Чацвярым братам-магілёўцам пашанцавала – яны выжылі на вайне

Чатыры браты пайшлі на вайну – і ўсе вярнуліся. Магіляўчанка захоўвае нетыповую для Беларусі гісторыю сваёй сям’і.

У Беларусі амаль няма сем’яў, якіх не закранула Вялікая Айчынная вайна. Жыхарка Магілёва Раіса Азаранка некалькі гадоў па крупінках збірала дакументальныя сведчанні пра сваіх родных – узнагародныя лісты, архіўныя запісы, фотаздымкі. Гісторыя, якую яна хацела захаваць, гучыць амаль неверагодна: чатыры браты пайшлі на фронт і ўсе чацвёра вярнуліся дадому.

Да вайны

Бацька Раісы Васільеўны – Васіль вырас на Слаўгарадчыне ў вялікай сялянскай сям’і. У Васіля было трое братоў – Андрэй, Уладзімір і Канстанцін.

У трыццатыя гады частку сям’і саслалі ў Сібір, але Васіль застаўся, перабраўся ў Магілёў, ажаніўся і жыў у раёне Лупалава.

Пра тую раніцу 22 чэрвеня 1941 года Раіса Васільеўна ведае са слоў маці. Васіль пайшоў на рынак па парася. Вярнуўся з пустым мяшком: вайна пачалася.

Васіль: сапёр на Одэры

Неўзабаве Васіля забралі на фронт. Ён стаў сапёрам. Ва ўзнагародным лісце да медаля «За адвагу» апісаны яго подзвіг на рацэ Одэр: восем сутак без ежы і амаль без сну, пад бесперапынным артылерыйскім агнём, ён разам з таварышамі будаваў мост.

Потым Васіль трапіў у палон. Цудам уцёк, дабраўся да вёскі, дзе яго чакала жонка. Яна пешшу адправілася да сваякоў у Магілёў, каб перадаць: жывы.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў сваю разбураную вёску. Цесляр па прафесіі, узяўся дапамагаць суседзям аднаўляць дамы. Памёр рана, у 1968 годзе. Далі знаць пра сябе раненне і кантузія. Раісе тады не было і адзінаццаці гадоў.

Андрэй: ад Сталінграда да Берліна

Андрэй быў прызваны ў сорак першым. Ваяваў на Данскім, Заходнім, Першым і Другім Беларускіх франтах. Атрымаў медаль «За адвагу». У баях на беразе Дзясну быў паранены, пасля выздараўлення вярнуўся ў строй. У пачатку 1945 года ўдастоены ордэна Славы III ступені. Пасля перамогі вярнуўся ў Магілёў.

Уладзімір: сувязіст, палон, уцёкі

Уладзімір служыў сувязістам. Як і старэйшы брат, трапіў у палон – і таксама ўцёк. Узнагароджаны двума медалямі «За адвагу», медалём «За вызваленне Варшавы» і ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Канстанцін: самы малодшы

Канстанціна прызвалі ў снежні 1944 года – яму было ўсяго семнаццаць. Чырванафлоцец-сігнальшчык, ён служыў на Паўночным і Ленінградскім франтах, быў узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй». Дадому ў Магілёў вярнуўся толькі ў 1950 годзе.

Пасля вайны браты збіраліся разам на сямейныя святы – народу ў доме тады было не злічыць. Суседзі напэўна ім зайздросцілі – большасці магілёўскіх сем’яў шанцавала значна менш

Фото БелТА.

Вось як Магілёў будзе адзначаць Дзень Перамогі: праграма

У гонар 9 мая гадавіны ў Магілёве пройдуць 24 мерапрыемствы, уключаючы ўрачыстыя шэсці, канцэрты, выставы ваеннай тэхнікі і святочны феерверк.

Апублікаваны іх пералік:

Урачыстае шэсце з удзелам духавога аркестра да Брацкага пахавання. Мітынг-рэквіем “Вечная памяць у сэрцах!”

08:00 – брацкае пахаванне на вуліцы Аўтазаводскай

Выстава ваеннай тэхнікі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

09:00-17:00 – плошча Славы

Парад спадкаемцаў Вялікай Перамогі

10:30 – плошча Леніна

Урачысты марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона

10:45 – плошча Леніна

Тэатралізаванае шэсце пакаленняў “Беларусь памятае”

11:00 – плошча Леніна – вуліца Першамайская – плошча Славы

Тэматычная праграма “Жыві, квітней, Пераможны май!”

11:00-18:00 – Тэатральны сквер

Арт-прастора “Дзеці малююць Перамогу”

11:00-15:00 – плошча Адзінства

Выставачная экспазіцыя сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў “Ніхто не забыты, нішто не забыта”

11:00-15:00 – Камсамольскі сквер

Патрыятычная акцыя “Народнае ўскладанне”. Тэатралізаваны мітынг “Паклонімся Вялікім тым гадам”

12:00 – плошча Славы

Святочны канцэрт “Паклон табе, Вялікая Перамога”. Канцэртная праграма “Паклон Вам нізкі, жанчыны вайны” і гарадскі конкурс “Магілёўскі пікнік” (“Салдацкая паляна”)

12:00-16:00 – Пячэрскі лесапарк

Ваенна-патрыятычная квэст-гульня “Мы – патрыёты!”

12:00-16:00 – парк у Падміколлі

Гарадская акцыя “Вальс Перамогі”. Святочны канцэрт “Песні Вялікага подзвігу”

12:00-17:00 – плошча Зорак

Святочная праграма “Мы памятаем! Мы ганарымся!”

13:00 – адкрытая пляцоўка каля манумента “Танк” на вуліцы Якубоўскага

Канцэртна-забаўляльная праграма “Дзякуй за Перамогу!”

13:00 – вуліца Ямніцкая

Святочная праграма “Была вясна – вясна Перамогі!”

13:00 – вуліца Бярозаўская, дамы 12, 20, 20а

Музычная пляцоўка “Мелодыі франтавой вясны!”

13:00 – адкрытая пляцоўка дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа нумар 44 горада Магілёва” (завулак Цютчава, 2в)

Канцэртна-забаўляльная праграма “Пераможны май”

13:00 – адкрытая пляцоўка дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа нумар 13 горада Магілёва імя Героя Савецкага Саюза Е.І. Чайкінай” (вуліца Алтайская, 26)

Інтэрактыўная музычная тэматычная акцыя “Песні Вялікай Перамогі”

14:00 – плошча Адзінства

Моладзевы танцавальны флэшмоб “Пераможны вальс”

14:00 – пляцоўка каля дзяржаўнай установы “Дом суправаджальнага пражывання горада Магілёва”

Адкрытая пляцоўка “Мы славім Перамогу!”

14:00-16:00 – сквер “700-годдзе Магілёва”

Святочны канцэрт “З песняй – да Перамогі” дзяржаўнай установы культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Магілёўская гарадская капэла”

15:00 – гандлёвы цэнтр “Атрыум”

Святочны канцэрт “Жыве Перамога ў пакаленнях”

15:00 – пляцоўка каля ўстановы адукацыі “Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава”

Тэатралізаваны канцэрт “Яны выстаялі, каб мы жылі” і патрыятычная акцыя “Спяём «Дзень Перамогі»”

21:30-23:00 – плошча Славы

Святочны феерверк

23:00 – набярэжная ракі Дняпро

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Магілёве юнак сістэматычна краў прадукты з крам

У Магілёве раскрылі серыю крадзяжоў прадуктаў харчавання з крам – злачынца затрыманы.

У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС паведамілі пра знікненне з крам тавараў на агульную суму каля 2 300 рублёў.

Аператыўнікі ўстанавілі, што да крадзяжоў датычны 19-гадовы мясцо жыхар. Аказалася, што малады чалавек складаў тавары, якія спадабаліся, у заплечнік і ўхітраўся пакідаць крамы незаўважаным.

Пазней прадукты ён перапрадаваў праз адзін з сайтаў аб’яў.

Аказваецца камеры відэаназірання і іншыя элементы ахоўных сістэм не заўсёды эфектыўныя.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Магілёўскі КДК зноў не дазволіў пілаваць крычаўскі бюджэт

Шматлікія парушэнні выяўлены Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ў працы дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Крычаўскага раёна».

Высветлілася, што ў крычаўскім цэнтры, які забяспечваў дзейнасць бюджэтных арганізацый шмат чаго не забяспечылі.

У тым ліку:

  • не забяспечана своечасовае аднаўленне ў бюджэт затрат ад аказання платных паслуг на агульную суму больш за 100 тысяч рублёў;
  • неабгрунтавана налічаны і выплачаны кіраўнікам асобных бюджэтных арганізацый прэміі ў суме 25,3 тысячы рублёў;
  • неэфектыўна расходавана на ўтрыманне гэтых арганізацый больш за 26 тысяч рублёў;
  • дапушчаны аплата завышаных аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ,
  • парушаны парадак правядзення дзяржаўных закупак, складання дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, вядзення бухгалтарскага ўліку, распараджэння дзяржаўнай маёмасцю і іншыя.

Грошы вернуцца ў бюджэт, вінаватыя службовыя асобы атрымаюць адміністрацыйныя спагнанні, а іх дзеянні ацэняць праваахоўныя органы.

Карацей кажучы, зноў нікога не пасадзяць.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Дзень у гісторыі. 8 мая. Дні памяці і прымірэння. Магілёў – сталіца БССР. Расправа партызан у Налібаках. Капітуляцыя Германіі

Сусветны Дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (з 1953 года).

Святкуецца ў дзень нараджэння заснавальніка міжнароднага таварыства “Чырвонага Крыжа”, швейцарскага гуманіста, грамадскага дзеяча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Анры Дзюнана.

У 1859 годзе ён арганізаваў аказанне дапамогі параненым у бітве пры Сальферына падчас аўстра-італа-французскай вайны, ахвярамі якой сталі 40 000 чалавек. Афіцыйна назва Міжнародны Чырвоны Крыж была зацверджана ў 1928 годзе на 13-й міжнароднай канферэнцыі ў Гаазе, дзе быў прыняты статут арганізацыі. У 1986 годзе была зацверджана новая назва арганізацыі – Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Задача арганізацыі – аказанне дапамогі параненым, хворым і ваеннапалонным падчас узброеных канфліктаў, дапамога ахвярам стыхійных бедстваў. Асноўныя прынцыпы дзейнасці руху – гуманнасць, бесстароннасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць.

У 1872 годзе было створана Мінскае мясцовае ўпраўленне Расійскага таварыства апекі аб параненых і хворых воінах, пасля чаго былі адкрыты Віцебскае, Магілёўскае, Віленскае і Полацкае ўпраўленні.

Зараз структуры Беларускага Чырвонага крыжа працуюць ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі.

Дні памяці і прымірэння (8 і 9 мая).

Прысвечаны памяці ахвяр і загінуўшых у Другой сусветнай вайне. Абвешчаны 22 лістапада 2004 года Генеральнай Асамблеей ААН.

Адзначаюцца з 2005 года.

У Другой сусветнай вайне загінула 71,2 мільёны чалавек, у тым ліку: у СССР – 26,6 (у БССР – 2, 22), Кітаі – 15,5, Германіі – 8,4, Польшчы – 6,2, Інданзэзіі – 4,0, Індыі – 3,0, Японіі – 2,5, у Філіпінах, Югаславіі, Бірме (М’янма) – больш як па мільёну жыхароў.

1243 год. Памерла Еўфрасіння Пскоўская (Еўпраксія, 1170-я – 1243).

Князёўна полацкая, княгіня пскоўская, святая праваслаўнай царквы. Ігумення пскоўскага Спаса-Прадцечанскага манастыра.

Дачка князя Рагвалода-Васіля, унучка вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча, сястра князя Глеба Рагвалодавіча.

Выхоўвалася ў полацкім Спаскім манастыры. Выйшла замуж за пскоўскага князя Яраслава Уладзіміравіча.

Фундавала пабудову Прадцечанскай царквы ў Пскове, заснаванне  манастыра Іаана Хрысціцеля. Прыняла манаскі пострыг, стала ігуменняй.

Забіта пасынкам князя Яраслава. Пахавана ў Спаса-Прадцечанскім манастыры.

1551 год. Памерла Барбара Радзівіл (1520-1551).

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.

Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў, а таксама свякроў – каралева Бона Сфорца.

Насуперак ўсім апанентам, Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года, памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.

Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

1883 год. У фальварку Данілаўка Бабруйскага павету (зараз – Светалагорскі раён) нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч (1883-1937).

Адзін з бацькоў-заснавальнікаў, разам з Я. Карскім і І. Воўк-Левановічам, сучаснай беларускай дзяржаўнасці, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры, акадэмік, дырэктар Інстытуту мовазнаўства.

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, працаваў у наркамасветы БССР, старшынёй Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Удзельнік арганізацыі Інбелкульта, акадэміі навук, яе віцэ-прэзідэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, правапісу спрэчных дзеяслоўных форм.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, у 1931 годзе прыгавораны да высылкі ў Удмурцію. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу, расстраляны на наступны дзень.

1939 год. Пачала працаваць урадавая камісія па пераводзе сталіцы БССР у Магілёў.

Камісію ачоліў намеснік старшыні СНК БССР І. Захараў.

У першы дзень працы былі разгледжаны каляндарны план работ па будаўніцтве Дома ўрада і праект размяшчэння наркаматаў і цэнтральных устаноў, якія пераводзяцца з Мінска, заслухана інфармацыя аб забеспячэнні Магілёўскага будтрэста рабочай сілай.

Праект рэканструкцыі пл. Славы (тады – Савецкай).

1943 год. Савецкія партызаны ўчынілі расправу над жыхарамі в. Налібакі.

У вёсцы, якая находзіцца ў Налібоцкай пушчы, былі забіты 128 чалавек, у тым ліку 3 жанчыны, некалькі падлеткаў і 10-гадовы хлопчык. Прычына нападу –  супрацоўніцтва вяскоўцаў з польскай Арміяй Краёвай (АК).

Мясцовай ячэйцы АК ва ўльтыматыўнай форме была прапанавана падпарадкавацца партызанскаму цэнтру ў Маскве, але яна адмовіліся. Адказам стаў карны рэйд. Пасля масавага забойства партызаны выкралі з вёскі 100 кароў і 70 коней.

У справаздачы савецкіх партызан было ўказана, што ў баі ў Налібаках разбіты нямецкі гарнізон.

Трагічныя падзеі ў Налібаках прыцягнулі ўвагу грамадскай думкі ў пачатку XXI стагоддзя ў сувязі са стварэннем галівудскага фільма “Выклік” (2008) пра яўрэйскіх партызанаў Бельскіх, якіх падазравалі ў расправе над мірнымі жыхарамі.

Помнік ахварям ад эмігрантаў.

1945 год. У прадмесці Берліна Карлсхорсце падпісаны канчатковы Акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі і яе ўзброеных сіл.

Гэта адбылося 8 мая а 22:43 па цэнтральна-еўрапейскаму, а 23:43 па мінскаму часу, 9 мая а 0:43 па маскоўскаму. У Берліне не знайшлося ніводнага ацалелалага будынка, дзе б можна было годна правесці падпісанне капітуляцыі.

Дзень афіцыйнай аб’явы капітуляцыі – 8 траўня ў Еўропе і Амерыцы, 9 траўня ў СССР – стаў святкавацца як Дзень Перамогі.

Акт аб капітуляцыі ад імя германскага вермахта падпісалі генерал- фельдмаршал У. Кейтель, галоўнакамандуючы ВМС адмірал Фон Фрыдэбург, генерал-палкоўнік авіяцыі Г. Штумпф. СССР прадстаўляў намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага маршал Савецкага Саюза Г. Жукаў, саюзнікаў – галоўны маршал авіяцыі Вялікабрытаніі А. Тэдэр. У якасці сведкаў прысутнічалі генерал арміі ЗША Спаатс і галоўнакамандуючы французскай арміяй генерал Тасіньі.

1949 год. На тэрыторыі Трэптаў-парка ў Берліне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка “Воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях з фашызмам”.

Там пахавана каля 5 000 тысяч савецкіх воінаў, у тым ліку некалькі сотняў ураджэнцаў Беларусі.

У сутарэннях помніка размешчаны маўзалей. Агульная вышыня манумента складае каля 30 м. Перад помнікам – мемарыяльнае поле з брацкімі магіламі, сімвалічнымі саркафагамі, чарамі для вечнага агню, двума чырвонымі сцягамі з граніту, скульптурамі укленчаных салдат.

Для будаўніцтва выкарыстоўвалі граніт з рэйхсканцылярыі Гітлера. Фігуру Воіна-вызваліцеля вырабілі ў Ленінградзе – 13-метровы помнік адлілі з бронзы вагой 72 тоны. У Берлін яго перапраўлялі часткамі водным шляхам.

1965 год. Магілёўскаму падпольшчыку, партызану атрада №600 Леаніду Лорчанка пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон. 18 ліпеня 1943 года каля в. Антонава Буда пры выхадзе з акружэння застаўся ў групе прыкрыцця, якая раніцай ўступіла ў бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка каля р. Рудня. Застаўшыся ў жывых адзін, калі скончыліся боепрыпасы, падарваў сябе і ворагаў гранатай. Пахаваны каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна.

У гонар героя ўстаноўлены бюст у г. Бялынічы, названы вуліцы ў Бялынічах і Магілёве.

1965 год. Прысвоена званне крэпасць-герой Брэсцкай крэпасці.

Да 22 чэрвеня 1941 года ў крэпасці дыслакавалася 8 стралковых батальёнаў,  разведвальны, артылерыйскі палкі і 2 артылерыйскіх дывізіёна, некаторыя спецпадраздзяленні – усяго каля 9 000 чалавек, не лічачы членаў сем’яў.

Штурмавала крэпасць з 4:45, пасля артпадрыхтоўкі, 22 чэрвеня 45-я пяхотная дывізія (да 16 тысяч чалавек), якой было даведзена авалодаць аб’ектам да 12:00 у першы дзень вайны.

Моцнае супраціўленне немцы сустрэлі на Валынскім і Кобрынскім умацаваннях.

Да 7:00 22 чэрвеня некаторыя падраздзяленні 42 і 6-й савецкіх стралковай дывізіі змаглі з баямі пакінуць крэпасць і горад Брэст і з вялікімі стратамі перадыслакавацца.

Да вечара 24 чэрвеня немцы авалодалі Валынскім і Цярэспальскім умацаваннем, а рэшткі гарнізона пераправіліся ў Цытадэль. Штодня абаронцам крэпасці прыходзілася адбіваць 7-8 атак. 29 чэрвеня арганізаваная абарона крэпасці скончылася – заставаліся толькі ізаляваныя групы і адзіночныя байцы.  Да 7 000 абаронцаў трапіла ў нямецкі палон.

Адзін з надпісаў у крэпасці абвяшчае: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20/VII-41».

23 ліпеня 1941 года, на 32-гі дзень вайны, у палон быў узяты камандуючы абаронай Усходняга форта маёр П. Гаўрылаў, паводле афіцыйных звестак, апошні абаронца Брэсцкай крэпасці.

1995 год. На Буйніцкім полі адкрыта першая чарга мемарыяльнага комплекса.

Адкрыты капліца (27 м вышынёй), мемарыяальная алея і Возера Слез.

Комплекс прысвечаны геараічнай абароне Магілёва. Баі тут адбываліся з 10 да 22 ліпеня 1941 года.

13-14 ліпеня на Буйніцкім полі знаходзіліся карэспандэнт газеты «Известия» К. Сіманаў і фотакарэспандэнт П. Трошкін, які сфатаграфаваў падбітыя на Буйніцкім полі нямецкія танкі

Падзеі на полі знайшлі адлюстраванне ў рамане Сіманава «Жывыя і мёртвыя» і дзённіку «Розныя дні вайны».

«Буйніцкае поле» – гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі (з 2002 г.). Аўтар праекта архітэктар У. Чаленка.

Над Буйніцкім полем, паводле завяшчання пісьменніка, у верасні 1979 года развеяны прах К. Сіманава.

2005 год. Памёр Пятро Драчоў (1937-2005).

Беларуск і графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка», у «Беларускім гістарычным часопісе». Працаваў у кніжнай станковай графіцы. Сярод яго шматлікіх твораў: «Францыск Скарына трымае экзамэн перад прафэсарамі ў Падуанскі ўнівэрсытэце», «Да 500-годдзя Міколы Гусоўскага», панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700-1721 гг.», серыі акварэляў «Помнікі архітэктуры Беларусі», «Бярэзінскі запаведнік», «Асветнікі», ілюстрацыі да кніг У. Дубоўкі, П. Броўкі, У. Караткевіча і іншыя.

Бабруйчаніна асудзілі да “хатняй хіміі” за падстрэленую рысь

Асіповіцкі райсуд прысудзіў бабруйскаму паляўнічаму два гады “хатняй хіміі” за падстрэленую чырвонакніжную рысь.

Напрыканцы студзеня 2026 года падчас загоннага палявання на кабана ў Асіповіцкім раёне мужчына заўважыў рысь. І хоць ён ведаў, што гэты звер занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, стрэліў у яго.

Як палічылі спачатку ў пракуратуры, а потым у судзе, забіўшы рысь, від якой знаходзіцца пад пагрозай знікнення, паляўнічы прычыніў урон навакольнаму асяроддзю на суму ў 13,5 тыс. рублёў, што з’яўляецца асабліва буйным памерам.

У далейшым мужчына прызнаўся ў незаконным паляванні і дабраахвотна цалкам кампенсаваў урон. 

У выніку суд прысудзіў несумленнаму паляўнічаму два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у 4,5 тыс. рублёў. Таксама яму забаронена займацца паляваннем цягам двух з паловай гадоў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак: СК РБ

Глускі суд прызнаў “экстрэмісцкім” Фэйсбук памерлага Алеся Пушкіна

Старонка ў Фэйсбук памерлага ў зняволенні палітвязня і мастака Алеся Пушкіна прызнана экстрэмісцкай.

Рашэння аб такім прызнанні было прынята ў Глускім райсудзе 4 траўня. У так званым “Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў” занесена пазіцыя “акаўнт у сацыяльнай сетцы Facebook з назвай Ales Pushkin”.

Палітвязень Алесь Пушкін утрымліваўся ў турме №1 у Гродна. Ён памёр ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі «пры нявысветленых абставінах». Яго ў несвядомым стане даставілі ў гродзенскую бальніцу 10 ліпеня. Аднак лекары выратаваць 57-гадовага мастака не змаглі.

Пушкін – нонканфарміст і перформер, за гады сваёй дзейнасці шматкроць зведаў пераслед па палітычных матывах. Быў удзельнікам пратэстных акцый 2020 года і прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, калі на яго завялі крымінальную справу. 30 сакавіка 2022 года ў закрытым судовым працэсе быў прысуджаны да пяці гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за «здзек над дзяржаўнымі сімваламі» і «распальванне сацыяльнай варожасці або розні».

Фотаздымак: Фэйсбук Алеся Пушкіна

На Бабруйшчыне пройдзе пробны перапіс насельніцтва

Бабруйск і Бабруйскі раён абраны для правядзення пробнага перапісу насельніцтва ў кастрычніку 2027 года.

“Пробны перапіс у нас пройдзе ў кастрычніку 2027 года. Выбраны Бабруйск і Бабруйскі раён. Мы пастараемся папрацаваць з 15 тыс. чалавек, якія будуць з намі працаваць непасрэдна па планшэтах” – цытуе БелТА старшыню Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іну Мядзведзеву.

Адначасова, паводле яе, будзе запушчаны прататып інтэрнэт-перапісу, дзе кожны жадаючы зможа пратэсціраваць адпаведнае праграмнае забеспячэнне. 

Уласна перапіс насельніцтва па ўсёй Беларусі намечаны на 2029 год. 

Сёння законапраект аб перапісе быў прыняты Нацыянальным сходам у першым чытанні. Галоўнай зменай у ім стала зніжэнне да 15 гадоў узросту рэспандэнтаў, якія могуць прыняць у ім удзел. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Былы магілёўскі палітвязень Валадар Цурпанаў пачаў публікацыю сваіх лістоў да жонкі

Магілёвец Валадар Цурпанаў пачаў публікацыю ў Фэйсбуку сваіх лістоў з вязніцы ў памяць аб памерлай на мінулым тыдні яго жонцы Ірыне.

“Пачынаю чын памяці праз друк сваіх лістоў зь не-волі… 

…Гэты кавалак супольнага сужыцьця, паводле майго меркаваньня, быў для даражэнькай жоначкі самым шчасьлівым, бо мела мажлівасьць ня толькі рупіцца пра мае патрэбы, але ж дастала сьведчаньне павагі, любові, увагі, каханьня, спачуваньня, турботы ды інш., выяўленыя словам… 

…Слова было ейным клопатам і сродкам суіснаваньня ў гэтым сьвеце на тле наканаванае місіі: дбаць пра/бараніць дзяцей – вучняў…

…Каторую яна чыніла да рэшты жыцьця: апошні апекаванец дастаў ейнага клопату/дапамогі за некалькі гадзінаў перад ейным сыходам” – напісаў былы палітзняволены ў Фэйсбуку.

Ірына Цурпанава адыйшла ў лепшы свет раніцой 30 красавіка 2026 года ў гарадской кардыялагічнай бальніцы. 

Валадар Цурпанаў вядомы магілёўскі актывіст і праваабаронца. Быў адным з удзельнікаў пратэстаў 2020 года ў Магілёве. У ходзе судовага працэсу па адміністрацыйнай справе ў верасні 2020 года дазволіў сабе шчырае выказванне ў адрас суддзі суда Ленінскага раёна Вікторыі Паляковай, а 14 кастрычніка ў падобных умовах – у адрас суддзі Кастрычніцкага раёна Вольгі Краўчанка. За гэта ў дачыненні да актывіста завялі дзве крымінальныя справы, а потым асудзілі да трох гадоў “хіміі”. 

16 сакавіка 2021 года стала вядома, што Валадара Цурпанава змясцілі ў СІЗА турмы №4 у Магілёве. Яму ставілі ў віну арт. 415 КК – “Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі”. Паводле пастановы, асуджаны “дапусціў шэраг парушэнняў парадку і ўмоваў адбывання пакарання”. Сярод іх згадваецца ляжанне на ложку ў недазволены час і незапраўленае спальнае месца. 

Сам ён на сваёй старонцы ў Facebook сцвярджаў, што справа заведзеная ў дачыненні да яго за тое, што ён згаджаўся працаваць толькі пры выкананні яго працоўных правоў пры адбыцці “хіміі” – патрабаваў заробак, які адпавядае мінімальным памеры, гарантаваным дзяржавай.

У чэрвені 2021 года Цурпанава асудзілі да двух гадоў калоніі. Цалкам адбыўшы тэрмін зняволення, выйшаў на волю ў студзені 2023 года. Жыве ў Магілёве.

Фотаздымак: Фэйсбук Валадара Цурпанава

Правал у Краснаполлі: чатыры паказчыкі з адзінаццаці

На пасяджэнні Краснапольскага райвыканкама падвялі вынікі першага квартала 2026 года. Вынік сумны: з адзінаццаці паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця выканана чатыры.

Чыноўнікі Краснапольшчыны абмеркавалі вынікі сваёй дзейнасці на нарадзе. Вынік красамоўны. Поўны абзац аж па сямі напрамках:

  • інвестыцыі ў асноўны капітал;
  • увод жылля;
  • падрадныя работы ў будаўніцтве;
  • вытворчасць сельгаспрадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый;
  • вытворчасць сельгаспрадукцыі ў сельгасарганізацыях;
  • экспарт тавараў і паслуг.

Аднаго толькі правалу ў сельскай гаспадарцы хопіць для таго, каб зразумець – раёну нічога добрага не свеціць.

Зрэшты старшыня райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў поўны энтузіязму. Ён не не разгубіўся і заявіў, што на паказчыкі, якія не выкананыя “мы можам паўплываць”.

Фота з адкрытых крыніц.