Даносіць на тых, хто чытае і распаўсюджвае так званыя “экстрэмісцкія” матэрыялы, заклікалі студэнтаў ў шэрагу каледжаў Магілёўскай вобласці.
У навучальных установах Магілёўшчыны з 8 па 15 красавіка прайшла серыя лекцый, прысвечаных тэме “Прафілактыкі ўцягвання моладзі ў экстрэмісцкую дзейнасць”. Аднак, як адзначаюць удзельнікі, гэтыя мерапрыемствы насілі выразна ідэалагічны і палітычны характар.
Нягледзячы на розных выступоўцаў, змест сустрэч быў падобны. Напрыклад, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі занятак правёў прарэктар па бяспецы і кадрах Генадзь Лукашкоў. Пры гэтым аўдыторыяй сталі не студэнты, а намеснікі дэканаў па ідэалагічнай рабоце, куратары і выкладчыкі.
У каледжах жа асноўнымі слухачамі былі самі навучэнцы. Лектарамі часта выступалі прадстаўнікі БРСМ, якія, паводле сведчанняў, заклікалі моладзь паведамляць пра людзей, што дасылаюць ім у інтэрнэце спасылкі на “забароненыя” матэрыялы. Пачынаючы з агульных тлумачэнняў паняцця “экстрэмізм” і агляду правых радыкальных груп у Еўропе, выступоўцы хутка пераходзілі да беларускіх спісаў “экстрэмісцкіх” рэсурсаў і кантэнту.
У якасці прыкладу распаўсюджваліся друкаваныя матэрыялы. Так, у Бабруйскім гандлёва-эканамічным каледжы навучэнцам раздалі памяткі, дзе пасля агляду замежных неанацысцкіх структур падрабязна тлумачыліся нормы беларускага заканадаўства. Асобная ўвага надавалася артыкулу 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюд матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
Навучэнцам распавядалі пра Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама пра магчымыя наступствы – ад штрафаў і грамадскіх работ да адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй тэхнікі. Акрамя таго, прысутных знаёмілі з нормамі артыкула 361 Крымінальнага кодэкса, які ахоплівае розныя формы ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.
У Магілёве лекцыі ў машынабудаўнічым і гандлёва-эканамічным каледжах правёў першы сакратар Ленінскага раённага камітэта БРСМ Данііл Васільеў. У сваіх выступах ён сцвярджаў, што “дэструктыўныя сілы” спрабуюць уплываць на моладзь праз інтэрнэт, і папярэджваў пра сур’ёзную адказнасць за распаўсюд апазіцыйных поглядаў і заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў.
Фотаздымак: Mayday
