Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.