Дзень у гісторыі. 6 сакавіка. Табліца Мендзялеева. Патэнт на аспірын. Створана ЗБС “Бацькаўшчына”. Нарадзіліся аўтар «Пагоні» У. Крукоўскі, першая касманаўтка В. Церашкова.

1869 год. Дз. Мендзялееў публічна прадставіў сваю перыядычную сістэму элементаў.

Перыядычная сістэма хімічных элементаў (табліца Мендзялеева) – класіфікацыя хімічных элементаў, якая ўстанаўлівае залежнасць розных уласцівасцей элементаў ад зарада атамнага ядра. Сістэма з’яўляецца графічным выразам перыядычнага закона, які ўстанавіў рускі хімік Дз. Мендзялееў. 

Усяго прапанавана некалькі соцень варыянтаў малюнка перыядычнай сістэмы (аналітычных крывых, табліц, геаметрычных фігур і іншых). У сучасным варыянце сістэмы мяркуецца звядзенне элементаў у двухмерную табліцу, у якой кожны слупок (група) вызначае асноўныя фізіка-хімічныя ўласцівасці, а радкі ўяўляюць сабой перыяды, у пэўнай меры падобныя адзін аднаму.

1896 год. Нарадзіўся  Ізі (Ісак) Харык.

Беларускі габрэйскі паэт. Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі навук.

Друкаваўся ў габрэйскіх газэтах, працаваў рэдактарам менскага часопіса «Штэрн». Быў членам ЦВК БССР. Аўтар вершаў, 13 кніг вершаў на габрэйскай мове, артыкулаў, нарысаў у беларускамоўных выданнях. Перакладаў на габрэйскую мову творы Якуба Коласа, Міхася Чарота.

Яго паэзія перакладалася на беларускую мову, вершы «Над Бярозай», «Хлеб», «У шэрым змроку», «Век настане такі…» пакладзены на музыку. Паэзію Харыка выконвала Т. Гвердцытэлі (на музыку Мотла Палянскага).

Арыштаваны НКУС і асуджаны ў 1937 годзе як «сябар трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. 

Расстраляны ў «Чорную ноч» 29 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКУС у Менску ў ходзе масавага расстрэлу, які таксама атрымаў назву «Ноч расстраляных паэтаў».

5 лістапада 1937 года была арыштавана, потым саслана ў лагер у Казахстан і яго жонка, маці дваіх сыноў, ураджэнка Бабруйска Дзіна Харык (Матліна).

1899 год. Нямецкі хімік Фелікс Хофман з кампаніі Bayer атрымаў патэнт на ацэтыльсаліцылавую  кіслату пад камерцыйнай назвай “аспірын”.

Аспірын – адны з галоўных лекаў XX стагоддзі.

Па традыцыі нашы продкі зніжалі жар і здымалі боль воднай настойкай кары вярбы.

У 1763 годзе святар Эдвард Стоўн зрабіў у Каралеўскім таварыстве Лондана даклад аб лячэнні ліхаманкавых дрыжыкаў настойкай кары вярбы. А ў 1838 годзе было паказана, што актыўным кампанентам кары вярбы з’яўляецца саліцылавая кіслата. Італьянскі хімік Рафаэль Пірыа вылучыў з вярбовай кары саліцылавую кіслату, вызначыў хімічны склад гэтага рэчыва і паспяхова сінтэзаваў яго. Яно атрымала назву саліцылавай кіслаты.

Каб атрымаць іншыя віды саліцылавай кіслаты, лячэбная ўласцівасць якіх магла б быць яшчэ больш дзейснай, Ф. Хофман распрацаваў тэхналогію вытворчасці ацэтыльсаліцылавай кіслаты.

1910 год. Нарадзіўся Аляксандр Мазалёў.

Беларускі савецкі жывапісец, графік, педагог.

Скончыў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва. Выкладаў у Віцебскім, Мінскім мастацкіх вучылішчах, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Падчас вайны за ўдзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі акупантамі быў адпраўлены ў канцлагер. Пасля вызвалення з яго ў 1944 годзе ваяваў у Чырвонай Арміі.

Працаваў у галіне станковых жывапісу і графікі, у пейзажным, партрэтным, бытавым і батальным жанрах. Быў аўтарам тэматычных карцін, у якіх вельмі ёміста ўвасабляліся характэрныя прыкметы таго часу і галоўныя грамадскія ідэалы.

Сярод творчай спадчыны мастака таксама шмат эцюдаў, накідаў і замалёвак. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Памёр 1 жніўня 1970 года.

А. Мазалёў. На канікулах. 1966 год.

1913 год. Падчас святкавання 300-годдзя дома Раманавых у Санкт-Пецярбургу з-за цісканіны загінулі сотні людзей, пасля чаго Мікалай II атрымаў мянушку “Крывавы”.

За 19 гадоў да гэтага, 18 траўня 1894 года, на Хадынскім полі ў Маскве, падчас раздачы царскіх падарункаў з нагоды каранацыі Мікалая II з-за халатнасці ўлад адбылася цісканіна. Па афіцыйных дадзеных, загінула 1389 чалавек, знявечана было 1300. Слова Хадынка стала намінальным для гібелі людзей у цісканіне.

1923 год. Нарадзіўся Анатоль  Ляляўскі.

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст.

У 1956-1986 гадах працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод яго лепшых пастановак па творах беларускіх аўтараў «Дзед і жораў» В.Вольскага, «Сярэбраная табакерка» паводле Змітрака Бядулі, «Ліпавічкі» У.Галубка, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа і іншыя. Ставіў таксама – «Кот у ботах» Г. Уладычынай, «Канёк-гарбунок» паводле П. Яршова, «Доктар Айбаліт» паводле К. Чукоўскага, «Зорны хлопчык» паводле О. Уайлда.

Памёр 7 студзеня 1995 года.

1937 год. Нарадзілася Валянціна Церашкова.

Першая жанчына-касманаўт (1963), першая беларуска-касманаўт, генерал-маёр авіацыі, Герой Савецкага Саюза, кандыдат тэхнічных навук. Старшыня Камітэта савецкіх жанчын, Расійскага цэнтра міжнароднага навуковага і культурнага супрацоўніцтва пры расійскім урадзе.

Нарадзілася ў в. Вялікае Масленікава Яраслаўскай вобласці ў сялянскай сям’і выхадцаў з Беларусі. Бацька – з Бялыніцкага, маці — з Дубровенскага раёна. Па сведчанні самой Валянціны Церашковай, у дзяцінстве яна гаварыла па-беларуску.

1937 год. У Асіповічах  нарадзіўся Уладзімір Крукоўскі.

Беларускі мастак-плакатыст. Суаўтар эталона дзяржаўнага герба «Пагоня», аўтар сцяга і малой эмблемы БНФ.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

Працаваў у часопісах «Маладосць», «Мастацтва Беларусі», «Спадчына», бюлетэні Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. Член БНФ з дня заснавання.

Асноўная тэматыка плакатаў – гісторыя, культура, экалогія, антываенныя і юбілейныя тэмы, афішы. Аўтар публікацый па гісторыі беларускай прыватнай геральдыкі.

Творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі.

Узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Памёр 3 красавіка 2022 года.

1944 год. Пачалося фарміраванне Беларускай краёвай абароны (БКА).

БКА – вайсковае фарміраванне на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь», якое планавалася зрабіць ядром Нацыянальных узброеных сіл незалежнай Беларусі. Рашэнне аб стварэнні БКА было прынята 23 лютага 1944 года выконваючым абавязкі генеральнага камісара Беларусі К. фон Готбергам і прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады Р. Астроўскім. Кіраўніком стаў маёр Ф. Кушаль.  

Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-1924 гадоў нараджэння – усяго каля 25 000 чалавек, з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чалавек. Да сярэдзіны красавіка было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў.

Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час, частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, дабраахвотна ішла служыць у БКА.

Частка жаўнераў БКА вырашылі ісці з немцамі на захад. Ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10  000 жаўнераў БКА.

На базе частак БКА на пачатку 1945 года была ўтворана 1-я беларуская грэнадзёрская брыгада, пазней —30-я грэнадзёрская дывізія, якая ўдзел у баях не брала і здалася ў палон да амерыканцаў

Пасля вайны значная частка ўдзельнікаў БКА апынулася ў эміграцыі.

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Міхно.

Беларускі журналіст і пісьменнік.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у Чашніцкай раённай газеце «Чырвоны прамень», у «Чырвонай змене», «Настаўніцкай газеце».

Аўтар кніг, зборнікаў прозы, аповесцей. З апавяданнямі выступаў у беларускім друку, на радыё.

Памёр 26 лістапада 2019 года.

1972 год. Заснавана выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Утворана на аснове рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Гэта быў час, калі інтэлектуальны і эстэтычны ўзровень грамадства патрабаваў выдання велізарнай колькасці мастацкай літаратуры розных кірункаў і жанраў, а ў адукацыйных дзяржаўных праграмах было прадугледжана глыбейшае вывучэнне класікаў беларускай і сусветнай літаратуры.

У савецкія часы ў выдавецтве існавалі рэдакцыі паэзіі і прозы, збораў твораў, выбраных твораў і перакладной літаратуры, крытыкі і драматургіі, літаратуры народаў СССР, гісторыка-дакументальных кніг «Памяць». Штогод выдавалася каля двухсот кніг, якія былі адрасаваны шырокаму кругу чытачоў. Тыраж кніг арыгінальнай паэзіі быў не меней трох тысяч, а арыгінальнай прозы – не меней шасці тысяч асобнікаў.

Выходзілі серыі «Першая кніга паэта», «Першая кніга празаіка», «Паэзія народаў», «Бібліятэка замежнай прозы», «Скарбы сусветнай літаратуры», «Бібліятэка беларускай класікі».

У выдавецтве выйшлі Зборы твораў амаль усіх буйных беларускіх пісьменнікаў.

Выдаюцца серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Беларуская проза ХХ стагоддзя», «Беларуская паэзія ХХІ ст.», «Беларуская проза ХХІ ст.», «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».

1975 год. Памёр ураджэнец беларускага г. Рэчыца Яфім Капелян (1912-1975).

Акцёр тэатра і кіно, адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. Народны артыст СССР.

Скончыў Рэчыцкую школу. Працаваў мастаком пры Рэчыцкім кінатэатры, у Вялікім драматычным тэатры імя М. Горкага. У гады вайны быў акцёрам франтавога Тэатра народнага апалчэння.

Адначасова шмат здымаўся ў кіно, выканаў мноства яркіх характэрных роляў у фільмах «Няўлоўныя мсціўцы», «Інтэрвенцыя», «Даўрыя», «Вечны кліч», «Саламяны капялюшык». Адна з найбольш вядомых работ – аўтарскі тэкст у тэлесерыяле “Семнаццаць імгненняў вясны”. Браў удзел у дубляжы замежных фільмаў на кінастудыі “Ленфільм”, агучыў адну із роляў у фільме “Паласаты рэйс”. Спрабаваў сябе ў рэжысуры, паставіў некалькі спектакляў на Ленінградскім тэлебачанні.

1990 год. У Мінску створана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (1990-2021).

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне. Створана дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Першым Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў, старшынёй Рады – Яўген Лецка. З’езды ЗБС праводзіліся ў 1993, 1997, 2001, 2005, 2009, 2013, 2017 гадах. Сярод наступных кіраўнікоў ЗБС былі Р. Гарэцкі, А. Грыцкевіч, А. Макоўская.

У чэрвені 2021 года павінен быў прайсці VIII з’езд, але праз распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі Вялікая рада прагаласавала за перанос з’езда, у той час як кіраўніцтва ЗБС пракансультавалася з Міністэрствам юстыцыі, як не парушыць заканадаўства і статут арганізацыі. Аднак у рамках пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Міністэрства юстыцыі выставіла прэтэнзіі да дзейнасці арганізацыі з нагоды пераносу з’езда.

20 жніўня 2021 года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па «прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь).

24 верасня Вярхоўны суд (суддзя – Рыма Філіпчык) прыняў рашэнне задаволіць позву Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць згуртаванне.