Бабруйчаніна аштрафавалі за выдуманы крадзеж грошай

Жыхар Бабруйска здаў у ламбард падараваны сужыцелькай тэлефон, а пасля, будучы нецвярозым, заявіў у міліцыю, што ў яго там скаралі грошы. За фантазію – штраф і прымусовае лячэнне ад алкагалізма.

Падзеі адбываліся ў жніўні гэтага года. Мужчына ў стане алкагольнага ап’янення пазваніў па нумары “102” і паведаміў, што ў яго ў ламбардзе скралі 200 рублёў. Тое ж самае ён паўтарыў і ў Бабруйскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, нягледзячы на тое, што быў папярэджаны аб адказанасці за ілжывыя сведчанні. 

Аднак было выяўлена, што насамрэч ніхто грошы ў гэтага бабруйчаніна не краў. У бабруйскім судзе фантазёр пацвердзіў, што ён разам са знаёмым здаў у ламбард свой мабільны тэлефон, а грошы растраціў. Гісторыю пра крадзеж выдумаў, каб схаваць ад сужыцелькі факт продажу тэлефона, які яна яму перад гэтым падаравала.  

У выніку мужчыну прызналі вінаватым у ілжывым даносе і аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1 680 рублёў). Акрамя таго, пастаноўлена прымяніць да яго прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Wildberries адчыніць у Бабруйску адзін з найбуйнейшых сартыравальных цэнтраў

Кампанія Wildberries абвясціла аб хуткім запуску адразу трох новых сартыравальных цэнтраў. Найбуйнейшы з іх будзе  размешчаны ў Бабруйску, а два іншых – у Мінскім раёне.

Рашэнне аб пашырэнні лагістычнай сеткі агучыў кіраўнік беларускага офіса кампаніі Дзяніс Сяменкоў падчас канферэнцыі “Wildberries E-Com Day 2025». Паводле яго, імклівы рост платформы патрабуе аператыўных і маштабных рашэнняў, піша “Мінская праўда”.

Цэнтр у Бабруйску размешчаны на плошчы каля 8 тыс.кв.м. Яго плануецца ўвесці пасля цэнтраў у Хацежына (3,5 тыс.кв.м.) і ў Прывольным (7 тыс.кв.м).

Мяркуецца, што новыя цэнтры дазволяць не толькі знізіць нагрузку на дзеючую інфраструктуру, але і значна паскорыць апрацоўку і дастаўку заказаў для пакупнікоў па ўсёй краіне.

Асаблівую ўвагу прыцягвае планаванае адкрыццё самага маштабнага лагістычнага аб’екта кампаніі ў Беларусі – размеркавальнага цэнтра плошчай 139 тыс.кв.м на тэрыторыі Індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Ён будзе ўводзіцца ў эксплуатацыю паэтапна, і мусіць не толькі забяспечыць захоўванне тавараў з краін прысутнасці Wildberries, але і стаць важным звяном для нарошчвання экспарту.

Фотаздымак: “Мінская праўда”

Экс-палітвязень бабруйскай калоніі хоча захаваць жоўтую бірку на памяць

Былы зняволены бабруйскай калоніі №2 Павел Нікіценка вырашыў назаўсёды пакінуць пры сабе жоўтую бірку, якой пазначалі палітвязняў.

“Гэта памяць. Хай і негатыўная, але яна будзе нагадваць мне ўсё жыццё пра тое, што перажылі я і мая сям’я” – распавёў ён Праваабарончаму цэнтру “Вясна”. 

Паводле Нікіценкі, ён атаясамляе жоўтую бірку з тым жахам, “які нарэшце скончыўся”.

Нагадаем, што каля трох месяцаў заставалася да заканчэння тэрміна зняволення для праграміста з Віцебска Паўла Нікіценкі, калі яго разам з некалькімі дзясяткамі палітвязняў прымусова вывезлі з Літву 11 верасня 2025 года.

Жоўтая бірка – адзнака, якую прыдумалі ў месцах пазбаўлення волі для асуджаных па палітычных артыкулах. Гэтыя біркі сталі своеасаблівым сімвалам палітвязняў у Беларусі. Такога колеру нашыўкі на адзенне і шыльды на ложку навешваюць зняволеным, якія пастаўленыя на прафілактычны ўлік як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Асуджаных па палітычных артыкулах ставяць на такі ўлік фактычна аўтаматычна. Таму, сотні чалавек у месцах пазбаўлення волі цяпер ходзяць з жоўтымі біркамі.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Былая начальніца медчасці бабруйскай калоніі пайшла на павышэнне

Былая начальніца медчасці калоніі №2 у Бабруйску Дар’я Ласкаўнёва, якая «найперш афіцэр, а потым ужо медык», узначаліла медчасць у новым СІЗА пад Мінскам.

Пра тое, што Ласкаўнёва займела новую пасаду, выданню “DW Беларусь” паведаміў былы палітвязень Мікола Дзядок. Ён яшчэ да вызвалення знаходзіўся ў гэтым СІЗА ў Калядзічах. 

“Асабіста я не магу на Ласкаўнёву паскардзіцца, за час зняволення я бачыў супрацоўнікаў значна горш. – распавёў ён – Медыцыну ў СІЗА можна апісаць так: сімптаматычную дапамогу акажуць, але сур’ёзна вырашаць твае праблемы не будуць, імкнуцца хутчэй проста ад цябе пазбавіцца”.

Па словах Дзядка, медперсаналу ў СІЗА не хапае, супрацоўнікі “зашываюцца” і не паспяваюць усім дапамагчы.

У верасні стала вядома, што Ласкаўнёву звольнілі з бабруйскай калоніі. 

Раней экс-палітвязень Аляксей Галоўкін, які мае інваліднасць II групы, у інтэрв’ю «Люстэрку» называў Ласкаўнёву «садысткай» і распавёў, што яна адпраўляла хворых зняволеных на працу. Экс-палітвязень, блогер Вадзім Ярмашук лічыў, што па віне Ласкаўнёвай у яго не было своечасова дыягнаставана анкалагічнае захворванне, на яго скаргі на здароўе начальніца медчасці адказвала: «Вы не ў санаторыі, ведалі, куды ідзяце».

Паводле звестак BELPOL, Ласкаўнева – ураджэнка Мурманскай вобласці Расеі, з 2009 года ў яе ёсць грамадзянства Беларусі. У бабруйскай калоніі працавала з 2010 года, ад лекара-тэрапеўта даслужылася да начальніцы медчасці, там жа лекарам працаваў яе муж.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Беларусы ў Варшаве і Вільні патрабуюць ад Германіі пакарання для садыста з Бабруйска

Каля амбасады Германіі ў Варшаве прайшоў пікет з патрабаваннем прыцягнення да адказанасці экс-турэмшчыка з Бабруйска Дзмітрыя Шынвізэ, які пераехаў у ФРГ.

Дзмітрый Шынвізэ, працуючы начальнікам аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 Бабруйска, непасрэдна займаўся фізічным і псіхалагічным гвалтам над палітвязнямі. А пасля звальнення з працы атрымаў нямецкія дакументы па праграме рэпатрыяцыі і спакойна жыве ў дэмакратычнай Германіі.

Арганізатарам акцыі, у якой 4 кастрычніка ўзялі ўдзел каля 20 чалавек, выступіла міжнародная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў “Рух” пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі”. 3-га кастрычніка падобны пікет праходзіў каля нямецкай амбасады ў Вільні.

Удзельнікі пікету ў Варшаве мелі намер перадаць у амбасаду зварот на адрас урада ФРГ, аднак ахова дыппрадстаўніцтва яго не прыняла, спаслаўшыся на выходны дзень, і параіла прынесці дакумент 6 кастрычніка альбо выслаць праз пошту.

Адносна Шынвізэ, як адзначана ў звароце, маюцца абгрунтаваныя падазрэнні, што ён “здзяйсняў катаванні” і дапусціў “іншыя цяжкія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, піша выданне “Позірк”.

“Згодна з паведамленнямі СМІ, ён, як мяркуецца, атрымаў нямецкія дакументы як позні перасяленец (статус, які дае права на нямецкае грамадзянства адразу пасля прыбыцця ў краіну) і цяпер, верагодна, пражывае пад імем Дзімітрый Шонвізе (Dimitri Schönwiese) у Шверыне. – гаворыцца ў дакуменце – Сведчанні беларускіх палітвязняў пацвярджаюць сістэматычныя кпіны, а таксама іншыя псіхалагічныя і фізічныя акты гвалту, здзейсненыя Шынвізэ ў калоніі № 2″.

“Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца як катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, якія могуць разглядацца як злачынствы супраць чалавечнасці і ў Германіі могуць пераследавацца на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў адпаведнасці з параграфам № 7 Закона аб злачынствах супраць міжнароднага права (VStGB)” – адзначана ў звароце.

У сувязі з гэтым падпісанты дакумента патрабуюць абавязаць Федэральную пракуратуру і профільныя аддзелы Федэральнага ўпраўлення крымінальнай паліцыі “ініцыяваць папярэдняе расследаванне і распачаць вытворчасць паводле VStGB (уключаючы эпізоды катаванняў і незаконных пакаранняў), выкарыстоўваючы доказы і сведкавыя паказанні пацярпелых і праваабарончых арганізацый”.

Падпісанты звароту таксама патрабуюць “забяспечыць абарону сведкаў і ахвяр, якія пражываюць у Еўразвязе, а таксама гарантаваць абмен матэрыяламі з адпаведнымі механізмамі ААН, у прыватнасці з Камітэтам супраць катаванняў”.

Пра тое, што экс-турэмшчык Шынвізэ пераехаў у Германію, мае статус позняга перасяленца на падставе нямецкіх каранёў, 13 жніўня паведаміла “Наша ніва”. Сярод іншага медыя прывяло сведчанні былых вязняў, якія зазналі жорсткае абыходжанне з боку згаданай асобы.

Калаж: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”

Суд у Бабруйску празнаў экстрэмісцкім сайт Рады міністраў Паўночных краін

Суд Бабруйскага раёну і Бабруйска вырашыў, што сайт і старонка ў Фэйсбуку Рады міністраў Паўночных краін і Усходнееўрапейскага дэмакратычныга цэнтру – гэта экстрэмісцкія матэрыялы.

Згодна судоваму рашэнню ад 2 кастрычніка 2025 года, цяпер экстрэмісцкія матэрыялы – гэта “информационная продукция группы “The Nordic Council of Ministers and The Nordic Council”, размещенной в социальной сети “Facebook” с идентификатором https://www.facebook.com/nordenen; интернет-сайта “The Nordic Council of Ministers and The Nordic Council” с идентификаторами www.norden.org и https:/nordicmediagrantsbelarus”.

Рада міністраў Паўночных краін – гэта міжурадавы форум, створаны пасля Хельсінкскага дагавора. Мэта Рады міністраў Паўночных краін – садзейнічаць супрацоўніцтву паміж Паўночнымі краінамі (Данія, Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія, Швецыя).

Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!» выказаў меркаванне, што бабруйскі суд, верагодна, хацеў прызнаць «экстрэмісцкім» грантавы аддзел гэтай Рады – Nordic Media Grants Belarus, але размахнуўся так, што па сутнасці прызнаў «экстрэмісцкім» рэсурс цэлага міжурадавага органа некалькіх скандынаўскіх краін. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйскі агратрэш атрымаўся забаўным – на поле выйшлі міньёны

Схватка двух каманд міньёнаў на футбольным полі – такую саламяную кампазіцыю зладзілі аграрыі Бабруйскага раёна. Пабачыць незвычайны агракрэатыў можна на трасе М5 непадалёк ад паварота на Цялушу. Саламяныя фантазія прымеркаваныя да “Дажынак”, піша Bobr.life, а мы бачым у гэтым творчым выбары прыхаванае спадзяванне на паляпшэнне адносін з калектыўным Захадам. 

миньоны Телуша
миньоны Бобруйск
миньоны агротрэш
Чытайце таксама: Агротрэш – быховская делегация показывала на “Дожинках” в Хотимске кукол вуду

Добраахвотнік з Бабруйска ва Украіне застаўся без беларускіх дакументаў

Добраахвотнік УСУ з Бабруйска Эмілій “Бобр” Лабейка працягвае абараняць Украіну, нягледзячы на праблемы з дакументамі.

Жыццё без пашпарту і без падтрымкі з дому

Эмілій Лабейка, вядомы пад пазыўным “Бобр”, накіраваўся на вайну ва Украіну адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Тады яму было 21, цяпер ужо 25. У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах у Бабруйску і Мінску, але пасля гэтага кінуў вучобу ў БДУІР і з’ехаў у Польшчу. Там працаваў у McDonald’s, аднак неўзабаве прыняў рашэнне далучыцца да абароны Украіны, распавёў ён Радыё Свабодзе.

Родныя яго выбар не падтрымалі. З бацькамі, былой жонкай і дзецьмі кантактаў ён больш не падтрымлівае.

У траўні 2023 года падчас абстрэлу ў Краматорску згарэла куртка з яго беларускім пашпартам. З таго часу ён жыве без дакументаў. Сітуацыя ўскладнілася яшчэ больш у верасні таго ж года, калі ў Беларусі ўвялі правіла, што аднавіць пашпарт можна толькі на радзіме. Для Лабейкі вяртанне азначала б непазбежную турму.

Бюракратычныя перашкоды ва Украіне

Добраахвотнік неаднаразова спрабаваў атрымаць легальны статус ва Украіне, аднак без арыгіналу пашпарту гэта пакуль немагчыма. Яму прапанавалі ехаць у Беларусь.

Некалькі месяцаў ён знаходзіўся без афіцыйнай службы, пакуль не ўладкаваўся ў новае падраздзяленне Узброеных сілаў Украіны. Там ён спадзяецца выкарыстаць вайсковы білет для абскарджання адмовы праз суд.

Адсутнасць дакументаў стварае мноства праблем: ён не можа адкрыць банкаўскі рахунак, атрымаць падатковы нумар ці зарэгістравацца ў медыцынскай сістэме. Некаторыя валянцёрскія ініцыятывы дапамаглі яму вырашаць частку пытанняў, аднак цалкам праблему з дакументамі не закрыла ні войска, ні дзяржава.

Вайна, хваробы і страты

За час службы Лабейка прайшоў цяжкія баі, у яго былі кантузіі і з’явіліся праблемы са здароўем – пасля баёў за Бахмут. Лекары, аднак, палічылі яго прыдатным да службы, нягледзячы на хваробы.

Ён прызнаецца, што найцяжэйшымі былі першыя месяцы на вайне: трэба было прывыкнуць да пастаянных абстрэлаў і небяспекі. Асаблівыя цяжкасці дадае і тое, што з дзяцінства ён не чуе на адно вуха, што ў баях стварае сур’ёзную небяспеку.

За тры з паловай гады поўнамаштабнай вайны Лабейка прайшоў амаль усе кірункі фронту – Херсонскі, Данецкі, Запарожскі, Харкаўскі. Страціў больш за тры дзясяткі пабрацімаў. Ён прызнаецца, што гэтая боль не адштурхоўвае яго, а наадварот – падштурхоўвае працягваць змаганне.

“Інакш атрымаецца, што яны загінулі проста так” – кажа баец. На пытанне, што магло б прымусіць яго пакінуць вайну, адказвае: “Не ведаю, можа, калі заб’юць”.

Вайна прывяла яго да ўнутраных змен: прыйшло разуменне крохкасці жыцця і адчуванне, што трэба рабіць сваю справу да канца.

Фотаздымак: Радыё Свабода

Былы палітвязень: у бабруйскай калоніі на палітычных моцна ціснуць псіхалагічна

Палітычныя зняволеныя ў бабруйскай калоніі №2 знаходзяцца пад моцным псіхалагічным ціскам і іх пастаянна саджаюць у ШІЗА, сведчыць былы палітвязень Павел Нікіценка.

Каля трох месяцаў заставалася да заканчэння тэрміна зняволення для праграміста з Віцебска Паўла Нікіценкі, калі яго разам з некалькімі дзясяткамі палітвязняў прымусова вывезлі з Літву 11 верасня 2025 года. Цяпер ён зноў разлучаны з сям’ёй і мусіць пачынаць жыццё ў чужой краіне, куды яго прывезлі літаральна з бабруйскай калоніі. Аб гэтым, а таксама аб сваіх пакутах у ёй, мужчына распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Калонія і паўсядзённыя ўціскі

У калоніі Паўлу “жоўтую бірку экстрэміста” і статус “злоснага парушальніка рэжыму” прысвоілі адразу.

“Гэты 10-ы прафілактычны ўлік стварае шмат складанасцяў. Ты не адчуваеш сябе раўнапраўным у калоніі. Нас там не лічаць за людзей. Калі мы звернемся з якой-небудзь просьбай, то ў 99% нам будзе адмоўлена. Калі на нейкія правіннасці звычайных зняволеных заплюшчваюцца вочы, то на нас яны ўжо адыгрываюцца. Вельмі шмат розных уціскаў: адсутнасць працяглых спатканняў, пазбаўленне перадач, сон толькі на другім ярусе, забарона на наведванне розных секцый, першы час была забарона выхаду на прамзону ды многае іншае. Лісты прыходзяць толькі ад блізкіх сваякоў, але трэба было яшчэ даказаць, што гэта блізкія сваякі” – распавядае былы палітвязень.

Паводле яго, звычайным зняволеным сядзець нашмат прасцей. “Мне неяк адзін з начальнікаў атрада сказаў, што заахвочванняў мы ніякіх ніколі не атрымаем, але калі нас не пасадзілі ў ШІЗА, то мы гэта можам лічыць заахвочваннем. А пазбаўленне заахвочвання – значыць ніколі «не стаць на шлях выпраўлення», а значыць не выйсці датэрмінова па амністыі, умоўна-датэрміновым вызваленні. Там ты сядзіш, як на міне, і не ведаеш, ці прыйдуць яны да цябе сёння” – успамінае Павел.

“Падчас першай сустрэчы з аператыўным супрацоўнікам ён мне сказаў, што такіх, як я, ненавідзіць, і яму нічога не каштуе мяне, асабліва з такім наборам артыкулаў, раскруціць на арт. 411 КК, “загнаць у пятушатню” [прысвоіць нізкі статус] або бясконца катаць мяне па штрафных ізалятарах” – кажа ён.

Псіхалагічны ціск

Паводле Паўла, яго, у адрозненні ад іншых хлопцаў, у ШІЗА адпраўлялі толькі два разы. “Але гэта было абсалютна па надуманых прычынах: нібыта я не павітаўся і нібыта на рэзцы гумы я сядзеў на стале. У ШІЗА холадна, мокра і бегаюць мышкі. Ізалятары знаходзяцца ў падвале і на першым паверсе. Мяне садзілі ў падвальнае памяшканне ў “адзіночку”. На падлозе там ляжыць плітка, ад якой яшчэ больш цягне холадам. У ШІЗА я размаўляў з мышкай і павучком, так і жыў там” – гаворыць пакутнік.

“У бабруйскай калоніі няма фізічнага гвалту (я не чуў), але псіхалагічна там ціснуць дастаткова моцна. Цябе максімальна імкнуцца зняважыць. Усім непалітычным забаронена з намі мець зносіны пад пагрозай ШІЗА. Мне неяк адзін асуджаны за карупцыю сказаў: “Прывітанне, але калі што, я з табой не вітаўся”. Паміж сабой нам таксама нельга было мець зносіны” – сцвярджае Павел Нікіценка.

Ён распавёў, што калі палітвязень вяртае ў бібліятэку кнігу, то яе на праверку забірае цэнзар ці нейкі іншы супрацоўнік, і нельга, каб наступным чалавекам, які будзе браць гэтую кнігу, быў таксама палітвязень. На іх думку, мы можам праз надпісы ў кнігах перадаваць нейкія рэчы.

“Бабруйская калонія славіцца частымі праверкамі. Нам так кажуць: “Праверка, усё, як звычайна, БЧБ-шнікі прыбірайце ўсё з тумбаў, каб нічога лішняга не было”. І нам даводзілася ўсё з гэтых тумбаў кудысьці хаваць. Падаецца, Салжаніцын казаў, што самая вялікая праблема зэка – гэта іншы зэк. І, на жаль, у калоніі “стукацтва” вельмі распаўсюджанае, нават сярод палітвязняў. Ты не ведаеш, каму давяраць, а каму не” – кажа былі палітзняволены.

Ён распавёў, што ў калоніі зрабілі нядрэнны рамонт, але там засталася праблема з птушкамі. У сталовай яны могуць усё загадзіць памётам, то-бок хлеб, ежу. І з імі ніяк не змагаюцца. “Для мяне, як “тэрарыста”, які не можа ў атаварцы купляць сабе ежу і рэчы, гэта было крытычна” – адзначыў былы палітычны сідзелец.

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Выканаўцу дзяржаўнага гімна родам з Бабруйска асудзілі за пратэсты

42-гадовую Марыну Рапавец, чый голас гучыць у афіцыйнай версіі гімна Беларусі, асудзілі за ўдзел у пратэстах.

Як піша “Наша ніва”, жанчына родам з Бабруйска. У 2007‑м скончыла аддзялення харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Засталася жыць у Мінску.

Больш за 15 гадоў Марына займаецца педагагічнай дзейнасцю. Яна выкладала ў дзіцячай вакальнай студыі пры БДУ і дзіцячых музычных школах Мінска. Таксама кіруе ансамблем «Pretty bend» і выкладае ў музычнай школе Веранікі Яноўскай.

Голас Марыны Рапавец гучыць у афіцыйным запісе гімна Беларусі. Яго запісвалі ў пачатку 2000‑х сіламі аркестра Узброеных сілаў і акадэмічнага хора Беларускага радыё і тэлебачання. 

Марыну Рапавец затрымалі ў чэрвені 2025 года і, па звестках партала Dissidentby, пасадзілі на суткі. Пасля – перавялі ў СІЗА-1 у Калядзічах. Жанчыну нядаўна асудзілі за ўдзел у пратэстах і далі хатнюю хімію.

Дарэчы, хатнюю хімію адбывае і ўзгаданая Вераніка Яноўская таксама за ўдзел у пратэстах.

Фотаздымак: artvocal.by