Былы пробашч каталіцкай парафіі ў Шуміліне Віцебскай вобласці Анджэй Юхневіч апынуўся ў той жа бабруйскай калоніі, дзе і другі палітзняволены каталіцкі ксёндз Генрых Акалатовіч.
Пра памяшчэнне ксяндза Юхневіча ў бабаруйскую калонію №2 нядаўна даведаліся вернікі, піша “Katolik.life. Неафіцыйнае”.
Пасля ўступлення прысуду ў сілу святар перажыў доўгі і цяжкі працэс этапавання ў калонію: з СІЗА Віцебска праз СІЗА Гомеля. Зараз пісаць лісты айцу Анджэю (лепш – на рускай мове) можна па адрасе: Юхневичу Анджею Марьяновичу ИК №2, 213800, г. Бобруйск, ул. Сикорского, 1.
Дарэчы, у той жа бабруйскай калоніі знаходзіцца палітзняволены ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення, за нібыта “здраду дзяржаве”.
Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, святара Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня 2024 году. 24 чэрвеня стала вядома, што ён не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ пасля адбытых 45 сутак арышту. Ён быў чатыры разы адміністрацыйна арыштаваны, у тым ліку паводле за нібыта правядзенне “несанкцыянаванага пікету” — размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі. З перадач яму дазволілі толькі лекавыя сродкі.
30 красавіка ў Шуміліне айцу Анджэю быў вынесены прысуд. Вернікі даведаліся, што святар асуджаны да 13 гадоў зняволення, пры тым, што абвінавачванне настойвала на тэрміне ў 15 гадоў. Працэс вяла старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.
Святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць. Наколькі вядома, абвінавачванне будавалася на паказаннях адной або некалькіх “ахвяр” — не выключана, што яны давалі іх пад ціскам. Па тых звестках, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны. Сам святар у судзе трымаўся ў добрым стане духу. Пры гэтым у дыяцэзіі, як сцвярджаецца, ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў на айца Анджэя.
29 ліпеня Віцебскі абласны суд пакінуў без зменаў прысуд Анджэю Юхневічу. Скарга святара, як і яго довады аб невінаватасці, былі адхіленыя. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, як і раней у Шуміліне.
Фотаздымак Katolik.life