Бабруйскі завод выйшаў са сваёй прадукцыяй на Wildberries

Купіць запчасткі да трактара “Беларус” зараз можна нават на маркетплэйсе Wildberries. Там іх размяшчае Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДА).

Як паведамляе сайт Трактар.бел, прадаваць сваю прадукцыю праз маркетплэйс бабруйскі завод пачаў у гэтым месяцы. Пакуль выстаўлена сем найменняў тавараў.

«Запуск продажаў на Wildberries – вынік больш чым гадавой падрыхтоўкі. Стварэннем картак тавараў займаюцца супрацоўнікі бюро пратакола і рэкламы, яны ж і курыруюць прасоўванне прадукцыі на пляцоўцы» – распавяла начальнік бюро пратакола і рэкламы Юлія Крук, паведаміўшы, што на такі крок завод пайшоў па просьбах спажыўцоў.

Паводле яе, усе вырабы прадаюцца пад адзіным брэндам – BZTDA.OFFICIAL. «Першыя замовы ўжо пачалі паступаць, назіраецца невялікая, але стабільная дынаміка. Калі ўбачым, што прысутнасць на Wildberries сапраўды эфектыўна, будзем рыхтаваць выхад і на Ozon», – дадала Юлія Крук.

Інфармацыя аб тым, што завод пачаў прадаваць сваю прадукцыю на Wildberries, прысутнічае і на яго сайце. Праўда, з трох моўных версій віртуальнага прадстаўніцтва БЗТДА пазначаных на там, азнаёміцца са зместам можна толькі па-руску.

Фота: БЗТДА

У Бабруйску зносяць стары будынак з парушэннем закона

У самым сэрцы гістарычнага Бабруйска знішчаюць будынак былога вучэбна-вытворчага камбіната, які знаходзіцца на вуліцы Маскоўскай, 41.

Як піша тэлеграм-канал “Спадчына”, з 2022 года цэнтральная частка Бабруйска мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі. Аднак будынак №41, як і шэраг іншых, не быў уключаны ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей. Варта адзначыць, што дагэтуль адсутнічае зацверджаны праект зон аховы гістарычнага цэнтра, а гэта значыць, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб культуры нават распрацоўка праектнай дакументацыі на тэрыторыі зоны аховы забароненая.

Нягледзячы на гэта, на Маскоўскай вуліцы сёння вядуцца працы, якія з’яўляюцца парушэннем закону. Складаецца ўражанне, што гэта адбываецца з маўклівай згоды гарадскіх уладаў, якія, здаецца, нават не спрабуюць азнаёміцца з патрабаваннямі культурнага заканадаўства.

Магчыма, гэты будынак і не мае істотнай архітэктурнай ці гістарычнай вартасці, але даваць такую ацэнку павінен навуковы кіраўнік, які будзе распрацоўваць праект зон аховы і рэгламенты іх выкарыстання.

Як распавядае “komkur.info”, на месцы старога будынка пабудуюць новы. На двух паверхах агульнай плошчай 2 181 квадратны метр размесцяцца магазін, офісныя памяшканні і рэстаран з пляцоўкай пад адкрытым небам. Прылеглую тэрыторыю выкладуць тратуарнай пліткай, абсталююць шэсць парковак, у тым ліку дзве – непасрэдна на Маскоўскай, а таксама добраўпарадкуюць сквер, які прымыкае да плошчы Перамогі. Помнік ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій захаваецца. Цалкам аб’ект плануюць здаць у другім квартале 2026 года. 

Фота: komkur.info

YouTube-рэсурсы асуджанага ў Магілёве блогера-палітвязня прызналі “экстрэмісцкімі”

У Віцебску суд назваў “экстрэмісцкімі” YouTube-рэсурсы блогера-палітвязня Змітра Казлова з Барані, якога двойчы судзілі на Магілёўшчыне.

Рашэнне было прынята 15 ліпеня 2025 года Кастрычніцкім судом Віцебска. Сярод прызнаных “экстрэмісцкімі” – YouTube-каналы Казлова «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы».

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, аўтар каналаў ужо пяць гадоў – з 10 чэрвеня 2020 года, знаходзіцца за кратамі. Зміцер Казлоў 28 лістапада 2024 года павінен быў вызваліцца з бабруйскай папраўчай калоніі пасля чатырох з паловай гадоў зняволення. Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна яго зноў судзілі – Змітра Казлова звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ). З калоніі яго перавялі ў СІЗА №5.

Які вердыкт вынес 29 лістапада суддзя горада Бабруйска і Бабруйскага раёна Павел Карцінін, пакуль невядома. Але ў выніку відэаблогер Зміцер Казлоў, які ўжо цалкам адбыў прысуджаны раней тэрмін, на волю так і не выйшаў.

У бабруйскай папраўчай калоніі №2 Зміцер Казлоў аказаўся паводле вердыкту суддзі Магілёўскага абласнога суда Ірыны Ланчавай. 25 траўня 2021 года яна асудзіла яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Змітру Казлову суддзя Ланчава прызначыла 5 гадоў зняволення.

Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч 3 лістапада 2021 года, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме апеляцыйную скаргу блогера, пакінула прысуд у сіле.

У пачатку вясны 2025 г. стала вядома, што Дзмітрый пераведзены ў іншую папраўчую калонію, але ў якую – невядома, піша “Вясна”.

Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года за плакаты, вывешаныя насупраць будынка суда Першамайскага раёна Менска. 12 чэрвеня пакаралі 20 суткамі адміністрацыйнага арышту. А 30 чэрвеня, калі блогер павінен быў выйсці на волю, стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. З ізалятара на Акрэсціна Змітра перавялі ў СІЗА‑1.

У ліпені 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Змітра Казлова палітычным зняволеным.

Да таго, пачынаючы з 2019 года, за стрымы і ўдзел у розных вулічных акцыях Зміцер быў асуджаны агулам да 120 сутак адміністрацыйных арыштаў. На сваім YouTube-канале «Серый кот» відэаблогер расказваў пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў і пра падзеі, якія адбываліся ў палітычным жыцці Беларусі.

Зміцер Казлоў нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Оршай. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Захапіўся блогерствам у 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычный тэматыкі. Ён актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй зімой 2019 года.

Зміцер не мае ўласнай сям’і, ягоныя бацькі памерлі шмат гадоў таму, і ў яго няма блізкіх сваякоў.

Фота: “Радыё Свабода”

Падрабязнасці гучнай аварыі пад Бабруйскам – абвінавачвалі маршрутчыка, а пасадзілі трактарыста

Пасля сутыкнення маршруткі і трактара летам мінулага года два чалавекі трапілі ў рэанімацыю, васьмярых шпіталізавалі. Гучнае ДТЗ адбылося каля вёскі Брожка ў Бабрйскім раёне на трасе Бабруйск – Мазыр, пісалі mogilev.media. Аварыя з удзелам маршруткі выклікала вялікі рэзананс на фоне іншых падобных дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам маршрутных таксі, што адбываліся па Беларусі. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што першапачаткова Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу менавіта супраць кіроўцы таксі.

Абвінавачанне і нечаканы паварот

32-гадоваму мужчыне інкрымінавалася парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За медыцынскай дапамогай пасля аварыі звярнуліся 13 чалавек. У выніку на лаву падсудных сеў… другі кіроўца – трактарыст. Прэс-служба Магілёўскага абласнога суда паведамляе падрабязнасці.

Следствам было ўстаноўлена, што вадзіцель трактара з прычэпам вырашыў павярнуць налева, каб з’ехаць на прасёлкавую дарогу, не пабачыўшы, што ў гэты момант яго збіраецца абагнаць маршрутка.

Суд і прысуд

Падчас судовага паседжання абвінавачаны віну не прызнаў. Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў трактарыста вінаватым у парушэнні ПДР і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 гадоў.

Было таксама пастаноўлена спагнаць з прадпрыемства, кіроўцам якога з’яўляўся абвінавачаны, на карысць пяцярых пацярпелых матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды на агульную суму 95 000 рублёў. Акрамя таго, з абвінавачанага на карысць аднаго з пацярпелых. спагнаны расходы па аплаце паслуг адваката ў суме 3600 рублёў.

аварыя з маршруткай

Фота: Прэс-служба УУС

Каля 100 чалавек з Магілёўшчыны – “Кіберпартызаны” выклалі базу беларускіх наёмнікаў у арміі РФ

Новае папаўненне базы даных “Чорная мапа Беларусі” адбылося сёння. На сайт, які быў створаны “Кіберпартызанамі”, былі дабаўленыя каля 630 чалавек, грамадзян Беларусі, што бяруць удзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Гэты спіс падрыхтаваны на падставе ўкраінскага спісу “Хачу жыць” – паведамляе Тэлеграм-канал “Кіберпартызанаў”. 

Можна пабачыць, што прыкладна адна шостая частка наёмнікаў, даныя якіх трапілі да даследвальнікаў, паходзіць з Магілёўшчыны. Найбольшая колькасць іх, натуральна, з Магілёва – 33 чалавекі” і з Бабруйска – 26. Усяго гэта каля 97 чалавек з нашага рэгіёна. Цалкам увесь спіс можна пабачыць тут. Для прагляду, неабходна выбраць у выплываючым меню пазіцыю “Наёмнікі РФ”.
наёмнікі РБ

Фота: Чорная мапа Беларусі

У палітзняволенага бабруйчаніна з’явіўся сімвалічны “хросны” з Нідэрландаў

Дэпутат парламента Нідэрландаў Іса Кахраман узяў сімвалічнае шэфства над палітзняволеным жыхаром Бабруйска Дзмітрыем Слукам, які знаходзіцца ў магілёўскай турме №4.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, Іса Кахраман, сябр партыі “Новая грамадская дамова”, упершыню стаў “хросным” беларускага палітвязня. Сваю матывацыю падтрымаць Дзмітрыя Слуку ён пракаментаваў наступным чынам:

“Як сябар парламента, я лічу важным не толькі займацца ўнутранымі справамі, але і падтрымліваць нашых суседзяў. Недапушчальна, каб грамадзянская супольнасць так жорстка ўціскалася з боку ўладаў, як у выпадку Дзмітрыя Слукі. Выступаць супраць такіх парушэнняў правоў чалавека — мой абавязак. Я спадзяюся, што ў будучыні Беларусь стане функцыянуючай дэмакратыяй побач са сваімі заходнімі суседзямі”.

Бабруйчанін Дзмітрый Слук мае 36 гадоў. Ён быў абвінавачаны паводле артыкула 290-1 КК РБ (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за данаты арганізацыі “Кіберпартызаны”, якія выкрываюць злачынствы рэжыма Лукашэнкі. 


палітвязень

Дзмітрый СлукПаводле версіі абвінаваўцы, 20 жніўня 2021 года Дзмітрый Слук перавёў суму, эквівалентную 2 160 долараў у крыптавалюце “Кіберпартызанам”. 

16 сакавіка 2023 года КДБ унёс палітвязня ў так званы спіс тэрарыстаў. 4 ліпеня 2023 года ён быў асуджаны да 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама да штрафу ў памеры каля 3 475 долараў. 24 чэрвеня 2024 года ў Віцебску адбыўся новы суд па змене рэжыму ўтрымання, на якім суддзя Міхаіл Зубеня пастанавіў перавесці палітвязня ў турму.

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Мужчына атрымаў два з паловай гады калоніі за збіццё бабруйскага міліцыянера

Суд у Бабруйску прызнаў вінаватым раней судзімага мужчыну, які ў стане алкагольнага ап’янення збіў мясцовага міліцыянера, у тым ліку зламаўшы яму нос.

Як паведамляе Магілёўскі абласны суд, здарэнне адбылося ноччу 12 студзеня 2025 года, калі мужчыну спрабавалі затрымаць за нейкае дробнае хуліганства. «Аднак абвінавачваны, з мэтай перашкоды законнай дзейнасці міліцыянера, наўмысна нанёс яму ўдар кулаком у галаву, ад чаго той паваліўся на тратуар і газон. Пасля гэтага абвінавачаны нанёс пацярпеламу яшчэ адзін удар рукой у галаву, пасля чаго яго дзеянні былі спынены іншымі супрацоўнікамі міліцыі, і ён быў затрыманы», — гаворыцца ў паведамленні суда.

Пазней высветлілася, што ў пацярпелага міліцыянера, у прыватнасці, быў зламаны нос. Суд кваліфікаваў гэта як лёгкае цялеснае пашкоджанне.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся. Аднак, адзін з бакоў працэсу не пагадзіўся з прысудам і падаў апеляцыю. Магілёўскі абласны суд прызнаў рашэнне бабруйскага суда справядлівым. У выніку мужчына атрымаў два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да гэтага тэрміну дадалі яшчэ паўгода неадбытай часткі пакарання па папярэднім прысудзе. Акрамя таго, яму забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін чатыры гады, тры месяцы і 11 дзён.

Варта адзначыць, што ў Бабруйску не рэдкія праявы негатыўнага стаўлення грамадзян да супрацоўнікаў міліцыі. Так, у чэрвені 2020 года стала вядома, што бабруйчанін, які скраў у краме бутэльку віна, пры затрыманні ўдарыў міліцыянера.

У лістападзе 2018 года міліцыянера ў цывільным адзенні збілі падлеткі.

Таксама часта здараліся выпадкі, калі грамадзяне спрабавалі аказаць супраціў супрацоўнікам міліцыі, якія ўжывалі неабгрунтаваную сілу ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Суд у Бабруйску прызнаў “экстрэмісцкай” кнігу «Iдыёт, самы настаяшчы»

У Беларусі прызналі “экстрэмісцкай” кнігу, якая названая цытатай Аляксандра Лукашэнкі «Ідыёт, самы настаяшчы».

Рашэнне аб прызнанні кнігі “эстрэмісцкай” было прынята судом Бабруйска і Бабруйскага раёну 29 траўня 2025 года, але вядома аб гэтым стала толькі цяпер.

Як адзначаецца ў так званым “Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”, такім цяпер ёсць “печатное издание “Iдыёт, самы настаяшчы”, опубликованное в 2001 году издательством “KONTRA-PRESS Менск-Варшава-Масква”, на 192 страницах”. Рашэнне бабруйскага суда “подлежит немедленному исполнению в соответствии с 314 статьей Гражданского процессуального кодекса”.

Як аказалася, нават надрукаваная амаль чвэрць стагоддзя таму кніга, з’яўляецца дагэтуль актуальнай, хоць рэаліі ў Беларусі з тых часоў значна змяніліся. Гэта значыць, што «Ідыёт, самы настаяшчы» варта пачытаць у бяспечных для сябе ўмовах.

“Славяне з Польшчы, Расеі і, вядома, Беларусі аб’ядналіся, каб захаваць для нашчадкаў гэты помнік эпохі – вобраз Першага Прэзыдэнта РБ – так, як убачыў яго народ беларускі. Тэксты, што трапілі ў кніжку, вельмі розныя – і па жанры, і па мастацкім узроўні. Некаторыя напісаныя цьвёрлай рукою майстра, іншыя – тыповыя прыклады гарадзкога фальклёру, часам хутчэй для плоту, чым для паперы. Аб’ядноўвае іх адзін цэнтральны пэрсанаж, пазнавальны, нават калі й не названы” – гаворыцца ў анатацыі да кнігі, размешчанай на старонцы інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.

Фотаздымак: Камунікат  

Названы чарговы год запуску Бабруйскага завода па перапрацоўцы смецця

Бягучы год можа стаць годам уводу ў эксплуатацыю Бабруйскага смеццеперапрацоўчага завода, на што ў папярэднія гады не хапала фінансавання.

«Выхад на поўную магутнасць і ўрачыстае адкрыццё завода рыхтуюцца ў Год добраўпарадкавання», — пра гэта 4 чэрвеня 2025 года напісала Mogilevnews, распавядаючы пра візіт на будоўлю міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандра Студнева, які разам з новым старшынёй Бабруйскага гарвыканкама Максімам Гурыным правёў там выязное пасяджэнне.

«У ходзе дыялогу абмеркавалі завяршальны этап будаўніцтва завода па перапрацоўцы адходаў. Аб’ект мае стратэгічнае значэнне не толькі для горада, але і для ўсёй Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, ён забяспечыць больш за 140 працоўных месцаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Ці праўда, што завод сапраўды пачне працаваць у гэтым годзе — вялікае пытанне. Спачатку планавалася, што яго ўвядуць у строй у 2023 годзе, то бок праз два гады пасля пачатку будаўніцтва. Дарэчы, тады «СБ — Беларусь сегодня» паведамляла, што на прадпрыемстве будзе занята больш за 160 чалавек.

Генеральным падрадчыкам на аб’екце з’яўляецца будаўнічы трэст №12 з Магілёва, заказчыкам — УКС Магілёўскай вобласці. У студзені 2024 года галоўны інжынер УКСа Ягор Шчанаў расказаў «Коммерческому курьеру», што прычынай няўводу завода ў тэрмін стаў недахоп фінансавання. Ішла гаворка пра 20 мільёнаў рублёў. Агулам інвестпраект першапачаткова ацэньваўся ў 70 мільёнаў.

«Ступень гатоўнасці аб’екта на сёння складае 95%. Астатнія 5% — гэта тэхналагічнае абсталяванне, якое недааплачана і недапастаўлена. Зараз сродкі выдзяляюцца, і як толькі мы іх атрымаем і засвоім, завод будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Пакуль арыентуемся на 1 ліпеня цяперашняга года. Да гэтай даты плануем правесці наладку абсталявання і выкананне тэставага запуску», — казаў Шчанаў амаль паўтара года таму.

Фотаздымак: Mogilevnews

Ноччу ў Бабруйску гарэў інтэрнат

У ноч на 2 чэрвеня ў бабруйскім інтэрнаце на Маладзёжным бульвары адкрытым полымем гарэла вакно на дзявятым певерсе. Паведамленне пра пажар паступіла ў 03:58.Як высветлілася, вакно выходзіла ў калідор. Ратавальнікі паспелі ліквідаваць пажар так аператыўна, што эвакуацыя жыхароў не спатрэбілася. Зараз высвятляецца прычына ўзгарання.

Фота: МНС