Магілёўская пракуратура пахвалілася барацьбой са свабодай слова

Больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў, якія не падабаюцца цяперашнім уладам у Беларусі, магілёўскія пракуроры абвесцілі экстрэмісцкімі за першы квартал 2026 года.

Паводле абласной пракуратуры, барацьбой са вабодай слова яна займаецца на сістэмнай аснове. Гэта значыць, маніторыць кантэнт паведамленняў, пастоў, відэафайлаў і іншага. Калі нешта не падабаецца, а часцей за ўсё гэта крытыка цяперашніх парадкаў у дыктатарскай Беларусі, то пракуроры абвяшчаюць гэта экстрэмісцкімі матэрыяламі, накіраванымі на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці. Потым суды ўключаюць гэтыя матэрыялы ў рэспубліканскі спіс так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама за першы квартал 2026 года магілёўская пракуратура абмежавала доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, “на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджання звесткі”.

Праўда, колькі сэнсу ў такой руплівай працы магілёўскіх пракурораў – не паведамляецца. Так, сама пракуратура сведчыць, што на рэсурсах “Флагшток” і “Глаўк” утрымліваліся матэрыялы, “якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў”. То бок прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыялы ўсё адно публікуюцца, не зважаючы на “грозныя” пракурорскія словы. Як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Жыліцкім палацы таварыш Жудро правёў пленум камуністаў

У бой з імперыялістычнымі акуламі ў Жыліцкім палацы ішлі старыя камуністы.

У Жыліцкім палацы прайшоў красавіцкі пленум Магілёўскага абкама КПБ. Усё ў стылі антыкварнага сацрэалізму: ад прамоў да ўзросту ўдзельнікаў. 

Старшынстваваў аўтар знакамітых трох навуковых манаграфій Міхаіл Жудро – рэктар малаўразумнага інстытута развіцця і старшыня абкама камуністаў Магілёўшчыны.

Напрыканцы пленума таварыш Жудро павіншаваў паплечнікаў з занясеннем Магілёўскай вобласці на рэспубліканскую дошку гонару. Дасягненне, трэба адзначыць, хоць і ганаровае, але такое ж сумнеўнае, як і імкненне кампартыі ўсё ж такі дамагчыся для сябе светлай будучыні.

Фота кіраўскай раённай газеты.

На Магілёўшчыне чыноўнікі знайшлі занадта дарагія касцюмы для выпускнікоў

Інспектары з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявілі на Магілёўшчыне тры выпадкі занадта высокіх цэн на касцюмы і сукенкі для будучых выпускнікоў.

Пры набліжэжэнні выпускных вечароў МАРГ актывізавала праверкі магазінаў, дзе прадаюцца сукенкі і касцюмы для тых, каму сёлета прагучыць апошні званок. І выявілі факты неабгрунтавана высокіх, па іх меркаванні, гандёвых надбавак. У адной з крам такая надбаўка была на ўзроўні 120%, пры ўстаноўленай лімітавай максімальнай – 65%, а таксама там адсутнічаў дакумент, які абгрунтоўваў бы такі ўзровень цэн.

Больш за ўсё такіх парушэнняў цэнаўтварэння кантралёры выявілі ў Гомельскай вобласці – чатыры выпадкі. У Магілёўскай і Віцебскай – па тры, а ў Мінскай – адзін. Цяпер датычныя да такіх звышнадбавак быдуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Згодна пастанове ўрада “Аб сістэме рэгулявання цэн” ад 2022 года, цэнавае рэгуляванне на сукенкі і касцюмы прадугледжвае надбаўкі ад 55% да 65%. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Амаль траціна лясоў Магілёўшчыны дагэтуль забруджана цэзіем-137

Тэрыторыя лясоў Магілёўскай вобласці, забруджаных цэзіем-137, складае 29% ад усяго ляснога фонда рэгіёна. Аднак драўніна, паводле чыноўнікаў, цалкам адпавядае нормам бяспекі.

“Тэрыторыя ляснога фонду Магілёўскай вобласці, забруджанага цэзіем-137, займае 366 тыс.га, што складае 29% ад агульнай плошчы ляснога фонду. Але тая драўніна, якая паступае непасрэдна ў абарот, цалкам адпавядае нормам бяспекі” – цытуе БелТА начальніка упраўлення па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надзвычайных сітуацыях Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Лазарэвіча.

Паводле яго, па стане на 1992 год на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў Магілёўскай вобласці было 1059 населеных пунктаў, з іх пяць раённых цэнтраў. Па выніках ацэнкі 2021 года колькасць населеных пунктаў, аднесеных да зон радыеактыўнага забруджвання, скарацілася на 38% і сёння складае 660 населеных пунктаў, уключаючы чатыры раённыя цэнтры. 

Радыяцыя так ці інакш закранае 14 з 21 раёна вобласці, а таксама 243 тыс.га сельскагаспадарчых зямель (каля 23%). Але, паводле Лазарэвіча, тут таксама няма прычын для хвалявання, бо дзякуючы адпрацаваным методыкам забяспечваецца вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыі. 

“Уся прадукцыя, якую атрымліваюць у грамадскім сектары нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сёння з’яўляецца нарматыўна чыстай. Перавышэнняў па пробах гэтай прадукцыі ў нас па Магілёўскай вобласці не рэгіструецца ўжо больш за 20 гадоў”, – рапартуе чыноўнік.

Фота: ArticCynda / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

На магілёўскай чыгунцы знайшлі парушэнні ў абыходжанні з інвентаром

Пракуратура Магілёўскай вобласці запатрабавала забяспечыць захаванасць інвентара строгага ўліку і бяспеку руху на аб’ектах чыгуначнай інфраструктуры.

Сярод момантаў, якія найцбольш не спадабаліся пракурорам, было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах чыгункі няспраўных тармазных башмакоў: частка з іх мела пашкоджаныя палазы. Акрамя таго, маркіроўка і інвентарныя нумары на абсталяванні часам не адпавядалі ўстаноўленым патрабаванням.

Праблемы выявіліся і ў кантролі: адказныя супрацоўнікі трох прадпрыемстваў фактычна не адсочвалі месцазнаходжанне башмакоў. У выніку інвентар знаходзіўся проста на пуцях, без належнага нагляду.

У адной з арганізацый сітуацыя аказалася яшчэ больш сур’ёзнай: металічная скрыня, прызначаная для захоўвання башмакоў, была адкрытая і не замыкалася. Гэта стварала рэальную рызыку крадзяжу і выкарыстання інвентара не па прызначэнні.

Праверка закранула і дакументацыю. Былі выяўлены недахопы ў вядзенні ўліку, а таксама выпадкі, калі адказныя работнікі не былі азнаёмлены з ведамаснымі інструкцыямі.

Асобны блок парушэнняў датычыўся бяспекі руху. Так, на адным з прадпрыемстваў у Бабруйску не была нанесена сігнальная разметка ў негабарытным месцы. На прадпрыемствах Магілёва і Бабруйска частка папераджальных знакаў і пуцявых упораў альбо не адпавядала патрабаванням, альбо адсутнічала зусім.

Па выніках праверкі першы намеснік пракурора Магілёўскай вобласці запатрабаваў ад кіраўніка галаўнога прадпрыемства энергетычнай сферы чыгункі прыняць меры для забеспячэння належнай захаванасці інвентара строгага ўліку і бяспекі руху.

Вырасце доля дзяржавы ў цэментных прадпрыемствах Магілёўшчыны

Дзяржава будзе валодаць большай колькасцю акцый “Беларускага цэментнага завода” і “Крычаўцэментнашыфера”.

Згодна рашэнню ўрада Беларусі, якое апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўжо ўступіла ў сілу, гэтыя прадпрыемствы, а таксама тры з іншых рэгіёнаў, перададуць свае акцыі наўзамен сумы, выдзеленай на іх падтрымку ў 2025 годзе.

За мінулы год “Беларускі цэментны завод” атрымаў 2,5 млн рублёў дапамогі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 9 млн рублёў. У першага акцыя каштуе пяць рублёў, а ў другога – дзве капейкі. Адпаведна, “Беларускі цэментны завод” перадасць 500 824 свае акцыі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 453 315 591 акцыю.

Пры гэтым на 2019 год 98,63% акцый ААТ “Беларускага цэментнага завода” знаходзілася ў рэспубліканскай уласнасці, 0,39% – у камунальнай. Акцыямі “Крычаўцэментнашыфера” валодае кіруючая кампанія холдынгу “Беларуская цэментная кампанія”.

У дакуменце сказана, што акцыі перададуць да 1 верасня 2026 года.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне менш за ўсё аўтамабіляў у Беларусі

Магілёўшчына на апошнім месцы ў краіне ў абсалютных лічбах па колькасці зарэгістраваных асабістых транспартных сродкаў.

На Магілёўскую вобласць прыпадае 334 800 аўтамабіляў. Гэта найменшы паказчык у параўнанні з усімі іншымі рэгіёнамі Беларусі. Пра гэта са спасылкай на Белстат піша “Камсамольская праўда”. На першым месцы – сталіца. У Мінску зарэгістравана больш чым 640 тыс. асабістых аўтамабілей. У Мінскай вобласці – 543 700, у Брэсцкай – 493 100, у Гомельскай – 417 500, у Гродзенскай – 405 000, а ў Віцебскай – 356 000. Гэта ўсё лічбы на канец 2025 года.

Аднак, калі пералічыць па колькасці асабістых аўтамабіляў на 1000 насельніцтва, то Магілёўшчына ўжо не на апошнім месцы, а ў сярэдзіне. На 1000 жыхароў нашай вобласці прыходзіцца 348 машын. Гэта нават больш, чым у сярэднім па краіне, дзе гэты паказчык складае 339 аўтамабіляў.

Увогуле па гэтым паказчыку ў краіне на першыі месцы Гродзенская вобласць, дзе на тысячу насельніцтва 415 аўтамабілей. Далей ідуць Брэсцкая вобласць (382), Мінская (374), Магілёўская (348), Віцебская (336), Мінск (321) і Гомельская (317).

Фота: mogilev.media

Агароджы ў Краснаполлі не вытрымліваюць і тыдня, але дрэнна ўсё ў палякаў

Краснапольская газета выбрала для абмеркавання тэму платоў. У Польшчы іх будуюць, у Краснаполлі – ламаюць.

Першы апублікаваны матэрыял – трывожны рэпартаж пра тое, як Польшча будуе на мяжы новы чатырохметровы паркан з калючым дротам. Сур’ёзная геапалітыка, аналітыка, развагі пра лёсы радзімы.

Другі – слязлівы плач пра тое, што ў самім Краснаполлі платы ўздоўж вуліц Калініна, Курака і Ленінскай не вытрымліваюць і тыдня. Адрамантавалі – зламалі. Зноў адрамантавалі – зноў зламалі.

Вядучы інжынер УПКП «Жылкамунгас» разводзіць рукамі: толькі паспелі аднавіць адно, як ламаюць другое.

Адчулі дыстанцыю? Журналісты сурова хмураць бровы на польскі калючы дрот за сотні кіламетраў ад дома. Іншыя краснапольцы проста пад вокнамі рэдакцыі метадычна выломваюць дошкі з уласнага плота. 

Нагадваем, што Краснапольскі раён – адзін з самых правальных у Магілёўскай вобласці, якая сама па сабе стабільна ў аўтсайдарах амаль па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках.

Самая нізкая зарплата ў краіне – менавіта ў Магілёўшчыны, а ўнутры вобласці Краснапольскі раён у тройцы горшых з паказчыкам 1898 рублёў. На ўвесь раён – адно сельгаспрадпрыемства, ААТ «Краснапольскі», якое значыцца ў спісе неплацёжаздольных. Адзін калгас на раён – і той банкрут. Насельніцтва скарачаецца, жывёла гіне.

Усё гэта абмяркоўвалася ў Краснаполлі на знакамітай нарадзе ў Лукашэнкі – і скончылася звыклымі крыкамі «разабрацца і пасадзіць».

Пры чым тут польскі плот? Логіка простая: у нас уласная гаспадарка гадамі ў банкрутах, платы ў пасёлку не трымаюцца і тыдня, зарплата – адна з самых нізкіх у краіне. Затое ў палякаў таксама дрэнна. У нас дзірка ў штакетніку на вуліцы Ленінскай, але духоўна мы вышэй. А з платамі разбяромся. Як і з усім астатнім – да 2030 года.

Фота раённай газеты.

Цялятам у Дрыбіне вырашылі даць дах над галавой

Магілёўская вобласць дала краіне вугля на рэспубліканскім суботніку. У вёску Нікольск Дрыбінскага раёна прыехаў “губернатар” Анатоль Ісачанка і “дэпутат” Аляксандр Гарашкін, якім Лукашэнка нядаўна растлумачыў, што нават у Дрыбіне ў кароўніка можа быць дах.

Прэс-рэліз “Магілёўскіх ведамасцей” коратка тлумачыць, у чым сутнасць гістарычнага моманту. Прафілакторый у Дрыбіне «дазволіць поўнасцю адмовіцца ад вулічнага ўтрымання цялят у індывідуальных доміках і перанесці працэс пад дах».

То бок дагэтуль, усю гісторыю суверэннай Беларусі цяляты на Дрыбіншчыне жылі на вуліцы. Пад дажджом, снегам і крыху пад сонцам. І толькі цяпер у рэгіёне саспела ідэя: а што, калі ў памяшкання будзе дах?

Маштаб задумы ўражвае. Ісачанка паведаміў, што па вобласці запланавана 43 такіх прафілакторыя. Сорак тры дахі.

Гэта, безумоўна, вялікая рэгіянальная стратэгія – такая вялікая, што ўкладваецца акурат у трыццаць два гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Па даху на кожны год, плюс яшчэ крыху зверху.

Суботнік – працяг таго, як месяц таму Лукашэнка асабіста прыязджаў ратаваць Дрыбін.

Пасёлку было абяцана:

  • удваенне пагалоўя да 2030 года;
  • «зялёная вуліца» праекту;
  • «жалезная дысцыпліна»;
  • і «дакладны разлік».

На развітанне састарэламу лідару нацыі ўручылі цельную карову.

Асобную пікантнасць сітуацыі надаюць лічбы, якія сельгаспрадпрыемствы звычайна ва ўрачыстых прамовах не згадваюць.

За паўтара года Дрыбінскі раён страціў больш за 2 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 645 кароў. То бок генеральная лінія выглядае так: пагалоўе змяншаецца хутчэй, чым рост колькасці дахаў над ім.

Да 2030 года, калі тэмпы захаваюцца, на кожнае выжыўшае цяля будзе прыходзіцца па персанальным ангары, а то і два.

Рэспубліканскі суботнік – зручны момант, каб падводзіць вынікі эпохі. У Дрыбінскім раёне вынік фармулюецца так: трыццаць з лішнім гадоў улада была занята пытаннямі стратэгічнай глыбіні – выбарамі, рэферэндумамі, шматвектарнай палітыкай, барацьбой з экстрэмізмам у месенджарах.

Было проста не да дробязяў. І вось нарэшце дайшлі да самага галоўнага. Як у Булгакава: калі яны зоймуцца прамым сваім абавязкам, чысткай хлявоў ад гною, разруха знікне сама сабой.

Фота: “Могилевские ведомости”.

Магілёўскую моладзь вучылі данасіцельству

Даносіць на тых, хто чытае і распаўсюджвае так званыя “экстрэмісцкія” матэрыялы, заклікалі студэнтаў ў шэрагу каледжаў Магілёўскай вобласці.

У навучальных установах Магілёўшчыны з 8 па 15 красавіка прайшла серыя лекцый, прысвечаных тэме “Прафілактыкі ўцягвання моладзі ў экстрэмісцкую дзейнасць”. Аднак, як адзначаюць удзельнікі, гэтыя мерапрыемствы насілі выразна ідэалагічны і палітычны характар.

Нягледзячы на розных выступоўцаў, змест сустрэч быў падобны. Напрыклад, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі занятак правёў прарэктар па бяспецы і кадрах Генадзь Лукашкоў. Пры гэтым аўдыторыяй сталі не студэнты, а намеснікі дэканаў па ідэалагічнай рабоце, куратары і выкладчыкі.

У каледжах жа асноўнымі слухачамі былі самі навучэнцы. Лектарамі часта выступалі прадстаўнікі БРСМ, якія, паводле сведчанняў, заклікалі моладзь паведамляць пра людзей, што дасылаюць ім у інтэрнэце спасылкі на “забароненыя” матэрыялы. Пачынаючы з агульных тлумачэнняў паняцця “экстрэмізм” і агляду правых радыкальных груп у Еўропе, выступоўцы хутка пераходзілі да беларускіх спісаў “экстрэмісцкіх” рэсурсаў і кантэнту.

У якасці прыкладу распаўсюджваліся друкаваныя матэрыялы. Так, у Бабруйскім гандлёва-эканамічным каледжы навучэнцам раздалі памяткі, дзе пасля агляду замежных неанацысцкіх структур падрабязна тлумачыліся нормы беларускага заканадаўства. Асобная ўвага надавалася артыкулу 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюд матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Навучэнцам распавядалі пра Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама пра магчымыя наступствы – ад штрафаў і грамадскіх работ да адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй тэхнікі. Акрамя таго, прысутных знаёмілі з нормамі артыкула 361 Крымінальнага кодэкса, які ахоплівае розныя формы ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

У Магілёве лекцыі ў машынабудаўнічым і гандлёва-эканамічным каледжах правёў першы сакратар Ленінскага раённага камітэта БРСМ Данііл Васільеў. У сваіх выступах ён сцвярджаў, што “дэструктыўныя сілы” спрабуюць уплываць на моладзь праз інтэрнэт, і папярэджваў пра сур’ёзную адказнасць за распаўсюд апазіцыйных поглядаў і заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў.

Фотаздымак: Mayday