У Беларусі менш за ўсё чыноўнікаў на Магілёўшчыне

У параўнанні з іншымі беларускімі рэгіёнамі колькасць чыноўнікаў на Магілёўшчыне найменшая.

Паводле Белстата, на які спасылаецца Office Life, у Магілёўскай вобласці 19 389 чыноўнікаў. Больш за ўсё работнікаў органаў дзяржкіравання – у сталіцы. Там іх, па дадзеных за 2025 год, налічвалася 41 829 чалавек. 

Сталічныя супрацоўнікі органаў дзяржкіравання зарабляюць таксама больш за сваіх калег: 3,9 тыс. рублёў у месяц. Крыху больш за 3 тыс. рублёў у месяц да выплаты падаткаў маюць дзяржкіраванцы ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах сярэдняя зарплата ў гэтай сферы складае каля 2,9 тыс. рублёў, пры гэтым самая нізкая зарплата аказалася ў работнікаў органаў дзяржкіравання Мінскай вобласці – 2 тыс. 852 рубля. 

Таксама за мінулы год з органаў дзяржкіравання звольнілі 8 659 работнікаў, на іх месца прынялі 8 563 чалавекі. 

Нагадаем, сярэдняя налічаная зарплата па Беларусі ў 2025 годзе склала каля 2,7 тыс.рублёў.

Фотаздымак: mogilev.in

Кіраўнік хоцімскага прадпрыемства пакараны за несвоечасовую выплату заробку

У Хоцімскім раёне 107 работнікаў сельгасарганізацыі не маглі своечасова атрымаць 155 тысяч рублёў заробку.

Запазычанасць па заробку ўтварылася ў траўні 2026 года. Гэта высветліла пракуратура пры праверцы выканання заканадаўства аб працы.

Пасля таго як умяшалася нагляднае ведамства, заробак быў выплачаны, а кіраўнік гэтага прадпрыемства АПК прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. 

Згодна Працоўнаму кодэксу, выплата заработнай платы ажыццяўляецца рэгулярна ў дні, вызначаныя ў калектыўным дагаворы, пагадненні або працоўным дагаворы, але не радзей двух разоў на месяц. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У балоце пад Глускам знайшлі цела пенсіянера, што знік у мінулым годзе

Цела пенсіянера, што знік без вестак у кастрычніку 2025 года, знайшоў у балоце каля вёскі Баравішча Глускага раёна мясцовы грыбнік. Як высветлілася, восенню мінулага года загінуўшы разам з жонкай адправіўся па грыбы ў лес каля вёскі Ольніца і заблукаў. Маштабныя пошукі, арганізаваныя ў той час, выніку не далі. Мужчына лічыўся зніклым без вестак.  Цяпер жа цела пенсянера 1941 года было заўважана ў балоце ў чатырох метрах ад берага. 

Фота: АСВОД

Дзень у гісторыі. 15 чэрвеня. Утварэнне Полацкай акадэміі, УЕФА. Бітва на Косавым полі. Трагедыя Борак. “Goodbye my Love, Goodbye”

Сусветны дзень ветра (World Wind Day, з 2007 года).

Азначаецца па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Сусветнай рады па энергіі ветра.

Мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да вялізнага патэнцыялу ветраэнергетыкі.

Развіццё ветраэнергетыкі дапаможа вырашыць вялікае кола праблем не толькі энергетычнага, але і эканамічнага, экалагічнага характару.

На сёння ветраэнергетычныя ўстаноўкі паспяхова дзейнічаюць амаль у 120 краінах свету.

Некаторыя цікавосткі.

Першыя сапраўдныя вятракі з’явіліся ў VII стагоддзя на мяжы Ірана і Афганістана.

Сіла ветра аналізуецца паводле шкалы Бофарта (0-12 балаў).

Самы небяспечны і грозны паток паветра бушуе ў Антарктыдзе: хуткасць 60 км/гадзіну ды яшчэ ў спалучэнні з 60 градуснай вільготнай сцюжай.

Кожнае тарнада эксклюзіўна ў прыродзе. Кожнае з іх мае сваё гучанне, пах, тон, выгляд. Двух аднолькавых няма.

У Беларусі каля 120 ветраэнергетычных ўстановак. Па колькасці іх (50%) і па ўсталяванай магутнасці лідзіруючыя пазіцыі займае Магілёўская вобласць.

Самы вялікі ветрапарк вобласці размешчаны ў в. Пудаўня Дрыбінскага раёна.

Самы высокі вятрак у Беларусі знаходзіцца ў в. Асмаловічы Мсціслаўскага раёна, вышыня вежы – 142 м.

Самы магутны вятрак – у Лёзненскім раёне, магутнасць 3,5 МВт.

Русальчыны розыгрышы (народны каляндар).

Трэба засцерагацца русалак.

Русалкі (сірэны, ундзіны) – персанажы міфалогіі, чалавекападобныя істоты ці духі, што жывуць у вадзе або каля вады. Яны могуць знешне амаль не адрознівацца ад людзей, а могуць мець у ніжняй частцы цела замест ног плоскі хвост, падобны да хваста рыбы.

Ва ўсходнеславянскай міфалогіі русалкі пераважна – жанчыны (тапеліцы), у заходнееўрапейскай – звычайна жанчыны з рыбінымі хвастамі.

1389 год. Сербы і баснійцы былі разбітыя асманамі на Косавым полі.

Нягледзячы на гераічнае супраціўленне аб’яднанага войска сербаў і баснійцаў пад кіраўніцтвам князя Лазара, туркі-асманы султана Мурада І атрымалі перамогу, якая фактычна ператварыла Сербію ў васала Асманскай імперыі.

У 1459 годзе Сербія была канчаткова ўключана ў яе склад больш як на 400 гадоў.

1812 год. Адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі (універсітэта).

Адкрыта на базе Полацкага езуіцкага калегіума (з 1581 года). Мела правы ўніверсітэта. Складалася з факультэтаў тэалагічнага, філасофскага, свабодных навук і старажытных і сучасных моў.

Установа дала сотні выбітных прафесіяналаў, сярод якіх пісьменнік Я. Баршчэўскі, мастак В. Ваньковіч, філосаф А. Доўгірд.

Акадэмія мела найбуйнейшую ў краіне бібліятэку з 40 000 тамоў. Нашчадак акадэміі – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

1831 год. Нарадзіўся  Вінцэнт Каратынскі (1831-1891).

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Быў памочнікам-сакратаром у У. Сыракомлі. Выдаў збор твораў У. Сыракомлі.

Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі – «Чым xата багата, тым рада».

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе, напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса.

На беларускую мову ягоныя творы перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

Памёр 7 лютага 1891 года.

1909 год. У г. Круглае нарадзілася Валянціна Філіповіч (1909-1942).

Географ, геамарфолаг, другая беларуская жанчына-геолаг апасля Ганны Місуны, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.

Загадчык кабінета геамарфалогіі Ленінградскага ўніверсітэта.

Адзін з праектантаў Вялікага Архангельска, даследчыца Ніжняга Прыамур’я.

Рэпрэсавана органамі НКУС.

план Вялікага Архангельска

1936 год. Нарадзіўся Мікола Гіль (1936-2022).

Беларускі пісьменнік, журналіст, перакладчык. Родны брат Ніла Гілевіча, бацька пісьменніка Міколы Віча (М. М. Гілевіч).

Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на рыдыё, у часопісах “Бярозка”,  “Родная прырода”,  галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Мастацтва”.

Аўтар больш за 10 кніг, аўтар кнігі “У времени в плену: Страницы жизни Геннадия Карпенко”.

Перакладаў на беларускую мову творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Памёр 14 сакавіка 2022 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Антон Платун (1896-1938).

Беларускі прафсаюзны, палітычны дзеяч. Быў наркамам асветы пры недахопе асабістай асветы, нават акадэмікам.

Удзельнік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў навукі і адукацыі. Ініцыятар “чыстак” у наркамаце.

Рэпрэсаваны сам і двое яго родных братоў.

1942 год. Нацысцкія карнікі вынішчылі разам з 2027 жыхарамі в. Боркі і навакольныя пасёлкі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны.

Адзначыўся батальён “Дырлевангер”, які пазней, у сакавіку 1943 года знішчыў Хатынь.

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія 6 пасёлкаў не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей.

На месцы найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). Рэканструяваны ў 2020 годзе.

1946 год. Нарадзіўся Дэміс Русас (1946-2015).

Вядомы грэчаскі спявак, любімы многімі пакаленнямі беларусаў.

Выдаў каля 40 альбомаў.

Самым папулярным у нашых суграмадзян з’яўляецца ягоны хіт “Goodbye my Love, Goodbye”.

1954 год. У швейцарскім Базелі заснаваны УЕФА.

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (Union of European Football Associations) аб’ядноўвае нацыянальныя футбольныя асацыяцыі еўрапейскіх краін.

Штаб-кватэра з 1995 года знаходзіцца ў швейцарскім Ньёне (раней – ў Парыжы). Беларусь далучылася да УЕФА ў 1993 годзе.

1954 год. Нарадзіўся Іван Крук.

Беларускі фалькларыст.

Даследуе беларускі фальклор, народную культуру, беларускі народны каляндар. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл», «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія».

1979 год. Нарадзілася Юлія Несцярэнка.

Беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў.

Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету і Еўропы, пераможца міжнародных спаборніцтваў серыі Гран-пры. Майстар спорту Беларусі, майстар спорту Беларусі міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту Беларусі. Ганаровы грамадзянін горада Брэста.

У Магілёве на ваенныя зборы адправілі васьмікласнікаў

У Магілёве мілітарызацыя падлеткаў адзначылася правядзеннем ваенных збораў для 14-гадовых навучэнцаў кадэтскага вучылішча.

“З 1 па 5 чэрвеня 2026 года прайшлі планавыя ваенна-палявыя зборы для выхаванцаў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі, якія скончылі 8-ы клас”, – паведамляецца ў Інстаграме вучылішча.

Адметна, што абавязковыя дзесяцідзённыя зборы з гэтага года ўвялі па ўсёй Беларусі. Аднак у Магілёве гэтага аказалася замала і таму на іх скіравалі 14-годкаў. “Мэтай збораў стала замацаванне на практыцы ведаў, атрыманых у ходзе навучальнага года, і пагружэнне кадэтаў у атмасферу рэальнай армейскай службы” – распавядае адміністрацыя вучылішча.

Для дзяцей была арганізавана стральба з аўтамата Калашнікава АК-74 у поўнай баявой амуніцыі. Таксама вучням трэба было здаваць нарматывы па надзяванні сродкаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і вывучаць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах прымянення зброі масавага паражэння. Падлеткі фактычна беглі крос у сродках РХБА (радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны).

Зборы праходзілі на базе 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады ў вёсцы Пашкава.

Фотаздымак: Інстаграм Магілёўскага абласнога кадэтскага вучылішча

Магілёвец: на “Зорным выпускным” не было бачна шчаслівых твараў

Перакрытая Першамайская, выпускнікі ў “клетках-аўтобусах” і ніводнага шчаслівага твару. Такім запомніўся “Зорны выпускны” 2026 года магілёўцу Сяргею Стэльмаху.

Сваімі ўражаннямі, значна адрознымі ад афіцыйных расповядаў, спадар Стэльмах, які называе сябе былым афіцэрам міліцыі і педагогам з са стажам, падзяліўся ў тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў”.

Агульнагарадское мерапрыемства адбылося ў пятніцу 12 чэрвеня. Свой допіс магілёвец пакінуў на наступны дзень. 

“Учора ў 17 гадзін ішоў ад пл.Леніна на пл. Арджанікідзэ. Здавалася б, свята, выпускны ў школьнікаў. А вось адчуванне было непрыемнага фарсу. Першае, што рэзанула вочы, вуліца Першамайская была перакрытая так, быццам чакалі танкі. Толькі што бетонныя блокі не паставілі. 

Але калі ўбачыў чараду аўтобусаў пад нумарамі, якая расцягнулася ад Галоўпаштамта да пл.Арджанікідзэ – проста ашалеў.  Аўтобусы, набітыя прыгожа апранутымі  школьнікамі, выклікалі асацыяцыю з “аўтазакамі” для перавозкі зэкаў. Ледзь не ў кожнага стаіць афіцэр міліцыі. Дзяцей, натуральна, не выпускаюць. Дзеці – хто сядзіць, хто стаіць, бо месцаў не хапае. Чакаюць чэргі, калі дарослыя дзядзькі і цёткі іх паклічуць на сцэну. І сядзелі яны ў гэтых аўтобусах не па гадзіне, а значна, значна больш! А на сцэне ў “Атрыума” аб’яўлялі выступаючых з розных устаноў”, – піша магілёвец.

“І вось ішоў я з пачуццём смутку ад такой паказухі, бо не бачыў ніводнага шчаслівага твару сярод тых жа дзяцей, дырэктараў іх школ, якія стаяць у кожнага свайго аўтобуса, у якіх на тварах было напісана, маўляў, хутчэй бы гэта ўсё скончылася, і галоўнае – шчасна. Каб свядомасць ніхто не страціў са школьнікаў, і да т. п. Так, на сцэне ўсё гучала ўрачыста, праўда, ужо каля бібліятэкі імя К. Маркса слоў было не разабраць, толькі вау-вау-вау. Ды справа не ў словах. Рэальна, каму патрэбна такая дурнейшая паказуха???!!!” – задаецца пытаннем Сяргей Стэльмах.

Магілёвец здзіўляецца, чаму для такога вялікага па масавасці мерапрыемства нельга было выкарыстаць стадыён “Спартак”. “Навошта ўзводзіць гэтыя канцэртныя пляцоўкі, якія стояць шалёных грошай?! Гэта такая ж дурата, як выпускныя ў дзіцячых садках, па кошце як вяселле! Гэта для дзяцей?! Не, дарагія таварышы, гэта дарослыя цацкі для ўладутрымаючых, якія потым адрапартуюць чарговы “адабрам”. А чаго не рапартаваць, бо грошы ж не са сваёй кішэні – грошыкі ж з нашых з вамі кішэнькаў, падаткаплацельшчыкаў!” – слушна разважае магілёвец.

Ён узгадвае і пра значна змененыя маршруты гарадскога грамадскага транспарту, з-за чаго людзі былі вымушаны чакаць свой аўтобус ці тралейбус па 1,5 – 2 гадзіны. “Пра тое, якія “кругалі” даваў грамадскі транспарт, якое цярпенне павінна было быць у кіроўцаў аўтобусаў, якія былі коркі і як яны крылі (моўчкі, натуральна) матам, гэтых арганізатараў “свята”, а таксама абурэнне людзей, якія на 1,5 – 2 гадзіны і больш дабіраліся дадому пасля працоўнага тыдня – пра гэта, вядома, ніхто не напіша афіцыйна. Бо святу быць (вырашылі гарадскія ўлады)!” – канстатуе спадар Стэльмах.

Магілёвец мяркуе, што дзеці, сапраўды, надоўга запомняць, як былі зачыненыя ў “клетках – аўтобусах”. “Хоць вонкава – усё прыстойна: прыбраная форма, урачыстыя стужкі, аўтобусы – тралейбусы – усё беленькія, вымытыя, лепата! Я рады, калі ладзяцца гулянні, калі танцы пад духавы аркестр. Але вось учарашні выпускны для школьнікаў – прабачце за рэзкасць, як баль падчас чумы. Магчыма, я згушчаю фарбы, 

але ўжо вельмі, вееельмі цяжкае ўражанне засталося ад убачанай карціны такога мерапрыемства… Падкрэсліваю, святы патрэбныя і павінны быць, гэта класна, аднак, як гаварыў усім вядомы таварыш, “мухі асобна, катлеты – асобна”, – нагадвае Сяргей Стэльмах.

Не абыйшоў увагай і запрошаную на канцэрт зорку. Па ўсёй верагоднасці, гаворка ідзе пра спевака Эльдара Джарахава. “А нікому не вядомы “поп-дзіў” спявак – гэта асобная песня! Вось цікава, дзе такіх толькі выкалупваюць, і наогул: каму такое выгадна? Пытанне, вядома, рытарычнае…” – піша магілёвец.

Таксама ў допісе ён выказвае здагадку адносна стадыёна “Спартак”, якая, пэўна, віруе сярод жыхароў горада. “Ці не таму і не задзейнічаецца стадыён “Спартак”, што даўно і ўпарта цыркулююць чуткі (а дыму без агню не бывае), што наш любімы стадыён дзяцінства перанясуць да “чорту на рогі”, кудысьці за горад?! А гістарычнае месца аддадуць на водкуп камерсантам-гандлярам на пабудову чарговага, нікому не патрэбнага гандлёвага цэнтра. І калі гэтыя гандлёвыя цэнтры так неабходныя, то чаго яны праз пару месяцаў становяцца паўпустымі і мільгаюць абвесткамі “здаецца” і “арэнда”?! Горад да гэтага часу ў парадак (за год!) не могуць прывесці пасля ўрагану, а на паказушнасць грошы заўсёды знойдуцца”, – канстатуе Сяргей Стэльмах.

Дзеля справядлівасці варта прызнаць, што, гледзячы на фота і відэа з “Зорнага выпускнога” можна ўбачыць шмат твараў выпускнікоў, якія смяюцца, ухмыляюцца, разам спяваюць песні. Аднак расповяд магілёўца і выпускнікі ў паліэтыленавых накідках пад дажджом прымушаюць пагадзіцца, што гарадскія ўлады праводзілі свята выключна для сваёй справаздачы і паказухі, а ўзгаданыя ўсмешкі і смех дзяцей былі толькі эмацыянальнай разрадкай ад створанага дарослымі напружання.

Скрыншот: Фэйсбук Могилев Live

Чатырнаццатая смяротная лабавая аварыя за тры гады – што адбываецца на трасах Магілёўшчыны

Днём 13 чэрвеня ў Чэрыкаўскім раёне каля аграгарадка Рэчыца адбылося смяротнае ДТЗ. Пад кіраваннем 52-гадовага гамяльчаніна мікрааўтобус Mercedes-Benz Sprinter выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з лесавозам. Кіроўца загінуў на месцы, а яго 22-гадовы сын, што ехаў на пасажырскім сядзенні, быў дастаўлены ў лякарню з траўмамі.
Лабавыя сутыкненні на гэтай двухпалоснай трасе сталі ўжо звычайнай справай. За апошнія тры гады на Р-43, што ідзе ад мяжы з РФ праз Крычаў на Бабруйск, адбылося шэсць аварый з ахвярамі, чатыры з якіх – гэта лабавыя сутыкненні пры абгоне. 

Усяго па Магілёўскай вобласці за перыяд з 2023 па 2026 год налічваецца чатырнаццаць лабавых аварый, пры якіх загінулі альбо моцна пацярпелі людзі.

Ажыўленыя двухпалосныя дарогі, загружаныя ціхаходнай цяжкай тэхнікай, штогод гуляюць у латэрэю з магілёўскімі кіроўцамі, цана якой – жыццё.

Фота: ДАІ

Дзень у гісторыі. 14 чэрвеня. Дэпартацыя прыбалтаў. Катастрофа Іл-103. Нарадзіліся М. Доўнар-Запольскі, М. Забэйда-Суміцкі, Чэ Гевара

Сусветны дзень донара крыві (World Blood Donor Day, з 2005 года).

Устаноўлены Сусветнай асамблеяй аховы здароўя ў гонар дня нараджэння Карла Ландштэйнера (1868-1943) – аўстрыйскага лекара і імунолага, Нобелеўскага лаўрэата, які адкрыў групы крыві ў чалавека.

Слова донар паходзіць ад лацінскага “donare” – “дарыць”.

Сусветны Дзень донара крыві дае магчымасць выказаць удзячнасць людзям, якія добраахвотна здаюць сваю кроў, не атрымліваючы за гэта асаблівай узнагароды, тым, хто робіць гэта на рэгулярнай аснове – два, тры або больш разоў у годзе.

Праблема донарства крыві і яе кампанентаў з’яўляецца адной з найбольш важных для дзяржавы і ключавых для айчыннай аховы здароўя. Ад яе вырашэння залежыць сама магчымасць і якасць аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў мірны час і ў надзвычайных сітуацыях.

Дарослы чалавек без небяспекі для свайго жыцця можа страціць каля літра крыві. На станцыі пералівання крыві бяруць 400 мл. Гэтая колькасць крыві аднаўляецца арганізмам вельмі хутка. Заадно атрымліваюць магутны стымул да працы эндакрынная і імунная сістэмы арганізма.

Заўважана, што людзі, якія доўга здаюць кроў, не схільныя прастудным захворванням і грыпу, радзей пакутуюць анкалагічнымі і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Дабратворна ўплывае донарства і на псіхічнае здароўе чалавека.

1792 год. Наданне каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім герба Барысаву.

У сучаснай Беларусі гістарычны герб Барысава атрымаў афіцыйны статус 29 студзеня 1999 года.

“У сярэбраным полі барочнага шчыта на зялёнай зямлі сярэбраная сцяна паміж дзвюма вежамі з чырвонымі купаламі, над якою на сярэбраным воблаку стаіць Святы Пётр з двума ключамі ў руцэ”.

1867 год. Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934)

Беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, прафесар шэрагу ВНУ Украіны, Азербайджана, Расіі, Беларусі, у тым ліку БДУ.

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі, Літвы і Беларусі, па этнаграфіі Беларусі.

Актыўна падтрымліваў БНР. Сустваральнік Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 годзе па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней – на англійскай мове. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

Аўтар забароненай кнігі «Гісторыя Беларусі». Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці.

Памёр 30 верасня 1934 года.

Межы БНР і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага.

1900 год. Нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1981).

Беларускі спявак, педагог.

Кар’еру пачаў у Харбінскай оперы. Выступаў у Міланскай оперы, «Ла Скала», актыўна гастраляваў па гарадах Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхаславакіі, Германіі.

Не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно сваё права – звацца беларускім.

Запісаў грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень. У 1963 годзе даў аншлагавыя канцэрты ў шматлікіх гарадах БССР, у тым ліку Магілеве.

Памёр 21 снежня 1981 года ў Празе. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

У гонар Забэйды-Суміцкага названа вуліца ў Маладзечне. 

1903 год. Памёр Ян Карловіч (1836-1903).

Беларускі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнаўца.

Займаўся гісторыяй і музыкай у Парыжы, Гайдэльбергу, Бруселі.

Аўтар этнаграфічных даследаванняў, сабраў і апублікаваў некалькі сотняў беларускіх і літоўскіх паданняў, казак, песень.

Супрацоўнічаў з Міхалам Федароўскім, аўтарам шматтомнай працы «Люд беларускі». Сябраваў з Аляксандрам Ельскім і Францішкам Багушэвічам.

1928 год. Нарадзіўся Чэ Гевара (1928-1967).

Лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчай вайны на Кубе, падарожнік па краінах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Еўропы, сусветны кумір “бунтарскай моладзі”.

Расстраляны 9 кастрычніка 1967 года «рэйнджэрамі» ў Балівіі. Яго цела з адрэзанымі рукамі было выстаўлена на ўсеагульны агляд.

У 1997 годзе прах Чэ Гевары перавезены з Балівіі на Кубу і пахаваны ў маўзалеі г. Санта-Клара. 

1937 год. У  Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед (1894-1937).

Беларускі палітычны дзеяч, трэці па ліку старшыня СНК БССР (1927-1937).

На пачатку 1920-х гадоў – старшыня Горацкага выканкама, член бюро па першаму ўзбуйненню тэрыторыі БССР.

Прычыніўся да рэпрэсій акадэмікаў В. Ластоўскага, У. Пічэты, Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча, Г. Гарэцкага, А. Дубаха.

У 1933 годзе быў членам Палітычнай камісіі для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правіл беларускай мовы.

Паводле афіцыйнай версіі, выкінуўся з акна 5-га паверха ў часе допытаў у будынку НКУС БССР. Па неафіцыйных звестках, быў забіты 21 чэрвеня 1937 года, а потым супрацоўнікі дзяржбяспекі інсцэнавалі самагубства. Або  расстраляны. 

1941 год. Пачалася дэпартацыя грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі ў аддаленыя рэгіёны Расіі.

17 ліпеня 1940 года Латвія, Літва, Эстонія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа былі ўключаны ў склад СССР.

У ноч з 13 на 14 чэрвеня 1941 года было запушчана даўно запланаванае дзеянне, якое праводзілася савецкай сакрэтнай службай НКУС, мэтай якой было ачысціць прыбалтыйскую прастору ад актыўных антысавецкіх сіл. На працягу тыдня органы НКУС арыштавалі або выслалі каля 34 000 мужчын, жанчын і дзяцей (часта цэлымі сем’ямі) з Літвы, 15 500 з Латвіі (з якіх 2400 дзяцей ва ўзросце да дзесяці гадоў) і 10 000 з Эстоніі.

Агульны лік ахвяр усіх відаў савецкіх рэпрэсій (агульная сітуацыя ў дэталях адрознівалася ў кожнай краіне) у 1940-1941 гады ацэньваецца ў 34 000 чалавек у Латвіі, 60 000 – у Эстоніі і 75 000 – у Літве.

На сёння ў Эстоніі, Латвіі і Літве дзень 14 чэрвеня абвешчаны Днём нацыянальнай жалобы.

1951 год. Нарадзіўся Міхаіл Кучарэнка.

Шклоўскі грамадкі актывіст, краязнавец, намеснік старшыні Шклоўскага аддзялення таварыства аховы помнікаў і культуры, армейскі падпалкоўнік.

Даследык паганскіх капішчў, старажытнага Шклова.

Яго намаганнямі знойдзены і перанесены на пляцоўку каля Спаса-Праабражэнскай царквы Шклова каменны крыж.

Спаса-Праабражэнская царква, Шклоў.

2015 год. Катастрофа Іл-103 пад Брэстам.

Катастрофа адбылася падчас выканання экіпажам самалёта «Беллесавія» вучэбнага задання. Загінулі абодва члены экіпажа.

У выніку расследавання выяўлена, што ў самалёта адмовіў рухавік.

Пацыенты Магілёўскай горбальніцы скардзяцца на начны шум ад байкераў

Матацыклетны рокат перашкаджае адпачываць уначы пацыентам корпуса Магілёўскай гарбальніцы, які выходзіць вокнамі на вуліцу Карла Маркса.

“З 22.00 да 4.00, гэта значыць усю ноч, равуць матацыклы. Яны нясуцца з такім гукам, што рэактыўныя самалёты адпачываюць. А калі пад’язджаюць да “ляжачага паліцэйскага”, матацыклісты яшчэ і вылузвацца, паддаючы маторам такую моц, што не ведаеш, куды схавацца”, – скардзіцца ў тэлеграм-канале “Вячэрняга Магілёва” магілёвец Віталь Білавус.

Мужчына адзначае, што хворыя і без таго не ў вельмі радасным настроі – хтосьці пасля аперацыі ці проста ў цяжкім стане, і да гэтага дадаецца выпрабаванне бяссоннем. “Нервы на мяжы. Кажу лекарам: адпусціце начаваць дадому. І іншыя хворыя так кажуць, але… нельга. Ды медработнікі і самі пакутуюць ад шабашу матацыклістаў, а што яны зробяць?” – у скрусе піша пацыент бальніцы.

Праз гэты тэлеграм-канал мужчына звяртаецца да кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама і ДАІ, каб тыя забаранілі матацыклістам начны рух па вуліцы Карла Маркса. “У іх гульні такія і дур у галаве, а хворыя людзі на мяжы адчаю. Вельмі прашу пачуць і дапамагчы”, – заклікае Віталь Білавус.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Клімавічы прывезлі воскавага Пуціна

У Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава воскавых фігур з Санкт-Пецярбурга.

Як сцвярджае клімавіцкая раёнка “Родная ніва”, наведвальнікаў выставы чакае сустрэча з кумірамі, легендамі і самымі незвычайнымі людзьмі нашай планеты. “Зоркі кіно ў культавых вобразах. Папулярныя артысты эстрады. Дзіўныя людзі з Кнігі рэкордаў Гінеса. Гэта ўнікальны шанец сустрэцца тварам да твару з любімымі персанажамі кіно, зоркамі эстрады і самымі незвычайнымі людзьмі”, – гаворыцца ў аб’яве.

Дзіўна, але ў гэтых паведамленнях не ўзгадваецца наяўнасць сярод экспанатаў выставы фігуры цяперашняга расійскага правіцеля Уладзіміра Пуціна. Няма яе і на фотаздымках выдання. Пабычыць яе і сфатаграфавацца побач можна толькі прыйшоўшы на выставу. Гэта і зрабіў мясцовы жыхар Аляксандр Яворскі, выклаўшы здымак у Threads.

Фотаздымак: www.threads.com/@iavorskii8441