Былая начальніца медчасці бабруйскай калоніі пайшла на павышэнне

Былая начальніца медчасці калоніі №2 у Бабруйску Дар’я Ласкаўнёва, якая «найперш афіцэр, а потым ужо медык», узначаліла медчасць у новым СІЗА пад Мінскам.

Пра тое, што Ласкаўнёва займела новую пасаду, выданню “DW Беларусь” паведаміў былы палітвязень Мікола Дзядок. Ён яшчэ да вызвалення знаходзіўся ў гэтым СІЗА ў Калядзічах. 

“Асабіста я не магу на Ласкаўнёву паскардзіцца, за час зняволення я бачыў супрацоўнікаў значна горш. – распавёў ён – Медыцыну ў СІЗА можна апісаць так: сімптаматычную дапамогу акажуць, але сур’ёзна вырашаць твае праблемы не будуць, імкнуцца хутчэй проста ад цябе пазбавіцца”.

Па словах Дзядка, медперсаналу ў СІЗА не хапае, супрацоўнікі “зашываюцца” і не паспяваюць усім дапамагчы.

У верасні стала вядома, што Ласкаўнёву звольнілі з бабруйскай калоніі. 

Раней экс-палітвязень Аляксей Галоўкін, які мае інваліднасць II групы, у інтэрв’ю «Люстэрку» называў Ласкаўнёву «садысткай» і распавёў, што яна адпраўляла хворых зняволеных на працу. Экс-палітвязень, блогер Вадзім Ярмашук лічыў, што па віне Ласкаўнёвай у яго не было своечасова дыягнаставана анкалагічнае захворванне, на яго скаргі на здароўе начальніца медчасці адказвала: «Вы не ў санаторыі, ведалі, куды ідзяце».

Паводле звестак BELPOL, Ласкаўнева – ураджэнка Мурманскай вобласці Расеі, з 2009 года ў яе ёсць грамадзянства Беларусі. У бабруйскай калоніі працавала з 2010 года, ад лекара-тэрапеўта даслужылася да начальніцы медчасці, там жа лекарам працаваў яе муж.

Фотаздымак: “Наша ніва”

У бабруйскай калоніі памёр асуджаны за педафілію

Стала вядома аб смерці ў калоніі №2 ў Бабруйску асуджанага за педафілію мінскага настаўніка Руслана Джамалава. Сваёй віны ў злачынстве ён не прызнаў.

Смерць настаўніка матэматыкі і інфарматыкі мінскай школы №54 Руслана Джамалава магла стаць адной з прычын звальнення начальніцы медчасці калоніі Дар’і Ласкаўнёвай, якая была «найперш афіцэр, а потым ужо медык». Пра гэта распавёў былы палітзняволены Вадзім Ермашук.

“Ён, як і я, быў у «нізкім статусе», але за чаплянне да непаўнагадовых дзяўчат. Яго на зоне ўсе ненавідзелі і збівалі – нават за тое, што ён кашляў уначы ці хроп. Я даведаўся, што Джамалаў здзекаў не вытрымаў, у яго было слабае здароўе, таму ён памёр» – цытуе Ермашука “Наша ніва”.

Незадоўга да смерці Джамалаў правёў прыкладна месяц у медчасці, аднак пасля яго вярнулі ў атрад. Па словах Ермашука, настаўнік памёр па дарозе ў медчасць – калі зноў прыхапіла сэрца. Выратаваць яго не паспелі.

У 2018 годзе Джамалава арыштавалі за дзеянні сэксуальнага характару ў адносінах заведама непаўналетняй. Як гаворыцца ў прысудзе, якім падзяліўся «Белпол», настаўнік засоўваў рукі пад спадніцу 9-гадовай вучаніцы, дакранаўся да яе ног і палавых органаў. Джамалаў не прызнаваў віну, даказваў, што яго дзеянні былі кваліфікаваныя няправільна.

Яму прысудзілі 10 гадоў зняволення.

Фотаздымак: sb.by

З бабруйскай калоніі звольнілі начальніцу медчасці, што забыла клятву Гіпакрата

З  бабруйскай калоніі №2 звольнілі начальніцу медчасці Дар’ю Ласкаўнёву, якая была «найперш афіцэр, а потым ужо медык».

Як піша “Наша Ніва”, чуткі пра тое, што начальніца медыцынскай часці бабруйскай калоніі №2 звольненая з пасады, хадзілі яшчэ ў пачатку гэтага года. Цяпер іх пацвердзіў зняволены, які нядаўна выйшаў на свабоду. Пра гэта выданню распавёў блогер, былы палітзняволены Вадзім Ярашук. 

«Як ён мне сказаў, на звальненне Ласкаўнёвай у тым ліку паўплывалі мае інтэрв’ю для СМІ, дзе я расказваў пра жорсткае абыходжанне з людзьмі ў «нізкім статусе», а таксама пра абыякавасць медыкаў. Яшчэ ў 2021-м, да затрымання, я пайшоў паказаць свае радзімкі анколагам – павінен быў выдаліць іх, абследаваць, але мяне пасадзілі. На зоне мне стала вельмі дрэнна, і я прасіў Ласкаўнёву праверыць маю радзімку. Усё, што я чуў у адказ: «Ты не ў санаторыі, ты не ў дзіцячым лагеры, ты ведаў, на што ідзеш і куды». Я даводзіў ёй, што яна ж доктар і давала клятву Гіпакрата, але Ласкаўнёва мне тады адказала, што яна найперш афіцэр, а потым ужо медык».

Згодна клятвы, якую даюць выпускнікі вышэйшых медыцынскіх вучэбных устаноў Беларусі, яны абяцаюць у любы час дапамагаць кожнаму пацыенту незалежна ад яго сацыяльнага паходжання, веравызнання і нацыянальнасці.

Фотаздымак: “Наша ніва”