З бабруйскай калоніі звольнілі начальніцу медчасці, што забыла клятву Гіпакрата

З  бабруйскай калоніі №2 звольнілі начальніцу медчасці Дар’ю Ласкаўнёву, якая была «найперш афіцэр, а потым ужо медык».

Як піша “Наша Ніва”, чуткі пра тое, што начальніца медыцынскай часці бабруйскай калоніі №2 звольненая з пасады, хадзілі яшчэ ў пачатку гэтага года. Цяпер іх пацвердзіў зняволены, які нядаўна выйшаў на свабоду. Пра гэта выданню распавёў блогер, былы палітзняволены Вадзім Ярашук. 

«Як ён мне сказаў, на звальненне Ласкаўнёвай у тым ліку паўплывалі мае інтэрв’ю для СМІ, дзе я расказваў пра жорсткае абыходжанне з людзьмі ў «нізкім статусе», а таксама пра абыякавасць медыкаў. Яшчэ ў 2021-м, да затрымання, я пайшоў паказаць свае радзімкі анколагам – павінен быў выдаліць іх, абследаваць, але мяне пасадзілі. На зоне мне стала вельмі дрэнна, і я прасіў Ласкаўнёву праверыць маю радзімку. Усё, што я чуў у адказ: «Ты не ў санаторыі, ты не ў дзіцячым лагеры, ты ведаў, на што ідзеш і куды». Я даводзіў ёй, што яна ж доктар і давала клятву Гіпакрата, але Ласкаўнёва мне тады адказала, што яна найперш афіцэр, а потым ужо медык».

Згодна клятвы, якую даюць выпускнікі вышэйшых медыцынскіх вучэбных устаноў Беларусі, яны абяцаюць у любы час дапамагаць кожнаму пацыенту незалежна ад яго сацыяльнага паходжання, веравызнання і нацыянальнасці.

Фотаздымак: “Наша ніва”

У бабруйскую калонію памясцілі палітзняволенага святара з Віцебшчыны

Былы пробашч каталіцкай парафіі ў Шуміліне Віцебскай вобласці Анджэй Юхневіч апынуўся ў той жа бабруйскай калоніі, дзе і другі палітзняволены каталіцкі ксёндз Генрых Акалатовіч.

Пра памяшчэнне ксяндза Юхневіча ў бабаруйскую калонію №2 нядаўна даведаліся вернікі, піша “Katolik.life. Неафіцыйнае”.

Пасля ўступлення прысуду ў сілу святар перажыў доўгі і цяжкі працэс этапавання ў калонію: з СІЗА Віцебска праз СІЗА Гомеля. Зараз пісаць лісты айцу Анджэю (лепш – на рускай мове) можна па адрасе: Юхневичу Анджею Марьяновичу ИК №2, 213800, г. Бобруйск, ул. Сикорского, 1.

Дарэчы, у той жа бабруйскай калоніі знаходзіцца палітзняволены ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення, за нібыта “здраду дзяржаве”.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, святара Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня 2024 году. 24 чэрвеня стала вядома, што ён не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ пасля адбытых 45 сутак арышту. Ён быў чатыры разы адміністрацыйна арыштаваны, у тым ліку паводле за нібыта правядзенне “несанкцыянаванага пікету” — размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі. З перадач яму дазволілі толькі лекавыя сродкі.

30 красавіка ў Шуміліне айцу Анджэю быў вынесены прысуд. Вернікі даведаліся, што святар асуджаны да 13 гадоў зняволення, пры тым, што абвінавачванне настойвала на тэрміне ў 15 гадоў. Працэс вяла старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.

Святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць. Наколькі вядома, абвінавачванне будавалася на паказаннях адной або некалькіх “ахвяр” — не выключана, што яны давалі іх пад ціскам. Па тых звестках, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны. Сам святар у судзе трымаўся ў добрым стане духу. Пры гэтым у дыяцэзіі, як сцвярджаецца, ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў на айца Анджэя. 

29 ліпеня Віцебскі абласны суд пакінуў без зменаў прысуд Анджэю Юхневічу. Скарга святара, як і яго довады аб невінаватасці, былі адхіленыя. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, як і раней у Шуміліне.

Фотаздымак Katolik.life

Садыст з Бабруйскай калоніі абжываецца ў Германіі

Дзмітрый Шынвізэ, нядаўні начальнік аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 ў Бабруйску, пакінуў службу і пераехаў з сям’ёй жыць у Германію. Праз яго здзекі прайшлі сотні беларускіх палітзняволеных – піша “Наша Ніва”.

Адзін з начальнікаў бабруйскай калоніі запомніўся сотням палітзняволеных праз татальныя прыніжэнні і здзекі. Дзмітрый Шынвізэ па мінушцы “Рудольф” актыўна “прэсаваў” вязняў, выдумляючы парушэнні і чапляючыся да дробязяў, каб адправіць чалавека ў штрафны ізалятар. Калі вязень меў пры гэтым палітычны артыкул, яго чакала яшчэ і лекцыя пра дрэнную Еўропу. Вось якімі словамі Дзмітрый Шынвізэ сустракаў палітычных, прыбыўшых у бабруйскую калонію, па ўспамінах аднаго з іх:

«Вітаем у самай чырвонай зоне на постсавецкай прасторы! Пі*арасы, блакітныя, у ж*пу завадныя, выйсці са строю!»/

Схільны да тэатральнасці і садызму, Дзмітрый Шынвізэ звольніўся з бабруйскай калоніі ў пачатку 2024 года – паведамляе “Наша Ніва”. Па выніках журналісцкага расследавання гэтага выдання вядома, што разам з жонкай ён перабраўся жыць у горад Шверын у Германіі па праграме рэпатрыяцыі як нашчадак нямецкіх каланістаў.

Зараз справай па прыцягненні Дзмітрыя Шынвізэ да адказнасці займаецца “Байпол”.

Фота: “Наша Ніва”

Міліцыя правяла “КВН” у калоніі ў Бабруйску. Прысутнічаў Паўлічэнка

Гульня, у якой каманда выхаваўчай калоніі жартавала са сцэны перад сваімі турэмшчыкамі, прайшла ў “дружалюбнай атмасферы”, піша партал bobr.by. А палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка, які абвінавачваецца ў забойстве палітычных апанентаў Лукашэнкі і кіраўніцтве “Эскадронам смерці”, “распавёў цікавыя гісторыі са сваёй службы.”

Навагодняе мерапрыемства праходзіла ў Выхаваўчай калоніі №2 ў Бабруйску і атрымала назву “Гумар супраць халадоў”. У спаборніцтве па “КВН”, арганізаваным бабруйскім Упраўленнем унутраных спраў, бралі ўдзел каманды самой калоніі, механіка-тэхналагічнага коледжа, патрыятычнага цэнтра “Бастыён” і зборная арганізацый адукацыі. Палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка прысутнічаў на мерапрыемстве ў якасці “ганаровага госця”. 

Паводле выдання, удзельнікі гульні “весела жартавалі і імправізавалі, пераапранаючыся ў розных персанажаў. Смех, усмешкі прысутных і бурныя апладысменты працягваліся на працягу ўсяго мерапрыемства.”

Исправительная колония №2

Фота: bobr.by