З бабруйскай калоніі №2 звольнілі начальніцу медчасці Дар’ю Ласкаўнёву, якая была «найперш афіцэр, а потым ужо медык».
Як піша “Наша Ніва”, чуткі пра тое, што начальніца медыцынскай часці бабруйскай калоніі №2 звольненая з пасады, хадзілі яшчэ ў пачатку гэтага года. Цяпер іх пацвердзіў зняволены, які нядаўна выйшаў на свабоду. Пра гэта выданню распавёў блогер, былы палітзняволены Вадзім Ярашук.
«Як ён мне сказаў, на звальненне Ласкаўнёвай у тым ліку паўплывалі мае інтэрв’ю для СМІ, дзе я расказваў пра жорсткае абыходжанне з людзьмі ў «нізкім статусе», а таксама пра абыякавасць медыкаў. Яшчэ ў 2021-м, да затрымання, я пайшоў паказаць свае радзімкі анколагам – павінен быў выдаліць іх, абследаваць, але мяне пасадзілі. На зоне мне стала вельмі дрэнна, і я прасіў Ласкаўнёву праверыць маю радзімку. Усё, што я чуў у адказ: «Ты не ў санаторыі, ты не ў дзіцячым лагеры, ты ведаў, на што ідзеш і куды». Я даводзіў ёй, што яна ж доктар і давала клятву Гіпакрата, але Ласкаўнёва мне тады адказала, што яна найперш афіцэр, а потым ужо медык».
Згодна клятвы, якую даюць выпускнікі вышэйшых медыцынскіх вучэбных устаноў Беларусі, яны абяцаюць у любы час дапамагаць кожнаму пацыенту незалежна ад яго сацыяльнага паходжання, веравызнання і нацыянальнасці.
Фотаздымак: “Наша ніва”