На Бабруйшчыну з’ехаліся майстры агню і гліны з розных куткоў свету. Сёння ў Бабруйску адкрываецца выстава па выніках пленэра “Арт-Жыжаль”.
На працягу двух тыдняў у мястэчку Вербкі Бабруйскага раёна адэпты агню і гліны запальвалі ў прамым і пераносным сэнсах, паведамляе партал навінаў komkur.info.
Фестываль “Арт-Жыжаль” вядомы на ўвесь свет. Для керамістаў гэта вельмі аўтарытэтнае мерапрыемства, таму геаграфія гасцей уражвае – Беларусь, Егіпет, Малдова, Казахстан і Расія.
Дарэчы, ганаровы егіпецкі госць пленэра Махамед эль Абд з Каіра – не толькі вядомы кераміст, але і адзін з арт-дырэктараў кампаніі Netflix. Заснавальніка “Арт-Жыжаля” бабруйчаніна Валерыя Калтыгіна Махамед ведаў па згадваннях ў спецыяльнай літаратуры, а на пленэры пазнаёміўся асабіста.
Зрэшты, тэрмін “ганаровы” можна было прымяніць да многіх гасцей “Арт-Жыжаля”. Напрыклад, Анастасія Гумінская з Валожына прыехала ў Бабруйск з Кітая. Там яна выкладае скульптуру і малюнак у Акадэміі мастацтваў Хубэя.
Усіх удзельнікаў фестывалю і вопытных майстроў і пачынаючых керамістаў аб’ядноўвае вера ў сакральнасць агню і гліны, у тое, што выраб керамікі не проста фізічны працэс, а магія, сакрэты якой былі калісьці раскрыты людзям вышэйшымі істотамі.
Майстры “Арт-Жыжаля ” прынцыпова не карыстаюцца электрычнымі печамі, ім гэта няма для чаго: аб тэмпературы і ступенях абпалу яны судзяць па адценнях дыму. Свае печы керамісты называюць любоўна, па імёнах – “Ракушачка”,” Гранулечка”,”Гравацапа”.
Фінальным акордам пленэра стаў абпал вогненнай скульптуры. Сёлета яна называлася “Бабруйская дзяўчына”. Міжнародную атмасферу керамічнаму цуду надавалі прыхаваныя пасланні ад майстроў з розных краін.

Багі многіх пантэонаў сустрэліся на Бабруйскай зямлі. Егіпецкі Ра, казахскі Тэнгры і іншыя боствы размаўлялі там на ўніверсальнай мове керамікі.
А пачынаючы з сённяшняга дня ўсе скульптуры, зробленыя ўдзельнікамі “Арт-Жыжаля” можна будзе ўбачыць у галерэі Бабруйскага мастацкага музея.

Фота komkur.info.







