Бабруйчанка загінула, размаўляючы па тэлефоне ў ванне

Трагічны выпадак адбыўся ў Бабруйску – жанчына загінула ад удара токам у ваннай, калі ў ваду трапіў мабільны тэлефон на зарадцы.

Як паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэта, 37-гадовая бабруйчанка з раніцы прымала ванну. Пры гэтым яна зараджала мабільны тэлефон. 

Праз некаторы час, суседзі знізу заўважылі, што іх кватэру пачынае заліваць вадой. Спрабуючы высветліць, што адбылося, яны пагрукалі ў дзверы кватэры вышэй, менавіта туды, дзе і знаходзілася згаданая жанчына. Аднак на іх званкі і грукат яна не адзывалася. Тады людзі выклікалі міліцыю.

Па прыездзе, міліцыянты знайшлі жанчыну мёртвай у ванне. У вадзе знаходзіўся і мабільны тэлефон, які быў падключаны да электрасеткі. Па папярэднім даным, менавіта гэта акалічнасць і стала прычынай паражэння жанчыны электрычным токам.

Падобны выпадак меў месца ў Мар’інай Горцы Мінскай вобласці ў ліпені мінулага года. Тады маладая 28-гадовая маці, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, прымала ванну і размаўляла па тэлефоне, які паставіла на зарадку. Яе насмерць забіла электрычным токам.

Фотаздымак freeimages.com