партый і арганізацый.

На форуме члены партыі выступілі ў падтрымку Часовага ўрада, выставілі патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі, выказаліся за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень.

У выніку працы з’езда ў Мінску з’явіўся палітычны цэнтр у форме Беларускага нацыянальнага камітэта, які адводзіў сабе ролю часовага агульнакраёвага органа ўлады, прызванага забяспечыць абвяшчэнне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. БСГ атрымала 10 месцаў у камітэце.

Грамада пашырала свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых. Яе арганізацыі ўзніклі  ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і іншых. Да сярэдзіны 1917 года БСГ налічвала каля 5000 членаў.

Дзеяч БСГ Аркадзь Смоліч

1918 год. У Мінску а 8:00 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

БНР праіснавала да 3 снежня 1918 года ў межах этнаграфічнай тэрыторыі, у складзе Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, беларускіх частак Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў, у 300 000 квадратных кіламетраў.

Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яго ўмовы. Пацвярджаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай з 12 красавіка 1918 года – беларуская. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Роўна праз два гады пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 – 25.III.1920. Гадаўшчына – памінкі»:

Не свята светлае спраўляці

Сягоння будзе наш народ.

А трызну па айчыне-маці

Ён справе ў гэты цяжкі год

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвяцілі свае вершы В. Адважны, А. Змагар, М.  Машара, Н. Арсеннева, Р. Барадулін, Н. Гілевіч.

1935 год. Нарадзіўся Уладзімір Папковіч.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педінстытут замежных моў. Працаваў у інстытуце замежных моў, інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды, у Мінскім вышэйшым інжынерна-радыётэхнічным вучылішчы, на Мінскім оптыка-механічным заводзе, у Віцебскім педінстытуце, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя У. Караткевіча.

З 1962 года друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выданнях у Мінску і Віцебску: часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», альманахах «Дзень паэзіі», «Далягляды», «Братэрства», «Дзвіна», «Ратуша».

Памёр 10 красавіка 2021 года ў Віцебску.

1937 год. Памёр Зыгмунт Нагродскі (1866–1937).

Беларускі паэт і культурны дзеяч. Належаў да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёўцаў».

Праводзіў культурна-асветную работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Ф. Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 годзе перавыдаў гэты зборнік.

Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы».

На ўласныя сродкі заснаваў «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання.

Аўтар напісанай на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле п’есы «На каляды» (пастаўлена ў Вільні ў 1936), вершаў, успамінаў пра Ф. Багушэвіча.

Яго творы зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Дом З. Нагродскага, Вільня, вул. Піліма, 9

1956 год. Нарадзіўся Яфім Шыфрын.

Расійскі артыст эстрады, акцёр і рэжысёр, гумарыст, спявак, тэлевядучы.

Нарадзіўся ў сям’і рэпрэсаваных выхадцаў з Магілёўшчыны. Яго бацька родам з Дрыбіна, маці – з мястэчка Ляды (“Орша, Копысь і Ляды – усё вялікія гарады”).

1957 год. Створана Еўрапейская эканамічная супольнасць у складзе 6 дзяржаў (Бельгія, Германія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Францыя).

Еўрапейская эканамічная супольнасць – міжнародная арганізацыя, якая існавала з 1957 па 1993 год.

З часам супольнасць уключыла ў сябе яшчэ шэсць краін, і з 1967 года яе органы таксама рэгулявалі Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі пад агульнай назвай Еўрапейскія супольнасці. Пасля стварэння Еўрапейскага саюза ў 1993 годзе ЕЭС была пераназвана ў Еўрапейскую супольнасць, стаўшы асноўнай супольнасцю адной з трох апораў Еўрасаюза, а інстытуты супольнасці сталі інстытутамі Саюза.

2004 год. Памерла Валянціна Пашкевіч (Жукоўская, 1916–2004).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

У Другую Сусветную вайну жыла ў Берліне. З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, арганізавала і кіравала танцавальным гуртком, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.