Экс-палітвязень бабруйскай калоніі хоча захаваць жоўтую бірку на памяць

Былы зняволены бабруйскай калоніі №2 Павел Нікіценка вырашыў назаўсёды пакінуць пры сабе жоўтую бірку, якой пазначалі палітвязняў.

“Гэта памяць. Хай і негатыўная, але яна будзе нагадваць мне ўсё жыццё пра тое, што перажылі я і мая сям’я” – распавёў ён Праваабарончаму цэнтру “Вясна”. 

Паводле Нікіценкі, ён атаясамляе жоўтую бірку з тым жахам, “які нарэшце скончыўся”.

Нагадаем, што каля трох месяцаў заставалася да заканчэння тэрміна зняволення для праграміста з Віцебска Паўла Нікіценкі, калі яго разам з некалькімі дзясяткамі палітвязняў прымусова вывезлі з Літву 11 верасня 2025 года.

Жоўтая бірка – адзнака, якую прыдумалі ў месцах пазбаўлення волі для асуджаных па палітычных артыкулах. Гэтыя біркі сталі своеасаблівым сімвалам палітвязняў у Беларусі. Такога колеру нашыўкі на адзенне і шыльды на ложку навешваюць зняволеным, якія пастаўленыя на прафілактычны ўлік як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Асуджаных па палітычных артыкулах ставяць на такі ўлік фактычна аўтаматычна. Таму, сотні чалавек у месцах пазбаўлення волі цяпер ходзяць з жоўтымі біркамі.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Магілёўская калонія №15 вачыма палітвязня

24-гадовы Даніла Чуль, былы палітвязень з Берасця, пяць месяцаў таму выйшаў на волю пасля чатырох гадоў зняволення. Амаль палову гэтага часу ён правёў у магілёўскай калоніі №15.

Зараз Даніла адаптуецца да жыцця ў Варшаве, але турэмны досвед працягвае моцна ўплываць на яго псіхалагічны і фізічны стан, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”. 

Ад прысуду да ізаляцыі: як усё пачалося

Затрыманы ў сакавіку 2021 года ў Берасці і затым асуджаны па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», а таксама за ўдзел у пратэстах 2017-2018 гадоў супраць “дармаедскага” дэкрэта і будаўніцтва акумулятарнага завода, Даніла трапіў у сістэму, дзе палітычная неслухмянасць караецца паводле асаблівых правілаў.

Паводле яго, на другі дзень, як ён прыехаў у калонію, яго адправілі ў ШІЗА. Прычына – тапкі. Даніла не ведаў, што нельга заходзіць у іх да начальніка каранціну. Рапарт напісаў зэк. “Мне сказалі: калі ўбачым пра цябе інтэрв’ю, “раскруцім” на артыкул 410 КК (арганізацыя бунту)» – успамінае ён.

“Жоўтая бірка”: як дзейнічае сістэма прыніжэння

Палітвязні трапляюць у спіс «экстрэмістаў». Гэта значыць, знаходзяцца на дзясятым прафілактычным уліку і ў калоніі пазначаюцца «жоўтай біркай». Гэта своеасаблівы знак асуджанага, які падвяргаецца пастаяннаму кантролю і дыскрымінацыі.

Форма не тая, прычоска не такая, трошкі няголены – рапарт. Купіў боты ў турэмнай краме, і хоць усё ўзгоднена з адміністрацыяй, але ўсё адно пытаюцца. Усім можна, а табе нельга, распавядае Даніла.

З «жоўтай біркай» забаронена: чытаць асабістую літаратуру, наведваць клубы, глядзець фільмы, вучыцца, працаваць у начных зменах. Таксама, асуджаным даступныя толькі дзве базавыя велічыні на краму, што хапае хіба на тварог, каву і згушчонку.

«Ты можаш быць “лепшым экстрэмістам”, але ўсё роўна атрымаеш толькі дзве базавыя. Гэта абмежаванне не за паводзіны, а за статус» – тлумачыць ён.

Забароненыя кнігі і страх новага тэрміну

Абыходжанне з літаратурай – асобная тэма. У пэўны момант адміністрацыя пачала масава канфіскоўваць кнігі. Частка адпраўлялася ў бібліятэку, але многія  спальваліся.

“Быў час, калі ва ўсіх канфіскоўвалі вялікую колькасць непажаданых кніг: праграмаванне, падручнікі, мовы, псіхалогія і псіхіятрыя. Можна было адправіць іх да сябе на склад, на свае рэчы, ці аддаць у бібліятэку. Нам казалі, што яны пойдуць ў фонд магілёўскай бібліятэкі. Але некаторыя кнігі, напрыклад аўтара Сапольскага, спальвалі ў кацельні. Таму што ў такіх кнігах усё вельмі добра распісваецца, праз што ты пачынаеш думаць – і крытычна думаць. У мяне быў размоўнік па польскай мове, а за месяц да гэтага нам сказалі, што калі ў кагосьці нешта ўбачаць, акрамя ангельскай, то выпішуць арт. 411 КК” – распавядае Чуль.

Медыцынская дапамога: толькі праз боль або бандэроль

Здароўе падчас зняволення таксама пагаршалася, і не толькі праз стрэс. Атрымаць лячэнне можна, але толькі цаной доўгага чакання і змагання з бюракратыяй.

Паводле былога палітвязня, каб вылечыць зуб, трэба даслаць фотапломбы, чакаць медбандэроль. Зуб ужо развальваецца, пакуль усё гэта пройдзе. “Мне вырвалі адзін, бо быў пульпіт. Гэта было хутка. Але два іншыя разваліліся» – расказвае былы палітвязень.

Звычайныя лекі – для абязбольваня і тыя, што шкодзяць печані – ёсць. Але патрэбныя вітаміны, антыбіётыкі, вочныя сродкі – толькі ад родных.

На волі без цэнзуры, але з наступствамі

У дзень вызвалення яго суправаджалі да самага шлагбаума. Усё было пад кантролем, каб не вынес інфармацыі, каб ніхто не зняў сустрэчу. Аднак першы дзень на волі ён успамінае з усмешкай: чатыры гадзіны тэлефанавання і адказаў усім, хто чакаў.

Цяпер ён у Польшчы, праходзіць курсы, рыхтуецца да сацыялізацыі. Але след, які пакінула «пенітэнцыярка», застаецца: рэзкія рэакцыі, перанапружанне, страх, зніжэнне зроку.

Паводле Данілы, чалавек пачынае глядзець на ўсё негатыўна, нават калі няма пагрозы. Але ён упэўнены, што хутка адаптуецца, верне сабе кантакт з жыццём. “І хацеў бы сказаць тым, хто выйшаў з турмаў і хоча сацыялізавацца, што не варта баяцца і перажываць з гэтай нагоды, гэта можа праходзіць даволі лёгка», падсумоўвае Даніла Чуль.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”