Выканаўцу дзяржаўнага гімна родам з Бабруйска асудзілі за пратэсты

42-гадовую Марыну Рапавец, чый голас гучыць у афіцыйнай версіі гімна Беларусі, асудзілі за ўдзел у пратэстах.

Як піша “Наша ніва”, жанчына родам з Бабруйска. У 2007‑м скончыла аддзялення харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Засталася жыць у Мінску.

Больш за 15 гадоў Марына займаецца педагагічнай дзейнасцю. Яна выкладала ў дзіцячай вакальнай студыі пры БДУ і дзіцячых музычных школах Мінска. Таксама кіруе ансамблем «Pretty bend» і выкладае ў музычнай школе Веранікі Яноўскай.

Голас Марыны Рапавец гучыць у афіцыйным запісе гімна Беларусі. Яго запісвалі ў пачатку 2000‑х сіламі аркестра Узброеных сілаў і акадэмічнага хора Беларускага радыё і тэлебачання. 

Марыну Рапавец затрымалі ў чэрвені 2025 года і, па звестках партала Dissidentby, пасадзілі на суткі. Пасля – перавялі ў СІЗА-1 у Калядзічах. Жанчыну нядаўна асудзілі за ўдзел у пратэстах і далі хатнюю хімію.

Дарэчы, хатнюю хімію адбывае і ўзгаданая Вераніка Яноўская таксама за ўдзел у пратэстах.

Фотаздымак: artvocal.by