Юрыстку, ураджэнку Бабруйска асудзілі за ўдзел у пратэстах

Мінская юрыстка родам з Бабруйска, Таццяна Клачко адпраўлена на “хатнюю хімію” за ўдзел у пратэстах.

Як піша “Наша ніва”, Таццяне Клачко 37 гадоў, яна родам з Бабруйска. У 2011 скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2017 і 2021 прайшла курсы ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, пракурораў, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Жанчына працуе юрыстам з 2010 года. Пасля працы ў розных кампаніях, у тым ліку міжнародных, яна стала партнёрам бюро Lovtsov, Klochko & Partners. З 2014 удзельнічае ў штогадовым даследаванні Сусветнага банка Doing Business.

Таццяна спецыялізуецца на паслугах бізнэсу. Яна займаецца прававымі спрэчкамі, прававым аўдытам, пытаннямі здзелак па зліцці і паглынанні бізнэсу, а таксама яго ліквідацыі.

Як стала вядома журналістам, Таццяну Клачко асудзілі ў сярэдзіне 2025 года па абвінавачанні ва «ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ёй прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Фотаздымак са старонкі Клачко Укантакце

У бабруйскай калоніі памёр асуджаны за педафілію

Стала вядома аб смерці ў калоніі №2 ў Бабруйску асуджанага за педафілію мінскага настаўніка Руслана Джамалава. Сваёй віны ў злачынстве ён не прызнаў.

Смерць настаўніка матэматыкі і інфарматыкі мінскай школы №54 Руслана Джамалава магла стаць адной з прычын звальнення начальніцы медчасці калоніі Дар’і Ласкаўнёвай, якая была «найперш афіцэр, а потым ужо медык». Пра гэта распавёў былы палітзняволены Вадзім Ермашук.

“Ён, як і я, быў у «нізкім статусе», але за чаплянне да непаўнагадовых дзяўчат. Яго на зоне ўсе ненавідзелі і збівалі – нават за тое, што ён кашляў уначы ці хроп. Я даведаўся, што Джамалаў здзекаў не вытрымаў, у яго было слабае здароўе, таму ён памёр» – цытуе Ермашука “Наша ніва”.

Незадоўга да смерці Джамалаў правёў прыкладна месяц у медчасці, аднак пасля яго вярнулі ў атрад. Па словах Ермашука, настаўнік памёр па дарозе ў медчасць – калі зноў прыхапіла сэрца. Выратаваць яго не паспелі.

У 2018 годзе Джамалава арыштавалі за дзеянні сэксуальнага характару ў адносінах заведама непаўналетняй. Як гаворыцца ў прысудзе, якім падзяліўся «Белпол», настаўнік засоўваў рукі пад спадніцу 9-гадовай вучаніцы, дакранаўся да яе ног і палавых органаў. Джамалаў не прызнаваў віну, даказваў, што яго дзеянні былі кваліфікаваныя няправільна.

Яму прысудзілі 10 гадоў зняволення.

Фотаздымак: sb.by

Палітзняволены гісторык Ігар Мельнікаў, родам з Бабруйска, выйшаў на волю

Асуджаны на чатыры гады гісторык Ігар Мельнікаў, выйшаў на волю раней тэрміна, магчыма, па памілаванні.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Мельнікаў выйшаў з калоніі 2 ліпеня. Асуджаны ён быў у верасні 2024 года.

Ігара Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года ў той жа час, калі адбылася аблава на салідарных з палітвязнямі.

Суд над ім пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Як паведамляла пракуратура, Ігар Мельнікаў 26 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв’ю “Еўрарадыё”, якое раней было прызнанае “экстрэмісцкім фармаваннем”. 

Такім чынам яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складала шэсць гадоў калоніі, мінімальнае – “хімія”. Пэўны час палітвязень утрымліваўся ў магілёўскай турме №4. 22 лістапада 2024 года быў унесены МУС у “спіс экстрэмістаў”.

Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.

Як раней пісала «Наша ніва», Мельнікаў спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме.

У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.

Фотаздымак: інстаграм І.Мельнікава

З бабруйскай калоніі звольнілі начальніцу медчасці, што забыла клятву Гіпакрата

З  бабруйскай калоніі №2 звольнілі начальніцу медчасці Дар’ю Ласкаўнёву, якая была «найперш афіцэр, а потым ужо медык».

Як піша “Наша Ніва”, чуткі пра тое, што начальніца медыцынскай часці бабруйскай калоніі №2 звольненая з пасады, хадзілі яшчэ ў пачатку гэтага года. Цяпер іх пацвердзіў зняволены, які нядаўна выйшаў на свабоду. Пра гэта выданню распавёў блогер, былы палітзняволены Вадзім Ярашук. 

«Як ён мне сказаў, на звальненне Ласкаўнёвай у тым ліку паўплывалі мае інтэрв’ю для СМІ, дзе я расказваў пра жорсткае абыходжанне з людзьмі ў «нізкім статусе», а таксама пра абыякавасць медыкаў. Яшчэ ў 2021-м, да затрымання, я пайшоў паказаць свае радзімкі анколагам – павінен быў выдаліць іх, абследаваць, але мяне пасадзілі. На зоне мне стала вельмі дрэнна, і я прасіў Ласкаўнёву праверыць маю радзімку. Усё, што я чуў у адказ: «Ты не ў санаторыі, ты не ў дзіцячым лагеры, ты ведаў, на што ідзеш і куды». Я даводзіў ёй, што яна ж доктар і давала клятву Гіпакрата, але Ласкаўнёва мне тады адказала, што яна найперш афіцэр, а потым ужо медык».

Згодна клятвы, якую даюць выпускнікі вышэйшых медыцынскіх вучэбных устаноў Беларусі, яны абяцаюць у любы час дапамагаць кожнаму пацыенту незалежна ад яго сацыяльнага паходжання, веравызнання і нацыянальнасці.

Фотаздымак: “Наша ніва”

У бабруйскую калонію памясцілі палітзняволенага святара з Віцебшчыны

Былы пробашч каталіцкай парафіі ў Шуміліне Віцебскай вобласці Анджэй Юхневіч апынуўся ў той жа бабруйскай калоніі, дзе і другі палітзняволены каталіцкі ксёндз Генрых Акалатовіч.

Пра памяшчэнне ксяндза Юхневіча ў бабаруйскую калонію №2 нядаўна даведаліся вернікі, піша “Katolik.life. Неафіцыйнае”.

Пасля ўступлення прысуду ў сілу святар перажыў доўгі і цяжкі працэс этапавання ў калонію: з СІЗА Віцебска праз СІЗА Гомеля. Зараз пісаць лісты айцу Анджэю (лепш – на рускай мове) можна па адрасе: Юхневичу Анджею Марьяновичу ИК №2, 213800, г. Бобруйск, ул. Сикорского, 1.

Дарэчы, у той жа бабруйскай калоніі знаходзіцца палітзняволены ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення, за нібыта “здраду дзяржаве”.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, святара Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня 2024 году. 24 чэрвеня стала вядома, што ён не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ пасля адбытых 45 сутак арышту. Ён быў чатыры разы адміністрацыйна арыштаваны, у тым ліку паводле за нібыта правядзенне “несанкцыянаванага пікету” — размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі. З перадач яму дазволілі толькі лекавыя сродкі.

30 красавіка ў Шуміліне айцу Анджэю быў вынесены прысуд. Вернікі даведаліся, што святар асуджаны да 13 гадоў зняволення, пры тым, што абвінавачванне настойвала на тэрміне ў 15 гадоў. Працэс вяла старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.

Святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць. Наколькі вядома, абвінавачванне будавалася на паказаннях адной або некалькіх “ахвяр” — не выключана, што яны давалі іх пад ціскам. Па тых звестках, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны. Сам святар у судзе трымаўся ў добрым стане духу. Пры гэтым у дыяцэзіі, як сцвярджаецца, ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў на айца Анджэя. 

29 ліпеня Віцебскі абласны суд пакінуў без зменаў прысуд Анджэю Юхневічу. Скарга святара, як і яго довады аб невінаватасці, былі адхіленыя. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, як і раней у Шуміліне.

Фотаздымак Katolik.life

Даярка з Бабруйска адстаяла сваё права на пенсію праз суд

У Бабруйску жанчына, якая прапрацавала многія гады даяркай, здолела ў судзе даказаць сваё права на пенсію па працы з асаблівымі ўмовамі.

Адмова камісіі і зварот у суд

Як паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда, камісія па прызначэнні пенсій пры Бабруйскім райвыканкаме адмовіла заяўніцы ў выплаце пенсіі, спаслаўшыся на недастатковы стаж. Замест патрэбных 20 гадоў камісія прызнала толькі 15 гадоў 6 месяцаў і 4 дні, выключыўшы некалькі перыядаў працы. Падставай сталі згубленыя дакументы і адсутнасць даных у ведамасцях па ўліку працоўнага часу.

Жанчына пайшла ў суд. Яна настойвала, што прадстаўленыя сельгаспрадпрыемствам дакументы былі разгледжаны не ў поўным аб’ёме. У якасці доказаў яна прад’явіла даведкі, дадзеныя аб заработнай плаце і прэміях, а таксама заручылася падтрымкай калег і кіраўнікоў, якія выступілі ў якасці сведак.

Рашэнне суда першай інстанцыі

Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прыйшоў да высновы, што заяўніца сапраўды выконвала працу ў спрэчныя перыяды ў поўным аб’ёме. Ён прызнаў адмову камісіі неправамернай і абавязаў пераглядзець пытанне аб прызначэнні пенсіі.

Акрамя таго, на карысць жанчыны былі спагнаныя судовыя выдаткі ў памеры 2 268 рублёў.

Апеляцыя не дапамагла

Камісія па прызначэнні пенсій не пагадзілася з такім судовым рашэннем і абскардзіла яго ў Магілёўскім абласным судзе. Аднак, судовая калегія па грамадзянскіх справах пакінула ўсё без зменаў. Апеляцыя была адхіленая, а стаж працы даяркі прызнаны дастатковым для прызначэння пенсіі. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц

Бабруйчанка загінула, размаўляючы па тэлефоне ў ванне

Трагічны выпадак адбыўся ў Бабруйску – жанчына загінула ад удара токам у ваннай, калі ў ваду трапіў мабільны тэлефон на зарадцы.

Як паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэта, 37-гадовая бабруйчанка з раніцы прымала ванну. Пры гэтым яна зараджала мабільны тэлефон. 

Праз некаторы час, суседзі знізу заўважылі, што іх кватэру пачынае заліваць вадой. Спрабуючы высветліць, што адбылося, яны пагрукалі ў дзверы кватэры вышэй, менавіта туды, дзе і знаходзілася згаданая жанчына. Аднак на іх званкі і грукат яна не адзывалася. Тады людзі выклікалі міліцыю.

Па прыездзе, міліцыянты знайшлі жанчыну мёртвай у ванне. У вадзе знаходзіўся і мабільны тэлефон, які быў падключаны да электрасеткі. Па папярэднім даным, менавіта гэта акалічнасць і стала прычынай паражэння жанчыны электрычным токам.

Падобны выпадак меў месца ў Мар’інай Горцы Мінскай вобласці ў ліпені мінулага года. Тады маладая 28-гадовая маці, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, прымала ванну і размаўляла па тэлефоне, які паставіла на зарадку. Яе насмерць забіла электрычным токам.

Фотаздымак freeimages.com

Садыст з Бабруйскай калоніі абжываецца ў Германіі

Дзмітрый Шынвізэ, нядаўні начальнік аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 ў Бабруйску, пакінуў службу і пераехаў з сям’ёй жыць у Германію. Праз яго здзекі прайшлі сотні беларускіх палітзняволеных – піша “Наша Ніва”.

Адзін з начальнікаў бабруйскай калоніі запомніўся сотням палітзняволеных праз татальныя прыніжэнні і здзекі. Дзмітрый Шынвізэ па мінушцы “Рудольф” актыўна “прэсаваў” вязняў, выдумляючы парушэнні і чапляючыся да дробязяў, каб адправіць чалавека ў штрафны ізалятар. Калі вязень меў пры гэтым палітычны артыкул, яго чакала яшчэ і лекцыя пра дрэнную Еўропу. Вось якімі словамі Дзмітрый Шынвізэ сустракаў палітычных, прыбыўшых у бабруйскую калонію, па ўспамінах аднаго з іх:

«Вітаем у самай чырвонай зоне на постсавецкай прасторы! Пі*арасы, блакітныя, у ж*пу завадныя, выйсці са строю!»/

Схільны да тэатральнасці і садызму, Дзмітрый Шынвізэ звольніўся з бабруйскай калоніі ў пачатку 2024 года – паведамляе “Наша Ніва”. Па выніках журналісцкага расследавання гэтага выдання вядома, што разам з жонкай ён перабраўся жыць у горад Шверын у Германіі па праграме рэпатрыяцыі як нашчадак нямецкіх каланістаў.

Зараз справай па прыцягненні Дзмітрыя Шынвізэ да адказнасці займаецца “Байпол”.

Фота: “Наша Ніва”

Бабруйчанін, які пагражаў забіць жонку, аддзелаўся штрафам

У Бабруйску суд пакараў штрафам 41-гадовага мужчыну, які пагражаў забіць уласную жонку.

Як паведамляе тэлеграм-канал суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска, у траўні бабруйчанін, будучы п’яным у сябе дома падчас сваркі з жонкай пагражаў ёй забойствам. Пра пагрозы стала вядома праваахоўнікам, а затым і суду.

Суд, прызнаўшы, што ў жанчыны меліся падставы баяцца ажыццяўлення пагрозы, тым не менш, вынес досыць дзіўны прысуд: за такія дзеянні мужчына пакараны штрафам у 50 базавых велічынь, што складае 2 100 рублёў. 

Узнікае пытанне, хто больш пакараны такім вердыктам суда – п’яны буян або ўся яго сям’я?

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак: ТГ суда Бобруйского района и города Бобруйска

Не багі гаршчкі абпальваюць – «Арт-Жыжаль» сабраў керамістаў з усяго свету

На Бабруйшчыну з’ехаліся майстры агню і гліны з розных куткоў свету. Сёння ў Бабруйску адкрываецца выстава па выніках пленэра “Арт-Жыжаль”.
 

На працягу двух тыдняў у мястэчку Вербкі Бабруйскага раёна адэпты агню і гліны запальвалі ў прамым і пераносным сэнсах, паведамляе партал навінаў komkur.info.

Фестываль “Арт-Жыжаль” вядомы на ўвесь свет. Для керамістаў гэта вельмі аўтарытэтнае мерапрыемства, таму геаграфія гасцей уражвае – Беларусь, Егіпет, Малдова, Казахстан і Расія. 

Дарэчы, ганаровы егіпецкі госць пленэра Махамед эль Абд з Каіра – не толькі вядомы кераміст, але і адзін з арт-дырэктараў кампаніі Netflix. Заснавальніка “Арт-Жыжаля” бабруйчаніна Валерыя Калтыгіна Махамед ведаў па згадваннях ў спецыяльнай літаратуры, а на пленэры пазнаёміўся асабіста.

Зрэшты, тэрмін “ганаровы” можна было прымяніць да многіх гасцей “Арт-Жыжаля”. Напрыклад, Анастасія Гумінская з Валожына прыехала ў Бабруйск з Кітая. Там яна выкладае скульптуру і малюнак у Акадэміі мастацтваў Хубэя.

Усіх удзельнікаў фестывалю і вопытных майстроў і пачынаючых керамістаў аб’ядноўвае вера ў сакральнасць агню і гліны, у тое, што выраб керамікі не проста фізічны працэс, а магія, сакрэты якой былі калісьці раскрыты людзям вышэйшымі істотамі. 

Майстры “Арт-Жыжаля ” прынцыпова не карыстаюцца электрычнымі печамі, ім гэта няма для чаго: аб тэмпературы і ступенях абпалу яны судзяць па адценнях дыму. Свае печы керамісты называюць любоўна, па імёнах – “Ракушачка”,” Гранулечка”,”Гравацапа”.

Фінальным акордам пленэра стаў абпал вогненнай скульптуры. Сёлета яна называлася “Бабруйская дзяўчына”. Міжнародную атмасферу керамічнаму цуду надавалі прыхаваныя пасланні ад майстроў з розных краін. 

арт-жыжаль фінальны абпал

Багі многіх пантэонаў сустрэліся на Бабруйскай зямлі. Егіпецкі Ра, казахскі Тэнгры і іншыя боствы размаўлялі там на ўніверсальнай мове керамікі.

А пачынаючы з сённяшняга дня ўсе скульптуры, зробленыя ўдзельнікамі “Арт-Жыжаля” можна будзе ўбачыць у галерэі Бабруйскага мастацкага музея.

арт жыжаль
Фота komkur.info.