У цэнтры Магілёва хадзіць небяспечна – падаюць кавалкі тынкоўкі

У Магілёве па вуліцы Першамайская 31 з балкона падаюць кавалкі тынкоўкі. 

Магілёўцы раніцай 18 лістапада 2025 года напісалі на рэдакцыйную пошту “MогилёвОнлайн”, што на вуліцы Першамайскай ад балкона жылога дома абсыпалася тынкоўка, а адзін масіўны фрагмент так і застаўся вісець над тратуарам – ці ўтрымліваецца ён на провадзе або вяроўцы, сказаць напэўна складана.

Рэдакцыя выехала на месца, каб пераканацца, наколькі сур’ёзная сітуацыя. Асцярогі, як высветлілася, небеспадстаўныя: праходзіць побач з домам №31 па вуліцы Першамайскай цяпер сапраўды рызыкоўна.

На пешаходнай зоне пад балконам ляжаць невялікія абломкі аздаблення – сляды нядаўняга абвальвання. Аднак значна больш трывогі выклікае буйны фрагмент канструкцыі, які да гэтага часу хістаецца ў паветры над тратуарам. У выпадку яго падзення на прахожага чалавека наступствы могуць быць цяжкімі.

Пакуль небяспечны ўчастак не абгароджаны і канструкцыя не дэмантаваная, мінакам варта быць максімальна ўважлівымі, абыходзіць гэта месца. 

Фотаздымак: ТГ “MогилёвОнлайн”

У Магілёве пройдуць «Сіманаўскія чытанні»

«Сіманаўскія чытанні», прымеркаваныя да 110-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, будуць праходзіць у Магілёве два дні.

«Сіманаўскія чытанні» стартуюць 28 лістапада на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», дзе ўдзельнікі мерапрыемства ўскладуць кветкі да камяня Канстанціна Сіманава.

Затым яны наведаюць музей пісьменніка, які знаходзіцца ў каледжы імя К. П. Арлоўскага.

Там адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і ўзнагароджанне лаўрэатаў XV Міжнароднага літаратурнага конкурсу.

«Сіманаўскія чытанні» працягнуцца ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы, дзе запланавана сустрэча з сынам пісьменніка Аляксеем Сіманавым, а таксама ў школах абласнога цэнтра.

Жыццё і творчасць пісьменніка, паэта і ваеннага карэспандэнта непарыўна звязаныя з Магілёвам. Менавіта тут, на Буйніцкім полі, ён завяшчаў развеяць свой прах.

Фота з адкрытых крыніц.

Не гавары «гоп». Магілёўскія чыноўнікі заявілі, што гатовыя сустрэць зіму

Снег зімой на Магілёўшчыне заўсёды выпадае нечакана, але чыноўнікі гатовыя не толькі прыбіраць снег, але і знаходзіць апраўданні, калі гэтага не атрымліваецца.

Чыноўнікі Магілёва заявілі пра тое, што гатовыя сустрэць зіму цалкам узброенымі.

Пра тое, каб снег не стаў сур’ёзнай праблемай, камунальныя службы і работнікі дарожна-моставага прадпрыемства паклапаціліся загадзя.

Закуплена каля 7 тысяч тон супрацьгалалёдных матэрыялаў, падрыхтавана спецыяльная тэхніка, і гэта дазволіць хутка і эфектыўна спраўляцца з непагаддзю.

Аднак, снег зімой у Магілёўскай вобласці вельмі часта выпадае нечакана. Так здаралася не раз, і тады тыя, хто ў лістападзе абвяшчаў снегу вайну на знішчэнне, пачыналі апраўдвацца.

Калі абласныя цэнтры і раёны завальвала снегам або скоўвала лёдам – не хапала ні тэхнікі, ні пяску.

Тады чыноўнікі скардзіліся на цыклоны, якія, як заўсёды, наляталі на Беларусь, быццам санкцыі, з Захаду, і заклікалі грамадзян дапамагчы ў прыборцы снегу.

Хутчэй за ўсё, так будзе і ў гэтым годзе. Які ж сэнс рапартаваць пра перамогу ў бітве, якая яшчэ не пачалася? Адказ просты: звычка.

Улады так прывыклі балбатаць пра тое, што ў іх усё пад кантролем ужо трыццаць гадоў, што часова змаўкаюць толькі пасля таго, як іх тыкаюць носам у разбітае карыта.

Фота: скрыншот відэа тэлеканала «Беларусь-4».

У Магілёве пройдзе прэзентацыя кніг, надрукаваных шрыфтам Брайля

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы Магілёва адбудзецца прэзентацыя серыі кніг сучасных беларускіх аўтараў у тыфлафармаце.

Для папулярызацыі твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў у спецыяльным фармаце для чытання, даступным для невідушчых і людзей са слабым зрокам, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы 21 лістапада а 12-й гадзіне пройдзе прэзентацыя шаснаццаці кніг, надрукаваных шрыфтам Брайля.

Гэтая калекцыя з’явілася дзякуючы ініцыятыве загадчыцы аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай працы Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Ірыны Пунчанка, якая атрымала спецыяльны грант на рэалізацыю сваёй ідэі.

На мерапрыемстве чытачы пазнаёмяцца з пісьменнікамі і ўдзельнікамі праекта.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

Здымак магілёўскіх паліцаяў прадставіў Беларускі інстытут публічнай гісторыі

У тэлеграм-канале арганізацыі “Беларускі інстытут публічнай гісторыі” з’явіўся рэдкі здымак паліцыянтаў Магілёва часоў гітлераўскай акупацыі.

На чорна-белым здымку можна пабачыць шасцёх мужчын, якія выстраены ў шэраг. Пры кожным – агнястрэльная зброя. Апранутыя яны кожны ў сваё. Толькі адзін мае нямецкую форму, якую насіў, імаверна, як звыклае адзенне, бо на ёй няма пагонаў.  

Як адзначаецца ў паведамленні, гэта – паліцыянты ў Магілёве 1943 года. Таксама ў тэксце распавядаецца пра даследаванне навукоўца Уладзіміра Лобача пра вобраз дапаможнай паліцыі ва ўспамінах вяскоўцаў паўночнай Беларусі. Яно было апублікавана ў часопісе Studia Białorutenistyczne (2023/17).

“У вусных апавяданнях частым ёсць параўнанне паліцаяў з немцамі, дзе калабаранты, якія заплямілі сябе крывёю і гвалтам, выступаюць як большае зло, нават у параўнанні з акупантамі («горш за немцаў»). Жорсткая ацэнка грунтуецца на непрыняцці чалавека, які быў «сваім», але перайшоў на бок «чужых» дзеля гвалту над аднавяскоўцамі”, – гаворыцца ў даследаванні.

У той жа час адзначаецца іншае стаўленне да тых, хто апынуўся ў паліцыі пад прымусам. Напрыклад, у маладога чалавека, які дасягнуў прызыўнога ўзросту, выбар часта быў невялікі: ці ісці ў паліцыю, ці быць вывезеным на працы ў Германію. Такія людзі, звычайна, не рабілі нічога кепскага і ў крытычных сітуацыях дапамагалі простым жыхарам («Ну, паліцаі, сматра якія, былі і добрыя»). Пакаранне такіх савецкай судовай сістэмай лічылася празмерна жорсткім і несправядлівым.

Фотаздымак: ТГ “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”

У Магілёве электратэхнічнаму каледжу падарылі два “энергетычныя” заробкі

Цэлых пяць тысяч рублёў падарылі прафсаюзы Магілёўскаму электратэхнічнаму каледжу. 

Галоўнай падзеяй нядаўняга наведвання каледжа дэлегацыяй Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці на чале са старшынёй Аляксандрам Краўчанкам стала, як паведамляе прафсаюзны тэлеграм-канал, уручэнне сертыфіката на 5000 рублёў.

Калі меркаваць па зарплаце энергетыкаў у Беларусі, то 2500 рублёў, зыходзячы з дадзеных на сайце rabota.by, гэта сярэдненькі заробак, які прапануюць у адпаведных вакансіях. Бывае значна больш, бывае значна менш. Г. зн. сума ў прынцыпе невялікая. Але не гэта важна. Па прычыне адсутнасці рэальных карысных прафсаюзных спраў па абароне правоў працоўных, Аляксандр Краўчанка і арганізацыя, якую ён узначальвае, займаецца танным самапіярам, прычым марнуе на гэта сабраныя прафскладкі.

Фотаздымак: ТГ “Профсоюзы Могилевщины”

Палітзняволены філосаф Мацкевіч: Шклоўская калонія была найбольшай пакутай

Філосаф Уладзімір Мацкевіч большую частку свайго зняволення правёў у калоніі ў Шклове і турме ў Магілёве, дзе спазнаў катаванні і здзекі.

Гісторыя катаванняў у калоніі

Праз 14 месяцаў пасля затрымання з палітычных прычын у жніўні 2021 года філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі з мінскага СІЗА спачатку ў Магілёў, а потым у шклоўскую калонію №17. Ён прызнаецца Праваабарончаму цэнтру “Вясна”: больш за ўсё хацеў выбрацца з камеры і «пабачыць неба», але не ўяўляў, што чакае яго ў лагеры.

Першае «парушэнне» Мацкевіч атрымаў праз дзесяць хвілін пасля прыезду за тое, што не павітаўся з начальнікам. Далей былі чарговыя правакатыўныя парушэнні і першыя суткі ў ШІЗА. У атрад філосаф трапіў ужо пасля ізалятара. Гэта быў так званы «казліны атрад», дзе сядзяць вязні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Ім загадалі не кантактаваць з Мацкевічам. Гаварыць яму дазвалялася толькі з заўгасам і вязнем-забойцам, які адбываў апошнія гады свайго тэрміну.

Адміністрацыя шукала любыя падставы для пакарання: за «няправільнае павітанне», «няпоўную запіскі пра рэчы» або за тое, што зняволены не так сеў. У выніку філосаф атрымаў каля 30 спагнанняў. За кожнае яму прызначалі ШІЗА або ПКТ, пазбаўлялі перадач і спатканняў.

Самым цяжкім стала катаванне холадам у ШІЗА: у камеры была толькі адна гарачая труба, прыціснуцца да якой немагчыма. «Я адціскаўся і прысядаў, каб не замерзнуць. Не ведаю, колькі скінуў вагі – паўтара месяца там былі пеклам» – кажа Мацкевіч.

Пасля чарговых парушэнняў яго выклікалі да начальніка. Калі палітвязень прапанаваў перавесці яго на турэмны рэжым, кіраўнік калоніі намякнуў і на магчымасць узбудзіць новую справу па арт. 411, што азначае павелічэнне тэрміна зняволення. У Мацкевіча ў той час абвастрылася грыжа, але меддапамога была мінімальнай: аперацыю не планавалі, бялізну не давалі, дазволілі толькі бандаж.

Суд па замене рэжыму адбыўся хутка, і Мацкевіча вярнулі ў турму №4 у Магілёве. «Турма стала палёгкай» – прызнаецца ён. Там ён сустрэў іншых палітвязняў, у тым ліку Аляксея Храловіча, які раскрыў КДБ-шныя матэрыялы па справе Рамана Бандарэнкі.

У Магілёве філосаф дамогся пастаноўкі ў чаргу на аперацыю. Пасля абследавання яго двойчы вазілі ў Рэспубліканскую бальніцу зняволеных у Калодзічы. «Лекары там прафесійныя, абсталяванне добрае, але этапы ў кайданках – прыніжальныя» – адзначае Мацкевіч.

Галоўны ўдар: страта сшыткаў

Найбольш балючай падзеяй зняволення філосаф называе не холад і не ШІЗА, а тое, што ў яго забралі ўсе сшыткі з чатырохгадовай працай. Спачатку ў студзені 2023-га зніклі пяць сшыткаў. Відаць, іх забрала спецслужба. Потым, падчас этапавання, у яго адабралі ўсё: лісты, фотаздымкі, нататкі.

«Гэта была мая праца, мая апора. Я страціў тое, што не змагу аднавіць. Гэта найгоршае, што са мной адбылося ў зняволенні» – кажа ён.

Прымусовы шлях у выгнанне

У верасні 2025 года Мацкевіча раптоўна вывелі з камеры і далі загад збірацца на вызваленне. Разам з іншымі палітвязнямі яго з закрытым тварам адвезлі ў СІЗА КДБ, дзе ўсе чакалі допытаў. Але замест гэтага іх прымусова перадалі літоўскім дыпламатам.

«Я не хацеў з’язджаць, бо не люблю эміграцыю і ведаю, што нічога добрага ад палітычнай эміграцыі не бывае. Я хацеў застацца ў Мінску, але не пайшоў па шляху Статкевіча, бо вярнуцца ў турму для мяне было непрымальна» – кажа філосаф, які цяпер знаходзіцца ў Літве.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

У Магілёве высякаюць здаровыя дрэвы

Вырубка здаровых дрэў адбываецца ў гэтыя дні ўздоўж магілёўскіх вуліц.

Пра вырубку дрэў, у прыватнасці, уздоўж вуліцы Крыленка, паведаміла тэлеграм-каналу “Рэальная Беларусь” мясцовая жыхарка. 

“Ну вось аражэнькія, паглядзіце. Цэнтр горада, здаровыя дрэвы. Чаму б іх не захаваць? Чаму не скарыстацца прынцыпамі падыходаў, як гэта робіцца ў Еўропе – кожнае дрэва зберагаецца. Вельмі шкада” – кажа ў відэа, датаваным 14 лістапада 2025 года, ўсхваляваня жанчына. 

На відэа бачны пні, якія засталіся пасля вырубкі дрэў. Па іх бачна, што дрэвы былі здаровыя і была магчымасць іх захаваць. Відаць, што гэтыя пні ўжо выкарчоўвае спецыяльна падагнаны трактар з экскаватарным каўшом.

Скрыншот тэлеграм-канал “Рэальная Беларусь”

У магілёўскую турму змясцілі грамадскага актывіста з Калінкавічаў

У следчым ізалятары магілёўскай турмы №4 знаходзіцца грамадскі актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў.

Аб тым, што актывіст знаходзіцца ў магілёўскай турме, гомельскім праваабаронцам паведамілі крыніцы ў гэтай пенітэнцыярнай установе. Паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінуюць «здраду дзяржаве» і «абразу Лукашэнкі».

Што менавіта сілавікі палічылі «злачыннымі дзеяннямі» Елісеева, пакуль невядома. Не раскрываецца і дата яго затрымання, як і прычыны, чаму яго даставілі не ў гомельскі СІЗА №3, а адразу ў Магілёў.

Аляксандр Елісееў – грамадскі актывіст з Калінкавічаў, былы сябр ліквідаванай уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Шмат гадоў ён займаўся незалежным назіраннем за выбарамі розных узроўняў і неаднаразова фіксаваў парушэнні выбарчых працэдур. На падставе гэтага ён заяўляў, што рашэнні нелегітымнай улады не абавязковыя да выканання, і рэгулярна адмаўляўся сплочваць штрафы па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

У 2020 годзе і пазней яго неаднаразова затрымлівалі, прызначалі працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з такіх арыштаў, у лютым 2022 года, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, ён трымаў галадоўку. Тады расійскія вайсковыя падраздзяленні стаялі каля Калінкавічаў і Мазыра. Каб ізаляваць актывіста, яго абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Апошняя яго публікацыя ў Facebook датаваная 24 красавіка. Пры гэтым у верасні яго яшчэ бачылі ў Калінкавічах. Елісееў – спецыяліст у галіне авіяцыйнай прамысловасці. Ён вучыўся ў Кіеўскім міжнародным універсітэце грамадзянскай авіяцыі (цяпер – Кіеўскі авіяцыйны інстытут), працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, потым – як праграміст у Беларусі. Аднак, пасля таго, як ён актыўна далучыўся да палітычнага жыцця, знайсці годную працу на радзіме ён ужо не мог.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Як спрацавала Магілёўшчына за 9 месяцаў – Кірпічонак прапанавала зайсці з тылу

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі за 9 месяцаў 2025 года і прапанавалі захапіць азіяцкія рынкі, як Аляксандр Македонскі.

У гэтым годзе на падвядзенні вынікаў развіцця Магілёўскай вобласці чыноўнікі сталі асцярожней у выказваннях.

Відавочна, улічылі вопыт мінулага года, калі “губернатар” Анатоль Ісачанка, вазьмі, ды і назаві колькасць стратных арганізацый вобласці, якая “скарацілася”. Адразу ўзнік шэраг удакладняючых пытанняў, на якія ўладам не было чаго адказаць.

Цяпер фармулёўкі сталі больш абцякальныя.

Галоўны эканаміст вобласці Алена Пруднікава-Кірпічонак толькі адзначыла, што “не дапрацавалі прамысловыя флагманы рэгіёна: ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”.

Перашкодзіў, маўляў, груз мінулых памылак і агрэсіўная палітыка азіяцкіх вытворцаў, якія заходзяць на расійскі рынак, што традыцыйна лічыўся нашым.

Выхад Пруднікава-Кірпічонак убачыла ў тым, каб вобласць выходзіла на рынак усходне-азіяцкага кантынента.

То бок, пакуль вытворцы з Азіі пераключыліся на Расію, прапануецца ўдарыць з тылу і захапіць іх рынкі.

Нешта падобнае ўдалося прадзелаць Аляксандру Македонскаму ў бітве пры Гаўгамелах, а ўлічваючы тое, што ў вялікага заваёўніка не было за плячыма такой магутнай падтрымкі, як ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”, шанцы на перамогу ў Магілёўскай вобласці не жартоўныя.

Фота: БелТА.