Дзень у гісторыі. 31 мая. Геаграфічныя цэнтры Беларусі і Еўропы. Пустынскі манастыр. Нарадзіліся мастак М. Кікоін, пісьменніца С. Алексіевіч.

Сусветны дзень барацьбы з няроўнасцю (World Inequality Day).

Паводле дадзеных Сусветнага банка, прадстаўленых у дакладзе «Беднасць і ўсеагульны росквіт» у свеце на суму менш за 1,90 даляраў ЗША ў дзень існуюць амаль 800 мільёнаў чалавек.

Палова ад агульнасусветнай колькасці самыхі бедных у наш час прыпадае на краіны Афрыкі, якія размешчаны на поўдзень ад Сахары. Яшчэ траціна – на краіны Паўднёвай Азіі.

Перад Сусветным банкам стаіць мэта – выкараніць крайнюю беднасць да 2030 года.

Няроўнасць у свеце з 1990 года значна знізілася, але застаецца занадта высокай. Захоўваецца сур’ёзная занепакоенасць канцэнтрацыяй багацця ў руках тых, хто адносіцца да верхніх катэгорый размеркавання даходу.

У Беларусі мінчане жывуць на ўзроўні Прагі і Варшавы, а дэпрэсіўныя сельскія раёны – на ўзроўні афрыканскіх краін.

Сусветны дзень без тытуню (World No Tobacco Day, з 1987 года).

Цікавыя факты. 

У свеце з 8 мільярдаў зямлян ужываюць тытунь амаль 1,5 мільярды. 

За хвіліну ў свеце прадаецца 10 мільёнаў цыгарэт. 

Штогод больш за 6 мільёнаў чалавек паміраюць ад звязанага з тытунем інфаркту міякарда, інсульту, раку, хваробы лёгкіх і іншых хвароб. 

Больш за 600 000 чалавек паміраюць ад пасіўнага курэння.

Тытунёвы дым утрымоўвае звыш 4 000 хімічных злучэнняў, большасць з якіх таксічныя, мутагенныя ці канцэрагенныя.

У Беларусі сярод насельніцтва ва ўзросце 18-69 гадоў паліць тытунь каля 26,7%. Пры гэтым колькасць асоб, якія паляць цыгарэты зніжаецца. Напрыклад, за 2001-2020 гады іх колькасць зменшылася на 12%.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што да 2025 года колькасць спажыўцоў тытуню зменшыцца на траціну з прычыны актыўнай антынікатынавай прапаганды, прапаганды здаровага ладу жыцця, павышэння коштаў на цыгарэты і інш. 

Сусветны дзень бландынак (World Day of Blondes, натуральных, а фарбаваных – 32 мая). 

Колькасць людзей з натуральным светлым колерам валасоў імкліва скарачаецца, і да 2200 года яны могуць канчаткова знікнуць, сцвярджаюць навукоўцы.

Чыннікаў у гэтай тэндэнцыі некалькі. Па-першае, расце колькасць змяшаных шлюбаў, а па-другое, светлавалосыя нацыі нараджаюць значна радзей, чым насельнікі паўднёвых краін.

Бландынаў сярод беларусаў 1/3. Але бландынак удвая больш, чым бландынаў.  

1556 год. Нарадзіўся Юры Радзівіл (1556-1600).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ, першы каталіцкі кардынал (1583) з ВКЛ.

У 1582 г. на ўласныя сродкі адкрыў Віленскую духоўную семінарыю. Дарадца караля, у 1596-1597 гадах вёў перамовы пра далучэнне Рэчы Паспалітай да антытурэцкай каталіцкай лігі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Брэсцкай уніі.

1800 год. Памёр Міхал Казімір Агінскі (1730-1800).

Вялікі гетман літоўскі, мецэнат, кампазітар, генерал-маёр, сваяк кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

Ініцыятар і фундатар будавання Агінскага канала, які злучаў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў праз палескія балоты. Адчыніў балетную школу “Дэпартамент балетных дзяцей”, уладальнік уласнага тэатра, для якога сам пісаў оперы.

Аўтар паланэзаў, опер і песень на ўласныя вершы, аўтар літаратурных твораў. Выдатна выконваў на розных інструментах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучаснікаў атрымаў мянушку “гетман-кларнэт”.

У 1791 годзе перадаў амаль усе свае маёнткі сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму.

1892 год. У Гомелі (або Рэчыцы) нарадзіўся Міхаіл Кікоін (1892-1968).

Беларускі і французскі мастак парыжскай школы.

Вучыўся ў «Малявальнай школе мастака Кругера» ў Мінску, Віленскай мастацкай школе. З’ехаў у Парыж у 1912 годзе. Удзельнічаў у выставах Парыжскага салона. Творы былі прадстаўлены на выставе сучаснага францускага мастацтва ў Маскве ў 1928 годзе. Меў студыю на Манпарнасе.

У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі знаходзіцца адзін твор мастака, яшчэ 6 – у калекцыі “Белгазпрамбанка”. Аб мастаку зняты фільм “Михаил Кикоин. Поэтический мир на холсте”.

Памёр 4 лістапада 1968 году ў сваёй парыжскай студыі.

Яго сын – мастак Якоб Кікоін, пісаў пад псэўданімам Жак Янкель.

Адна з прац М. Кікоіна.

1948 год. Нарадзілася Святлана Алексіевіч.

Беларуская пісьменніца, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры (2015, за “поліфанічную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час”).

Аўтар кніг “У вайны не жаночае аблічча”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя смерцю”, “Чарнобыльская малітва”, “Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)”.

Некаторыя крытыкі лічаць, што яе перамога, як бы нам ні хацелася адваротнага, – гэта параза беларускамоўнай літаратуры. На шчасце, не ў ваенным сэнсе слова, а хутчэй, у спартовым. Проста некалькі кніг, напісаных журналісткай Алексіевіч па-расейску, аказаліся больш даходлівымі, уцямнымі і мудрымі для заходняга свету, чым уся прыгожая беларускамоўная літаратура з вагонамі яе кніг і сонмамі яе жывых і памерлых класікаў.

У 2019 годзе З. Пазняк заўважыў, што з камуністычных часоў Алексіевіч пазіцыянавала сябе як ненавісніца беларушчыны, але пазней яна змяніла рыторыку, і «аб’ектыўна гэта добра».

1955 год. Нарадзіўся Уладзімір Кузьмін.

Расійскі музыка, народный артыст Расіі. Мультыінструменталіст, адзін з заснавальнікаў і лідэраў гурта «Карнавал», лідэр гурта «Дынамік». 

Дзяцінства правёў у Беларусі. У 1962 годзе пайшоў у першы клас у гарнізоннай школе г. Быхава. У быхаўскай музычнай школе вучыўся па класе скрыпкі. У 6-м класе заснаваў юнацкі рок-гурт у стылях “Rolling Stones” і “The Beatles”. Акрамя кавераў, у рэпертуары маладой каманды былі і кампазіцыі самаго Кузьміна. Гэты гурт выступаў на ўсіх школьных мерапрыемствах і мясцовых канцэртах, нязменна выклікаючы захапленне ў гледачоў.

Яго творчасць уяўляе сабой асаблівы жанр – сумесь року, сінтпопу і блюзу. Выпусціў больш за 20 альбомаў і напісаў каля 200 песень. Больш за ўсё вядомы па кампазіцыях “Сімона”, “Казка ў маім жыцці”, “Калі мяне ты паклічаш”, “Дзве зоркі”.

1979 год. Памёр Францішак Чарняўскі (1893-1979).

Беларускі рэлігійны дзеяч. 

Душпастарскую службу пачаў у 1920 годзе. 

Чытаў казанні на беларускай мове і распаўсюджваў сярод вернікаў беларускія выданні. 

У 1924-1927 гадах вучыўся ў Рыме. З 1929 на місіі ў Францыі, з 1933 – у Бельгіі.

З 1957 года жыў і служыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».

1996 год.  Усталяваны геаграфічны знак “Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь”.

Геаграфічны “пуп” краіны знаходзіцца каля в. Антонава Пухавіцкага раёна, за 70 км на паўднёвы усход ад Мінска.

Мае каардынаты: 53°31´44,54″ паўночнай шырыні, 28°02´41,90″ усходняй даўжыні.

2008 год. У Полацку адкрыты памятны знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы».

Цэнтральная кропка Еўропы мае каардынаты: 55°30´ паўночнай шырыні, 28°48´ усходняй даўжыні.  Знаходзіцца на праспекце Ф. Скарыны, каля помніка першадрукару.

Сапраўды “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет” (Р. Барадулін).

2020 год. Архібіскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніям асвечана Пакроўская царква Пустынскага манастыра.

Царква рэкунстраявалася з 2010 года. Адноўлены будынак  царквы – частка комплекса, які заснаваны ў 1380 годзе мсціслаўскім князем Сімяонам Альгердавічам. 

У XVI стагоддзі манастыр быў адным з найбуйнейшых на беларускіх землях. У 1601-1839 гадах належыў уніатам, замест драўляных будынкаў сталі будавацца каменныя. 

Цагляная Пакроўская царква пабудавана ў 1865 годзе. Пасля таго, як у 1925 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр, у Пустынках працавалі школа-інтэрнат, школа. Манастыр стаў інтэнсіўна разбурацца з 1970-х.

Званіца манастыра мае вышыню 60 м (у першапачатковым варыянце – 74) з 6 званамі – вялікім і 5 малымі.

Дзень у гісторыі. 21 мая. Салідарнасць з палітзняволенымі. Вышэйшая народная рада. “Паўночны полюс-1”. Нарадзіліся кампазітары Д. Стэфановіч, М. Чуркін, К. Кіслы, канструктар С. Туманскі.

Сусветны дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця (World Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development).

Устаноўлены па пастанове Генеральнай Асамблеі ААН 20 снежня 2002 года. 

Мэта – інфармаваць грамадскасць аб каштоўнасці і важнасці разнастайнасці культур і, у прыватнасці, садзейнічаць з дапамогай асветы і сродкаў масавай інфармацыі ўсведамленню пазітыўнай ролі культурнай разнастайнасці.

Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай вязніцы пры невысветленных абставінах памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак (1970-2021).

Станам на 17 траўня 2023 года з палітычных матываў у беларускіх вязніцах утрымліваецца 1480 чалавек.

1794 год. Загадам Тадэвуша Касцюшкі ўтворана Вышэйшая народная рада Рэчы Паспалітай.

Найвышэйшы орган паўстання 1794 года.

У склад Рады ўваходзілі начальнік паўстання, 8 радцаў, якія ўзначальвалі аддзелы, і 32 іх намеснікі, па 4 на аддзел. У Вышэйшай радзе былі ўтвораны аддзелы парадку, бяспекі, справядлівасці, фінансаў, харчовы, ваеннага забеспячэння, замежных спраў, народнай інструкцыі, які наглядаў за школамі, газетамі, прапагандай.

Галоўнай задачай рады была мабілізацыя ўсіх сіл на барацьбу за вызваленне, камплектаванне і забеспячэнне паўстанцкай арміі, арганізацыя новых мясцовых органаў кіравання, стварэнне новай судовай сістэмы, правядзенне ў жыццё пастаноў, распараджэнняў, загадаў Начальніка паўстання і самой рады, вядзенне дыпламатычных спраў, вызначэнне падаткаў. 

Дзейнасць рады лічылася тымчасовай, да вызвалення краіны і ўсталявання пастаянных органаў дзяржаўнага кіравання. 

Рада займалася і рэлігійнымі справамі. Мясцовымі органамі ўлады былі ваяводскія камісіі парадку, у склад якіх мелі ўваходзіць па восем землеўладальнікаў, восем домаўладальнікаў мяшчан і па пяць духоўных асоб. Ніжэйшымі судовымі і адміністрацыйнымі органамі павінны былі стаць дазорныя ўпраўленні, якія ўтвараліся ваяводскімі камісіямі з разліку адзін дазор на 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. У кожнае дазорнае ўпраўленне назначаўся наглядчык, які разглядаў скаргі сялян на паноў, а таксама скаргі пана на непадпарадкаванне сялян. Ён таксама мог разглядаць спрэчкі паміж сялянамі.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1797 год. Нарадзіўся Дамінік Стафановіч (1797-1870).

Беларускі музыкант, педагог, дырыжор. У 1820-1837 гадах кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра. 

Выкладаў музыку i харавыя спевы ў Мінскай гімназіі i прыватным узорным жаночым пансіёне. Пачынальнік беларускага піянізму, адзін з актыўных прапагандыстаў музычнага мастацтва на Беларусі, які садзейнічаў пашырэнню музычнай адукацыі на беларускіх землях.

У гісторыю сусветнай музычнай культуры ён увайшоў як таленавіты педагог, настаўнік выдатнага кампазітара С. Манюшкі. Хоць вучань хутка пераўзышоў свайго настаўніка ў выканаўчым майстэрстве, але Стафановіч умеў прапанаваць Манюшку адпаведныя творы i зацікавіць яго незнаёмымі песнямі i тым самым умацаваць імправізатарскі талент юнака.

Сярод вучняў Стафановіча вялікай папулярнасцю на Беларусі i за яе межамі карысталіся піяніст i кампазітар Ф. Міладоўскі, піяністка i педагог Каміла Марцінкевіч.

1841 год. Памёр гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч Юльян Нямцэвіч (1757-1841).

Палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык.

Удзельнік распрацоўкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года, член Адукацыйнай камісіі (міністэрства адукацыі). Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам і сакратаром Т. Касцюшкі. Трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Пасля вяртання ў Варшаву ў 1807 годзе, займаў пасады сакратара Сената Варшаўскага княства, Царства Польскага, старшыні Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў увайшоў у склад Часовага ўрада. Пасля задушэння паўстання яго маёмасць была канфіскавана, у тым ліку і багатая бібліятэка. На эміграцыі ў Парыжы заснаваў Польскую бібліятэку.

Адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў. Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (7 тамоў). Яго камедыя «Пан Навіна» ставілася ў Віцебску ў 1820 годзе. У падарожжах па Беларусі апісваў помнікі.

1869 год. Нарадзіўся Мікалай Чуркін (1869-1964).

Беларускі кампазітар і фалькларыст, Народны артыст Беларусі.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1898 год. Нарадзіўся Канстанцін Кіслы (1898-1980).

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў у Марыупалі, працаваў кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. 

Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. 

Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1901 год. У Мінску нарадзіўся Сяргей Туманскі (1901-1973).

Савецкі авіяканструктар, акадэмік АН СССР. Лаурэат Ленінскай, Сталінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы.

Зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне высокатэмпературных турбін авіяцыйных рухавікоў, правёў фундаментальныя даследаванні па стварэнні рэактыўных рухавікоў з двухкаскадным кампрэсарам, прапанаваў рэкамендацыі па ўхіленні небяспечных вібрацыйных напружанняў лапатак кампрэсараў і турбін.

У Мінску ўпершыню зацікавіўся авіяцыяй, калі разам са старэйшымі братамі наведваў паказальныя палёты на Камароўскім полі.

Удзельнік грамадзянскай вайны, аперацый супраць басмачоў, камандзір бамбавіка.

Пасля вайны скончыў Ваенна-паветраную акадэмію.

Працаваў у Цэнтральным інстытуце авіяцыйнага маторабудавання, у Лётна-даследчым інстытуце.

1937 год. Палярная паветраная экспедыцыя АН СССР дасягае Паўночнага полюса.

Пасля гэтага ў 11:35 высадзіла дрэйфуючую навуковую станцыю “Паўночны полюс-1”. Кіраваў экспедыцыяй ураджэнец Магілёва акадэмік Ота Шміт.

Станцыю ўзначаліў І. Папанін (яго імя да вайны насіў Магілёўскі педінстытут), яе супрацоўнікамі сталі гідролаг П. Шыршоў, геафізік-астраном Я.Фёдараў і радыст Э. Крэнкель. Пілотам флагманскага самалёта быў Герой Савецкага Саюза М. Вадап’янаў.

1963 год. На пасаду прэзідэнта Ізраіля заступіў Залман Шазар (Рубашоў, 1889-1974).

Ураджэнец беларускага мястэчка Мір, яўрэйскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт, трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).

Дзверы яго прэзідэнцкай рэзідэнцыі заўсёды былі адчынены ізраільскім навукоўцам, пісьменнікам, дзеячам мастацтва і яўрэйскім інтэлектуалам з усяго свету.

Заснавальнік фонда «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу, пераклады на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш, мемуары пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры, паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні.

Адзін з піянераў біблеістыкі на іўрыце. Зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.

Памёр 5 кастрычніка 1974 года.

1974 год. Пушчаны наваполацкі трамвай.

Самы першы электрычны трамвай у Расійскай імперыі пушчаны ў Кіеве (1896), на Беларусі – у Віцебску (1898, праклаў Фернан Гільён) – на год раней, чым ў Маскве і на 9 – за Пецярбург.

Мінскі трамвай працуе з 1929 года. Апошняя трамвайная лінія пабудавана ў Мазыры ў 1988 годзе. Планы на магілёўскі трамвай 1920-1930-х гадоў не былі ажыццёўлены, але Магілёў некалі меў конны трамвай.

Віцебскі трамвай.

2000 год. Памерла  Барбара Картленд (1901-2000)

Англійская пісьменніца. Занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы паспяховы англійскі аўтар.

Напісала 723 кнігі, якія прададзены ў колькасці 1 мільярда паасобнікаў. пасля смерці засталося яшчэ больш за 100 ненадрукаваных раманаў.

Стала знакамітай дзякуючы сваім шматлікім любоўным раманам. Друкавалася і пад імем Барбара Мак-Каркадэйл.

У 1990 годзе ўзведзена ў ранг Дамы-камандора Ордэна Брытанскай імперыі. Дачка Картленд ад першага шлюбу стала мачахай прынцэсы Дыяны. Вядома, што сама Дыяна захаплялася раманамі Барбары Картленд.

Уваходзіць у лік самых перакладаемых пісьменнікаў, паводле базы дадзеных ЮНЕСКА, знаходзіцца на 7-м месцы па колькасці ўлічаных ЮНЕСКА перакладных выданняў.

Яе творы неаднаразова экранізаваны.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 8 мая. Дні памяці і прымірэння. Магілёў – сталіца БССР. Расправа партызан у Налібаках. Капітуляцыя Германіі. Брэсцкая крэпасць – герой. Буйніцкі мемарыял.

Сусветны Дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (з 1953 года).

Святкуецца ў дзень нараджэння заснавальніка міжнароднага таварыства “Чырвонага Крыжа”, швейцарскага гуманіста, грамадскага дзеяча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Анры Дзюнана.

У 1859 годзе ён арганізаваў аказанне дапамогі параненым у бітве пры Сальферына падчас аўстра-італа-французскай вайны, ахвярамі якой сталі 40 000 чалавек. Афіцыйна назва Міжнародны Чырвоны Крыж была зацверджана ў 1928 годзе на 13-й міжнароднай канферэнцыі ў Гаазе, дзе быў прыняты статут арганізацыі. У 1986 годзе была зацверджана новая назва арганізацыі – Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Задача арганізацыі – аказанне дапамогі параненым, хворым і ваеннапалонным падчас узброеных канфліктаў, дапамога ахвярам стыхійных бедстваў. Асноўныя прынцыпы дзейнасці руху – гуманнасць, бесстароннасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць.

У 1872 годзе было створана Мінскае мясцовае ўпраўленне Расійскага таварыства апекі аб параненых і хворых воінах, пасля чаго былі адкрыты Віцебскае, Магілёўскае, Віленскае і Полацкае ўпраўленні.

Зараз структуры Беларускага Чырвонага крыжа працуюць ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі.

Дні памяці і прымірэння (8 і 9 мая).

Прысвечаны памяці ахвяр і загінуўшых у Другой сусветнай вайне. Абвешчаны 22 лістапада 2004 года Генеральнай Асамблеей ААН.

Адзначаюцца з 2005 года.

У Другой сусветнай вайне загінула 71,2 мільёны чалавек, у тым ліку: у СССР – 26,6 (у БССР – 2, 22), Кітаі – 15,5, Германіі – 8,4, Польшчы – 6,2, Інданзэзіі – 4,0, Індыі – 3,0, Японіі – 2,5, у Філіпінах, Югаславіі, Бірме (М’янма) – больш як па мільёну жыхароў. 

1243 год. Памерла Еўфрасіння Пскоўская (Еўпраксія, 1170-я – 1243).

Князёўна полацкая, княгіня пскоўская, святая праваслаўнай царквы. Ігумення пскоўскага Спаса-Прадцечанскага манастыра.

Дачка князя Рагвалода-Васіля, унучка вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча, сястра князя Глеба Рагвалодавіча.

Выхоўвалася ў полацкім Спаскім манастыры. Выйшла замуж за пскоўскага князя Яраслава Уладзіміравіча.

Фундавала пабудову Прадцечанскай царквы ў Пскове, заснаванне  манастыра Іаана Хрысціцеля. Прыняла манаскі пострыг, стала ігуменняй.

Забіта пасынкам князя Яраслава. Пахавана ў Спаса-Прадцечанскім манастыры.

1551 год. Памерла Барбара Радзівіл (1520-1551).

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.

Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў, а таксама свякроў – каралева Бона Сфорца.

Насуперак ўсім апанентам, Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года, памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.

Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

1883 год. У фальварку Данілаўка Бабруйскага павету (зараз – Светалагорскі раён) нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч (1883-1937).

Адзін з бацькоў-заснавальнікаў, разам з Я. Карскім і І. Воўк-Левановічам, сучаснай беларускай дзяржаўнасці, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры, акадэмік, дырэктар Інстытуту мовазнаўства. 

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, працаваў у наркамасветы БССР, старшынёй Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Удзельнік арганізацыі Інбелкульта, акадэміі навук, яе віцэ-прэзідэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, правапісу спрэчных дзеяслоўных форм.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, у 1931 годзе прыгавораны да высылкі ў Удмурцію. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу, расстраляны на наступны дзень.

1939 год. Пачала працаваць урадавая камісія па пераводзе сталіцы БССР у Магілёў.

Камісію ачоліў намеснік старшыні СНК БССР І. Захараў. 

У першы дзень працы былі разгледжаны каляндарны план работ па будаўніцтве Дома ўрада і праект размяшчэння наркаматаў і цэнтральных устаноў, якія пераводзяцца з Мінска, заслухана інфармацыя аб забеспячэнні Магілёўскага будтрэста рабочай сілай.

Праект рэканструкцыі пл. Славы (тады – Савецкай).

1943 год. Савецкія партызаны ўчынілі расправу над жыхарамі в. Налібакі.

У вёсцы, якая находзіцца ў Налібоцкай пушчы былі забіты 128 чалавек, у тым ліку 3 жанчыны, некалькі падлеткаў і 10-гадовы хлопчык. Прычына нападу –  супрацоўніцтва вяскоўцаў з польскай Арміяй Краёвай (АК).

Мясцовай ячэйцы АК ва ўльтыматыўнай форме была прапанавана падпарадкавацца партызанскаму цэнтру ў Маскве, але яна адмовіліся. Адказам стаў карны рэйд. Пасля масавага забойства партызаны выкралі з вёскі 100 кароў і 70 коней.

У справаздачы савецкіх партызан было ўказана, што ў баі ў Налібаках разбіты нямецкі гарнізон.

Трагічныя падзеі ў Налібаках прыцягнулі ўвагу грамадскай думкі ў пачатку XXI стагоддзя ў сувязі са стварэннем галівудскага фільма “Выклік” (2008) пра яўрэйскіх партызанаў Бельскіх, якіх падазравалі ў расправе над мірнымі жыхарамі.

Помнік ахварям ад эмігрантаў.

1945 год. У прадмесці Берліна Карлсхорсце падпісаны канчатковы Акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі і яе ўзброеных сіл. 

Гэта адбылося 8 мая а 22:43 па цэнтральна-еўрапейскаму, а 23:43 па мінскаму часу, 9 мая а 0:43 па маскоўскаму. У Берліне не знайшлося ніводнага ацалелалага будынка, дзе б можна было годна правесці падпісанне капітуляцыі.

Дзень афіцыйнай аб’явы капітуляцыі – 8 траўня ў Еўропе і Амерыцы, 9 траўня ў СССР – стаў святкавацца як Дзень Перамогі.

Акт аб капітуляцыі ад імя германскага вермахта падпісалі генерал- фельдмаршал У. Кейтель, галоўнакамандуючы ВМС адмірал Фон Фрыдэбург, генерал-палкоўнік авіяцыі Г. Штумпф. СССР прадстаўляў намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага маршал Савецкага Саюза Г. Жукаў, саюзнікаў – галоўны маршал авіяцыі Вялікабрытаніі А. Тэдэр. У якасці сведкаў прысутнічалі генерал арміі ЗША Спаатс і галоўнакамандуючы французскай арміяй генерал Тасіньі.

1949 год. На тэрыторыі Трэптаў-парка ў Берліне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка “Воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях з фашызмам”. 

Там пахавана каля 5 000 тысяч савецкіх воінаў, у тым ліку некалькі сотняў ураджэнцаў Беларусі.

У сутарэннях помніка размешчаны маўзалей. Агульная вышыня манумента складае каля 30 м. Перад помнікам – мемарыяльнае поле з брацкімі магіламі, сімвалічнымі саркафагамі, чарамі для вечнага агню, двума чырвонымі сцягамі з граніту, скульптурамі укленчаных салдат.

Для будаўніцтва выкарыстоўвалі граніт з рэйхсканцылярыі Гітлера. Фігуру Воіна-вызваліцеля вырабілі ў Ленінградзе – 13-метровы помнік адлілі з бронзы вагой 72 тоны. У Берлін яго перапраўлялі часткамі водным шляхам.

1965 год. Магілёўскаму падпольшчыку, партызану атрада №600 Леаніду Лорчанка пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон. 18 ліпеня 1943 года каля в. Антонава Буда пры выхадзе з акружэння застаўся ў групе прыкрыцця, якая раніцай ўступіла ў бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка каля р. Рудня. Застаўшыся ў жывых адзін, калі скончыліся боепрыпасы, падарваў сябе і ворагаў гранатай. Пахаваны каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна.

У гонар героя ўстаноўлены бюст у г. Бялынічы, названы вуліцы ў Бялынічах і Магілёве.

1965 год. Прысвоена званне крэпасць-герой Брэсцкай крэпасці.

Да 22 чэрвеня 1941 года ў крэпасці дыслакавалася 8 стралковых батальёнаў,  разведвальны, артылерыйскі палкі і 2 артылерыйскіх дывізіёна, некаторыя спецпадраздзяленні – усяго каля 9 000 чалавек, не лічачы членаў сем’яў.

Штурмавала крэпасць з 4:45, пасля артпадрыхтоўкі, 22 чэрвеня 45-я пяхотная дывізія (да 16 тысяч чалавек), якой было даведзена авалодаць аб’ектам да 12:00 у першы дзень вайны.

Моцнае супраціўленне немцы сустрэлі на Валынскім і Кобрынскім умацаваннях.

Да 7:00 22 чэрвеня некаторыя падраздзяленні 42 і 6-й савецкіх стралковай дывізіі змаглі з баямі пакінуць крэпасць і горад Брэст і з вялікімі стратамі перадыслакавацца.

Да вечара 24 чэрвеня немцы авалодалі Валынскім і Цярэспальскім умацаваннем, а рэшткі гарнізона пераправіліся ў Цытадэль. Штодня абаронцам крэпасці прыходзілася адбіваць 7-8 атак. 29 чэрвеня арганізаваная абарона крэпасці скончылася – заставаліся толькі ізаляваныя групы і адзіночныя байцы.  Да 7 000 абаронцаў трапіла ў нямецкі палон.

Адзін з надпісаў у крэпасці абвяшчае: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20/VII-41».

23 ліпеня 1941 года, на 32-гі дзень вайны, у палон быў узяты камандуючы абаронай Усходняга форта маёр П. Гаўрылаў, паводле афіцыйных звестак, апошні абаронца Брэсцкай крэпасці.

1995 год. На Буйніцкім полі адкрыта першая чарга мемарыяльнага комплекса.

Адкрыты капліца (27 м вышынёй), мемарыяальная алея і Возера Слез.

Комплекс прысвечаны геараічнай абароне Магілёва. Баі тут адбываліся з 10 да 22 ліпеня 1941 года.

13-14 ліпеня на Буйніцкім полі знаходзіліся карэспандэнт газеты «Известия» К. Сіманаў і фотакарэспандэнт П. Трошкін, які сфатаграфаваў падбітыя на Буйніцкім полі нямецкія танкі

Падзеі на полі знайшлі адлюстраванне ў рамане Сіманава «Жывыя і мёртвыя» і дзённіку «Розныя дні вайны».

«Буйніцкае поле» – гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі (з 2002 г.). Аўтар праекта архітэктар У. Чаленка.

Над Буйніцкім полем, паводле завяшчання пісьменніка, у верасні 1979 года развеяны прах К. Сіманава.

2005 год. Памёр Пятро Драчоў (1937-2005).

Беларуск і графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. 

Працаваў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка», у «Беларускім гістарычным часопісе». Працаваў у кніжнай станковай графіцы. Сярод яго шматлікіх твораў: «Францыск Скарына трымае экзамэн перад прафэсарамі ў Падуанскі ўнівэрсытэце», «Да 500-годдзя Міколы Гусоўскага», панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700-1721 гг.», серыі акварэляў «Помнікі архітэктуры Беларусі», «Бярэзінскі запаведнік», «Асветнікі», ілюстрацыі да кніг У. Дубоўкі, П. Броўкі, У. Караткевіча і іншыя.

Фота з адкрытых крыніц

Пандэмія COVID-19 скончылася – колькасць ахвяр 20 мільёнаў

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) адмяніла статус пандэміі і надзвычайнай сітуацыі ў гэтай сферы з-за каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Пра гэта аб’явіў генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі Тэдрас Аданам Гебрэесус, паведамляе  news.pn.

– COVID-19 перавярнуў наш свет з ног на галаву. СААЗ паведаміла пра амаль 7 мільёнаў смерцяў, але мы ведаем, што колькасць ахвяр у некалькі разоў вышэйшая – сама меней 20 мільёнаў – сказаў ён падчас свайго выступу.

Па словах Гебрэесуса, камітэт арганізацыі па надзвычайных сітуацыях напярэдадні рэкамендаваў яму аб’явіць аб спыненні глабальнай надзвычайнай сітуацыі ў сферы аховы здароўя, і ён прыняў гэтую прапанову.

Нагадаем, што 31 снежня 2019 года СААЗ упершыню праінфармавала грамадскасць аб рэгістрацыі выпадкаў пнеўманіі ад невядомага ўзбуджальніка. У цэлым па свету смяротнасць ад COVID-19 ацэньваецца ў 5,85%. Летальнасць сярод  гаспіталізаваных вар’іруецца ад 4% да 11%.

Усяго на 5 мая 2023 года перахварэла на COVID-19 каля 688 мільёнаў жыхароў Зямлі, выздаравела каля 660 мільёнаў, працягвала хварэць каля 21 мільёна з 8,03 мільярда зямлян.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 8 красавіка. Дзень цыган. Закрыццё Лігі Нацый. Адкрыццё тэатра юнага гледача. Л. Брэжнеў – генсек. Удар па вакзалу Краматорска. Нарадзіўся палітык К. Дуж-Душэўскі

Міжнародны дзень цыган. Зацверджаны Першым Сусветным кангрэсам цыган (8 красавіка 1971, Лондан, прысутнічалі дэлегаты з 30 краін).

У гэты дзень у многіх краінах праводзяцца Міжнародныя цыганскія фестывалі, ладзяцца фотавыставы, кінапаказы, працуюць спецыяльныя класы па тэатральным мастацтве, спевах і танцах, праходзяць канцэрты.

Цыганы не маюць сваёй дзяржавы, але маюць свой сцяг – двукалёр па гарызанталі;  сіняе (неба) поле зверху, зялёнае (зямля) – знізу, на  іх фоне – чырвонае кола, якое ўвасабляе качавы лад жыцця.

Першая ўзгадка пра цыганоў на Беларусі датаваная 1501 годам, калі цыганскі важак Васіль з Міра атрымаў ахоўную грамату ад літоўскага князя Аляксандра Ягелончыка.

Цыгане – гэта 80 этнічных груп. Жывуць яны па ўсім свеце. Іх  каля 18 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў краінах ЕС ад 10 да 12 мільёнаў.

Згодна з перапісам 2019 года, у Беларусі жыве каля 7 000 цыган (у 1989 годзе – 10 800) – беларуска рома (мінчаны, віцебшчукі, ліпенцы, халадорэ і інш.),  бежанцытка рома, халадытка рома, польска рома (бернікі, курсакі, удзейкі), літоўска рома (бучкі, флюкі), лотфітка рома, сэрвы, кэлдэлары, цыгане-мусульмане – люлі (мугат).

У Віцебскім і Жлобінскім раёнах да вайны нават існавалі цыганскія калгасы. У Магілёўскай вобласці цыганы кампактна жывуць ў бабруйскай Цітоўцы, магілёўскіх Грабянёва і Чапаеўцы.

Ураджэнец Віцебска цыган Вальдэмар Калінін – вядомы ў свеце пісьменнік, паэт, аўтар першага поўнага пераклада Бібліі на цыганскую мову.

Цыганскія карані маюць Пабла Пікасо, Элвіс Прэслі, Чарлі Чаплін, Роні Вуд, Галіна Вішнеўская, Ганна Нятрэбка, Філіп Кіркораў, Златан Ібрагімавіч.

Дзень арханёла Гаўрыіла-Дабравесніка. Сабор Арханёла Гаўрыіла.

У народзе яго так ахрысцілі за тое, што ён не раз з’яўляўся да людзей з добрымі весткамі.

Сабор – “сход”. Людзі збіраюцца разам і славяць Арханёла Гаўрыіла, яго імя азначае “крэпасць Божая”.

Гаўрыіл натхняў сваёй прысутнасцю прарока Майсея, калі той пісаў Быццё, адкрыў будучыню іудзейскага народа прароку Данілу, паўстаў перад святой Ганнай і расказаў, што тая народзіць дачку Марыю, і стане Марыя маці Ісуса Збавіцеля.

З таго моманту, як Марыя ўвайшла ў храм Ерусаліма, ён неадступна знаходзіўся побач з ёй усё яе зямное жыццё. Арханёл Гаўрыіл распавёў святару Захара аб нараджэнні Іаана – Хрысціцеля Гасподняга.

Гаўрыіл падтрымліваў Ісуса, калі той маліўся ў садзе Гефсімана перад пакутамі. Ён жа абвясьціў жанчын аб Уваскрашэнні Хрыстовым, і тыя прыйшлі памазаць Яго цела мірам.

1891 год. Нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891–1959).

Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог, архітэктар. Аўтар эскіза сучаснага бел-чырвона-белага сцяга.

У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў у Белнацкаме, у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.

Эміграваў у Літоўскую рэспубліку, дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак». Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.

У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.

У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.

Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.

1921 год. У. Ленін даў загад аказаць дапамогу па ўдасканаленню вынаходніцтва ў галіне радыё і тэлебачання Міхаілу Бонч-Бруевічу (1888–1940).

Міхаіл Бонч-Бруевіч – рускі і савецкі радыётэхнік, заснавальнік расійскай радыёлямпавай прамысловасці. Член-карэспандэнт АН СССР, прафесар Маскоўскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча, Ленінградскага інстытута інжынераў сувязі, доктар тэхнічных навук. Унёс значны ўклад у развіццё радыёфізікі. Аўтар падручнікаў, навуковых прац, а таксама каля 60 патэнтаў на вынаходніцтвы ў галіне радыётэхнікі.

Выхадзец з шырокага і вядомага на паўднёвым захадзе Расійскай імперыі дваранскага роду Бруевічаў, выхадцаў са шляхецтва Рэчы Паспалітай, заснавальнікам якога лічыцца У. Бруевіч, які валодаў з 1561 года сялом Саматэвічы (цяпер Касцюковіцкі раён).

1946 год. У Жэневе прайшло апошняе паседжанне Лігі Нацыяў –  “маці” ААН.

Ліга Нацый была заснавана ў выніку Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах як аснова Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. У 1934–1935 гадах у Лігу Нацый ўваходзіла 58 дзяржаў-удзельнікаў. Мэты Лігі Нацый ўключалі ў сябе: раззбраенне, прадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце.

Афіцыйнымі мовамі Лігі Нацый былі французская, англійская і іспанская

14 снежня 1939 года СССР быў выключаны з Лігі Нацый за напад на Фінляндыю.

1949 год. Памёр Фёдар Дамінікоўскі (1905–1949).

Беларускі глебазнавец, гісторык, географ, геолаг, даследчык фасфатавых радовішчаў Магілёўскай вобласці, папулярызатар геаграфіі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Скончыў Варонежскі ўніверсітэт, у якім быў сакратаром беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варонежы. Працаваў у Беларускім доследым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі, ва Усесаюзным інстытуце сельскай гаспадаркі ў Саратаве, маскоўскім Інстытуце паўночнай збожжавай гаспадаркі, загадчыкам кафедры геалогіі і глебазнаўства БДУ (з 1943), вучоным сакратаром Савета ўніверсітэта. Даследчык гісторыі навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945–1947), вялікай колькасці артыкулаў для часопіса “Беларусь”.

1956 год. Адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. Другое адкрыццё.

Тэатр быў створаны ў Мінску ў 1931 годзе М. Кавязіным. Спыніў сваё існаванне ў 1941 годзе.

Займае будынак 1936–1937 гадоў пабудовы, які быў адноўлены ў 1952–1954 гадах.

Комплексу Тэатра юнага гледача і Палаца піянераў і школьнікаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння.

У 2011–2015 гадах будынак быў на рэканструкцыі.

Рэпертуар тэатра складаецца з пастановак для дзяцей і падлеткаў.

1959 год. У Парыжы памёр Леан Уладзіслаў Радзівіл (1888–1959).

Вайсковец, мецэнат, апошні ардынат нясвіжскі, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы. Ахвяра рэпрэсій.

Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.

У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.

За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нясвіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.

Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абмяняны на вязняў рэжыму  Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.

Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.

1966 год. Генеральным сакратаром ЦК КПСС абраны Леанід Брэжнеў (1906–1982). 

Кіраўнік СССР (1964–1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966–1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960–1964, 1977–1982). Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы. Маршал.

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна), наведваў Оршу, Талачын, Шклоў, Друцк, Смальяны, Стараселле.

1991 год.  Камісія Вярхоўнага Савета РСФСР зацвердзіла вяртанне да трыкалёра ў якасці дзяржаўнага сцяга.

Трыкалёр быў адменены ў 1918 годзе.

Сцяг у Расіі аднавілі нягледзячы на тое, што яго выкарыстоўвалі калабаранты ў 1941–1945 гадах. Не менш за 400 000 рускіх служылі ў фашыстаў, ад 80 000 да 135 000 казакоў служылі у Вафен-СС, паліцыі. Вядомы 15-ы казачы кавалерыйскі корпус СС, некалькі рускіх дывізій СС, брыгады СС “Дружына”, 1-я гвардзейская Руская Вызвольная армія, Руская Вызвольная Армія Вермахта (12  корпусаў, 13 дывізій, 30 брыгад), Руская Вызвольная Народная Армія, Руская Нацыянальная Народная Армія, Руская Нацыянальная Армія, авіяцыйны корпус і іншыя.

2011 год. У ЗША Памёр Станіслаў Галактыёнаў (1937–2011).

Беларускі савецкі і амерыканскі навуковец, адзін з заснавальнікаў малекулярнага мадэлявання. Доктар біялагічных навук.

Скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут, аспірантуру Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Працаваў у  Інстытуце арганічнага сінтэзу АН Латвійскай ССР, інстытуце біялогіі АН БССР (да 1991), у Цэнтры малекулярнага дызайну Вашынгтонскага ўніверсітэта, дзе стаў міжнародна вядомым. Займаўся малекулярнай біялогіяй. Адзін з заснавальнікаў малекулярнага мадэлявання.

Аўтар больш сотні навуковых прац, якія перакладзены на еўрапейскія мовы.

2011 год. Памёр Антон Лабуда (1923–2011).

Беларускі фізік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны работнік  адукацыі.

Скончыў БДУ. Працаваў дацэнтам кафедры эксперыментальнай фізікі і фізічнай электронікі БДУ, намеснікам дэкана фізічнага факультэта, вядучым навукоўцам радыёфізічнага аддзялення, першым дэканам факультэта радыёфізікі і электронікі БДУ. Займаўся даследаваннямі плазмавай тэматыкі.

2022 год. З тэрыторыі ДНР нанесены ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ва ўкраінскім Краматорску.

Загінулі 52 чалавекі, у тым ліку 5 дзяцей, паранена больш за 100 чалавек. Адна ракета патрапіла ў часовую залу чакання на вакзале, калі на ім знаходзілася каля 4 000 чалавек, якія чакалі эвакуацыі, другая ракета не разарвалася – на ёй быў надпіс “За детей”.

Краматорск з 12 красавіка па 5 ліпеня 2014 года быў захоплены сепаратыстамі ДНР, потым вызвалены. У кастрычніку 2014 года у Краматорск пераехала украінская Данецкая абласная ваенна-грамадзянская адміністрацыя. Краматорск стаў адміністрацыйным цэнтрам Данецкай вобласці.

Дзень у гісторыі. 6 красавіка. Згарэла магілёўская ратуша. Тэлефонная лінія ў Магілёве. Аднаўленне Алімпіяды. Спіс несяброўскіх краін. Нарадзіўся дзеяч астранаўтыкі Б. Кіт.

Міжнародны дзень спорта на карысць міру і развіцця (International Day of Sports for Development and Peace, з 2013 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН. Спорт валодае здольнасцю мяняць свет. Спорт – магутны інструмент для ўмацавання сацыяльных сувязей і садзейнічання ўстойліваму развіццю і міру, а таксама салідарнасці і павазе да ўсіх.

Спорт мае вялікі патэнцыял для дасягнення мэт у галіне ўстойлівага развіцця, для ўмацавання міру і правоў чалавека – ад пашырэння правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак, моладзі, інвалідаў да дасягнення мэт у галіне аховы здароўя, устойлівага развіцця і адукацыі.

Сусветны дзень мультфільмаў (World Сartoon Day, з 2002 года).

Міжнародная асацыяцыя мультфільмаў заснавала гэтае свята у гонар таго, што ў гэты дзень 1906 года была знятая серыя першых мультфільмаў “Камічныя фазы смешных асоб” Джонам Сцюартам Блэктанам і Альбертам Смітам.

Магілёў мае прамое дачынне да мультфільмаў. Ён з 1998 года з’яўляецца беларускай сталіцай анімацыйных фільмаў, праводзіць міжнародны фестываль “Анімаёўка”. “Бацькі” фэсту – рэжысёр-аніматар “Беларусьфільм” Ігар Волчак і дырэктар “Магілёўкінавідэапракат” Андрэй Бычкоў.

1656 год. Памёр Шыман Старавольскі (1588–1656).

Вялікалітоўскі гісторык і пісьменнік. Першы ўсходнеславянскі літаратуразнаўца.

Нарадзіўся ў маёнтку Стараволя каля Пружанаў. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Удзельнік Хоцінскай вайны 1620–1621 гадоў.

Падарожнік па Еўропе. Прадстаўнік сарматызму ў гістарыяграфіі. Аўтар больш за 60 прац, галоўныя з іх  прысвечаны Жыгімонту I, ваярам Сарматыі, ста славутым польскім пісьменнікам і іх творам, гісторыі Польшчы і Каралеўства Польскага, гістарычным помнікам, помнікам сарматаў, пра знішчэнне перакопскіх татар, правы рыцараў. Склаў «Zyciorysy sławnych i uczonych Polaków» («Біяграфіі славутых і вучоных палякаў»).

Карціна Яна Матэйкі. Карл X Густаў і Шыман Старавольскі (справа)

1664 год. У Магілёве здарыўся моцны пажар.

Згарэлі ўсе драўляныя будынкі замка, ратуша, царква са званіцай, гандлевыя лаўкі.

Пажары ў горадзе тады здараліся два гады запар – у 1663 гарэў замак, у 1665 выгарэла значная частка горада.

1882 год. Магілёўскі купец Франц Лекерт атрымаў дазвол на пракладку тэлефоннай лініі ў Магілёве.

Лінія была пракладзена паміж яго канторай і піўзаводам у Маскоўскім прадмесці (Лупалава) па вуліцы Шашэйнай.

Першы тэлефон ў Магілёве з’явіўся ў 1878 годзе. Гэта адбылося праз 2 гады пасля таго, як у 1876 годзе тэлефон быў запатентаваны  А. Бэлам.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878–1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1893 год. Нарадзіўся Язэп Гаўрылік.

Дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, актыўны дзеяч Таварыства беларускай школы.

Абіраўся паслом у сойм Другой Рэчы Паспалітай па спісе Рабоча-сялянскага адзінства.

Адзін са стваральнікаў і старшыня рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызваленчай арганізацыі «Змаганне».

У 1931 годзе асуджаны польскімі ўладамі на 9,5 гадоў турмы. У 1932 годзе абменены на палітычных вязняў з СССР. Працаваў у Наркаме асветы БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годдзе, у 1934 годзе прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў высылкі. Вязень ГУЛАГу ў Салавецкім лагеры і лагерах Беламорска-Балтыйскага каналу. Расстраляны 8 снежня 1937 года.

1896 год.  У Афінах пачаліся Першыя  Алімпійскія Гульні сучаснасці.

Традыцыя гульняў са Старажытнай Грэцыі была адноўленая французскім грамадскім дзеячом П’ерам дэ Кубертэнам.

Праходзілі Гульні да 15 красавіка 1896 года. У іх прынялі ўдзел 241 прадстаўнік (усе мужчыны) з 14 краін. Было разыграна 43 камплекта медаляў у 9 відах спорту. 

Каманда Злучаных Штатаў Амерыкі атрымала найбольшую колькасць залатых медалёў (11), а каманда Грэцыі, якая прымала Алімпійскія гульні, атрымала найбольшую колькасць медалёў у цэлым, а таксама найбольшую колькасць срэбных (17) і бронзавых (19) медалёў і на адзін залаты медаль менш, чым ЗША.

Першыя Алімпійскія гульні былі праведзены ў 776 годзе да н.э. у Алімпіі на паўвостраве Пелапанэс і з таго часу адбываліся там адзін раз у чатыры гады. Яны працягваліся пяць дзён у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня. На час правядзення Алімпійскіх гульняў у Старажытнай Грэцыі заключаўся «свяшчэнны мір» і спыняліся любыя ваенныя дзеянні паміж рознымі полісамі.

У 394 годзе Алімпійскія гульні былі забаронены рымскім імператарам Феадосіям як паганскія забавы, якія з’яўляюцца «несумяшчальнымі з хрысціянствам».

1904 год. Нарадзіўся  Мікола Хведаровіч.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Н. Чарнушэвіча.

У бежанстве вучыўся ў калужскім гарадскім вучылішчы, дзе  матэматыку яму выкладаў К. Цыялкоўскі.

Працаваў камісарам Слуцкага ваенкамата, у партыйных часопісах, у газеце  «Чырвоная Беларусь», часопісах «Полымя рэвалюцыі», «Минск». Быў членам аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны ў 1938 годзе, пакаранне адбываў у лагерах на Кольскім паўвостраве, у Комі АССР, ва Узбекістане. Паўторна арыштаваны ў 1949 годзе і сасланы ў Краснаярскі край. У 1956 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Аўтар  вершаў, кніг паэзіі, жартаў, пародый, выбраных твораў, кніг для дзяцей, успамінаў, аповесцей.

Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўказскі нявольнік», «Бахчысарайскі фантан», «Казку пра цара Салтана», творы А. Фадзеева, Э. Багрыцкага, Ш. Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» і іншыя. Асобна займаўся перакладамі з венгерскай мовы.

Памёр 20 жніўня 1981 года.

1905 год. Памёр ураджэнец Гродзеншчыны Іосіф Баранецкі (1843–1905).

Прыродазнавец, педагог. Скончыў Беластоцкую гімназію і прыродазнаўчае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў прафесарам батанікі Кіеўскага ўніверсітэта, дэканам фізіка-матэматычнага факультэта. 

Аўтар «Курса батанікі для студэнтаў медыцынскіх факультэтаў», найменняў шэрагу батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Baran.».

1910 год. Нарадзіўся Барыс Кіт (1910–2018).

Актыўны дзеяч беларускай эміграцыі, беларуска-амерыканскі вучоны ў галіне астранаўтыкі, адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для касмічных караблёў “Апалон”, “Шатл”, прафесар Мэрылендскага і Гродзенскага ўніверсітэтаў, акадэмік шэрагу акадэмій, Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Скончыў школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, гімназіі ў Навагрудку.

Пад час нацысцкай акупацыі Беларусі арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. У 1944 годзе быў арыштаваны гестапа і зняволены ў турме ў Вілейцы. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні.

Жыў на эміграцыі ў Германіі, ЗША. Працаваў у касмічных праектах, у тым ліку Apollo, Shuttle, займаўся даследаваннем вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва, матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў.

Аўтар навукова-папулярных кніг па касманаўтыцы, успамінаў. Чытаў лекцыі па касманаўтыцы ў Японіі, Індыі, Мексіцы, Іспаніі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Швецыі, Германіі і іншых краінах.

Імя Кіта замурована ў “капсуле часу” лепшых сусветных вучоных ў галіне касманаўтыкі ў сцяне амерыканскага Капітолія.

1955 год. Выйшаў першы нумар газеты «Голас Радзімы».

Да 1960 года штотыднёвік меў назву «За вяртанне на Радзіму». Газета асвятляе жыццё беларускай эміграцыі. Да 1993 года выдавалася «Бібліятэчка газеты «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.

1971 год. Памёр Ігар Стравінскі (1882–1971).

Рускі кампазітар беларускага паходжання, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі, ЗША.

Паходзіць з беларускай шляхты Стравінскіх герба «Суліма».

Аўтар шматлікіх музычных твораў: скерца, санаты,  балеты («Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна святая»), оперы, песні. Актыўна гастраляваў па Еўропе, Амерыцы.

Пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі.

1992 год. Памёр ураджэнец в. Пятровічы Клімавіцкага павета (зараз – Смаленская вобласць) Айзек Азімаў (1920–1992).

Амерыканскі пісьменнік-фантаст, папулярызатар навукі, доктар біяхіміі.

Аўтар каля 500 кніг, галоўным чынам мастацкіх, першым чынам у жанры навуковай фантастыкі, але таксама і ў іншых жанрах: фэнтэзі, дэтэктыў, гумар, і навукова-папулярных у самых розных абласцях – ад астраномі і генетыкі да гісторыі і літаратуразнаўства. Шматразовы лаўрэат прэмій Х’юга і Неб’юла. Аўтар тэрмінаў рабатэхніка, робатыка, пазітронны, псіхагісторыя.

Азімаў разам з А. Кларкам і Р. Хайнлайном адносіцца да «Вялікай тройкі» пісьменнікаў-фантастаў.

Бацькі – яўрэйскія млынары Хана-Рахіл Берман і Іуда Азімаў разам  сынам у 1923 годзе праз Магілёў імігравалі ў ЗША.

1999 год. Памёр Генадзь Карпенка (1949–1999).

Беларускі навуковец і палітык. Доктар тэхнічных навук, Заслужаны дзеяч навукі, член-карэспандэнт НАН Беларусі.

На пасадзе старшыні Маладзечанскага гарвыканкама (1991–1994) правёў дэсаветызацыю гарадской тапанімікі, значныя эканамічныя пераўтварэнні, ініцыяваў правядзенне музычнага і тэатральнага фестываляў, стварэнне футбольнага клубу. 

У якасці намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета кіраваў спробай імпічменту А. Лукашэнкі. Лічыўся верагодным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 1999 года.

У асяродзі апазіцыі існуе меркаванне, што смерць палітыка не была натуральнай..

2022 год. Беларусь абвесціла спіс несяброўскіх краін.

У спіс увайшлі ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, ўсе еўрапейскія краіны за выключэннем Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Турцыі, Украіны і Малдовы.

На загалоўным фота: Забег на 100 метраў. Афінская Алімпіяда, 1896. Амерыканец Т. Кертыс (другі злева) стартуе з невядомага яшчэ тады “нізкага” старту.

Мікалаеўцы на 400 дзень уварвання Расіі – “Нельга дараваць іх зверствы”

Медыйшчыкі мікалаеўскага Нацыянальнага універсітэта караблебудавання імя адмірала С. Макарава збіраюць доказы катаванняў і марадзёрства – паведамляе news.pn.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Ніхто не забыты, нішто не забыта.

“Расійскія акупанты з першага дня поўнамаштабнага ўварвання на тэрыторыю Украіны забіваюць, калечаць, катуюць мірных грамадзян, гвалцяць жанчын, дзяўчат і дзяцей, руйнуюць дамы і марадзёрствуюць. Такое ні забыцца, ні прабачыць нельга.” – выкладчыкі і студэнты кафедры журналістыкі, рэкламы і PR-тэхналогій Мікалаеўскага ўніверсітэта караблебудавання пачалі праект “Не забудзем. Не даруем”, дзе будуць гісторыі-сведчанні людзей аб зверствах расійскіх вайскоўцаў. 

“Вайна змяніла нас”

“Вайна змяніла нас – і гэта факт. Мы сталі больш загартаванымі, мы сталі больш шанаваць жыццё і ненавідзець акупантаў. І гэтую лютасць кудысьці трэба выплюхваць. Менавіта таму, пасля чарговай паездкі на дэакупаваную тэрыторыю Баштанскага раёна Мікалаеўскай вобласці і Херсоншчыны ўзнікла ідэя стварыць журналісцкі праект, які будзе дакументаваць злачынствы Расіі, ён стане жывым сведкам жыцця людзей, якія перажылі акупацыю, катаванні, псіхалагічныя здзекі, якія бачылі на ўласныя вочы, як расійцы марадзёрствавалі і рабавалі іх край, як знішчалі і працягваюць знішчаць зямлю і ладзяць экацыд. Мы будзем казаць, як да гэтага часу расійскія войскі знішчаюць мірныя населеныя пункты і як гераічна людзі супрацьстаяць гэтым жудасным выклікам.

Гэты праект – гэта не проста сведчанні людзей, гэта доказы зверства расійцаў. І мы хочам, каб свет ведаў пра гэта. Ні забыцца, ні дараваць нельга” – кажуць ініцыятары праекта.

Праектам будзе ахоплена пераважна Мікалаеўшчына і Херсоншчына, магчыма, і Адэская вобласць.

Зараз матэрыялы размяшчаюцца на сайце універсітэта. Вядуцца перамовы аб размяшчэнні матэрыялаў у нямецкім выданні “Нойнкельн”. 

Нагадаем, што 29 сакавіка 2022 года расійскія акупанты ракетным ударам знішчылі 9-павярховы будынак Мікалаеўскай абласной адміністрацыі і забілі 37 чалавек.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Фота: news.pn

Магілёўшчына – лідар па захворванню на сухоты

Да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, апублікаваў дадзеныя па гэтаму захворванню. 

Спецыялісты Цэнтра канстатуюць, што найбольш высокі ўзровень захворвання на сухоты  адзначаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ён перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Пры гэтым, канкрэтных актуалізаваных дадзеных па захворваемасці Цэнтр не прыводзіць. 

Вядома, што ў дакавідны перыяд, паводле дадзеных за 2018 год паказчык захворваемасці складаў 24 чалавекі на 100 000 насельніцтва, тады было выяўлена 259 новых хворых (гэта дадаткова 2,4, або 10%, на 100 000), з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі ў той год былі Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. 

Па стану на 2023 год смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 84% і склала 1,2 на 100 000 жыхароў (у 2018 годзе – 2,9 на 100 тыс. жыхароў). 

Сухоты, якія вядомы са старажытнасці, застаюцца адной з вядучых прычын смяротнасці ад інфекцыйных хвароб у свеце. 

Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні, хвароба займае 1-е месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў. 

Прагназуецца, што ў выніку пандэміі COVID-19 істотна вырасце захворванне і смяротнасць ад сухотаў. Смяротнасць можа павялічыцца на 13%, што можа даць у свеце дадатковыя 1 400 000 ахвяр у 2022-2025 гадах.

Фота  з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Дзень у гісторыі. 6 сакавіка. Табліца Мендзялеева. Патэнт на аспірын. Створана ЗБС “Бацькаўшчына”. Нарадзіліся аўтар «Пагоні» У. Крукоўскі, першая касманаўтка В. Церашкова.

1869 год. Дз. Мендзялееў публічна прадставіў сваю перыядычную сістэму элементаў.

Перыядычная сістэма хімічных элементаў (табліца Мендзялеева) – класіфікацыя хімічных элементаў, якая ўстанаўлівае залежнасць розных уласцівасцей элементаў ад зарада атамнага ядра. Сістэма з’яўляецца графічным выразам перыядычнага закона, які ўстанавіў рускі хімік Дз. Мендзялееў. 

Усяго прапанавана некалькі соцень варыянтаў малюнка перыядычнай сістэмы (аналітычных крывых, табліц, геаметрычных фігур і іншых). У сучасным варыянце сістэмы мяркуецца звядзенне элементаў у двухмерную табліцу, у якой кожны слупок (група) вызначае асноўныя фізіка-хімічныя ўласцівасці, а радкі ўяўляюць сабой перыяды, у пэўнай меры падобныя адзін аднаму.

1896 год. Нарадзіўся  Ізі (Ісак) Харык.

Беларускі габрэйскі паэт. Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі навук.

Друкаваўся ў габрэйскіх газэтах, працаваў рэдактарам менскага часопіса «Штэрн». Быў членам ЦВК БССР. Аўтар вершаў, 13 кніг вершаў на габрэйскай мове, артыкулаў, нарысаў у беларускамоўных выданнях. Перакладаў на габрэйскую мову творы Якуба Коласа, Міхася Чарота.

Яго паэзія перакладалася на беларускую мову, вершы «Над Бярозай», «Хлеб», «У шэрым змроку», «Век настане такі…» пакладзены на музыку. Паэзію Харыка выконвала Т. Гвердцытэлі (на музыку Мотла Палянскага).

Арыштаваны НКУС і асуджаны ў 1937 годзе як «сябар трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. 

Расстраляны ў «Чорную ноч» 29 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКУС у Менску ў ходзе масавага расстрэлу, які таксама атрымаў назву «Ноч расстраляных паэтаў».

5 лістапада 1937 года была арыштавана, потым саслана ў лагер у Казахстан і яго жонка, маці дваіх сыноў, ураджэнка Бабруйска Дзіна Харык (Матліна).

1899 год. Нямецкі хімік Фелікс Хофман з кампаніі Bayer атрымаў патэнт на ацэтыльсаліцылавую  кіслату пад камерцыйнай назвай “аспірын”.

Аспірын – адны з галоўных лекаў XX стагоддзі.

Па традыцыі нашы продкі зніжалі жар і здымалі боль воднай настойкай кары вярбы.

У 1763 годзе святар Эдвард Стоўн зрабіў у Каралеўскім таварыстве Лондана даклад аб лячэнні ліхаманкавых дрыжыкаў настойкай кары вярбы. А ў 1838 годзе было паказана, што актыўным кампанентам кары вярбы з’яўляецца саліцылавая кіслата. Італьянскі хімік Рафаэль Пірыа вылучыў з вярбовай кары саліцылавую кіслату, вызначыў хімічны склад гэтага рэчыва і паспяхова сінтэзаваў яго. Яно атрымала назву саліцылавай кіслаты.

Каб атрымаць іншыя віды саліцылавай кіслаты, лячэбная ўласцівасць якіх магла б быць яшчэ больш дзейснай, Ф. Хофман распрацаваў тэхналогію вытворчасці ацэтыльсаліцылавай кіслаты.

1910 год. Нарадзіўся Аляксандр Мазалёў.

Беларускі савецкі жывапісец, графік, педагог.

Скончыў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва. Выкладаў у Віцебскім, Мінскім мастацкіх вучылішчах, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Падчас вайны за ўдзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі акупантамі быў адпраўлены ў канцлагер. Пасля вызвалення з яго ў 1944 годзе ваяваў у Чырвонай Арміі.

Працаваў у галіне станковых жывапісу і графікі, у пейзажным, партрэтным, бытавым і батальным жанрах. Быў аўтарам тэматычных карцін, у якіх вельмі ёміста ўвасабляліся характэрныя прыкметы таго часу і галоўныя грамадскія ідэалы.

Сярод творчай спадчыны мастака таксама шмат эцюдаў, накідаў і замалёвак. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Памёр 1 жніўня 1970 года.

А. Мазалёў. На канікулах. 1966 год.

1913 год. Падчас святкавання 300-годдзя дома Раманавых у Санкт-Пецярбургу з-за цісканіны загінулі сотні людзей, пасля чаго Мікалай II атрымаў мянушку “Крывавы”.

За 19 гадоў да гэтага, 18 траўня 1894 года, на Хадынскім полі ў Маскве, падчас раздачы царскіх падарункаў з нагоды каранацыі Мікалая II з-за халатнасці ўлад адбылася цісканіна. Па афіцыйных дадзеных, загінула 1389 чалавек, знявечана было 1300. Слова Хадынка стала намінальным для гібелі людзей у цісканіне.

1923 год. Нарадзіўся Анатоль  Ляляўскі.

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст.

У 1956-1986 гадах працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод яго лепшых пастановак па творах беларускіх аўтараў «Дзед і жораў» В.Вольскага, «Сярэбраная табакерка» паводле Змітрака Бядулі, «Ліпавічкі» У.Галубка, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа і іншыя. Ставіў таксама – «Кот у ботах» Г. Уладычынай, «Канёк-гарбунок» паводле П. Яршова, «Доктар Айбаліт» паводле К. Чукоўскага, «Зорны хлопчык» паводле О. Уайлда.

Памёр 7 студзеня 1995 года.

1937 год. Нарадзілася Валянціна Церашкова.

Першая жанчына-касманаўт (1963), першая беларуска-касманаўт, генерал-маёр авіацыі, Герой Савецкага Саюза, кандыдат тэхнічных навук. Старшыня Камітэта савецкіх жанчын, Расійскага цэнтра міжнароднага навуковага і культурнага супрацоўніцтва пры расійскім урадзе.

Нарадзілася ў в. Вялікае Масленікава Яраслаўскай вобласці ў сялянскай сям’і выхадцаў з Беларусі. Бацька – з Бялыніцкага, маці — з Дубровенскага раёна. Па сведчанні самой Валянціны Церашковай, у дзяцінстве яна гаварыла па-беларуску.

1937 год. У Асіповічах  нарадзіўся Уладзімір Крукоўскі.

Беларускі мастак-плакатыст. Суаўтар эталона дзяржаўнага герба «Пагоня», аўтар сцяга і малой эмблемы БНФ.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

Працаваў у часопісах «Маладосць», «Мастацтва Беларусі», «Спадчына», бюлетэні Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. Член БНФ з дня заснавання.

Асноўная тэматыка плакатаў – гісторыя, культура, экалогія, антываенныя і юбілейныя тэмы, афішы. Аўтар публікацый па гісторыі беларускай прыватнай геральдыкі.

Творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі.

Узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Памёр 3 красавіка 2022 года.

1944 год. Пачалося фарміраванне Беларускай краёвай абароны (БКА).

БКА – вайсковае фарміраванне на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь», якое планавалася зрабіць ядром Нацыянальных узброеных сіл незалежнай Беларусі. Рашэнне аб стварэнні БКА было прынята 23 лютага 1944 года выконваючым абавязкі генеральнага камісара Беларусі К. фон Готбергам і прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады Р. Астроўскім. Кіраўніком стаў маёр Ф. Кушаль.  

Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-1924 гадоў нараджэння – усяго каля 25 000 чалавек, з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чалавек. Да сярэдзіны красавіка было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў.

Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час, частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, дабраахвотна ішла служыць у БКА.

Частка жаўнераў БКА вырашылі ісці з немцамі на захад. Ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10  000 жаўнераў БКА.

На базе частак БКА на пачатку 1945 года была ўтворана 1-я беларуская грэнадзёрская брыгада, пазней —30-я грэнадзёрская дывізія, якая ўдзел у баях не брала і здалася ў палон да амерыканцаў

Пасля вайны значная частка ўдзельнікаў БКА апынулася ў эміграцыі.

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Міхно.

Беларускі журналіст і пісьменнік.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у Чашніцкай раённай газеце «Чырвоны прамень», у «Чырвонай змене», «Настаўніцкай газеце».

Аўтар кніг, зборнікаў прозы, аповесцей. З апавяданнямі выступаў у беларускім друку, на радыё.

Памёр 26 лістапада 2019 года.

1972 год. Заснавана выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Утворана на аснове рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Гэта быў час, калі інтэлектуальны і эстэтычны ўзровень грамадства патрабаваў выдання велізарнай колькасці мастацкай літаратуры розных кірункаў і жанраў, а ў адукацыйных дзяржаўных праграмах было прадугледжана глыбейшае вывучэнне класікаў беларускай і сусветнай літаратуры.

У савецкія часы ў выдавецтве існавалі рэдакцыі паэзіі і прозы, збораў твораў, выбраных твораў і перакладной літаратуры, крытыкі і драматургіі, літаратуры народаў СССР, гісторыка-дакументальных кніг «Памяць». Штогод выдавалася каля двухсот кніг, якія былі адрасаваны шырокаму кругу чытачоў. Тыраж кніг арыгінальнай паэзіі быў не меней трох тысяч, а арыгінальнай прозы – не меней шасці тысяч асобнікаў.

Выходзілі серыі «Першая кніга паэта», «Першая кніга празаіка», «Паэзія народаў», «Бібліятэка замежнай прозы», «Скарбы сусветнай літаратуры», «Бібліятэка беларускай класікі».

У выдавецтве выйшлі Зборы твораў амаль усіх буйных беларускіх пісьменнікаў.

Выдаюцца серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Беларуская проза ХХ стагоддзя», «Беларуская паэзія ХХІ ст.», «Беларуская проза ХХІ ст.», «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».

1975 год. Памёр ураджэнец беларускага г. Рэчыца Яфім Капелян (1912-1975).

Акцёр тэатра і кіно, адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. Народны артыст СССР.

Скончыў Рэчыцкую школу. Працаваў мастаком пры Рэчыцкім кінатэатры, у Вялікім драматычным тэатры імя М. Горкага. У гады вайны быў акцёрам франтавога Тэатра народнага апалчэння.

Адначасова шмат здымаўся ў кіно, выканаў мноства яркіх характэрных роляў у фільмах «Няўлоўныя мсціўцы», «Інтэрвенцыя», «Даўрыя», «Вечны кліч», «Саламяны капялюшык». Адна з найбольш вядомых работ – аўтарскі тэкст у тэлесерыяле “Семнаццаць імгненняў вясны”. Браў удзел у дубляжы замежных фільмаў на кінастудыі “Ленфільм”, агучыў адну із роляў у фільме “Паласаты рэйс”. Спрабаваў сябе ў рэжысуры, паставіў некалькі спектакляў на Ленінградскім тэлебачанні.

1990 год. У Мінску створана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (1990-2021).

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне. Створана дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Першым Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў, старшынёй Рады – Яўген Лецка. З’езды ЗБС праводзіліся ў 1993, 1997, 2001, 2005, 2009, 2013, 2017 гадах. Сярод наступных кіраўнікоў ЗБС былі Р. Гарэцкі, А. Грыцкевіч, А. Макоўская.

У чэрвені 2021 года павінен быў прайсці VIII з’езд, але праз распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі Вялікая рада прагаласавала за перанос з’езда, у той час як кіраўніцтва ЗБС пракансультавалася з Міністэрствам юстыцыі, як не парушыць заканадаўства і статут арганізацыі. Аднак у рамках пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Міністэрства юстыцыі выставіла прэтэнзіі да дзейнасці арганізацыі з нагоды пераносу з’езда.

20 жніўня 2021 года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па «прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь).

24 верасня Вярхоўны суд (суддзя – Рыма Філіпчык) прыняў рашэнне задаволіць позву Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць згуртаванне.